Буранны паўстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 22 стр.


Ужо вечарэла ў шызай пространi халоднага перадзiмовага мора. То паяўляючыся на грабянах хваль, то хаваючыся мiж iмi, лодка iшла да берага. Цяжка iшла, змагаючыся з бурунамi, а мора шумела, ускiпала яшчэ стрымана, паволi разгойдваючыся, набiраючы штармавой моцы. Халодныя пырскi ляцелi ў твар, i рукi на вёслах былi ўжо набрынялыя ад холаду i вiльгацi.

Укубала хадзiла па беразе. Даўно ўжо, ахопленая трывогай, яна выйшла да мора i чакала мужа. Хутка цямнела, шумна i неспакойна бiлiся хвалi. Трывожна было на сэрцы ў Укубалы.

Але вось нешта мiльганулася сярод бурунаў i лодка паказалася на хвалi. Захутаная ў хустку, грузная ад цяжарнасцi, Укубала падышла да самага прыбою i чакала тут, пакуль прычальваў Едыгей. Прыбой вынес моцным штуршком лодку на водмель. Едыгей у адно iмгненне саскочыў у ваду i выцягнуў лодку на бераг, правалок яе яшчэ i па пяску. I калi ён разагнуў спiну, увесь мокры i салёны, Укубала падышла i абняла яго за мокрую шыю пад халодным, залубянелым плашчом.

- Не ведала, што i думаць. Чаму ты так доўга?

- Яна не паяўлялася ўвесь дзень i толькi пад вечар прыплыла.

- Дык ты хадзiў па залатую мекрэ?

- Вядома, i я яе ўгаварыў. Ты можаш паглядзець на яе.

Едыгей дастаў з лодкi цяжкi скураны бурдзюк, поўны вады, развязаў яго, i на бераг плюхнулася разам з вадой залатая мекрй. То была вялiкая рыбiна. Магутная i прыгожая рыбiна. Яна шалёна пачала бiць залатым хвастом, выгiнаючыся, падскокваючы, раскiдаючы наўкол мокрую гальку, i, шырока разяваючы ружовую пашчу, iмкнулася дапластаваць да мора, да прыбою. На нейкi мiг рыбiна раптам зацiхла, iмкнучыся асвойтацца, аглядваючы нерухомымi i чыстымi вачамi той свет, у якiм нечакана апынулася. Але нязвыклае нешта, сляпучае аглушыла яе, задыхацца пачала. I тады яна зноў напружылася, забiлася з новай сiлай, жадаючы патрапiць да вады. Едыгей падняў яе за жабры.

- Падстаўляй рукi, трымай, - сказаў ён Укубале.

Укубала прыняла рыбiну, як дзiця, на абедзьве рукi, i прыклала яе да грудзей.

- Якая яна пруткая! - усклiкнула Укубала, адчуўшы яе спружынiстую сiлу. А цяжкая, як гнёт. I так пахне морам. I прыгожая якая! На, Едыгей, я радая, вельмi радая. Споўнiлася маё жаданне. Адпусцi яе ў мора хутчэй.

Едыгей панёс залатую мекрэ да мора. Увайшоўшы па калена ў шумлiвы прыбой, ён расслабiў рукi. На нейкi кароткi мiг, калi залатая мекрэ падала ў ваду, у густой сiнечы надвячор'я нiбы блiснула зiхоткае сонейка i патухла, - гэта мекрэ ўкручвалася ў ваду сваiм iмклiвым целам...

А вялiзны шторм нахапiўся ўночы. Мора раўло пад кручай. Яшчэ раз пераканаўся Едыгей: не так сабе паяўляюцца на моры тыя хвалi - iйрэк талкуны. Прыслухоўваючыся ноччу да прыбою, успомнiў Едыгей пра запаветную рыбiну. Як яна там цяпер? Але ж на вялiкiх глыбiнях мора, мусiць, спакайнейшае. Прыслухоўваецца там, нябось, як ходзяць хвалi наверсе. Едыгей шчаслiва ўсмiхнуўся пры гэтым i, засынаючы, паклаў руку на жончын бок i пачуў раптам, як нешта тарганулася ў яго пад рукой. То даваў пра сябе знаць ягоны будучы першынец. I таму Едыгей шчаслiва ўсмiхнуўся i спакойна заснуў.

