- Я не згодны, - сказаў Едыгей. - Такога не можа быць.
- А нiхто i не мае патрэбы ў тваёй згодзе. Гэтага я табе мог бы i не гаварыць. Кажу па дабраце сваёй. Ну, добра, давай пяройдзем ад слоў да справы. Скажы мне, калi-небудзь Кутыбаеў, ну, скажам, у шчырай размове, у час выпiўкi, дапусцiм, не называў табе якiя-небудзь ангельскiя iмёны?
- А навошта гэта? - шчыра здзiвiўся Едыгей.
- А вось навошта. - Вiрласты адгарнуў адзiн з "Партызанскiх сшыткаў" Абуталiпа i зачытаў падкрэсленае чырвоным алоўкам месца: "27 верасня да нас у распалажэнне прыбыла ангельская мiсiя - палкоўнiк i два маёры. Мы прайшлiся перад iмi парадным маршам. Яны нас прывiталi. Потым было частаванне ў палатцы ў камандзiраў. Туды запрасiлi i нас, колькi чалавек замежных партызан сярод югаславаў. Калi мяне пазнаёмiлi з палкоўнiкам, ён вельмi ветлiва пацiснуў мне руку i ўсё распытваў цераз перакладчыка, адкуль я i як сюды трапiў. Я коратка расказаў. Мне налiлi вiна, i я таксама выпiў разам з iмi. I потым яшчэ доўга размаўлялi. Мне спадабалася, што ангельцы простыя, шчырыя людзi. Палкоўнiк сказаў, што вялiкае шчасце цi, можа, наканаванне боскае ў тым, што мы ўсе аб'ядналiся супраць фашызму. А без гэтага барацьба з Гiтлерам стала б яшчэ цяжэй, а магчыма, скончылася б трагiчна для раз'яднаных народаў" - i гэтак далей. - Скончыўшы цытаваць, вiрлавокi адклаў сшытак убок. Запалiў яшчэ адну "казбечыну" i, памаўчаўшы, папыхваючы дымком, казаў далей: - Выходзiць, Кутыбаеў не запярэчыў ангельскаму палкоўнiку, што без генiя Сталiна перамога была б немагчымай, колькi б яны нi круцiлiся там, у Эўропе, у партызанах цi яшчэ дзе. Значыцца, таварыша Сталiна ў яго i ў думках не было! Гэта да цябе даходзiць?
- А можа, ён гаварыў пра гэта, - Едыгей стараўся абаранiць Абуталiпа, - ды проста забыў запiсаць.
- А дзе пра гэта сказана? Не дакажаш! Больш таго, мы параўналi з паказаннямi Кутыбаева ў сорак пятым годзе, калi ён праходзiў праверачную камiсiю пасля вяртання з югаслаўскага партызанскага аб'яднання. Там выпадак з ангельскай мiсiяй не ўспамiнаецца. Значыцца, тут нешта не так. Хто можа паручыцца, што ён не быў звязаны з ангельскай разведкай.
Зноў Едыгею стала цяжка i балюча. Не разумеў ён, што тут да чаго i куды вядзе вiрлавокi.
- Кутыбаеў табе што-небудзь казаў, падумай. Не называў iмёнаў ангельскiх? Нам трэба ведаць, хто былi гэтыя, з ангельскай мiсii.
- А якiя iмёны ў iх бываюць?
- Ну, напрыклад, Джон, Кларк, Смiт, Джэк...
- Нiколi такiх не чуў.
Вiрлавокi задумаўся, пазмрачнеў, не ўсё, мусiць, было яму даспадобы ў гэтай гаворцы. Потым ён сказаў трохi нават лiслiва:
- Ён што тут, школу якую адкрываў, дзяцей вучыў?
- Ды якая там школа! - мiжволi рассмяяўся Едыгей. - Двое ў яго дзяцей. I ў мяне дзве дзяўчынкi. Вось i ўся школа. Старэйшым па пяць год, малодшым па тры. Дзецям няма куды дзявацца, наўкол пустыня. А яны бавяць час з дзецьмi, выхоўваюць, значыцца. Усё-ткi былыя настаўнiкi - i ён, i ягоная жонка. Ну, чытаюць там, малююць, вучаць пiсаць, лiчыць. Вось i ўся школа.
- Якiя песенькi яны спявалi?
- Ды ўсялякiя. Дзiцячыя. Я не памятаю.
- А якой навуцы ён iх вучыў? Што яны пiсалi?
- Лiтары. Словы нейкiя звычайныя.
- Якiя, напрыклад, словы?
- Ну якiя! Я не помню.
- Вось гэтыя! - Вiрласты знайшоў сярод папер аркушочкi з вучнёўскiх сшыткаў з дзiцячымi крамзоламi. - Вось гэта першыя словы. - На аркушочку было напiсана дзiцячай рукой: "Наш дом". - Вось бачыш, першыя словы, якiя пiша дзiця, - "наш дом". А чаму не "наша перамога"? Бо першым словам на вуснах цяпер што павiнна быць, падумай? Павiнна быць - "наша перамога". Цi не так? А яму чамусьцi ў галаву гэта не прыходзiць. А перамога i Сталiн неаддзельныя.
Едыгей збянтэжыўся. Ён адчуў сябе гэткiм прыгнечаным, так яму стала шкада Абуталiпа, Зарыпу, якiя столькi сiл i часу аддавалi малечы, такая злосць разабрала яго, што ён рашыўся:
- Калi так, дык трэба найперш пiсаць "наш Ленiн". Усё-ткi Ленiн на першым месцы стаiць.
Вiрлавокаму ад нечаканасцi аж перацяла дых. Устаў з месца. Мусiць, захацелася пахадзiць, ды не было дзе ў гэтым пакойчыку.
- Мы прамаўляем - Сталiн, маем на ўвазе - Ленiн! - сказаў ён важна i выразна. Пачаў дыхаць вальней i дадаў прымiрэнча: - Добра, будзем лiчыць, што гэтай размовы памiж намi не было.
Ён сеў, i зноў на застылым твары пазначылiся непатрывожна-ясныя, жаўтлявыя, бы ў таго пеўня, вочы.
- У нас ёсць звесткi, што Кутыбаеў выступаў супроць навучання дзяцей у iнтэрнатах. Што ты скажаш, пры табе ж была гаворка?
- Адкуль такiя звесткi? Хто даў такiя звесткi? - здзiвiўся Едыгей, i адразу мiльганула здагадка: Абiлаў, начальнiк раз'езда Абiлаў ва ўсiм вiнаваты, гэта ён данёс, бо размова такая адбывалася ў ягонай прысутнасцi.
Пытанне Едыгеева не на жарт раззлавала вiрлавокага.
- Слухай, я ўжо даваў табе зразумець: адкуль звесткi, якiя звесткi - гэта наш клопат. I мы нi перад кiм справаздачу не трымаем. Запомнi. Выкладвай, што ён казаў.
- Ды што ён казаў? Трэба прыпомнiць. Значыцца, у нашага самага старога рабочага на раз'ездзе, Казангапа, сын вучыцца ў iнтэрнаце на станцыi Кумбель. Ну, малы, зразумела, трохi гарэзiць, манiць, бывае. А тут на першае верасня пачалi збiраць яго на вучобу. Бацька павёз яго на вярблюдзе. А мацi, жонка, значыцца, Казангапава, Букей, пачала плакаць, скардзiцца - бяда, кажа, як пайшоў у iнтэрнат, дык быццам чужы стаў. Няма, кажа, таго, каб сэрцам, душой быў прывязаны да дому, да бацькi, да мацi, як раней. Ну, малапiсьменная жанчына. Вядома, i вучыць трэба сына, i ад дому ён далёка...
- Ну добра, - перапынiў яго вiрласты. - А што сказаў Кутыбаёў на гэта?
- Ён таксама быў сярод нас. Ён сказаў, што мацi сэрцам чуе нядобрае. Таму што iнтэрнацкае навучанне не ад добрага жыцця. Iнтэрнат нiбы аддаляе дзiця ад сям'i, ад бацькi, ад мацi. Што гэта, наогул, складанае пытанне. Для ўсiх складанае - i для яго, i для другiх. Але што зробiш, калi няма магчымасцей iншых. Я яго разумею. У нас таксама дзецi падрастаюць. I ўжо цяпер душа балiць, як яно будзе, што з гэтага выйдзе. Дрэнна, вядома...
- Гэта потым, - перапынiў яго вiрлавокi. - Значыцца, ён казаў, што савецкi iнтэрнат - гэта дрэнна?
- Ён не казаў "савецкi". Ён проста казаў - iнтэрнат. У Кумбелi наш iнтэрнат. Гэта я кажу "дрэнна".
- Ну, гэта неiстотна, Кумбель у Савецкiм Саюзе.
- Чаму неiстотна? - не сцярпеў Едыгей, адчуваючы, што той заблытвае яго. Навошта прыпiсваць тое, чаго не гаварыў чалавек? Я сам гэтак жа думаю. Каб жыў я ў iншым месцы, не на раз'ездзе, нiзавошта не паслаў бы сваiх дзяцей нi ў якi iнтэрнат. Вось як я думаю...
- Думай, думай! - шматзначна сказаў вiрлавокi, перапыняючы размову. I, памаўчаўшы, сказаў: - Та-ак, значыцца, зробiм вывады. Значыцца, ён супраць калектыўнага навучання? Так?
- Ды не супроць ён, не супроць! Навошта няпраўду гаварыць! Хiба так можна?
- Не трэба, не трэба, хопiць! - грэблiва павёў рукой вiрласты, не лiчачы патрэбным даваць тлумачэннi. - А цяпер скажы мне, што гэта за сшытак пад назвай "Птушка Даненбай"? Кутыбаеў сцвярджае, што запiсаў са словаў Казангапа i тваiх часткова. Цi так гэта?
- Усё правiльна, - ажывiўся Едыгей. - Гэта тут, у саразеках, была такая гiсторыя, паданне, значыцца. Непадалёк адсюль могiлкi найманскiя, некалi яны былi найманскiя, а цяпер агульныя, завуцца Ана-Бейiт, там была пахавана Найман-Ана, якую забiў сын, манкурт...
- Ну, даволi, гэта мы пачытаем, паглядзiм, што там хаваецца за ўсiм гэтым, - сказаў вiрлавокi i пачаў гартаць сшытак, зноў разважаючы ўслых i выказваючы тым свае адносiны. - Птушка Даненбай, хм, нiчога лепшага i не прыдумаеш. Птушка з чалавечым iмем. Таксама мне пiсьменнiк знайшоўся. Новы Мухтар Аўэзаў з'явiўся. Падумаеш, пiсьменнiк феадальнай даўнiны. Птушка Даненбай, хм. Думае, не разбярэмся... А гэты тут пiсанiнай заняўся пацiху сабе, для дзяцей, маўляў... А гэта што? Таксама, па-твойму, для дзяцей? - Вiрласты паднёс да твару Едыгея яшчэ адзiн сшытак у цыратовай вокладцы.
- А што гэта? - не зразумеў Едыгей.
- Што? Ды ты павiнен ведаць. Вось назва: "Зварот Раймалы-ага да брата Абдзiльхана".
- Дык гэта ж таксама паданне, - пачаў быў Едыгей. - Гэта быль. Старыя людзi ведаюць гэтую гiсторыю.
- Не турбуйся, я таксама ведаю, - перапынiў яго вiрласты. Чуў краем вуха. Стары, што з глузду з'ехаў, закахаўся ў маладую, дзевятнаццацiгадовую дзяўчыну. Што тут добрага? Гэты Кутыбаеў не толькi варожы элемент, ён яшчэ i амаральны, разбэшчаны чалавек. Бач, як стараўся, падрабязна запiсаў усю гэту непатрэбшчыну.
Едыгей пачырванеў. Не ад сораму. Гневам поўнiлася ягоная душа, бо гэткай несправядлiвасцi, жахлiвай несправядлiвасцi ў адносiнах да Абуталiпа не чакаў. I ён сказаў, ледзь стрымлiваючы сябе:
- Ты вось што, не ведаю, якi ты там начальнiк, але ты да яго не чапляйся. Дай бог кожнаму быць такiм бацькам i мужам, i кожны табе скажа, якi ён ёсць чалавек.
- Добра, добра, супакойся, - адказаў вiрласты. - Затуманiў ён вам тут мазгi. Вораг заўсёды прыкiдваецца.
Едыгей падняўся. Нiякавата надзяваў шапку.
- Дык як гэта... што цяпер будзе з iм? I праз гэтую пiсанiну браць чалавека, так?
Вiрлавокi порстка прыўстаў з-за стала.
