Буранны паўстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 16 стр.


Але дарэмнай была тая мiжвольная шкадоба. Баранлiнцы перажывалi харошы год, калi не лiчыць пякельнага лета, але ж тое ўсё мiнулася. Ды i наогул жыццё паўсюль наладжвалася пасля вайны. Пад Новы год зноў чакалi знiжэння цэн на прадукты i прамтавары, i хоць у крамах яшчэ i не ўсяго хапала, але ўсё-ткi з кожным годам лепшала...

Звычайна Новаму году баранлiнцы не надавалi асаблiвага значэння, не чакалi з асаблiвым пачуццём тыя дванаццаць начных гадзiн. Служба на раз'ездзе павiнна была iсцi сваiм парадкам, не лiчачыся з тым, дзе i калi настане Новы год. Ды i па гаспадарцы зiмой клопатаў хапала. У печы трэба палiць, за скацiнай патрэбны нагляд i на выпасе i ў загонах. Нацягаецца чалавек за дзень, яму б толькi да сну таго дарвацца.

Так i мiналiся гады адзiн за адным...

А пярэдадзень пяцьдзесят трэцяга на Баранлы-Буранным быў сапраўдным святам. Пра свята паклапацiлася, вядома, сям'я Кутыбаевых. Урэшце, i Едыгея забраў той святочны клопат. Пачалося ўсё з таго, што Кутыбаевым захацелася агораць дзецям ёлку. А дзе ўзяць ёлку ў саразеках, прасцей знайсцi яйка якога-небудзь дыназаўра. Гэта Елiзараў гаварыў пра тыя яйкi. Нiбы камянi тыя яйкi, кожнае ўвелькi з кавун. Ён iх i знайшоў. Знаходку адвезлi ў алма-ацiнскi музей. Пра тое i ў газетах пiсалi.

Давялося Кутыбаеву ехаць маразамi ў Кумбель i там дабiцца ў станцыйным мясцкоме, каб адну з пяцi ёлак, што прыслалi на ўсю вялiкую станцыю, усё ж аддалi ў Баранлы-Буранны. З таго ўсё i пачалося.

Едыгей стаяў якраз ля склада, браў у начальнiка раз'езда новыя рукавiцы для работы, калi, рыплiва тармозячы, спынiўся на першым пуцi пабраны ранiшнiм iнеем таварняк. Доўгi састаў, спрэс запламбiраваныя чатырохвосныя вагоны. З адкрытай пляцоўкi апошняга вагона, з цяжкасцю перастаўляючы адубелыя ногi ў каляных ботах, спусцiўся на зямлю Абуталiп. Кандуктар саставу, што суправаджаў цягнiк, у вялiзным кажусе, у завязанай пад бараду зiмовай шапцы, няўклюдна соўгаючыся па пляцоўцы, пачаў падаваць яму нешта гламаздаватае i, мусiць, нецяжкае. Ёлка, здагадаўся Едыгей i здзiвiўся надта.

- Гэй, Едыгей! Буранны! Хадзi сюды, памажы чалавеку! - гукнуў яму кандуктар, навiсаючы аграмадным целам над прыступкамi вагона.

Едыгей заспяшаўся, i калi падышоў, збаяўся за Абуталiпа. Белы да брывей, увесь аблеплены снегам, здранцвеў Абуталiп так, што вуснамi пашавялiць не мог. А побач ёлка, гэтае калючае дрэўца, праз якое Абуталiп ледзь не патрапiў на той свет.

- Як гэта людзi ў вас ездзяць! - хрыплаватым голасам сказаў кандуктар. Хiба можна? Усю душу холад выцiсне.

Ледзь варушачы вуснамi, Абуталiп сказаў прабачлiва:

- Прабачце, так выйшла. Я зараз сагрэюся. Тут недалёка.

- Я ж яму казаў, - звяртаючыся да Едыгея, бурчаў кандуктар. - Я ў кажусе, а пад кажухом цёплае адзенне, у валёнках, у шапцы, i то, пакуль здам перагон, вочы на лоб лезуць. А ён... Хiба так можна?

Едыгею было нiякавата:

- Добра навука, Трахiм! Едзь сабе. Добрай табе дарогi!

Ён падхапiў ёлку. Яна была халодная, невялiкая, увелькi з чалавекам. Тхнула ад ёлкi зiмовым лясным духам. Сэрца ёкнула - успомнiлiся франтавыя лясы. Там такога ельнiку было процьма. Танкамi валiлi, снарадамi карчавалi. Але ж не думалася, што калi-небудзь дарагiм падасца гэты пах.

