Казангап змоўк. Едыгей прыгнуўся так, як быццам гара налягла на плечы.
- Што цяпер будзе? - забедаваў Казангап.
- Я так i ведаў, - горасна пакiваў галавой Едыгей. - Не вытрываў ён разлукi з дзецьмi. Вось гэтага я больш за ўсё баяўся. Не вынес разлукi. А маркота - гэта ж страшна. Вунь хлапчукi як сумуюць па бацьку - глядзець на iх няма сiлы. А каб ён так не перажываў, дык адседзеў бы, колькi прызначана, i вярнуўся. Цярпець не ўпершыню. I ў нямецкiм палоне, у канцлагерах iхнiх нацярпеўся, i ў партызанах не соладка было, але тады ён быў сам па сабе, тады ён быў адзiн. А цяпер яго з жывым мясам ададралi ад сям'i, ад дзяцей. Вось i не вытрываў...
- Яно так, я таксама так думаю, - азваўся Казангап. - Не верыў я, што ад разлукi чалавек можа памерцi. А то ж мог бы, малады яшчэ, i дачакацца, калi разбяруцца i вызваляць. Не вiнаваты ж нi ў чым. Розумам ён ведаў гэта, а сэрца, бач, не вытрывала.
Потым яны доўга сядзелi, абдумвалi становiшча, але як яны нi думалi, вярталiся да таго, што сям'я засталася без бацькi, дзецi асiрацелi, Зарыпа аўдавела, i гэта несумненна. Аднак самую разумную прапанову выказала ўсё ж Укубала:
- Няхай Зарыпа сама атрымае тую паперу на станцыi. Няхай гэта будзе не пры дзецях. I няхай там усё абдумае, казаць дзецям цi не.
- Ты праўду кажаш, - падтрымаў яе Едыгей. - Яна мацi, няхай сама рашае, казаць дзецям цi не пра смерць Абуталiпа. А я не магу... - i Едыгей на паўслове змоўк, язык не слухаўся, ён закашляўся, каб прагнаць шкадобу, што душыла яго.
I яшчэ сказала Укубала, калi яны прыйшлi да агульнай думкi:
- Трэба, Казаке, - параiла яна Казангапу, - каб вы сказалi Зарыпе, што нейкiя пiсьмы чакаюць яе ў начальнiка станцыi. Адказы, маўляў, прыйшлi на яе запытаннi. Але прасiлi быць ёй асабiста, так, маўляў, трэба. Але адпускаць туды Зарыпу адну нельга. Ты, Едыгей, едзь з ёй, будзь з ёй у гэтую часiну. Цi мала што можа здарыцца пры такой бядзе. Скажы, што табе трэба на станцыю па справах, i едзьце разам. А дзецi пабудуць у нас.
- Добра, - згадзiўся Едыгей з жонкай. - Заўтра я скажу Абiлаву, што Зарыпу трэба везцi ў бальнiцу на станцыю. Няхай затрымае на хвiлiну цягнiк.
На тым i пагадзiлiся. Але выехаць у Кумбель iм удалося толькi праз два днi спадарожным цягнiком, якi спынiўся на лiнii па просьбе начальнiка раз'езда. Было гэта 5 сакавiка. Буранны Едыгей назаўсёды запомнiў гэты дзень.
Ехалi ў агульным вагоне. Народу рознага тут было поўна, ехалi: з сем'ямi, з хатулямi, на ўсiм ляжала адзнака дарожнага побыту - з сiвушным духам, з бязладнай гаманой, з соўганнем туды-сюды, з картамi аж да ачмурэння, з бабскiмi бясконцымi гамонкамi пра нялёгкае жыццё, пра п'янства мужоў, пра вяселлi, пахаваннi. Людзi ехалi далёка i здалёк. I да ўсяго як не чужыя прыдалiся са сваiм горам i бядой Зарыпа з Едыгеем.
Калi Зарыпа ўстала з месца i пайшла па вагону ў тамбур пастаяць ля акна, нейкая расейская жанчына, што сядзела на лаве каля Едыгея, сказала, зiрнуўшы добрымi, некалi, мусiць, блакiтнымi вачыма:
- Што, сынок, жонка ў цябе хворая?
Едыгей аж здрыгануўся.
