Юры СТАНКЕВІЧ
ПАЎНОЧНЫ ВЕЦЕР ДЛЯ СПЕЛЫХ ПЛАДОЎ
Раман
...Углыбіні саляных капальняў
пакідаюць галінку дрэва, якая
акорылася за зіму; праз два ці тры
месяцы яе вымаюць адтуль,
пакрытую бліскучымі крышталікамі.
...Самы пакутлівы міг той, калі
заўважаеш, што зроблены няправільныя
высновы і даводзіцца разбураць цэлую
гронку тых крышталікаў.
Стэндаль. «Каханне».
Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны — апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі падмосткі і паставілі «Медэю», спектакль, які глядзелі ўсе, хто хацеў.
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішчы Ігнат Мазур раптам адчуў непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына такога свайго стану, як аказалася, складалася з некалькіх.
Па-першае. Існавалі прадметы, якія ён, па незразумелых заганах розуму, не ўспрымаў, якія яму было вельмі цяжка здаць: гістарычны матэрыялізм, палітэканомія, гісторыя партыі і бальшавіцкага друку і некаторыя іншыя. Справа была не толькі ў тым, што Мазур быў да іх у лепшым выпадку проста раўнадушны, ён іх — ненавідзеў. Магчыма, тут усплывалі гены бацькі, які ў свой час згінуў у Карлазе як палітвязень, можа, што іншае, хто ведае.
Па-другое. Ён заблытаўся ў сваіх адносінах з жанчынамі.
Трэцяя прычына, якая выцякала з другой, усплыла пазней і з усімі ад таго наступствамі.
Жанчын, а дакладней, дзяўчат, спачатку было двое. З Аняй Балтас, даўняй сяброўкай, студэнт Ігнат Мазур сустракаўся больш як два гады. Яна вучылася ў педінстытуце, прыехала ў сталіцу з заходняй вобласці краіны і знешне мела выгляд тыповай ліцвінкі, якую іншым разам выяўляюць на каляндарыках, — высокая, прыгожая бландзінка спартыўнага целаскладу, з тонкімі і пародзістымі рысамі твару. Студэнт Ігнат Мазур упершыню ўбачыў яе ў нейкай харчовай крамцы побач з інтэрнатам, а потым выпадкова сустрэў зноў, так усё і пачалося. Яму быццам пашанцавала, бо ў дзяўчыны на той час нікога не было. Яе старэйшая сястра, якая заканчвала медінстытут і ўжо была заручаная з трыццаціпяцігадовым забяспечаным чыноўнікам, не ўхваляла іх сустрэч. Яна лічыла студэнта Ігната Мазура няздольным сямейнікам з прычыны ягонай беднасці, а яшчэ таго, што да дыплома, і тым больш удалага размеркавання, яму было далёка.
Між тым, дзякуючы дзядзьку Барысу, роднаму брату маці, які меў сяброў у сталіцы (разам ваявалі), ён перавёўся з філфака на факультэт журналістыкі, што палічыў неверагоднай удачай. Пэўна, гэта было апошняе, што зрабіў для яго дзядзька Барыс, бо нечакана былы франтавік памёр у свае шэсцьдзясят год ад сардэчнага прыступу.
Так Ігнат апынуўся на незнаёмым дасюль курсе факультэта. На ім вучыліліся чатыры гады, і ён мусіў здаваць некаторыя дадатковыя залікі і экзамены самастойна. Апекаваць навічка ўзялася аднакурсніца Юля Маракова. На факультэце разам з беларускімі хлопцамі вучыліся і студэнты з Расіі, Малдавіі, Украіны, нават з Грузіі, і нікога гэта не здзіўляла.
У Юлі Мараковай аказалася, як яна яму пазней прызналася, падтрымка. Яе цётка працавала выкладчыцай на кафедры англійскай мовы. Юля невысокая, хударлявая, нягледзячы на ўмовы жыцця ў інтэрнаце, заўсёды з густам апранутая, з ледзь прыкметнай усмешкай у кутках вуснаў, выклікала ў яго сімпатыю, і калі хто-небудзь спытаў бы студэнта Ігната Мазура, ці кахае ён зараз гэтую дзяўчыну, то, пэўна, атрымаў бы станоўчы адказ, хоць ён быў даволі стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў і думак.
Юля Маракова даволі сур’ёзна ўзялася за абранніка. Нават, як ён даведаўся пазней, аб’явіла дзяўчатам з курса, што навічок Ігнат Мазур — яе хлопец. Дасціпная, разумная крымчанка з Севастопаля, з дамескам габрэйскай крыві, яна карысталася аўтарытэтам сярод аднакурсніц, і на Ігната Мазура ніхто так і не спакусіўся. Урэшце ў заўсёды прагматычным свеце ён пакуль што аніякай асаблівай каштоўнасці не ўяўляў, пра што ведаў і сам.
Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Некаторыя студэнты — слаба падрыхтаваныя, бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя хлопцы адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Высокі, пад сто дзевяноста, спартыўнага целаскладу, начытаны Ігнат Мазур, магчыма, неяк і вылучаўся сярод аднакурснікаў. Вось толькі калі мець на ўвазе класічны выраз «бедны студэнт» — то ён належаў якраз да такіх. Падтрымкі ад маці амаль не было, нават ложка ў інтэрнаце яму спачатку не знайшлося, і ён начаваў у выпадковых месцах: у асноўным у інтэрнаце, дзе пражывала Аня Балтас. Па вечарах іншым разам гуляў з ёй там у пінг-понг. Стол для малога тэніса стаяў у нішы на адным з паверхаў. Часам стол прыбіралі і арганізоўваліся танцы. Потым яны прасілі ў каменданта ключ ад пустога пакойчыка — такі пакойчык заўсёды знаходзіўся, у любым інтэрнаце. Камендант, адносна малады былы міліцыянер, ключ даваў. Ігнат часам за гэта ахвяраваў яму бутэльку гарэлкі.
Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў экзамены па неабходных прадметах на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.
Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх — пра тое абачліва маўчалі.
Юля Маракова паліла больш за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.
Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Было звычайна.
Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што ў яе гэта, лічы, магчыма ў першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з «магчыма» і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо...
Абое раніцай рассталіся задаволеныя адно адным і быццам сапраўднымі сябрамі.
***
На думку студэнта Ігната Мазура, журналіста, вядома, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не губляць на гэта столькі часу, калі выключыць з праграмы грамадска-палітычныя прадметы, якія, як ён лічыў, будучаму журналісту не патрэбныя.
Ён меркаваў, што за паўгода можна авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах — астатняе залежыць ад асабістых здольнасцей.
Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы і то дзякуючы Ане Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала яму самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, ён сяк-так іх запамінаў.
Яму даволі пагрозліва не хапала часу на вучобу. На асобных лекцыях трэба было абавязкова прысутнічаць — некаторыя з выкладчыкаў былі даволі прынцыповыя і калі-нікалі завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць — пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты — іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр, альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце з’яўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі жадаючым папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.
Яму пашанцавала хіба што з іспытам па замежнай літаратуры. Неяк перад залікам ён набраўся смеласці і спытаў у холе вучэбнага корпуса выкладчыцу
Ліцвінаву — сярэдняга веку жанчыну, стройную, добра апранутую, з дагледжанай постаццю і даволі мілавідным тварам.
— Нэла Маркаўна, — сказаў ён сарамяжліва і не зусім упэўнена, — у мяне да вас пытанне. Секунд трыццаць не пазычыце? Я — ваш студэнт з чацвёртага курса.
Выкладчыца Ліцвінава спынілася.
— Я вас не памятаю, — даволі суха заўважыла яна. — У чым, дарэчы, ваша пытанне?
Студэнт Ігнат Мазур глытнуў паветра і праз кароткую паўзу рашуча вымавіў:
— Калі гэта магчыма, вызваліце мяне ад наведвання лекцый.
Паўза.
— Вам што, не падабаюцца мае лекцыі? — з непрыхаваным здзіўленнем спытала выкладчыца, — альбо я? Дарэчы, я вас, паўтаруся, нешта не прыпомню. Па-мойму, вы і так мае лекцыі ігнаруеце.
— Наадварот, — раптам ужо спакойна і цвёрда адказаў студэнт Ігнат Мазур. Што будзе — тое і будзе, вырашыў ён сам сабе. — Вашы лекцыі мне падабаюцца, я люблю замежную літаратуру, і... вас таксама люблю.
— Нават так? Дзякуй. Асабліва за любоў. І ўсё-такі — у чым справа?
— Я ведаю ваш прадмет.
— У поўным аб’ёме?
— Так.
Паўза.
— Як ваша прозвішча, дарэчы?
— Ігнат Мазур.
— А вы разумееце, што іспыт для вас будзе асаблівы? Даволі жорсткі, да слова.
— Разумею. Хоць зараз.
Выкладчыца ўжо зацікаўлена зірнула на яго. На твары жанчыны з’явіўся лёгкі румянец.
— Добра, — усміхнулася раптам яна. — Заўтра а другой гадзіне знойдзеце мяне тут, магчыма, я буду ў дэканаце. Я праверу, ці адпавядаюць вашыя веды вашаму... ха-ха, скажам так, нахабству. Згода?
— Так, так. Вядома. Я вельмі вам удзячны.
— Што ж, рыхтуйцеся. А пра ўдзячнасць — потым.
— Да пабачэння. Да іспыту.
Іх кароткая размова не засталася па-за ўвагай. Непадалёк стаяла з цыгарэтай у руцэ аднакурсніца Святлана Конкіна — невысокая, даволі нядбайна апранутая дзяўчына з караткаватымі, на яго погляд, нагамі, але зграбнай постаццю, — такімі ён бачыў маладых дзяўчат з японскіх кінастужак.
Заўважыўшы, што яна, пэўна, нешта пачула з яго размовы з выкладчыцай, студэнт Ігнат Мазур памкнуўся да яе, каб высветліць, у чым справа, але дзяўчына раптам кінула непрыпаленую цыгарэту ў сметніцу і пайшла да выхаду. У яе была дзіўнаватая манера хадзіць: крыху выкідваючы наперад ногі. Ён раптам падумаў, што за ўвесь час амаль ніколі не звяртаў на яе ўвагі. Так, нешта шэрае. І чаго «грэла вушы»? — падумаў Ігнат Мазур і выкінуў усё з галавы.
Размову чуў яшчэ адзін яго аднакурснік — былы завочнік Уладлен Анціпаў, які часта цёрся каля яго, падтакваў, ніколі не пярэчыў, па-змоўніцку падтрымліваў яго, калі Мазур кпіў з існуючых на факультэце парадкаў, і паводзіў сябе давола прыхільна, за што атрымаў напаўжартоўную мянушку «Бой». Цяпер ён відавочна зацікавіўся і здзіўлена спытаў:
— Ты што — сапраўды заўтра пойдзеш да гэтай цёткі? Яна ж цябе разатрэ па стенцы. Ты вар’ят, Ігнаце?
— Ніколькі, Валодзя.
— Я — Уладзя, — незалюбіў Анціпаў.
— Ну, не садзіся на крыўду, — саступіў Ігнат Мазур і дадаў: — Не расцярушыць, бо я ў тэме, а па-другое, у нас з ёй атрымаўся спантанны біякантакт. Хоць ва ўзросце розніца. На ўзроўні падсвядомасці. Я гэта адчуў. Ды што табе тлумачыць.
— Стаўлю бутэльку «Гамзы» ў заклад: будзеш хадзіць на лекцыі.
— «Гамзу» я паважаю. Дадамо яшчэ батон і паўкіло доктарскай на закусь. Згода?
— Згода, — хіхікнуў Уладлен Анціпаў.
На тым аднакурснікі развіталіся.
***
Назаўтра студэнт Ігнат Мазур апрануўся ў свой адзіны святочны касцюм, павязаў нават гальштук, старанна пагаліўся. Можа, таму спазніўся на першую пару. Лекцыю па тэхніцы афармлення газеты чытаў выкладчык Анатоль Дземеш. Чамусьці выкладчык Дземеш, як адчуваў Ігнат Мазур, быў для яго небяспечны. Некалькі яго лекцый ён неабдумана прапусціў, а той гэтага не выносіў. Да таго ж, як пераведзены з іншага факультэта, Ігнат Мазур не праслухаў курс яго лекцый у поўным аб’ёме, а рыхтаваўся да заліку паводле падручніка.
Дземеш доўга не прымаў залік. Як толькі студэнт Мазур да яго падыходзіў, выгледзеўшы дзе-небудзь у вучэбным корпусе, той моўчкі сціскаў рот, зняважліва паварочваўся і ішоў прэч.
— Ты, пэўна, зусім «тормаз», — сказала тады Юля Маракова. — Ён жа можа не прыняць залік і на гэтай падставе не дапусціць да іспыту. Я сама пайду да яго. Ён ведае пра маю цётку і ўвогуле мае да мяне сантымент. Папрашу за цябе.
— А горш не будзе? — спытаў тады Ігнат Мазур. — А што калі ён накінецца на цябе і абслінявіць пацалункамі і ўсё такое...
— Адаб’ёмся, — хіхікнула тады Юля Маракова.
Юля Маракова апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнога Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла таілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.
— Дамоў, можа, разам пойдзем? — спытала яна. — З тэхнікай афармлення газет мы вырашым. Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
— Чорт з ім, — вырвалася ў Ігната Мазура, — усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
— Сядзем разам.
— Ага, — паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур.
з разумна саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.
Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы: «Вечарам. Заўтра. Заходзь», пасунула да яго і прашаптала:
— Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага, «Крымскага».
Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў зайсці. Нейкі час думаў, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.
Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:
— На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю «капітал», як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.
У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і напісаў ёй на дошцы:
w = c + v + m,
дзе c (пастаянны капітал)
v (пераменны капітал)
m (дадатковая вартасць).
Пасля гэта агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.
«Не, — думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. — Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. І ніхто не дапаможа. Мудрэй за гістмат».
У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, будзе прымаць не адзін, а разам з выкладчыкам Гавіным з інстытута народнай гаспадаркі.
— Ну, трапілі, — прашаптала Юля Маракова. — Той зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх раней ён прачытаў на іх курсе; жорстка патрабаваў, каб вялі канспекты і не прапускалі яго заняткі.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме: як ён тады знерваваўся... Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
***
Пасля апошняй пары аўдыторыя апусцела, і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
— Што ж, — сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, — калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
— Якраз апошняя лекцыя скончылася, — паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
Яны селі, і выкладчыца сказала:
— Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
Паўза.
Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з англійскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў тое, што даўно чытаў, адказваў коратка, часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, якія яму асабліва падабаліся: Альбера Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.
— Ну, а якую, па-вашаму, кнігу варта прызнаць лепшай кнігай усіх часоў і народаў? — раптам спытала яго выкладчыца Нэла Ліцвінава. — Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?
Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць лепшай сусветнай кнігай «Дон Кіхота» Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой высокай адзнакі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.
— А што тычыцца «Дон Кіхота» Сэрвантэса, — дадаў, — шчыра прызнаюся, кнігу да канца не дачытаў. Мне здаецца, што герой — псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць твора, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў асабіста на маё ўспрыманне. Ды, можа, не толькі маё. Хіба не так?
— Лічу, што не зусім так, — усміхнулася выкладчыца Ліцвінава, — але думку вашу прыму да ўвагі.
— А вось Дастаеўскі і яго «Бесы», «Браты Карамазавы» — гэта сапраўды вышыня. Яшчэ Ніцшэ, Клейст, Гельдзёрлін — якіх Стэфан Цвейг аб’явіў найвялікшымі, — панесла Ігната Мазура, — увогуле нельга, як я думаю, выбіраць з доўгага спісу адзін тэкст. Ну, вызначыць які дзясятак імён. Можна нават і больш.