Лявон Бушмар (на белорусском языке) - Кузьма Черный 3 стр.


Вiнцэнты раптам спынiў гаворку i палажыў рукi на полы вопраткi. Расцягнулася нiжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкi пад вачыма пачырванелi. Ён трошкi прысеў, трошкi нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захiхiкаў:

- Хi-хi-хi, хi-хi-i-i...

Бушмар зусiм здзiвiўся, аж злосць папаўзла па твары яго.

- Хi-хi, гэта такi недурны нехта выдумаў, iмя яму даў - рабачок... падточвае гаспадароў... цi запiсалася ты, кажа, у рабачок... Хi-хi-i-i.

Зноў ён раптам зрабiўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосцi:

- Страшная штука робiцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць... Будзе табе яшчэ не гэта. Яшчэ i хату адбяруць у цябе, i самога з торбаю па свеце пусцяць, калi самому не ратавацца.

- Што? - гукнуў з усiх жыл Бушмар.

А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:

- I ўсiм нам тое самае будзе, калi, я ж кажу, не ратавацца.

Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вiнцэнты яшчэ трохi памучыў:

- Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе...

- Што?! - нема раўнуў Бушмар.

I ўжо тут Вiнцэнты як мае быць дайшоў да справы:

- Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялi тычак i слупоў, дык увосень усё параскiдаюць самi ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. I гэта, што падзялiлi гэтыя дзялянкi, што адхапiлi ад хутароў (i тваё тут дабро запала), - усё ў адзiн кацёл пойдзе. Усё, як ёсць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусiм некаторых пазганяюць з месц сваiх - няма табе, кажа, нi хаткi, нi градкi. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта... займi чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе... Згоняць усiх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак не стулiў, а рэштку спажыве той, хто будзе на чыёй шыi сядзець.

- Можа, да гэтага яшчэ не дойдзе, - разважыў сам з сябе Бушмар.

Ён аж панурасць сваю пачаў трацiць.

- Ты тут сядзiш, як воўк, i нiчога не ведаеш, што па людзях робiцца, цябе да калецтва як мае быць збiраюцца давесцi, а ты снедаеш сабе, як на выгодзе...

- Хто гэта хоча?

- Гады. Андрэй. Амiля нябось маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе...

- Ну, дык што рабiць?

- Я табе скажу, што рабiць - яны сваё, а мы сваё. Няхай сабе iх там дзвесце сядзе каля аднаго катла, а мы тут удзесяцярох сядзем. Ты, я, хлопцы мае, можа, яшчэ хто з адзiн падахвоцiцца, от табе i кацёл. Без гадаў, без нiкога, сам сабе. I ўсё маё будзе пры мне, i пальцам нiхто не зачэпiць. Тады мы i адсудзiць можам законам, што i ад цябе забралi. Яны няхай сабе, а мы сабе, не канешне галетнiка ўспамагаць сваiм уласным ды родным. Ну як? Ты сядзiш i нiчога не чуеш?

Бушмар маўчаў.

- Я сам на гэты бок лесу перабяруся. Забудуем усё як мае быць. Уцячы адтуль, хай яны там хоць падушаць адзiн аднаго.

- Сюды? На гэты бок? Тут жа маё!

- Усё роўна забяруць.

Бушмар памаўчаў.

- Можа, нiчога яшчэ не будзе.

- Як-то не будзе. Ты сядзiш i нiчога не бачыш.

- Цi iм там мала?.. I так жа паадрэзвалi ад усiх.

- Хамскага горла нiколi не ўтхланiш.

- Дык што ж рабiць?

- Я ж табе гавару што.

- Пачакаем крыху, будзе вiдаць. Калi што якое...

- Позна будзе чакаць. Да восенi, калi пачакаем, дык там i аман будзе на ўсё.

Бушмар не ведаў, што рабiць i што думаць.

Вiнцэнты прыходзiў яшчэ раз, але Бушмар упарта не хацеў яго слухаць. Вiнцэнты ўгаворваў яго:

- Гэта не прыперла табе яшчэ бяда, дык ты атрэпаеш рук, а пачакай, што ўвосень будзе.

- Не ўсё роўна мне! Цi сцiснуць мяне, цi з кiм я за адным катлом буду нi госць, нi гаспадар. Няхай што хочуць, то i робяць, а за адзiн кацёл я нi з кiм не сяду.

Вiнцэнты тады пакiнуў хадзiць да Бушмара. Бушмар пачаў задумоўвацца.

Вясна ўжо зусiм увабралася ў сiлу i паддавацца пачала лету. Рыхтавалiся да сенажацi; буялi аўсы i ячменi, адкрасоўвала жыта.

Амiля тады стала больш сумнаю, як калi раней была. Яна цiха корпалася з цямна да цямна за сваёю работаю, сам Бушмар нiколi ў хаце не прыпыняўся, ледзьве ўхапiў управiць адзiн веснавое поле.

Адзiн раз у яго сялiбе была пакутная ноч.

Надвечар яшчэ ён заўважыў, што Амiля як бы рвецца штосьцi сказаць яму. Яна падыходзiла да яго колькi разоў, зазiрала ў вочы, а ён быў утомленым з поля, тупаў па хаце. Яны павячэралi моўчкi, толькi яна сказала разы са два штосьцi нецiкавае нi ёй, нi яму. Ён адказваў вяла, нехаця, як i заўсёды. Амiля ведала ўжо добра гэтую яго натуру, нiколi не зважала на гэта. Пасля ж ужо ўсёй хатняй упраўкi, калi ён раздзяваўся класцiся спаць, яна падышла да яго, паглядзела на яго з дакорам, просьбаю, замiлаваннем, паслушэнствам, села каля яго i сказала тое, ад чаго ён падняў вочы, але з твару не змянiўся:

- Ад мяне?

- А ад каго ж яшчэ?

- А можа, ад каго iншага?

- Лявонка?!

Ён маўчаў. Яна падсела яшчэ блiжэй, зазiрнула яму ў вочы, прыпёрлася галавою да пляча. Яна гаварыла хутка, выказвала ўсё, што сабралася за ўсю вясну, але што было дагэтуль цяжка выказаць Бушмару:

- ...Мы тады i малога майго забярэм сюды. Добра, Лявонка? Ён неўзабаве падрасце, дык i помач ад яго гатовая будзе. Ты, Лявонка, запiшыся са мною цi павянчайся - трэба зрабiць што-небудзь, цi скажы мне пэўнае слова, дык я тады спакойнаю буду, а не хочаш можа вянчацца цi запiсвацца, дык я так магу быць, адно каб ты мне сказаў напэўна, што я твая жонка. Можна i так, калi хочаш, людзi цяпер усякся жывуць...

Ён устаў падкруцiць у лямпе агонь. Яна чакала, сядзела ўсё. Ей здалося, што ён стаў тады такiм, якiм яна яго жадала сабе - ласкавым, добрым. Ён сеў поплеч з ёю i маўчаў доўга. Яна палажыла галаву яму на плячо. Тады ён адхiснуўся i не зводзiў з яе вачэй:

- А той твой хлапчук, якога трэба забраць сюды, ад каго? Можа, ад паручнiка?

Яна жахнулася:

- Нашто ты пытаеш тое, што сам ведаеш?

- А ты скажы.

- Нашто ты гэта?

Ён усё глядзеў на яе.

- Ну ад нябожчыка... памёр жа...

Яна моцна заплакала. Нагнулася i скiнула шпарка рукi.

Бушмар стаяў пасярод хаты, прыжмурыўшы вочы. Ён бачыў Амiлю ранейшую, калi яшчэ насiў яе на руках снежнымi палянамi з лесу. Чуў яе каля сябе там, на паваленым дрэве ў снегавыя ночы. Чуў i смех яе паручнiку. Чуў яе i ў раннюю вясну, у той вечар, калi, не памятаючы нiчога, хапiў за брамаю на рукi i мчаў у хату. I ўсе тыя наступныя днi i тыднi, нават, можа, месяцы... Калi ён ужо не пускаць пачаў яе да Андрэя, да гэтага ненавiднага брата яе, гэтага ворага, злыдня...

От ужо ён бачыць Андрэеў твар - гэты насмешлiвы твар!

Андрэй усё зробiць, усюды дападзе. Ён i праўда, што гатоў сагнаць з месца сялiбу, гэтак, як дарогу адапхнуў, як за лесам адрэзаў самую лепшую дзялянку. Усе слухаюць яго, не паможа i Вiнцэнтага хiтрасць. Усё будзе на восень, як казаў Вiнцэнты. Андрэй арудуе, Андрэй стараецца, Андрэй - Амiлiн брат.

- А калi багацце я сваё страчу?! - смальнуў Бушмар. - Дык як тагды будзе з жонкаю, з дзецьмi i з сваiмi, i з паручнiкавымi...

Ён паварушыў барадою.

- Непаручнiкаў! -крыкнула яна.

- Не, не, гэта я так сабе! - падступiў ён да яе на крок, збянтэжыўшыся ад яе крыку. - Дык чаго ж ты.

Яна заплакала мацней, плечы яе затраслiся, галава звесiлася на рукi. Скрозь пальцы капалi слёзы.

Бушмар прыгледзеўся. Ён як бы нiколi не бачыў чалавечых слёз, гэтакiх горных. Цераз твар яго прабегла дзiўная рыса. - Дзiва? Нецярплiвасць? Новае разуменне рэчаў?

- Сцiхнi, - сказаў ён ласкавей.

- Лявонка, што мне рабiць? - ледзьве выгаварыла яна за слязьмi.

Амiля сiлком пасадзiла яго каля сябе. Выплаквала свае слёзы доўга на плячы яго. I гэта зрабiла з Бушмарам цуд. Ён пачаў сцiшаць яе, заспакойваць, прытульваў да сябе твар. I ўсё стараўся скрывiць губы ў цiхую ўсмешку.

Пад поўнач яна старалася забыцца на тое, што было вечарам, i ўсё не магла. Яна была адна ўжо ў хаце. Бушмар быў сказаў:

- Мне галава балiць вельмi, пайду лягу на салому ў пуню, там вальней.

- Iдзi, - абняла яна яго.

Забыла патушыць лямпу i лягла. Заснуць не магла. Успомнiла вячэрнюю гаворку з Бушмарам i зноў затраслася ад слёз.

Х

Бушмар паволi спусцiўся з ганка ў чорную ноч. Чула драмала зямля, вялiкая цiшыня вартавала Бушмараву сялiбу. У маўчаннi начаваў лес, маўчалi ж пад туманамi i паплавы.

Бушмар павалокся аж да брамы, дзе мацней пахла па загоне канюшына, дзе лясная вiльгаць чулася мацней. Бушмар там не стаяў доўга. Ён як бы шукаў чаго - з непакоем нейкiм пайшоў назад i зноў вярнуўся, пасля падаўся да старой пунi, пралез у прычыненыя дзверы, лёг на салому. Так ён ляжаў доўга, шырока расплюшчанымi вачыма глядзеў у цемень, штосьцi тупа ныла пад сэрцам. Было гэта новым. Толькi засмактала было гэтак калiсьцi ў грудзях, як выбраўся быў у салдаты i пакiнуў за сабою сялiбны лес. Ён паспрабаваў самохаць кашляць, заплюшчваць вочы... Нарэшце нi то дрымота, нi то тупое бяздум'е апанавалi iм.

Бушмар уздрыгануўся i прысеў, цяпер збiраў думкi свае, пачынаў думаць. Далёка было тут да разважлiвасцi, але думкi хутка прагналi жах нядаўняй дрымоты.

Нiзка навiсла цемень, здаецца, ён бачыў над сабою яе - цвёрдую, моцную, непераможную. У ёй жыў увесь свет, усё там дзейнiчала i душыла яго. Ён устаў на ногi. У думках з'явiўся Вiнцэнты з сваiмi прароцтвамi. Цяпер ужо трывога i крыўда адганялi ад чалавека ўсё iншае, праходзiў жах, трывога ўсё павялiчвалася. Ён зноў лёг, штучна пакашляў i моцна ўголас уздыхнуў.

- Лявон, - пачуў ён голас з двара.

I магло б стаць яму самому дзiўна, каб адно ён мог раздумаць пра гэта: ён самымi пачаткамi адчуванняў сваiх узрадаваўся гэтаму голасу. У той жа момант, як у гарачыню пiць, прагнуць ён стаў гэтага слова, каб хоць раз яшчэ яна гэтак сказала.

- Ты на двары? - абазваўся ён.

Амiля прыйшла на яго голас.

- Мне страшна адной... Ты мяне пакiнуў там адну... Ты мяне знявiдзеў, я табе непатрэбна больш, я ведаю, я ведаю... праўда, Лявон? Скажы, цi праўда? Скажы... скажы...

- Хадзi сюды, - падаў ён голас.

- Скажы, якая я для цябе?

- Сядзь.

Ён пачуў, што яна плача, што яна не асмельваецца ўжо сесцi блiзка да яго. Ён прагнуў яе ранейшага, нядаўняга слова, дзе не было нi папроку, нi слёз, а толькi пакорлiвасць - гатовай да ўсяго дзеля яго жанчыны. Абое маўчалi доўга.

- Лявон...

Цяпер ён працягнуў руку, падцягнуў яе да сябе.

- Скажы.

Як у бяспамяцтве, ён прыцiснуў да сябе яе галаву. Яна плакала ўжо цiхiмi, бяздумнымi слязьмi, выпрошвала ў яго слова:

- Скажы, ну скажы, Лявонка, якая я табе?.. Ты мяне знявiдзеў... Завошта. Чаму ты?..

- Маўчы, - зашаптаў ён, - ты маўчы.

- Чаму ты сказаць не хочаш?.. Ты мяне гэтак укалоў, гэтак скрыўдзiў... Нашто ты мяне гэтак?..

- Маўчы, - папрасiў ужо ён.

Яна больш не гаварыла, маўчаў i ён. Цяпер пасадзiў сабе на каленi i прытулiў яе твар да свайго. Яна пакiнула плакаць, цiснулася да яго, вiсла рукамi на яго шыi. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае i пакутнае.

Ужо забялела над лесам, ужо нават i ружавець пачало, а нiхто не хадзiў па Бушмаравым двары. I от нарэшце з цёмнай нары выйшла Амiля. Яна была новая нейкая, не падобная на сябе ранейшую, штосьцi было ў вачах закончанае, зусiм сфармаванае. Можа, гэта цвёрдае ўяўленне назаўсёды было, што такое яна i што такое Бушмар i што яны адзiн для другога.

Яна доўга сядзела на ганку, гледзячы перад сабою ў зямлю. Гэтая ноч змучыла яе. Яна ўсё глядзела на свой росны след на траве.

Бушмар выйшаў неўзабаве. Ён пайшоў проста да студнi. Выцягнуў вядро вады, нагнуўся i стаў лiць празрысты холад сабе на галаву.

ХI

Ужо зблекла ружовасць на ўсходзе. Вяршалiны лесу гарэлi сонечнымi агнямi, i лес слухаў безутрапёную музыку чулай ранiцы. Сонца было за ўзгоркам, але далёка яшчэ, пакуль знiкне раса. Росны след скрозь клаўся з-пад Амiлiных ног, да лесу, а ў лесе сцежка з леташнiх хвойных iголак маўчала пад нагамi. Тут было цiха i прытульна. З-пад дрэў цёк водыр вечна маладога ядлоўцу, пахла хвоя i лясная зямля. Вечнасцю дыхала ўсё. Нават чулыя гукi былi як цiшыня.

Амiля выйшла за лес. Сонечнае поле жыло клапатлiвым веснавым днём. Яно гучэла птушынымi галасамi, зелянiлася ячменямi i аўсамi. У бок ад узгорка тулiлiся да яго знаёмыя стрэхi.

Як бы шукаючы чаго, Амiля палажыла да лба над вачыма руку i ўгледзелася ў поле. Вецер абвеяў ёй твар. Не думаючы, яна пайшла пацiху цераз поле, перад ёю, наводдалек, бегла хвалямi жыта.

Андрэева хата ветлiва глянула на яе спарахнеласцю сваiх сцен. На прызбе, на ўмятай кастрыцы, драмаў узлахмачаны сабака. Ён толькi гультайскiм зiркам правёў яе ў двор. Там яна ўбачыла свайго малога. Ён адразу пабег да яе:

- Мама!

Яна панесла яго ў хату. Там быў ранiшнi рэзрух. Ляжалi непрыбраныя, расцягненыя пасцелi; самому ад сябе цесна здавалася. Усё было гэтакiм знаёмым - усё, як i заўсёды, - на тым самым месцы, як i шмат год да гэтай хвiлiны. Усё тут цякло паволi, з вонкавым спакоем... Нават нейкае зелле, якое яна сама, гадоў, можа, тры таму, заткнула за трам - яшчэ i цяпер тырчыць адтуль.

Амiля выцягнула гэтае зелле i кiнула ў сенцы. На палку каля печы панакiданы знаёмыя лахманы...

Думкi пачалi бегчы шпарчэй, вырывалi абрыўкi мiнулага, забытага, што здавалася пахаваным назаўсёды. Можа, ёй было гадоў шэсць цi сем, як (гэта страшна цяпер укалола яе) сварылiся ў хаце за старую вопратку, што засталася пасля нябожчыка, бацькавага бацькi. Прыходзiла па вопратку бацькава сястра, бацька ж iрваўся ўсё прагнаць яе з хаты. Тая вопратка, можа, i каштавала ўсяго якую двазлотку, а колькi было сказана з-за яе ўсялякiх крыўдных слоў. I праз яе, праз Амiлю. Ёй не было ў што апрануцца, гнаць у поле быдла i гэтаксама стрыечнаму брату, малому, сыну гэтай самай цёткi. Чаму, як якiя дзiкуны, забыўшыся на блiзкае сваяўство, крыўдзяць адно аднаго з-за гэтакай дробязi нядобрымi словамi? Гэтак жылi, што i старыя лахманы для iх не заўсёды драбяза, а яшчэ - калi чалавек кожны дзень у голадзе i холадзе, дык тут ужо ўсякiя межы i ўстанаўленнi руйнуюцца.

Беглi ў яе думкi няроўна, утрапёна.

То выхапяць яны з чалавечай таямнiцы што-небудзь з таго, што калiсьцi было перажыта, ранейшае бацькава парабкоўства ў двары, бадзянне па месцах, то засцелюць усё перад чалавекам у ясныя колеры чагосьцi невядомага, што вельмi падобна пад маўклiвую шырыню зямлi ў гарачы поўдзень, калi ў чалавека такое ўтрапенне, а навокал усё само ў сабе i ў сваiм спакоi.

З усiх гэтых думак i ўяўленняў паўстала спёка на пыльнай дарозе i аж чырвоны бляск сонца на ёй. Яна, гэтая дарога, была пустая, i пыл на ёй, што ўзнiмаўся з-пад калёс, не ападаў, а стаяў невысока над зямлёю. На драбiнах поплеч з Амiляю сядзеў Андрэй, якога яна везла ў горад да доктара.

Ён не спадзяваўся выжыць, i на захадзе сонца сумна яна развiталася з iм каля глухога будынка гарадской больнiцы. I ўсю ноч ехала адна дадому.

Хлопчык усё стаяў каля яе на зямлi, трымаўся за яе ногi, а яна глядзела кудысьцi за вокны ў гарачае неба.

У гэтай хатняй сумятнi, у цясноце пачула яна яшчэ тое, што часцей за ўсё чула ў несвядомых успамiнах сваiх. Чула ў самыя вострыя моманты. Гэта брала пад сваю ўладу думкi i волю, каб - або зрабiць чалавека вельмi моцным i рашучым, або зусiм нямоцным, слабым. Усё тады робiцца малым i нязначным перад адным, што займае ў тыя хвiлiны чалавека.

Калi яшчэ была дзiцём Амiля, дык з таго часу памятае яна адзiн гэтакi момант. Ён навек застаўся ў памяцi, i цяпер заўсёды паўстае ва ўяўленнях гарачы сонечны адвячорак, калi было гэта. Яна малая не магла ўседзець дома ўвесь той дзень i назаўтра, пакуль не сплыла патроху горкасць з душы.

- Занясi, дачушка, тату хлеба, бо ён не еў з самага ранку, - сказала была тады мацi.

I яна панесла той нiшчымны хлеб, сухi, вымучаны з апошняй мукi, а бацька з поўдня ўжо нешта стаяў без шапкi перад ганкам аканома ў двары, выпрошваючы нейкай палёгкi за нейкiя даўгi.

- Табе колькi разоў казалi - не таўчыся тут перад вокнамi дарэмна, сказала пакаёўка, выходзячы на ганак.

Тады бацька заенчыў:

- Унь мне дзiця апошнi кусок хлеба з стала прынясло. Няўжо я з раскошы прашу? Няўжо я...

I вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокi i моцны, выскачыў на ганак i схапiў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзiнец, да самай дарогi, дзе стаялi дваровыя людзi, i некаторыя спачувалi, некаторыя смяялiся. Бацька пайшоў, а яна, малая, бегла за iм, i страшны малюнак бацькавай прынiжанасцi не даваў ёй спакою.

- Заўтра пайду папрашу аканомiху, - сказаў спакойна бацька, калi адышлiся яны трохi ад двара.

- Не iдзi!

Яна закрычала немым голасам. Не магла больш выгаварыць нiводнага слова ад слёз i вялiкай цяжкасцi.

- Чаму? - сказаў бацька. - Можа, яе ўпрашу, дык як-небудзь i абыдзецца добра.

I, памаўчаўшы, яшчэ сказаў сам сабе:

- Яна, кажуць, нiштаватая кабета, ласкавейшая за яго.

I яшчэ большая крыўда за гэты бацькаў спакой i халодную нявольнiцкую разважлiвасць пеканула яе ў сэрца. Бацька ж гаварыў:

- Давай хлеб, падсiлкавацца трохi.

Яны селi на дарозе, i Амiля магла толькi сказаць:

- Як ён цябе пхаў цераз увесь двор.

- Што ж ты зробiш, - адказаў бацька. - Будзе горшая бяда, калi прыйдуць ды апошняе забяруць.

I маўчаў. Можа, буры кiпелi ў iм на дне душы, але твар яго, грубы, абветраны, быў халодны. I от з таго доўга насiла яна ў сабе страшны роспач: "Можа, яму не зусiм моцна балела, як яго цiснулi за шыю, але як гэта ён яго гнуў унiз, пхаў!"

Бацька iшоў гэтак у чужых руках праз увесь дзядзiнец, той самы бацька, якi заўсёды галодны i спрацованы. Ён пойдзе да аканомiхi, хоць тут зусiм не можна iсцi прасiць - нейкая сiла не дазваляе iсцi зноў прасiць, а загадвае штосьцi iншае: пайсцi i ўзяць таго, хто пхаў бацьку, i забiць яго, але не адразу, а каб ён мучыўся перад смерцю i каб слухаў, як яму будзе яна за скрыўджанага бацьку выгаворваць усю крыўду. Толькi гэта трэба зрабiць, больш нiчога не можна рабiць.

Але нiчога не магла яна, тады малая, выказаць. Толькi праз колькi ўжо дзён сказала бацьку:

- Тата, набi яго.

Ён здзiвiўся:

- Каго?

- Аканома.

- Што ты выдумляеш?

I ўсё гэта засталося навек.

Амiля стаяла ўсё ў хаце, нi з кiм не гаворачы.

- Як ты прыйшла ад работы? - запытала Андрэiха. - Хiба Бушмара дома няма?

Амiля ўздрыганулася ад чалавечага слова. Яна ўзяла на рукi дзiця i вынесла на двор.

- Гуляй, сынок, гуляй сабе.

- Ты пойдзеш? - запытала дзiця.

- Пайду, сынок.

- Чаму ты пойдзеш?

Яна панесла яго да варот i там паставiла на зямлю.

- Не iдзi, мама.

- Я прыйду... Бяжы ў хату, сынок.

Назад Дальше