"Трахiмчык", рослы, тонкi, аднавокi (другое ў яго было пад чорным, выпуклым пятачком) - падыйшоў да трыбуны, касавурлiва зiрнуў перш у бок прэзыдыюму, потым паверх галоваў на салю. Расклаў свае паперы, пачаў:
- Уласна, я зачаплю тут праблему падручнiкаў не наогул, а праблему падручнiкаў беларускiх, дый то толькi праблему падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры. Скажу адразу - тут у нас правал. Далiкатная справа. Падручнiкi ёсьць, але мы ня можам iмi карыстацца - яны зьнятыя з ужытку, забароненыя. Узяць хоць-бы для прыкладу Хрэстаматыю, якой мы дасюль карысталiся. У ёй зьмешчаныя творы, аўтары якiх цяпер арыштаваныя i абвiнавачваюцца ў буржуазным нацыяналiзьме. Значыцца, гэтым падручнiкам мы ня можам карыстацца. Трэба ствараць новы. А гэта доўгая песьня, пры тым справа ўскладняецца яшчэ й тым, каго ўключаць у новую Хрэстаматыю, хто з беларускiх пiсьменьнiкаў надзейна стабiльны, каб яго можна было браць бязь рызыкi, што ён заўтра не акажацца ворагам? Янка Купала i Якуб Колас цяпер ужо, здаецца, стабiльныя. Стабiльнымi дасюль былi Андрэй Александровiч, Чарот, Галавач. Але, глядзеце, трэба i iх выкiдваць. Практычна вось i выходзiць, што мы пазбаўленыя падручнiкаў па беларускай лiтаратуры. А як дысцыплiна, беларуская лiтаратура праграмай вымагаецца. Гэта-ж, побач мовы, адна з найгалоўнейшых дысцыплiнаў. Яе трэба выкладаць. А як? Я ня ведаю. Я пакiдаю гэтае пытаньне пад вашую развагу. З свайго боку я ўсё-ткi хацеў-бы прапанаваць такую iдэю: скласьцi, так-бы сказаць, рабочую групу з найбольш кампэтэнтных выкладчыкаў беларускай лiтаратуры i даручыць ёй больш дэтальна вывучыць праблему беларускiх падручнiкаў па лiтаратуры. Свае рэкамэндацыi група магла-б падаць у адпаведныя вышэйшыя iнстанцыi.
Голас: Рэкамэндацыi такой групы ня мелi-б нiякай вагi. Бо хто надзелiць яе патрэбнымi паўнамоцтвамi? Вы? Гэта заданьне ня нейкай нашай рабочай групы, а заданьне самога Наркамату асьветы БССР.
Другi голас: ...i НКВД.
Саля павярнулася - хто гэта сказаў?
- У такiм разе я здымаю сваю прапанову, - пасьпяшаўся заявiць "Трахiмчык". - Але ясна адно - падручнiкаў няма. I выглядае, што гэтую праблему выкладчыкi беларускай лiтаратуры змушаныя вырашаць самi.
Голас упаўнаважанага: Выбачайце, ня самi! Прашу слова.
"Трахiмчык" хутка закруглiўся i, не паказваючы выгляду, што пакрыўджаны, хуценька адыйшоўся ад трыбуны i сеў на сваё месца ў прэзыдыюме.
Упаўнаважаны крэгляй выкацiўся з-за стала да трыбуны i неспадзявана загаварыў на чыстай беларускай мове.
- Таварышы, мы ня можам пусьцiць на самацёк справу беларускiх падручнiкаў. Мы ня можам ствараць падручнiкаў "самi". Справа дапаможнiкаў па беларускай лiтаратуры не такая простая. Лiтаратура - дысцыплiна iдэялягiчная, магутны сродак у выхаваньнi маладога пакаленьня i нам не абыякава, на якiх узорах прыгожага пiсьменства мы будзем узгадоўваць школьнiка. Нявыразныя ў iдэялягiчным сэньсе творы мы не бярэм на ўзбраеньне. Варожыя iдэялягiчна нам творы мы катэгарычна адкiдаем. Нажаль, у Хрэстаматыю па беларускай лiтаратуры трапiлi творы iдэялягiчна заганныя, а то й проста iдэялягiчна шкодныя, кантррэвалюцыйныя. Аўтары гэтых твораў - носьбiты няпрыймальнай намi iдэялёгii i, зразумела, iм ня месца ня толькi ў Хрэстаматыi, але i ў нашым савецкiм грамадстве.