- Не жонка, а сястра яна мне, мацi. У больнiцу вязу.
- Ды яно ж... Бачу, што цяжка ёй. Баiцца, мусiць, каб у больнiцы хваробу якую страшную не знайшлi. Эх, жыццё-быццё наша! Не народзiшся, свету не пабачыш, а народзiшся - горам захлынешся. Вось яно як. Ды бог лiтасцiвы, маладая яшчэ, ачуняе, - казала яна, нейкiм невядомым чынам здагадваючыся пра роспач i тугу, што агарнулi Зарыпу ў дарозе яшчэ мацней.
Язды да Кумбеля гадзiны паўтары. Бяскрайнiя саразекi, што мiльгалi за вокнамi, ляжалi яшчэ пад снегам - маўклiвыя i халодныя. Але нейкiя першыя прыкметы таго, што зiма iшла на злом, ужо азначылiся. Чарнелi дзе-нiдзе пралысiны на ўзлобках, праступалi няроўныя закрайкi яроў, мiльгацелi на пагорках плямы сонечнага святла, i адчувалася, што снег паўсюль пачаў асядаць пад вiльготным ветрам, што абудзiўся ў стэпе з надыходам сакавiка. Аднак сонца яшчэ хавалася ў цяжкiх, навiслых над стэпам хмарах. Трывала яшчэ зiма - снег мог павалiць. Мяцелiца магла ўсхапiцца...
Пазiраючы ў акно, Едыгей перакiдваўся словам з ласкавай старой i не спяшаўся гукнуць Зарыпу. Няхай пабудзе адна, можа, так ёй лепш. I зноў, каторы ўжо раз, спрабаваў Едыгей зразумець, растлумачыць сабе, чаму Абуталiп Кутыбаеў памёр, не дачакаўшыся рашэння сваёй справы. I не знаходзiў iншай прычыны, як тугi па дзецях. Яна надарвала яму сэрца. Толькi разлука, цяжар якой не кожнаму дадзена несцi на сабе, толькi гораснае ўсведамленне таго, што сыны, а без iх ён не ўяўляў не тое што жыцця - самога дыхання нават, думка пра сыноў, кiнутых на волю лёсу на нейкiм глухiм раз'ездзе, у бязлюдных, бязводных саразеках, адабрала ў яго жыццё...
Пра тое ж думаў i Едыгей, седзячы на лаўцы ў прыстанцыйным скверыку i чакаючы Зарыпу. Яны дамовiлiся, што ён будзе чакаць яе тут, пакуль яна сходзiць па паперы.
Быў поўдзень ужо, але не распагоджвалася. У нiзкiм воблачным небе так i не пасвятлела. Адтуль нешта сеялася - цi то сняжынкi, цi то вiльгаць асядала на твар. Вецер часам налятаў са стэпу, ён нёс водар вiльгацi i зляжалага снегу. Халаднавата, няўтульна было Едыгею. Звычайна ён любiў пры выпадку пабыць сярод людзей у станцыйнай мiтуснi, асаблiва калi самому не трэба было спяшацца. Затое вiдаць было, як пульсавала жыццё: прыбыў цягнiк - пабольшала людзей, i вось ужо зноў пуставата - пайшоў цягнiк.
Цяпер усё гэта не цiкавiла яго. Ён здзiўляўся, якiя заклапочана-нетутэйшыя аблiччы былi ў людзей; якiя яны, людзi, безуважныя адзiн да аднаго... Дый музыка, што гучала па радыё, наганяла смутак i тугу. Навошта музыка? Хацелася чалавечы голас пачуць... Прайшло мо хвiлiн дваццаць, а то i болей, як Зарыпа прапала ў вакзальнай таўканечы. Едыгей пачаў непакоiцца, i хоць яны цвёрда дамовiлiся, што ён будзе чакаць яе тут, ён рашыў усё ж пайсцi яе пашукаць.
I раптам ён убачыў яе ў дзвярах i ўздрыгнуў мiжволi. Так яна рознiлася ад усiх людзей тутэйшых сваёй сiрочасцю i адзiнотай. Твар яе быў надзiва бледны, а iшла яна, нiбы ў сне, нiбыта нiчога вакол яе не iснавала, iшла, нiбы ў пустынi, напружана трымаючы паставу i строга сцiнаючы вусны. Едыгей устаў насустрач ёй. Мiнулася, можа, цэлая вечнасць, пакуль яна падышла, трымаючы ў руках тую самую паперу ў каляным канверце, i, падышоўшы, сказала, ледзь шавяльнуўшы губамi:
- Ты ведаў?
