- Дык ты паверыў усiм гэтым байкам?! - расхваляваўся хлопчык. - Ну, вядома ж, ты тут чужынец i не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамiтая сваiмi выдумшчыкамi. А сказаць табе, што для iх сама галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам iх не кармi - падавай бойку! Усё роўна якую: сабакi - добра, пеўнi - добра, цмокi - яшчэ лепш! Мiж iншым, нават цяпер у стайнi яны трымаюць нi ў чым не вiнаватага барсука. Яны збiралiся пазабавiцца з iм сёння ўвечары, але з'явiўся ты - яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкi пераконвалi цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму што будзеш змагацца за добрую справу. Цi не так? Але якраз у гэтую хвiлiну яны б'юцца аб заклад i ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока!
- Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! - сумна прамармытаў Святы Георг i паклаў галаву на рукi. - Так, свет поўны зла, i часам падаецца, што яно iснуе само па сабе i зусiм не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. I ўсё ж, Святы Георг насцярожана падняў галаву, - можа, каварная iстота цябе сюды паслала з тайным намерам абялiць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?
Скончыўшы прамову, Святы Георг зiрнуў на хлопчыка i, схамянуўшыся, пашкадаваў аб сваiх словах - у хлопчыка быў яўна расчараваны i непрыемна здзiўлены выгляд.
- Я клянуся табе, Святы Георг, - шчыра сказаў ён, - нiчога такога ў яго чыста прыбранай пячоры няма. Цмок сапраўдны джэнтльмен - ад носа да кончыка хваста. I ён быў бы неверагодна шакiраваны i засмучаны, калi б пачуў, як вольна ты разважаеш пра рэчы, наконт якiх у яго вельмi кансэрватыўныя погляды.
- Ну, прабач, калi ласка, вiдаць, я сапраўды занадта даў веры ўсiм гэтым гiсторыям i пакрыўдзiў нi ў чым не вiнаватую жывёлу. Але што нам рабiць цяпер? Паводле правiлаў, мы з цмокам павiнны прагнуць крывi i смерцi адзiн другога. Я не бачу нiякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзiш справу?
- Ну вось, тое самае сказаў цмок, - уздыхнуў хлопчык. - Ваш з цмокам давер вельмi мяне кранае, але што з таго... А ты не можаш проста цiхенька з'ехаць адсюль?
- Не, баюся, гэта немагчыма, - у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг. - Не па правiлах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.
- Ну, тады вось што, - прапанаваў хлопчык. - Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзiм да цмока i там абмяркуем нашае становiшча. Ён жыве недалёка i будзе рады бачыць любога майго сябра.
- Гэта таксама не па правiлах. Я нiколi не наносiў вiзiты цмокам, адказаў Святы Георг, устаючы. - Але, напэўна, нiчога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына, - дадаў ён, скiроўваючы да дзвярэй. - Не кожны можа пахвалiцца такiм сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, i нiякай бойкi не будзе.
- Але ж я спадзяюся, што будзе, - адказаў верны цмокаў сябар.
- Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! - гучна паведамiў хлопчык.
Цмок, якi салодка драмаў, адразу прачнуўся.
- Я тут крыху задумаўся, - сказаў ён. - Вельмi прыемна пазнаёмiцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор'е...
- Гэта Святы Георг, - абсек яго хлопчык. - Святы Георг, дазволь пазнаёмiць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлi сюды, каб спакойна i сур'ёзна абмеркаваць нашае становiшча. Таму я буду вельмi ўдзячны, калi ты забудзешся на ўсе свае высокiя iдэi i тэорыi i падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому. Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае мацi.
- Вельмi рады сустрэчы, Святы Георг, - знервавана пачаў цмок, - я чуў, што ты вядомы падарожнiк, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, i калi цябе зацiкавяць гiстарычныя помнiкi, якiя захавалiся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем...
- Мне падаецца, - прыязна перапынiў яго Святы Георг, - што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра i паспрабаваць знайсцi выйсце, якое б задаволiла i цябе, i мяне. Сама простае, на мой погляд, - зрабiць усё па правiлах - зладзiць бойку, i няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, - дадаў ён, - там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.
- Цмок! Ну, пагадзiся, калi ласка! Як будзе цудоўна! - узрадаваўся хлопчык.
- Мой юны сябар, змоўкнi зараз жа! - сурова спынiў яго цмок. - Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамi, маiмi адзiнымi сябрамi, просьбу. Але ж усё гэта - поўная бязглуздзiца, дзiкунскiя норавы i агульная тупалобасць. Уся справа выскваркi не вартая. Зразумейце: бiцца я не збiраюся, i таму няма пра што нават гаворку весцi.
- Але ж я, вiдаць, магу прымусiць цябе бiцца?! - неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.
- Нi ў якiм разе! - з трыюмфам адказаў цмок. - Я залезу ў сваю глыбокую нару i буду там спакойна адпачываць. I табе вельмi хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькi ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў - бо, шчыра кажучы, гэтыя мясцiны прыйшлiся мне даспадобы, i я думаю тут застацца.
Пэўны час Святы Георг моўчкi пазiраў на прыгожы краявiд. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:
- Ты толькi паглядзi, якое чароўнае месца для бойкi! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугi гор, мае залатыя даспехi на фоне тваёй блакiтнай скуры, якая ажно зiхцiць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца вiдовiшча!
- Напiнаеш на мае мастацкiя схiльнасцi? - усмiхнуўся цмок. - Нiчога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карцiна магла б быць цудоўная, дадаў ён, крыху завагаўшыся.
- Ну, нарэшце, - узрадаваўся хлопчык, - здаецца, мы пачынаем наблiжацца да справы. Ты ж павiнен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялiкае жаданне зноў лезцi ў гэтую старую брудную нару i сядзець там да скону.
- Цывiлiзаваныя людзi заўсёды могуць дамовiцца, - разважна сказаў Святы Георг. - Мне трэба будзе праткнуць цябе дзiдай, тут ужо нiчога не зробiш, але зусiм не абавязкова рабiць табе балюча. Ты такi вялiзны, што ёсць, прынамсi, некалькi неiстотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмi балюча.
- Не, Георг, - засаромеўся цмок, - гэтае месца зусiм не падыходзiць. Нават калi мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе i нават вельмi), але нават калi не будзе, дык будзе козытна - я зарагачу i ўсё сапсую.
- Добра, - цярплiва ўздыхнуў Святы Георг, - а калi вось тут, пад падбароддзем, - тут у цябе такiя тоўстыя складкi ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.
- Так яно так, але ж цi здолееш ты патрапiць дзiдай туды, куды трэба? захваляваўся цмок.
- Ну вядома! - пакрыўджана запэўнiў яго Святы Георг. - Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзiся на мяне.
- Менавiта таму я i хвалююся, што нiчога iншага мне не застаецца, - крыху раздражнёна адказаў цмок. - О, я ведаю, ты будзеш вельмi шкадаваць, калi выпадкова, у спешцы, зробiш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, - дадаў ён па-фiласофску, - часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.
- Паслухай, цмок, - незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, - нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?
- Святы Георг, - звярнуўся цмок да рыцара, - растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?
- Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.
- Абсалютна верна, - падцвердзiў цмок. - А потым?
- Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, - працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.
- Так, так, - падганяў яго цмок, - а потым?..
- А потым... потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды...
- Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, - банкет - сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, - сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, - я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра - Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць... Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым... але ўжо даволi позна...
- Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, - зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. - Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе - усякае там цмакаванне, полымевывярганне.
- З цмакаваннем усё будзе як мае быць, - даверлiва адказаў цмок, - а вось полымевывярганне... Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!
Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.
- Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! - крыкнуў ён. - Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?
- Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! - крыкнуў ён. - Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?
Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.
- Я памiраю ад стомы, - прастагнаў ён. - Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.
Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок... Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай - каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.
Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.
Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?
Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.
Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.
Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.
"Давай, цмок! Давай!" - шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.
Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў "святых i цмокаў", гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.
Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: "Вооо-ох!" Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.
- Выдатна, цмок! - з захапленнем закрычаў хлопчык. - Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, - дадаў ён цiшэй.
Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь...
- Прамахнуўся!!! - залямантаваў натоўп.
Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.
Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.
"Першы раўнд скончыўся, - падумаў хлопчык. - Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!"
Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.
"Ага, значыць, у iх усё спланавана, - зразумеў хлопчык. - Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?"
Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi - ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.
Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.
- Наперад!!! - грымнулi гледачы.
Цмок адразу перастаў цмакаваць i, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакi вялiкiмi нязграбнымi скачкамi i пры гэтым вiшчаў, як чырванаскуры iндзеец. Не дзiва, што такiя паводзiны збянтэжылi каня, i ён так хутка i рэзка кiнуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошнi момант учапiцца за конскую грыву. Калi ён праносiўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамi i паспрабаваў ухапiць каня за хвост. Бедная жывёлiна, напалохаўшыся ледзь не да смерцi, паiмчала наўзгалоп, зусiм ужо не разбiраючы дарогi. У Святога Георга вылецела са стрэменi нага, i цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусiць каня спынiцца.
Пасля другога раўнда гледачы пачалi голасна вiтаць цмока. Было вiдаць, што iм спадабалiся ягоныя спартовыя паводзiны. Да цмока, якi гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзi i высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмi шчаслiвы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.
Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.
Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.
- Усё было цудоўна, Святы Георг, - выдыхнуў ён. - Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?
- Не думаю, - адказаў рыцар. - Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.
Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.
- Не хвалюйся, - сказаў ён, - я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.
Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга - аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi - усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.
Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забiты, i, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калi ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хiтра падмiргнуў хлопчыку i зноў "знепрытомнеў". Ён быў сапраўды моцна прышпiлены да зямлi, але дзiда патрапiла якраз у дамоўленае месца, так што крывi не пралiлося нi кроплi.
- Хiба вы не збiраецеся адсячы яму галаву, сэр? - спытаў у Святога Георга адзiн з тых, хто ставiў на цмока i цяпер, зразумела, прагнуў помсты.
- Мне здаецца, што сёння гэта рабiць не варта, - прыязна ўсмiхнуўшыся, адказаў Святы Георг. - Цяпер жа гэта можна зрабiць калi заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з iм сур'ёзна пагутару i спадзяюся, ён зразумее свае памылкi.
Пачуўшы магiчнае "падмацуемся", натоўп выстраiўся роўнымi шэрагамi i чакаў сiгналу выступаць. Час, калi можна было балбатаць, вiтаць, бiцца аб заклад, мiнуўся - настаў час дзейнiчаць. Ухапiўшы дзiду абедзвюма рукамi, Святы Георг выцягнуў яе з зямлi i вызвалiў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл i ўважлiва агледзеўся - цi добра ён выглядае?