- Слухай, я табе яшчэ раз кажу: гэта не твая справа! Якое пакаранне вынайсцi ворагу - гэта мы ведаем! Няхай табе не балiць! Ведай сваё месца! Iдзi!
- Добра, добра, супакойся, - адказаў вiрласты. - Затуманiў ён вам тут мазгi. Вораг заўсёды прыкiдваецца.
Едыгей падняўся. Нiякавата надзяваў шапку.
- Дык як гэта... што цяпер будзе з iм? I праз гэтую пiсанiну браць чалавека, так?
Вiрлавокi порстка прыўстаў з-за стала.
- Слухай, я табе яшчэ раз кажу: гэта не твая справа! Якое пакаранне вынайсцi ворагу - гэта мы ведаем! Няхай табе не балiць! Ведай сваё месца! Iдзi!
У той жа дзень на раз'ездзе Баранлы-Буранны позна ўвечары яшчэ раз спынiўся пасажырскi цягнiк. Але цяпер цягнiк iшоў у другi бок. I таксама стаяў нядоўга - хвiлiны тры.
Чакаючы ў цемначы яго падыходу, стаялi трое ў хромавых ботах - забiралi з сабой Абуталiпа Кутыбаева, а ў баку ад iх, за iх спiнамi, стаялi баранлiнцы Зарыпа з малымi, Едыгей i Укубала ды начальнiк раз'езда Абiлаў, якi ўсё нечага мiтусiўся, дагодлiва i брыдка, бо цягнiк спазняўся цi не на паўгадзiны. А Казангап, якога таксама дапрошвалi з выпадку няшчасных Абуталiпавых запiсаў, быў тым часам на стрэлцы. Гэта яму належала накiраваць сваiмi рукамi цягнiк на той пуць, па якiм павiнны былi везцi Абуталiпа як далей ад саразекаў. Букей заставалася дома з Едыгеевымi дзяўчынкамi.
Тыя трое ў ботах, з адчужана паднятымi ад ветру каўнярамi, напружана маўчалi. Баранлiнцы маўчалi таксама.
Вецер гнаў шархоткi снег з ледзь улоўным посвiстам. Бадай, на мяцелiцу бралася. Набракла, цяжарам гусцiлася шэрань у саразекскiх нябёсах. Дзiка, паныла, пуста свяцiў месяц - нейкая няпэўная да раздражнення пляма. Мароз апякаў шчокi.
Зарыпа цiхутка плакала, трымаючы ў руках вузельчык з ядой i адзеннем. Клубы пары ахутвалi Укубалу, што раз-пораз цяжка ўздыхала. Да яе цiснуўся Давул, якi нешта, мабыць, прадчуваў, бо трывожна маўчаў. I кроiў болем сэрца Эрмек на руках у Едыгея - малеча нiчога не разумеў.
- Папiка, папiка! - клiкаў ён бацьку. - Хадзi сюды, да нас. Чаго ты там адзiн?
Абуталiп уздрыгваў ад ягонага голасу, мiжволi парываўся адказаць нешта малому, але яму не дазвалялi азiрацца. Адзiн з тых траiх не вытрымаў:
- Не стойце тут! Чуеце? Iдзiце адсюль, потым вернецеся!
Давялося адступiць як далей.
Але вось паказалiся здалёк агнi паравоза, i ўсе заварушылiся, узнепакоiлiся. Зарыпа не вытрывала, заплакала ўголас. I разам з ёй заплакала Укубала. Цягнiк прарочыў разлуку. Прабiваючы святлом тоўшчу марознай iмглы, ён грозна насоўваўся, вырастаючы з клубаў туману ўсёй сваёй цёмнай i няўмольнай масай. I ўсё вышэй над зямлёй узнiмалiся, палалi ягоныя фары, усё выразней было вiдаць, як круцiлiся пасмы снегу на рэйках, усё чутней i трывожней быў шум таго паравоза. Вось ужо вiдны сталi i ягоныя абрысы.
- Папiка, папiка, глядзi - цягнiк iдзе! - крычаў Эрмек i змаўкаў, здзiўлены тым, што бацька не абзываецца. I зноў спрабаваў дакрычацца да яго: Папiка, папiка!
Начальнiк раз'езда Абiлаў падбег да тых траiх:
- Паштовы вагон будзе ў галаве саставу. Прашу, прайдзiце, калi ласка, наперад. Вось туды.
I яны рушылi, цягнiк ужо наганяў. Наперадзе, не аглядваючыся, iшоў вiрлавокi з партфелем, за iм, суправаджаючы Абуталiпа, два яго шыракаплечыя памочнiкi, i на блiзкай адлегласцi ад iх подбежкам Зарыпа, за ёй Укубала, трымаючы за руку Давула. Едыгей iшоў збоч i трохi ззаду з Эрмекам на руках. I пакуль яны iшлi, змагаўся з сабой, стараўся саўладаць з цяжкiм пераселым горла камяком.
- Ты разумны хлопчык, Эрмек? Праўда, га? Ты разумны, не будзеш плакаць, скажы? - мармытаў ён, прыцiскаючы да сябе малога.
А цягнiк тым часам, запавольваючы ход, наблiжаўся. Хлопчык на руках у Едыгея спалохана ўздрыгнуў, калi паравоз, раўняючыся з iмi, але ўсё яшчэ не спыняючыся, з рэзкiм шумам выпусцiў пару i калi пачуўся прарэзлiвы свiсток кандуктара.
- Не бойся, не бойся, - сказаў Едыгей, - нiчога не бойся, калi я з табой.
Цягнiк спынiўся з доўгiм, цяжкiм скрыгатам, заiнелыя, падслепаватыя ад наледзi на шкле вагоны застылi на месцы. I зрабiлася цiха. Але паравоз з шыпеннем тут жа выпусцiў пару, гатовы зноў крануцца з месца. Паштовы вагон быў наступны пасля багажнага. Вокны паштовага былi забраны кратамi, дзверы адчынiлiся з сярэдзiны. Выглянулi мужчына i жанчына ў форменных паштовых фуражках, у ватных штанах i целагрэйках. Жанчына з лiхтаром была, мусiць, за старшую. Грузная i шыракагрудая.
- Гэта вы? - сказала яна, трымаючы лiхтар ля галавы так, каб святло падала на ўсiх. - Чакаем вас. Месца гатовае.
Першы падняўся вiрлавокi з вялiзным партфелем.
- Ну давайце, давайце, не затрымлiвайце! - загаманiлi адразу тыя двое.
- Я скора вярнуся! Гэта нейкае непаразуменне, - таропка казаў Абуталiп. Скора вярнуся, чакайце!
Укубала не вытрывала. Уголас зарыдала, калi Абуталiп пачаў развiтвацца з дзецьмi. Ён iх з усяе сiлы прыцiскаў да сябе, цалаваў i нешта казаў iм, напалоханым i няўцямным. А паравоз ужо быў гатовы ў дарогу. I тут пачуўся зноў пранiзлiвы, аж рваў душу, свiсток.
- Ну ўсё, давай-давай садзiся! - пацягнулi тыя двое Абуталiпа да прыступкаў вагона.
Едыгей i Абуталiп паспелi на развiтанне моцна абняцца, скалануўшыся ў нейкi момант сэрцам, усёй iстотаю сваёй, прыцiскаючыся адзiн да аднаго мокрымi няголенымi шчакамi.
- Расказвай iм пра мора! - шапнуў Абуталiп.
То былi ягоныя апошнiя словы. Едыгей зразумеў. Бацька прасiў расказваць сынам пра Аральскае мора.
- Ну хопiць тут, давай, ану давай! - расцягнулi iх.
Падпiраючы ззаду плячмi, тыя двое ўпiхнулi Абуталiпа ў вагон. I тут толькi дайшла да свядомасцi малых страшная сутнасць расстання. Яны заплакалi ўголас, закрычалi:
- Папiка! Папiка!
I тады рвануўся Едыгей з Эрмекам на руках да вагона.
- Ты куды? Ты куды? Бог з табой! - гарачлiва адпiхвала яго жанчына з лiхтаром, засланяючы цяжкiмi плячамi праход да дзвярэй.
Але нiхто не разумеў у тую хвiлiну, што Едыгей гатовы быў, каб на тое, сам паехаць замест Абуталiпа, каб па дарозе прыдушыць таго вiрластага ўласнымi рукамi, гэтак яму стала невыносна балюча, калi заплакалi, закрычалi малыя.
- Не стойце тут! Iдзiце адсюль, iдзiце! - крычала жанчына з лiхтаром. I ад яе тхала тытунём i цыбуляй.
Зарыпа ўспомнiла пра вузельчык.
- Перадайце, перадайце, гэта яда! - кiнула яна вузельчык у вагон.
I дзверы паштовага вагона зачынiлiся. Усё змоўкла. Паравоз даў сiгнал i крануўся з месца. Ён пайшоў, рыпуча раскручваючы колы, паволi набiраючы ход на марозе.
Баранлiнцы мiжволi памкнулi за цягнiком, iдучы побач з наглуха закрытымi дзвярамi. Першая ачомалася Укубала. Яна схапiла Зарыпу, прыцiснула да грудзей i не адпускала.
- Давул! Стой, стой тут, трымай маму за руку, - загадала яна, уся там, дзе ўсё мацней, усё часцей грукаталi колы...
I Едыгей доўга не мог супакоiць, суняць малога Эрмека, якога душылi слёзы.
Ужо дома, калi сядзеў зажураны ля печы, ён успомнiў пра Абiлава. Цiха падняўся, пачаў апранацца. Укубала адразу здагадалася.
- Ты куды? - схапiла мужа за руку. - Не чапай яго, пальцам не кранi. У яго жонка цяжарная.
- Супакойся, я яго не крану, але ён павiнен ведаць, што яму лепш перабiрацца ў iншае месца, - ён вырваў руку i выйшаў з дому.
У Абiлавых яшчэ гарэла святло.
Жорстка ступаючы па снезе, Едыгей падышоў да дзвярэй i моцна пастукаў. Дзверы адчынiў Абiлаў.
- А, Едыке, заходзь, заходзь, - спалохана сказаў ён, адступiў назад.
Едыгей пайшоў моўчкi за iм, спынiўся на парозе, прачыняючы за сабой дзверы.
- Ты навошта асiрацiў гэтых няшчасных? - сказаў ён, сiлячыся быць як мага стрыманей.
Абiлаў упаў на каленi i папоўз, хапаючыся за крысо Едыгеевага кажуха.
- Дальбог, не я, Едыгей! Вось каб жонцы маёй не радзiць дзiця! Гэта той самы рэвiзор. Успомнi. Гэта ён усё дапытваўся, што, маўляў, пiша ён i навошта пiша. Гэта ён, гэта рэвiзор. Як я мог! У мяне сёння ля цягнiка ўсё нутро перавярнулася! Гэта ўсё рэвiзор, рэвiзор...
- Ну добра, - перапынiў яго Едыгей. - Устань, пагаворым як людзi. Вось пры жонцы тваёй. Нават калi ты i не вiнаваты. Табе ўсё адно дзе жыць. А нам тут заставацца да самай, можа, смерцi. Дык ты падумай. Мусiць, варта табе з часам перабрацца на iншую работу. Гэта мая парада. Вось i ўсё. I больш да гэтай размовы не вернемся. Толькi гэта i хацеў сказаць...
З тым Едыгей выйшаў, закрыўшы за сабою дзверы.
IX
На цiхiм акiяне, у раёне Алявутаў быў поўдзень. Усё гэтак жа штармiла напаўсiлы, па ўсёй адкрытай пространi кацiлiся, ускiпаючы, хвалi адна за адной - велiчнае вiдовiшча воднай стыхii. Авiяносец "Канвенцыя" ледзь пагойдваўся на хвалях. Ён быў там, дзе i раней, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Сан-Францыска i Ўладзiвастокам. Усе службы судна мiжнароднай навуковай праграмы ў напружаннi, у поўнай гатоўнасцi да дзеянняў.
На той час на борце авiяносца завяршалася экстраннае пасяджэнне асобаўпаўнаважаных камiсiй па расследаванню надзвычайнага становiшча, якое ўзнiкла ў вынiку адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi ў сiстэме свяцiла Дзяржацель. Парытэт-касманаўты 1-2 i 2-1, што самавольна адбылi разам з iншапланецянамi, усё яшчэ знаходзiлiся на планеце Лясныя Грудзi, тройчы атрымаўшы папярэджанне ад Абцэнупра праз радыёсувязь арбiтальнай станцыi "Парытэт" - нi ў якiм разе не адважвацца нi на якiя дзеяннi без асобых указанняў Абцэнупра.