Ён паволi схiлiў галаву.
Зарыпа апусцiлася на лаўку i, закрыўшы твар рукамi, моцна сцiснула галаву, нiбы баялася застацца з гэтым светам вочы ў вочы. Зарыдала, адзiнокая ў сваiм горы. Яна плакала, сутаргавата сцiнаючыся ў балючы камяк, правальвалася ў нейкiя безданi свайго iснавання, сваёй пакуты, а ён сядзеў побач i гатовы быў, як тады, калi забiралi Абуталiпа, апынуцца цяпер ужо на яе месцы i прыняць на сябе, не задумваючыся, любыя пакуты, каб толькi палягчэла ёй, гэтай жанчыне. Але што ён мог!
I так яны сядзелi на лаўцы прыстанцыйнага скверыка. Зарыпа плакала, сутаргавата ўсхлiпваючы, i ў нейкi момант зласлiва кiнула сабе пад ногi скамечаны канверт з той злашчаснай паперай. Але Едыгей падабраў канверт i паклаў яго сабе ў кiшэню. Потым ён дастаў насоўку i сiлай прымусiў Зарыпу выцерцi слёзы. Але гэта не памагло.
А музыка лiлася па радыё над станцыяй як на тое жаласлiвая, хаўтурная. Сакавiцкае неба было шэрае, яно змрочна навiсала над зямлёй, вецер ускiдваўся парывамi, i так няўтульна было навакол. Прахожыя зiркалi на iх, думалi, вядома, што яны пасварылiся, што мужчына пакрыўдзiў кабету... Але, здаецца, не ўсе так думалi.
- Плачце, добрыя людзi... Плачце, - пачуўся побач прыцiшана-сумны голас. Не стала ў нас роднага бацькi! Як жа мы цяпер будзем?
Едыгей падняў галаву i ўбачыў нейкую жанчыну ў старым шынялi, на мылiцах. Аднае нагi ў яе зусiм не было. Ён яе пазнаў, былую франтавiчку, што працавала ў бiлетнай касе на станцыi. Касiрка плакала i, плачучы, усё прыгаворвала: "Плачце, плачце, што ж цяпер з намi будзе?" I так, плачучы, пайшла далей, звыкла перастаўляючы з тупым перастукам мылiцы пад ненатуральна ўзнятымi плячмi, перацягваючы на два стукi мылiц адзiную нагу, што даношвала стары салдацкi бот...
Сэнс яе слоў не адразу ўцямiў Едыгей, ён зразумеў яго, калi ўбачыў, як адразу вырас натоўп перад уваходам на станцыю. Задраўшы галовы, людзi глядзелi, як некалькi чалавек, прыставiўшы лесвiцу, вывешвалi высока над дзвярамi вайсковы партрэт Сталiна ў чорнай жалобнай аздобе.
Тады зразумеў ён, чаму такая жаласлiвая гучала па радыё музыка. Iншым часам ён, можа, i сам бы пайшоў да людзей, каб дазнацца, што здарылася з тым чалавекам, але цяпер i свайго гора хапала. I ён маўчаў. I Зарыпа была безуважная да ўсяго.
А цягнiкi iшлi, як i належала iм, што б нi адбывалася на свеце. Праз паўгадзiны павiнен быў праходзiць цягнiк дальняга прызначэння пад нумарам семнаццаць. Едыгей сказаў Зарыпе:
- Нам трэба вяртацца, засталося паўгадзiны. Ты павiнна падумаць, казаць дзецям пра смерць бацькi цi не. Сама рашай па дарозе. Пры дзецях ты не павiнна плакаць. Разумееш?
- Добра, я ўсё разумею, - адказала праз слёзы Зарыпа. - I пакуль мы будзем ехаць, я падумаю i скажу, як нам быць. Я зараз, я пастараюся ўзяць сябе ў рукi. Я зараз...
У цягнiку, калi вярталiся, людзей было зноў поўна, ехалi некуды на край свету вялiкай, аж цяжка было яе ўявiць, краiны.
