Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнiмi тыднямi. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкi пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамi, раннiя птушкi вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкi вытанцоўваюць на фiранцы. Ганна бяжыць на рэчку i акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамi, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.
За сцяною гучалi галасы, i адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гiсторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка i вясёлы шолах лiстоты. Каб выбрацца, трэба было прайсцi цераз сенцы, дзе ўжо мiтусiлiся няпрошаныя суседзi. I купацца расхацелася. Варта было зрабiць iнакш: расчынiць дзверы i - голасам гаспадынi: "Вы яшчэ тут? Колькi гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па мiлiцыю!" Аднак нiчога падобнага Ганна не зрабiла, бо яшчэ не мылася i была непрычэсаная. Цiха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, налiла халоднай вады з вядра ў таз i здзейснiла свой сцiплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкi глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вулiцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.
Быць на кухнi доўга яна не магла. Таму Ганна падпалiла ў плiце, паставiла чайнiк i, статная, строгая i халодная, выйшла ў сенцы.
Там стаяла шэсць скрынак i чамаданаў, адзiн чамадан быў адчынены, i гусар Жуль у iм капаўся. Пачуўшы яе крокi, ён зачынiў вечка, буркнуў: "Добрай ранiцы". Вiдавочна, непрыязнасць была ўзаемная, i гэта яе нават падбадзёрыла.
- Добрай ранiцы, - павiталася Ганна. - Вы яшчэ тут?
Кiн увайшоў з вулiцы. Мокрыя валасы прыляпiлiся да лба.
- Выдатная вада, - паведамiў ён. - Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? I чаго гэта ў яго такi добры настрой?
- Не, - сказала яна. - Лепш я схаджу па малако.
- Схадзiце, Ганна, - сказаў дружалюбна Кiн. Ён паводзiў сябе не зусiм правiльна.
- Цi збiраецеся вы выязджаць? - спыталася яна недаверлiва.
- Не, - адказаў Кiн. - Мы тут будзем.
- А вы не баiцеся, што я паклiчу на дапамогу?
- Вы гэтага не зробiце, - усмiхнуўся Кiн.
- Яшчэ як зраблю! - абурылася Ганна. I накiравалася да выхаду.
- Посуд вазьмiце, - сказаў ёй услед гусар. - У вас грошы ёсць?
- Не патрэбны мне грошы. - Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Iшла яна не па малако.
У люстэрку ракi гулялi сонечныя блiскаўкi, непадалёку ад ручая ў лагчыне вiсеў клубок туману, сонца было такое цёплае i пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далонi i пагладзiць.
Дзверы ззаду ляпнулi, выйшаў Кiн з каструляю i пiсьмом.
- Ганна, - сказаў ён бацькоўскiм голасам, - вам пiсьмо.
- Ад каго? - спыталася Ганна, пакорна беручы каструлю.
- Ад вашай цёткi, - сказаў Кiн. - Яна пажадала перадаць...
- Чаму ж вы не паказалi яго ўчора?
- Мы атрымалi яго сёння, - адказаў Кiн.
- Сёння? А дзе ж ваш верталёт?
- Ваша цётачка, - не звярнуў увагi на сарказм Кiн, - адпачывае ў Крыме i прасiла перадаць вам шчырае прывiтанне.
Ганна перахапiла каструлю пад паху, разгарнула лiст.
"Ганулька! - было напiсана там. - Кiн Уладзiмiравiч i Жуль пра ўсё са мною дамовiлiся. Ты iх не крыўдзi. Я iм вельмi абавязана. Няхай пажывуць у хаце. А ты, калi хочаш, у дзеда Генадзя. Ён не адмовiць. Мы з Мiленай даехалi добра. Пруцiкаў сустрэў. Надвор'е стаiць цёплае. Магда".
Кiн стаяў, панурыўшы галаву, i сачыў за Ганнай.
- Лухта, - сказала яна. - Гэта вы самi напiсалi.
- I пра Мiлену мы напiсалi? I пра Пруцiкава?
- Колькi вы ёй заплацiлi?
- Колькi яна папрасiла.
