Ён i скончыў следства, напiсаў абвiнаваўчае заключэнне, i справа пайшла ў Спецыяльную калегiю Вярхоўнага суда БССР.
Чакаў я суда доўга. Пра навiны мы, арыштаваныя, даведвалiся ад навiчкоў i яшчэ з дапамогай аднаго iнфармацыйнага канала. Турэмнай прыбiральняй карысталiся i арыштаваныя, i супрацоўнiкi турмы, камiсарыята. Пасля,сябе яны пакiдалi ў кошыках шматкi газет. Калi нас заводзiлi ў прыбiральню, мы адразу ж хапалi тыя шматкi, абмывалi пад кранам i тайком прыносiлi ў камеру. Навiны былi адны: лiсты калгаснiкаў аб шчаслiвым жыццi, заклiкi выкрываць ворагаў народа. З тых газет ведалi, каго пасадзiлi, каго выкрылi.
З падвальнай камеры на вулiцы Ўрыцкага мяне перавялi ў турму на вулiцу Валадарскага. Там сядзела розная шпана. блатары, але больш -палiтычных. Там я таксама сустрэў цiкавых людзей - вучоных, студэнтаў, настаўнiкаў. Пазнаёмiўся я з былым мiнiстрам - старшынёй рады Беларускай народнай рэспублiкi Цвiкевiчам Аляксандрам Iванавiчам, высланым з Беларусi пры разгроме нацыянальнай iнтэлiгенцыi ў трыццатыя гады i вернутым у Менск з высылкi для канчатковай расправы.
Хачу прывесцi ягоныя словы, якiя ён аднойчы сказаў, як малiтву:
"Матка боская, завошта такi лёс краiне? Такiя беды пасланы народу: крывавы Кастрычнiк, самазнiшчэнне нацыi ў грамадзянскую вайну, голад i высылкi, раскулачванне, а цяпер яшчэ i гэты тэрор. I што б засталося ад Англii, Францыi, ад эўрапейскай цывiлiзацыi, калi б i там быў знiшчаны такi ж слой лепшых розумаў?.."
Сапраўды, што б засталося? А наша краiна жыве. Жывучыя, значыць, мы.
Паколькi менскiя турмы былi перапоўнены, iх пачалi разгружаць i адпраўляць арыштаваных у iншыя гарады. Я трапiў у вiцебскую турму, таксама перапоўненую. У нашай вялiкай камеры сядзелi вайскоўцы, выкладчыкi з ветэрынарнага iнстытута i вядомы ў свой час драматург Курдзiн Дзiмiтры Iванавiч. Яго п'еса "Мiжбур'е" ставiлася ў многiх тэатрах краiны. Курдзiн i ў камеры пiсаў агрызкам алоўка ў кнiжачцы курыцельнай паперы сваю новую п'есу.
Не так даўно я зрабiў праз ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругi запыт у КДБ пра лёс Курдзiна. Паведамiлi, што ён быў расстраляны 12 снежня трыцдаць сёмага года.
У кастрычнiку мяне судзiлi. З Менска прыехала выязная сесiя Спецыяльнай калегii Вярхоўнага суда БССР з сотнямi спраў. Засядала яна ў памяшканнi народнага суда, куды з турмы прывозiлi падсудных. Мяне прывезлi ў групе дваццацi чалавек, не знаёмых мне. Усе яны таксама абвiнавачвалiся па "лёгкiм" артыкуле - у антысавецкай агiтацыi. На тым судзе на кожнага адпускалася не больш дваццацi хвiлiн. Заходзiлi ў пакой, дзе засядаў суд, неўзабаве выходзiлi, i мера пакарання аб'яўлялася адна - дзесяць гадоў лагера.
Мяне выклiкалi апошнiм. Я зайшоў у пакой, прымiрыўшыся з тым, што атрымаю таксама дзесяць гадоў. Стаў перад судом па турэмнай прывычцы, заклаўшы рукi за спiну. Больш за паўгода я жыў толькi на турэмным пайку, згаладаў, схуднеў, збляднеў, i, вядома ж, грузнаму пажылому старшынi, засядацелям - жынчыне i мужчыну - я здаўся дахадзягам, вартым жалю. Я адчуў i зразумеў, што суддзi глядзелi на мяне з жаласцю. Па ўзросту кожнаму з iх я гадзiўся ў сыны. Можа, у iх i былi такiя ж, як i я, сыны i суддзi ўяўлялi iх на маiм месцы.