Сэнс яе слоў не адразу ўцямiў Едыгей, ён зразумеў яго, калi ўбачыў, як адразу вырас натоўп перад уваходам на станцыю. Задраўшы галовы, людзi глядзелi, як некалькi чалавек, прыставiўшы лесвiцу, вывешвалi высока над дзвярамi вайсковы партрэт Сталiна ў чорнай жалобнай аздобе.
Тады зразумеў ён, чаму такая жаласлiвая гучала па радыё музыка. Iншым часам ён, можа, i сам бы пайшоў да людзей, каб дазнацца, што здарылася з тым чалавекам, але цяпер i свайго гора хапала. I ён маўчаў. I Зарыпа была безуважная да ўсяго.
А цягнiкi iшлi, як i належала iм, што б нi адбывалася на свеце. Праз паўгадзiны павiнен быў праходзiць цягнiк дальняга прызначэння пад нумарам семнаццаць. Едыгей сказаў Зарыпе:
- Нам трэба вяртацца, засталося паўгадзiны. Ты павiнна падумаць, казаць дзецям пра смерць бацькi цi не. Сама рашай па дарозе. Пры дзецях ты не павiнна плакаць. Разумееш?
- Добра, я ўсё разумею, - адказала праз слёзы Зарыпа. - I пакуль мы будзем ехаць, я падумаю i скажу, як нам быць. Я зараз, я пастараюся ўзяць сябе ў рукi. Я зараз...
У цягнiку, калi вярталiся, людзей было зноў поўна, ехалi некуды на край свету вялiкай, аж цяжка было яе ўявiць, краiны.
Яны трапiлi ў купэйны вагон. Пасажыраў тут было меней, i Едыгей з Зарыпай уладкавалiся ў праходзе ля акна. Зарыпа ўсё глядзела ў тое акно. Можа, абдумвала сваё новае, удоўе жыццё. Было ёй пра што думаць.
Пра Зарыпу думаў i Едыгей, думаў пра тое, што яму цяпер, болей як калi, трэба быць стрыманым i мудрым, каб па-сапраўднаму памагчы Зарыпе. I трэба, каб яна даверылася ягонай мудрасцi i ўпэўненасцi. А пакуль ён не назаляў ёй. Наплакаўшыся, яна сама пачала размову:
- Я не буду пакуль казаць малым... Яны ж так чакаюць бацьку. Асаблiва Эрмек. За яго баюся... Напiшу братам i сёстрам, сваiм i яго. Адгукнуцца, можа, i памогуць выехаць адсюль. А там вiдаць будзе. Мне б толькi дзяцей выгадаваць...
Так разважала яна, а Буранны Едыгей моўчкi слухаў, разумеючы i прымаючы сэнс кожнага яе слова, ведаючы, што гэта толькi малая частка таго, пра што думае яна.
- Бадай ты праўду кажаш, Зарыпа... Трэба пачакаць. А пакуль твае сваякi адгукнуцца, ты не сумнявайся наконт нас. Будзем разам трымацца. Няхай дзецi пакуль гадуюцца разам з нашымi. Сама ведаеш, Укубала любiць iх як сваiх. А там вiдаць будзе.
I яшчэ сказала ў гэтай размове з цяжкiм уздыхам:
- Бо вось як бывае ў гэтай жытцы. Каб не дзецi, Едыгей, не глядзела б я на гэты свет. Навошта мне жыць? Але дзецi, а з iмi i жыццё патрабуюць свайго. Дзецi рана цi позна даведаюцца, i гэта будзе з iмi праз усё жыццё. З гэтым прозвiшчам iм ходу не будзе. Цi здолею я памагчы iм? Бо ён быў для iх усё.
I Едыгей уважлiва слухаў яе. Ён цанiў гэтую яе споведзь i гэты яе давер. Але i ўсведамленне свайго бяссiлля прыгнятала яго.
Яны ўжо наблiжалiся да раз'езда Баранлы-Буранны.
- Ты сабярыся з сiламi, - сказаў Едыгей Зарыпе. - Зараз будзем дома. Значыцца, так парашылi. Дзецям нi слова. А цяпер прыбяры сябе. Iдзi ў тамбур. I не чакай мяне там, а выходзь з вагона. Пачакаеш на станцыi. Я выйду, i мы пойдзем.
