Буранны паўстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 29 стр.


Доўгi Эдыльбай глянуў туды, куды паказваў Едыгей.

- Цi праедзе твой экскаватар? - спытаў Жумагалi.

- Ды праедзе, чаму ж не!

- А я кажу, хопiць здзекавацца! Паехалi на раз'езд! - закрычаў Сабiтжан.

- Якi над табой здзек? Гэта ж здзек будзе, калi нябожчыка прывязем назад, - сказаў яму Жумагалi. - Ты сам падумай.

Усе змоўклi.

- Вось што, вы як хочаце, - сказаў Жумагалi, - а я паеду магiлу капаць. Трэба выкапаць яму як глыбей. Пакуль яшчэ час ёсць. Да цемнаты.

I Жумагалi, завёўшы экскаватар, вырулiў на абочыну i пакiраваў на пагорак, а адтуль - на строму. Туды ж пайшоў i Доўгi Эдыльбай, за iм - на Каранары Буранны Едыгей.

Каршун раптам убачыў, як людзi заварушылiся на строме. Адна з машын пачала торгацца, выграбаючы зямлю i складваючы яе горбай каля сябе, як суслiк ля нары. Тым часам ззаду падпаўзаў трактар з прычэпам. У iм усё гэтак жа сядзеў чалавек каля нечага, загорнутага ў белае.

Каршун зразумеў, што гэтыя прышлыя доўга будуць заставацца на строме, капаючыся ў зямлi. Яму нiчога не заставалася, як зрабiць у небе круг, кiруючыся блiжэй да забароннай зоны, каб пацiкавiцца, што робiцца там, дзе быў касмадром.

А там ужо другiя суткi iшла бесперапынная работа. Удзень i ўночы. Увесь гэты раёй ноччу быў ярка асветлены сотнямi магутных пражэктараў. Было святлей, чым удзень. Дзесяткi цяжкiх i лёгкiх спецыяльных машын, а таксама людзей: вучоных i iнжынераў рыхтавалi аперацыю "Абруч".

Антыспадарожнiкi, прызначаныя для знiшчэння лятальных апаратаў у космасе, стаялi, гатовыя да пад'ёму, на асобай пляцоўцы касмадрома. Паводле ўзгаднення ОСВ-7 яны былi замарожаны да асобнай дамоўленасцi, гэтак жа, як падобныя сродкi з амерыканскага боку. Цяпер яны знаходзiлi сабе новае прымяненне ў сувязi з экстраннай праграмай па ажыццяўленню транскасмiчнай аперацыi "Абруч". Такiя ж ракеты-робаты рыхтавалiся да сiнхроннага запуску паводле аперацыi "Абруч" i на амерыканскiм касмадроме Невада.

Час старту ў саразенскiх шыротах прыпадаў на восем гадзiн вечара. Роўна ў восем нуль-нуль ракеты павiнны былi стартаваць. Паслядоўна, з iнтэрваламi ў паўтары хвiлiны, у дальнi космас павiнны былi памкнуць дзевяць саразекскiх антыспадарожнiкавых ракет, прызначаных утварыць у плоскасцi "Захад-Усход" пастаяннага дзеяння абруч наўкол зямнога шара супроць пранiкнення iншапланетных лятальных апаратаў. Невадскiм ракетам-робатам належала ўстанавiць такi ж абруч "Поўнач- Поўдзень".

Дакладна ў тры гадзiны дня на касмадроме Сары-Азек-1 уключылася кантрольна-перадпускавая сiстэма "Пяцiхвiлiнка". Праз кожныя пяць хвiлiн на ўсiх экранах i табло, па ўсiх службах i каналах успыхвалi сiгналы, якiя дублiравалiся гукам: "Да старта чатыры гадзiны пяцьдзесят пяць хвiлiн! Да старта чатыры гадзiны пяцьдзесят хвiлiн..." За тры гадзiны да старта павiнна была ўключыцца сiстэма "Хвiлiнка".

Блiзка таго часу арбiтальная станцыя "Парытэт" паспела перамянiць параметры свайго месцазнаходжання ў космасе, i адначасова былi пераведзены на другi код каналы радыёсувязi бартавых сiстэм станцыi, каб выключыць усялякую магчымасць кантактаў з парытэт-касманаўтамi 1-2 i 2-1.

А мiж тым дарэмна, нiкiм не пачутыя, з сусвету iшлi бесперапынныя радыёсiгналы парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1. Яны роспачна прасiлi не перарываць з iмi сувязь. Яны не аспрэчвалi рашэнне Абцэнупра, прапаноўваючы яшчэ i яшчэ раз вывучыць праблемы магчымых кантактаў з леснагрудскай цывiлiзацыяй, маючы найперш на ўвазе iнтарэсы зямлян; яны не настойвалi, згаджаючыся чакаць i рабiць усё, каб iх знаходжанне на планеце Лясныя Грудзi служыла на агульную карысць, але яны пярэчылi супраць аперацыi "Абруч" - супраць той глабальнай самаiзаляцыi, што вяла, як яны лiчылi, да непазбежнай гiстарычнай i тэхналагiчнай руцiны чалавечага грамадства, на пераадоленне якой спатрэбяцца тысячагоддзi... Але было позна ўжо... Нiхто на свеце не чуў iх, нiхто не здагадваўся, што ў сусветнай прасторы чалавечыя галасы моляць паслухаць iх.

Тым часам на касмадроме Сары-Азек-1 ужо ўключылася сiстэма "Хвiлiнка", няўмольна адлiчваючы наблiжэнне старту паводле аперацыi "Абруч".

Каршун, зрабiўшы чарговы аблёт, зноў паявiўся над стромай Малакумдычап. Людзi там былi занятыя сваёй справай - яны завiхалiся з рыдлёўкамi. Экскаватар ужо накапаў вялiзную горбу зямлi. Цяпер ён запускаў коўш глыбока ў яму, выграбаючы апошнюю меру грунту. Неўзабаве ён перастаў торгацца i адсунуўся ўбок, а людзi пачалi корпацца на дне ямы. Вярблюд быў на тым жа месцы, а рыжы сабака некуды знiк. Дзе ён мог быць? Каршун падляцеў блiжэй i, апiсваючы плаўны круг над абрывам, убачыў, што рыжы сабака ляжыць пад прычэпам. Сабака адчуваў сябе на выгодзе, яму нiякай справы не было да каршуна. Колькi лятаў сёння над iм, а ён нi разу нават галавы не падняў да неба. Суслiк i той, устаўшы стырчма, думае пра небяспеку. А сабаку хоць бы што, пры людзях нiчога не баiцца. I клопатаў яму няма. Каршун завiс на iмгненне, выцiснуў з сябе, нiбы дражнячыся, цi то воклiч, цi то крык. Злаваўся на сабаку...

Едыгей узняў галаву. "Зноў белахвост, усё той жа. Ужо каторы раз над галавой. Бач, як добра яму, плыве сабе, гуляе".

З дна ямы падаў голас Доўгi Эдыльбай:

- Ну што, Едыке, паглядзi, капаць яшчэ цi даволi?

Едыгей хмура схiлiўся над краем ямы.

- Бадай што даволi, толькi ўнiзе трохi трэба шырэй узяць.

Ён узяў малую канiстру з вадой i, адышоўшы за экскаватар, зрабiў амавенне, як гэта i трэба было перад малiтвай. I тады на душы ў яго паспакайнела - няхай не давялося пахаваць Казангапа на Ана-Бейiце, але затое не будзе ганьбы. Цяпер трэба неяк пастарацца вярнуцца на Баранлы-Буранны да цеменi. Абяцалi вярнуцца не пазней шасцi. А вось палова пятай ужо. I наперадзе яшчэ пахаванне i зваротны шлях. Гадзiны дзве зойме. Памiнкi будуць познiм вечарам. Але не хаваць жа чалавека абы-як.

I ён пачаў рыхтаваць сябе да апошняга рытуалу. З-за экскаватара Едыгей выйшаў да людзей з урачыстым, самавiтым выразам на твары, важна i задуменна разгладжваючы бараду.

- Сын памерлага раба божага Казангапа Сабiтжан, стань з левага боку ад мяне, а вы чацвёра прынясiце цела на край магiлы, пакладзiце нябожчыка галавой на захад сонца, - сказаў ён урачыстым голасам. I калi ўсё было зроблена, дадаў: - А цяпер станем тварам да свяшчэннай Каабы. Хай будуць вашыя далонi прад вачмi, думайце пра бога, каб словы i думкi вашыя былi пачутыя iм у гэты час.

Нiякага знаку нязгоды не пачуў ён у адказ. I быў тым задаволены, бо маглi б сказаць: кiнь, стары, галаву дурыць, ты ж не мула. Час i так падганяе.

Перш чым пачаць правiць звычай, кланяючыся перад тым направа i налева, а потым зямлi i небу - у знак падзякi тварцу за трывалае збудаванне асноў гэтага свету, сярод якiх чалавек пачувае сябе не выпадковым i не сiрочым, а нараджаецца i знiкае з урачыстай непарушнасцю ўзнiкнення i скону дня i ночы, зноў жа ўбачыў Буранны Едыгей каршуна-белахвоста. Той вiсеў у небе, ледзь шавелячы крыламi, але так толькi здавалася, бо ён плыў, робячы прызначаныя сабе кругi. Нiбы ўзнiмаў на тыя кругi i Едыгееву думку.

А ўнiзе на краi ямы, што зеўрала пустатой, ляжаў на насiлках загорнуты ў белую кашму Казангап. Гаворачы напаўголаса тое, што прызначана на такi час гаварыць усiм i кожнаму, сёння, заўтра i наперад аж да скону гэтага свету, аднолькавым чынам i для тых, каму яшчэ толькi суджана нарадзiцца, - гаворачы напаўголаса тое, што было завяшчана прарокамi, Буранны Едыгей разам з тым iмкнуўся дапоўнiць яго ўласнымi думкамi, што мелi пачатак ва ўласнай душы i ўласным вопыце. Бо недарма жыве, што нi кажы, чалавек на свеце.

"Калi ты i праўда чуеш, о божа, маю малiтву, якую паўтаралi дзяды i прадзеды, калi ты чуў iх, дык пачуеш i мяне. Адно другому не будзе перашкаджаць.

Вось мы стаiм тут, на Малакумдычапскай строме каля выкапанай Казангапавай магiлы - бязлюдным i дзiкiм месцы, таму што не ўдалося пахаваць нам яго на спадчынных могiлках. А каршун у небе глядзiць на нас, калi стаiм мы з раскрытымi далонямi i развiтваемся з Казангапам. Ты, вялiкi, калi ты ёсць, прабач нам i прымi нябожчыка, раба твайго, лiтасцiва, i калi ён таго заслугоўвае, прызнач душы ягонай вечны супакой. Усё, што ад нас залежала, мы пастаралiся зрабiць. Астатняе за табой!

А цяпер, калi ўжо я звяртаюся да цябе, паслухай мяне, пакуль я яшчэ жывы i магу мыслiць. Людзi толькi i робяць, што просяць цябе - пашкадуй, памажы, не дай у крыўду! Надта многа чакаюць ад цябе з любога выпадку - i важнага, i мiзэрнага. Забойца i той жадае ў душы, каб ты абаранiў яго. А ты ўсё маўчыш. Цяжка табе, разумею, маленням нашым няма канца. А ты адзiн. Я ж нiчога не прашу. Я толькi хачу сказаць у такi час, што я думаю.

Скрушлiва ў мяне на душы яшчэ i таму, што спадчынны могiльнiк наш, дзе знайшла супакой Найман-Ана, цяпер нам недаступны. А таму хачу я, каб i мне суджана было ляжаць на гэтым месцы, на Малакумдычапе, дзе ступала нага яе. Няхай будзе так, каб ляжаць мне побач з Казангапам, якога мы хаваем цяпер. I калi праўда, што душа пасля смерцi перасяляецца ў нешта, дык навошта мне быць мурашом, хацелася б мне абярнуцца ў каршуна-белахвоста. Каб лятаць, вунь як той над саразекамi, i глядзець не наглядзецца на зямлю сваю. Вось i ўсё.

А наконт запавету свайго я ўсё скажу маладым, што прыбылi сюды разам са мной. Скажу я iм, што наказ свой даю iм - пахаваць мяне тут. Вось толькi не бачу, хто прашэпча малiтву нада мной. У бога яны не вераць i малiтваў нiякiх не ведаюць. Бо нiхто не ведае i нiколi не ўведае, цi ёсць бог на свеце. Адны кажуць - ёсць, другiя кажуць - няма. I калi я звяртаюся да цябе з малiтвамi, дык на самай справе я звяртаюся праз цябе да сябе, i дадзена мне ў такi час мыслiць, нiбы гэта ты мыслiў сам, усемагутны. Бо ў гэтым уся справа! А яны, маладыя, пра гэта не думаюць i малiтвай пагарджаюць. Але што яны могуць сказаць сабе i другiм у вялiкi час смерцi? Шкада мне iх. Як спасцiгнуць яны патаемнасць сваю чалавечую, калi не ведаюць спосабу ўзвысiцца думкаю так, нiбы кожны з нас раптам стаў бы богам? Даруй мне гэта знушчэнства. Нiхто з iх богам не стане, але iнакш i ты перастанеш iснаваць. Калi чалавек не зможа ўявiць сябе хоць патаемна богам, што заступаецца за ўсiх, а значыць, i за яго, чалавека, дык i цябе, божа, не стане... А мне не хацелася б, каб ты панiшчыўся бясследна.

Вось i ўся дума мая i скруха мая. Даруй, аднак, калi што не так сказаў цi падумаў. Я просты чалавек, як магу, так i думаю. Зараз дагавару апошнiя словы са свяшчэнных пiсанняў, i пачнем пахаванне. Блаславi ж нас на гэтую справу..."

- Амiн, - заключыў Буранны Едыгей малiтву i, памаўчаўшы, яшчэ раз глянуў на каршуна, з пранiзлiвым смуткам, паволi абярнуўся тварам да маладзейшых, пра якiх толькi што выказаў сваю думку самому богу. Скончылася гаворка з богам. Перад iм стаялi тыя самыя пяцёра, з якiмi ён прыбыў сюды i з якiмi належала давесцi да канца пахаванне.

- Дык вось, - сказаў ён iм у роздуме, - што належала сказаць у малiтве, я сказаў за вас. Цяпер возьмемся за справу.

Скiнуўшы пiнжак з ордэнамi, Буранны Едыгей палез у яму. Яму памагаў Доўгi Эдыльбай. Сабiтжан, як сын нябожчыка, заставаўся збоч, выказваючы сваю жалобу пахiленай галавой, а тыя трое - Калiбек, Жумагалi i зяць-алкаголiк - знялi з насiлак кашмяны куль з целам i апусцiлi яго ў магiлу на рукi Едыгея i Доўгага Эдыльбая.

"Вось i настаў час разлукi! - падумаў Буранны Едыгей, укладваючы Казангапа на вечны супакой на ложа яго ў глыбiнi зямлi. - Даруй, што доўга не маглi знайсцi табе месца. Цэлы дзень вазiлi то туды то сюды. Але так ужо выйшла. Не па сваёй вiне не пахавалi мы цябе на Ана-Бейiце. Але не думай, я гэта не пакiну так. Дайду куды трэба. Пакуль жывы, не змоўчу. А ты будзь спакойны на сваiм месцы. Вялiкая, неабдымная зямля, а месца табе мала было прызначана тут. Але ты тут не будзеш адзiн. Скора i я сабяруся сюды, Казангап. Ты пачакай мяне трохi. I не сумнявайся. Калi бяды якой не здарыцца, калi памру сваёй смерцю, буду i я тут, ляжаць будзем разам. Вось так i пойдзем - з былога ў небылое. А цягнiкi будуць iсцi саразекамi, i другiя людзi будуць замест нас..."

I тут стары Едыгей не вытрываў, усхлiпнуў - усё, што было-перабыло за многiя гады iх жыцця на раз'ездзе Баранлы-Буранным, уся гэтая, здавалася б, аграмадная працягненасць у часе, усе бядоты, згрызоты i радасцi памясцiлiся ў колькi развiтальных слоў i колькi хвiлiн, якiх хапiла на пахаванне. Як многа i як мала дадзена чалавеку!

- Ты чуеш, Эдыльбай? - сказаў Едыгей, кранаючы яго плячо сваiм плячом. Ты i мяне пахавай тут, каб побач быў. I гэтак жа рукамi сваiмi, як гэта рабiлi сёння мы, мяне палажы. Ты даеш мне слова?

- Перастань, Едыке, пасля пагаворым. Ты давай вылазь на свет белы. А я тут сам усё дараблю. Супакойся, Едыке, не рвi сабе сэрца.

Размазваючы глiну па мокрым твары, Буранны Едыгей падняўся з дна ямы, яму падалi рукi, i ён вылез наверх, плачучы i мармычучы нейкiя незразумелыя словы. Калiбек прынёс канiстру з вадой, каб стары памыўся.

Потым яны кiнулi ўнiз па прыгаршчы зямлi i пачалi засыпаць магiлу з падветранага боку. Спачатку рыдлёўкамi, а потым Жумагалi сеў за руль, пачаў ссоўваць грунт бульдозерам. Потым зноў раўнялi зямлю на магiле рыдлёўкамi...

А каршун-белахвост усё лунаў над iмi, назiраючы за воблачкам пылу i за купкай людзей, што рабiлi нешта незразумелае на строме. Ён заўважыў нейкае асаблiвае ажыўленне сярод iх, калi на месцы ямы пачаў вырастаць свежы гарбяк зямлi. I рыжы сабака тым часам пакiнуў сваё месца пад прычэпам i цяпер круцiўся каля людзей. Што яму трэба было? Толькi стары вярблюд, упрыгожаны папонай з кутасамi, усё гэтак жа безуважна жаваў сваю жвачку...

Здаецца, людзi збiралiся ад'язджаць. Але не, вось адзiн з iх, гаспадар вярблюда, растулiў далонi перад тварам, усе астатнiя зрабiлi гэтак жа...

Час падышоў. Буранны Едыгей абвёў усiх доўгiм, уважлiвым позiркам i сказаў:

- Вось i ўсё. Цi добрым чалавекам быў Казангап?

- Добрым, - адказалi тыя.

- Мо не сплацiў ён доўг каму? Тут яго сын, няхай возьме на сябе бацькаў доўг.

Нiхто нiчога не адказаў. I тады Калiбек сказаў за ўсiх:

- Не, нiякiх даўгоў за iм не засталося.

- У такiм выпадку што ты скажаш, сын Казангапаў Сабiтжан? - звярнуўся да яго Едыгей.

- Дзякуй усiм вам, - коратка адказаў той.

- Ну калi так, рушым дамоў, - сказаў Жумагалi.

- Зараз. Адно толькi слова, - перапынiў яго Буранны Едыгей.

- Я сярод вас тут самы стары. Просьба ў мяне да ўсiх. Калi памру, пахавайце мяне вось тут, побач з Казангапам. Вы чулi? Гэта мой запавет, так i разумейце.

- Гэтага нiхто не ведае, калi i як будзе, навошта раней часу думаць, выказаў сваё меркаванне Калiбек.

- Усё адно, - настойваў Едыгей. - Мне варта сказаць, а вам варта выслухаць. А калi час прыйдзе, успомнiце.

- А якiя яшчэ сур'ёзныя запаветы будуць? Давай, Едыке, кажы разам. - Так пажартаваў Доўгi Эдыльбай, каб адвесцi Едыгея ад сур'ёзу.

- А ты не смейся, - пакрыўдаваў Едыгей. - Гэта важна.

- Запомнi, Едыке, - супакоiў яго Доўгi Эдыльбай. - Калi так здарыцца, зробiм, як ты хочаш. Не сумнявайся.

- Ну вось, гэта слова джыгiта, - задаволена сказаў той.

Трактары пачалi разварочвацца, каб з'ехаць са стромы. Ведучы на повадзе Каранара, Едыгей пайшоў побач з Сабiтжанам. Ён хацеў пагаварыць з iм адзiн на адзiн пра тое, што яго трывожыла.

- Слухай, Сабiтжан, рукi ў нас вызвалiлiся, i ёсць цяпер адна размова. Як жа нам быць з могiльнiкам нашым?

- А што, тут i галаву няма чаго ламаць, - адказаў Сабiтжан. - План ёсць план. Зносiць яго будуць. Прасцей простага.

- Ды я не пра тое. Так можна на любую справу махнуць рукой, а ты нарадзiўся i вырас тут. Вучыў цябе бацька. Цяпер мы яго пахавалi. Аднаго ў чыстым полi - адзiнае суцяшэнне, што ўсё роўна на сваёй зямлi. Ты пiсьменны, працуеш у вобласцi, дзякуй богу, размовы можаш весцi з кiм хочаш. Кнiгi розныя чытаў...

- Ну дык i што?

- А тое, што памог бы ты мне, адправiлiся б мы, пакуль не позна, да начальства тутэйшага, ёсць жа ў горадзе нехта галоўны. Нельга, каб Ана-Бейiт зраўнялi з зямлёй. Бо за iм жа гiсторыя.

- Гэта ўсё казкi, зразумей ты, Едыгей. Тут рашаюцца сусветныя, касмiчныя пытаннi, а мы пойдзем са скаргай пра нейкi могiльнiк. Каму гэта трэба? Для iх гэта - цьфу! Усё роўна нас на тыя могiлкi не пусцяць.

- Калi не дабiвацца, дык не пусцяць. А калi паспрабаваць, дык тады пусцяць. Ды i сам начальнiк можа сюды пад'ехаць. Не гара ж ён, каб не скрануцца з месца.

Сабiтжан злосна глянуў на Едыгея.

- Кiнь, стары, выдумляць. Размове канец. Каму трэба казкi! На мяне не разлiчвай. Мне не да гэтага.

- Так бы i сказаў. I размове, праўда, канец.

- А як жа ты думаў. Што я кiнуся з ног? Дзеля чаго? У мяне сям'я, дзецi, работа. Навошта мне супроць ветру пляваць? Каб адсюль адзiн званок - i мне каленам пад зад? Не ўжо, дзякуй!

- Ты сваё дзякуй сабе пакiнь, - не сцярпеў Едыгей i дадаў: - Каленам пад зад! Выходзiць, толькi пра зад свой i думаеш?

- А хiба не! Гэта для цябе проста - хто ты? Нiхто. А мы зад беражэм, каб у роце нешта было.

- Во-во. Раней галавой даражылi, а цяпер, бач, азадкам.

- Як хочаш, так i разумей. А дурняў не шукай.

- Зразумела. Якая ўжо размова! - адказаў Едыгей. - Ладзь памiнкi, а пасля iх нам з табой не бачыць адзiн аднаго.

- Так ужо i не бачыць, - скрывiўся Сабiтжан.

На тым яны змоўклi. Пакуль Буранны Едыгей садзiўся на вярблюда, трактарысты чакалi яго, завёўшы маторы, але ён iм адразу сказаў, каб яны ехалi сваiм ходам, спяшалiся, бо чакаюць памiнкi, а яму верхам усюды дарога, ён паедзе сам па сабе.

Трактарысты паехалi, а Едыгей яшчэ крыху пастаяў на месцы, рашаючы, як быць далей.

Цяпер ён быў адзiн пасярод саразекаў, калi не лiчыць вернага Жалбарса, якi спачатку быў кiнуўся за трактарамi, але потым зноў прыбег, бо зразумеў, што гаспадару не па дарозе з iмi. Але Едыгей не звяртаў на яго ўвагi, ён не заўважыў бы, можа, каб ён i збег дамоў. Не да таго было. Свет быў нямiлы. Не мог зацiснуць у сабе трывожную, гнятлiвую спустошанасць пасля размовы з Сабiтжанам.

Каяўся Едыгей, моцна каяўся, што пачаў тую размову, дарэмна пусцiў словы на вецер. Хiба Сабiтжан той чалавек, да якога трэба звяртацца па дапамогу? Вучаны, бач. Можа, яго i вучылi дзеля таго, каб ён зрабiўся такiм, якiм стаў. Сам жа казаў пра людзей, якiмi кiруюць па радыё. Можа, i iм кiруе ўжо нехта нябачны i ўсемагутны...

I чым больш думаў стары Едыгей, тым больш крыўдна i балюча было яму ад гэтых думак.

Назад Дальше