Ужо пасля першага ўдару Дэнi зразумеў, што справы яго кепскiя. Ён ледзь дацягваўся да педаляў, бо ногi яго, здаецца, пачалi карацець. Нейкi час ён яшчэ па iнерцыi ехаў па камянiстай прасёлачнай дарозе, залiтай месячным святлом, пакуль не ўбачыў свой цень - доўгую морду, вушы тырчком - i адразу грымнуўся вобзем: воўк, пэўна, не можа трымаць на ровары раўнавагу.
Грымнуўся на сваё шчасце. Ледзь прызямлiўшыся, ён адразу кiнуўся ў лясны гушчар, i ў гэты ж час матацыкл палiцэйскага са скрыгатам раструшчыў ровар.
Толькi Дэнi зноў стаў ваўком, як адразу, прадзiраючыся праз гушчар да сваёй пячоры, пачаў са здзiўленнем думаць пра тое, што ён, такi мяккi, спакойны, быў гэтакi неўтаймаваны ў чалавечай шкуры. Чаму забыўся ён раптам на ўсе свае добрыя прынцыпы, куды падзелася яго лагоднасць? Адкуль з'явiлася ў iм тая неверагодная раз'юшанасць, ахвярамi якой сталi сутэнёры (дарэчы, адзiн з iх, мусiм мы дадаць на апраўданне ўсiх iншых сутэнёраў, быў платным агентам палiцыi па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў)? Ды што там: успамiн пра помсту хваляваў яго i цяпер! Дэнi адно пакруцiў галавою. Якая ж бяда - гэты ўкус Сiямскага Мага! На шчасце, падумаў воўк, ён будзе перакiдацца ў чалавека толькi ў днi поўнi, i за тое дзякуй лёсу. Але ж заставалася ўсё-такi ў iм ад перажытага i штосьцi новае - i гэтая незразумелая злосць, прага рэваншу вымушалi яго непакоiцца.