- Куды? Чаго? Як гэта?!
Ён падняўся зноў на ганак, i ўсiм стала ясна: не ўстанавiлася памiж iмi згода, i вялiкае недавер'е жыло i не зменшвалася. Самы старэйшы раптам уздыхнуў i штосьцi як бы прашаптаў сам сабе.
- А памагчы таму хаваць, - сказаў ён мацней.
- Я кончуся з холаду ў гэтым пiнжаку, - сказаў той, лёгка адзеты.
Ён шпарка рушыў у хату. I ўсе за iм. Таўсматы сеў на лаву. Усе ж астатнiя сцiснулiся пры печы, у якой яшчэ датляваў жар. У момант цяпло размарыла iх. Дрымота агарнула iх усiх трох. Усе яны нейк адразу тут жа ляглi на падлогу i сцiшылiся. Яны спалi. Але ў неспакоi. Колькi яны паспалi, хвiлiн можа дзесяць, не больш, а раз-поразу то той, то другi ўсхватваўся, паднiмаў галаву, акiдаў цяжкiмi вачыма хату i зноў кiдаўся на падлогу i спаў. Тоўсты таксама спаў, седзячы на лаве. Два тутэйшыя мужчыны тым часам унеслi з сянец труну, паклалi ў яе нябожчыцу i паставiлi труну з нябожчыцай на той самы тапчан. Той, што рабiў труну, выйшаў у сенцы i зноў з'явiўся ў дзвярах з рыдлёўкаю ў руках. Ён быў пануры, але вочы яго, здавалася, лiлi святло на твар.
- Цяпер пайду капаць, - сказаў ён.
- Добра было б каб удвух, - адказаў другi. - Але як я тут пакiну.
Раптам моцны кашаль перарваў не толькi гаворку, але можа нават i думкi гэтых людзей. На падлозе нехта з тых трох так кашляў, быццам бы грудзi яго разрывалiся. З хрыпам i свiстам кашляў ён i адкашляўшыся ўстаў. Гэта быў той самы старэйшы з чатырох. Абыякавасцi i холаду цяпер на яго твары не было. Была пакута i смутак. Цяпер ён здаваўся гарбаты, быў ускудлычаны, чырванатвары i з прыгнутымi ў каленях нагамi. Так ён стаяў, пагойдваючыся на нагах, у поўным маўчаннi гэтай нейкай нешчаслiвай хаты i прахрыпеў, усё з тым жа сваiм жудасным акцэнтам i вымоваю:
- Пачакаем дня, каб капаць i хаваць. Цяпер ноч. Нашто так спяшацца?
Вельмi можа быць, што той, з адкiнутымi назад валасамi, узрадаваўся гэтаму нечаканаму голасу, хоць i хрыпатаму, хоць i страшнаму. Усё ж гэта быў чалавечы голас. З нейкай раптоўнай жвавасцю, як бы ўхапiўшыся за прычыну, каб перад кiм паспавядацца, той, з адкiнутымi валасамi, сказаў:
- Галубок ты мой. Яна ўжо чацвёрты дзень ляжыць непахаваная. Пакуль мы дасталi дошак на труну, пакуль цвiкi з iх без начыння падаставалi, пакуль пiлу знайшлi на пажарышчы за лесам.
- А хто гэта памерлая?
- Гэта мая дачка.
- А жывая?
- I жывая мая дачка.
- Ну добра. Хадзем капаць.
- I я пайду, - пачуўся тут голас, i з падлогi падняўся самы маладзейшы, што быў у чырвонаармейскай адзежы.
Бацька нябожчыцы яшчэ пажвавеў. Нейкiя новыя рысы пачалi ажываць на яго твары.
- Што вы за людзi? - ужо новым тонам сказаў ён.
Тыя маўчалi.
- Ну, ты немец, я чую з твае гаворкi, - ткнуў ён рукой у грудзi таго, што нядаўна кашляў. - А ты хто? Адкуль ты?
- Я можа пасля скажу.
- Ну добра, - адразу апанураў чалавек. - Я i забыўся, што чалавеку страшна паказваць сваю душу перад чалавекам.
У тоне гэтых яго слоў многа было горычы i кплiвага запалу.
- Ну, хто пойдзе, дык хадзем. Рыдлёўкi якраз ёсць. У сенцах возьмем.
- I я пайду, - сказаў таўсматы i падняўся з лавы. Ён штурхануў таго ў лёгкiм пiнжаку. Ён спаў моцным сном. Штуршок яго пабудзiў, i ён сеў.
- Трэба ж каму тут астацца, - сказаў бацька нябожчыцы. - Ты астанься (гэта да таго, што рабiў труну). А я завяду людзей на месца.
- I я астануся тут, - сказаў той, што яшчэ сядзеў па падлозе.
- Добра, аставайся.
I той, як сядзеў, адразу зноў лёг, закiнуўшы пад галаву рукi.
I ўсе выйшлi, апроч яго i таго, што рабiў труну. Свечка аплыла i знiзiлася, i цямней стала ў хаце. Гануся стала на ранейшае месца бацькi i так моўчкi стаяла над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў поплеч яе. А той, што ляжаў на падлозе, сеў, дастаў з кiшэнi кавалачак паперы, навыцярушваў з другой кiшэнi пацёртага лiсця, зрабiў папяросу, устаў, прыкурыў з свечкi i зноў сеў на ранейшае месца на падлозе. Вiдаць, што гэта ён курыў не тытунь. Пах дыму быў не тытунёвы. Пайшлi хвiлiны за хвiлiнай. Ён дакурыў папяросу, устаў, падышоў да печы i ўкiнуў у яе недакурак. Абуткам сваiм ён моцна грукаў па зямлi. Гануся азiрнулася на яго, i вочы iх спаткалiся. Ён тады сеў на лаву i зноў пачаў скручваць папяросу. Гануся стаяла на сваiм месцы, але яшчэ раз на яго азiрнулася. Вiдаць, што яе паглыбленасць у самую сябе была парушана. Падышоўшы зноў да свечкi, каб прыкурыць, ён зазiрнуў у твар спачатку Ганусi, пасля чалавеку i як бы ўкрадкам запытаў:
- Што гэта тут за месца? Як называецца? Я тут не быў раней.
Чалавек маўчаў, а Гануся павярнулася да яго. Змена адбылася на яе твары. Гэта было вельмi падобна да таго, як раптам бацька яе пажвавеў быў, калi ў яго знайшлася прычына выказаць сваё чалавеку. Быццам Гануся на момант адарвалася ад забыцця.
- Тут Магiлеўская вобласць, - сказала яна.
- Ведаю. А раён?
Яна сказала i раён.
- А гэты кут?
- Хата, дзе радзiўся мой бацька. А вёска за ляском. Спалена. Адны асмалкi.
- А тут праходзiць шаша, што памiж Масквой i Варшавай?
- Недалёка.
- Ага. То вы можа чулi такi маёнтак Бранчычы?
- Не, я не чула.
- Ага. Ну, добра.
- А хiба тут былi маёнткi?
- Ну то саўгас можа быў. Проста назва Бранчычы.
Быццам бы на тое, каб хутчэй спынiць гэтую сваю ж гаворку, ён вельмi шпарка перасеў з лавы на падлогу i неўзабаве лёг i заплюшчыў вочы. Жвавасць сышла з Ганусiнага твару, але яшчэ нейкi час успышкi яе ажывалi.
I ў гэтыя моманты яна вельмi была падобна да свайго бацькi. Той жа, што стаяў поплеч яе, за гэты час нават i не паварушыўся, быццам нiчога не чуў, цi не цiкавiўся нiчым, або i не разумеў нiчога. Ноч цягнулася далей. Святло ў хаце яшчэ больш меркла. Вiдаць стала, што на небе ўзышлi зоры. Яны стаялi ў акне густа, i нават заўважалася, што цёмнае неба стаiць на мяжы з сiнiм колерам.