- Хадзем, - сказаў Едыгей i зiрнуў на Абуталiпа, ускiдваючы ёлку на плячо.

На апалым ад холаду, з застылымi слязьмi на шчоках шэрым твары Абуталiпа ззялi з-пад белых брывей жвавыя, радасныя, урачыстыя вочы. Едыгею раптам зрабiлася страшна: цi ацэняць дзецi бацькоўскую адданасць? Бо ў жыццi спрэс i заўжды бывае зусiм наадварот. Замест удзячнасцi - абыякавасць, а то i нянавiсць. "Беражы бог ад такога. Хопiць яму i iншага гора", - падумаў Едыгей.

Першы ўбачыў ёлку старэйшы з Кутыбаевых - Давул. Ён радасна закрычаў i праслiзнуўся ў барачныя дзверы. Адтуль выскачылi лёгка апранутыя Зарыпа i Эрмек.

- Ёлка, ёлка! Глядзi, якая ёлка! - радаваўся Давул, дурэючы ля ёлкi i смеючыся.

Зарыпа была ўзрадавана не меней:

- Ты ўсё-ткi здабыў яе! Якi малайчына!

А Эрмек, выяўляецца, нiколi яшчэ не бачыў ёлкi. Ён так i ўталопiўся вачамi ў яе.

- Мама, гэта ёлка, ёлка? Яна будзе жыць у нас?

- Зарыпа, - сказаў Едыгей, - паглядзi на мужа. Давай хутчэй адаграваць яго. Боты найперш трэба зняць.

Боты зрабiлiся калянымi. Абуталiп моршчыўся, сцiснуўшы зубы, стагнаў, калi з яго каторы раз спрабавалi сцягнуць боты. Дзецi шчыравалi асаблiва. То так, то гэтак хапалiся яны кволымi рукамi за тыя цяжкiя каляныя боты, што нiбы прымерзлi да ног.

- Дзятва, не замiнайце, дзецi, дайце я сама! - адганяла iх мацi. Але Едыгей на тое цiха сказаў:

- Не чапай iх, Зарыпа. Няхай, няхай iм усцешна будзе. Ён душой сваёй адчуў, што для Абуталiпа найвялiкшая радасць - дзiцячая ўцеха. Асаблiва расчулiў малодшы. Эрмек чамусьцi называў бацьку папiкам. I нiхто яго не папраўляў, усе пагадзiлiся з ягонай выдумкай.

- Папiка! Папiка! - радасна мiтусiўся ён, расчырванеўшыся ад марных намаганняў. Ягоныя валосiкi аж сталi стырчма, вочкi прагавiта гарэлi, а сам ён быў такi сур'ёзны, што мiжволi хацелася засмяяцца.

Трэба было неяк малым памагчы.

- Ану, хлопцы, сядайце за мной. Будзем як цягнiк - адзiн аднаго цягнуць. Давул, ты трымайся за мяне, а ты, Эрмек, хапайся за Давула.

Абуталiп зразумеў Едыгеевы хiтрыкi i ўхвальна закiваў галавой, заўсмiхаўся скрозь слёзы, што навярнулiся мо болей ад таго, што быў ён нядаўна з марозу.

Едыгей сеў насупраць Абуталiпа, за iм расселiся, пабраўшыся рукамi адзiн за аднаго, дзецi, i Едыгей, даўшы каманду, пачаў сцягваць бот. I прыгаворваў:

- Ану, хлапцы, мацней, дружней! Вось гэтак. А то мне аднаму не пад сiлу. Давай, давай! Давул! Эрмек! Мацней!

Хлапчукi яшчэ як старалiся памагчы! Зарыпа была балельшчыцай. Едыгей знарок рабiў выгляд, што яму цяжка, i калi нарэшце першы бот быў зняты, хлапчукi пераможна закрычалi. Зарыпа кiнулася была расцiраць мужу ступню, але Едыгей сказаў:

- Ану, хлапцы, ану, мама! Вы што ж гэта? А другi бот хто будзе сцягваць? А мо так i пакiнеце бацьку з адной разутай нагой? Цi добра так будзе?

I ўсе рассмяялiся нечага. Доўга смяялiся, аж качалiся па падлозе. Асаблiва хлапчукi i сам Абуталiп.

I хто ведае, думаў потым пра гэта Буранны Едыгей, шмат разоў стараючыся адгадаць страшную загадку, хто ведае, магчыма, менавiта ў той момант недзе вельмi далёка ад Баранлы-Бураннага iмя Абуталiпа Кутыбаева зноў усплыло ў паперах i людзi, што атрымалi тыя паперы, вырашалi на iх падставе пытанне, пра якое нiхто нi ў сне, нi наяве не здагадваўся - нi ў гэтай сям'i, нi на раз'ездзе.

Бяда звалiлася знянацку. Хаця каб Едыгей быў больш вопытны ў такiх справах, хiтрэйшы каб быў, можа, хоць бы i не здагадаўся, але хоць трывогу якую адчуў у душы.

А цi была падстава для трывогi? Заўсёды пад канец года прыязджаў на раз'езд участковы мiлiцыянер. Паводле графiка аб'язджаў ён раз'езд за раз'ездам, ад станцыi да станцыi. Прыедзе, дзень-другi пабудзе, праверыць, як зарплата выдавалася, як маёмасць ды матэрыялы розныя зберагалiся i ўсё такое, напiша акт рэвiзii разам з начальнiкам раз'езда i яшчэ з кiм-небудзь з рабочых i паедзе назад якiм патрапiцца цягнiком. Дый i колькi спраў тых на раз'ездзе? Едыгей, бывала, таксама, распiсваўся ў тых актах. Гэты раз рэвiзор тры днi прабыў у Баранлы-Буранным. Начаваў у дзяжурным дамку, у галоўным памяшканнi раз'езда, дзе была сувязь ды пакойчык начальнiка, што зваўся кабiнетам. Начальнiк раз'езда Абiлаў усё бегаў, чай насiў яму ў чайнiку. Зазiрнуў да рэвiзора i Едыгей. Сядзеў чалавек, думаў над паперамi. Едыгею падалося, што, можа, хто з ранейшых знаёмых, але не, гэты быў незнаёмы. Чырванашчокi такi, зубы рэдкiя, у акулярах, сiваваты. Дзiўная, шматзначная ўсмешка мiльганула ў ягоных вачах.

А позна ўвечары сустрэлiся. Едыгей вяртаўся са змены, бачыць - рэвiзор праходжваецца каля дамка пад лiхтаром. Каўнер палiтона падняў, палiць раздумлiва, хрубасцiць пясочак пад падэшвамi.

- Добры вечар. Што, падыхаць выйшлi? Стамiлiся? - паспачуваў яму Едыгей.

- Яно так, - адказаў той з кволай усмешкай. - Нялёгка. - I зноў усмiхнуўся.

- Ды праўда, праўда, - адно i сказаў дзеля далiкацтва Едыгей.

- Заўтра з ранiцы еду, - паведамiў рэвiзор. - Дачакаюся семнаццатага спынiцца. I паеду. - I зноў усмiхнуўся. Голас ягоны глухаваты, натужлiвы нейкi. А вочы былi з прыжмурам, чэпкiя. - Дык вы будзеце Едыгей Жангельдзiн? спытаўся рэвiзор.

- Ды я гэта, ён самы.

- Я так i думаў. - Рэвiзор упэўнена дыхнуў дымам праз рэдкiя зубы. - Былы франтавiк. На раз'ездзе з сорак чацвёртага. Пуцейцы Буранным называюць.

- Усё так, - дабрадушна пацвердзiў Едыгей. Яму было прыемна, што той так многа знаў пра яго, але i здзiвiўся адначасна, як, навошта рэвiзор усё гэта ўведаў i запомнiў.

- А ў мяне памяць добрая, - з лёгкай усмешкай сказаў рэвiзор, мабыць, здагадваючыся, пра што думае Едыгей. - Я ж таксама пiшу, як ваш Кутыбаеў, кiўнуў ён, пускаючы струмень дыму ў бок асветленага акна, у прахоне якога схiлялася, як заўсёды, над нейкiмi паперамi галава Абуталiпа. - Трэцi дзень назiраю - усё пiша i пiша. Разумею. Сам пiшу. Толькi я вершамi займаюся. У дэпоўскай шматтыражцы амаль кожны месяц друкуюся. У нас там гурток лiтаратурны. Я iм кiрую. I ў абласной газеце памяшчалi. Восьмага сакавiка аднойчы. Першага мая сёлета.

