Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Иван Шамякин 3 стр.


Шыковiч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькi, i залюбаваўся iх гульнёй.

- Чым, iнжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у блiжэйшы час?

Кiрыла не любiў нi гэтага звароту, якi замусолiлi да агiднасцi, нi гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мiмаволi зрабiў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой i запрашаў яго.

- Хачу вярнуцца да падполля. - Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгi пiльны позiрк старшынi гарсавета.

- Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якiя збудавалi. Дзецi выраслi, што нарадзiлiся пасля вайны. Глянеш навокал - дух займае. Вось-вось савецкi чалавек на Месяц ступiць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткi, глядзiце. Не ўмееце глядзець наперад!

- Справядлiвы папрок, Сямён Парфёнавiч! - бадзёра падтрымаў Шыковiч. - Але кожны пiша пра тое, што яго хвалюе.

- Раман? - спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.

- Дакументальная аповесць.

- Дакументальная? Пiсана-перапiсана...

- Не так ужо многа, Сямён Парфёнавiч. Пра наш горад адна ваша кнiга. Ды i колькi там пра падполле! Мiмаходзь. Я хачу заглянуць глыбей... Разабрацца...

- Разбiраўся гарком.

- Правiльна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асаблiва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзiцеся, што цяпер мы на многiя рэчы глядзiм другiмi вачамi.

- Хочаш, значыцца, прарэвiзаваць рашэнне гаркома. - Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з iронiяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.

Шыковiч каўзануўся па траве i моцна ляснуў вудзiльнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступiць нi ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнiгi, напiсанай яго, Кiрылавай, рукой. Апанавала злосць.

"Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многiя? Чаму ты лiчыш, што адзiн ты сказаў iсцiну ў апошняй iнстанцыi? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром i рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напiсаў у кнiзе. А людзi - удзельнiкi - пратэстуюць!.."

Кiрыла аберуч сцiснуў вудзiльна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна i недарэчна. Памог яму саўладаць са сваiмi пачуццямi сам Гукан. Той падняўся на ногi, зноў нахiлiўся над ракой, i збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў i рыбы, нiчога больш не хвалюе i не цiкавiць яго. Кiрыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар i, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:

"Актор, чортава жардзiна! Я дорага заплацiў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш".

Яны доўга маўчалi.

Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:

- Гэта цябе Яраш падбiвае на падполле? Раю не вельмi давяраць яму. Анархiст.

- Яраш - анархiст? - Кiрылу стала чамусьцi весела. - Больш дысцыплiнаванага чалавека я не ведаю.

- Розная бывае дысцыплiна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданнi. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лiнiя нашай барацьбы. I яго трымалi ўбаку. Таму ў яго склалася дзiўнае ўяўленне аб падполлi. У нашай кнiзе, канешне, не ўсе факты i людзi названы... Але я i не ставiў такой мэты...

"Кнiга наша, а мэта твая", - засек у думках Кiрыла.

- Мы далi агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэслiць усё, бо не назвалi яго... Помнiш яго пiсьмо?..

Шыковiч успомнiў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пiсьмо, знайшоў маладога лекара. I той расказваў пра сваiх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.

Не, Яраш пiсаў тады не з-за сябе! У гэтым Кiрыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю i Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карцiне падпольнай барацьбы ў горадзе.

Адначасова Кiрыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што цi варта варушыць мёртвых i падзеi даўно мiнулых дзён. Нават Яраш, нястрымны i нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта - старасць? Дача, галубы, рыба...

А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?

У Шыковiча нярэдка ўзнiкалi такiя сумненнi ў актуальнасцi сваiх творчых задум. Гэта цяжкiя сумненнi, яны часта выклiкалi дэпрэсiю, абыякавасць, застой. Кiрыла баяўся iх. Таму яму больш не хацелася нi "мацаць" Гукана, нi ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось iншае!

Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек i выкiнуў нiштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкi азарт Гукана, бо язя той не ўзяў нiводнага. Сямён Парфёнавiч сеў блiжэй i пачаў расказваць пра звычаi рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмi манатонна. Кiрыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкi ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоiла i зноў расслабiла мозг, цела. Рака закалыхвала...

Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абвалiўся бераг. Глянуў - няма Шыковiча. Мiма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавiч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава...

- За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна! - закрычаў Гукан.

Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей - у мора.

- Што здарылася?

- Задрамаў, - адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй.

- Задрамаў? - Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому.

Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў худы жывот i зноў залiваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кiнуў вуды i вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.

3

Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з'яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць.

Па-другое, такiм чынам яму ўдавалася абмiнуць большасць кватэрных прасiцеляў, якiя падпiльноўвалi штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабiнеце, у вокны якога лезлi галiны каштанаў, хораша думалася i была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.

Гукан умеў гэта рабiць, не як другiя кiраўнiкi, i меў волю выконваць такiя аднадзённыя планы.

У панядзелак Сямён Парфёнавiч заспаў. Гэта яго злавала i смяшыла, калi ён таропка iшоў па абмытых дажджом вулiцах. Такога з iм не здаралася ўжо год дваццаць - каб ён праспаў. Без будзiльнiка, без старонняй дапамогi ён мог дакладна ў назначаны час усхапiцца на ногi. А тут раптам праспаў да палавiны дзевятай. Вiнаваты ўчарашнi адпачынак.

"А ўрэшце, гэта няблага, што арганiзм яшчэ здольны атрымлiваць такую зарадку i гэтак выключацца", - разважаў ён iдучы.

Успамiнаў учарашнi дзень. Многа было прыемнага. Асаблiва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. I дождж, якi захапiў iх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далiкатнымi ўважлiвымi жанчынамi юшку, пакуль гаспадары ездзiлi ў вёску ў краму, i рагатаў, расказваючы iм, як звалiўся ў раку Кiрыла Шыковiч. Жанчыны таксама смяялiся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кiрыла мог зрабiць гэта знарок - для смеху.

У прыёмнай ужо чакалi людзi. Чалавек дзесяць. Гукан прывiтаўся. Яго адразу абкружылi.

- Таварыш старшыня!

- Сямён Парфёнавiч!

- Таварыш Гукан!

Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

- Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу.

- Я два месяцы не магу трапiць да вас! - злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

- Магло быць, - спакойна згадзiўся Гукан. - Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi.

- А я хачу да вас!

- Нэла, - звярнуўся Гукан да сакратаркi, - была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала:

- Была.

- Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу. - I ласкава звярнуўся да жанчыны: - Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай.

- Вы, таварыш маёр, наконт дарогi? - Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога. - Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак.

- Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх:

- Мост цераз канаву - казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.

Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.

- Таварыш Гукан!

- Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах.

- Вы?

- Я, уласна кажучы, таксама...

- Дамовiлiся. У пятнiцу.

- У вас што?

- Я наконт iнтэрната...

- Да Кушнера. Няхай дае прапановы.

Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць.

Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка.

У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, - у iх бываюць самыя цiкавыя справы.

- А вы, таварыш? - цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан.

- Я? - паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся. - Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках. - I ён падняў скрутак ватманскай паперы.

- О! - узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. - З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас.

I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару.

У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце - цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.

- Вось тут рассцiлайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, - ён падняў адзiн з круглых падшыпнiкаў, якiя стосам ляжалi на краi стала.

Пакуль наведвальнiк разгортваў свае праекты, Гукан павесiў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар - якiя справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна i доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калi загарэлiся белыя свечкi квеценi, ён з цiкавасцю сачыў, як завязвалiся, развiвалiся i як цяпер растуць плады каштана, маленькiя, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавiч глядзеў на iх па некалькi разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.

Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?

Нiбы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць староннi чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.

- Ну, што ў вас?

- Вось тут...

- Нiчога не тлумачце. Я сам... Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планiроўках. Так... Так... Гэта ў вас што?

- Сад для дзяцей. З усiм комплексам...

- Так... Цiкава. Цiкава...

Ён ступiў да другога лiста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планiроўка мiкрараёна, архiтэктура яго не былi падобны на ўсё тое, што яму паказвалi дагэтуль. Абком i гарком паставiлi задачу - зрабiць мiкрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архiтэктурным вырашэннi, i некалькi бяскрылых праектаў ужо былi адхiлены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да столiка, на якiм стаялi тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архiтэктару горада Гамбiцкаму, потым свайму намеснiку Кушнеру, якi займаўся будаўнiцтвам. Папрасiў iх зайсцi. Кладучы слухаўку, спытаў:

- Як ваша прозвiшча? Хто вы?

- Маё? - зноў-такi нiбы здзiвiўся хлопец i ўсмiхнуўся, мабыць, падумаў: "Нарэшце вы здагадалiся спытаць пра гэта". - Я студэнт Ленiнградскага архiтэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. Я вырас на Выселках.

- О, брат, гэта ўжо цэлая тэма для рамана! Ведаеш, у нас мясцовы пiсьменнiк ёсць - Шыковiч?

- Ведаю. Я ў школе яшчэ калi вучыўся, ён у нас выступаў.

- Але... Яго хлебам не кармi, а дай пагаварыць.

I прыгадалася, як учора Шыковiч ледзь не сапсаваў дзень. Хораша было пасля рыбалкi сядзець на верандзе, слухаць, як шумiць дождж i лес. Ён, Гукан, i жанчыны пiлi шампанскае, Шыковiч i Яраш - каньяк. Чорт яго пацягнуў за язык выказацца супраць культу асобы (цяпер Гукан нават не помнiў, чаму пачаў гаварыць пра гэта). Вось тады Шыковiч i разышоўся. Прыгадаў, як Гукан, будучы сакратаром гаркома, прымушаў яго пiсаць пiсьмы Сталiну. "Сабраўся якi сход, актыў - давай Шыковiча, каб ён напiсаў прыгожа, паэтычна. Дзе яны, нашы пiсьмы, Сямён? Давай калi-небудзь пачытаем! I некаторыя мясцiны з нашай кнiгi, з першага выдання. Хочаш, пачытаю зараз?"

Жонка i Яраш рашуча супакоiлi шумнага гаспадара. Праўда, ён тут жа павярнуў усё на жарт i нават, здаецца, неяк папрасiў у яго, Гукана, прабачэння. Сямёна Парфёнавiча не пакрыўдзiла п'яная балбатня i напамiнак пра яго даўнюю дзейнасць. Не ён адзiн так рабiў. Такi быў час. Уразiла iншае: фамiльярнасць, з якой Шыковiч казаў гэта. Ён тады ж падумаў, што заўсёды меў рацыю, калi вельмi асцярожна прымаў запрашэннi. Нельга адказнаму работнiку хадзiць у госцi! Людзi хутка губляюць дыстанцыю.

Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамiн, ён падумаў iнакш, больш злосна: "Зазнаўся, няшчасны пiсака... Расперазаўся".

Першы ўкацiўся ў кабiнет Гамбiцкi, нiзкi, тоўсты, з галавой-шарам, блiскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзiў, быццам сапраўды катаўся на ролiках, хутка, бясшумна. Старшынi архiтэктар моцна пацiснуў руку. Маладому калегу свайму кiўнуў галавой, прывiтаўся здалёк:

- Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такi вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавiча? Ах, моладзь, моладзь!

- I правiльна зрабiў, што патурбаваў. Цiкавы праект, - сказаў Гукан.

Гамбiцкi пiльна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра цi з iронiяй, з падэсцю?

- Цiкавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавiч. Не наш стыль, форма. Заходнiя.

- А што, па-вашаму, на Захадзе ў архiтэктуры няма нiчога цiкавага? спытаў Кухараў.

- Не. Чаму? Ёсць арыгiнальныя рашэннi. Вельмi своеасаблiвыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагi мой калега, разумееце?

- А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала i людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!

Шызы шар Гамбiцкага пачырванеў, загарэлiся маленькiя вушы, як два пялёсткi. Гукан засмяяўся.

- О! А вы малады, ды раннi. Зубасты. Гэта добра, - i раптам на твар яго як бы ўпаў цень i замарозiў рысы. - Але паважайце нас, старых. Мы з Фелiксам Янавiчам узарвалi заводы ў сорак першым. Мы збудавалi горад нанова. Хiба кепска збудавалi?

Гамбiцкi, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы i надзеў акуляры.

- Увогуле - нiчога.

- Увогуле! Вы чулi? Увогуле! - плаксiва выкрыкнуў архiтэктар.

- Добра збудавалi! - сурова i рашуча сказаў Гукан.

- Добра, - з ледзь прыкметнай усмешкай згадзiўся Кухараў. - Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелiкс Янавiч... вы кажаце: другiя задачы. На Захадзе - Чэхаславакiя i ГДР з iх высокай будаўнiчай культурай. Хiба ў iх не тыя ж самыя задачы?

- Вось гэта правiльна! - З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералiвы ценяў i святла, напалавiну сышоў цень - з верхняй часткi, з вачэй. У кабiнет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усiм левую руку i без лiшнiх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго лiста да другога.

- Ну як, будаўнiк? - спытаў Гукан, назiраючы за намеснiкам з хiтрай усмешкай.

- Лiха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, - шчыра i проста прызнаўся Кушнер.

Гамбiцкi хмыкнуў. Гукан пакiваў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзiўляць шчырасць намеснiка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе i пра другiх ён гаварыў толькi праўду, якой бы яна нi была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца нi начальству, нi падначаленым. За гэта яго i паважалi i не любiлi.

- А мне гэтая планiроўка падабаецца. - Гукан пастукаў пальцамi па першым аркушы. - Разгледзь, Гамбiцкi, там са сваiмi... Сур'ёзна. Па дэталях... Памажыце таварышу... Кухараву.

- Калi Гамбiцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгiх надмагiльных прамоў, - кiнуў Кушнер.

- Iван Фёдаравiч! - пакрыўдзiўся архiтэктар.

- А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым лiку i гэты... Абмяркуем з удзелам грамадскасцi. Выселкi павiнны быць прыгажэйшым раёнам! - заключыў Гукан.

У Кухарава пры гэтых словах блiснулi вочы, i ён горача падзякаваў старшынi гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкi сталi прыгажэйшым раёнам. Калi, скруцiўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кiўнуў услед:

- Бачылi, якая моладзь расце.

- Прабiўная, - адказаў Гамбiцкi.

- Адукаваная, - уздыхнуў Кушнер.

Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбiраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:

- Як выхадны правялi?

- Ездзiў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалi назад заехалi ў чайную ў Вярбовiчах. I, канешне, выпiлi. Ды што пiлi! Пiва i нейкае пладовае вiно. Пойла. Хто ў нас толькi выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку пiць, - смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасцi ён нiколi не хаваў, расказваў пра iх проста i шчыра.

Назад Дальше