Айтматов Чингиз Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Чынгiз Айтматаў
Буранны паўстанак
I вякуе дзень даўжэй за век
Раман
Пераклад: М.Стральцоў
I гэта кнiга - нiбы маё цела,
I гэта слова - на замен душы...
Грыгор Наракацы,
"Кнiга скрухi", Х ст.
I
Трэ было багата цярплiвасцi дзеля пошуку здабычы ў скамянелых равах i аблыселых лагах. Дзеля таго, каб чытаць заблытаныя аж да кружэння галавы мiтуслiвыя пошвы на жвiры, пакiнутыя рознай дробнай iстотай, што жыла ў зямлi, дзеля таго, каб лiхаманкава разгрэбцi суслiкавую нару або прычакаць, калi стоены пад стрэшкай старой прамоiны малюсенькi тушканчык выскачыць нарэшце на гальнае месца, дзе яго можна было б прыдушыць у адзiн дых; дзеля той галоднай лiсы, якая выйшла на мышкаванне i паволi, няўхiльна наблiжалася здаля да чыгункi, што цямнела роўным гарбячком у стэпе, якi лiсу i заваблiваў i палохаў адначасова, па якiм то ў адзiн, то ў другi бок, цяжка скаланаючы зямлю наўкол, праносiлiся грымотныя цягнiкi - пакiдалi за сабой з дымам i куродымам моцныя, тхлiвыя пахi, якiя слалiся па зямлi разам з ветрам.
Пад вечар лiсiца залегла збоч тэлеграфнай лiнii на дне раўка, у густым i высокiм лапiку шчаўевага бадылля i, згарнуўшыся рудым камячком каля цёмна-рудых, абсыпаных насеннем сцяблiн, цярплiва чакала ночы, нервова торгаючы вушамi, увесь час прыслухоўваючыся да тонкага посвiсту панiзовага ветру ў каляных, памярцвелых ужо травах. Тэлеграфныя слупы гэтаксама нудна гулi. Лiса, аднак, iх не баялася. Слупы заўжды застаюцца на месцы, яны не могуць даганяць.
Ды аглушальны шум цягнiкоў раз-пораз прымушаў яе напружана ўздрыгваць i яшчэ больш сцiскацца. Праз гэты шырока-дрыготкi дол усiм сваiм кволым целам, рэбрамi яна адчувала пачварную моц таго, што прыгнятала зямлю, адчувала яраснасць руху саставаў i ўсё-ткi, перамагаючы страх i гiдоту да чужых пахаў, не iшла з яру, чакала той пары, калi прыцемкамi на чыгунцы стане спакайней.
Яна прыбягала сюды не так i часта, толькi ў выключна галодных выпадках...
У перапынках памiж цягнiкамi ў стэпе наставала раптоўная цiшыня, як пасля абвалу, i ў той выключнай цiшынi лiсiца вылучыла ў наваколлi насцярожлiва-няпэўны, аддалены вышынёй гук, што лунаў над сутонлiвым стэпам, ледзь чутна, не прыналежна нiкому. То было трымценне паветраных струменяў, то быў знак на скорую перамену надвор'я. Яна падсвядома адчувала гэта i горасна сцiналася, застываючы ў нерухомасцi, ёй хацелася завыць уголас, зацяўкаць ад няпэўнага прадчування нейкай агульнай бяды.
Але голад заглушаў нават гэты трывожлiвы напамiнак прыроды.
Залiзваючы час ад часу натруджаныя мазалi лап, лiса адно цiхутка скуголiла.
Тымi днямi вечаровай парой ужо халаднела, бралася на восень. Начамi ж глеба хутка настывала, i на свiтаннi стэп крыўся шараватым, як саланчак, налётам недаўгавечнага iнею.
Скупая, невясёлая пара наставала для стэпавага звера. Нячастая дзiчына, што была тут летам, знiкала - хто ў цёплыя краi, хто ў норы, хто зашываўся на зiму ў пясок. Цяпер кожная лiсiца дбала аб сабе, шнырачы па стэпе на адзiноце, быццам нiкога не засталося ад родзiчаў. Маладняк таго году падрос ужо i разбегся кожны хто куды, а шлюбная пара была яшчэ наперадзе, калi лiсы пачнуць збягацца зiмой адусюль для новых стрэч, калi самцы будуць сыходзiцца ў бойцы з такой прагай, якой надзелена жыццё ад пачатку свету...
