Паўза.
— Я сам не ведаю, — урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.
— У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так — нічога не зробіш.
Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў — такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.
— Пра тэлегонію — ад сястры пачула?
— Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна — разумніца, не тое, што я.
— Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, — сказаў Ігнат Мазур, — але такая разважлівасць у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж — нявінніцай і — за багатага, жыць — у сталіцы.
— Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе, — сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. — Ніхто навокал цябе не ведае, ты — вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абое з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа — ён мінчанін, яму трыццаць гадоў, нежанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.
— Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, — нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.
Ён раптам уявіў сабе, як яго сяброўка і даўняя каханка Аня Балтас кладзецца ў ложак з незнаёмым яму мужчынам, як той пачынае яе лашчыць... У горле ў яго перахапіла, кроў кінулася ў твар.
— Не, толькі не гэта, — выдыхнуў ён.
І падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго прамога адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае, і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. І зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з адной замежнай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.
— Дык што ж мне рабіць, Ігнат? — спытала між тым студэнтка Аня Балтас. — Ты зараз у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?
У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучала нейкая папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: «Мама, я злодзея люблю». Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. «Пляваць», — падумаў ён.
— Ты зможаш крыху пацярпець, Аня? — спытаў ён. — Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там вельмі і вельмі строга. Там могуць і загнобіць. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, — гаварыў ён, тым не менш разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала вельмі шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.
Віно скончылася, студэнт Ігнат Мазур разлічыўся, і яны выйшлі на вуліцу. Сцямнела. Запаліліся ліхтары.
Здаецца, шмат пра што паспелі пагаварыць, студэнтка Аня Балтас, увогуле мяккая характарам, зноў была быццам усім задаволеная, яны заціснуліся ў будку тэлефона-аўтамата і там цалаваліся, потым Ігнат Мазур сказаў:
— Тралейбусы пакуль ходзяць. Можа, да цябе, Аня?
— А я сёння якраз засталася адна ў пакоі. Раз’ехаліся дзеўкі. Ноч будзе наша? Як усё-такі добра, калі мы разам.
***
Назаўтра, седзячы на лекцыі ў аўдыторыі, студэнт Ігнат Мазур па новай звычцы, якая з’явілася ў яго параўнальна нядаўна, у другі раз запісаў у нататнік, які насіў пры сабе і нікому не паказваў:
«Пачытаў больш падрабязна пра тэлегонію, аб чым нагадвала сястра Ані Балтас Ларыса, якая заканчвае медінстытут. Урэшце, шматлікія медыкі, генетыкі і навукоўцы ведаюць гэтую дзіўную, нават інфернальную з’яву, якая, тым не менш, не даводзіцца шырокаму колу людзей, разам з такімі калянавуковымі галінамі, як еўгеніка, гамеапатыя і г.д. Лічаць (хто менавіта?), што людзям пра такое лепш не ведаць. Шэкспір неяк напісаў: «Што чалавек? Жывёла і не болей». Ну, можа, разумная, але жывёла. Аказваецца, варта спытаць любога вопытнага сабачніка, галубятніка і іншага, які займаецца развядзеннем чыстых парод жывёл, і пачуеце адразу: пародзісты сабака, які выпадкова спароўваецца з беспародным і патомства якога вынішчаецца, усё роўна ўжо ніколі не будзе нараджаць чыстых жывёл сваёй пароды. Толькі мяшанцаў. Тое ж у коней, галубоў і іншых жывёл. Аказваецца — і ў людзей. Вось і меўрацыю Шэкспір. Тады, дарэчы, ведалі пра тэлегонію?
Кажуць, пасля Міжнароднага моладзёжнага фестывалю ў Маскве, які адбыўся больш як дзесяцігоддзе таму, у некаторых выпадках назіралася дзіўная з’ява: некаторыя белыя дзяўчаты, якія ўступалі ў палавую (без наступстваў) сувязь з цёмнаскурымі хлопцамі, і праз год, два, тры, як павыходзілі замуж за сваіх белых суайчыннікаў, нечакана нараджалі цёмнаскурых дзяцей. Аказваецца, першы самец і палавы акт замацоўваецца нейкім чынам назаўсёды. Нават, калі кантакт быў праз кантрацэптывы. Праз тэлегонію могуць перадавацца розныя, у тым ліку і псіхічныя хваробы. Мяркую, што і рэўнасць — ад падсвядомага адчування гэтай з’явы. Але ж межы размываюцца, і нацыі паступова будуць змешвацца. І што тады? А вось што. Мяркую, нацыя, якая найбольш размножыцца, падамне пад сябе планетарнае мысленне і выведзе адзіную пароду людзей. Цалкам магчымая будучыня. Цікава было б пагаварыць пра гэта з навукоўцамі.