Ведаць бы яму, што не мiнецца i год, як усхопiцца тая вайна, i ўсё пабурыцца ў жыццi, i пойдзе ён ад мора назаўсёды i толькi будзе пра яго ўспамiнаць... Асаблiва калi цяжкiя днi настануць...

Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.

А па баках ад чыгункi тут ляжала вялiкая пустэльная пространь Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў...

У тым страшным для Бураннага Едыгея пяцьдзесят трэцiм годзе i зiма лягла ранняя. Нiколi такога не здаралася ў саразеках. У канцы кастрычнiка ўжо снег пайшоў, халады пачалiся. Добра, што да той пары бульбы паспеў завезцi з Кумбеля i сабе i Зарыпе з дзецьмi. Быццам ведаў - паспяшаўся. Апошнi раз давялося на вярблюдзе ехаць, пабаяўся, што ў таварняку бульба памерзне, пакуль давязеш. А так паехаў на Буранным Каранары, уладкаваў на iх два вялiзныя мяхi па баках, сам жа ўзграмаздзiўся на самы верх памiж мяхамi i паехаў сабе спакойна дахаты. Сядзеў на Каранары, як на слане. Так думалася Едыгею. Датуль нiхто тут нават уяўлення не меў пра верхавых сланоў, пакуль не пракруцiлi на станцыi iндыйскi фiльм. Усе кумбельцы рынулi глядзець невядомую кiнакарцiну пра невядомую краiну. Там паказвалi сланоў, паляванне на тыграў паказвалася са сланамi палявалi. Едыгей тую карцiну таксама паглядзеў. Выходзiлi з кiно, размовы розныя пачалiся, i дзiвiлiся чыгуначнiкi, што недзе на сланах ездзяць. А нехта ўголас сказаў:

- I што вы дзiвiцеся сланам, Едыгееў Каранар чым горш за слана? Нагрузi, дык ён цягне, як слон!

- I праўда! - засмяялiся наўкол.

- Ды што слон! Слон той толькi ў гарачых краiнах жыве. А няхай бы паспрабаваў у нас на саразеках узiмку. Слон твой i капыты адкiне, далёка яму да Каранара!

- Слухай, Едыгей, а чаму табе не згламаздаць такую ж будку на Каранары, як там у Iндыi на сланах? I будзеш сабе ездзiць, як багацей якi!

Едыгей пасмейваўся. Жартавалi з яго, але прыемна было слухаць, як захапляюцца ягоным Каранарам.

Але ж i папакутаваў той зiмой, паперажываў праз гэтага свайго Каранара...

Але гэта здарылася ўжо з надыходам халадоў. А ў той дзень заспеў яго ў дарозе першы снегапад. Сняжок i перад тым браўся сыпацца, але хутка раставаў. А тут i пайшоў, i пайшоў, суцэльным змрокам узялося неба, вецер закруцiў. Густа, цяжка павалiў снег белым вохлап'ем. Не холадна было, але мокра i няўтульна. А галоўнае, не вiдаць нiчога наўкол. Што было рабiць? У саразеках не схаваешся, каб перачакаць непагадзь. Заставалася адно - даверыцца моцы i чуццю Каранара. Ён павiнен прывезцi дадому. Едыгей даў яму поўную волю, а сам падняў каўнер, насунуў на лоб шапку i цярплiва сядзеў, дарэмна стараючыся разгледзець што-небудзь па баках. Густая навiсь снегу, i толькi. Каранар iшоў у той крутаверцi, не прыцiшваючы кроку i, мабыць, разумеючы, што гаспадар яму цяпер не гаспадар, таму во i маўчыць, нiчым не дае знаць пра сябе. Вялiкай моцы павiнен быў быць Каранар, каб так вось, з такiм грузам бегчы праз снегапад. Магутна i горача дыхаў, несучы на сабе гаспадара, i крычаў, роў, як звер, а то i пачынаў выць працяжна, нудна i ўсё iшоў нястомна i бесперапынна скрозь iмклiвы густы снег...