- Што ты задумаў?
- Нiчога, гэта справа мая.
Пасажырскi цягнiк нумар семнаццаць нязвыкла рэзка затармазiў на станцыi. Усе ў вагоне спалохана паўскоквалi з месцаў. Пачулiся выкрыкi, свiсткi па ўсiм цягнiку.
- Што здарылася?
- Стоп-кран сарвалi.
- Хто?
- Дзе?
- У купэйным.
Едыгей тым часам адчынiў Зарыпе дзверы, i яна сышла з цягнiка. А сам пачакаў, пакуль у тамбур уварвалiся праваднiк i кандуктар.
- Стой! Хто сарваў стоп-кран?
- Я, - адказаў Буранны Едыгей.
- Ты хто такi? Якое ты меў права?
- Трэба было.
- Чаму трэба было? Ты што, пад суд захацеў?
- Няхай сабе. Запiшыце ў сваiм акце, якi вы ў суд цi куды яшчэ перадасцё. Вось дакументы. Запiшыце, што былы франтавiк, пуцявы рабочы Едыгей Жангельдзiн сарваў стоп-кран i спынiў цягнiк на раз'ездзе Баранлы-Буранны ў знак жалобы ў дзень смерцi таварыша Сталiна.
- Ты што гаворыш? Хiба Сталiн памёр?
- Па радыё аб'яўлялi. Слухаць радыё трэба.
- Ну тады iншая справа, - разгубiлiся тыя i не сталi затрымлiваць Едыгея. - Тады iдзi, калi такая справа.
Праз колькi хвiлiн цягнiк нумар семнаццаць рушыў далей...
I зноў iшлi цягнiкi з усходу на захад i з захаду на ўсход. А па баках ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжалi ўсё тыя ж, адвеку некранутыя пустэльныя пространi - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў.
Касмадрома Сары-Азекi тады яшчэ i ў памiне не было. Магчыма, ён быў хiба ва ўяўленнi будучых творцаў касмiчных палётаў.
А цягнiкi ўсё гэтак жа iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Лета i восень пяцьдзесят трэцяга года былi самымi пакутнымi ў жыццi Бураннага Едыгея. Нi да гэтага, нi пасля нiколi нiякiя снежныя заносы на пуцях, нiякiя саразекскiя спёка i бязводдзе, нiякiя iншыя бядоты i нястачы, i нават вайна, а Едыгей дайшоў да Кёнiгсберга i мог быць тысяч разоў знявечаным цi забiтым, не прынеслi яму столькi пакут, як тыя днi...
Апанас Iванавiч Елiзараў неяк расказваў Бураннаму Едыгею, з якой прычыны бываюць апоўзнi, гэтыя няўмольныя зрухi ў тоўшчы зямной кары, калi абвальваюцца, скрануўшыся з месца, цэлыя схiлы, а то i ўся гара валiцца набок, выварочваючы пароду. I жахаюцца людзi - гэта ж такое бедства жыло побач з iмi!
Нешта падобнае можа адбыцца i з чалавекам, калi застаецца ён адзiн на адзiн са сваiмi неадольнымi супярэчнасцямi i кiдаецца сэрцам i думкай туды i сюды, мiзарнее духам, не адважваючыся прызнацца ў тым нават сябру, бо нiхто на цэлым свеце не ў стане нi дапамагчы, нi зразумець. Пра гэта ён ведае, i гэта страшыць яго. Але тое няўмольнае iдзе, блiзiцца.
Першы раз Едыгей адчуў у сабе такi зрух i выразна ўсвядомiў яго, калi месяцы праз два пасля паездкi з Зарыпай у Кумбель зноў паехаў туды па справах. Ён абяцаў Зарыпе завярнуць на пошту, даведацца, цi ёсць пiсьмы для яе, i калi няма, паслаць тры тэлеграмы па трох адрасах, якiя яна яму дала. Да той пары нi на адно сваё пiсьмо не атрымала яна адказу ад сваякоў. I цяпер яна хацела хоць ведаць, цi атрымалi яны тыя пiсьмы цi не - няхай пацвердзяць гэта. Можа, браты i сёстры не жадалi нават па пошце звязвацца з сям'ёй Абуталiпа.
Едыгей выехаў на сваiм Буранным Каранары ранiчкай, каб дома быць увечары. Канечне, ён мог бы пад'ехаць i цягнiком. Але ён не хацеў гэтага рабiць, шкадуючы Абуталiпавых малых. Абодва яны, i старэйшы, i малодшы, усё гэтак жа дзень пры днi чакалi каля чыгункi бацьку. У iхнiх размовах, гульнях, ва ўсiм немудрагелiстым дзiцячым быццi чаканне бацькi было самым найгалоўным. А памагчы iм тут мог толькi Едыгей, якi ўсё мог i ўсё ведаў.
Едыгей i сам разумеў гэта i таму ўсяляк стараўся, каб малыя меней думалi пра бацьку. Помнячы, што Абуталiп наказваў гаварыць малым пра мора, ён успамiнаў усё новыя i новыя падрабязнасцi свайго дзяцiнства i рыбацкай маладосцi, усялякае рознае пра Аральскае мора. Эрмек быў самым зацiкаўленым слухачом i самым лепшым вытлумачальнiкам ягоных расказаў. Але пра што б нi пачалася размова, ён абавязкова яе паварочваў на бацьку. Едыгей расказваў:
- А на Аральскiм моры ёсць такiя азёры з берагамi, ля якiх расце трыснёг. А ў тым трыснягу хаваюцца паляўнiчыя з ружжамi. I вось качкi ляцяць вясной на Аральскае мора. Зiмой яны жылi на другiх морах, дзе цяплей было, а калi расталi льды на Арале, ляцяць як найхутчэй i днём i ўначы, бо вельмi засумавалi па тутэйшых мясцiнах. Ляцяць яны вялiкай чарадой, хочуць паплаваць у вадзе, пакупацца, пакуляцца, i ўсё нiжэй яны i блiжэй да берага, а тут раптам агонь i дым з-за трыснягу - пах-пах! То страляюць паляўнiчыя. Качкi з крыкам падаюць у ваду. А каторыя залятаюць аж на сярэдзiну мора i кружаць там над хвалямi i крычаць. Бо яны прывыклi плаваць ля берагоў. А да берагоў ляцець баяцца.
- Дзядзька Едыгей, але ж адна качка адразу паляцела назад, туды, адкуль прыляцела.
- А чаму яна туды паляцела?
- Дык мой жа папiка там матросам, ён плавае там на вялiкiм караблi. Ты ж сам казаў, дзядзька Едыгей.
- Ну так, усё правiльна, - успамiнае Едыгей, не цямячы, што да чаго. - Ну i што потым?
- А гэтая качка прыляцела i сказала майму папiку, што паляўнiчыя схавалiся ў трыснягу i стралялi ў iх. I што iм няма дзе жыць!
- Глядзi ты. I праўда!
- А папiка сказаў той качцы, што скора ён прыедзе, што на раз'едзе ў яго два хлопчыкi - Давул i Эрмек, i яшчэ ёсць дзядзька Едыгей. I калi ён прыедзе, мы ўсе збярэмся i пойдзем на Аральскае мора i прагонiм з трыснягоў паляўнiчых, якiя страляюць качак. I зноў качкам будзе добра на Аральскiм моры... Будуць плаваць у вадзе i куляцца вось так, цераз галаву...
Ад расказаў Едыгей пераходзiў на варажбу з каменьчыкамi. Цяпер ён пастаянна насiў пры сабе сорак адзiн каменьчык увелькi з буйную гарошыну. Гэты даўнi спосаб варажбы меў свае сакрэты, свае назвы. Калi Едыгей раскладваў каменьчыкi, прыгаворваючы, каб яны адказвалi без маны i адразу, цi жывы чалавек, iмя якога Абуталiп, дзе ён i цi скора дарога ляжа перад iм, i што на думцы ў яго, i што на душы, малыя засяроджана маўчалi, цiкуючы за тым, як клалiся каменьчыкi. Аднойчы неяк Едыгей неўпрыкмет падышоў да хлапчукоў, якiя гэтак сцiшылiся недзе ў кутку, што не заўважылi яго. Яны цяпер самi варажылi на каменьчыках. Эрмек раскладваў iх як умеў, перад тым кожны каменьчык падносiў да вуснаў i да iлба i кожнаму казаў: