Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з'еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.
Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.
- Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, - цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.
- Папрашу мяне не вучыць, - адказаў Бегемот, - ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!
- Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, - трашчаў Кароўеў, - з блiзкiмi табе...
- Не, Фагот, - пярэчыў кот, - баль мае сваю асалоду i размах...
- Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, - сказаў Воланд.
- Слухаю, месiр, - сказаў кот, - калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.
- Ты глядзi! - адказаў Воланд.
- Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.
- Тыграў не ядуць, - сказала Гела.
- Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:
- Хлусня!
- I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова.
- Ага, хлусня? - ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас.
- А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?
- Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.
- Я гэтак хвалявалася! - усклiкнула Маргарыта. - Гэта здарылася неспадзявана.
- Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:
- Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!
- У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.
- Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?
- Вядома, не было чуваць, каралева, - растлумачыў Кароўеў, - гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.
- Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...
- Правiльна, правiльна!.. - крычаў Кароўеў. - Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!
- Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? - сказала Маргарыта.
- Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! - адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.
- Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. - Вы, мабыць, добра страляеце?
- Нармалёва, - адказаў Азазела.
- А на колькi крокаў? - задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.
- А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць.
- У сэрца! - усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. - У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.
- Што гэта за крытык Латунскi? - спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.
Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:
- Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.
- Вось табе i маеш! А за што?
- Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра.
- А навошта было самой старацца? - спытаўся Воланд.
- Дазвольце мне, месiр! - ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.
- Ды сядзi ты, - буркнуў Азазела i ўстаў, - я сам зараз з'езджу...
- Не! - усклiкнула Маргарыта. - Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!
- Як хочаце, як хочаце, - адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.
- Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? - гаварыў Кароўеў. - Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, - Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, - на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.
Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:
- Дык iх не вiдаць!
- Дарагая, - трашчаў Кароўеў, - у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!
Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула:
- Гатова!
Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта.
- Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму.
- Дарагая мая каралева, - пiшчаў Кароўеў, - я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага.
Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў:
- Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!
Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.
- Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! - завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.
Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.
- Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! - крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.
- Магу паспрачацца, - сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, - што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.
Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута.
- Не можа гэтага быць, - гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка.
Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду:
- Вiдаць, мне час ужо... Позна...
- Куды вы спяшаецеся? - спытаў Воланд ветлiва, але стрымана.
Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму.
- Ага, пара, - зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну.
Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце.
- Дзякуй вам, месiр, - ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда.
Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? "Не, нiколi!" - сказала яна сама сабе.
- Усяго вам добрага, месiр, - прамовiла яна, а сама падумала: "Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся".
- Сядзьце! - раптам загадаў Воланд.
- Сядзьце! - раптам загадаў Воланд.
Маргарыта змянiлася з твару i села.
- Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне?
- Не, нiчога, месiр, - ганарлiва адказала Маргарыта, - акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы. - Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi.
- Правiльна! Вы гаворыце правiльна! - моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба!
- Гэтак i трэба! - рэхам паўтарыла Воландава свiта.
- Гэта было выпрабаванне, - сказаў Воланд, - нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына. - Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку. - Ну, Марго, - працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, - чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў.
Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць.
- Ну, чаго вы, смялей! - падахвочваў Воланд. - Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек - жанчына. Ну?
Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. "Фрыда! Фрыда! Фрыда! - стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны. - Мяне завуць Фрыда!" I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла:
- Значыць, я магу папрасiць... папрасiць адну паслугу?
- Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, - адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, - запатрабаваць адну паслугу!
Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, - "адну паслугу"!
Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала:
- Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця.
Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi.
- Калi ўлiчыць, - загаварыў Воланд, - што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца - гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, - я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно - набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi!
- Пра што вы гаворыце, месiр? - здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы.
- Цалкам згодны з вамi, месiр, - умяшаўся ў гаворку кот, - менавiта анучамi! - i кот раззлавана грукнуў па стале.
- Я гавару пра мiласэрнасць, - тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока. - Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы.
- I я пра гэта кажу! - усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы.
- Пайшоў прэч, - сказаў яму Воланд.
- Я кавы яшчэ не пiў, - адказаў кот, - як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны - першае, а другiя - як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi?
- Змоўкнi, - загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: - Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек?
- Не, - гучна адказала Маргарыта, - я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася.
- А, - сказаў Воланд, - гэта зразумела.
- Дык вы зробiце? - цiха спытала Маргарыта.
- Нiколi, - адказаў Воланд, - справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi...
- Вядома, намнога большыя, - не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi.
- Замоўкнi, чорт пабяры! - сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: - Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi.
- А хiба маё жаданне збудзецца?
Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў.
- Ды рабiце, вось марока мне, - прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай.
- Ну, Фрыда... - падказаў Кароўеў.
- Фрыда! - пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала:
- Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць.
Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй.
- Дзякуй вам, бывайце, - сказала Маргарыта i ўстала.
- Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, - загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: - Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?..
Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:
- Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.
- Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, - сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.
I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi - у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.
Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:
- Ты... ты... ты...
Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:
- Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, - ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: - Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi...
Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:
- Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою...
Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.
- Сапраўды, - загаварыў Воланд пасля маўчання, - яго сапраўды моцна скалечылi. - Ён загадаў Кароўеву: - Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.
Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:
- Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!
Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.
- На шчасце! На шчасце! - зашаптаў Кароўеў Маргарыце. - Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.
Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны.
- Гэта сапраўды ты, Марго? - спытаў месячны госць.
- Не сумнявайся, гэта я, - адказала Маргарыта.
- Яшчэ! - загадаў Воланд.
Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi.
- Ну вось, цяпер iншая справа, - сказаў Воланд i прымружыўся, - цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце?
- Цяпер я нiхто, - адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся.
- Вы адкуль зараз?
- З вар'яцкага дома. Я - псiхiчна хворы чалавек, - адказаў прышэлец.
Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала:
- Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага!
- Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, - спытаўся ў прышэльца Воланд, - у каго вы зараз знаходзiцеся?
- Ведаю, - адказаў майстар, - маiм суседам у вар'яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас.
- Ну, вядома, вядома, - адказваў Воланд, - я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар'яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я?