Старшынствуючы, праверыўшы мае бiяграфiчныя дадзеныя, спытаў, цi прызнаю я сябе вiнаватым.
Яшчэ задоўга да суда я падрыхтаваў у сваё апраўданне цэлую прамову. Я дзесяткi разоў рэпецiраваў яе, раiўся з аднакамернiкамi, што яшчэ трэба дапоўнiць да той прамовы, дапаўняў i быў гатовы ў любы момант выступiць з ёю. А ў судзе я раптам як анямеў, не змог напачатку вымавiць i слова. А потым i заплакаў, ненавiдзячы сябе за гэты плач, злосна выцiраючы рукавом слёзы, сцiскаючы зубы, намагаючыся не плакаць, супакоiцца i не могучы гэта зрабiць. Суддзi апусцiлi галовы, на мяне не глядзелi. I ўсё ж у рэшце рэшт я здолеў сказаць, што нiякi я не антысаветчык, не вораг савецкай улады, а запiс у дзённiку зрабiў пад уплывам прыгнечанага настрою.
- Хопiць, добра. Выйдзiце, калi ласка, - сказаў старшынствуючы.
Я выйшаў з такiм цяжкiм паганым настроем, так сябе лаяў за сваю слязлiвасць, што гатоў быў ударыцца галавой аб сценку.
Праз хвiлiн дзесяць мяне паклiкалi. Зайшоў, стаў, слухаю прыгавор. Яго прачыталi не ўвесь, а толькi рэзалюцыйную частку. "Хомчанку Васiля Фёдаравiча на аснове арт. 72 пункта А Крымiнальнага кодэкса БССР пазбавiць волi ў папраўча-працоўным лагеры тэрмiнам на чатыры гады i на тры гады паражэння ў правах пасля адбыцця пакарання".
- Колькi, чатыры гады? - не паверыў я пачутаму.
- Чатыры, - кiўнуў галавой старшынствуючы. - Прыгавор канчатковы i касацыi не падлягае.
- А я i не буду скардзiцца, - паспяшыў я запэўнiць суд.
Я быў рады i шчаслiвы, i радасць гэта, вядома ж, адбiвалася на маiм твары. Я адыходзiў i ўсмiхаўся, на развiтанне падзякаваў суддзям.
Усяго толькi чатыры гады! А не восем, не дзесяць. У мяне пела душа. Я пахвалiўся мiлiцыянеру, якi павiнен быў адвесцi мяне ў турму, пра гэтыя чатыры гады i гатоў быў хвалiцца ўсiм стрэчным.
- Пашанцавала, - згадзiўся мiлiцыянер.
Iшлi мы з гэтым мiлiцыянерам, маладым вясковым хлопцам, пешшу i не так, як патрабуецца iнструкцыяй: ён - ззаду, а я ўперадзе, а побач, плячо ў плячо. Нiхто са стрэчных i не здагадваўся, што мiлiцыянер канваiруе мяне.
Праходзячы мiма хлебнай крамы, я мiжволi прыпынiўся - хлебны дух ударыў мне, галоднаму, у ноздры так, што галава закружылася.
- Там хлеб, - паказаў я на вiтрыну, - хлеб.
- Зойдзем, - сказаў мiлiцыянер.
Мы зайшлi. Ён купiў за свае грошы фармавую буханку i даў мне. Я адразу ж упiўся ў яе зубамi, i, пакуль дайшлi да турмы, ад буханкi застаўся невялiкi акрайчык.
Развiталiся мы па-сяброўску - поцiскам рукi.
"Вось жа, - думаў я пра яго з удзячнасцю, - ёсць добрыя людзi i сярод канваiраў".
Перапыняючы гэты аповяд, адзначу, што на добрых людзях трымаецца свет. Сустракалiся мне такiя людзi i ў лагеры, i пасля лагера. Былi яны ў судах, у тым жа НКУС. I калi б кожны, ад каго залежалi лёсы людзей, няхай сабе i ў тыя страшныя гады тэрору, стараўся рабiць як можна меншае зло, а не iмкнуўся выбiцца ў перадавiкi, вызначыцца актыўным "баявым штыком партыi" - так называлi сябе сталiнскiя карнiкi, - то цi было б столькi ахвяр?
У камеры яшчэ на парозе я паказаў чатыры пальцы i крыкнуў, што далi чатыры гады. Сусед па нарах пацiснуў мне руку, вiншуючы з "толькi чатырма гадамi". А драматург Курдзiн уздыхнуў: "Вось бы i мне так пашанцавала". Яму не пашанцавала, яго расстралялi.
Ну а потым быў доўгi, цяжкi этап праз усю Расею, Сiбiр аж да станцыi Ўсуры ў Бамлаг, дзе я апынуўся перад самай зiмою.
Пра лагер пiсаць цяжэй, чым пра турму, следства, суд. Пра яго ўжо расказана шмат, i ў кожнага зэка быў свой лагер, са сваiмi пакутамi i маленькiмi радасцямi. Гэтыя маленькiя радасцi i ратавалi чалавека ад самагубства.
Сталiн, стварыўшы такое пекла, як лагеры, меў мэту не толькi пакараць чалавека фiзiчна невыноснымi ўмовамi, але i пазбавiць уласцiвай чалавеку чалавечнасцi. Лагер, акрамя фiзiчных пакут, - яшчэ i пазбаўленне чалавечага "я". У сталiнскага зэка такая бяспраўнасць, ён так унiжаны, што яго становiшча можна параўнаць са становiшчам старажытных рабоў. Лагеры, якiя, як ракавыя пухлiны, усеялi ўсю краiну, наклалi цяжкi змрочны адбiтак i на ўвесь уклад жыцця ў СССР. Жыць у "лагернай" краiне i не мець нiякага дачынення да лагернага вопыту, яго парадкаў, маралi нельга было. Кожны савецкi чалавек так цi iнакш звязаны з гэтым лагерным вопытам. Калi ты не сядзеў сам, то ўсё адно меў дачыненне да яго: нехта сядзеў з блiзкiх, знаёмых. Быт, лагерная псiхалогiя, лад жыцця перайшлi з лагера на "волю", заразiлi яе. Ён, гэты дух сталiнскага лагера, яшчэ i цяпер не выветрываецца са свядомасцi народа. Жорсткасць, права моцнага, падман, хлусня, несправядлiвасць - законы i мараль лагера яшчэ жывуць у грамадстве, маюць сiлу вялiкую.
У лагеры жыў у лепшых умовах не той зэк, хто быў значны на волi, хто валодаў вопытам высокай прафесii, хто разумны, адукаваны, а, як i задумана вярхоўным i яго хаўруснiкамi, розная крымiнальная нечысць, "сябры народа", якiх i ставiлi камандаваць i ўнiжаць людзей адукаваных i разумных, сумленных так званых ворагаў народа.
Колькi прыходзiлася бачыць такiх сцэн, калi былыя вядомыя вучоныя, пiсьменнiкi, военачальнiкi ўнiжалiся перад блатаром поварам, вымольваючы ў яго лiшнi чарпак баланды. Колькi iх корпалася ў кухонных памыйках, вышукваючы нешта ядомае. Не магу забыць, як былы нарком асветы адной сярэднеазiяцкай рэспублiкi збiраў бульбяныя ашкрэбкi i, каб не перахапiлi iншыя зэкi, таропка запiхваў iх у кiшэнi. Голад чалавека ўнiжаў.
Тыя, хто заганяў у лагеры мiльёны невiнаватых, мелi задачу не проста iзаляваць iх, але i вытравiць у iх усё чалавечае, маральнае: любоў, мiласэрнасць, дружбу, сумленне. Для гэтага i стваралiся такiя ўмовы нявольнiкам, каб узмацнiць у iх самыя нiзкiя iнстынкты. Калi маса галадае, чэзне ад холаду i непасiльнай працы, разута i раздзета, тады i пачынае знiкаць чалавечая мараль, а замест яе не любоў да блiжняга - такога ж пакутнiка, як сам, а варожасць, як да канкурэнта на лепшае месца на нарах, на лёгкую работу, большую пайку.
Вядомы пiсьменнiк Варлам Шаламаў, вязень сталiнскiх лагераў з семнаццацiгадовым стажам, лiчыць, што жыццё ў лагеры - гэта ганебны i адмоўны вопыт чалавека, i чалавек не павiнен нават чуць пра лагер. Нiводзiн чалавек не становiцца нi лепшым, нi мацнейшым пасля яго. Лагер, сцвярджае Шаламаў, адмоўная школа, адмоўны вопыт, разбэшчванне для ўсiх - як для зняволеных, так i для начальнiкаў, канваiраў, усёй лагернай абслугi. I нават для тых, хто проста назiраў за лагерным жыццём, быў сведкам збоку.
Адбываў я свой тэрмiн у двух лагерах - спачатку ў Бамлагу, потым у Нiжне-Амурскiм лагеры. У Бамлагу працаваў на пагрузцы гравiю i пяску на чыгуначныя платформы. Якая ж гэта была цяжкая праца! Рабочая змена доўжылася дзесяць гадзiн.
Помню адзiн адчайны вечар, калi мяне раптам ахапiла нейкае вар'яцкае жаданне развiтацца з жыццём, засела думка, як бы яе ўкалацiлi ў галаву, што, працуючы так i знясiльваючы сябе, свой тэрмiн я не адбуду, загнуся, дык навошта мучыцца. Памятаю, свяцiла поўня, яркая i зялёная, а зямля, выпучаная аграмадзiнамi сопак, была па-мярцвецку бледная. I зоркi былi яркiя i надзвычай буйныя. Яны здавалiся такiмi нiзкiмi, што калi б кiнуў з добрай сiлай угору камень, то трапiў бы ў зорку. Зоркi нiбы дыхалi, як загнаны чалавек, рабiлiся то вялiкiя, то маленькiя. Потым яны быццам пачалi ўсхлiпваць, i iх усхлiпы i дрыжанне я ўбачыў на маiм адшараваным гравiем шуфлi. У адчайным прыпадку я гакнуў цаўём лапаты па борце платформы. Яно трэснула, канец яго застаўся ў мяне ў руках. Я сеў на кучу гравiю, скурчыўся i думаў, як i чым я скончу жыццё сваё. Думаў спакойна, як аб нечым звычайным, скажам, аб той жа платформе, якую трэба пагрузiць, або пра заўтрашнюю пайку.
Падышоў брыгадзiр, убачыў зламанае цаўё, прынёс новае, набiў на яго шуфлю, аддаў мне.
- Папрацуй змену, - сказаў ён, - заўтра цябе ў кантору бяруць.
Вось гэта радасная навiна i адмянiла маю задуму развiтацца з жыццём.
Нейкi час я працаваў у канторы калоны на селектары начным тэлефанiстам. Лафа, лепшай для зэка i не прыдумаеш. Сядзiш у цяпле, пайку i норму маеш сытную. Я прагнаў голад, адхляў, паздаравеў i духам. Папрацаваў я i на пякарнi памочнiкам пекара.
Наступны лагер мой быў Нiжне-Амурскi, зэкi якога пачалi будаваць чыгунку на Нiкалаеўск-на-Амуры. Да сваёй калоны мы iшлi пешшу па тайзе ад станцыi Камсамольск-на-Амуры двое сутак, з начным перадыхам каля вогнiшча. Хоць i быў сакавiк i марозы ўпалi, а сёй-той дарогай абмарозiўся.
Спынiлiся ў тайзе каля лiстоўнiцы, на якой была прыбiта дошчачка з нумарам нашай калоны. Жылi ў палатках i будавалi ляжнёўку - часовую дарогу для машын. Прыходзiлася насiць бярвёны па вадзе, бо растаў снег i тайга была ўся ў лужынах.
Я лiчу, што лагер, акрамя таго страшнага адмоўнага, пра што я ўжо пiсаў, яшчэ i самая вялiкая школа, дзе чалавека вучаць, як трэба ненавiдзець фiзiчную працу. Паднявольная праца - такая ж кара, як i пазбаўленне волi. Таму зэкi ёй супрацiўляюцца, вынiкамi зробленага не цiкавяцца, стараюцца як менш затрацiць сiлы ў час працы. На сваю працу зэк глядзiць з агiдай i пракляццем. Асаблiва ў яго выклiкае нянавiсць, калi бачыць непатрэбнасць таго, што сiлком прымушаюць рабiць. Думаю, што з лагера i прыйшла ў наша грамадства нелюбоў да фiзiчнай працы, яна стала непрэстыжнай.
Будаўнiцтва дарогi на Нiкалаеўск было спынена, i ўсю зэкаўскую масу перакiнулi на будаўнiцтва дарогi Камсамольск - Саўгавань, якую зэкi i збудавалi.
Палёгка да мяне прыйшла ў канцы тэрмiну, калi я быў пераведзены грузчыкам на прадуктовую базу i мяне расканваiравалi. Я мог без канвою выходзiць у горад Камсамольск.
Неяк увосень я праходзiў мiма групы зэкаў, якая брукавала вулiцу. Я спынiўся каля iх, пачуўшы ў размове аднаго хлопца беларускiя словы. Я загаварыў з iм, ён аказаўся з-пад Слуцка. Хлопец сказаў, што тут ёсць яшчэ адзiн беларус, i паказаў на мужчыну, якi, стоячы на каленях, укладваў камень у насыпанае палатно дарогi. "Гэта паэт Сяргей Серада", - сказаў хлопец. Каленi ў паэта былi абматаны мешкавiнай - каб не мулка стаяць. Я падышоў да яго, спытаў, хто ён. "Я - Сяргей Дарожны", - адказаў ён. "Дык я ж вас ведаю!" радасна ўскрыкнуў я i сказаў, што бачыў яго некалi ў Доме пiсьменнiкаў i што ў мяне дома ёсць ягоная кнiжка вершаў "Пракосы на памяць".
Выявiлася, што Сяргей Дарожны знаходзiўся са мной у адной калоне i нават у суседнiм бараку. Я рады, што доўгi час, ажно некалькi месяцаў, да свайго вызвалення, мог памагаць Сяргею прадуктамi, прыносячы iх з базы. Больш таго, я падкупiў начальства, i яно з агульных работ перавяло Сяргея ў кантору рахункаводам.
Нi я, нi Сяргей Дарожны не ведалi, што ў той жа калоне знаходзiўся i яшчэ адзiн паэт - Мiкалай Забалоцкi, якi працаваў там чарцёжнiкам. Пра гэта мне стала вядома толькi нядаўна з лагерных лiстоў паэта, надрукаваных у часопiсе "Знамя".
Падрабязна пра Сяргея Дарожнага ёсць мае ўспамiны ў кнiзе "Стрэл у акно".
У пачатку красавiка сорак першага года я развiтаўся з лагерам. Развiтаўся, але лагер на ўсё жыццё застаўся ў памяцi i свядомасцi i ўвесь час напамiнае пра сябе. Хоць з дня вызвалення прайшло амаль паўвека, лагер i цяпер трымае душу ў гадкай трывозе i вельмi часта снiцца. Будзь яны праклятыя, тыя чатыры гады. Днi вайны, якiя я потым правёў на самым перадку, не мучаць такой трывогай i цяжкiмi ўспамiнамi, як турма i лагер.
Пасля вызвалення я прыехаў у Астрахань, бо ў Беларусь мяне не пусцiлi. У Астраханi ўладкаваўся грузчыкам на рыбалоўную базу - грузiў лёд, соль на баркасы. Жыў у iнтэрнаце. Магчымасцi вучыцца або выбраць нейкую па душы працу не было - я ж меў яшчэ тры гады паражэння ў правах. Я па-ранейшаму заставаўся бяспраўным.
Усё змянiлася ў адзiн дзень. Недзе ў канцы мая пасля работы я пайшоў у райваенкамат, каб стаць на ваенны ўлiк. Прыйшоў туды, а там - мiтусня, шматлюддзе: рыхтавалася да адпраўкi каманда ў армiю з рэзервiстаў. Нехта не з'явiўся, не хапала людзей, а тут я трапiў на вочы. Мяне з ходу i залiчылi ў тую каманду, не дазволiўшы нават збегаць у iнтэрнат па рэчы. Так чамадан мой з фатаграфiяй Сяргея Дарожнага, яго лiстом Петрусю Броўку - думалася ж, што паеду ў Беларусь i пры сустрэчы перадам адрасату - загiнулi назаўжды.
Ваенкамацкi пiсар даў мне запоўнiць анкету, я i запоўнiў. У графе пра судзiмасць запiсаў - не судзiмы. У графе пра партыйнасць зрабiў запiс, што я камсамолец. Указаў няпраўду i пра адукацыю - быццам скончыў адзiн курс iнстытута журналiстыкi ў Менску.
З той анкетай я i пайшоў служыць у армiю i праслужыў потым у ёй ажно дваццаць сем гадоў. Калi пачалася вайна, нас адправiлi на фронт, i хто там будзе правяраць цi ўдакладняць бiяграфiчныя дадзеныя. Ваяваў радавым, потым скончыў ваенна-пяхотнае вучылiшча, уступiў у партыю, атрымаў узнагароды, а канец вайны сустрэў у Аўстрыi камандзiрам мiнамётнага ўзвода.
Адразу ж пасля вайны я хацеў звольнiцца. Звольнiцца не далi. Выклiкалi ў штаб дывiзii i сказалi, гледзячы на маю тую анкету:
- Вы афiцэр з адукацыяй, вучылiся ў iнстытуце журналiстыкi, i мы прапануем вам паступiць у ваенную акадэмiю. - Назвалi некалькi акадэмiй, я выбраў ваенна-юрыдычную, падумаўшы, што прафесiя юрыста спатрэбiцца i ў цывiльнай службе.
У акадэмiю я паступiў, вучыўся там чатыры гады i ўвесь час думаў, што мяне вось-вось выкрыюць як судзiмага i папруць з акадэмii, з армii i з партыi за падман.
Не выкрылi. У пяцьдзесят першым годзе акадэмiю скончыў i да канца шэсцьдзесят восьмага года служыў у ваенных трыбуналах суддзёй. За семнаццаць гадоў судзейскай працы я разгледзеў нямала судовых спраў, пазбавiў волi багата людзей. Я, былы зэк, цяпер сам заганяў людзей за краты.
За чатыры гады няволi ў турмах i лагерах я кожнай клеткай сваёй душы адчуваў, як цяжка прабыць нават адзiн дзень за калючым дротам. Кожны вечар падлiчваеш, колькi яшчэ засталося месяцаў, тыдняў, дзён. Ну што б, думалася тады, далi б мне не чатыры, а на паўгода менш, i быў бы я ўжо блiзка ад волi. Вось гэта адчуванне невыноснасцi няволi кожны раз, застаючыся ў пакоi для вынясення прыгавору, я i ўспамiнаў. Вядома ж, што санкцыi кожнага артыкула Крымiнальнага кодэкса маюць нiжэйшую i вышэйшую мяжу. У гэтых межах трэба i выбраць тэрмiн пазбаўлення волi. Можна вызначыць i нiжэй нiжэйшай мяжы, калi знойдуцца на гэта падставы, але пераступаць вышэйшую нельга.
Я стараўся быць справядлiвым суддзёй. Мяне лiчылi калегi мяккацелым, нават лiбералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць. У мяне былi адмененыя прыгаворы, але толькi з-за мяккасцi пакарання i не было нiводнага прыгавору, па якiм бы вышэйшая iнстанцыя знiзiла тэрмiн няволi асуджанаму.
Вялiкi расейскi юрыст i вучоны Анатоль Фёдаравiч Конi ў свой час, раздумваючы, якiя павiнны быць суддзi, аднойчы сцвердзiў наступнае: самым справядлiвым суддзёй быў бы той, якi на сваёй шкуры пазнаў, што такое няволя i якое неадольнае iмкненне ў вязня да волi. Добра было б, гаварыў Конi, кожнага кандыдата на пасаду суддзi патрымаць у няволi з арыштаванымi ну хоць з месяц.
Вядома, на практыцы такое не праводзiлася i не будзе праводзiцца. А я вось прайшоў такую практыку i ведаю, што значыць падлiчваць днi да вызвалення.