Левiй паглядзеў на падножжа ўзгорка, на тое месца, дзе стаяў рассыпаны кавалерыйскi полк, i заўважыў, што там адбылiся вялiкiя перамены. З вышынi Левiю добра было вiдаць, як салдаты мiтусiлiся, вырывалi з зямлi пiкi, ахiлялiся плашчамi, каняводы подбегам спяшалiся да дарогi з варанымi коньмi на павадах. Полк ад'язджаў, гэта было зразумела. Левiй прыкрываў твар ад пылу, пляваўся i стараўся здагадацца, што гэта значыць, калi кавалерыя збiраецца ад'язджаць? Ён перавёў позiрк вышэй i ўгледзеў маленькую постаць у барвовай вайсковай хламiдзе, якая ўзыходзiла да пляцоўкi, на якой адбывалася пакаранне. I тут прадчуванне радаснага канца пахаладзiла сэрца былога зборшчыка падаткаў.
Той, хто ўзыходзiў на гару на пятай гадзiне пакут асуджаных, быў камандзiр кагорты, якi прыехаў з Ершалаiма ў суправаджэннi ардынарца. Салдацкi ланцуг па камандзе Крысабоя разамкнуўся, i кентурыён адсалютаваў трыбуну. Той адвёў убок Крысабоя i нешта шапнуў яму. Кентурыён другi раз адсалютаваў i рушыў да групкi катаў, якiя сядзелi на камянях ля слупоў. Трыбун сам накiраваўся да таго, хто сядзеў на трохногай табурэтцы, i чалавек ветлiва ўстаў насустрач трыбуну. I яму штосьцi цiха сказаў трыбун, i яны абодва падышлi да слупоў. Да iх далучыўся i начальнiк храмавай варты.
Крысабой гiдлiва зiрнуў на брудныя анучы, якiя ляжалi на зямлi ля слупоў, тое, што нядаўна было адзеннем злачынцаў, ад якога адмовiлiся каты, паклiкаў двух i загадаў:
- За мною!
З блiжэйшага слупа чулася хрыплая незразумелая песенька. Павешаны на iм Гестас на трэцяй гадзiне звяр'яцеў ад мух i ад сонца, i цяпер нешта цiхенька спяваў пра вiнаград, але галавой, якая была прыкрыта чалмою, зрэдку варушыў, i тады мухi нехаця ўзляталi з твару i потым зноў садзiлiся назад.
Дзiсмас на другiм слупе пакутаваў болей за астатнiх, таму што не трацiў прытомнасцi, i ён размерана матляў галавой у бакi, каб вухам даставаць да пляча.
Шчаслiвейшы быў Iешуа. На першай гадзiне ў яго пачалiся вобмаракi, а потым ён i зусiм самлеў, звесiў галаву ў развязанай чалме. Мухi i слепакi ўшчэнт абляпiлi яго, гэтак, што i твару не было вiдаць пад чорнай масай, якая варушылася. На пахвiне, на жываце, пад пахамi сядзелi тлустыя слепакi i ссалi жоўтае голае цела.
Падпарадкуючыся загаду чалавека ў башлыку, адзiн з катаў узяў кап'ё, а другi прынёс да слупа вядро з вадой i губку. Першы кат падняў кап'ё i пастукаў iм спачатку па адной, потым па другой руцэ Iешуа. Рукi былi выпрастаны i прывязаны да папярэчыны на слупе. Цела здрыганулася худымi рабрынамi. Кат правёў кончыкам кап'я па жываце. Iешуа падняў галаву, мухi загулi, узляцелi, адкрыўся твар павешанага, распухлы ад укусаў, з заплыўшымi вачыма, твар, якi нельга было пазнаць.
Га-Ноцры разляпiў павекi i зiрнуў унiз. Вочы ў яго, заўсёды ясныя, цяпер былi каламутныя.
- Га-Ноцры! - сказаў кат.
Га-Ноцры паварушыў распухлымi губамi i адазваўся хрыплым бандыцкiм голасам:
- Чаго ты хочаш? Чаго прыйшоў да мяне?
- Пi! - сказаў кат, i набрынялая ад вады губка на вастрыi кап'я прытулiлася да губ Iешуа.
Радасць блiснула ў яго ў вачах, ён прыпаў да губкi i прагна пачаў смактаць ваду. З суседняга слупа пачуўся голас Дзiсмаса:
- Несправядлiва! Я гэтакi ж бандыт, як i ён.
Дзiсмас напружыўся, але паварушыцца не змог, яго рукi ў трох месцах на перакладзiне былi прывязаны вяроўкамi. Ён уцягнуў жывот, пазногцямi ўпiўся ў канцы перакладзiны, галава была павернута да слупа, на якiм быў Iешуа, злосць палала ў Дзiсмасавых вачах.
Пыльная хмара закрыла пляцоўку, моцна пацямнела. Калi пыл праляцеў, кентурыён крыкнуў:
- Маўчаць на другiм слупе!
Дзiсмас змоўк. Iешуа адарваўся ад губкi, намогся, каб голас прагучаў ласкава i пераканаўча, але не змог, i хрыпла папрасiў у ката:
- Дай яму напiцца.
Рабiлася ўсё цямней. Хмара ўжо ахапiла паўнеба, iмкнула на Ершалаiм, белыя воблакi закiпалi i iмчалiся паперадзе напоенай чорнай вiльгаццю i агнём хмары. Блiснула i грымнула над самым узгоркам. Кат зняў губку з кап'я.
- Праслаўляй высакароднага iгемона! - урачыста прамовiў ён i цiхенька кальнуў Iешуа ў сэрца.
Той здрыгануўся, шапнуў:
- Iгемон...
Кроў пацякла ў яго па жываце, нiжняя скiвiца сутаргава ўздрыгнула, i галава абвiсла.
У час другое грымоты кат паiў ужо Дзiсмаса i з тымi самымi словамi:
- Праслаўляй iгемона! - забiў i яго.
Звар'яцелы Гестас спалохана ўскрыкнуў, як толькi кат апынуўся ля яго, але калi губка дакранулася да яго губ, нешта забурчаў, упiўся ў яе зубамi. Праз некалькi хвiлiн абвiсла i яго цела, як толькi дазвалялi вяроўкi.
Чалавек у башлыку iшоў услед за катам, а за iм начальнiк храмавай варты. Чалавек у башлыку спынiўся ля першага слупа, уважлiва агледзеў скрываўленага Iешуа, дакрануўся белай рукою да ступака i сказаў спадарожнiкам:
- Мёртвы.
Тое ж самае паўтарылася i каля двух астатнiх слупоў. Пасля гэтага трыбун падаў знак кентурыёну, завярнуўся i пачаў сыходзiць з вяршынi разам з начальнiкам храмавай варты i чалавекам у башлыку. Зрабiлася змрочна, маланкi кроiлi неба. З яго раптам палыхнула агнём, i крык кентурыёна "Здымай ланцуг!" патануў у грымотах. Шчаслiвыя салдаты кiнулiся бегчы з узгорка i надзявалi шлемы. Цемра накрыла Ершалаiм.
Лiвень абрынуўся нечакана i заспеў кентурыi на паўдарозе на ўзгорку. Вада лiлася гэтак, што, калi салдаты беглi ўнiз, наўздагон iм ужо ляцелi бурлiвыя раўчукi. Салдаты слiзгалiся i падалi на размоклай глiне, спяшалiся да роўнае дарогi, па якой - ужо ледзь бачная скрозь дождж, - прамоклая ўшчэнт, уваходзiла ў Ершалаiм кавалерыя. Праз некалькi хвiлiн у дымным варыве навальнiцы, вады i агню на ўзгорку застаўся толькi адзiн чалавек. Ён пагражаў недарэмна ўкрадзеным нажом, зрываўся са слiзкiх выступаў, чапляўся за што толькi можна было зачапiцца, часам поўз на каленях, - ён iмкнуўся да слупоў. Ён то знiкаў у суцэльнай iмгле, то раптам асвятляўся дрыготкiм святлом.
Як толькi дабраўся да слупоў, ужо па костачкi ў вадзе, ён скiнуў з сябе цяжкi, набрынялы ад вады талiф, застаўся ў адной кашулi i прыпаў да ног Iешуа. Ён перарэзаў вяроўкi на нагах, узлез на нiжнюю папярочку, абняў Iешуа i вызвалiў яго рукi ад верхнiх вяровак. Голае мокрае цела Iешуа ўпала на Левiя i павалiла яго на зямлю. Левiй хацеў адразу ўскiнуць яго на плечы, але нейкая думка затрымала яго. Ён пакiнуў на зямлi ў вадзе цела нябожчыка з адкiнутай галавой i раскiнутымi ў бакi рукамi i пабег да астатнiх слупоў. Ногi ў яго раз'язджалiся на мокрай глiне. Ён перарэзаў вяроўкi i на астатяiх слупах, i два целы ўпалi на зямлю.