Раптам той шпарка падняўся з падлогi i падышоў да маўклiвага чалавека, што так пiльна стаяў над нябожчыцай.
- А вы не ведаеце Бранчыч? На самай шашы. Адсюль павiнна быць недалёка. Дзе гэта, i ў якi бок? А Божа мой, Божа. Калi ведаеце - выведзiце на дарогу.
Гэтыя словы, тонам просьбы i адчаю, ён сказаў як у пустынi. Той, да каго ён казаў, нават i не паварушыўся.
- Што вы маўчыце?! Вам цяжка слова сказаць?
Той раптам схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку, пяцьма пальцамi.
- Ён молiцца, не чапайце яго, - сказала Гануся.
Гэты, у лёгкiм пiнжаку, таксама схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку. Пры гэтым у яго была нейкая заўзятасць, як бы ён гэта сумысля, каб яго бачылi. Гануся паглядзела на яго, i на яе твары нiчога не адлюстравалася. Тады ён цiха запытаў Ганусю:
- А вы як жагнаецеся? Трыма цi пяцьма пальцамi?
Можна было ўлавiць у яго голасе такiя ноты, што як быццам бы ён надаваў гэтаму пытанню нейкае адмысловае значэнне.
- Я i не жагнаюся i не хрышчуся, - адказала яна, i як бы з нотамi нездавальнення, што ёй не даюць стаяць i маўчаць. Колькi ў ёй было ў гэты момант сталасцi! I адказ яе быў не так сабе. А можа гэта яна штосьцi зразумела ў яго запытаннi i трапна адказала яму. Нездаволены, ён цiхом падаўся на ранейшае месца i лёг на глiняную падлогу гэтай хаты. Панавала вялiкае маўчанне. Нябожчыца ляжала ў труне, i двое стаялi над ею. Тым часам загрукалi на ганку i сенечнымi дзвярыма. Вярнулiся далакопы. Усе яны як ёсць увайшлi ў хату. I ў ва ўсiх iх адбылася нейкая змена. Нейкая адна, ужо агульная iм усiм рыса з'явiлася ў iх. Гэта была не тое што якая заклапочанасць цi ўзбуджанасць. Але можа i гэтага былi некаторыя адзнакi. Самае ж важнае, што было ў iх, гэта як бы iх агульнае дачыненне да адной справы. Гэта яднала iх. Цяпер яны былi ўжо быццам нейкiя змоўшчыкi. Не ведаючы адзiн аднаго, яны ў невядомым iм месцы нядаўна выкапалi магiлу невядомай iм асобе. Капалi разам, пад зорным небам, уночы, перамагаючы свае пакуты. Вельмi можа быць, што тут кожным з iх кiравала залежнасць аднаго ад усiх. Напэўна так было. Нiхто не хацеў, не мог i баяўся быць чым-небудзь непадобным да iншых у час гэтага, можа нават i страшнага, iх спаткання. Што было б, каб хто з iх заявiў, што ён не хоча рабiць таго, што робяць iншыя? Кампанiя ж iх i так ледзьве трымалася гнiлымi абручамi. Праўда, адзiн з iх ляжаў цяпер на падлозе, але невядома яшчэ, што пра яго думалi. I хто ведае, можа яму што-небудзь ужо рыхтавалi. Але i не толькi гэта было ў iх усiх. Тут магло быць яшчэ i пачуццё хоць якой змены iх стану. Галоднае бадзянне на холадзе, i раптам - нейкi занятак, справа, а можа i апаражненне цёплай хаты ад мёртвага чалавека. Мёртваму нiчога не трэба. Жывому патрэбен цёплы прытулак. Уцягненыя ў нейкую дзейнасць, тоячы кожны ў сабе сваё, усе ўвайшлi ў хату i сталi пасярод яе.
