У час не вярнулiся (на белорусском языке) - Владимир Шитик 2 стр.


Гэта быў выпадак. Але, кажуць, выпадак любiць настойлiвых. Балачан быў настойлiвы. I на экране ён убачыў тую ж самую планетную сiстэму Палукса. Толькi побач з пятай планетай свяцiлася яшчэ адна кропачка, як спадарожнiк. Балачан паспрабаваў павялiчыць адлюстраванне. Кропка заблiшчала ярчэй, стала святлейшай за планету i ледзь прыкметна кранулася з месца. Дуга, якую яна апiсала, была часткай правiльнага круга... А потым экран патух. Сiгнал быў прыняты не цалкам. Вiдаць, не зразумеўшы, аператар не запiсаў яго да канца.

Балачан пабудзiў сваiх добраахвотных памочнiкаў i яшчэ раз з iмi прагледзеў кавалак гэтай перадачы, якая прыбыла з чужога свету. У гэтым ён не сумняваўся. Шарэпу цi Гаю не было патрэбы задаваць суайчыннiкам загадкi. Але што азначала гэта перадача? Здагадкi змянялi адна адну. Найбольш яму спадабаўся вывад, што гэта гуманоiды з сiстэмы Палукса, выкарыстаўшы хвалю "Чырвонай маланкi", перадалi на Зямлю вестку аб сабе i зоркалёце, якi дабраўся да iх i стаў спадарожнiкам пятай планеты, населенай разумнымi iстотамi...

Аднак Балачан не быў бы самiм сабой, каб прыняў гэту прыгожую думку за аксiёму. Ён не мог сабе адказаць на шмат пытанняў, i сярод iх на самае галоўнае: "Чаму маўчаў Шарэпа?" А без гэтага не адчуваў за сабой права рабiць хоць прыблiзны вывад.

Не адказваючы на вiншаваннi таварышаў, ён прайшоў на вузел сувязi i выклiкаў Зямлю. Касай слухаў яго.

- Настаўнiк, - сказаў Балачан, - я не напiсаў дыпломную. - Ён пачакаў, цi не скажа што Касай, i тады дадаў: - Я не буду гiсторыкам. - Касай маўчаў, i Балачан дазволiў сабе яшчэ адну фразу: - Калiсьцi чалавек павiнен перахварэць космасам.

З вузла сувязi Балачан пайшоў у свой пакой, выцягнуў з партфеля крышталiкi з запiсам дыпломнай работы i кiнуў iх у трубапровад, якi вёў да анiгiлятара.

Назад