Буранны паўстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 24 стр.


I плыла Зямля на кругах сваiх, абмытая вясновымi вятрамi. Плыла каля Сонца, круцячыся, i, нарэшце, павярнулася такiм бокам, што настала ранiца над саразекамi, i тады ўбачыў раптам Буранны Каранар, як паявiлiся непадалёк два чалавекi верхам на вярблюдзiцы. То былi Едыгей i Каспан. Каспан узяў з сабой ружжо.

Раз'ятрыўся Буранны Каранар, задрыжаў, закрычаў, закiпеў ад гневу - як маглi людзi ступiць ва ўладаннi ягоныя, як маглi наблiзiцца да ягонага гурту, якое мелi права парушыць ягоны гон? Каранар закрычаў зычным пагрозлiвым голасам i, торгаючы галавой на доўгай шыi, заклацаў зубамi, як дракон, i разявiў страшную клыкастую пашчу. I пара валiла, як дым, з ягонага гарачага рота i тут жа асядала шэранню на касмылях грывы. Ад узбуджанасцi Каранар пачаў мачыцца, стаў раскiрэкаю i пусцiў струмень процi ветру, i тады ў паветры востра запахла мачой, i ледзяныя кроплi трапiлi на Едыгееў твар.

Едыгей саскочыў на зямлю, скiнуў шубу на снег i так - у ватоўцы i ватных штанах - раскруцiў бiч з пугаўя, якое трымаў у руках.

- Ты глядзi, Едыке, калi што, я яго звалю, - сказаў Каспан, узнiмаючы ружжо.

- Не, нi ў якiм выпадку. За мяне не турбуйся. Я гаспадар, я сам адказваю... Калi на цябе нападзе, тады страляй...

- Добра, - згадзiўся Каспан, застаючыся верхам на вярблюдзiцы.

Едыгей, стрэльнуўшы бiчом, пайшоў насустрач свайму Каранару. Каранар жа, убачыўшы, як ён наблiжаецца, яшчэ больш раз'ятрыўся i патрухаў, крычучы i пырскаючы слiнай, насустрач Едыгею. Тым часам маткi ўсталi з лежбiшча i таксама неспакойна забегалi кругом.

Ляскаючы бiчом, Едыгей iшоў па снезе i гукаў здаля Каранара, спадзеючыся, што той пазнае ягоны голас.

- Эй, эй, Каранар! Не будзь дурнем! Чуеш, кажу! Гэта я! Ты што, аслеп? Гэта я, кажу!

Але Каранар не зважаў на ягоны голас, i Едыгею стала вусцiшна, калi ўбачыў пагрозлiвы, з-пад касмылёў, зiрк вярблюда i тое, як ён насоўваўся на яго ўсёй сваёй чорнай аграмадай, чорным гломаздам. I тады, як шчыльней насунуўшы на лоб малахай, Едыгей крутнуў бiчом. Бiч быў доўгi, метраў сем, плецены з цяжкой, прасмоленай скуры. Вярблюд крычаў, наступаў на Едыгея, стараючыся ўхапiць яго зубамi цi павалiць на зямлю i растаптаць, але Едыгей не падпускаў яго да сябе i паласаваў бiчом з усяе сiлы, адступаў i наступаў i ўсё крычаў яму, каб той апомнiўся i прызнаў гаспадара. Так бушавалi яны кожны сам па сабе, i кожны быў пры сваёй праўдзе. Аднаго толькi баяўся Едыгей: каб не выбiць Каранару вочы. Настырнасць Едыгеева змагла, нарэшце, Каранараву волю. Ляскаючы бiчом, крычучы, Едыгею ўдалося наблiзiцца да вярблюда, кiнуцца да яго, схапiцца за верхнюю губу са страшнай сiлай i тут жа налажыць на яе прыгатаваную ўжо закрутку. Каранар замычэў, застагнаў ад нясцерпнага болю, i ў яго спалоханых, вырачаных ад страху i болю вачах Едыгей убачыў выразны свой адбiтак i схамянуўся быў ад раптоўнага страху. Яму захацелася кiнуць усё i бегчы прэч, але ён тут жа адумаўся: яго чакалi ў Баранлы-Буранным, i нельга было вяртацца без Каранара. I ён перабораў сябе. Пераможна ўскрыкнуў i пачаў пагражаць вярблюду, прымушаючы яго легчы на зямлю. Трэба было яго асядлаць. Буранны Каранар усё яшчэ не паддаваўся, стагнаў i крычаў, дыхаючы на гаспадара горача i хрыпла, але гаспадар не шкадаваў яго. Ён прымусiў вярблюда скарыцца.