З надыходам начы лiсiца выйшла з яру. Чакала, услухоўваючыся, а потым патрухала да чыгуначнага насыпу, нячутна перабягаючы то на адзiн, то на другi бок палатна. Тут ёй трапiлiся аб'едкi, выкiнутыя пасажырамi з акон вагонаў. Доўга ёй давялося бегчы ўздоўж адхонаў, абнюхваючы дол, пакуль не патрапiла на нешта больш-менш вартае. Усё наўсцяж палатна было забруджана абрыўкамi паперы i скамечаных газет, бiтымi бутэлькамi, недакуркамi, пагнутымi бляшанкамi i iншым непатрэбным смеццем. Асаблiва брыдка пахла з гарлавiн ацалелых бутэлек тхнула дурманам. Пасля таго як колькi разоў закружылася ў галаве, лiсiца ўжо асцерагалася ўдыхаць тое цяжкое паветра. Фыркала, адскоквала адразу ўбок.
А таго, што ёй трэба было, дзеля чаго яна так доўга рыхтавалася, перасiльваючы ўласны страх, як на тое, не траплялася.
I ў надзеi, што яшчэ ўдасца чым-небудзь падсiлкаваць сябе, лiсiца нястомна бегла па чыгунцы, гайсаючы з аднаго яе боку на другi.
Але раптам яна запынiла бег, прыўзняўшы пярэднiя лапы, нiбы аглушаная чым. Нявiдная ў хiсткiм святле высокага iмглiстага месяца, яна стаяла памiж рэйкамi як прывiд, не выдаючы сябе нiчым.
Насцярожлiва далёкi гул усё яшчэ няўхiльна наблiжаўся. Пакуль ён быў надта далёка. Усё гэтак жа прутка трымаючы хвост, лiса нерашуча перастаўляла ногi, мяркуючы, пэўна, падацца адсюль. Але раптам яна заспяшалася, пачала шпарыць наўзбоч, вiдаць, спадзеючыся патрапiць на нешта такое, чым можна было б паласавацца. Чула - вось-вось будзе знаходка, хоць аднекуль насоўваўся грозным наступам жалезны лязгат i перастук соцень колаў. Лiса замарудзiла ўсяго на нейкую долю хвiлiны, i гэтага было дастаткова, каб замiтусiцца, закуляцца, нiбы мятлушцы, бо раптоўна з павароту сцебанулi блiжнiя i дальнiя агнi лакаматываў, i магутныя пражэктары, высвятляючы наперадзе i асляпляючы ўсё наўкол, iмгненна расхiнулi стэп, бязлiтасна паказваючы яго мёртвую пустэчу. А цягнiк напорна iмкнуў па рэйках. У паветры запахла пякучым дымам i пылам, шугануў вецер...
Лiсiца апантана кiнулася прэч, час ад часу азiраючыся, прыпадаючы ў сполаху да зямлi. А пачвара са сляпучымi агнямi доўга лескатала i неслася, доўга яшчэ стукала коламi. Лiсiца ўскочыла i зноў кiнулася апантана бегчы...
Потым яна аддыхалася, i яе зноў пацягнула туды, да чыгункi, дзе можна было наталiць голад. Але наперадзе зноў мiльганулiся агнi, зноў лакаматывы цягнулi доўгi гружаны састаў.
Тады лiсiца пабегла ў абход па стэпе, рашыўшы, што выйдзе да чыгункi ў такiм месцы, дзе не ходзяць цягнiкi...
Цягнiкi тут iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
А па баках ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў.