Дзiва што - занадта доўгай падалася Едыгею тая дарога. "Хутчэй бы дабрацца", - думаў ён i ўяўляў сабе, як дома, мабыць, непакояцца, гледзячы на такое надвор'е. Укубала, нябось, трывожыцца, толькi выгляду не падае. Можа, i Зарыпа трывожыцца. Трывожыцца, вядома, але тым больш хавае гэта. Вунь нават на вочы яму трапiць баiцца. А што, спытаць, адбылося? Бо нi словам, нi ўчынкам не даў каму падумаць, што нешта тут ёсць. Усё як заўсёды. Толькi нiбыта яны, апынуўшыся на адной дарозе, азiрнулiся раптам, цi так iдуць? I далей пайшлi. Вось i ўсё. А як яму пры гэтым, гэта ўжо ягоны клопат. Няхай гэта нiкому не балiць. Сам разбярэцца, развяжа вузел, што муляў яму ўсё больш...

Гэта не простыя думкi былi, пакутлiвыя i непраглядныя. Вось i зiма ўжо настала, а ён па-ранейшаму не мог забыць Зарыпу, але не мог нават i ў думках адмовiцца ад Укубалы. На гора сабе яму яны былi патрэбны абедзве, а яны, мусiць, ведаючы пра гэта, не хацелi прыспешваць рашэнне. Вонкава ўсё было як заўсёды. I так прайшло лета, i так мiнула восень, за якою насунулася сiвая, непраглядная зiма.

Сiратлiва i няўтульна адчуваў сябе Едыгей на адзiноце ў гэтым снегападзе. Вецер бiў у твар, бязлюдна было наўкол. Каранар час ад часу торгаў галавой, абтрасаючы снег i будзячы цiшыню рыкам i ўсхлiпамi. I гаспадару рабiлася яшчэ няўтульней. Не ўдавалася яму спынiцца на нейкай пэўнай думцы. Не мог пэўна прызнацца Зарыпе, не мог адрачыся ад Укубалы. I тады ён пачынаў лаяць сябе апошнiмi словамi: "Быдла! Свалата! Сабака! Галава дурная!" - i яшчэ такiм жа парадкам. Але нiчога не памагала... Адзiная радасць, якая чакала яго, былi дзецi.

Думкi пра дзяцей былi ратункам для Едыгея, тут ён прыходзiў да згоды з самiм сабой. Ён уяўляў, як дабярэцца да Баранлы-Бураннага, як выбегуць малыя з дома, пачуўшы, што ён прыехаў, i не загонiш iх назад, хоць снег iдзе, i будуць круцiцца каля ног: "Дзядзька Едыгей прыехаў! На Каранары! Бульбу прывёз!" - i тое, як строга i ўладна загадае ён вярблюду легчы на зямлю i тады, увесь аснежаны, злезе з Каранара, абабiваючы з сябе снег i паспяваючы тым часам пагладзiць малых па галаве, i як потым пачне разгружаць мяшкi з бульбай i паглядваць, цi не паявiцца Зарыпа, калi яна дома, - ён ёй нiчога не скажа асаблiвага, ды i яна не скажа, ён толькi паглядзiць ёй у твар i будзе тым задаволены, каб потым зноў засумаваць, бо такая ўжо яму доля...

Так адольваў ён дарогу ў той завiрушны дзень. Праз усю дарогу не пакiдалi яго сумненнi, роздум. I ўсю дарогу круцiла снег завiруха.

Ад той завiрухi i зiма лягла ў саразеках, ранняя i сiберная ад самага пачатку.

З надыходам халадоў зноў пачаў вар'явацца Каранар, зноў узбунтавалася ў iм неадольная сiла, i ўжо нiхто не мог стрымаць яго.

На трэцi дзець пасля завiрухi ўзняўся марозны вецер i лягла над стэпам iмглiстая халадэча. Далёка i выразна чулiся на марозе рыпучыя крокi, кожны гук, кожны шоргат чулiся надзiва выразна. Цягнiкi былi чутны за шмат кiламетраў. А калi на свiтаннi пачуў Едыгей трубны розгалас Каранаравага рыку ў загоне i тое, як ён таптаўся i расхiстваў загарадзь за домам, зразумеў, якi клопат надарыўся яму. Хутка апрануўся, выйшаў у цемень, паспяшаў да загона i раскрычаўся, калюча рвучы горла марозным паветрам:

Думкi пра дзяцей былi ратункам для Едыгея, тут ён прыходзiў да згоды з самiм сабой. Ён уяўляў, як дабярэцца да Баранлы-Бураннага, як выбегуць малыя з дома, пачуўшы, што ён прыехаў, i не загонiш iх назад, хоць снег iдзе, i будуць круцiцца каля ног: "Дзядзька Едыгей прыехаў! На Каранары! Бульбу прывёз!" - i тое, як строга i ўладна загадае ён вярблюду легчы на зямлю i тады, увесь аснежаны, злезе з Каранара, абабiваючы з сябе снег i паспяваючы тым часам пагладзiць малых па галаве, i як потым пачне разгружаць мяшкi з бульбай i паглядваць, цi не паявiцца Зарыпа, калi яна дома, - ён ёй нiчога не скажа асаблiвага, ды i яна не скажа, ён толькi паглядзiць ёй у твар i будзе тым задаволены, каб потым зноў засумаваць, бо такая ўжо яму доля...

Так адольваў ён дарогу ў той завiрушны дзень. Праз усю дарогу не пакiдалi яго сумненнi, роздум. I ўсю дарогу круцiла снег завiруха.

Ад той завiрухi i зiма лягла ў саразеках, ранняя i сiберная ад самага пачатку.

З надыходам халадоў зноў пачаў вар'явацца Каранар, зноў узбунтавалася ў iм неадольная сiла, i ўжо нiхто не мог стрымаць яго.

На трэцi дзець пасля завiрухi ўзняўся марозны вецер i лягла над стэпам iмглiстая халадэча. Далёка i выразна чулiся на марозе рыпучыя крокi, кожны гук, кожны шоргат чулiся надзiва выразна. Цягнiкi былi чутны за шмат кiламетраў. А калi на свiтаннi пачуў Едыгей трубны розгалас Каранаравага рыку ў загоне i тое, як ён таптаўся i расхiстваў загарадзь за домам, зразумеў, якi клопат надарыўся яму. Хутка апрануўся, выйшаў у цемень, паспяшаў да загона i раскрычаўся, калюча рвучы горла марозным паветрам:

- Ты чаго гэта? Канец свету пачуў? Зноў за сваё? Зноў кроў маю пiць? Змоўкнi! Пашчу закрый, кажу! Нешта ты сёлета занадта рана пачаў!

Але ўсё было дарэмна. Вярблюд i не падумаў лiчыцца з iм. Ён патрабаваў свайго, ён роў, фыркаў, пагрозлiва клацаў зубамi, ламаў загон.

- Учуў, значыцца? - казаў ужо Едыгей з дакорам. - Ну зразумелая справа, табе цяпер трэба бегчы ў статак. Эх-эх! I хто гэта падстроiў вам так, што толькi раз на год здагадваецеся пра тое, чым маглi б займацца ў любы дзень без шуму i роспачы? Бач ты, канец свету!

Усё гэта казаў Едыгей больш сабе, бо добра разумеў сваю бездапаможнасць. Нiчога не заставалася, як адчынiць загон. I не паспеў ён адсунуць цяжэразную, увелькi з чалавекам зашчапку з жэрдак, як, ледзь не збiўшы яго з ног, Каранар рынуўся вонкi i пабег у стэп з ярасным крыкам, шырока раскiдваючы цыбатыя ногi i трасучы тугiмi чорнымi гарбамi. Мiгам прапаў з вачэй, толькi цэлая снежная хмара паднялася за iм.

- Цьфу ты! - плюнуў услед гаспадар i дадаў, злуючыся: - Бяжы, дурань, а то спознiшся!

Едыгею з ранiцы трэба было заступаць на працу. Таму i давялося прымiрыцца з Каранаравым бунтам. Каб ведаў, чым гэта скончыцца, хiба адпусцiў бы яго няхай бы лепш лопнуў ад крыку. Але хто без яго мог справiцца з атанам? Паспадзяваўся, што той ахаладае на волi, супакоiцца, i ўсё будзе добра...

А ў сярэдзiне дня прыйшоў Казангап i сказаў яму, спагадлiва ўсмiхаючыся:

- Ну, бай, дрэнныя твае справы. Толькi што на выпасе быў. Твой Каранар пайшоў, я думаю, у вялiкi паход. Тутэйшых кайманак яму ўжо малавата.