- Усё так, - дабрадушна пацвердзiў Едыгей. Яму было прыемна, што той так многа знаў пра яго, але i здзiвiўся адначасна, як, навошта рэвiзор усё гэта ўведаў i запомнiў.

- А ў мяне памяць добрая, - з лёгкай усмешкай сказаў рэвiзор, мабыць, здагадваючыся, пра што думае Едыгей. - Я ж таксама пiшу, як ваш Кутыбаеў, кiўнуў ён, пускаючы струмень дыму ў бок асветленага акна, у прахоне якога схiлялася, як заўсёды, над нейкiмi паперамi галава Абуталiпа. - Трэцi дзень назiраю - усё пiша i пiша. Разумею. Сам пiшу. Толькi я вершамi займаюся. У дэпоўскай шматтыражцы амаль кожны месяц друкуюся. У нас там гурток лiтаратурны. Я iм кiрую. I ў абласной газеце памяшчалi. Восьмага сакавiка аднойчы. Першага мая сёлета.

Яны памаўчалi. Едыгей ужо збiраўся быў развiтацца i пайсцi, але рэвiзор зноў загаварыў:

- А ён пра Югаславiю пiша?

- Шчыра кажучы, не ведаю дакладна, - адказаў Едыгей. - Мусiць так. Бо ён партызанiў там. Ён для дзяцей сваiх пiша.

- Чуў пра тое. Я тут распытаў Абiлава. Ён i ў палоне пабываў. Нiбыта i настаўнiчаў колькi год. А цяпер рашыў заявiць пра сябе з дапамогай пяра, непрыемна гiгiкнуў ён. - Але гэта не так проста, як здаецца. Я таксама тое-сёе задумаў. Фронт, тыл, праца будзе. Ды часу ў нашага брата зусiм няма. Усё камандзiроўкi...

- Ён таксама, начамi толькi. А ўдзень працуе, - асмелiўся сказаць Едыгей.

Яны зноў памаўчалi. I зноў Едыгей не паспеў пайсцi.

- Ну i пiша, ну i пiша, галавы не ўзнiмае, - усё гэтак жа паўнасмешлiва казаў рэвiзор, углядаючыся ў сiлуэт Абуталiпа ў акне.

- Дык трэба ж нечым займацца, - адказаў яму на тое Едыгей. - Чалавек граматны. Наўкол нiкога i нiчога. Вось i пiша.

- Ага, цi ж не iдэя. Наўкол нiкога i нiчога, - жмурачыся i нешта нiбы маючы на ўвазе, мармытаў рэвiзор. - А ты сам па сабе, бо наўкол нiкога i нiчога, цi не iдэя? А ты сам па сабе...

На гэтым яны развiталiся. I наступнымi днямi не-не дый мiльгала думка не забыць расказаць Абуталiпу пра тую выпадковую размову з рэвiзорам, ды неяк не выходзiла, а потым i наогул вылецела з галавы.

Спраў было многа ў пярэдадзень зiмы. I, галоўнае, Каранар вар'явацца пачаў. Ён i так быў ужо ў сiле, i раней натурыўся, але тады яшчэ можна было неяк з iм саўладаць, прыстрашыць голасам. Ды яшчэ i стары самец у баранлiнскiм статку не даваў яму развярнуцца. Бiў, грыз, адганяў ад матак. Але стэп шырокi. З аднаго месца прагонiць, той у другое паспее. I так цэлымi днямi ганяў яго стары атан, пакуль зусiм не знясiлеў. I тады настаў час Каранара.

На новы сезон, з пачаткам халадоў, калi вярблюды чуюць па-асаблiваму поклiч прыроды, Каранар выйшаў пераможцам. Дасягнуў Каранар улады, дасягнуў не абы-якой моцы. Без высiлку загнаў старога Казангапавага атана пад абрыў i ў бязлюдным стэпе ледзь не таптаў яго, грыз без аддыху, бо не было каму разбаранiць. У гэтым няўмольным законе прырода была паслядоўная - настаў Каранараў час пакiдаць па сабе патомства.

Праз гэта, аднак, Казангап з Едыгеем упершыню пасварылiся. Не сцярпеў Казангап пасля такога вiдовiшча - зганьбленага атана каля абрыву. Вярнуўся з пашы змрочны i накiнуўся на Едыгея:

- Навошта ты папускаеш такое! Яны жывёлы, а мы ж з табой людзi! Гэта ж на забойства iшоў твой Каранар. А ты яго спакойна адпускаеш у стэп!

- Не адпускаў я яго, Казаке. Сам ён збег. Як мне яго трымаць загадаеш? На ланцугу? Дык ён ланцуг iрве. Сам ведаеш, не выпадкова казалi старыя: "Куш атасыл танымайды". Надышоў яго час.

- А ты i рады. Чакай, цi тое яшчэ будзе. Ты яго шкадуеш, ноздры яму шкадуеш пракалоць, каб шыш начапiць, але ты яшчэ паплачаш, паганяешся за iм. Такi звер у адным статку не ўтаймуецца, ён пойдзе па ўсiх саразеках бiцца. I нiчым яго будзе не стрымаць. Успомнiш маё слова...

Едыгей толькi прамармытаў памяркоўна:

- Сам жа яго ты падарыў мне, а цяпер злуешся. Добра, прыдумаю што-небудзь, знайду на яго цуглi.

Але калоць такому прыгажуну ноздры, нявечыць яго - не, на такое рука не падымалася. Колькi потым ён кляў вярблюда i ўсё-ткi не рашыўся на той гвалт над прыгажуном Каранарам. Хацеў аднае пары звалхаць i таксама не рашыўся, не адолеў сябе. А гады iшлi, i кожны раз, як наставалi зiмовыя халады, пачыналiся пошукi ў стэпе раз'ятранага гонам Каранара...

З той зiмы ўсё i пачалося. Запомнiлася. I пакуль утаймоўваў Каранара ды ладзiў загон, каб надзейна заняволiць таго, i Новы год падаспеў. А Кутыбаевы якраз надумалi стаўляць ёлку. Для ўсёй баранлiнскай дзятвы падзея вялiкая. Укубала з дочкамi бадай перабралiся ў барак да Кутыбаевых. Прыбралi там ёлку. I на працу iдучы, i з працы, Едыгей не мог утрымацца, каб не паглядзець на тую ёлку. Усё прыгажэй, усё святочней рабiлася яна, стракацела ад каснiкоў, паперак i цацак самаробных. Тут жанчын варта пахвалiць, пастаралiся. I справа, бадай, была не столькi ў ёлцы, колькi ў спадзяваннях навагоднiх, агульным для ўсiх нейкiм няпэўным чаканнi хуткiх i шчаслiвых змен.

Абуталiп на тым не супакоiўся, вывеў дзятву на двор, i пачалi тыя ляпiць вялiзнага снегавiка. Цудоўна гэта ў iх атрымалася. Вялiзны, увелькi з чалавекам, снегавiк, нетутэйшая нейкая праява з чорнымi вачмi i чорнымi брывамi, з чырвоным носам i разяўленай ва ўсмешцы пашчай, з аблезлым лiсiным малахаем на галаве вырасла перад раз'ездам, сустракаючы цягнiкi. У адной "руцэ" снегавiк трымаў чыгуначны зялёны сцяжок - дарога адкрытая, а ў другой фанеру з надпiсам: "З Новым, 1953 годам!"... Гэты снегавiк доўга яшчэ стаяў i пасля 1 студзеня...

31 снежня старога года да самага вечара баранлiнскiя дзецi гулялi каля ёлкi i на дварэ. Там жа былi i дарослыя, калi не дзяжурылi. Абуталiп расказваў Едыгею, як ранкам прыпаўзлi да яго ў пасцель малыя, сапуць, гарэзяць, а ён прыкiнуўся, што спiць, не чуе.

- Уставай, уставай, папiка! - Эрмек тармосiць. - Хутка Дзед Мароз прыйдзе. Хадзем сустракаць.

- Добра, - кажу. - Вось зараз устанем, памыемся, апранемся i пойдзем. - Не можа быць, каб не прыехаў.

- А якiм цягнiком? - гэта старэйшы пытае.

- А любым, - кажу, - для Дзеда Мароза любы цягнiк спынiцца нават на нашым раз'ездзе.

- Тады трэба ўставаць як хутчэй!

I збiраемся сур'ёзна так, урачыста.

- А маму возьмем? - пытае Давул. - Ёй жа таксама хочацца пабачыць Дзеда Мароза?

- Ну, вядома, - кажу, - яшчэ як! Клiчце i яе!

Сабралiся i ўсе разам выйшлi на мароз. Дзятва пабегла адразу да дзяжуркi. Мы за iмi. Бегае дзятва туды-сюды, а Дзеда Мароза няма.