У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, нiбы адносна якога Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Апоўначы нехта доўга i настойлiва дабiраўся да яго ў будку стрэлачнiка, спачатку наўпрост па шпалах, потым, як паказаўся наперадзе стрэчны цягнiк, скацiўшыся з адхону, прабiраўся, як у пургу, засланiўшыся рукамi ад ветру i пылу, якiя выносiла шквалам з-пад хуткага таварняка (гэта iшоў зялёнай вулiцай лiцерны састаў - цягнiк асобага прызначэння, ён паварочваў затым на асобную лiнiю ў закрытую зону Сары-Азек, там у iх свая, асобная чыгуначная служба, далей, на касмадром, карацей кажучы, таму цягнiк iшоў увесь закрыты брызентам i з вайсковай аховай на платформах). Едыгей адразу здагадаўся, што гэта жонка спяшала да яго, што нездарма спяшаецца i што ёсць на тое нейкая надта сур'ёзная прычына. Так яно потым i пацвердзiлася. Але паводле абавязку службы ён не меў права адлучацца з месца, пакуль не пракоцiцца мiма апошнi хваставы вагон з кандуктарам на адкрытай пляцоўцы. Яны пасiгналiлi адзiн аднаму лiхтарамi ў знак таго, што ўсё ў парадку, i толькi тады бадай аглохлы ад суцэльнага шуму Едыгей павярнуўся да задыханай жонкi:
- Ты чаго?
Яна трывожлiва зiрнула на яго i шавяльнула губамi. Едыгей не пачуў, але зразумеў - так i думаў.
- Хадзем сюды ад ветру. - Ён павёў яе ў будку.
Але перш чым пачуць з яе вуснаў тое, пра што сам здагадваўся, у тую хвiлiну чамусьцi здзiвiла яго iншае. Хоць i раней ён прыкмячаў, што гады не маладзiлi яе, але гэты раз, калi ўбачыў яе задыханую пасля цяжкай хадзьбы, тое, як страшна хрыпела i сiпела ў яе грудзях i як ненатуральна высока ўздымалiся яе схуднелыя плечы, яму стала балюча i крыўдна за яе. Моцнае электрычнае святло ў маленькай, чыста пабеленай чыгуначнай будцы яшчэ больш падкрэслiла застарэлыя змаршчакi на счарнелых шчоках Укубалы (а быў жа некалi твар смуглявы, роўнага пшанiчнага адцення, i вочы заўжды ззялi чорным бляскам), i яшчэ гэты шчарбаты рот, якi наводзiў на думку, што пажылай жанчыне хоць бы ўжо не быць бяззубай (даўно трэба звазiць яе на станцыю ўставiць гэтыя самыя металiчныя зубы, цяпер усе, i стары i малы, ходзяць з такiмi), а тут яшчэ гэтыя сiвыя, белыя-белыя пасмы валасоў, рассыпаныя па твары, выбiўшыся з-пад хусткi, балюча рэзнулi па сэрцы. "Эх, як пастарэла ты ў мяне", пашкадаваў ён яе ў душы з нейкiм шчымлiвым пачуццём уласнай вiны. I таму яшчэ больш адчуў у сабе маўклiвую ўдзячнасць за ўсё тое, што было перажыта разам многiя гады, i асаблiва за тое, што прыбегла вось па чыгунцы, сярод ночы, у самы дальнi канец раз'езда з-за павагi i абавязку, бо ведала, што гэта важна для Едыгея, прыбегла сказаць пра смерць няшчаснага старога Казангапа, адзiнюткага, - так i памёр адзiн у пустой мазанцы, бо разумела - толькi Едыгей адзiн на свеце блiзка да сэрца прыме смерць усiмi забытага чалавека, хоць нябожчык i не даводзiўся мужу нi братам, нi сватам.
- Садзiся, аддыхайся, - сказаў Едыгей, калi яны ўвайшлi ў будку.
- I ты садзiся, - сказала яна мужу.
Яны селi.
- Што здарылася?
- Казангап памёр.
- Калi?
- Ды вось толькi што забегла - як ён там, думаю, можа, што трэба. Уваходжу, святло гарыць, i ён сам на сваiм месцы, i толькi барада стырчком неяк, задралася ўгору. Падыходжу. Казаке, кажу, Казаке, можа, вам чаго гарачага, а ён ужо... - яе голас перацяўся, слёзы нагарнулiся на вейкi, i, усхлiпнуўшы, Укубала цiха заплакала. - Вось як яно выйшла пад канец. Якi чалавек быў! А памёр - некаму, бач, вочы закрыць, - бедавала яна, плачучы. Хто б мог падумаць? Так i памёр чалавек... - Яна хацела сказаць, - як сабака на дарозе, але змоўчала, не стала ўдакладняць, i без таго зразумела.
Слухаючы жонку, Буранны Едыгей, так звалi яго тут, змрочна сядзеў на прыстаўной лаве, паклаўшы цяжкiя, як карчы, рукi на каленi. Казырок чыгуначнай фуражкi, добра-такi зашмальцаваны i паабiты, кiдаў цень на яго вочы. Пра што ён думаў?
- Што будзем рабiць цяпер? - пыталася жонка.
Едыгей падняў галаву, зiрнуў на яе з горкай усмешкай.
- Што будзем рабiць? А што робяць у такiх выпадках? Хаваць будзем. - Ён прыўзняўся з лавы, як чалавек, што ўжо меў рашэнне. - Ты вось што, жонка, вяртайся як хутчэй. А цяпер слухай мяне.
- Слухаю.
- Разбудзi Аспана. Не глядзi, што начальнiк раз'езда, нiчога, перад смерцю ўсе роўныя. Скажы яму, што Казангап памёр. Сорак чатыры гады прарабiў чалавек на адным месцы. Аспан, можа, тады яшчэ i не нарадзiўся, калi Казангап пачынаў тут i нiякага сабаку нi за якiя грошы не зацягнуць было сюды, на саразекi. Колькi цягнiкоў прайшло тут на вяку яго - валасоў не хопiць на галаве. Няхай ён падумае. Так i скажы. I яшчэ слухай...
- Слухаю.
- Будзi ўсiх як аднаго. Стукай у вокны. Колькi нас тут народу - восем дамоў, на пальцах злiчыць... Усiх паднiмi на ногi. Нiхто не павiнен спаць сёння, калi памёр такi чалавек. Усiх паднiмi на ногi.
- А калi лаяцца будуць?
- Наша справа сказаць кожнаму, а там няхай лаяцца. Скажы, што я загадаў будзiць. Трэба сумленне мець. Чакай!
- Што яшчэ?
- Забяжы спачатку да дзяжурнага, сёння Шаймердзен сядзiць дыспетчарам, перадай яму што i як i скажы, няхай падумае, як быць. Можа, знойдзе мне замену гэты раз. Калi што, няхай дасць знаць. Ты зразумела мяне, так i скажы!
- Скажу, скажу, - адказала Укубала, а потым спахапiлася, нiбы ўспомнiўшы раптам пра самае галоўнае, недаравальна забытае ёю. - А дзецi ж яго! Вось табе i на! Трэба ж iм найперш вестку падаць, а то ж як? Бацька памёр...
Едыгей спахмурнеў адчужана, яшчэ больш пасуровеў.
- Якiя нi ёсць, але ж дзецi, - казала Укубала, нiбы апраўдваючы каго, ведаючы, што Едыгею гэта непрыемна слухаць.
- Ды ведаю, - махнуў ён рукой. - Што ж я, нiчога не цямлю? Яно так, нельга без iх, але каб на тое воля мая, я iх блiзка не дапусцiў бы!
- Едыгей, гэта не наша справа. Няхай прыедуць i самi хаваюць. Размоў будзе пасля, не адмыешся...
- А што я, перашкаджаю? Няхай едуць...
- А калi сын не паспее з горада?
- Паспее, калi захоча. Пазаўчора яшчэ, калi быў на станцыi, сам тэлеграму адбiў яму, што, маўляў, так i так, бацька твой пры смерцi. Чаго болей! Ён сябе разумным лiчыць, павiнен зразумець, што да чаго...
- Ну калi так, то добра, - напэўна прымiрылася жонка з высновамi Едыгея i, усё яшчэ думаючы пра нешта сваё, што трывожыла яе, сказала: - Добра, каб з жонкай прыехаў, усё-ткi свёкра хаваць, а не каго-небудзь.
- Гэта ўжо самi няхай рашаюць. Што тут падказваць, не малыя ж дзецi.
- Яно так, канечне, - усё яшчэ сумняваючыся, згаджалася Укубала.
I яны змоўклi.
- Ну, ты не заседжвайся, iдзi, - нагадаў Едыгей.
У жонкi, аднак, было яшчэ што сказаць.
- А дачка ягоная - Анзада бедная - на станцыi з мужам сваiм, п'янтосам беспрабудным, ды з дзецьмi, ёй таксама трэба паспець на пахаванне.
Едыгей мiжволi ўсмiхнуўся, паляпаў жонку па плячы.
- Ну вось, ты цяпер пачнеш перажываць за кожнага... Да Анзады тут рукой падаць, з ранiцы падскочыць хто-небудзь на станцыю, скажа. Ты, жонка, зразумей адно - i ад Анзады, i ад Сабiтжана тым больш, няхай ён i сын, мужчына, карысцi будзе мала. Вось паглядзiш, прыедуць, нiкуды не дзенуцца, але будуць стаяць як госцi староннiя, а хаваць будзем мы, так ужо выходзiць... Iдзi i рабi, як я сказаў.
Жонка пайшла, потым спынiлася нерашуча i зноў пайшла. Але тут паклiкаў яе сам Едыгей:
- Не забудзь найперш да дзяжурнага, да Шаймердзена, няхай каго пашле замест мяне, я пасля адраблю. Нябожчык ляжыць у пустым доме, i побач нiкога, як можна... Так i скажы...
I жонка пайшла, кiўнуўшы. Тым часам на дыстанцыйным шчыце загуў, замiргаў чырвоным святлом сiгналiзатар - да раз'езда Баранлы-Буранны наблiжаўся новы састаў. Па камандзе дзяжурнага належала прыняць яго на запасную лiнiю, каб прапусцiць стрэчны, якi таксама быў ужо ля раз'езда, толькi ля стрэлкi з процiлеглага боку. Звычайны манеўр. Пакуль цягнiкi рухалiся па сваiх каляях, Едыгей аглядваўся часам на Укубалу, што iшла краем лiнii, - нiбы ён забыў нешта сказаць ёй. Сказаць, вядома, было што, цi мала спраў перад пахаваннем, усяго адразу не ўспомнiш, але паглядваў ён не таму, проста зараз ён зноў убачыў, як пастарэла, памiзарнела жонка, i гэта таксама вiдно было ў жаўтлявым святле чыгуначных лiхтароў.
"Значыцца, старасць ужо на плячах сядзiць, - падумалася яму. - Вось i дажылi - стары i старая!" I хаця здароўем бог яго не пакрыўдзiў, моцны быў яшчэ, але лiк гадам набягаў немалы - шэсцьдзесят, ды яшчэ з гадком, шэсцьдзесят адзiн было ўжо. "Глядзiш, гады праз два i на пенсiю могуць папрасiць", - сказаў Едыгей сам сабе без пасмiхання. Але ён ведаў, што не так скора пойдзе на пенсiю i не так проста знайсцi чалавека ў гэтых мясцiнах на ягонае месца пуцявога i рамонтнага рабочага, стрэлачнiкам ён бываў час ад часу, калi хто-небудзь захварэе цi пойдзе ў адпачынак. Хiба што хто паквапiцца на дадатковую аплату за аддаленасць i бязводнасць. Але наўрад. Iдзi пашукай такiх сярод цяперашняй моладзi.
Каб жыць на саразекскiх раз'ездах, трэба дух мець, а iнакш прападзеш. Стэп вялiзарны, а чалавек малы. Стэп абыякавы, яму ўсё роўна, добра цi блага табе, прымай яго такiм, якi ён ёсць, а чалавеку не ўсё роўна, што i як на свеце, пакутуе ён, душой хварэе, здаецца яму, што недзе ў другiм месцы, сярод другiх людзей яму б пашанцавала больш, а тут ён паводле поклiчу лёсу... I таму ападае ён духам адзiн на адзiн з няўмольным стэпам, нiшчымнее духам, разраджаецца, як той акумулятар з трохколавага матацыкла Шаймердзена. Гаспадар усё беражэ яго, сам не ездзiць i другiм не дае. Вось i стаiць машына без справы, а як трэба не заводзiцца, ачахла заводская сiла. Так i чалавек на саразекскiх раз'ездах: не ўкаранiцца ў стэпе, не прыжывецца - цяжка яму будзе. Каторыя, гледзячы з вагонаў няўзнак, за галаву хапаюцца - божа, як тут людзi могуць жыць?! Наўкол толькi стэп i вярблюды. А вось так i жывуць, у каго на колькi трывання хопiць. Тры гады, чатыры найбольш - i справе тамам*: разлiчваюцца i едуць куды далей.
* Тамам - канец.
На Баранлы-Буранным толькi двое ўкаранiлiся на ўсё жыццё - Казангап i ён, Буранны Едыгей. А колькi перабыло тут iншых, калi на тое! Пра сябе што меркаваць, жыў не здаваўся, а Казангап адпрацаваў тут сорак чатыры гады не таму, што дурнейшы за iншых быў. На дзесятак другiх не прамяняў бы Едыгей аднаго Казангапа... Няма цяпер яго.
Цягнiкi размiнулiся, адзiн пайшоў на ўсход, другi на захад. I адразу ўсё шырэйшым стала - зоры ў цёмным небе засвяцiлiся зырчэй, выразней, i вецер парстчэй загуляў па адхонах, па шпалах, па гравiйным насцiле памiж рэйкамi, што во нешта слаба пазвоньваюць, шчоўкаюць нешта.
Едыгей не iшоў у будку. Задумаўся, прыхiнуўся да слупа. Далёка наперадзе, за чыгункай, ледзь вiдны былi невыразныя сiлуэты вярблюдаў на пашы. Яны стаялi пад месяцам, застыўшы ў нерухомасцi, чакаючы ранку. I памiж iмi ўгледзеў Едыгей свайго двухгорбага, з буйной галавой нара - самага моцнага, бадай, у саразеках i быстраходнага, па мянушцы, як i гаспадар, Бураннага Каранара. Едыгей ганарыўся iм, рэдкай моцы працаўнiком, хоць i не лёгка спраўляцца з iм, таму што Каранар застаўся атанам - у маладосцi Едыгей не звалхаў яго, а потым ужо не стаў чапаць.
Разам з iншымi клопатамi на заўтра прыгадаў Едыгей, што трэба з ранiцы як раней прыгнаць Каранара дамоў, паставiць пад седлавiшча. Прыдасца для паездак на пахаваннi. I яму лез у галаву розны клопат...
А на раз'ездзе людзi пакуль яшчэ спакойна спалi. Лiчачы невялiкiя станцыйныя службы, дамкi пад аднолькавымi двухскатнымi шыфернымi стрэшкамi, iх было шэсць зборна-шчытавых пабудоў, пастаўленых чыгуначным ведамствам, ды яшчэ дом Едыгея, пабудаваны iм самiм, i мазанка нябожчыка Казангапа, ды розныя надворныя глiнабiткi, прыбудоўкi, загародкi для жывёлы i iншых патрэб, у цэнтры ветравая i яна ж электранасосная i пры выпадках ручная вадакачка, што паявiлася тут у апошнiя гады, - вось i ўвесь пасёлачак Баранлы-Буранны.
Пры вялiкай чыгунцы, пры вялiкiм Сары-Азекскiм стэпе - маленькае звяно ў лiку iншых раз'ездаў, станцый, вузлоў, гарадоў... Усё адкрытае ўсiм вятрам на свеце, асаблiва зiмовым, калi круцяць саразекскiя завеi, завальваючы дамы па вокны гурбамi, а чыгунку гарбякамi сухiх да бубацення сумётаў... Таму i зваўся гэты стэпавы раз'езд Баранлы-Буранны, i надпiс вiсiць дваiсты: баранлы па-казахску, буранны - па-расейску...