- Тут нехта кiўнуў у бок НКВД - а што-ж вы думаеце, НКВД - гэта так сабе, для фасону? Патое-ж яно i НКВД, каб дбаць пра бясьпеку нашага грамадства. На ягоным абавязку - калi паўстане такая неабходнасьць - iзаляваць шкодны элемэнт ад рэшты грамадства. Iзаляваць часова, на пэўны час, або й назаўсёды, у залежнасьцi ад сацыяльных паводзiнаў гэтага элемэнту. Што тычыцца беларускiх пiсьменьнiкаў, дык не захаваю - у дачыненьнi да iх паўстала неабходнасьць прыняць захады ў кiрунку ачышчэньня iхных шэрагаў ад варожага, кантррэвалюцыйнага ахвосьця. Вось чым тлумачацца, дарагiя сябры, прабелы ў Хрэстаматыi i ў iншых дапаможнiках, пра якiя вы тут гаворыце. Але я магу запэўнiць вас - падручнiкi будуць. Над складаньнем iх нашыя навукоўцы ўжо працуюць i вы хутка падручнiкi атрымаеце. Ад вас патрабуецца толькi цярпеньне i зразуменьне справы. Да выхаду новых, перагледжаных падручнiкаў, у вас ёсьць у наяўнасьцi дастатковая колькасьць матэрыялаў па беларускай лiтаратуры i такiм парадкам у вас ёсьць поўная магчымасьць праводзiць нармальныя заняткi ў гэтай галiне. Як мне здаецца, вы занадта драматызуеце сытуацыю. Сярод вас, бачу, пануе нейкае незадаваленьне нашай палiтыкай у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Вам, бачу, незразумела, чым выклiкана гэтая палiтыка. Скажу адкрыта - яна выклiканая небясьпекай нацыяналiзму ў Беларусi. Беларускiя нацыяналiсты, пад выглядам беларусызацыi, ажыцьцяўлялi палiтыку адзьдзяленьня, сэпарацыi ад Саюзу, iшлi курсам поўнай незалежнасьцi Беларусi. Перасьледуючы такую мэту, беларускiя нацыяналiсты асаблiвы нацiск клалi на мову i лiтаратуру. Узьнiклi школьныя граматыкi розных лёсiкаў, Хрэстаматыi-чытанкi розных чаржынскiх, падручнiкi па гiсторыi лiтаратуры розных гарэцкiх i г.д. Падключалiся-ж сюды, канешне, i беларускiя паэты i пiсьменьнiкi. Вось якраз цяпер мы iх i адключаем. Прашу зразумець гэта.
Упаўнаважаны з выглядам задаволенасьцi сваiм выступленьнем сеў на сваё месца. Старшыня прэзыдыюму нешта перагаварыў з iм i, узьняўшыся над сталом, абвесьцiў перапынак на абед.
Але мне было не да абеду. Настрой мой папсаваўся. Чаго я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю? Мне было-б лягчэй, каб я ня чуў усяго таго, што на ёй гаварылася. Упаўнаважаны наганяў страх. У ролi "культурнага" шэфа ўстановы, у якой ён служыць, ён паказаўся мне агiдным i небясьпечным.
- Ну чаго спахмурнеў? Давай прадстаўлю цябе нашаму райано, - падганяў мяне Вяркееў. - Пайшлi!
Райано, сярэднiх гадоў чалавек, прывiтаўся са мною вельмi ветлiва, прыязна, як з сваiм даўнiм i добрым знаёмым, увесь твар яго свьяцiўся дабрынёй i гатовасьцяй аказаць мне любую паслугу.
Дамовiлiся разам пайсьцi на абед. Сталовая была ўжо перапоўненая наведвальнiкамi, пераважна настаўнiкамi з канфэрэнцыi. Селi за стол. Адна з афiцыянтак, заўважыўшы за нашым сталом райано, хутка падскочыла да нас, вiдаць, райано тут сталы госьць. Афiцыянтка, прыгожая, з надраенымi валасамi бляндынка, у добра скроеным па ёй убраньнi, запыталася, што-б мы хацелi заказаць.