- Папiка, а дзе ж ён?

- Зараз, - кажу, - не спяшайцеся. Спытаю ў дзяжурнага.

Уваходжу ў дзяжурку, я там звечара прыхаваў запiску ад Дзеда Мароза i мяшэчак з падарункамi. Выйшаў, яны да мяне:

- Ну што, папiка?

- Дзед Мароз, - кажу, - пакiнуў вам запiску, вось яна: "Дарагiя хлапчукi Давул i Эрмек! Я прыехаў на ваш славуты раз'езд Баранлы-Буранны раненька-раненька, у пяць гадзiн. Вы яшчэ спалi. Было холадна. Ды i сам я халодны, барада з марознай поўсцi ў мяне. А цягнiк запыняўся толькi на дзве хвiлiнкi... Ледзь паспеў запiску напiсаць i пакiнуць падарункi. У мяшэчку ўсiм малым раз'езда ад мяне па адным яблыку i па два арэхi. Не крыўдуйце, спраў у мяне багата. Паеду да другiх дзяцей. Яны мяне таксама чакаюць. А да вас наступным годам пастараюся завiтаць, ды так, каб мы сустрэлiся. А пакуль бывайце. Ваш Дзед Мароз, Аяз-ата". Чакайце, чакайце, тут яшчэ нейкая прыпiска. Вельмi неразборлiва, таропка напiсана. Мусiць, цягнiк адыходзiў. А, вось разабраў: "Давул, не бi свайго сабачку, я чуў, як ён аднойчы заскуголiў, калi ты ўдарыў яго галёшай. Але потым я больш не чуў. Мусiць, ты стаў лепшы да яго. Вось i ўсё. Яшчэ раз ваш Аяз-ата". Чакай-чакай, тут яшчэ нешта накрэмзана. Ага, зразумеў: "Снегавiк у вас надта добры атрымаўся. Малайцы. Я паздароўкаўся з iм за руку".

Ну, яны, вядома, узрадавалiся. Запiска ад Дзеда Мароза iм спадабалася. Адразу паверылi. Але пачалi спрачацца, хто панясе мяшэчак з падарункамi. Мацi разважыла:

- Спачатку дзесяць крокаў панясе Давул, ён старэйшы. А потым дзесяць крокаў ты, Эрмек, ты малодшы...

Затое ўдзень сярод дзятвы самым жаданым быў Едыгей. Наладзiў ён iм катанне на санях. У Казангапа знайшлiся старыя санкi. Запраглi Казангапавага вярблюда, слухмянага, звыклага да хамута. Каранара нельга было, вядома, скарыстаць на такую забаву: было б, можа, абразлiва для яго. Едыгей быў за балагола. Дзятва ўсё мерылася сесцi побач з iм. I ўсё прасiла: "Хутчэй, хутчэй паехалi!" Абуталiп i Зарыпа то йшлi, то беглi побач, то на спусках прысаджвалiся на край санак. Ад'ехалi ад раз'езда кiламетры са два, развярнулiся на пагорку, назад памчалi. Запыхаўся аж вярблюд. Перадыхнуць трэ было.

Харошы надарыўся дзень. Над бязмежна белымi, аснежанымi саразекамi, як глянуць было, як пачуць, ляжала белая нечапаная цiшыня. Наўкол, таямнiча ўкрыты снегам, разлягаўся стэп, - узгоркамi, узваллем, раўнiнаю, неба над саразекамi сеяла глухавата-мяккае святло, i ад таго было нiбы цяплей. Вецер не абзываўся. А наперадзе па чыгунцы iшоў доўгi, рудавата-чырвоны састаў, i два чорныя паравозы, счэпленыя цугам, цягнулi яго, дыхаючы ў дзве трубы. Дым у паветры завiсаў лянотнымi, амаль нерухомымi колцамi. Наблiжаючыся да семафора, паравоз даў сiгнал - працяглы, магутны гудок. Пасля яшчэ два. Цягнiк прашумеў праз раз'езды, не суцiшаючы бегу, - паўз лiнii, хоць столькi прасторы было наўкол. I зноў усё ацiхла i паглушэла. Нiякага руху. Над дахамi баранлiнскiх дамкоў вiўся там-сям шызаваты дымок. Усе прыцiхлi, пацiшэлi. Нават разгарачаная яздой дзятва стала цiхамiрнай на той час. Зарыпа сказала нягучна, адно толькi да мужа:

Назад Дальше