Лявон Бушмар (на белорусском языке) - Кузьма Черный 9 стр.


- Бо тады гаварылi, што бо адразу рай будзе на зямлi, што i трактары i шмахтары будуць, а гэта - тымi самымi плугамi i коньмi ару.

- А што ж ты думаў, табе нехта гасцiнец адразу паткне, - на, галубок, цешся! Патроху ўсё прыдбаецца! Глядзi, у якой ты хаце раней i як жыў, а як цяпер!

- Мала што калi што там будзе! Далёка чакаць!.. К чортавай матары!

- Дык дайсцi ж да чаго трэба!

- Мужчыны! - гукнуўАндрэй.

Сцiхлi ўсе.

- Тут справа вельмi простая здаецца некаторым, - раздзялiўся, разбiўся, i ўсё. Раней рабiлi, а пасля раскiдаць. Я думаю, што тут гэта работа аднаго цi двух чалавек. I якраз не нас, а недзе трохi дальшых!..

Сход доўга не цягнуўся, але ён павярнуў справу ў другi бок. Некалькi чалавек пакаялася ў сваёй гаворцы з малодшым Вiнцэнтавым сынам: кожнаму калгасаўцу пабудаваць асобную хату i давесцi справу да разбiўкi зямлi на дзялянкi.

V

Сонечны дзень. Лясы ў зялёных уборах маўчаць у летняй палявой шырынi. Поле - як жытняе мора, аж да самага дальняга лесу, далёка за ўзгорак - адзiн бязмежны палетак. Людзi чакаюць добрага ўраджаю.

Ужо зусiм, можна сказаць, забудаваўся калгас. Усе ўжо за гэты год выбралiся пакрысе з сваiх даўнейшых хат, але некаторыя хаты стаяць яшчэ патроху iх разбiраюць. Яшчэ ўзвышаюцца з жыта печышчы, пазарасталi яны крапiвою i лопухам. Збоку дзе-нiдзе пазацвiтаў нават калючы чартапалох. Зелле i трава буйна павыбiвалiся з-пад парассыпанай бiтай цэглы i глiны. Адтуль, з-пад лесу, дзе лiпiць некалькi хат-хутарцоў, прыходзяць часамi жанчыны рваць гэтае зелле i траву сваiм каровам i свiнням: калгасаўцам шкада часу на гэтую карпанiну сярод патрушчанай цэглы. У iх наўмысля дзеля летавых патрэб рунее загон зелянiны, тут жа побач. Хутаранскiя жанчыны, тыя самыя ранейшыя вяскоўкi, корпаюцца на печышчы паволi, маўчаць, а часам гавораць. Яны гавораць пра даўнейшае, пра цяперашняе, як хто жыве, як хто жыў. Успамiнаюць дзядоў, бацькоў... Кожнае печышча нагадвае багатую гiсторыю там жылi, нараджалiся i ўмiралi, сяк-так спрадвеку пражывалi век свой людзi. Некаторыя печышчы яшчэ ведалi часы войтаў, прыгонных нявольнiцкiх слёз. Жанчыны як загаворацца, дык, разгiнаючы спiны, стаяць, успамiнаюць.

А дзень зiхацiць сонцам. Поле - жыта i ярына - звiнiць гарачаю цiшынёю. Чуваць, як у ёй жыве шматлiкае, але дзiкае жыццё: незлiчонасць iстотаў налiваецца сокам, збiраецца сiла ў сцяблах i каласах, убiраецца ў сiлу зерне.

Цiшыня гучыць.

Недзе песня чуваць, ля лесу, за калгасаўскiмi будынкамi. Там стукае коварат цэментовай студнi, штосьцi яшчэ стукае цi то звонiць.

Галасы ўжо блiжэй.

- Дзяўчаты спяваюць, - гаворыць жанчына.

Яна ставiць на зямлю свой кош з травою i выпростваецца. Разам з ёю яшчэ i больш жанчын. Твар у гэтай жанчыны не зусiм страцiў яшчэ свайго ранейшага дзявочага хараства, але вочы свецяцца ўтомаю, твар - непазбыўным клопатам. Доўга стаяць так жанчыны, песня сцiхла, а яны ўсё яшчэ маўчаць i стаяць.

Вузкая дарожка, як аднаму праехаць, ляжыць памiж жытоў. Вось па ёй едуць людзi. Трасуцца дзве фурманкi. Два мужчыны ў зрэб'i патузваюць лейцы. Слрадвечнае ўпартае i бяссiльнае чуецца:

- Но, но!

Канюкi прабуюць бегчы патроху, ратуючыся ад заедзi.

Людзi праязджаюць. Зноў пуста i цiха на дарозе. Жанчыны нясуць траву дадому, адна за адною iдуць сцежыстым пераходам паўз дарожную каляiну. З узгорку iм вiдаць добра, як увесь узлесак укрыты новымi будынкамi. Тыя самыя ўсё старыя дубы стаяць сцяною паўз сцену самых прылесных дамоў. Здалёк там мiльгаецца штосьцi.

- Колькi дзяцей назбiралася, - гаворыць жанчына. - Вунь там, усiх яны збiраюць разам.

Жанчыны выходзяць за жыта. Там шэсць спрунжыновак скародзяць раллю. Калгасаўскiя конi памахваюць ад гарачынi галовамi, трасуць грывамi.

- Памажы Божа! - гукае жанчына здалёк.

- Няхай паможа, калi хоча! - адказвае чыйсьцi там з iх голас.

Недалёка мяжа. Роўная, як струна, перарэзала поле, ад лесу i да лесу. Жанчыны мiнаюць яе. Там скародзяць папар iхнiя мужчыны. Бароны, з дзернавымi накладычамi, падскокваюць на раллi.

Некалькi хат тулiцца да хваёвай сцяны лесу. Хвоi i ў цiхую бязветранiцу роўна i спакойна шумяць.

VI

Андрэй сядзеў на жняяркавым сядле - даў коням перадыхнуць крыху. Спёка пачынала крыху спадаць. З полудня ён аджаў ужо доўгiя гонi. Паўз лес пшанiца злягла i той загон аджыналi жанкi сярпамi. Звiнелi над пшанiцаю мошкi, трашчалi на ржышчы кавалi.

Андрэй заўважыў, як бегла напрамiк цераз iржышча жанчына. Бегла як магла. Валасы растрапалiся. Яна штосьцi гукнула жанкам, там не прыпынiлася i рушыла далей да Андрэя. Андрэй раптам пачуў у сабе трывогу, саскочыў з жняяркi, яшчэ выправiў з хамутоў конскiя грывы, адмахнуўся ад авадня i пайшоў жанчыне насустрач. Тая засаплася, ледзьве гаварыла:

- Малады конь той, завадскi, пухнуць пачаў.

- Калi?

- От раптам неяк.

- Хто пры iм?

- Стары Стафан. Больш нiкога з мужчын няма дома. I жанок, можна сказаць, нiкога няма. Я была з дзецьмi, пакiнула iх на Алену. Яна сёння на кухнi. Мне бегчы назад трэба.

Пасля дадала яшчэ:

- Няма каго па Ўладзiка паслаць.

Андрэй выпраг конi, стрыножыў iх на ржышчы, прыпаручыў жанкам i пабег.

Конь тыднi два таму быў куплены на завод у суседнiм калгасе. Ён стаяў у стайнi ля жолаба, звесiўшы мысу долу. Пухлiна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Каля яго клапацiўся стары Стафан.

- Апойкi, - сказаў ён.

- Хто яго паiў?

Стары стаў успамiнаць.

- А хто на iм куды i калi ездзiў?

- Гэтымi днямi як Вiнцэнтага пасылалi па жалеза, дык ён быў канешне намогся на iм ехаць.

- I ездзiў?

- Ездзiў.

- Утамiў?

- Утамiў.

- I сам адразу паiў?

- От гэтага не ведаю.

- А хто ведае?

- Я не паiў тады яго цэлую ноч, баяўся, гэтакi быў ён змардованы. Можа, хiба ён яго дзе ў рэчцы за агародамi папаiў, як пад'язджаў дадому.

Андрэй хапiўся за галаву:

- Бяжы на пшанiчышча, бяры аднаго каня, запрагай i ганi па доктара ў мястэчка.

Стафан рушыў бегчы. Жняярка ў той дзень гуляла да самага вечара.

Каня так моцна ўзяло, што праз колькi дзён ён кончыўся. Наладзiлi следства. Усiм вядома было, што гэта Вiнцанцюк пастараўся, але выразнага доказу не было. Усё было зроблена гладка - i канцы ў ваду.

Праз колькi часу, аднойчы вечарам, Уладзя iшоў з хлапцамi гуляць. Было ўжо не лiшне рана. Быў ясны змрок маладога месяца. Крыху цягнула ветрам з вячорнага поля. Хлопцы мiнулi ўжо кузню - яна стаяла на агародах, наводшыбе крыху ад усёй забудовы - i заўважылi, як хтосьцi адарваўся ад цёмнай сцяны дубовага лесу i, азiрнуўшыся, перабег упоперак дарогу да крайняга дома. Хлопцаў цюкнула. Чалавек, вiдаць, заўважыў цяпер iх, бо раптам падаўся назад i, як бы так гэта чаго ходзiць тут, спакойна пайшоў скрозь дарогаю. Хлопцы рушылi за iм. Бушмар! Яго пачалi насцiгаць.

- Чаго, пане Бушмар, шукаеш тут?

- Цяля збегла, можа, думаў, прыбiлася сюды.

- А можа, яшчэ што збегла?

- Не, больш нiчога.

Хлопцы больш не цвялiлi яго, але правялi яго аж да самай яго павароткi ў лес.

Каля таго, можна сказаць, часу прыходзiў у калгас малодшы сын Вiнцэнтага прасiцца, каб прынялi яго з усiмi яго суседзьмi, пачынаўся нейкi трывожны час тут. Малодшага Вiнцанцюка выслухалi з асцярогаю i выразна яму адразу нiчога не сказалi. Некаторыя гатовы былi прыняць iх. На гэта падгаворваў усiх i Вiнцанцюк старэйшы, але больш галасоў было (Уладзя i Андрэй таксама), каб не прымаць. У гэтым бачылi нейкую авантуру. Далi выразны адказ тады, як старэйшы Вiнцанцюк раз дагаварыўся, што трэба ўзяць у калектыў Бушмара.

- А калi ён не захоча? - запыталi.

- Захоча. Усiх трэба калектывiзаваць.

Тады сказалi Вiнцанцюку малодшаму:

- Пачакаць крыху. Тады будзе вiдаць.

Яшчэ ўсе добра памяталi той нядаўнi чуць не бунт, што патрэбна падзялiцца ўсiм i нават да дзялянак давесцi поле.

Спакойнай работы ўсё ж не было гэтымi часамi. Скрытая нейкая была трывога.

VII

У самым большым, крайнiм ад лесу, доме было нешта з дзесяць кватэр. Было некалькi агульных пакояў, дзе ў вольны час заўсёды шмат збiралася людзей. Гэты дом пабудаваны быў сама пазней, i яшчэ не ўсё было ў iм скончана. Там гэта жыў Уладзя, там, за дзiцячаю сталавальняю, у вялiкiм пакоi абсталёўвалася чытальня. Туды ўпрасiўся перабрацца Вiнцанцюк. Ён яшчэ не зусiм перайшоў з суседняга дома, таксама прылеснага. Рабiў ён гэта чамусьцi вельмi павольна (кватэру тую звальняць льга было i не спяшаючы). Дык от ён так рабiў, як бы раздумваючы. Шмат хто дзiвiўся гэтакай павольнасцi, некаторыя бачылi ў гэтым нейкiя намеры - пасля таго, як прапаў конь, думка, можна сказаць, усiх не была вельмi даверлiваю да яго. Да гэтага дома была прыбудавана другая прыбудоўка, дзе ляжала шмат калгасаўскага дабра.

Уладзя здагадаўся першым:

- Выселiць Вiнцанцюка назад, штосьцi цi не трымае ён у галаве.

Вiнцанцюк дачуўся i заспрачаўся:

- Калi гэтакая недаверлiвасць, дык аддзялiце мне дзялянку, я выберуся.

Зайшла спрэчка. Хтосьцi папракнуў яго:

- От пакуль ты не ездзiў на канi, дык конь быў жыў.

- Калi будуць усе гаспадарамi над кожным канём, дык яны ўсе, конi гэтыя, падохнуць.

Ён паклыбаў дадому, плюнуўшы, размахваючы картовымi галiфэ.

Спусцiўся вечар. Шмат людзей сабралася ў двух пакоях - чытальнi i дзiцячай сталавальнi. Уладзя сабраў навокал сябе гурт. Там гаварылi пра агульную хлебапякарню для ўсiх шасцi калгасаў, што былi тут па-суседску, пра ўсялякiя iншыя планы, да якiх дабiралася ўжо калгасаўская ўпартая думка.

Раптам страшны крык уздрыгануў усiх.

- Пажар!

Як iльецца часам з вузкай бутэлькi вада - падае i сцiскаецца ў горле, гэтак пацiснулiся ўсе праз дзверы, пачалi выскокваць праз вокны. Гарэла глухая сцяна гэтага ж дома. Перад усiмi выскачыў з акна Вiнцанцюк з крыкам:

- Адзежа ўся гарыць мая на новай кватэры!

Неўзабаве гарэла ўжо ўся прыбудоўка, агонь па смольнай сцяне бег шпарка. Зараз жа загула i ўся франтовая сцяна. Утушыць было нельга, як нi старалiся. Не ўспелi нават павыносiць усяго з дома.

Андрэй аблiваўся потам, выпiхаючы з агню пас ад малатарнi. I ледзьве твар яго выглянуў з дыму, убачыў ён, страшна жахнуўшыся, як бегла аднекуль Галена. Асвечаны агнём твар яе быў страшны. Яна штосьцi крычала, але рухавы гул натоўпу i агню глушыў яе. Андрэй кiнуўся да яе i ледзьве расчуў:

- Бушмар ходзiць за гумнамi. З аўса выпаўз... сама бачыла...

Хто чуў - iрванулiся бегчы. Андрэй адскочыў на крокаў дзесяць наперад усiх i ўскiнуў угару руку. Цiхом, не крычаў i не загадваў словам, натоўп спынiўся, як ад грознага загаду. Андрэй стаяў адзiн момант перад усiмi, акiнуў натоўп зiркам. Мала калi бачылi яго такiм, як цяпер. Ён толькi жорсткiм шэптам выгаварыў, страшна змянiўшыся i гаручы ўвесь жудаснаю трывогаю:

- Два за мною, i нiкога больш!

Дом ужо гарэў увесь. Страха ўпала. Трашчалi сцены. Натоўп выдзелiў у сябе двух чалавек - само гэта зрабiлася, з маўклiвай несвядомай згоды. Паўз нязжатыя аўсы памчалiся яны пад гумны.

Хоць бы жывая душа была дзе тут! Шум пажару грозна дакочваўся сюды, але святло не даходзiла з-за сцен i дрэваў. Змрочна было на агародах. Тры гумны стаялi ў самых аўсах: адно было поўна пшанiцаю i жытам, два яшчэ пуставалi да ярыны...

...Але натоўп не вытрымаў больш каля агню: ужо чуўся стук i шорганне ног, гул. Андрэй кiнуўся, як наўцёкi ўсё роўна. Андрэй махнуў рукою налева ад гумен, i мужчыны кiнулiся туды. Сам ён забег з правага боку i ўпаў у авёс, пачаў паўзцi.

Рабiлася ўсё гэта ну мо хвiлiны тры, найбольш. Нiкога за гумнамi не было вiдаць. Натоўп гуў дзесьцi i трымаўся пакуль на той бок гумен. Прайшло яшчэ колькi найкаротшых момантаў. Раптам ад гуменнай сцяны аддзялiлася высокая постаць. Страха ў сярэднiм поўным гумне з гонты была, i чалавек штосьцi раздумваў. Раптам ён нагнуўся, лёг на зямлю. Туды з-пад варот цяглася непадгрэбеная салома.

Але натоўп з таго боку быў ужо тут. Страшны гул трос цiшыню. Дык чалавек штосьцi там спяшаўся рабiць. Раптам ён пачуў, мусiць, што нiчога не ўспее. Паўзком шмыгануў ён упоперак цераз дарогу ў ярыну, але там трох чалавек устала перад iм, з левага боку гумен i тут, каля яго адзiн. Бушмар падаўся задам да гуменнай сцяны, выцягнуўшы шыю, выпрастаўшыся на ўвесь рост свой, адыходзiўся ўсё задам, а адтуль ужо хлынула бурная паводка людзей.

VIII

У той дзень Бушмара бачылi на полi. Ён вазiў з наймiчкаю i з пастушком сваiм снапы. Апошнi воз браў ён позна, калi ўжо на калгасаўскiм полi даўно нiкога не было. Узяўся ён за сваю вячорную брыдкую работу познiм ужо вечарам.

Ён цяпер азiраўся па баках, як злоўлены воўк.

- Гэта ён! - заенчыў натоўп.

- Гэта ён!

- Гэта ён!

Людское мора рынулася на яго.

- Жывога на кавалкi разарваць!

- Духi з яго дастаць!

- Бi яго!

- Бi!

- Цягнi, цягнi!

Бушмар прытулiўся да гуменнай сцяны i калацiўся ўвесь ад нялюдскай узбуджанасцi i роспачы. Вось ён раптам ва ўвесь дух iрвануўся, думаючы, мусiць, прабiцца праз жывую сцяну. Тут жа яго хтосьцi пхнуў, аж ён ляснуўся плячыма вобземлю. Тут на яго i лiнулася людская бура.

Але каля яго арудаваў ужо Ўладзя. Ён кiнуўся ў самую гушчыню натоўпу i размахнуў рукамi. Хтосьцi закрычаў, хтосьцi сам распiхаць пачаў натоўп. Усё над Бушмарам кiпела, як у катле. Бушмар ратаваўся i рукамi i зубамi. Толькi на нагах сядзеў ужо хтосьцi i падбiраўся да яго рук.

- Жывога не пусцiць!

- Бi!

- Бi!

Яго ўжо збiвалi.

Але вось на адзiн момант Уладзю ўдалося спынiць раз'юшанасць натоўпу. I голас яго, разам з Андрэевым, пранiзалi навальнiчны гул тады, калi натоўп зноў гатоў быў рынуцца i змяшаць Бушмара з зямлёю.

- Назад!

- Пальцам не зачапi яго!

Тады забушавалi нездаволеныя галасы. Навальнiца расходжвалася, але вось зноў:

- Прэч!

- Адыходзь!

Бушмара паднялi i паставiлi на ногi. Ён стаяў, увесь дашчэнту дрыжаў.

Тады ўжо i ў натоўпе загаварылi:

- Нашто яго бiць, што гэта паможа?

- Дайсцi ад яго праўды трэба.

- У суд яго.

Пачаўся допыт, навальны, натоўпны:

- Гэта ты ўсё? Прызнавайся.

- Дом ты падпалiў?

- Не, не я.

- А чаго ты тут хадзiў?

Ён замаўчаў. Тады людская сцяна зноў рушыла на яго.

- Я толькi хацеў гумно падпалiць.

- А дом хто падпалiў?

- Вiнцанцюк.

- Каторы?

- Ваш.

- Калгасавец?

- Але.

Яго тады падхапiлi пад рукi i павялi на пажарышча. Ужо адно галавешкi тлелi. Знайшлi Вiнцанцюка. Той бедаваў i стагнаў, што ўся адзежа яго пагарэла. Iх паставiлi з Бушмарам разам i акружылi. Вiнцанцюк апраўдваўся:

- Адкуль, таварышы, такi паклёп на мяне? Я Богу душою хiба толькi вiнен. Што! Няўжо я сваю кватэру буду падпальваць. Уся ж адзежа мая там прапала.

Тады нехта здагадаўся:

- Вось тут i музыка ўся, што ты на гэтым выехаць хацеў: хто бо на цябе падумае, калi ты сам туды перабраўся!

Раптам з натоўпу праплiшчылася наперад, у круг, Амiля, заплаканая, устрывожаная.

- Бушмар! - крыкнула яна слабым, змучаным голасам. - Гад, згубiцель! Што ты нарабiў!.. Звер!.. Як жа дараваць табе!.. Хто ж табе цяпер падаруе!.. За ўсё!

Яна цяпер як бы расцвiла ўся ад трывожнай узбуджанасцi. Малая постаццю, з маладым бляскам вачэй, яна выглядала, як дзяўчынка.

Бушмар азiраўся.

- Звязаць яго!

- У суд!

Ён ужо не баранiўся. Не было карысцi. Зiрк яго ўпаў туды, дзе людзей радзей было. Там Галена трымала на руках дзiцянё. Другое, Амiлiна, трымалася за яе, напапоханае, сплаканае. Вось туды падышла i Амiля. Ён адвярнуўся.

Андрэй заўважыў: нейкае падабенства ў Вiнцанцюка з'явiлася цяпер да нябожчыка бацькi. Вiнцанцюк выў слязьмi.

Цэлую ноч быў неспакой у калгасе: пажарышча курэла да самага рання. Змучаныя гэтакаю трывогаю пасля дзённай працы, людзi пад дзень разыходзiлiся адпачываць.

Ужо бялела тады неба на ўсходзе. Запахла з поля здароўем расы. Поле драмала, лясы маўчалi.

Праходзячы паўз пажарышча дадому, Андрэй спынiўся. Глядзеў, як пусцела навокал ад людзей, i толькi вартавыя хадзiлi ля пажарышча. Ён увайшоў у хату. Там Галена стаяла над дзецьмi - яны ўсе як пазбiралiся разам у трывозе, гэтак i паснулi. Жонка яго стаяла ля стала i маўчала. I ўсе яны не гаварылi, чуючы i так, без слоў адно аднаго.

За вокнамi цiха было.

Там Уладзя хадзiў яшчэ па двары. Узбуджанасць гнала ад яго ўсялякую ўтому. Ён стаяў з вартаўнiкамi, так хадзiў. Пасля падаўся ён да Андрэевай кватэры - пераспаць да ранiцы. Ля ганка, дзе дубы (лесавыя пасланцы ў поле) застылi ў перадранiшняй дрымоце, цямнела ў водблiску неба чалавечая постаць.

- Амiля! - пазнаў ён.

Яна маўклiва глянула на яго.

- Што думаеш?

Яна адказала не адразу:

- Так... Нiчога не думаю... I пра ўсё думаю... думаецца...

Пасля яшчэ:

- Як даўней усё...

- Што?

- Жылося...

Яна не скончыла сваёй думкi, чамусьцi ўсмiхнулася i глянула цiха i спакойна на яго. Вочы яе чулiся ў змроку, i голас усё меў у сабе сляды трывожнай знерваванасцi:

- А ты адзiн ходзiш... чаго?..

Але ён нiчога не адказваў. Ён узяў яе за руку, другую яна сама працягнула яму.

- Родная... ты...

Яны пайшлi да Андрэя, несучы ў сабе радасць сваёй новай блiзкасцi.

Назаўтра зноў позняе лета зiхацела сонцам. Дзень быў капатлiвым, гарачым. Надвечар меўся адбыцца сход. Сход збiраўся быць бурным i доўгiм.

* * *

Следства не цягнулася доўга. Бушмара i Вiнцанцюкоў судзiлi ўвосень. Бушмар адбываў кару.

За тыя гады яшчэ некалькi новых будынкаў вырасла паўз лес. Бушмар больш у гэтую мясцiну не вярнуўся. Ён знiк.

* * *

Другая гiсторыя перад намi. Гiсторыя сыноў Амiлi i Галены. Яны растуць, каб дзейнымi ўвайсцi ў новае жыццё.

Гэтае ж апавяданне скончана.

1929

Каментары

Друкуецца па кнiзе "Лявон Бушмар" (Менск, БДВ, 1930). Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Узвышша", 1929, №7-10. Завершаны ў сакавiку 1929 года. У тэксце аповесцi, апублiкаванай асобным выданнем, паметка ў канцы: "Слуцак".

Неўзабаве пасля публiкацыi аповесцi з'явiўся артыкул крытыка Алеся Кучара "Пра адну рэакцыйную аповесць" (Маладняк, 1931, №1), якi азначаў круты паварот афiцыйнай лiтаратурнай крытыкi ў адносiнах да творчай суполкi "Узвышша" наогул i творчасцi Кузьмы Чорнага ў прыватнасцi. А.Кучар прызнаў аповесць таленавiтай, але тым не менш "рэакцыйнай", бо празаiк слаба паказаў класавую барацьбу, а паводзiны герояў тлумачыў з пункту погляду буржуазнага сенсуалiзму. Лявон Бушмар, галоўны герой аповесцi, на думку крытыка, выклiкае спачуванне, а не асуджэнне, а аўтар шукае "матывы для апраўдання яго ўчынкаў". I нарэшце вырак, якi выносiць крытык-аглабельшчык i якi не падлягае апеляцыi: "Чорнаўскi "фiзiялагiчны жывiзм" не толькi нiчога агульнага не мае са змаганнем пралетарскай лiтаратуры за жывога, класавага чалавека, а наадварот, пралетарская лiтаратура павiнна ўзброiцца на змаганне супраць творчых асноў К.Чорнага". "Iдэалiстычна замкнуты псiхалагiзм i груба-матэрыялiстычны фiзiялагiзм" А.Кучар недвухсэнсоўна ацэньвае як "правую небяспеку ў нашай лiтаратуры, i на яе павiнен быць накiраваны самы моцны агонь нашага змагання".

Назад Дальше