Вяркееў, пераглянуўшыся з райано, папрасiў па сто грам на кожнага. Хутка прабегшы вачыма "меню", замовiў для нас траiх усё, што там было.
Мы ўжо выпiлi па сто, а закусваць яшчэ ня было чым. Гарэлка ўзяла мяне адразу, i я баяўся, што зраблю на райано дрэннае ўражаньне. Хоць нашто ён мне? Я ў яго ня буду працаваць. Чую як праз сон - Вяркееў хвалiць мяне на ўсе лады. Даходзiць да мяне, што ў нашым раёне шмат вакантных месцаў, у тым лiку - у самiх Касьцюковiчах. Райано нагвалт патрэбны настаўнiкi. Райано, перапынiўшы гутарку з Вяркеевым, пачаў знаёмiцца са мною, зьвяртацца да мяне з рознымi пытаньнямi.
Перарваў нашую гутарку ўпаўнаважаны. Вынырнуўшы адкульсьцi з настаўнiцкага тлуму, ён парукаўся з кожным з нас - у тым лiку i са мной - i сеў за нашым сталом памiж райано i мною.
- Таварыш райано, ты сёньня ня выступаў. Цi яшчэ выступiш? - нi то сур'ёзна, нi то жартам спытаўся ўпаўнаважаны.
- Пабачу.
- Хацеў-бы я "пабачыць".
- Вот ты перашкаджаеш. Бяру во маладога чалавека. Да зарэзу патрэбны людзi. Пазнаёмся!
- Я ўжо меў гонар пазнаёмiцца. Бярэш, кажаш? Таварыш-жа (упаўнаважаны зiрнуў на мяне), здаецца, зьбiраецца канчаць навуку, а не настаўнiчаць.
- Гэта-ж не твая справа, а "таварыша".
- Чаму ты так думаеш, што не мая? А можа й мая. Дарэчы, як ты, райано, ацэньваеш выступленьне Трахiмчыка?
Райано нешта хацеў адказаць, але якраз у гэты момант зьявiлася афiцыянтка з падносам i хутка пачала згружаць на стол усё, што прадугледжана меню, уключна з дэсэртам - кампотам у кубачках. Вяркееў тут-жа папрасiў афiцыянтку "прытарабанiць" меню i для "таварыша" (нашага ўпаўнаважанага). "На аднэй назе, - загадаў ён ёй, - i - графiнчык са стаканчыкамi". Сапраўды, усё гэта хутка было ўжо на стале i Вяркееў скамандваў - "як належыцца, прыкласьцiся". Не хацеў "прыкладвацца" толькi я, i райано адразу-ж з дакорам:
- Ну дык гэта што-ж, браток, я, можна сказаць, узяў ужо цябе на работу, а ты ня хочаш да нас прыхiнуцца. Шмат ня можаш - разумею, але яшчэ па аднэй мусiш.
Я паддаўся, i мы выпiлi "па аднэй". Пачалi есьцi. Упаўнаважаны атрымаў сваё "меню" таксама. Еў сьпяшаючыся, i скончыў раней за ўсiх.
- Дык ты, райано, не адказаў яшчэ на маё пытанне.
- А я ўжо й забыўся, на якое.
- Ды пра выступленьне Трахiмчыка. Нешта ён ня ў той бок глядзiць.
- А ты куды хочаш каб ён глядзеў?
- Я бяз жартаў, райано - ты мусiў-бы зарэагаваць. Трахiмчык пасутнасьцi гне кантррэвалюцыю. Ты ня бачыш гэтага? Як ты мог дапусьцiць такога чалавека да трыбуны?
- Ён найбольш кампэтэнтны ў лiтаратуры. Ты, канешне, - самы кампэтэнтны i ты пабiў яго. Чаго ты хочаш яшчэ ад яго? Ён нiчога дрэннага ня меў на ўвазе. Зрэшты, я выступлю па абедзе i ўсё выраўную. Ня турбуйся!
Райано перайшоў да мяне:
- Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на "вы") месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы - выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?
Райано перайшоў да мяне:
- Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на "вы") месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы - выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?
Я ня ведаю, што яму адказаць. Упаўнаважаны насьцярожыўся - слухае.
- Найлепшая ў раёне дзесяцiгодка. Настаўнiцкi калектыў iдэальны. Папрацуеце год, пабачыце: спадабаецца - застанецеся, не - паедзеце ў свой Мiнск.
- Райано, ня Мiнск, а Менск. Беларускiя нацыяналiсты, "нацдэмы", ня любяць "Мiнску".
- Дык ён-жа не нацдэм!
I ўжо да мяне:
- Ну дык i як? Заўтра i аформлю. Выпiшу прызначэньне.
- Райано, не сьпяшайся гэтак! - уставiў сваё ўпаўнаважаны.
У душы я кляну сябе, што не магу разгаварыцца з райано, не магу даць яму канкрэтнага адказу. Мяне прыгнятае прысутнасьць упаўнаважанага. Я хацеў-бы прыняць прапанову райано, такую спакусьлiвую. Прапанова райано ўзвышае мяне, я вырастаю ў сваiх собскiх вачох, я ўяўляю нават, як быў-бы задаволены мой бацька маёй пасадай выкладчыка ў раённай дзесяцiгодцы, як зайздросьцiлi-б мне ў Мокрым. Але я не люблю Касьцюковiчаў. Я ня ведаю iх. Мне яны чужыя. Мне трэба ехаць у Менск - гэта мая наканаванасьць. Я не магу ня ехаць туды. Я мушу спраўдзiць сябе, ня важна як - мне важна дайсьцi да свайго канца, спраўдзiцца. I таму я не магу нiчога сказаць райано. Ён глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма i магчыма - дапушчаю - разумее, чаму я маўчу. А калi не разумее? Тады я трачу сябе ў ягоных вачох. Ён можа падумаць - хутчэй за ўсё - што я проста ня сур'ёзны чалавек, ня варты ягонай увагi. Не паверыць i Вяркееву: "перахвалiў, я нiчога ня бачу ў iм".
Вяркееў, бачу, незадаволены мной: дзе падзелася мая вынаходлiвасьць, спантаннасьць, мой досьцiп, нарэшце, мая культура, эрудыцыя?
I Вяркееў ратуе сытуацыю:
- Райано, мы заўтра зойдзем да цябе ў канцылярыю. Добра?
- Чакаю. Чакаю. Абавязкова.
Вяркееў заплацiў за ўсiх нас, i мы вылезьлi з-за стала, ладна захмялеўшыя. Упаўнаважаны, разьвiтваючыся, сказаў райано, што ён прыйдзе на ягонае выступленьне. Падаў руку Вяркееву, у мой бок толькi кiўнуў галавой, кiдка зiрнуўшы мне пад ногi.
Вяркееву я сказаў, што на канфэфэнцыi ня буду, пайду пахаджу па мястэчку, нанач прыду ў наш нумар.
Па мястэчку я не хадзiў, адразу пайшоў у нумар. Пакiнуў - каб мяне ня шукалi - пiсульку, што я пайшоў дамоў. Я не хачу заставацца тут нанач. Няцiкава. Самотна. Да таго-ж - я ведаю - Вяркееў прывядзе якую-небудзь з настаўнiцаў i што я мушу тады рабiць? Не хачу iсьцi i да райано. Працаваць у Касьцюковiчах, азначае - быць на вачох упаўнаважанага. Мая пуцявiна ўжо вызначана i трэба iсьцi па ёй.
Да цёмнага я буду ўжо ў Мокрым. Хацеў быў зайсьцi да Пiлiпа ў Дом калгасьнiка, сказаць i яму, што я iду, але перадумаў - не пайшоў да яго. У мяне ўзьнялася сiла - бегчы ў Мокрае. Хутчэй у Мокрае! Я ня раз хадзiў з Мокрага ў Касьцюковiчы - туды i назад у той-жа самы дзень. Разам семдзесят вярстоў. Яшчэ, купiўшы што, нясеш нешта i за сьпiною.
Выйшаўшы з мястэчка, я зьняў свае бацiнкi i - басанож - пусьцiўся ў дарогу. Праз вёскi ня йду - мiнаю iх. Нашто, каб мяне бачыў нехта на вулiцы босым? I толькi мiнуўшы вёску зноў узыходзiў на дарогу. Качуся - калi дарога йдзе на спад, iду павальней - калi яна ўзьнiмаецца. Ня надта разглядаюся - у мяне мала часу. Сустракаю зрэдку калгасныя абозы - вязуць на станцыю здаваць дзяржаве нарыхтоўкi: сена, маладую бульбу, дровы. На багнiстых мясцох бачу загрузлыя вазы, паламаныя восi, дугi, ськiнутыя каткi. Найбольш уражваюць укачаныя ў багну конi - яны такiя мiзэрныя, i, гледзячы на iх, заходзiцца ад жалю сэрца. У паветры вiсiць лаянка - у печань, у Бога, у Сталiна. Добрай вупражы няма, усё пянковае i яно хутка зношваецца, рвецца. Як гэта мне ўсё знаёма! Колькi разоў я загразаў вось гэтак, як яны. Я загразаю i цяпер, толькi ў нечым iншым.
Мiнаю маё Машавое. Сонца ўжо садзiцца. Ягоныя праменьнi - ужо рэдкiя, але агнiстыя - дастаюць, як штыхамi, на ўзгорку царкву i, адбiтыя ёю, паламаныя, гаснуць. Хоць крыжоў на царкве i няма, але ў маiм уяўленьнi яны ўсё гараць, як i тады, калi я глядзеў на iх, едучы з бабцяй на споведзь. Здаецца, варта толькi мне зноў глянуць на купалы, як яны, зiхатлiвыя, брызнуць на мяне сваiм золатам.
Наблiжаюся да маiх Жаркоў - там-сям у хатах ужо хлiпаюць агнi - слабыя, нясьмелыя, мiгцяць употайку, затуленыя ў куткох.
Да Мокрага засталося тры вярсты. Ня ведаю, чаму пры наблiжэньнi хвалююся i яшчэ больш сьпяшаюся. Пад наплывам пачуцьця трачу здольнасьць думаць.
Уважоджу ў Мокрае. Не, я не пайду вулiцай. Пайду агародамi паўз рэчку. Нашто мне з кiм сустракацца? Паўз рэчку цiха стаяць, стаiўшыся ў вечаровай цiшынi, хмызьнякi. Нагрэтая за дзень трава, дыхае нечым п'янкiм, духмяным, войстра пахным. Вось я ўжо й дайшоў, куды йшоў. Бачу - у iхным заднiм вакенцы агеньчык. Узыходжу на iхны агарод, з агароду - у сенцы. Бяруся за клямку адчыняю дзьверы ў хату: яны сядзяць за сталом. Вячэраюць. Кiнуўшы лыжку на стол, Хiма бяжыць да парогу, мне насустрач:
- Што такое? Прыехалi ўжо? А мой стары?
- Застаўся... Я толькi адзiн.
- Прыехаў на чым?
- Прыбег...
- Прыбег?
- Напрўду.
- Занудзiўся цi што? Ах, якi-ж ты бяглiвы! Хадзi, даражэнькi, за стол. Павячэраем разам. Згаладаўся-ж за дарогу, нябось.
Садзiць мяне за стол. Дае лыжку. I мы трох сiляем з аднэй мiскi кулеш, гарачы i густы, запраўлены скваркамi.
Пры сьвятле ў Дусi зораць вочы, сьвецяцца нейкiм асаблiвым бляскам. Глядзiць на мяне - гаворыць са мною вачыма. Я сiляю кулеш няўпэўнена i нязграбна. Яна ўсьмiхаецца, калi з мае лыжкi капае на стол кулеш. Гаворыць:
- Ты ня ўмееш есьцi нашага куляшу.
Забраўшы з грудзей косы, закiдвае iх за плечы, зьлёгку дакранаецца левай рукой лёкану, што зьвiсае ў яе над вухам. Яна неспакойная. Уражаная маiм прыходам.
- Цябе там нечым угнявiлi, што так прыбег? - пытаецца Хiма. - Гэта-ж ня так сабе прычгаў? Мой стары нiчога табе не казаў? Калi прыедзе?
Вылезла з-за стала:
- Ад куляшу па целяшу. Ды куляшом я вас не накармлю. Дастану яшчэ чаго.
Выйшла ў сенцы. У нейкiм сполаху Дуся зiрнула на мяне, вiдаць, таму што мы засталiся з ёю адны. Але вярнулася з сянец Хiма з палiваным гаршком у руках. Паставiла на стол. Пачала калупаць з яго на iсподак залiты маслам сыр.
Дуся бярэ рукамi з iсподку драбочкi сыру, дае мне, кладзе сабе ў рот, сьмяючыся. Мне падабаецца, як гэта яна робiць. Яна пачувае сябе ўжо больш свабодна, натуральна. Я любуюся ейнымi загарэлымi, зграбнымi рукамi, адкрытай, прыгожай шыяй. Лёгкую, тонкую балахонку на ейных грудзёх ледзь прыкметна пораць два кукiшы ейнай сарамлiвасьцi. Я не гляджу на iх - грэх.
Ззаду нас, у вакне, спалыхнула трывожным сьвятлом зарнiца. Хiма, перахрысьцiўшыся, пачала зачыняць вокны - будзе навальнiца. Нездарма-ж так парыла.
- Масеевiч, заставайся ў нас нанач. Нам боязна адным.
Падыйшла да вакна. Адчынiла. Зiрнула на ўсе бакi:
- Сунецца цёмная туча - агонь у чэраве. Цi не на бяду якую, крый ты, Божа! Застанься. Начуй у нас!
- Але я мушу йсьцi. Мне трэба зьбiрацца.
- Ты ня хочаш у нас заставацца? - спыталася Дуся. - Я не пайшла-б - баюся грому. Хочаш дамоў?
- Так, дамоў. I - не дамоў.
- Ды што ета ты гаворыш, Масеевiч? Бог з табой, а куды-ж? - устрывожылася Хiма.
- Мне трэба зьбiрацца, зьбiрацца... у дарогу.
- Не манi. У якую дарогу? Гэта табе надаела ў нас i цябе цягне туды назад, у горад, - ня верыць мне Хiма. - От ня дуры галавы, чалавеча. Хочаш Дусю напужаць? Куды ты пойдзеш процi ночы? Заставайся, кажу!
Дуся глядзiць на мяне - што я скажу? Я вылажу з-за стала. Вылазiць за мною i Дуся.
У вокнах зноў, як у сударгах, закалацiлася зарнiца. Хiма ледзьве пасьпела перахрысьцiцца. Яна выкруцiла ў лямпе кнот i лямпа згасла. "Нельга, каб гарэла сьвятло ў гразу".
Я стаю ўжо ля парогу, гатовы выйсьцi. Вокны ўсё часьцей асьляпляюцца блiскавiцай i ў прамежках гэтага асьляпленьня я ўлаўлiваю постаць Дусi ў белай балахонцы. Пад дзьвярыма азваўся кот - просiцца ў хату.
- I ён чуе небясьпеку. Уцякае. Бяжыць да людзей. Баiцца застацца на двары, - цiха, амаль шэптам, гаворыць Хiма.
За хатай, над рэчкай, ударыў гром i рэха пакацiлася па ўсiм навакольлi. Яшчэ i яшчэ. Раз за разам. Загуркатаў. Яшчэ лупянуў.
- Пэўна, вярбу над мостам цяў, - прашаптала Хiма.
Зашумеў дождж i сьцiхнуў гром. Ды нечакана лупянуў зноў у самы вугал i сiняя кацелка пакацiлася па двары.
Дуся кiнулася за полаг на свой ложак.
- Крый ты Божа, а я й забылася юшку зачынiць - яшчэ ўляцiць у комiн. Ня стой i ты ля парогу. Iдзi супакой Дусю - насьмерць перапужалася.
Я адхiнуў полаг - Дуся ляжала, накрыўшыся з галавой.
- Баiшся грому?
- Каб у хаце быў бацька, я не баялася-б. Як гром, я тулюся да яго i хоць дрыжу ўся, але ў ягоных руках супакойваюся.
Яна ськiнула з сябе дзяругу i гатовая была ўзьняцца, як гакнуў, здаецца ў самую хату - гром. Учэпiстая, прыклеiлася да мяне. Калоцiцца. I толькi калi я дакрануўся яе шчакi сваёю, яна супакоiлася, сьцiхла.
- Ты цяпер, як у бацькi.
Маўчыць.
- Не баiсься?
Пацалавала.
Дождж абкладваў сваiм шамаценьнем хату, лагодны i сьцiшны, закладваў вушы, суцяшаў. Гром ужо не парушаў гэтай сьцiшнасьцi. Толькi дзесьцi далёка - ужо за Вараноўкай - зрэдку чуваць было ягонае вуркатаньне.