Праз некалькi хвiлiн на вяршынi ўзгорка засталiся толькi гэтыя два целы i тры пустыя слупы. Вада гнала i пераварочвала нябожчыкаў.
Нi Левiя, нi цела Iешуа на вяршынi ўзгорка ў гэты час ужо не было.
Раздзел 17
ТУРБОТНЫ ДЗЕНЬ
Ранiцай у пятнiцу, гэта значыць назаўтра пасля праклятага сеанса, увесь штат служачых Вар'етэ - бухгалтар Васiль Сцяпанавiч Ластачкiн, два рахункаводы, тры машынiсткi, абедзве касiршы, кур'еры, капельдынеры i прыбiральшчыцы, - адным словам усе, хто быў тут, не займалiся справаю кожны на сваiм месцы, а ўсе сядзелi на падаконнiках вокнаў, якiя выходзiлi на Садовую, i глядзелi на тое, што рабiлася пад сцяною Вар'етэ. Пад гэтаю сцяною ў два рады ляпiлася шматтысячная чарга, хвост якой быў ажно на Кудрынскай плошчы. У пачатку гэтае чаргi стаялi дзесяткi два добра вядомых усёй тэатральнай Маскве перакупшчыкаў.
Чарга паводзiла сябе ўсхвалявана, прыцягвала да сябе ўвагу грамадзян, якiя цяклi паўз яе, i абмяркоўвала спакуслiвыя расказы пра ўчарашнi небывалы сеанс чорнае магii. Гэтыя расказы ўшчэнт збянтэжылi бухгалтара Васiля Сцяпанавiча, якi на спектаклi не быў. Капельдынеры расказвалi чортведама што, а таксама i пра тое, як пасля сеанса некаторыя грамадзяне ў непрыстойным выглядзе бегалi па вулiцы, i яшчэ, i яшчэ... Сцiплы i цiхi Васiль Сцяпанавiч толькi вачыма лыпаў, слухаючы гэтыя расказы пра ўсе тыя дзiвосы, i канчаткова не ведаў, што яму рабiць, а рабiць нешта трэба было, i рабiць яму, бо цяпер ён быў сама старшы з усяе каманды ў Вар'етэ.
Пад дзесяць гадзiн ранiцы чарга гэтак разбрыняла, што пра яе дайшлi чуткi да мiлiцыi, i надзiва хутка былi прысланы не толькi пешыя, але i конныя нарады, якiя гэтую чаргу крыху давялi да ладу. Аднак i гэтая ўпарадкаваная вужака, даўжынёю з добры кiламетр, сама па сабе была спакуслiвая i здзiўляла грамадзян на Садовай.
Гэта звонку, а ў самiм Вар'ерэ таксама не было ладу. З самага ранку пачалi званiць бесперастанку тэлефоны ў кабiнеце ў Лiхадзеева, у кабiнеце ў Рымскага, у бухгалтэрыi, у касе i ў кабiнеце ў Варэнухi. Васiль Сцяпанавiч спачатку нешта спрабаваў адказваць, адказвала i касiрка, мармыталi нешта ў слухаўку капельдынеры, а потым i яны перасталi адказваць, таму што на пытаннi, дзе Лiхадзееў, Варэнуха, Рымскi, адказаць было немагчыма. Спачатку паспрабавалi адгаварыцца "Лiхадзееў дома", а з горада адказвалi, што тэлефанавалi дадому i што там адказваюць, што Лiхадзееў у Вар'етэ. Патэлефанавала ўсхваляваная панi, пачала патрабаваць Рымскага, ёй параiлi патэлефанаваць жонцы, у адказ слухаўка заплакала i адказала, што яна i ёсць яго жонка i што Рымскага няма нiдзе. Усчалося чортведама што. Прыбiральшчыца ўжо расказала ўсiм, што калi зайшла ў кабiнет фiндырэктара, каб прыбраць, убачыла, што дзверы адчынены насцеж, лямпы гараць, акно ў сад пабiта, крэсла валяецца на падлозе i няма нiкога.
На пачатку адзiнаццатае гадзiны ўварвалася ў Вар'етэ панi Рымская. Яна плакала i заломлiвала рукi. Васiль Сцяпанавiч зусiм разгубiўся i не ведаў, што параiць. А палове адзiнаццатае з'явiлася мiлiцыя. Першае i зусiм правамернае пытанне было:
- Што тут у вас, грамадзяне, адбываецца? Што здарылася?
Каманда падалася назад, выставiла наперад збялелага i ўсхваляванага Васiля Сцяпанавiча. Давялося гаварыць тое, што ёсць, прызнацца, што адмiнiстрацыя Вар'етэ, якую ўвасаблялi дырэктар, фiндырэктар i адмiнiстратар, знiкла i дзе знаходзiцца - невядома, што канферансье пасля ўчарашняга сеанса завезлi ў псiхiятрычную бальнiцу i што, калi коратка сказаць, учарашнi сеанс быў скандальны сеанс.
Заплаканую панi Рымскую як маглi супакоiлi, адправiлi дадому i больш за ўсё зацiкавiлiся расказам прыбiральшчыцы пра тое, якi быў кабiнет фiндырэктара, калi яна зайшла. Служачых папрасiлi разысцiся на свае месцы i пачаць работу, i хутка ў памяшканнi Вар'етэ з'явiлася следства з вастравухiм, мускулiстым, пад колер папяроснага попелу сабакам з надзвычай разумнымi вачыма. Служачыя Вар'етэ адразу пачалi шушукацца, што сабака той самы знакамiты Тузбубен. Вядома, гэта быў ён. Яго паводзiны здзiвiлi ўсiх. Як толькi Тузбубен убег у фiндырэктарскi кабiнет, адразу загырчаў, выскалiў страшныя жаўтаватыя iклы, потым лёг на жывот, з нейкiм сумам i лютасцю ў вачах папоўз да выбiтага акна. Пераадолеў страх, раптоўна ўскочыў на падаконнiк, задраў угору вострую морду, люта i злосна завыў. Ён не хацеў пакiдаць акно, гырчаў i ўздрыгваў, парываўся саскочыць унiз.
Сабаку вывелi з кабiнета i пусцiлi ў вестыбюлi, адтуль ён выйшаў праз галоўны ўваход на вулiцу i прывёў следства да таксаматорнага прыпынку. Каля яго ён след, па якiм iшоў, згубiў. Пасля гэтага Тузабубена адвезлi.
Следства размясцiлася ў кабiнеце ў Варэнухi, куды i пачало па чарзе выклiкаць тых служачых у Вар'етэ, якiя ўчора былi сведкамi здарэнняў на вячэрнiм спектаклi. Варта адзначыць, што следству на кожным кроку даводзiлася пераадольваць непрадбачаныя цяжкасцi. Нiтачка рвалася i рвалася ў руках.
Афiшы былi? Былi. Але за ноч iх пазаклейвалi новымi, i цяпер няма нiводнае, хоць ты забiся. Адкуль узяўся гэты самы маг? Бог яго ведае. Атрымлiваецца, з iм быў заключаны дагавор?
- Павiнен, - адказаў усхваляваны Васiль Сцяпанавiч.
- А калi быў дагавор, то ён павiнен прайсцi праз бухгалтэрыю.
- Абавязкова, - адказаў усхвалявана Васiль Сцяпанавiч.
- Дык дзе ж ён?
- Няма, - адказаў бухгалтар, яшчэ больш пабялеў i развёў рукамi.
I сапраўды, нi ў папках у бухгалтэрыi, нi ў фiндырэктара, нi ў Лiхадзеева, нi ў Варэнухi i следу дагавора няма.
Якое прозвiшча ў гэтага мага? Васiль Сцяпанавiч не ведае, ён учора не быў на сеансе. Капельдынеры не ведаюць, бiлетная касiрка моршчыла лоб, моршчыла, думала-думала, нарэшце сказала:
- Во... Здаецца, Воланд.
А магчыма, i не Воланд? Магчыма, што i не. Магчыма, Фоланд.
Высветлiлася, што ў замежным бюро нi пра якога мага Воланда, а таксама i пра Фоланда i чуць нiчога не чулi.
Кур'ер Карпаў паведамiў, што нiбыта гэты самы маг спынiўся на кватэры ў Лiхадзеева. На кватэру, вядома ж, адразу з'ездзiлi. Нiякага мага там не аказалася. Самога Лiхадзеева таксама няма. Хатняе работнiцы Грунi няма, i нiхто не ведае, дзе яна дзелася. Старшынi праўлення Мiканора Iванавiча няма, Пролежнева няма!
Атрымлiвалася нешта зусiм несусветнае - знiкла ўся галоўка адмiнiстрацыi, учора адбыўся дзiўны скандальны сеанс, а хто яго арганiзаваў i па чыёй падказцы - невядома.
А час iшоў, наблiжаўся поўдзень, калi павiнна адчынiцца каса. Але пра гэта i гаворкi быць не можа! На дзвярах Вар'етэ неадкладна павесiлi вялiзны кавалак кардону з надпiсам: "Сёння спектакль адмяняецца". У чарзе пачалося хваляванне, з галавы спачатку, але чарга пахвалявалася-пахвалявалася i пакрысе пачала распадацца, i прыкладна праз гадзiну ад яе i следу не засталося. Следства паехала працягваць работу ў iншым месцы, служачых адпусцiлi, пакiнулi толькi дзяжурных, i дзверы Вар'етэ замкнулi.
Бухгалтару Васiлю Сцяпанавiчу тэрмiнова трэба было выканаць два заданнi. Першае, з'ездзiць у Камiсiю вiдовiшчаў i забаў аблегчанага тыпу з дакладам пра ўчарашнiя здарэннi, другое - пабыць у фiнглядацкiм сектары, каб здаць учарашнюю выручку - 21 711 рублёў.
Акуратны i паслухмяны Васiль Сцяпанавiч запакаваў грошы ў газетную паперу, вяровачкаю перавязаў пакет накрыж, паклаў яго ў партфель i, згодна з iнструкцыяй, вядома ж, пайшоў не на аўтобус, а на таксаматорны прыпынак.
Як толькi шафёры трох машын угледзелi чалавека з туга напакаваным партфелем, якi спяшаўся на прыпынак, усе трое з-пад самага носа паехалi ўпустую ды яшчэ чамусьцi i злосна азiралiся.
Уражаны гэтай акалiчнасцю, бухгалтар доўга стаяў слупком, не мог зразумець, што гэта магло абазначаць.
Хвiлiны праз тры пад'ехала парожняя машына, i твар у шафёра адразу скрывiўся, як толькi ён убачыў пасажыра.
- Машына свабодная? - здзiўлена кашлянуў i спытаўся Васiль Сцяпанавiч.
- Грошы пакажыце, - злосна сказаў шафёр i не глянуў на пасажыра.
Бухгалтар, усё болей i болей нiчога не разумеючы, цiснуў партфель пад пахай, дастаў з кашалька чырвонец i паказаў шафёру.
- Не паеду! - коратка адказаў той.
- Прабачце... - пачаў Васiль Сцяпанавiч, але шафёр перапынiў яго:
- Траячкi ёсць?
Зусiм збiты з панталыку бухгалтар дастаў дзве траячкi i паказаў шафёру.
- Сядайце, - крыкнуў той i гэтак ляпнуў па сцяжку лiчыльнiка, што ледзь не зламаў яго. - Паехалi.
- Рэшту даваць няма чым, цi што? - нясмела спытаўся бухгалтар.
- Цэлая кiшэня рэшты! - крыкнуў шафёр, i ў люстэрку нават былi вiдаць яго набеглыя крывёй вочы. - Сёння трэцi выпадак у мяне. Ды i з iншымi было. Дае нейкi сучы сын чырвонец, я яму рэшту - чатыры пяцьдзесят... вылез, свалата! Хвiлiн праз пяць гляджу: замест чырвонца наклейка з нарзаннае бутэлькi! - Тут шафёр выдаў некалькi слоў не для друку. - Другi - на Зубаўскай. Чырвонец. Даў тры рублi рэшты. Пайшоў! Я палез у кашалёк - адтуль пчала - джыг у палец! Ух ты... - шафёр зноў уклеiў словы не для друку, - а чырвонца няма. Учора ў гэтым Вар'етэ (зноў лаянка) нейкая гадзiна-фокуснiк сеанс з чырвонцамi ўтварыў (лаянка).
Бухгалтар аслупянеў, сцяўся ўвесь i прытварыўся, што нават i само слова "Вар'етэ" чуе ўпершыню, а сам падумаў:
"Ну i ну!..."
Даехалi добра, бухгалтар разлiчыўся, увайшоў у будынак i пакiраваў па калiдоры туды, дзе знаходзiўся кабiнет загадчыка, i ўжо па дарозе зразумеў, што прыехаў не ў час. Нейкая мiтусня панавала ў канцылярыi Камiсii вiдовiшчаў. Паўз бухгалтара прабегла кур'ерша з хусткаю на патылiцы i з вытрашчанымi вачыма.
- Няма, няма, даражэнькiя мае, - крычала яна невядома каму, - пiнжак i штаны тут, а ў пiнжаку нiчога няма!
Яна знiкла за нейкiмi дзвярыма, i адразу пачулася, як там б'юць посуд. З сакратарскага пакоя вылецеў знаёмы бухгалтару загадчык першага сектара камiсii, але ў такiм стане, што бухгалтара не пазнаў, i знiк бясследна.
Уражаны ўсiм гэтым, бухгалтар дайшоў да сакратарскага пакоя, якi папярэднiчаў кабiнету старшынi камiсii, i тут канчаткова быў уражаны.
Праз зачыненыя дзверы чуўся грозны голас, якi несумненна належаў Прохару Пятровiчу - старшынi камiсii. "Дае некаму дыхту, цi што?" - падумаў спалоханы бухгалтар, азiрнуўся i ўбачыў iншае: на скураным крэсле, з адкiнутай галавой, нястрымна плачучы, ляжала, выцягнуўшы ногi амаль на сярэдзiну сакратарскага пакоя, асабiстая сакратарка Прохара Пятровiча - прыгажуня Ганна Рычардаўна.
Увесь падбародак у Ганны Рычардаўны быў у памадзе, а па персiкавых шчоках паўзлi з павек чорныя струменi раскiслае фарбы.
Ганна Рычардаўна ўбачыла, што нехта зайшоў, усхапiлася, кiнулася да бухгалтара, учапiлася за адвароты яго пiнжака, пачала трэсцi i крычаць:
- Дзякуй богу! Хоць адзiн смелы знайшоўся! Усе разбеглiся! Усе здрадзiлi! Пайшлi, пайшлi да яго, я не ведаю, што мне рабiць! - Яна працягвала плакаць наўзрыд i цягнула бухгалтара ў кабiнет.
Як толькi ўвайшоў у кабiнет, бухгалтар упусцiў долу партфель, i ў галаве ў яго ўсё пайшло кругам. I было з-за чаго.
За вялiзным пiсьмовым сталом з вялiзнаю чарнiлiцай сядзеў пусты гарнiтур i сухiм пяром вадзiў па паперы. Гарнiтур быў з гальштукам, з кiшэнькi тырчала пяро самапiскi, але над каўняром не было нi шыi, нi галавы, гэтаксама як з рукавоў не вiдаць было i рук. Гарнiтур засяроджана працаваў i зусiм не заўважаў усяго таго вэрхалу, якi панаваў навокал. Гарнiтур пачуў, што нехта ўвайшоў, адкiнуўся да спiнкi сядзення, i над каўняром прагучаў добра знаёмы бухгалтару голас Прохара Пятровiча:
- Што такое? На дзвярах напiсана, што я не прымаю.
Прыгажуня сакратарка аж вiскнула, заламала рукi i закрычала:
- Вось бачыце? Бачыце? Няма яго! Няма! Вярнiце яго, вярнiце!
Тут нехта ўсунуўся ў дзверы i адразу ж вылецеў прэч. Бухгалтар адчуў, што ногi ў яго задрыжалi, прысеў на краёк крэсла, але партфель падняць не забыўся. Ганна Рычардаўна танцавала вакол бухгалтара, скубла яго за пiнжак i крычала:
- Я вечна гаварыла яму, калi ён чорта ўспамiнаў! Вось i даўспамiнаўся, тут прыгажуня падбегла да пiсьмовага стала i напеўным пяшчотным голасам, крыху гугнявым пасля плачу, усклiкнула: