У адказ на просьбу не прытварацца дурнем, а расказаць, як трапiлi даляры ў вентыляцыю, Мiканор Iванавiч апусцiўся на каленi, кiнуўся долу, разявiў рот, быццам хацеў праглынуць паркетную шашку.
- Хочаце, - прамармытаў ён, - зямлю буду есцi, што не браў? А Кароўеў - ён чорт.
Усякае цярпенне мае мяжу, i за сталом павысiлi голас, намякнулi на тое, што пара гаварыць па-чалавечы.
Тут пакой з гэтаю самаю канапаю аглушыў дзiкi крык Мiканора Iванавiча, якi ўсхапiўся з каленяў:
- Вось ён! Вось ён за шафай! Вось ухмыляецца! I пенснэ яго... Трымайце яго!.. Акрапiць памяшканне!
Кроў адлiла з твару ў Мiканора Iванавiча, ён калацiўся, хрысцiў паветра, кiдаўся да дзвярэй i назад, заспяваў нейкую малiтву i, урэшце, пачаў плесцi абы-што.
Стала зразумела, што Мiканор Iванавiч нi да якiх размоў непрыгодны. Яго вывелi, размясцiлi ў асобным пакоi, дзе ён крыху прыцiх i толькi малiўся i ўсхлiпваў.
На Садовую, вядома, з'ездзiлi i ў кватэры No 50 пабылi. Але нiякага Кароўева там не знайшлi, i нiхто нiякага Кароўева ў доме не ведаў i не бачыў. Кватэра, якую займалi нябожчык Берлiёз i Лiхадзееў, якi паехаў у Ялту, была пустая, i ў кабiнеце мiрна вiселi нiкiм не пашкоджаныя сургучныя пячаткi на шафах. З тым i паехалi з Садовае, заадно захапiлi з сабой разгубленага i прыгнечанага сакратара домакiраўнiцтва Пролежнева.
Вечарам Мiканор Iванавiч быў прывезены ў клiнiку Стравiнскага. Там ён вёў сябе гэтак неспакойна, што яму давялося зрабiць iн'екцыю па рэцэпце Стравiнскага, i толькi пасля апоўначы Мiканор Iванавiч заснуў у пакоi 119, зрэдку цяжка i пакутлiва стогнучы.
Але чым далей, тым лягчэйшым рабiўся сон. Ён перастаў варочацца i стагнаць, пачаў дыхаць лёгка i роўна, i яго пакiнулi аднаго.
Тады Мiканору Iванавiчу саснiўся сон, у аснове якога, несумненна, былi сённяшнiя перажываннi. Пачалося з таго, што Мiканору Iванавiчу саснiлася, быццам нейкiя людзi з залатымi трубамi ў руках падводзяць яго, i вельмi ўрачыста, да вялiкiх палакiраваных дзвярэй. Перад гэтымi дзвярыма спадарожнiкi нiбыта сыгралi туш Мiканору Iванавiчу, а гулкi бас з неба весела сказаў:
- Калi ласка! Мiканор Iванавiч! Здавайце валюту!
Зусiм здзiўлены Мiканор Iванавiч убачыў над сабой чорны рэпрадуктар.
Потым ён чамусьцi апынуўся ў тэатральнай зале, дзе пад пазалочанай столлю ззялi крыштальныя люстры, а на сценах кенкеты. Усё было як след, як у невялiкiм па памеры, але сапраўдным тэатры. Была сцэна з аксамiтавай заслонай, па цёмна-вiшнёвым полi ўсеянай, як зорачкамi, малюнкамi залатых павялiчаных дзесятак, суфлёрская будка i нават публiка.
Здзiвiла Мiканора Iванавiча тое, што ўся гэтая публiка была толькi аднаго полу - мужчынскага, i ўся чамусьцi з бародамi. Акрамя гэтага, уражвала, што ў тэатральнай зале не было крэслаў i ўся публiка сядзела на падлозе, добра нацёртай i коўзкай.
Збянтэжаны новым i вялiкiм таварыствам, Мiканор Iванавiч патаптаўся крыху, а потым, як i ўсе, сеў на паркеце па-турэцку, умасцiўся мiж рыжым здаравяком-барадачом i другiм, бледным i моцна зарослым шчэццю грамадзянiнам. Нiхто з прысутных не звярнуў увагi на новага гледача.
Тут пачуўся мяккi звон званочка, святло ў зале патухла, заслона раскiнулася, i стала вiдаць асветленая сцэна з крэслам, столiкам, на якiм i быў залаты званочак, i з глухiм чорным аксамiтным заднiкам.
З-за кулiс выйшаў артыст у смокiнгу, чыста паголены i расчасаны на прабор, малады i з вельмi прыемным тварам. Публiка ў зале ажыла, усе павярнулiся да сцэны. Артыст падышоў да будкi i пацёр рукi.
- Седзiце? - спытаў ён мяккiм барытонам i ўсмiхнуўся зале.
- Седзiмо, седзiмо, - хорам адказалi яму з залы тэнары i басы.
- Гм... - загаварыў задумлiва артыст, - i як вам не надакучыць, я не разумею? Усе людзi як людзi - ходзяць зараз па вулiцах, цешацца вясновым сонцам i цяплом, а вы тут на падлозе тырчыце ў душнай зале! Няўжо праграма гэтакая цiкавая? Што ж, можа, каму i падабаецца, - па-фiласофску закончыў артыст.
Потым ён змянiў i тэмбр голасу, i iнтанацыю i гучна аб'явiў:
- Такiм чынам, наступны нумар нашай праграмы - Мiканор Iванавiч Босы, старшыня дамавога камiтэта i загадчык дыетычнай сталоўкi. Папросiм Мiканора Iванавiча!
Дружныя воплескi былi адказам артысту. Здзiўлены Мiканор Iванавiч вылупiў вочы, а канферансье, закрыўшыся рукой ад святла рампы, знайшоў яго позiркам сярод тых, хто сядзеў, i ласкава паклiкаў пальцам на сцэну. I Мiканор Iванавiч апынуўся на сцэне.
У вочы яму знiзу i спераду ўдарыла святло рознакаляровых лямпаў, а таму адразу правалiлася ў цемру зала з публiкаю.
- Ну-с, Мiканор Iванавiч, пакажыце нам прыклад, - задушэўна загаварыў малады артыст, - i здавайце валюту.
Наступiла цiшыня. Мiканор Iванавiч перавёў дух i загаварыў цiха:
- Богам клянуся, што...
Але не ўспеў ён прамовiць гэтыя словы, як уся зала абурана закрычала. Мiканор Iванавiч разгубiўся i замоўк.
- Як я вас зразумеў, - загаварыў вядучы праграмы, - вы хацелi паклясцiся богам, што ў вас няма валюты? - i ён спачувальна паглядзеў на Мiканора Iванавiча.
- Так точна, няма, - адказаў Мiканор Iванавiч.
- Так, - адазваўся артыст, - тады прабачце за нясцiпласць: адкуль узялiся чатырыста даляраў, якiя знойдзены ў прыбiральнi ў вашай кватэры, адзiнымi жыхарамi якое з'яўляецеся вы з жонкаю?
- Чары! - яўна iранiчна прамовiў нехта з залы.
- Так точна, чары, - нясмела адказаў Мiканор Iванавiч не то артысту, не то ў цёмную залу i растлумачыў: - Нячыстая сiла, клятчасты перакладнiк падкiнуў.
I зноў абурана зараўла зала. Калi ж наступiла цiшыня, артыст сказаў:
- Вось якiя байкi Лафантэна даводзiцца мне выслухоўваць! Падкiнулi чатырыста даляраў! Вось вы: вы ўсе тут валютчыкi! Звяртаюся да вас як да спецыялiстаў - цi магчыма такое?
- Мы не валютчыкi, - пачулiся асобныя пакрыўджаныя галасы ў тэатры, - але гэта немагчыма.
- Цалкам да вас далучаюся, - цвёрда сказаў артыст, - i спытаюся ў вас: што могуць падкiнуць?
- Дзiця! - крыкнуў нехта з залы.
- Вось гэта праўда, - пацвердзiў вядучы праграмы, - дзiця, ананiмнае пiсьмо, пракламацыю, адскую машыну цi мала што яшчэ, але чатырыста даляраў нiхто не будзе падкiдаць, бо гэтакага iдыёта няма на свеце, - i, звярнуўшыся да Мiканора Iванавiча, артыст дадаў з дакорам i сумам: - Засмуцiлi вы мяне, Мiканор Iванавiч! А я на вас спадзяваўся. Дык вось, нумар ваш не праходзiць.
У зале пачуўся свiст у адрас Мiканора Iванавiча.
- Валютчык ён, - выкрыквалi ў зале, - з-за такiх мы, невiноўныя, пакутуем!
- Не сварыцеся на яго, - мякка сказаў канферансье, - ён пакаецца. - I, паглядзеўшы на Мiканора Iванавiча поўнымi ад слёз блакiтнымi вачыма, дадаў: Ну, iдзiце, Мiканор Iванавiч, на месца!
Пасля гэтага артыст пазванiў званочкам i гучна аб'явiў:
- Антракт, нягоднiкi!
Уражаны Мiканор Iванавiч, якi зусiм неспадзявана стаў удзельнiкам нейкай тэатральнай праграмы, зноў апынуўся на сваiм месцы на падлозе. Тут яму саснiлася, што ў зале запанавала цемра i што на сценах выскачылi чырвоныя палкiя словы: "Здавайце валюту!" Потым зноў расхiнулася заслона, i канферансье запрасiў:
- Прашу на сцэну Сяргея Герардавiча Дунчыля.
Дунчыль аказаўся дабрачынным, але моцна занядбаным мужчынам гадоў пяцiдзесяцi.
- Сяргей Герардавiч, - звярнуўся да яго канферансье, - вось ужо паўтара месяца вы седзiце тут, упарта адмаўляецеся здаць валюту, якая засталася ў вас, у той час як краiне яна патрэбна, а вам зусiм не, а вы ўсё ўпарцiцеся. Вы чалавек iнтэлiгентны, цудоўна ўсё гэта разумееце i ўсё ж не хочаце пайсцi нам насустрач.
- На жаль, нiчога зрабiць не магу, бо валюты ў мяне больш няма, - спакойна адказаў Дунчыль.
- Дык, можа, ёсць брыльянты? - спытаўся артыст.
- I брыльянтаў няма.
Артыст апусцiў галаву i задумаўся, а потым пляснуў у ладкi. З-за кулiсаў выйшла на сцэну панi сярэдняга ўзросту, модна апранутая, у палiто без каўняра i ў маленькiм капялюшыку. Панi была ўстрывожаная, а Дунчыль паглядзеў на яе i нават вокам не мiргнуў.
- Хто гэтая панi? - спытаў вядучы праграмы ў Дунчыля.
- Гэта мая жонка, - з годнасцю адказаў Дунчыль i паглядзеў на доўгую шыю панi крыху непрыязна.
- Мы патрывожылi вас, панi Дунчыль, - звярнуўся да жанчыны канферансье, вось чаму: мы хацелi спытаць, цi ёсць у вашага мужа валюта?
- Ён тады ўсё аддаў, - усхвалявана сказала панi Дунчыль.
- Ну, - сказаў артыст, - ну што ж, калi так, дык так. Калi ўсё здаў, то вам давядзецца зараз разлучыцца з Сяргеем Герардавiчам, нiчога не зробiш! Калi хочаце, вы можаце пакiнуць тэатр, Сяргей Герардавiч, - i артыст зрабiў царскi жэст.
Дунчыль завярнуўся i з годнасцю пайшоў за кулiсы.
- Адну хвiлiнку! - спынiў яго канферансье. - Дазвольце мне на развiтанне паказаць вам яшчэ адзiн нумар нашае праграмы, - i зноў пляснуў у ладкi.
Чорная задняя заслона расхiнулася, i на сцэну выйшла юная прыгажуня ў бальнай сукенцы, якая трымала ў руцэ залаты падносiк, на iм ляжаў тоўсты пакунак, перавязаны цукеркавай стужкаю, i брыльянтавае калье, ад якога ва ўсе бакi адскоквалi сiнiя, жоўтыя i чырвоныя агнi.
Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.
- Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, - урачыста аб'явiў артыст, - хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.
Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.
- Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, - урачыста аб'явiў артыст, - хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.
Прыгажуня ўсмiхнулася, блiснула зубамi, i пушыстыя яе павекi здрыганулiся.
- А за ўсёй вашай важнасцю i прыстойнасцю, - сказаў артыст Дунчылю, хаваецца прагны павук, умелы ачмурала i лгун. Вы замучылi за месяц усiх сваёй тупой упартасцю. Iдзiце цяпер дадому, i тое пекла, якое наладзiць там ваша жонка, будзе вам пакараннем.
Дунчыль пахiснуўся, i здавалася, упадзе, але нечыя спагадлiвыя рукi падхапiлi яго. Тут апусцiлася пярэдняя заслона i схавала ўсiх, хто быў на сцэне.
Шалёныя апладысменты скаланулi залу гэтак, што Мiканору Iванавiчу здалося, быццам у люстрах задрыжалi агнi. А калi першая чорная заслона пайшла ўгору, на сцэне ўжо нiкога не было, акрамя адзiнокага артыста. Ён сарваў другi залп апладысментаў, раскланяўся i загаварыў:
- У асобе гэтага Дунчыля перад вамi выступаў у нашай праграме тыповы асёл. Я ж гаварыў учора, што тайнае захоўванне валюты не мае нiякага сэнсу. Выкарыстоўваць яе нiхто не можа нi пры якiх умовах, запэўнiваю вас. Возьмем хаця б гэтага Дунчыля. Ён атрымлiвае цудоўны аклад, у яго ўсё ёсць, цудоўная кватэра, жонка i прыгажуня каханка. Дык не, замест таго каб жыць цiха i мiрна, без усякiх непрыемнасцей, здаўшы валюту i каменьчыкi, гэты зайздросны дурань дамогся таго, што быў выкрыты пры ўсiх, i на закуску атрымаў вялiзную сямейную непрыемнасць. Ну, дык хто здае? Няма жадаючых? У такiм разе наступны нумар нашае праграмы - вядомы драматычны талент, артыст Сава Патапавiч Куралесаў, якi знарок запрошаны, каб выканаць урыўкi са "Скупога рыцара" паэта Пушкiна.
Абяцаны Куралесаў не марудзiў, з'явiўся на сцэне i аказаўся рослым i мясiстым голеным мужчынам у фраку i белым гальштуку.
Без усякага ўступу ён зрабiў хмуры твар, насупiў бровы i загаварыў ненатуральным голасам, касавурачыся на залаты званочак:
- Как молодой повеса ждет свидания с какой-нибудь развратницей лукавой...
I Куралесаў расказаў пра сябе многа нядобрага. Мiканор Iванавiч чуў, як Куралесаў прызнаваўся, што нейкая няшчасная ўдава выла, стоячы перад iм на каленях у дождж, але не кранула чорствага артыставага сэрца. Мiканор Iванавiч да свайго сну зусiм не ведаў твораў паэта Пушкiна, але самога яго ведаў цудоўна i кожны дзень па некалькi разоў гаварыў нешта падобнае на такое: "А за кватэру Пушкiн плацiць будзе?" альбо "Лямпачку на лесвiцы, значыць, Пушкiн выкруцiў?", "Нафту, значыць, Пушкiн купляць будзе?"
Цяпер, пасля знаёмства з адным з яго твораў, Мiканор Iванавiч засумаваў, уявiў жанчыну на каленях, з сiратамi на дажджы, i мiжволi падумаў: "А гэты Куралесаў усё ж тып!"
А той усё мацней i мацней каяўся i зусiм заблытаў Мiканора Iванавiча, таму што раптам пачаў звяртацца да некага, каго на сцэне i не было, i за гэтага адсутнага сам i адказваў, i называў сябе то "гасударам", то "баронам", то "бацькам", то "сынам", то на "вы", то на "ты".
Мiканор Iванавiч зразумеў толькi адно, што памёр артыст нядобраю смерцю, закрычаўшы напаследак: "Ключы! Ключы мае!" - пасля гэтага ўпаў на падлогу, хроп i асцярожна зрываў з сябе гальштук.
Пасля таго як памёрлы Куралесаў абтрос пыл з фрачных штаноў, пакланiўся, усмiхнуўся фальшываю ўсмешкаю i пайшоў пад слабенькiя апладысменты, канферансье загаварыў:
- Мы з вамi паслухалi ў цудоўным выкананнi Савы Патапавiча "Скупога рыцара". Гэты рыцар спадзяваўся, што лёгкiя нiмфы збягуцца да яго i адбудзецца яшчэ многа прыемнага. Але, як бачыце, нiчога не здарылася, нiякiя нiмфы не збеглiся да яго, а музы не прынеслi яму данiны, палацаў ён нiякiх не пабудаваў, а наадварот, скончыў вельмi дрэнна, памёр к д'яблу ад iнсульта на сваёй скрынцы з валютаю i камянямi. Папярэджваю вас, што i з вамi можа здарыцца нешта такое, а то i горшае, калi вы не здасце валюту!
Паэзiя Пушкiна зрабiла гэтакае ўражанне цi празаiчная прамова канферансье, але нечакана з залы пачуўся сарамлiвы голас:
- Я здаю валюту!
- Калi ласка, прашу на сцэну! - ветлiва запрасiў канферансье, углядаючыся ў цёмную залу.
I на сцэне апынуўся маленькага росту бялявы грамадзянiн, якi з выгляду не браў ужо тры тыднi ў рот.
- Вiнаваты, як ваша прозвiшча? - папытаўся канферансье.
- Канаўкiн Мiкалай, - сарамлiва абазваўся незнаёмы.
- А! Вельмi прыемна, грамадзянiн Канаўкiн, ну?
- Здаю! - цiха сказаў Канаўкiн.
- Колькi?
- Тысячу даляраў i дваццаць залатых дзесятак.
- Брава! Усё, што маеце?
Вядучы праграмы паглядзеў у вочы Канаўкiну, i Мiканору Iванавiчу здалося нават, што з гэтых вачэй пырснулi промнi, якiя пранiзалi Канаўкiна наскрозь, нiбы рэнтгенаўскiя. У зале перасталi нават дыхаць.
- Веру! - нарэшце ўскрыкнуў артыст i патушыў свой позiрк. - Веру! Гэтыя вочы не хлусяць. Колькi ж я вам гаварыў, што асноўная ваша памылка заключаецца ў тым, што вы недаацэньваеце значэння чалавечага позiрку. Зразумейце, язык можа ўтоiць праўду, а вочы - нiколi! Вам задаюць нечаканае пытанне, вы нават не ўздрыгваеце, iмгненна авалодваеце сабою i ведаеце, што трэба сказаць, каб утаiць праўду, i пераканаўча гаворыце, i нiводная маршчынка на вашым твары не здрыганецца, але ўстрывожаная пытаннем iсцiна на iмгненне скача з дна душы ў вочы, i ўсё скончана. Яна заўважана, а вы злоўлены!
Артыст прамовiў гэта палымяна i пераканаўча, ласкава пацiкавiўся ў Канаўкiна:
- А дзе ж схаваныя?
- У маёй цёткi, Парахоўнiкавай, на Прачысцiнцы...
- А! Гэта... пачакайце... гэта ў Клаўдзii Iльiнiчны?
- Ага.
- Ах, ну, ну, ну, ну! Такi маленькi асабнячок? Насупраць яшчэ агародчык? Ведаю, а як жа! А куды вы iх там запхнулi?
- У пограбе, у каробцы з-пад Эймена...
Артыст успляснуў рукамi.
- Цi бачылi вы нешта падобнае? - ускрыкнуў ён засмучана. - Ды яны там заплеснеюць, адсырэюць! Ну цi можна такiм людзям давяраць валюту?! Га? Ну зусiм як дзецi, дальбог!
Канаўкiн, i сам зразумеўшы, што нарабiў i як праштрафiўся, панурыў чубатую галаву.
- Грошы, - працягваў артыст, - павiнны захоўвацца ў дзяржбанку, у спецыяльных сухiх i ахоўваемых памяшканнях, а не ў цётчыных паграбах, дзе iх могуць, напрыклад, папсаваць пацукi! Дальбог, сорамна, Канаўкiн! Вы ж дарослы чалавек.
Канаўкiн ужо не ведаў, куды i дзецца, толькi i мог калупаць пальцам абшлаг свайго пiнжака.
- Ну, добра, - злiтаваўся артыст, - хто старое ўспомнiць... - i раптам дадаў нечакана: - Ага, дарэчы: за адзiн заход, каб машыну дарэмна не ганяць... у цёткi ў самое таксама нешта ёсць? Га?
Канаўкiн не чакаў такога павароту, разгубiўся, i ў тэатры настала маўчанне.
- Э-э, Канаўкiн, - з ласкавым дакорам сказаў канферансье, - а я яго яшчэ i пахвалiў! Вось табе i маеш, узяў ды i схаваў нi з таго нi з сяго! Глупства гэта, Канаўнiк! Я што гаварыў пра вочы? Вiдаць жа, што ў цёткi ёсць. Навошта вы дарэмна нас мучыце?
- Ёсць! - па-залiхвацку крыкнуў Канаўкiн.
- Брава! - крыкнуў канферансье.
- Брава! - зараўла зала.
Калi ўсё сцiхла, канферансье павiншаваў Канаўкiна, пацiснуў яму руку, прапанаваў адвезцi на машыне ў горад i ў той жа машыне загадаў некаму ў кулiсах заехаць па цётку i запрасiць яе ў жаночы тэатр на праграму.
- Ага, я хацеў спытацца, не гаварыла цётка, дзе хавае сваё? - пацiкавiўся канферансье, паслужлiва прапаноўваючы папяроску i запаленую запалу. Той запалiў i неяк сумна ўсмiхнуўся.
- Веру, веру, - уздыхнуў i адазваўся артыст, - гэта старая качарга не толькi сваяку, чорту не скажа пра такое. Ну што ж, паспрабуем абудзiць у ёй чалавека. Можа, яшчэ не ўсе струны пагнiлi ў яе лiхвярскай душы. Усяго добрага, Канаўкiн!
I шчаслiвы Канаўкiн паехаў. Артыст спытаў, цi няма жадаючых здаць валюту, але атрымаў у адказ маўчанне.
- Дальбог, дзiвакi, - пацiснуўшы плячыма, прамовiў артыст, i заслона схавала яго.
Патухлi лямпачкi, было цёмна, i з цемры быў чуваць тэнар, якi спяваў:
"Там груды золота лежат, и мне они принадлежат!"
Потым аднекуль здалёк двойчы пачулiся апладысменты.
- У жаночым тэатры дамачка нейкая здае, - нечакана загаварыў рыжы барадаты сусед Мiканора Iванавiча, уздыхнуў i дадаў: - Эх, каб не мае гусi! У мяне, дарагi мой чалавеча, байцовыя гусi ў Лiкнозаве. Здохнуць, баюся, без мяне. Птушка баявая, далiкатная, патрабуе догляду... Эх, каб не гусi!.. Пушкiным мяне не проймеш, - i ён зноў уздыхнуў.
Тут зала асвятлiлася, i Мiканору Iванавiчу пачало снiцца, што з усiх дзвярэй у залу пасыпалiся кухары ў белых каўпаках з рознымi лыжкамi ў руках. Кухарчукi ўцягнулi ў залу чан з супам i латок з нарэзаным чорным хлебам. Гледачы ажывiлiся. Вясёлыя кухары снавалi мiж тэатраламi, налiвалi суп у мiскi i раздавалi хлеб.
- Абедайце, хлопцы, - крычалi кухары, - i здавайце валюту! Чаго вам тут дарэмна сядзець? Ахвота вам сёрбаць гэтую баланду. Паехаў дадому, выпiў як след, добра закусiў!
- Ну чаго ты тут, напрыклад, сядзiш, бацька? - звярнуўся непасрэдна да Мiканора Iванавiча тоўсты, з малiнавай шыяй кухар, працягваючы яму мiску, дзе ў полiўцы плаваў адзiн капусны лiст.