- Каспан, кiнь сюды сядло i адганi гэтых вярблюдзiц як далей, за сопку, каб ён iх не бачыў! - крыкнуў Едыгей Каспану.

Той адразу скiнуў сядло з верхавой вярблюдзiцы, а сам пабег адганяць Каранараў статак. Тым часам усё было скончана.

Едыгей хутка ўсклаў сядло на Каранара i, калi прыбег Каспан i прынёс Едыгею кiнуты кажух, апрануўся i, не марудзячы, сеў верхам на асядланага i пацiшэлага Каранара.

Раз'ятраны вярблюд яшчэ рабiў спробу вярнуцца да адлучаных ад яго матак, хацеў нават, закiдваючы галаву набок, дастаць зубамi гаспадара. Але Едыгей ведаў сваю справу. I нягледзячы на рык i на зласлiвыя стогны, на раздражнёную жальбу некаму i на некага, Едыгей настойлiва гнаў Каранара снежным стэпам i ўсё стараўся даць яму рады.

- Перастань! Хопiць! - казаў ён яму. - Змоўкнi! Усё адно назад не вернешся, дурная твая галава! Думаеш, я табе зла хачу? Ды каб не я, застрэлiлi б цябе, як шалёнага звера. I справядлiва. Бо ты ашалеў! Матак табе сваiх мала. Дабярэмся дамоў - на ланцуг пасаджу!

Гразiўся Едыгей найбольш дзеля таго, можа, каб апраўдацца перад сабой. Бо сiлай забiраў Каранара ад ак-майнакскiх вярблюдзiц. I гэта было, калi на тое, несправядлiва. Але ж каб не Каранараў нораў!

Праз нейкi час Каранар пагадзiўся з тым, што зноў адчуў на сабе сядло, i з тым, што зноў прызнаў гаспадараву ўладу. Крычаў ужо меней, раўнейшай рабiлася яго хада, а потым перайшоў на трот, стрыгучы нагамi саразекскiя адлегласцi. I Едыгей супакоiўся, усеўся як зручней памiж гарбамi, захiнуўся ад ветру, падцiснуў ямчэй малахай i цяпер з нецярплiвасцю чакаў, калi будуць баранлiнскiя мясцiны.

Але было яшчэ даволi далёка да дому. Дзень выдаўся нiчога сабе. Трохi ветраны, трохi хмарны. Завiрухi ў блiжэйшы час не павiнна было быць, хоць не пра ноч тое сказана. Буранны Едыгей вяртаўся задаволены, што ўдалося ўтаймаваць Каранара, а яшчэ i вечар у Каспара ўспамiнаўся i спевы Эрлепесавы.

I Едыгей мiжволi вярнуўся думкай да няўдалага свайго жыцця. Што ж гэта такое! Як зрабiць, каб нiхто не пацярпеў i каб боль сваю не таiць, а сказаць адразу - так i так, маўляў, Зарыпа, люблю цябе. I калi Абуталiпавым дзецям не будзе ходу з прозвiшчам бацькi, дык няхай толькi захоча, запiшам гэтых малых на яго, Едыгеева, прозвiшча. Ён будзе толькi шчаслiвы, калi ягонае прозвiшча прыйдзецца на добрае Давулу i Эрмеку. I няхай iм будзе бесклапотна ў жыццi. Поспех няхай прыйдзе да iх, упэўненасць i ўменне. Хiба шкада дзеля гэтага прозвiшча аддаць? I такiя вось думкi круцiлiся ў Едыгеевай галаве.

Дзень ужо хiлiўся на вечар. Нястомны Каранар, як яму нi мулiла, рахмана iшоў пад ездаком. Вось наперадзе азначылiся баранлiнскiя лагi, вось знаёмыя яры, замеценыя снегам, вось узгоркi - i наперадзе, на выгiнастай падкове чыгункi вунь ён, ягоны раз'езд. Дым паўзе над комiнамi. Як там родныя ягоныя сем'i? Адлучыўся на дзень, а трывога такая, быццам цэлы год тут не быў. I засумаваў-такi, асаблiва па малых. Убачыўшы наперадзе селiшча, Каранар прыспешыў хаду. Пакуль Едыгей наблiжаўся да дому, на раз'ездзе паспелi сустрэцца i размiнуцца два таварнякi. Адзiн пайшоў на захад, другi на ўсход...