Бацька нябожчыцы парушыў цiшыню моцным голасам.
- Гануся, - сказаў ён, - развiтайся з ею.
Адразу ён падышоў да Ганусi i абняў яе адной рукой за плечы. Абое поплеч, яны падышлi да труны i ўкленчылi перад ею. Ён дакрануўся лбом да белай, як паркаль, рукi нябожчыцы i пацалаваў руку. Пасля пацалаваў у нябожчыцы пантоплi на нагах i лоб. Пасля стаяў i глядзеў, як Гануся цалуе ў нябожчыцы твар i рукавы кофтачкi. Пасля ён i той, што рабiў труну, узялi века i зачынiлi труну. Раптам ён прыадчынiў века i зiрнуў яшчэ раз на нябожчыцу. Зiрнула i Гануся. Зiрнуў i той, што рабiў труну. А пасля гэтага зачынiлi ўжо навек. I пачалi браць труну, каб несцi. Нейк разам усе схлупiлiся i перашкаджалi адзiн аднаму. Труну ўзялi ўшасцёх. Першая пара iшла: немец, самы старэйшы, i з iм таўсматы ў кажуху. Сярэдзiну труны ўзяла пара: самы маладзейшы i той, што рабiў труну. Труну пачалi паднiмаць ужо, як раптам узварушыўся той у летнiм пiнжаку, што ўсё спаў на падлозе. Нейк сагнуўшыся, як бы ў яго гарэла ўсё ўсярэдзiне, ён падбег да ўсiх, i сонны, i збянтэжаны, i паглыблены сам у сябе, чамусьцi пачаў браць труну там, дзе ўжо трымаў яе той, што i зрабiў яе. Убачыўшы каля сябе соннага памагатага, ён саступiў яму месца i сам разам з бацькам нябожчыцы ўзяў труну ў галавах. Апроч Ганусi, больш тут людзей ужо не было. Гануся i пайшла адна за труною. Калi сыходзiлi з ганка, Гануся азiрнулася была, каб зачынiць сенцы, але не зачынiла. У сенцах, так як i ў хаце, было пуста i гола. Ганак быў нiзкi, на адну ступеню. Сышлi з труною з яго лёгка. Ноч стаяла ў самым сваiм разгары. Яна была ясная. Поўны месяц стаяў высока, i ў гэтай частцы неба не было зор. Мароз без ветру, i цiшыня. Прымерзлая зямля шарэлася далёка ў гэтым спакоi яснай ночы. Голыя дрэвы здавалiся чорныя i вельмi высокiя. З труною прайшлi двор i штосьцi падобнае да саду з рэдкiх дрэваў. Прайшлi полем i апынулiся на ўзлессi. Лес быў невысокi, або малады, або каржакаваты. З яго тхнула спакойным пахам смалы i кары. Адсюль вiдна была апусцелая хата. Не так чорны яе сiлуэт, як асветленае акно. Свечка асталася гарэць у ёй. Акно ледзь свяцiлася. Свечка ўжо мусiць канала. Дол быў выкапан тут жа, на самым узлессi, каля вялiкiх трох дрэваў. На горб выкiнутай зямлi i паставiлi труну. Месячная вiдната была i ў лесе памiж дрэў. I маўчанне было вялiкае. Той, што рабiў труну, шпарка адышоўся некуды ўбок, i вiдно было, што ён прыгнуўся i шукае чагосьцi на зямлi. Неўзабаве ён вярнуўся з скруткам вяроўкi i распусцiў яго. Можна сказаць, што з гэтага моманту ён пачаў тут распараджацца. Ён сказаў, калi i як прыўзняць труну, каб працягнуць пад яе дзве столкi вяроўкi. Ён сказаў, калi i як пачынаць спускаць труну ў яму. Тут ляжала рыдлёўка недзе памiж дрэў. Той, што рабiў труну, пашукаў яе i знайшоў. Таксама, як i шукаючы вяроўку, ён прыгiнаўся i ўглядаўся ў зямлю. Было падобна, што можа гэта ён сам тут i пакiнуў быў i вяроўку i рыдлёўку. Ён i пачаў засыпаць магiлу. Усе стаялi. I вось тыя чатыры сталi гаварыць.
- Адной рыдлёўкай вельмi марудна. Нашто мы рыдлёўкi занеслi ў сенцы, сказаў самы маладзейшы.
- А там мяса на двары ляжыць. Сабакi цi ваўкi яго могуць з'есцi. I так прыйдзе хто, - сказаў таўсматы ў кажуху.
- Я зараз памру з голаду i холаду, - сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.
I раптам сагнуўся ён яшчэ больш i подбегам рушыў туды, дзе крыху яшчэ свяцiлася хатняе акно.
- Божа, - сказаў самы старэйшы. - Божа, Божа!
Яго смутак быццам напоўнiў сабою ўвесь свет. Украдкам, нiбыта баючыся, ён паклыбаў у бок хаты, прыгорблены i скрыпучы. I кашляў ён ужо скрыпам, i гаварыў, i нават у абутку яго штосьцi скрыпела. Не адышоўся ён яшчэ i пятнаццацi крокаў, як таўсматы рушыў за iм следам.
- Гаспадар, - сказаў самы маладзейшы да Ганусiнага бацькi, - я ледзьве стаю на нагах. Я баюся, што ўпаду. Я пайду хоць лягу на падлозе.
- Iдзi i кладзiся, але не на падлогу, а на печы прымасцiся, калi яны яшчэ там не занялi месца. Спяшайся. Або на лаву дзе. Там у хаце, памiж печы i кутом, дзе стаяла труна, абмацаеш цi ўбачыш дзверы. Адчынi iх i ўвойдзеш у халодны пакой. Там ляжаць на стале чыстыя лахманы, бяры iх сабе на пасцель.
Малады шпарка пайшоў. Ясна ноч стаяла ў самай сваёй глыбiнi. Гануся, бацька i той, што рабiў труну, паволi засыпалi магiлу. Бацька стаў на каленi, а за iм i астатнiя. Кожны дакрануўся лбом да свежай зямлi. Пасля, цiха гаворачы, пайшлi.
- Каб ведаць, што гэта за людзi, - сказаў той, што рабiў труну.
Спакойным тонам знаўцы таго, што робiцца на свеце, Гануся адказала:
- Кожны з iх ратуе сябе.
Бацька яе сказаў:
- Два з iх немцы, адзiн беларус, а чацверты паляк.
- Вы не памыляецеся? - сказаў той, што рабiў труну.
- Мой бацька ў такiх справах не можа памылiцца, - сказала Гануся. - Ён з гаворкi пазнае, з якой нацыi хто.
Ганусiн голас не быў спакойны, хоць i было ў iм крыху разважлiвасцi. Утрапенне не пакiдала яе. Утраiх увайшлi яны ў сенцы i ўбачылi, што бычынае мяса, вялiкiмi мерзлымi кавалкамi, ужо ляжала тут, на зямлi. Вiдаць, што чатыры бадзякi ўжо асталёўвалiся тут. У хаце ж яны ўжо гаспадарылi. Ужо ў печы гарэў агонь, i зноў у чыгунах варылася мяса. Водсвет з печы падаў на сцяну i асвечваў хату. Свечкi ўжо не было. Усе ўчатырох стаялi пасярод хаты ў нейкiм як бы ўзбуджэннi. Маладзейшы трымаў пад пахаю нейкую старую вопратку, а той, што быў у летнiм пiнжаку, дапытваў яго:
- Хто табе сказаў, што там у пакоi ляжыць адзежа? Ты ўжо з гаспадаром паспеў пасябраваць без нас? Давай!
- На! - адказаў малады. - Бяры.
Той узяў старую вопратку, адразу палез з ею на печ i адразу там умасцiўся ляжаць. Самы старэйшы падышоў да печы i адразу задрамаў, стоячы пры агнi. Таўсматы i малады селi на лаву i раз-поразу зазiралi ў печ. Чыгуны кiпелi. Агонь палаў. Ганусiн бацька зняў з тапчана прасцiрадла i пайшоў у той, як ён сам казаў, "халодны пакой". У яго вялi дзверы непадалёку ад печы, заўсёды дагэтуль зачыненыя. Неўзабаве ён вынес адтуль ахапак старой адзежы, сапраўды "лахманоў", i паслаў на тапчане пасцель. Гануся адразу лягла i заснула. Бацька лёг каля яе, з самага краю i, тварам угару, ляжаў, не спаў i глядзеў у столь. Той, што рабiў труну, лёг на голую лаву пры сцяне, i хто яго ведае, цi спаў, цi так ляжаў сцiшыўшыся. Тым часам з печы злез той i адразу сунуўся ў печ.
- Трэба даставаць мяса i есцi, - сказаў нецярплiва ён.
- Сырое яшчэ, - прахапiўся ад свае дрымоты самы старэйшы.
Таўсматы высунуў нейкiм ражном з печы чыгуны, а малады кiнжальчыкам пачаў выкладаць мяса проста на лаву. Яно яшчэ было гарачае, а яго ўжо хапалi i пхалi сабе ў раты. Усе ўчатырох.
- Мне нядобра, - сказаў самы маладзейшы i лёг па лаву. Тыя ўтрох скончылi есцi, па чарзе выпiлi з чыгуноў юшку i палезлi на печ. Упокат яны там адразу заснулi ў цяпле. Iшла хвiлiна за хвiлiнай. Агонь у печы згас, i жар датлеў. Ужо не было па сцяне водблескаў, i ў хаце сцямнела. На печы не ўсе спалi спакойна. Хтосьцi там кiдаўся ў сне, штосьцi гаварыў. Чуцён быў i скрыпучы кашаль. Гануся падняла галаву, i пачуўся яе моцны шэпт:
- Бацька, дзе ты?
- Тут, - абазваўся бацька. Ён стаяў пры акне i ўглядаўся ў яго.
- Хадзi сюды, - сказала Гануся.
Ён падышоў i сеў ля яе, а той, што рабiў труну, устаў i сеў там жа, на лаве.
- Бацька, я больш не магу спаць, - сказала Гануся.
- Трэба прычакаць дня, - пачуўся шэпт таго, што рабiў труну.
- Будзем чакаць дня, Гануська, - сказаў бацька.
Гэтая гаворка траiх была такая зладжаная, што льга было б заўважыць: яны блiзкiя адзiн аднаму, усе ўтраiх. Нешта адно жыло ў iх душах. Маўклiвае чаканне пацяглося далей. Вiдно было праз акно, як пачало цямнець неба.
Той, што рабiў труну, падняўся i зашпiлiў на сабе вопратку. У ёй ён ляжаў i сядзеў.
- Здаецца, адлега пачынаецца на дварэ, - сказаў ён шэптам. I зноў лёг. На печы кашлялi, кiдалiся, гаварылi са сну. Гануся цярпела ноч. I вылежала так да канца ночы. Яна адчула, што ноч падышла да канца, хоць нiякiх адзнак таго яшчэ не было. Яна прыўзнялася i зашаптала бацьку ў вуха:
- Татуля... Бацька... Ужо ноч прайшла... Так i ўсё гэтае злое мiнецца. Самае важнае - нам перачакаць. Так дзень за днём.
Ён падняўся i сеў.
- Дзень пачынаецца, - сказаў ён такiм тонам, як бы гэта штосьцi вельмi важнае адбылося. I зноў змоўклi. I зноў пацягнуўся час. Ранiца iшла паволi. Дзень пачынаўся хмурны. Раптам знiклi рэдкiя зоры i святло з неба. Вiдны сталi сцены ў хаце i дзверы, адчыненыя ў той "халодны пакой". Чакалi дня, а як ён прыйшоў, не ведалi, як пачаць яго. Усе паглядалi на печ, што далей будуць рабiць няпрошаныя начлежнiкi. А яны ўсе так жа неспакойна спалi. Ужо Гануся ўстала, увайшла ў "халодны пакой", расчынiла там нейкае цеста. Ужо той, што рабiў труну, наперасекаў многа жэрдак на дровы. Ужо Ганусiн бацька, схаваўшыся ў "халодным пакоi" ад сваiх нязнаных начлежнiкаў, дастаў цiхом з-пад пiнжака пiсталет, разабраў яго i зноў сабраў. А тыя ўсё ляжалi на печы i нават як бы спалi. Цяпер ужо вiдно было i як мае быць чутно: час ад часу рваўся скрыпучым кашлем самы старэйшы. Самы маладзейшы час ад часу енчыў слабым голасам. Таўсматы штосьцi ўсё праз сон гаварыў, але не так, як учора ўдзень, а па-нямецку. Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам прахапiўся i пракрычаў чыстай польскай мовай штосьцi аб тым, што ён даў абяцанне перад вялiкай усясветнай справядлiвасцю ненавiдзець фашыстаў, пакуль будзе жыць. Самы малады, быццам ускрылены гэтым польскiм крыкам, крыху прыўзняў галаву i з нотамi агню ў вялым ад хворасцi цi слабасцi голасам як бы растлумачыў таму паляку (бо пакуль гаварыў, глядзеў на яго), што ён толькi дзеля таго дзяцей будзе мець, каб яны маглi выхаваць у сваiх дзецях нянавiсць да фашыстаў. Вiдаць, што гэтая думка, цi праўдзiвей сказаць, фармулiроўка думкi, склалася ў яго не адразу i напластоўвалася з цягам часу. Самы старэйшы, той, што кашляў, падняў галаву i раптам, як бы што ўспомнiўшы цi адумаўшыся, кiнуўся зноў i ляжаў, больш не варушачыся i стрымлiваючыся, каб не кашляць i не абзывацца. Збоку гэта льга было заўважыць. Таўсматы ж нават i не паварушыўся. Але вiдаць, ён чуў усё, бо не спаў. Часамi ён расплюшчваў на момант вочы. Тым часам Гануся падпалiла ў печы, узяла з-пад прыпека скавараду, насыпала з паперы на яе цёртых канапель i расцiснула паверх цеста. Неўзабаве яна спякла такiм парадкам тры скавароднiкi, пульхныя i тоўстыя. Яна, бацька i той, што рабiў труну, стоячы пры печы, адразу i з'елi iх.
- Як мне хочацца малака! - сказала Гануся, пасля чаго ўсталявалася маўчанне.
Дзень панаваў ужо на дварэ. Ён быў хмурны. Час усё iшоў, а тыя з печы не злазiлi. Ужо напэўна за паўдня мiнула, а яны ляжалi. Самы старэйшы зноў пачаў кашляць. Ганусiн бацька падняў руку i штурхануў самага маладога ў нагу. Той адразу прыўзняў галаву, паглядзеў на чалавека i мiргнуў унiз вачыма. Было ўсё падобна, што ён i спадзяваўся, што так усё будзе. Ён вычакаў момант, асцярожна споўз на край печы i ўкрадкам злез на зямлю. Моўчкi, як згаварыўшыся, выйшлi яны ўдвух з Ганусiным бацькам у сенцы.
- Перакусiць чаго трэба, - сказаў пошапкам Ганусiн бацька так, як бы ведаў гэтага маладога чалавека, бадай што хлапчука, здаўных.
- Мне не можна, - сказаў той. - Я захварэў. Я многа галадаў, а мяса было недаваранае, а я яго ўчора многа з'еў. Цяпер у мяне як быццам усё рвецца ўсярэдзiне. У мяне ў жываце ные i сцягваецца.
- А есцi табе не хочацца?
- Не. Я зусiм аслабеў.
- Кладзiся на тую пасцель, дзе мы спалi.
- А яны ўжо i так заўважылi, што я з вамi добра.
- Ты iх баiшся?
- Iх тры, а я адзiн.
- Не бойся. I нас тры.
- На мне могуць быць вошы. Я не лягу на вашу пасцель.
Ганусiн бацька памаўчаў i кiўнуў галавой.
- Дык вылежвайся сёння на печы. Яшчэ адно. Ты з палону ўцёк?.. Ты не бойся. I я ад немцаў уцёклы.
- З палону. Як вы ўгадалi?
- У мяне ж галава на плячах.
Малады чалавек раптоўным рухам хапiў руку Ганусiнага бацькi i страсянуў яе. Пасля чаго пайшоў у хату i зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Нейк адразу пасля гэтага той, што рабiў труну, Ганусiн бацька i Гануся выйшлi з хаты, добра зачынiлi сенцы i, даўшы добрага кругу, па адным, а не разам, абышоўшы той лясок, на краi якога з мiнулай ночы з'явiлася свежая магiла, сабралiся ў нейкай вузкай i доўгай градзе старых дрэў. Тут расло некалькi дубоў, вязаў, бяроз i многа алешыны. I пад iмi гусцiўся крушыннiк. У гэтым крушыннiку яны абгледзелi ляжачую старую бярозу, вывернутую навальнiцай з карэннем. Яна ўжо ўтрухлела i абрасла высокай мятлiцай. Ганусiн бацька выцягнуў з-пад дрэва аўтаматычную нямецкую вiнтоўку i набоi да яе, напакаваныя ў вялiкi шкляны слой i накрытыя вечкам з бляхi. Ён добра абгледзеў вiнтоўку. Утраiх селi на дрэва, i ён пачаў разбiраць зброю. I ён сам, i Гануся, i трэцi чысцiлi часткi вiнтоўкi. Падоўгу адцiралi iх. Прайшло можа гадзiн тры. Ганусiн бацька дастаў з кiшэнi бутэлечку з памазачным алеем i перамазаў iм вычышчаныя часткi вiнтоўкi. Пасля ён сабраў вiнтоўку i зноў паклаў на ранейшае месца. Вось i дзень пачаў канчацца. Такiм жа вялiкiм кругам, па адным, яны пайшлi назад. На тварах iх была напiсана панурасць i скруха. Як бы нехаця ўвайшлi яны ў хату. Тыя ўсё ляжалi на печы. Чатыры пары ног тырчэлi з яе на хату. Старэйшы кашляў ужо бесперапынна. Усе ўвайшлi ў "халодны пакой". Гэта была чыстая хата пасля кухнi. Адно акно было без шкла i пазастаўлена фанерай. Тут i сапраўды было холадна. I апроч аднаго стала, нiчога больш не было. Гануся дастала з шуфляды гэтага ж стала хлеб i сала, i, стоячы над адчыненай шуфлядай, усе елi. Здавалася, што тут i спрадвеку была такая пустэча. Бо i ў хаце гэтай, i ў сенцах, i на двары, усё было пуста i гола. Пачынала змяркацца. Ганусiн бацька стаў на стол, дастаў рукою столь i выцягнуў з-за бэлькi скручаную ў жмут газету. Ён яе разгарнуў i разаслаў на стале. Гэта была "Правда", з таго ж самага месяца. На газету ён паклаў кавалак хлеба i выйшаў з пакоя. Ён зноў штурхануў у нагу самага маладога. Той паслухмяна злез з печы, нават не стараючыся не трывожыць тых. Тым, вiдаць, гэта ўжо не надакучала. Ганусiн бацька ўвёў яго ў "халодны пакой" i паказаў на хлеб на газеце: