6 верасня
Сёння закончыў трэцi раздзел "Скiп'ёўскага лесу". Можа, добра, а можа, вельмi дрэнна. Такi я змучаны i духам i целам i так цяжка жыву, што не адчуваю. Патрэбен доўгi час у цiшынi i спакоi.
8 верасня 1944 г.
За шэсць дзён пераклаў "Позняе каханне" Астроўскага23 - так гнаў мяне ў карак тэатр. I ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст i не забiраюць. Гэта ўсё азiятчына ў эўрапейскай краiне Беларусi. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькi за свой век я зрабiў гэтых перакладаў i напiсаў усяго, што без майго подпiсу запоўнiвае старонкi ўсёй нашай прэсы i ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усiх нас пасушыць.
Быў сёння ў ГIХЛе24. Дагаварыўся аб "Скiп'ёўскiм лесе" i зборнiку апавяданняў. Каб хоць у Менск, цiшыня i спакой, хоць i на попелiшчы. Абы цiхi кут i штодзень спакойна пiсаць.
10 верасня 1944 г.
Учора ўвечары i сёння да паўдня чытаў К.Федзiна "Горький среди нас". Усё гэта мне чужое, але я бачу: Федзiн сапраўдны пiсьменнiк i разумны чалавек. Я ўпэўнен: пра М.Горкага ён напiсаў праўду. Сапраўды, мусiць, так жыў i такi быў М.Горкi, вялiкi расейскi iнтэлiгент з рукамi рабочага. З гэтай кнiгi вiдно, якое бяздонне памiж нашай тагачаснай iнтэлiгенцыяй, маладой, i той, да пакалення якой належыць Федзiн у Расеi. Беларусы гаварылi аб адраджэннi Беларусi, г.зн. аб прыходзе беларускага народа да нацыянальнай дзяржаўнасцi, а расейскiя iнтэлiгенты не мелi нi сваiх задач, нi мэт. Для iх расейскi народ - гэта мужык з барадою. М.Горкi быў адзiн, непаўторны, ён узвышаўся над iмi ўсiмi. Ён бачыў свой народ усюды, дзе былi яго рысы, ён меў глебу. А гэтыя не маюць глебы ў народзе, таму яны не ведаюць пра што пiсаць, шукаюць тэм i сюжэтаў, гавораць аб нейкiх "лiтаратурных знаходках" i сядзяць макам на здрабнеласцi расейскай савецкай лiтаратуры. Для iх калгаснiк - гэта той самы мужык, якi толькi згалiў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць i знойдзе i Эжэнi Грандэ25, i Iвана Карамазава, i Андрэя Балконскага26, i таго, хто не стаў яшчэ лiтаратурным персанажам, але ўжо стаў героем Савецкага Саюза. У вялiкай лiтаратуры персанажы маюць сваю бiяграфiю. А каб пiсаць бiяграфii людзей, трэба ведаць, што народ - гэта мiльёны iндывiдуальнасцей, кожны з сваiм iндывiдуальным аблiччам i лёсам, хоць i падначаленымi аднаму закону жыцця - нацыянальнаму i дзяржаўнаму. Чамусьцi пасля кнiгi К. Федзiна я пачаў думаць пра з'яву невядомую i чужую ўсяму таму, што ў той кнiзе: я думаю пра вечнае сваё, пра Францiска Багушэвiча. Кожная тая кнiга добрая, калi яна ўзбiвае чалавека на сталыя i важныя думкi.
29 верасня 1944 г.
Пятнiца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пiсьменнiкаў. Няма дзе адаспацца i адляжацца. Усе днi балiць галава, хiлiць на сон i зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошнi мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру i буду дбаць аб здароўi i пiсаць. За гэтыя днi бачыўся з Р.Шырмам27. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака28 i М.Танка. Каталiцкае духавенства, дзе якое было раней i якое дзе цяпер з'явiлася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланiзуюць сваiх парафiян i тлумачаць, што няма нiякай Беларусi, а ёсць Польшча. Усё iдзе ад вiленскага бiскупа Ялжбыкоўскага29. Аб гэтым дакладна ведае i тужыць беларускi патрыёт менскi ксёндз Шутовiч30. Я цвёрда намерыўся пiсаць старшыню Саўнаркома дакладную запiску, набраўшы фактаў. ("Нацыянальныя польскiя" сельсаветы ў Чарнагубаве i Каралiшчавiч[ах].) Пальшчызна стараецца пакiнуць польскага духу тут на наступныя пакаленнi.
3 кастрычнiка
Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужанiну, як яго мучылi ў польскай турме. Алаўкi памiж пальцаў, пампавалi ваду праз нос, бiлi гумавым кiем, замыкалi рукi ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цiкава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.31 мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi, але рук у кайданы не замыкалi.
Сёння ўночы пацукi не далi спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антанiне Лукашэўскай i двох яе сынох. Усё гэта можа пад маiм пяром ажыць i жыць доўгiм, поўным жыццём. I да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад свiтаннем я заснуў без трывогi i суму. Калi ўжо будзе тая кватэра i цiхi кут, каб пiсаць! Просiцца з пяра артыкул у "Звязду" аб лiтаратуры.
4 кастрычнiка
Серада. Хмурна. Дождж. Пiсаў "Скiп'ёўскi лес". Трэба далей так, кожны дзень.
5 кастрычнiка
Нiчога не пiсаў. Няма дзе падзецца i прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотнi за дзень перавярнулася. Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ i ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Найдус з хлапчуком, якi адразу пачаў рваць мяне за камызэльку. Гэтая жыдоўка лiчыць сябе польскай пiсьменнiцай i прыехала жыць у Менску. У Беларусi асталося сем пiсьменнiкаў беларускiх, а сябраў саюза пiсьменнiкаў у Беларусi звыш сотнi. Лупсякоў32 ужо дванаццаць год пiша, вучыўся ў унiвэрсiтэце i яшчэ ўсё не ведае граматыкi. Каб усе яны пакiнулi пiсаць сваю халтуру, а сталi будаўнiкамi, краўцамi, кавал[ям]i, земляробамi або падвучылiся i сталi настаўнiкамi, яны маглi б даць карысць рэспублiцы. Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар.
Гэтая Найдус напусцiла на ўсе два паверхi дому пiсьменнiка такога смроду, што Максiма Лужанiна цягне ванiтаваць. Найдусяня мочыцца ў порткi, i яго мацi, якая прыехала ў Менск узбагачаць польскую культуру на Лагойскай расейскай мове, нават i не парупiцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я нiколi яе не бачыў i не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне мiласцiва ўсмiхацца, звысоку i ведаючы сваё вялiкае дастоiнства. З усiмi яна адразу запанiбрата, усiх навучае i ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваiм таварышам, "з iм я была ў Заходняй Беларусi ў падполлi". Яна высокая, як жэрдка, у акулярах i без сцёгнаў. У сiняй спаднiцы да кален, i на панчохах рагi нейкага бруду. Спаднiца ледзь закрывае каленi i фалдаю ўцiснулася ў зад. Але затое яна адзета "па-эўрапейску" - голыя каленi i вузенькая спаднiчка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялiкае i добрае. Яна ж не хоча быць на сваiм месцы: прадаваць у кааперацыi або - чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзiць i на горшую лянуецца. Гэтая плойма ацiраецца каля iнтэлiгенцыi i ўсё з прэтэнзiямi. Яна аблiзвае языком словы: лiтаратура, навука, сацыялiзм, камунiзм, паэзiя, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя... Цяперашнiм часам iх лексiкон узбагацiўся словамi: "усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест..." Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкi i хлебаеды. Так Бэнда33 лез у беларускую крытыку, Клiмковiч34 у беларускую лiтаратуру, Александровiч35 у культуру i грамадскую дзейнасць (сабе на кар'еру), Дадзiёмава ў мастацтва i цэнзуру i Модаль36 усюды, куды толькi льга лезцi.
6 кастрычнiка
Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалi толькi ступенi. Прага мець цiхi свой кут i пасцель i вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькi праз два тыднi. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелi i падушкi. Здань смерцi мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. I кому повем печаль мою? Хоць бы адзiн хто блiзкi i разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.
11 кастрычнiка
Сёння многа i, здаецца, добра пiсаў. 7 кастрычнiка заходзiла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовiч з Вiльнi, жонка ксяндза37 Адама Станкевiча38. Яна прыехала ў Менск, каб дайсцi тут якое-небудзь рады: вiленск[i] бiскуп, пiлсудчык Ялжбыкоўскi садзiць усюды па Беларусi на парафii палякаў ксяндзоў, якiя i прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталiкi ёсць чыстыя палякi. Гэтая жанчына вельмi прыемная асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.
Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч39. Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.
22 лiстапада
Бадай што ўжо месяц, як у "кватэры", дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у "пульку". У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва - за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?
Каментары
Упершыню апублiкаваны ў часопiсе "Полымя", 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С.Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К.Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст "Дзённiка" ў 8-м томе Збору твораў: хрушчоўская "адлiга" змянiлася брэжнеўскiмi "прымаразкамi".
Друкуецца паводле часопiса "Полымя" (1988. № 4. С.155-163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р.Раманоўскай). Публiкацыя суправаджаецца ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў "Дзённiк" яшчэ адным "красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага".
Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск- Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.
Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс Божа, напiшы за мяне мае раманы... На фарзацы сшытка аўтограф "Притыцкий". Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак "майму бацьку", калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi "Якорь". Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.
Запiсы К.Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).
Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:
с.1-5. Пачатак рамана "Скiп'ёўскi лес" (канчаецца фразай: Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу);
с.6 - пустая;
с.7-16. Другi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая...);
с.18 - пустая;
с.19-22. Трэцi варыянт пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў);
с.23-52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана "Скiп'ёўскi лес" (апошняя фраза: Але гэта ўжо было роўна праз два гады), прычым на с.55 ад слоў як свой i вядомы здаўных пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.
с.53-77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с.73 тэкст 5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў... да фразы Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с.75) i да канца - чорным атрамантам.
1. Iра, любая мая ўцеха - так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).
2. Крысько Цiмох (1911 г. нар.) - сапраўднае iмя паэта, празаiка, драматурга, крытыка, педагога, сакратара Беластоцкага аддзялення Саюза савецкiх пiсьменнiкаў БССР (1940-1941), больш вядомага пад псеўданiмам Васiль Вiтка, якi ён ўзяў у гады вайны; з 1944 - адказны сакратар часопiса Беларусь. Для гэтага выдання К.Чорны i пiсаў згаданыя неаднаразова ў Дзённiку "перадавiцы".
3. Александровiч Алеся (1904-1947) - лiтаратуразнавец, педагог; працавала ў Дзяржаўнай бiблiятэцы Беларусi (1934-1936); сястра паэта Андрэя Александровiча.
4. Гутараў Iван (1906-1967) - лiтаратуразнавец, фалькларыст; у 1939-1941 дацэнт, загадчык кафедры расейскай лiтаратуры БДУ i вучоны сакратар Аддзялення грамадскiх навук АН БССР; у час вайны арганiзатар i камiсар партызанскiх атрадаў на Браншчыне, у 1943 г. адклiканы i вывезены ў Маскву "для выканання спецдаручэнняў"; займаўся адмыслова даследаваннем беларускага фальклору ў час вайны.
5. "Клiч да беларускага народа" - гэты артыкул пiсьменнiка быў апублiкаваны ў газ. "Савецкая Беларусь" (11 студз. 1942 г.) за подпiсам Я.Купала.
6. Баўдзей Л. - журналiст, аўтар артыкулаў i рэцэнзiй пра творчасць К.Чорнага ("Бацькаўшчына" // Советская Белоруссия. 1940, 18 дек.; Вобразы савецкiх людзей у творах Кузьмы Чорнага // Беларусь. 1946. № 1); асоба блiжэй невядомая.
7. Хайноўская Марыя Канстанцiнаўна - супрацоўнiца Дома пiсьменнiкаў (да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў); пасля вайны загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў.
8. Анюта (1906-1983) - малодшая сястра пiсьменнiка.
9. Маша (1902-1988) - малодшая сястра пiсьменнiка.
10. Рэня (Рэвека Свераноўская, 30.11.1899-30.03.1987) - жонка Кузьмы Чорнага.
11. ...пiсаў пра яе ў дзённiку - даваенны пiсьменнiцкi архiў Кузьмы Чорнага не захаваўся (апроч паасобных аўтографаў у архiвах НКВД, у асабiстым архiве крытыка Алеся Кучара).
12. Глебка Пятро (1905-1969) - паэт, перакладчык, вучоны-грамадазнавец; у 1943-1945 працаваў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б) Б "Савецкая Беларусь".
13. "Суждены нам благие порывы.. - недакладная цытата з верша М.Някрасава "Рыцарь на час".
14. Панамарэнка Панцеляймон Кандратавiч (1902-1984) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч, у 1938-1947 займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, прызначэнне на якую ў чэрвенi 1938 г. супадае з выхадам К.Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.).
15. Дадзiёмава Феня Iсакаўна - тагачасны начальнiк Галоўлiта БССР (iнф. дачкi пiсьменнiка - Рагнеды).
16. ...выклiкаў з Менска Лынькова... - Лынькоў Мiхась (1899-1975), празаiк; у 1938-1948 - старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
17. Глебка Нiна Iларыёнаўна - жонка Пятра Глебкi, якая ў час вайны заставалася ў Менску.
18. Мiхась i Юрась - малодшыя браты Кузьмы Чорнага (адпаведна 1908 i 1912 г. нар.), абодва згiнулi на вайне.
19. Фiнкель Уры Гiршавiч (1896-1957) - крытык, лiтаратуразнавец; пiсаў на жыдоўскай i беларускай мовах, аўтар кнiг пра Мендэле Мойхер-Сфорыма i Шолам-Алейхема.
20. За час вайны ... з голаду двое дзяцей - у сапраўднасцi падчас апошняй вайны сям'я Уры Фiнкеля страцiла трое дзяцей: сын Шалом (1939-1941) памёр у ташкенцкай лякарнi 11 лiстапада; дзве дачкi - Цыля (1931 г. нар.) i Авiгаiл (1933 г. нар.) спаленыя ў ракаўскай сiнагозе (1943). Сярод жыхароў мястэчка Ракаў, адкуль паходзiў Уры Фiнкель, у спiсе загiнуўшых у час апошняй вайны, пазначаны: "Фiнкель Давiд з сям'ёй; Фiнкель Долiд з сям'ёй; Фiнкель Iсак з сям'ёй; Фiнкель Мордух з сям'ёй; Фiнкель Песя з сям'ёй; Фiнкель Файва з сям'ёй" (Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка. Валожынскi раён. /Уклад. Я.Янушкевiч. Мн., 1996. С.272). Спiс няпоўны: бацька Уры Фiнкеля, Гiрш Фiнкель, таксама загiнуў у вайну (расстраляны); апроч яго ў ракаўскiм гета былi спалены сёстры Уры Фiнкеля Лыфсэ i Эльке.
21. Гарбуноў Цiмафей Сазонавiч (1904-1969) - сакратар ЦК КПБ (1941-1947), з 1939 г. - рэдактар газеты "Звязда"; адразу пасля смерцi К.Чорнага па загадзе Гарбунова ў газеце "Звязда" было "спынена друкаванне пiсьменнiцкiх жалобных водгукаў" (А.Рагуля).
22. ...паслаць у Менск мiламу Максiму Лужанiну пiсьмо - псеўданiм паэта i празаiка Аляксандра Каратая (нар. у 1909); пасля дэмабiлiзацыi (1944) М. Лужанiн загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыi газеты "Звязда".
23. "Позняе каханне" Астроўскага - п'еса расейскага драматурга Аляксандра Мiкалаевiча Астроўскага (1823-1886).
24. ГIХЛ - Государственное издательство художественной литературы.
25. Эжэнi Грандэ - гераiня аднайменнага рамана Анарэ дэ Бальзака (1833).
26. ...Iван Карамазаў, Андрэй Валконскi... - лiтаратурныя героi Ф.Дастаеўскага (раман "Браты Карамазавы") i Л.Талстога (раман "Вайна i мiр").
27. Шырма Рыгор (1892-1978) - фалькларыст, дырыжор, музыказнаўца; адзiн з выдаўцоў часопiса "Летапiс ТБШ" (пазней "Беларускi летапiс"); у 1940 арганiзаваў Дзяржаўную акадэмiчную капэлу Беларусi.
28. Пестрак Пiлiп (1903-1978) - паэт, празаiк; за падпольную дзейнасць на тэрыторыi былой Заходняй Беларусi быў зняволены польскiмi ўладамi ў турмах Пiнска, Вiльнi, Гораднi (1929-1939, з невялiкiм перапынкам).
29. Бiскуп Ялжбыкоўскi - напiсанне памылковае. Ялбжыкоўскi Рамуальд (1876-1955) архiбiскуп, з 1925 - вiленскi кардынал.
30. Шутовiч Вiктар - каталiцкi святар у Менску, пазней - у Барысаве.
31. У яжоўскай турме ў Менску ў 1938 г. - беспадстаўна арыштаваны пiсьменнiк праседзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з iх шэсць - у камеры-адзiночцы).
32. Лупсякоў Мiкола (1919-1972) - празаiк; нарадзiўся ў Маскве, адкуль сям'я вярнулася на радзiму ў 1921 г. (Жлобiншчына; бацька пiсьменнiка Радзiвон - былы матрос з лiнкора "Петрапаўласк", а пазней ледакола "Таймыр"); М. Лупсякоў пачаў пiсаць яшчэ ў школе (меў нават перапiску з К.Чорным), першае апавяданне апублiкаў у 1935 г., калi скончыў Папаратнянскую няпоўную сярэднюю школу i паступiў на рабфак пры БДУ, а праз год - на лiтаратурны факультэт Менскага педiнстытута (скончыў у 1941 г.). ; у 1944-1945 працаваў у рэдакцыi часопiса "Беларусь".
33. Бэндэ Лукаш (1903-1961) - крытык i лiтаратуразнавец вульгарна-сацыялагiчнага кiрунку.
34. Клiмковiч Мiхась (1899-1954) - паэт, драматург, празаiк, крытык; старшыня аргкамiтэта (1932-1934), а пазней (1934-1938) - старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.