Цётка была карыслiвая, i калi перад яе носам цвялiлi пачкам сторублёвак... Але як яны гэта ўсё ўладзiлi?
- Сёння ўранку? - перапытала Ганна.
- Ага. Мы тэлеграфавалi нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвiтку пiсьмо было дастаўлена сюды самалётам.
Пiсьмо як пiсьмо, з маркай, але без штэмпеля.
- У вас i рацыя ёсць? - спыталася Ганна.
- Вам дапамагчы перанесцi рэчы? - запытаўся Кiн.
- Не спадзявайцеся, - сказала яна. - Я не здамся. Мне пляваць, колькi лiстоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткi. Калi вы паспрабуеце мяне забiць цi выгнаць сiлаю, я буду супрацiўляцца.
- Ну навошта так, - пакрыўджана сказаў Кiн. - Наша праца, на жаль, не церпiць адкладу. Мы просiм вас вызвалiць гэтую хату, а вы паводзiце сябе як дзiця.
- Таму што я зняважаная, - сказала Ганна. - I ўпартая.
- Мы iмкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагi, - растлумачыў Кiн.
Вочы яго сталi сумныя; калi ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.
- Вы ўжо заўважаныя, - сказала Ганна. - I вам больш нiчога не застаецца, як паведамiць мне, чым вы тут збiраецеся займацца.
- Можа быць, вы ўсё ж такi паедзеце? Паверце, гэтак усiм будзе лепш.
- Не, паразважайце, а я пайшла купацца. I не ўздумайце выкiдаць мае рэчы або замыкаць дзверы.
Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, i калi б не Ганнiна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзiну ракi, заўважыла, як далёка аднесла яе ўнiз цячэннем, павярнула назад i страцiла хвiлiн пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакiнула ручнiк i кнiжку.
Ганна выбралася на траву i легла на ручнiк. Як назло, нiчога добрага з гэтага не выйшла - наляцела некалькi нахабных сляпнёў, i настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.
- Прабачце, - сказаў Кiн, сядаючы побач на траву.
- Я вас не клiкала, - буркнула Ганна.
- Мы параiлiся i вырашылi вам сёе-тое расказаць.
- Толькi не манiць, - сказала Ганна, насцярожыўшыся.
- Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.
- Цудоўны пачатак.
Кiн з размаху пляснуў сабе па шыi.
- Сляпнi, - сказала Ганна. - Тут, напэўна, каровы пасуцца.
Яна села i прыкрыла свае плечы ручнiком.
- Мы павiнны пачаць сёння, - сказаў Кiн. - Кожная хвiлiна каштуе шалёныя грошы.
- Дык не трацьце iх дарэмна.
- Мяне цешыць толькi тое, што дзяўчына вы разумная. I водгукi пра вас у iнстытуце давалi станоўчыя. Праўда, вы свавольнiца...
- Вы i да iнстытута дабралiся?
- А што рабiць? Вы - непрадугледжаны фактар. Наша вiна. Дык вось, мы жывём не тут.
- Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?
- Мы жывём у будучынi.
- Якая любата! А ў чамаданах - машына часу?
- Не iранiзуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цiкавiць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапiць туды, мы вымушаны зрабiць прыпынак менавiта тут.
- Я заўсёды думала, што вандроўнiкi ў часе - народ патаемны.
- Паспрабуйце падзялiцца гэтай тайнай з сябрамi. Мяркую, што яны вам не павераць.
Кiн адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, i адразу павеяла халадком.
- А чаму я павiнна вам паверыць? - спыталася Ганна.
- Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзi. Гэта даволi неверагодна, каб прымусiць вас хоць бы задумацца.
Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэннi.
- I ў якiм жа вы жывяце стагоддзi?
- Лагiчнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзi на гэтым вось пагорку стаяў невялiкi горад Замошша. Лапiк у стракатай коўдры Русi. На ўсход ляжалi землi Полацкага княства, з захаду i поўдня жылi жамойты, леты, самагiты, яцвягi, лiтоўцы i iншыя плямёны i народы. А яшчэ далей на захад пачыналiся ўладаннi нямецкага ордэна мечаносцаў.
- Вы археолагi?
- Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.
- Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлiчыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранiкаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнiк?
- Не, ён генiй.
- А вы адкуль ведаеце?
- Гэта наша спецыяльнасць - шукаць генiяў.
- А як яго звалi?
- Яго iмя - Раман. Баярын Раман.
- Нiколi не чула.
- Ён рана загiнуў. Так падае летапiс.
- Можа, летапiсцы ўсё прыдумалi?
- Летапiсцы шмат чаго не разумелi. I не маглi прыдумаць.
- Што, напрыклад?
- Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня... Гэта быў унiверсальны генiй, якi апярэдзiў свой час.
- I вы хочаце, каб ён не загiнуў, а прадаўжаў працаваць i вынайшаў яшчэ i мiкраскоп? А хiба можна ўмешвацца ў мiнулае?
- Мы не будзем умешвацца. I не будзем перайначваць яго лёс.
- Што ж тады?
- Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерцi. Гэта не паўплывае на ход далейшых гiстарычных падзей. Зразумела?
- Н-не вельмi. Дый навошта гэта вам?
- Самае каштоўнае на свеце - мозг чалавечы. Генii бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка...
- Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнiк можа вынайсцi порах.
- Памыляецеся. Чалавечы мозг быў i застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькi ўзровень адукацыi. Сёння вынаходнiцтва пораху не выпадзе на долю генiя. Сённяшнi генiй павiнен вынайсцi...
- Машыну часу?
- Скажам, машыну часу... Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходнiка кола або пораху.
- А навошта вам вынаходнiк пораху?
- Каб ён вынайшаў штосьцi новае.
5
Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.
Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.
- А калi ён не захоча? - спыталася Ганна. Кiн нечакана засмяяўся.
- Вы мне амаль паверылi, дарагая Ганна, - сказаў ён.
- Выходзiць, не трэба было верыць? - Яе твар, якi звужаўся да ямкi на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за ранiцу, i ад гэтага валасы здавалiся яшчэ святлейшымi.
- Гэта добра, што вы паверылi. Мала хто можа пахвалiцца такiм непасрэдным успрыманнем.
- Такая я, вiдаць, дурнiца.
- Наадварот.
- Добра, дзякую. Вы ўсё-такi лепш скажыце, навошта вам шукаць генiя ў трынаццатым стагоддзi? Што, блiжэй не знайшлося?
- Па-першае, генiяў мала. Вельмi мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павiнен быць нестары, бо з гадамi ўскладняецца праблема адаптацыi, i, галоўнае, ён павiнен прапасцi выпадкова або трагiчна... без следу. На пахаваннi Леанарда да Вiнчы прысутнiчала шмат людзей.
- I ўсё-такi - трынаццатае стагоддзе! Дождж сцiхаў, кроплi ўсё радзей i радзей бiлi па лiсцi.
- Вы, вiдавочна, не ўяўляеце сабе, што такое перамяшчэнне ў часе.
- Зусiм не ўяўляю.
- Паспрабую растлумачыць. У двух словах, разумеецца. Час - аб'ектыўная фiзiчная рэальнасць, ён знаходзiцца ў пастаянным паступальным руху. Рух гэты, як i рух некаторых iншых фiзiчных працэсаў, ажыццяўляецца спiралепадобна.
Кiн сеў на кукiшкi, узяў сухi сучок i вывеў на вiльготнай зямлi спiраль часу.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
- Мы з вамi - часцiнкi, што плывуць у спiралевым патоку, i нiшто на свеце не можа запаволiць цi паскорыць гэты рух. Але iснуе iншая магчымасць рухацца напрасткi, па-за плынню, як бы перасякаючы вiток за вiтком.
Кiн, не ўстаючы, намаляваў стрэлку побач са спiраллю.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
Потым ён падняў галаву, глянуў на Ганну, каб упэўнiцца, цi зразумела яна. Ганна кiўнула.
Кiн выпрастаўся i крануў галiнку яблынi - пасыпалiся пырскi. Ён трасянуў галавой i прадаўжаў далей:
- Цяжкасць заключаецца ў тым, што з любога канкрэтнага моманту ў плынi часу вы можаце трапiць толькi ў адпаведны момант папярэднлга вiтка часу. А працягласць вiтка каля васьмiсот гадоў. Апынуўшыся ў папярэднiм або наступным вiтку, мы тут жа зноў трапляем у плынь часу i пачынаем рухацца разам за ёю. Дапусцiм, што дваццатаму лiпеня 2745 года блiзка адпавядае дваццатага лiпеня 1980 года. Або, бяром наступны вiток, дваццатага лiпеня 1215 года, або, яшчэ адзiн вiток, дваццатага лiпеня 540 года. Паглядзiце. Кiн дапоўнiў малюнак дэталямi.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
- Цяпер вы разумееце, чаму мы не маем магчымасцi адкладваць нашу работу? - спытаўся ён. Ганна не адказала.
- Мы некалькi гадоў рыхтавалiся да пераходу ў 1215 год, чакалi, калi момант смерцi баярына Рамана супадзе з момантам на нашым вiтку часу. Горад Замошша будзе ўзяты праз два днi ў 1215 годзе. I праз два днi загiне невядомы генiяльны вучоны трынаццатага стагоддзя. Калi мы не здзейснiм задуманае за два днi, пра ўсю гэтую нашую задуму давядзецца забыць. Назаўсёды. А тут вы з'яўляецеся.
- Я ж не ведала, што вам перашкоджу.
- Нiхто вас не вiнавацiць, дарагая дзяўчына.
- А чаму нельга проста туды?
- На жаль, немагчыма перасекчы адразу два вiткi часу. На гэта не хопiць усёй энергii Зямлi. Мы вымушаны спынiцца i зрабiць прамежкавы пункт тут, у дваццатым стагоддзi.
- Пайшлi дадому, - сказала Ганна. - Дождж перастаў.
Яна паглядзела на спiраль часу, намаляваную на вiльготнай бурай зямлi. Просценькi малюнак. Але ён быў зроблены рукою чалавека, якi яшчэ не нарадзiўся.
Яны накiравалiся дахаты. Воблакi адплылi за лес. Парыла.
- Значыць, нас раздзяляюць восемсот гадоў, - сказала Ганна.
- Каля гэтага. - Кiн адхiлiў галiнку яблынi, прапус каючы Ганну. - Гэта добра, таму што такая прорва часу робiць нашы з вамi зносiны эфемернымi. Нават калi б вы захацелi даведацца пра час сваёй смерцi, а гэта натуральнае пытанне, я б адказаць на яго не змог. Вельмi даўно.
- Вам задавалi такiя пытаннi?
- Мы не павiнны пра гэта гаварыць. Але такiя выпадкi ўжо былi. I звычайна не парушалi ходу эксперыменту. Сiстэма часу стабiльная i iнерцыйная. Яна падобная на мора, якое паглынае смерчы...
- Я жыла даўно... - уголас падумала Ганна. - Для вас я выкапень. Выкапень, якi жыў даўным-даўно. Мамант.
- У пэўнай ступенi так. - Кiн не хацеў ашчаджаць пачуццi дзяўчыны. Для мяне вы памерлi семсот гадоў назад.
- Вы ў гэтым упэўнены?
- Упэўнены. Хоць i не бачыў вашай магiлы.
- Дзякую за шчырасць... Я была ўчора на могiлках. Там, на пагорку. Я магу ацанiць велiчыню гэтай прорвы.
- Мы хочам пераадолець яе.
- I забраць адтуль чалавека? А калi ён будзе няшчасны?
- Ён генiяльны. Генiй адаптабельны. У нас ёсць практыка.
- Вы катэгарычны.
- Нi ў якiм разе. Я заўсёды i ўсё правяраю сумненнем. Катэгарычны Жуль. Можа быць, таму, што малады. Ды не гiсторык, а фiзiк-кранiст.
- Вы гiсторык?
- У нас няма строгага падзелу на спецыяльнасцi. Мы ўмеем многае.
- Хоць у цэлым вы не змянiлiся.
- Антрапалагiчны тып чалавека застаўся ранейшы. Мы далёка не ўсе прыгожыя i нават не ўсе разумныя.
- Ува мне прачынаюцца пытаннi, - сказала Ганна, спынiўшыся ля ганка.
Кiн выняў з бочкi граблi i прыставiў да сцяны.
- Разумеецца, - сказаў ён. - Аб населенасцi Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах i мiры... Выбачайце, Ганна. Я нiчога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымiстычны. I тое, што мы можам займацца такой дзiўнаю справай, як пошукi старажытных мудрацоў...
- Гэта нiчога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамi мозгу не ад добрага жыцця.
- Пры кепскiм жыццi не хапае энергii i часу на такiя заняткi. А што належыць да недахопу генiяў... У веснiчках паказаўся дзед Генадзь са збанком.
- Добры дзень, - сказаў ён, быццам не заўважаючы Кiна, якi стаяў да яго спiною, - ты чаму па малако не прыйшла?
- Пазнаёмцеся, - сказала Ганна. - Гэта мае знаёмыя прыехалi.
Кiн марудна павярнуўся.
6
Раптам i неяк дзiўна ў Кiна змянiўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвiсла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.
- Генадзь... прабачце, не памятаю...
- Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якiм ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васiльеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакiне без увагi нашы мясцiны, з прычыны гiстарычнага iнтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.
- Ага, - цiха сказала Ганна. - Зразумела, Васiльеў. Вядомы рэстаўратар з Ленiнграда.
I ў гэтым, калi ўдумацца, не было нiчога дзiўнага: вядома, яны бывалi тут раней, вынюхiвалi, шукалi месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзi, вялiкiя стаўкi. А вось недаацанiлi дзедавай страсцi да гiсторыi.
- I надоўга? - спытаўся дзед Генадзь. - Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнiкi? А я ўжо невялiкi музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы iнтарэс.
- Абавязкова, - усмiхнуўся Кiн чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыi, ад пошукаў i знаходак вялiкага чалавека. - Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалi.
- Праведалi, - рэхам адгукнулася Ганна.
- Правiльна, - згадзiўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго кумiра, - я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзiм i выслухаем вашы парады.
Кiн раптам адрасаваў Ганне ўмольны позiрк: ратуйце!
- Не за так, - дала знаць Ганна толькi губамi, адвярнуўшыся ад пiльнага дзеда. - Мы пасля зойдзем, - сказала яна. - Разам зойдзем, не трэба музей сюды несцi, можна пагнуць што-небудзь цi зламаць...
- Я асцярожна, - сказаў дзед. - Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмi вялiкi. Я некаторыя рэчы на месцах пакiдаю. Адзначаю i пакiдаю. Мы з вамi павiнны на пагорак схадзiць, там я знайшоў дужа цiкавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гiльдзii Сумарокаву, жонка i чада яго надта скрушна тужылi ў вершах.
Ганна зразумела, што i яна бяссiльная перад нацiскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчынiлiся. З'явiўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкiмi вусамi.
- Цярэнцiй Iванавiч, - сказаў ён шафёрскiм голасам, - праз пятнаццаць хвiлiн едзем. Нас чакаць не будуць. - Ён спагадлiва кiўнуў дзеду Генадзю, i дзед разгубiўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю i непарушнасцю занятага чалавека.
- Так, безумоўна, - згадзiўся Кiн. - Пятнаццаць хвiлiн.
- Паспеем, - сказаў дзед хуценька. - Паспеем. Паглядзiм. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?
- Там, - няпэўна махнуў рукою Жуль.
- Зразумела. Значыць, чакаем. - I дзед з адчайным натхненнем павёў да веснiчак рэстаўратара Васiльева, сумнiцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.
"Цiкава, як вы цяпер выблытаецеся?" Ганна глядзела iм услед. Дзве постацi - маленькая, у капелюшы, дажджавiку, i высокая, у джынсах i чорным свiтэры, - хутка iшлi па схiле. Дзед размахваў рукамi, i Ганна ўявiла сабе, з якiм iмпэтам дзед выкладае звесткi, што бязмерна напаўнялi яго.