- Ты не жартуй, кажы сур'ёзна.

- Што ж тут несур'ёзнага? Кажу табе, пацягнула яго ў другi статак. Нешта ўчуў, звяруга. Бачу, бяжыць стэпам, аж зямля гудзе. Раве, слюня цячэ. Думаў, растопча, так ён паўз мяне шаснуў на злом галавы. Бач, нашага статка мала. Размах яму трэба. Моцны, гад!

Едыгей узнепакоiўся не на жарт. Уявiў сабе, колькi клопату будзе, колькi непрыемнасцей.

- Ды хопiць табе, супакойся. Знойдуцца i там добрыя атаны, яны яму бой дадуць, вернецца, як пабiты сабака, куды ён дзенецца, - супакоiў яго Казангап.

На другi дзень пачалi паступаць, нiбы паведамленнi з фронту, звесткi пра баявыя дзеяннi Бураннага Каранара. Карцiна вымалёўвалася маласуцяшальная. Варта было спынiцца цягнiку на Баранлы-Буранным, як машынiст, або качагар, або кандуктар расказвалi пра штукарствы Каранара дзе-небудзь у прыстанцыйных вярблюджых гуртах. Расказвалi, што на раз'ездзе Малакумдычап забiў да смерцi двух атанаў i пагнаў перад сабой у стэп чатырох матак, гаспадарам ледзь удалося адбiць iх у Каранара. Давялося з ружжаў страляць у паветра. У другiм месцы Каранар сагнаў з вярблюдзiцы гаспадара, што ехаў верхам. Гаспадар чакаў гадзiны дзве, думаў, што, нацешыўшыся, атан адпусцiць ягоную вярблюдзiцу, якая, дарэчы, не надта прыспешвала расстанне. Калi ж гаспадар пачаў наблiжацца да вярблюдзiцы, каб забраць яе i ехаць дамоў, Каранар кiнуўся на яго раз'юшана i пагнаў у стэп - i затаптаў бы, каб той не паспеў скочыць у нейкую глыбокую вымоiну i затаiцца там, як мыш, нi жывы нi мёртвы. Потым ён ачомаўся i, выйшаўшы ярам як далей ад месца сустрэчы з Каранарам, паспяшаўся дадому шчаслiвы, што жывы застаўся.

Але самае трывожнае паведамленне паступiла ў пiсьмовым выглядзе з раз'езда Ак-Майнак. Вунь куды падаўся, пракляты, аж за станцыю Кумбель! Адтуль прыйшло пiсьмо ад нейкага Каспана. Вось што пiсалася ў гэтай даволi цiкавай нататцы:

"Салем, паважаны Едыгей-ага! Хоць ты i вядомы чалавек у саразеках, але давядзецца табе выслухаць непрыемныя рэчы. Я думаў, што ты гаспадар спраўны, а ты такую волю даў свайму бандыту. Ад цябе мы такога не чакалi. Ён тут у нас учынiў такое! Скалечыў нашых атанаў, а сам адбiў трох лепшых матак i да таго ж завiтаў сюды не адзiн - прыгнаў нейкую вярблюдзiцу асядланую, мабыць, сагнаў з яе гаспадара, iнакш навошта той вярблюдзiцы быць пад сядлом? Адбiў ён гэтак матак, пагнаў у стэп i нiкога блiзка не падпускае - нi чалавека, нi жывёлу. Хiба так можна? Адзiн наш малады атан здох ужо - у яго паламаны рэбры. Я хацеў стрэламi адпудзiць Каранара, забраць нашых матак - не памагло, не баiцца. Гатовы загрызцi каго хочаш, каб толькi не перашкаджалi яму займацца любiмай справай. Ён не жарэ, не п'е, крые гэтых матак без разбору, аж зямля ходарам ходзiць. Брыдка глядзець, як ён гэта робiць. I раве на ўвесь стэп, нiбы канец свету настаў. Страшна чуць! Я такой ненажэры ў жыццi не бачыў. У нашым пасёлку ўсе ўстрывожаны. Жанчыны i дзецi баяцца адысцiся ад дому. А таму i патрабую, каб ты, не марудзячы, прыбыў сюды i забраў свайго Каранара. Даю тэрмiн. Калi праз дзень не з'явiшся i не пазбавiш нас ад гэтага нашэсця, дык не сярдуй, дарагi ага. Ружжо ў мяне буйнакалiбернае. Такiмi кулямi мядзведзя павалiць можна. Стрэлю яму ў дурную ягоную галаву пры сведках - i справе канец. А шкуру прышлю з аказiяй. Не пагляджу, што Буранны Каранар. А слова маё цвёрдае. Прыязджай, пакуль не позна.

Твой ак-майнакскi зямляк Каспан".

Вось такое закруцiлася. Пiсьмо хоць i дзiвак напiсаў, але папярэджанне ў iм сур'ёзнае. Параiлiся яны з Казангапам i рашылi, што Едыгею давядзецца неадкладна выпраўляцца на раз'езд Ак-Майнак.

Сказаць проста, зрабiць не так лёгка. Трэба было дабрацца да Ак-Майнака, злавiць Каранара ў стэпе ды вярнуцца назад у такую халадэчу, калi завiруха магла ўсчацца ў любы момант. Але хто ведае, як далёка зайшоў у стэп Каранар са сваiм гарэмам. Мяркуючы па лiсту, ак-майнакцы былi так раззлаваны, што маглi не даць ездавога вярблюда, ганяйся тады пешкi за Каранарам.

Ранiцай Едыгей рушыў у дарогу. Укубала нарыхтавала яму яды на дарогу. Апрануўся ён як мае быць. Уповерх ватных штаноў i целагрэйкi надзеў кажух, на ногi валёнкi, на галаву лiсiны малахай, такi, што нi з бакоў, нi ззаду вецер не праб'е, на рукi цёплыя аўчынныя рукавiцы. А калi сядлаў вярблюдзiцу, на якой збiраўся ехаць, прыбеглi Абуталiпавы малыя. Давул прынёс яму вязаны ўручную шарф.

- Дзядзька Едыгей, мама баiцца, каб у цябе шыя не застыла.

- Шыя? Лепей скажы, горла.

Едыгей так расчулiўся, што пачаў абдымаць, цалаваць малых, галава кругам пайшла. Радасць была на душы, як у таго дзiця.

- Скажыце маме, што я скора вярнуся, можа, заўтра яшчэ буду. Нi на хвiлiну не затрымаюся. А потым мы разам збярэмся i будзем пiць чай.

Як хацелася Едыгею найхутчэй дабрацца да таго Ак-Майнака i вярнуцца назад, каб убачыць Зарыпу, зазiрнуць ёй у вочы i ўпэўнiцца, што не выпадкова патрапiў да яго той шарфiк, якi ён беражлiва згарнуў i паклаў сабе ў кiшэню пiнжака, блiжэй да сэрца. Выехаўшы, ён ледзь стрываў, каб не павярнуць назад - бог з iм, гэтым шалёным Каранарам, няхай страляе яго нейкi Каспан, няхай прысылае ягоную шкуру. Няхай! Так i трэба Каранару, колькi можна цярпець ягоныя штукарствы! Было, было такое парыванне! Але збаяўся. Зразумеў, што дурань дурнем будзе выглядаць у вачах людскiх, кiм ён паўстане перад Укубалай, ды i Зарыпай? I паастыў. Зразумеў, што толькi адзiн у яго спосаб збiць нецярплiвасць - хутчэй дабрацца i хутчэй вярнуцца.

З тым ён i ехаў. Марозна было. Вецер дыхаў роўна i сiберна. На ветры лiсiны малахай браўся пушыстай куржой. I гэткай жа белай была шыя вярблюдзiцы. На зiму, бач, бярэцца. Затуманiлася далеч. Зблiзу нiбы няма таго туману, а глянеш далей - сiвее далягляд.

Маладая, але ходкая вярблюдзiца iшла нiштавата сабе, бадзёра бэрсала нагамi цалiк. Але для Едыгея гэта была не тая язда, не тая хуткасць. Каб на Каранары - не так ехаў бы. У таго дыханне куды мацней, ды i мах не параўнаць. Нездарма казалi яшчэ некалi:

Назад Дальше