Едыгей быў ужо на двары, спяшаўся надзець ланцуг на пярэднюю нагу вярблюда. Хутчэй пайшоў ад яго. "Няхай ахалодае, рассядлаю пасля". Ён ужо выходзiў з загона, як насустрач - старэйшая дачка. Едыгей абняў яе, пацалаваў.

- Замерзнеш, - сказаў ён ёй. Яна была лёгка апранутая. - Бяжы дамоў. Я зараз.

- Тата, - сказала Саўле, лашчылася да яго, - а Давула i Эрмека няма.

- Як няма?

- Паехалi. Назусiм. З мацi. Селi на цягнiк i паехалi.

- Калi паехалi? - усё яшчэ не разумеючы, пра што гаворка, перапытаў ён, гледзячы ў даччыны вочы.

- Ды сёння ранiцай яшчэ.

- Вось як! - дрыготкiм голасам азваўся Едыгей. - Ну ты бяжы дадому, бяжы, - адпусцiў ён дзяўчынку. - А я потым, потым... Iдзi, я зараз...

Саўле пабегла. А Едыгей, нават не зачынiўшы за сабой лаз у загоне, пакiраваў проста да барака. Iшоў i не верыў. Малая магла што-небудзь наблытаць. Не павiнна быць такога. Але на ганку было шмат слядоў. Едыгей з усяе моцы таргануў дзверы i, пераступiўшы парог, убачыў пустэльны пакой - тут не было нiкога. Нi дзяцей, нi Зарыпы!

- Як жа так? - прашаптаў Едыгей у пустату, усё яшчэ не жадаючы зразумець да канца, што адбылося. - Значыць, нiкога. Нiкога? - сказаў ён здзiўлена i пужлiва, хаця i вiдно было, што людзi пакiнулi гэтае жытло.

I яму стала не па сабе, так блага, як нiколi за ўсё пражытае жыццё. Ён стаяў у кажусе пасярод пакоя, ля халоднай печы, не разумеючы, што рабiць, як быць далей, як задушыць у сабе боль i страту. На падваконнi ляжалi каменьчыкi, забытыя Эрмекам. Едыгей згроб каменьчыкi ў жменю, зацiснуў iх у далонi, - вось i ўсё, што засталося. Сiлы пакiдалi яго, ён адвярнуўся да сцяны, прыцiснуўся гарачым тварам да халодных дошак i зарыдаў сутаргава i няўцешна. I пакуль ён плакаў, з рукi яго падалi на падлогу каменьчыкi, падалi на падлогу з глухiм стукатам адзiн за адным, падалi i кацiлiся хто ў якi кут...

Потым ён абярнуўся, але раптам пачаў асядаць, спаўзаць долу, затрымаўся на кукiшках i сядзеў так, падпёршы спiной сцяну i ўсхлiпваючы... Дастаў з кiшэнi шалiк, падораны нядаўна Зарыпай, i выцiраў iм слёзы...

Так сядзеў ён у пакiнутым бараку i стараўся зразумець, што адбылося. Значыцца, Зарыпа паехала з дзецьмi ў яго адсутнасць назнарок. Значыць, яна баялася, што ён не адпусцiць iх. Ды ён i не адпусцiў бы iх нi ў якiм выпадку, нiзавошта. Чым бы гэта нi скончылася, не адпусцiў бы. Але цяпер было позна меркаваць, як i што было б, каб ён быў тут. Не было Зарыпы! Не было малых! Ды хiба ж ён разлучыўся б з iмi! Гэта ўсё Зарыпа, рашыла, што лепш паехаць у яго адсутнасць. Аблягчыла сабе ад'езд, не падумала пра яго, пра тое, як страшна будзе яму застаць апусцелы барак.

I нехта ж спынiў для яе цягнiк на раз'ездзе! Нехта! Ды вядома хто Казангап, хто ж яшчэ! Толькi ён не зрываў, вядома, кран, як Едыгей у дзень смерцi Сталiна, а дамовiўся, упрасiў начальнiка раз'езда спынiць якi-небудзь пасажырскi цягнiк. Гэты можа... I Укубала, мусiць, памагла, каб хутчэй ехалi адсюль! Ну чакайце! I помста закiпела ў ягоных грудзях - хацелася як найхутчэй сабрацца з сiламi i скрышыць усё на гэтым праклятым богам раз'ездзе, разнесцi ўшчэнт, каб аскепка не засталося! Сесцi на Каранара i падацца ў саразекi, здохнуць там ад адзiноты i сцюжы! Так ён сядзеў на пакiнутым месцы знясiлены, спустошаны, утрапёны ўбачаным. "Навошта яна паехала? Куды паехала? Навошта, куды?"

I нехта ж спынiў для яе цягнiк на раз'ездзе! Нехта! Ды вядома хто Казангап, хто ж яшчэ! Толькi ён не зрываў, вядома, кран, як Едыгей у дзень смерцi Сталiна, а дамовiўся, упрасiў начальнiка раз'езда спынiць якi-небудзь пасажырскi цягнiк. Гэты можа... I Укубала, мусiць, памагла, каб хутчэй ехалi адсюль! Ну чакайце! I помста закiпела ў ягоных грудзях - хацелася як найхутчэй сабрацца з сiламi i скрышыць усё на гэтым праклятым богам раз'ездзе, разнесцi ўшчэнт, каб аскепка не засталося! Сесцi на Каранара i падацца ў саразекi, здохнуць там ад адзiноты i сцюжы! Так ён сядзеў на пакiнутым месцы знясiлены, спустошаны, утрапёны ўбачаным. "Навошта яна паехала? Куды паехала? Навошта, куды?"

Потым ён заявiўся дадому. Укубала моўчкi ўзяла кажух, шапку, валёнкi аднесла ў кут. Па застылым, як камень, шэрым твары Бураннага Едыгея цяжка было пазнаць, пра што ён думае i што будзе рабiць. Вочы ягоныя здавалiся невiдушчымi. Яны нiчога не выказвалi, затаiлi ў сабе нейкi нечалавечы высiлак. Укубала ўжо колькi разоў у чаканнi мужа ставiла самавар. Самавар кiпеў, яму хапала вугалю.

- Чай гарачы, - сказала жонка. - Кiпiць. - Астыне чай, - паўтарыла жонка.

Едыгей моўчкi глянуў на яе i пачаў хлябаць кiпень. Ён не адчуваў гарачынi.

- Зарыпа паехала адсюль з дзецьмi, - сказала нарэшце Укубала.

- Ведаю, - не ўзнiмаючы галавы ад кiпеню, коратка буркнуў Едыгей. I, памаўчаўшы, спытаў, не ўзнiмаючы галавы ад пiялы: - Куды паехала?

- Пра гэта яна не сказала, - быў адказ Укубалы.

На тым яны змоўклi. Едыгей цяпер думаў толькi пра адно: толькi б стрываць, толькi б не раскiдаць тут усё, не разбудзiць дзяцей, толькi б не нарабiць бяды...

Скончыўшы пiць чай, ён зноў пачаў збiрацца на вулiцу. Зноў надзеў валёнкi, кажух, шапку.

- Ты куды? - спытала жонка.

- Жывёлу паглядзець, - буркнуў ён каля дзвярэй.

Кароткi зiмовы дзень паспеў тым часам скончыцца. Увачавiдкi цямнела, гусцела паветра наўкол. I мароз прыкметна залягаў, пазёмка бралася, ускiдваючыся пакручастымi грывамi. Едыгей пахмура iшоў да загона. I, увайшоўшы, злосна кiнуў вокам, прыкрыкнуў на неспакойнага Каранара:

- Ты ўсё не ўтаймуешся! Спачыну табе няма! Ну дык ты ў мяне, свалата, дачакаешся! Размова будзе кароткая! Цяпер ты атрымаеш сваё!

Едыгей злосна выцяў Каранара ў бок, пачаў брыдка лаяцца, рассядлаў, адкiнуў прэч сядло i зняў з нагi ланцуг. Затым ён узяў Каранара за повад, у другой руцэ зацiснуў бiч, накручаны на пугаўё, i павёў у стэп на павадзе жывёлiну, што ўраз адчула роспач i тугу - завыла, застагнала. Колькi разоў гаспадар азiраўся, пагрозлiва замахваўся, тузаў за повад Каранара, каб той перастаў стагнаць i выць, але было тое дарэмна - ён плюнуў i, не звяртаючы нi на што ўвагi, iшоў панура глыбокiм снегам, пазёмкай - у поле, што захiналася паволi смугой. Ён цяжка дыхаў, але iшоў безупынку. Доўга iшоў, апусцiўшы змрочна галаву. Адышоўшы далёка за пагорак, ён прытрымаў Каранара i даў яму добрага пытлю. Скiнуўшы на снег кажух, ён прывязаў повад да рэменя ад ватоўкi, каб вярблюд не вырваўся i не збег i каб мець рукi свабоднымi, i, узяўшы ў абедзве рукi пугаўё, пачаў лупцаваць бiчом атана з усяе моцы, нiбы помсцячы яму за сваю бяду. Ярасна, бязлiтасна бiў ён Бураннага Каранара, удар за ўдарам, хрыпуча, маячыся i праклiнаючы:

- На табе! На! Ваўкарэзiна! Гэта ўсё праз цябе! Гэта ты ва ўсiм вiнаваты! I цяпер я цябе адпушчу, бяжы куды вочы глядзяць, але перш я цябе скалечу! На табе, на табе! Ненажэра! Табе ўсё мала. Табе б адбiцца ад рук, ад гаспадара. А яна тым часам паехала! I нiкому з вас няма справы, што рабiць цяпер мне! Як мне цяпер жыць на свеце? Як мне жыць без яе? Калi вам усё адно, дык i мне ўсё адно - вось табе! Вось табе, сабака!

Каранар крычаў, iрваўся пад ударамi бiча, i, ашалеўшы ад страху i болю, збiў гаспадара з ног, i пабег, пацягнуў яго за сабой. Ён валок гаспадара з няўцямнай, страшэннай сiлай, валок як бервяно, толькi б пазбавiцца ад яго.

- Стой, стой! - ускрыкваў Едыгей, захлiпаючыся.

Шапка зляцела, галава ўзрывала снегавыя гурбы, снег сыпаўся за шыю, за пазуху, у руках блытаўся бiч, i нiчога нельга было зрабiць, каб неяк спынiць атана, адвязаць повад ад рэменя на поясе. А той валок яго роспачна, безразважна, бачачы ва ўцёках паратунак. Хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, каб Едыгею не ўдалося нейкiм цудам разблытаць рэмень, сарваць спражку i тым выратавацца, бо iнакш затохся б ён у гурбах. Калi ён ужо схапiўся за повад, вярблюд правалок яго яшчэ колькi метраў i стаў. Гаспадар трымаў яго з усiх сiл.

- Ах ты, - аддыхваючыся, мармытаў Едыгей. - Дык ты так? Ну дык вось табе, скацiна! I прэч, прэч з вачэй маiх! Бяжы, пракляты, каб нiколi больш не бачыць цябе! Няхай цябе застрэляць, як шалёнага сабаку! Усё праз цябе! Здыхай у стэпе. I каб духу твайго блiзка не было! - Каранар адбягаўся з крыкам у ак-майнакскi бок, а Едыгей даганяў яго, бiў бiчом, падганяў, адракаючыся ад яго i праклiнаючы. Надышоў час расплаты i разлукi. I таму Едыгей доўга яшчэ крычаў услед:

- Прападай, згiнь, чортава жывёлiна! Бяжы! Здыхай там, ненажэра! Каб табе кулю ў лоб пусцiлi!

Каранар бег усё далей прыцемненым стэпам i хутка прапаў у завiрушнай iмгле, толькi чулiся зрэдзь ягоныя трубныя воклiчы. Едыгей уяўляў сабе, як усю ноч навылёт, без аддыху, будзе бегчы ён скрозь завiруху туды, да ак-майнакскiх матак.

- Цьфу! - плюнуў Едыгей i павярнуў назад шырокiм, пакiнутым ягоным целам следам. Без шапкi, без кажуха, з гарачым тварам, брыў ён у цеменi, валочачы бiч, i раптам адчуў жудкае спусташэнне, знямогу. Ён упаў на каленi ў снег i, сагнуўшыся ў тры пагiбелi, закрычаў, зарыдаў глуха i роспачна. Потым сцiх, слухаючы адзiноту саразекаў i - сваю. Ён чуў, - сунецца вецер па стэпе, лёгка пасвiстваючы, выклiкае, наклiкае снег. Кожная сняжынка, мiльён сняжынак, нячутна шэпчучы, здавалася яму, казалi адно: што не адолець яму цяжар разлукi, што няма сэнсу жыць без каханай жанчыны i без тых малых, да якiх ён прыкiпеў душой, як не кожны бацька. I яму захацелася памерцi тут, каб занесла яго тут жа снегам.

- Няма бога! Нiчога ён не разумее ў жыццi. Дык чаго ж чакаць ад iншых? Няма бога, няма яго! - сказаў ён сам сабе асуджана ў той гораснай адзiноце сярод начных саразекаў. Да гэтай пары ён нiколi не казаў услых такiх слоў...

I плыла Зямля па кругах сваiх, вясновыя вятры абмывалi яе. Плыло наўкруг Сонца i, круцячыся вакол асi сваёй, несла на сабе тым часам чалавека, якi ўкленчыў на снезе, пасярод снегавой пустынi. Нi кароль, нi iмператар, нi якi другi валадар не паў бы на каленi перад белым светам, смуткуючы пра страту дзяржавы i ўлады, як тое зрабiў Буранны Ёдыгей у дзень разлукi з любай жанчынай... I плыла Зямля...

Днi праз тры Казангап спынiў Едыгея ля склада, дзе яны атрымлiвалi кастылi i падушкi: пад рэйкi для рамонта.

- Нешта ты нелюдзiмы стаў, Едыгей, - сказаў ён нiбы так сабе. - Ты пазбягаеш мяне, старонiшся нечага, усё нiяк нам не пагаварыць.

Едыгей зласлiва зiрнуў на Казангапа.

- Калi мы пачнем гаварыць, дык я цябе прыдушу на месцы. I ты гэта ведаеш!

- А я i не сумняваюся, ды толькi чаму ты гнеўны такi?

- Гэта вы прымусiлi яе паехаць! - сказаў жорстка Едыгей, сказаў пра тое, што не давала яму спакою ўсе гэтыя днi.

- Ну ведаеш... Калi табе такое прыйшло ў галаву, значыць, ты дрэнна думаеш не толькi пра нас, але i пра яе. Скажы дзякуй, што ў яе болей розуму, чым у цябе. Ты думаў калi-небудзь, чым бы гэта магло скончыцца? Не? А яна падумала i рашыла паехаць, пакуль не позна. I я дапамог ёй, калi яна папрасiла мяне. I не стаў дапытвацца, куды рушыла яна з дзецьмi, i яна не сказала. Зразумеў? Паехала, без шкоды для свайго гонару i гонару Укубалы. I яны развiталiся як людзi. Ды ты пакланiся iм абедзвюм, што збераглi яны цябе ад бяды немiнучай. Такой жонкi, як Укубала, табе нiдзе не знайсцi. Другая табе такое зрабiла б, што ты бег бы на край свету, як твой Каранар...

Маўчаў Едыгей - што было адказваць? Казангап казаў бадай што праўду. Толькi ж не разумеў Казангап таго, што было яму недаступным. I Едыгей сказаў груба:

- Досыць! Паслухаў я цябе, разумнiк! Што ты разумееш ва ўсiм гэтым! Бывай! - I пайшоў, не стаў болей гаварыць.

- Ну глядзi, справа твая, - пачуў за сабой.

Пасля гэтай размовы падумаў Едыгей пакiнуць апрыклы яму раз'езд. Усур'ёз задумаў, бо не знаходзiў супакаення, не знаходзiў у сабе сiлы забыць, не мог прагнаць скруху. Без Зарыпы, без яе малых усё паблекла наўкол, апусцела, знебылося. I тады, каб пазбавiцца ад знелюбелых саразекаў, надумаў Едыгей падаць заяву аб звальненнi i паехаць з сям'ёй куды вочы глядзяць. Толькi б тут не заставацца. Ды i чаму ён павiнен векаваць у саразеках? За якiя грахi? Не, хопiць, вернецца на Арал або рушыць у Караганду, у Алма-Ату - ды цi мала мясцiн на свеце! Работнiк ён добры, сiла ёсць, галава пакуль на плячах. Меркаваў Едыгей, як падступiцца з гэтай размовай да Укубалы. I пакуль ён збiраўся, выбiраў зручны момант для размовы, прайшоў тыдзень, i аб'явiўся раптам Буранны Каранар, выгнаны гаспадаром на вольную жытку.

Звярнуў увагу Едыгей на тое, што сабака нешта ўсё брэша за домам, непакоiцца, - пабяжыць, пабрэша i зноў вернецца. Едыгей выйшаў паглядзець i ўбачыў непадалёк ад загона незнаёмую жывёлiну - вярблюд, але дзiўны нейкi, стаiць i не зварухнецца. Едыгей падышоў блiжэй i толькi тады пазнаў свайго Каранара.

Назад Дальше