Але ж я адхіляюся. Урэшце, усё гэта думкі сваёй гадоўлі, не больш. Вось сястра Ані Балтас Ларыса лічыць, што сямейнае шчасце ў многім залежыць ад таго, ці была нявеста ў першую шлюбную ноч нявінніцай. А ў яе самой, якую не будзе раўнаваць муж, адбудзецца шчасце ў сям ’і? Цікава б спытаць у яе гадоў праз дзесяць».
***
На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава прыняла іспыт у студэнта Ігната Мазура і паставіла яму ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку «выдатна», яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.
Дэкан быў строгі, сядзеў за сталом і перакладаў на ім нейкія паперы. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё зараз гаварыла яму, што дэкан, былы баявы лётчык, хоць і строгі, але справядлівы. А студэнт Ігнат Мазур не разумеў, чаму яго выклікалі. Запазыкі па заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? — губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.
Урэшце дэкан Парэцкі адклаў у бок паперы, кінуў позірк на студэнта і сказаў:
— Сядайце.
Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.
— Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? — спытаў дэкан Парэцкі.
— Ніхто, — пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.
— Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?
— Бадай што так.
— Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?
— Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, — стрымана зманіў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
— Гэта я яшчэ праверу, — відавочна памякчэў дэкан Парэцкі. — А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх і парушаць нельга. Вам гэта зразумела?
— Так.
— Ідзіце.
«Хто ж мог данесці?» — думаў Мазур, выйшаўшы ад дэкана.
***
Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, ён прынёс зацяжныя халодныя дажджы.
У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць цеплыню.
У адзін з такіх халодных дзён у сваёй аднапакаёвай кватэры засіліўся Мазураў аднакурснік Язэп Г арай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў.
Але, як яшчэ казалі, асноўнай прычынай суіцыду Гарая была не заваленая сесія, а праблемы з псіхікай. Казалі, быццам ведаючы гэта, яго каварна выкарыстала нейкая жанчына, якую ён, цяжарную ад іншага, прытуліў у сябе. Казалі, нібыта тая жанчына пачала цягаць яго па судах, каб адабраць кватэру, альбо нейкія грошы.
Усё гэта стала вядома на факультэце, трагедыя ўсхвалявала ўсіх: і студэнтаў, і выкладчыкаў, Мазура таксама, і ён запісаў у нататнік некалькі сваіх меркаванняў пра здарэнне:
«Язэпа Гарая я ведаў параўнальна нядоўга, і ён рабіў уражанне ўпэўненага і самадастатковага, але вельмі нервовага чалавека. Выключна здаровы фізічна, займаўся, як аматар, цяжкай атлетыкай (выціскаў лежачы сто кілаграмаў, прысядаў са стапяцідзесяццю), жыў у сваёй кватэры і не меў патрэбы ў грашах. Што падштурхнула яго да суіцыду, дакладна невядома нікому. Калі самае вялікае няшчасце ў жыцці — смерць, то чаму ён выбраў менавіта гэта? Ніхто на курсе не ведаў і той жанчыны, якую ён прывёў да сябе. Думаю, асноўная прычына ў ёй. Як я дзесьці вычытаў, псіхолагі сцвярджаюць, что чалавеку ўласцівыя тры асноўныя інстынкты: палавы, нянавісць да сябе падобных і імкненне да смерці. Ахвярай якога ці ўсіх разам стаў Язэп Гарай? Невядома. Дарэчы, засіліцца лічыцца ў свеце даволі ганебным».
***
Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бессэнсоўна, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі згубіць час на дарэмную вычытку — тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус, слаба спадзеючыся, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў, альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі. Хоць на іспытах прысутнічаў і Пятро Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом збоку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці выключна Гавін.
Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія, нібы два слупы стаялі ў кутку калідора ля аўдыторыі, падышоў да іх.
Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, паволі выйшаў Віктар Г анабец. Ігнат Мазур ведаў, што той родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца яму тут было цяжка: далёка ад дому, ды і ўвогуле, нейкі ён нібы затарможаны.
Чарнавалосы, жукаваты, цяпер ён быў бледны і нібы нечым аглушаны.
— Заваліў. На пераздачу, — вымавіў ён і папрасіў цыгарэту.
Праз некалькі хвілін з дзвярэй выслізнула заплаканая выдатніца Яніна Смоліч.
— Тры балы, — абвясціла яна ў насоўку.
Гэта ўжо было ўвогуле нешта незразумелае, бо ўсе ведалі, што выкладчык Гавін з сімпатыяй адносіўся да жаночага полу, і больш-менш прыгожыя дзяўчаты паспяхова здавалі яму іспыты.
— Чакаем, хлопцы, — давёў Ігнат Мазур занепакоеным Зялёнку і Гужыну. — Можа, Гавіна ў дэканат выклічуць, ці ён захоча есці, або ў прыбіральню.
Між тым іспыт працягваўся. Некалькі дзяўчат нечакана атрымалі добрыя адзнакі, а студэнтка Галіна Самаежка, даволі юрлівая і нахабная, якая змагалася з выкладчыкамі за кожны бал — нават «выдатна». І не дзіва, у галаве ў яе было нешта накшталт камп’ютара, бо яна ведала з кім сябраваць, з кім спаць, а таксама, дзе будзе працаваць і за каго выйдзе замуж.
Тым не менш Самаежка ўмела хаваць гэтыя свае якасці, і Ігнату Мазуру, які інтуітыўна разгадаў яе, станавілася нават не па сабе — вось будзе камусьці шчасце, падумаў ён і цяпер.
Пасля яе Гавін заваліў яшчэ пару хлопцаў, а потым зноў даў слабіну — у асноўным да дзяўчат. Але час ішоў, і чарговай ахвярай выкладчыка стаў рахманы і бяскрыўдны Міхась Байкоў — выхадзец з вёскі. Міхась да вучобы паспеў папрацаваць паляводам у калгасе і таму, як кажуць, зубамі трымаўся за навуку.
На гэты раз не дапамагло.
Як высветлілася, выкладчык Г авін спытаў у Міхася Байкова пра асноўнае ў вучэнні Рыкарда, але той не ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а так, як гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце, ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але праз хвіліну Гавін перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», — шчыра адказаў той. «І часнаком?» — пацікавіўся Гавін. «Так», — кіўнуў Міхась Байкоў. «Калі будзеце пераздаваць, дык ужывайце ўжо без часнаку», — сказаў выкладчык Гавін і скончыў апытанне.
— Дык вампіры не выносяць часнок, — заўважыў Байкову Ігнат Мазур. — А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў...
Урэшце выкладчык Гавін, мабыць, прытаміўся, папрасіў Пятра Мацкевіча сесці насупраць яго у кут аўдыторыі і дапамагаць прымаць іспыт. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.
Трое змоўшчыкаў, між тым, адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не проста. Першаму ўдалосяся трапіць да яго выкрутліваму Іосіфу Зялёнку. Праз хвілін пяць ён выскачыў з аўдыторыі і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.
— Ідзі. Ха-ха...
— Што? Як? — пачалі пытацца ў Зялёнкі дзяўчаты.
— Ледзь выратаваўся, — хітрыў той. — Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.
Але ўбачыўшы Ігната Мазура, адразу кінуўся да таго, зашаптаў у вуха:
— Станавіся ля дзвярэй. Нікога да Мацкевіча не прапускай, ідзі сам. Толькі да яго, інакш табе капец. Урэшце, сам ведаеш.
— Пакажы залікоўку, — сказаў Мазур.
— Ну зірні на арыфметыку.
У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.
— Дык ты ж казаў...
— Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.
Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла як самнамбула стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», — загаманілі вакол дзяўчаты.
З велічнай млявасцю тым часам з аўдыторыі выплыла генеральская дачка Паліна Басаргіна.
— Пяць балаў, — абвясціла яна. — Г авін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.
Трэба было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:
— Пачакаю.
Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, — стукач, выдатнік Павел Слімакоў.
Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. Як толькі той паказаўся з дзвярэй, Мазур пасунуўся ў аўдыторыю.
«Да выкладчыка Мацкевіча, — круцілася думка. — І каб трапіць толькі да таго».
У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Г авіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык — укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны — разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад напругі студэнта Паўла Слімакова.
У супрацьлеглым кутку за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пятро Мацкевіч. Яго спакойны, крыху іранічны твар з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.
Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык тады ў іх усё прайшло па-сяброўску.
— Гэта я, маё прозвішча Мазур, — урэшце мовіў ён.
— Заходзьце, — запрасіў Мацкевіч і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. — Цягніце білет. Які там нумар?
Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытанні. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова і сказаў напаўголаса:
— Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дадатковую вартасць, прыкладам. Не маўчыце.
Студэнт Ігнат Мазур глытнуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:
— Так званая дадатковая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, — гэта ахінея. Няма ніякай дадатковай вартасці, ёсць энергія зоркі — гэта значыць, нашага Сонца.
Паўза.
— Так, так. Што яшчэ скажаце?
— Больш няма чаго, — панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.
— Давайце пра футбол, — з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?
— Зборная Германіі. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.
— І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш, што нашы погляды тут поўнасцю супадаюць. Трэба ж такое...
Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» — урэшце змоўк.
Паўза.
— Якую адзнаку вы хочаце? — нечакана спытаў яго выкладчык Пятро Мацкевіч.
— «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.
— Давайце залікоўку.
Выкладчык Пятро Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.
— Энергія зоркі, — па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, — вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе — лухта.
Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:
— Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.
— А што ў цябе?
— Чатыры балы.
— Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.
Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.
Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і ў чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя вочы дзяўчыны нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.
Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі выкладчыку Мацкевічу.
— А мне Гавін падабаецца, — нібы насуперак яму сказала Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:
— Ён так глядзіць на мяне, бедны...
— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.