Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) - Уэллс Герберт Джордж 10 стр.


- I вы паспрабавалi правесцi над ёй дослед?

- Так. Але напаiць кошку зеллем - гэта не жарт, Кемп! I дослед мой не ўдаўся.

- Не ўдаўся?

- Па двух пунктах. Па-першае, кiпцюры, а па-другое, пiгмент... забыўся яго назву - на задняй сценцы вока ў кошак, помнiце?

- Tapetum.

- Ага, tapetum. Гэты пiгмент не знiкаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крывi i зрабiў над ёй розныя другiя працэдуры, я даў ёй опiума i разам з падушкай, на якой яна спала, змясцiў яе каля апарата. I потым, калi ўсё страцiла колер i знiкла, засталiся дзве невялiкiя плямы - яе вочы.

- Цiкава!

- Не магу гэта растлумачыць. Кошка, зразумела, была забiнтавана i звязана, i я не баяўся, што яна збяжыць. Але яна прачнулася, калi ператварэнне яшчэ не зусiм закончылася, i стала жаласлiва мяўкаць, i тут пачуўся стук у дзверы. Стукала старая, якая жыла ўнiзе i падазравала мяне ў тым, што я займаюся вiвiсекцыяй, - п'янiца, у якой на свеце нiчога i нiкога не было, акрамя гэтай кошкi. Я паспяшаўся ўжыць хлараформ, кошка замоўкла, i я прачынiў дзверы. "Гэта ў вас кошка мяўкала? - спыталася яна. - Ужо цi яе мая?" - "Не, вы памылiлiся, тут няма нiякай кошкi", - адказаў я даволi ветлiва. Яна не вельмi паверыла i паспрабавала зазiрнуць у пакой. Мусiць, дзiўным здаўся ёй мой пакой: голыя сцены, вокны без фiранак, складны ложак, газавы рухавiк у дзеяннi, свячэнне апарата i слабы дурманлiвы пах хлараформа. Нарэшце, ёй давялося задаволiцца гэтым i адправiцца нi з чым.

- Колькi часу патрэбна на гэта? - спытаўся Кемп.

- На дослед з кошкай пайшло гадзiны тры-чатыры. Апошнiя знiклi косцi, сухажыллi i тлушч. А таксама кончыкi афарбаваных валаскоў шэрсцi. I, як я ўжо казаў, радужнае рэчыва на задняй сценцы вока не знiкла.

Наступiла ноч, перш чым я закончыў дослед: нiчога ўжо не было бачна, акрамя туманных плямаў замест вачэй i кiпцюроў. Я спынiў рухавiк, намацаў i пагладзiў кошку, якая яшчэ не апрытомнела, i, развязаўшы яе, пакiнуў спаць на нябачнай падушцы, а сам, адчуваючы сябе страшэнна стомленым, лёг у пасцель. Але заснуць я не мог. У галаве праносiлiся няясныя бязладныя думкi. Зноў i зноў перабiраў я ўсе падрабязнасцi толькi што праведзенага доследа цi забываўся лiхаманкавым сном, i мне здавалася, што ўсё навакольнае становiцца няясным i знiкае, i нарэшце, сама зямля знiкае ў мяне з-пад ног, i я правальваюся, падаю некуды, як бывае толькi ў кашмары... Каля дзвюх гадзiн ночы кошка прачнулася i стала бегаць па пакоi, жаласлiва мяўкаючы. Я паспрабаваў заспакоiць яе ласкавымi словамi, а потым вырашыў выгнаць. Помню, як я быў уражаны, калi запалiў запалку: я ўбачыў два круглыя зялёныя вокi, якiя свяцiлiся, а вакол iх - нiчога. Я хацеў даць ёй малака, але яго не аказалася. Яна нiяк не супакойвалася, села каля дзвярэй i працягвала мяўкаць. Я пастараўся злавiць яе, каб выпусцiць з акна, але яна не давалася ў рукi, яна знiкала. То тут, то там, у розных кутках пакоя чулася яе мяўканне. Нарэшце я адчынiў акно i стаў бегаць па пакоi. Магчыма, яна напалохалася i выскачыла ў акно. Больш я яе не бачыў i не чуў.

Потым, бог ведае чаму, я стаў успамiнаць пахаванне бацькi, халодны вецер, якi дзьмуў на схiле ўзгорка... Так працягвалася да самай ранiцы. Адчуваючы, што мне не заснуць, я падняўся i, замкнуўшы за сабой дзверы, накiраваўся бадзяцца па цiхiх ранiшнiх вулiцах.

- Няўжо вы думаеце, што i цяпер па свеце гуляе нябачная кошка? спытаўся Кемп.

- Калi толькi яе не забiлi, - адказаў Невiдзiмка. - А чаму б i не?

- Чаму б i не? - паўтарыў Кемп i папрасiў прабачэння: - Прабачце, што я перапынiў вас.

- Напэўна, яе забiлi, - сказаў Невiдзiмка. - Чатыры днi яна была яшчэ жывая - гэта я ведаю: яна, вiдавочна, сядзела пад плотам на Грэйт-Тычфiлд-стрыт, там сабраўся натоўп разявак, якiя старалiся зразумець, адкуль чуецца мяўканне.

З хвiлiну ён маўчаў, потым зноў хутка загаварыў:

- Я вельмi ясна помню гэтую ранiцу: я, напэўна, прайшоў усю Грэйт-Портленд-стрыт, таму што помню казармы на Олбэнi-стрыт i кавалерыстаў, якiя выязджалi адтуль. У рэшце рэшт я апынуўся на вяршынi Прымроз-хiла. Я адчуваў сябе зусiм хворым. Быў сонечны, студзеньскi дзень. У гэты год, перш чым выпаў снег, надвор'е стаяла яснае, марознае. Мой стомлены розум стараўся ахапiць абставiны, скласцi план дзеянняў.

Я са здзiўленнем пераканаўся, што цяпер, калi я амаль ужо дасягнуў запаветнай мары, гэта зусiм не радуе мяне. Я быў занадта стомлены; ад страшнага напружання амаль чатырохгадовай бесперапыннай працы ўсе мае пачуццi прытупiлiся. Мною авалодалi абыякавасць, вяласць, i я дарэмна спрабаваў вярнуць гарэнне першых дзён работы, тое моцнае iмкненне да адкрыццяў, якое дало мне сiлу спакойна загубiць старога бацьку. Я страцiў цiкавасць да ўсяго. Але я разумеў, што гэта часовы стан, выклiканы стомленасцю i бяссоннiцай, i што калi не лекi, дык адпачынак вернуць мне ранейшую энергiю.

Ясна я ўсведамляў толькi адно: справу неабходна давесцi да канца. Неадчэпная iдэя ўсё яшчэ валодала мной. I зрабiць гэта трэба як мага хутчэй, я ж патрацiў ужо амаль усе грошы. Я азiрнуўся навокал, паглядзеў на дзяцей, якiя гулялi i за якiмi назiралi нянькi, i пачаў думаць аб тых фантастычных перавагах, якiмi можа карыстацца ў гэтым свеце нябачны чалавек. Я вярнуўся дадому, крыху паеў, прыняў вялiкую дозу стрыхнiну i лёг спаць, не распранаючыся, на непрыбранай пасцелi... Стрыхнiн, Кемп, выдатны ўзбуджальны сродак i не дае чалавеку падаць духам.

- Страшэнная штука, - сказаў Кемп.

- Я прачнуўся, адчуваючы вялiкi прылiў сiл, але i нейкую раздражняльнасць. Вам знаёмы гэты стан?

- Знаёмы.

- Тут хтосьцi пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, якi прыйшоў з пагрозамi i роспытамi, стары польскi жыд, у доўгiм шэрым сюрдуце i стаптаных туфлях. "Вы ноччу мучылi кошку", - запэўнiваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вiвiсекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапiць i на яго. Я сцвярджаў, што нiякай кошкi ў мяне не было. Тады ён заявiў, што гудзенне газавага рухавiка чуецца ва ўсiм доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круцiўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой i заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхiёравай аправе, i раптам мяне ахапiў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць памiж iм i маiм апаратам, але гэта толькi падагравала яго цiкаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзiн i хаваюся ад людзей? Цi не займаюся я чым-небудзь злачынным? Цi не небяспечна гэта? А я нiчога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калi суседнiя дамы гэтым пахвалiцца не могуць. Нарэшце я страцiў цярпенне. Папрасiў яго выбiрацца. Ён запратэставаў, штосьцi мармытаў пра сваё права ўваходзiць да мяне, калi яму пажадаецца. Яшчэ секунда - i я схапiў яго за каўнер... Штосьцi з трэскам парвалася, i ён кулём вылецеў у калiдор. Я зачынiў за iм дзверы, замкнуў iх на ключ i, увесь дрыжучы, апусцiўся на крэсла.

Гаспадар яшчэ нейкi час шумеў за дзвярамi, але я не звяртаў на яго ўвагi, i ён хутка пайшоў.

Гэтае здарэнне змусiла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, нi што ён мяркуе рабiць, нi якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, нiякага прамаруджання я не мог дапусцiць. Знiкнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць...

Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць цi спынiць у той момант, калi яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць i вярнула мне энергiю. Я спешна выйшаў са сваiмi трыма тамамi заметак i чэкавай кнiжкай цяпер усё гэта знаходзiцца ў таго валацугi - i накiраваў iх з блiжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пiсем i пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсцi з дому як мага цiшэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвiцы, - ён, вiдавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяялiся б, калi б убачылi, як ён адскочыў убок, калi я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кiнуў на мяне спапяляльны позiрк, але я прабег мiма яго i ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамi так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамi, даплёўся да маiх дзвярэй, трохi пастаяў каля iх, потым спусцiўся ўнiз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.

Усё было зроблена на працягу гэтага вечара i ночы. У той час, калi я яшчэ знаходзiўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якiя я прыняў для абясколервання крывi, хтосьцi стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спынiўся, крокi аддалiлiся было, але зноў прыблiзiлiся, i стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьцi паспрабаваў штосьцi прасунуць пад дзверы - нейкую сiнюю паперку. Тут мне не хапiла цярплiвасцi, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй i расчынiў iх насцеж. "Ну, што яшчэ?" - спытаўся я.

Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленнi цi нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьцi здзiвiлi мае рукi, i ён зiрнуў мне ў твар.

З хвiлiну ён стаяў разiнуўшы рот, затым крыкнуў штосьцi невыразнае, выпусцiў i свечку i паперу i, спатыкаючыся, кiнуўся ўцякаць па цёмным калiдоры да лесвiцы. Я зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, - быццам з белага каменя.

Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленнi цi нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьцi здзiвiлi мае рукi, i ён зiрнуў мне ў твар.

З хвiлiну ён стаяў разiнуўшы рот, затым крыкнуў штосьцi невыразнае, выпусцiў i свечку i паперу i, спатыкаючыся, кiнуўся ўцякаць па цёмным калiдоры да лесвiцы. Я зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, - быццам з белага каменя.

Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахлiва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасцi i непрытомнасцi. Я сцiснуў зубы, усё цела гарэла, як у агнi, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзiн, без служанкi. Былi хвiлiны, калi я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў... Я страцiў прытомнасць i апрытомнеў толькi сярод ночы, вельмi аслабелы. Боль я ўжо зусiм не адчуваў. Я вырашыў, што забiваю сябе, але паставiўся да гэтага цалкам абыякава. Нiколi не забуду гэтага свiтанку, не забуду жудасцi, якая ахапiла мяне пры выглядзе маiх рук, якiя былi нiбы зроблены з дымчатага шкла i паступова, з наступленнем дня, станавiлiся ўсё больш празрыстыя i тонкiя, так што я мог бачыць скрозь iх усе прадметы, якiя былi бязладна параскiданы па пакоi, хоць i заплюшчваў свае празрыстыя павекi. Цела маё зрабiлася нiбы шкляное, косцi i артэрыi паступова бляднелi, знiкалi; апошнiмi знiклi тонкiя нiткi нерваў. Я рыпеў зубамi ад болю, але вытрымаў да канца... Нарэшце засталiся толькi амярцвелыя белыя кончыкi пазногцяў i бурая пляма нейкай кiслаты на пальцы.

З вялiкай цяжкасцю я падняўся з пасцелi. Спачатку я адчуваў сябе бездапаможным, як дзiцянё, ступаючы нагамi, якiх я не бачыў. Я быў вельмi слабы i галодны. Падышоўшы да люстэрка, перад якiм я звычайна галiўся, я ўбачыў пустату, у якой ледзь-ледзь можна было яшчэ разгледзець туманныя сляды пiгмента ззаду сеткаватай абалонкi вачэй. Я схапiўся за край стала i прыцiснуўся лбом да люстэрка.

Толькi аднойчы напружаннем волi я прымусiў сябе вярнуцца да апарата i закончыць працэс.

Я праспаў да ранiцы, закрыўшы твар прасцiнай, каб засцерагчы вочы ад святла, а каля паўдня мяне зноў разбудзiў стук у дзверы. Сiлы вярнулiся да мяне. Я сеў, прыслухаўся i пачуў шэпт за дзвярамi. Я ўскочыў i ўзяўся без шуму разбiраць апарат, рассоўваючы асобныя часткi па розных кутках, каб немагчыма было здагадацца пра яго канструкцыю. Зноў прагучаў стук i пачулiся галасы - спачатку гаспадара, а потым яшчэ два, незнаёмыя. Каб выйграць час, я адклiкнуўся. Мне трапiлiся пад руку нябачная ануча i падушка, i я выкiнуў iх цераз акно на суседнi дах. Калi я адчынiў акно, дзверы аглушальна затрашчалi. Мусiць, хтосьцi налёг на iх плячом, спадзеючыся высадзiць замок. Але моцныя засаўкi, якiя я прывiнцiў некалькi дзён таму, не паддавалiся. Аднак гэта ўстрывожыла i абурыла мяне. Увесь дрыжучы, я стаў паспешна заканчваць сваю падрыхтоўку.

Я сабраў у кучу чарнавiкi запiсаў, што валялiся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу i ўсялякi хлам i адкрыў газ. У дзверы пасыпалiся цяжкiя i хуткiя ўдары. Я нiяк не мог знайсцi запалкi. У шаленстве я стаў бiць па сцяне кулакамi. Я зноў закруцiў газавы ражок, вылез з акна на суседскi дах, вельмi цiха апусцiў раму i сеў - у поўнай бяспецы i нябачны, але дрыжучы ад гневу i нецярпення. Я бачыў, як адарвалi ад дзвярэй дошку, потым адбiлi скобы засавак i ў пакой уварвалiся гаспадар i яго два пасынкi двое дужых хлопцаў дваццацi трох i дваццацi чатырох гадоў. Ззаду iх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнiзе.

Можна сабе ўявiць iх здзiўленне, калi яны знайшлi пакой пустым. Адзiн з маладых хлопцаў кiнуўся да акна, расчынiў яго i стаў азiрацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фiзiяномiя з вылупленымi вачамi была ад мяне на адлегласцi фута. Мне так i карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як i астатнiя, якiя падышлi да яго. Стары вярнуўся ў пакой i зазiрнуў пад ложак, а потым яны ўсе кiнулiся да буфета. Затым яны сталi горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскi жаргон з лонданскiм вулiчным. Яны пагадзiлiся, што я зусiм не адказваў на стук i што iм гэта толькi падалося. Мой гнеў уступiў месца незвычайнай радасцi: я сядзеў за акном i спакойна сачыў за гэтымi чатырма людзьмi, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азiраючыся, - якiя спрабавалi разгадаць загадку маiх паводзiн.

Стары, наколькi я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вiвiсекцыяй. Сыны пярэчылi на ламанай англiйскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнiк, i ў довад спасылалiся на дынама-машыны i апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойвалiся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулi знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце i пад ложкам. Адзiн з маiх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, якi жыў разам з мяснiком у пакоi насупраць, з'явiўся на пляцоўцы лесвiцы. Яго таксама запрасiлi ў мой пакой i нагаварылi яму немаведама што.

Мне прыйшло ў галаву, што калi мае апараты трапяць у рукi назiральнага i талковага спецыялiста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой i, абмiнуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны i разбiў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохалiся! Затым, пакуль яны старалiся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслiзнуў з пакоя i цiха спусцiўся ўнiз.

Я ўвайшоў у гасцiную i стаў чакаць iх вяртання; неўзабаве яны прыйшлi, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне i стараючыся знайсцi яму тлумачэнне. Яны былi некалькi расчараваны, не знайшоўшы нiякiх "жахаў", i ў той жа час вельмi збянтэжаныя, не ведаючы, наколькi законна яны дзейнiчалi ў адносiнах да мяне. Як толькi яны спусцiлiся на нiжнi паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапiў карабок запалак, запалiў паперу i смецце, прысунуў да агню крэслы i ложак i падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкi.

- Вы падпалiлi дом?! - усклiкнуў Кемп.

- Так, падпалiў. Гэта была адзiная магчымасць замесцi сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны... Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй i выйшаў на вулiцу. Я быў нябачны i яшчэ толькi пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотнi самых смелых i фантастычных планаў узнiкалi ў маiх мазгах, i ад усведамлення поўнай беспакаранасцi кружылася галава.

Раздзел XXI

НА ОКСФАРД-СТРЫТ

Спускаючыся ў першы раз па лесвiцы, я наткнуўся на нечаканую перашкоду: хадзiць, не бачачы сваiх ног, аказалася справай няпростай, разы два я нават спатыкнуўся. Акрамя гэтага, я адчуў нейкую нязвыклую нязграбнасць, калi ўзяўся за дзвярную засаўку. Аднак, калi я перастаў глядзець на зямлю, я хутка навучыўся нядрэнна хадзiць па роўным месцы.

Настрой у мяне, як я ўжо сказаў, быў захапляльны. Я адчуваў сябе так, як адчуваў бы сябе вiдушчы ў горадзе сляпых, якi расхаджвае ў мяккiх туфлях i бясшумнай вопратцы. Я адчуваў дзiкае жаданне жартаваць над людзьмi, палохаць iх, стукаць па плячы, збiваць з iх капелюшы i ўвогуле цешыцца незвычайнымi перавагамi свайго становiшча.

Але ледзьве толькi я апынуўся на Портленд-стрыт (я жыў побач з вялiкай крамай сукнаў), як пачуў звон i адчуў моцны штуршок у спiну. Азiрнуўшыся, я ўбачыў чалавека, якi нёс кошык сiфонаў з содавай вадой i са здзiўленнем глядзеў на сваю ношу.

Удар быў вельмi балючы, але чалавек гэты выглядаў так камiчна, што я гучна рассмяўся. "У кошыку чорт сядзiць", - сказаў я i нечакана выхапiў кошык з ягоных рук. Ён спалохана выпусцiў кошык, i я падняў яго ў паветра.

Але тут нейкi боўдзiла рамiзнiк, якi стаяў каля дзвярэй пiўной, падскочыў i хацеў схапiць кошык, i яго працягнутая рука трапiла мне пад вуха, што выклiкала нясцерпны боль. Я выпусцiў з рук кошык, якi з трэскам i звонам упаў на рамiзнiка, i толькi сярод крыкаў i тупату ног, сярод людзей, якiя выбеглi з крамаў i экiпажаў, што спынiлiся, я ўцямiў, што нарабiў. Праклiнаючы сваё вар'яцтва, я прыхiнуўся да акна крамы i стаў чакаць моманту, каб непрыкметна выбрацца з штурханiны. Яшчэ хвiлiна - i мяне зацягнула б у натоўп, i мая прысутнасць немiнуча была б выяўлена. Я штурхануў хлопчыка з мясной крамы, якi, на шчасце, не заўважыў, што яго штурханула пустата, i схаваўся за брычкай рамiзнiка. Як яны разблыталi гэтую гiсторыю, не ведаю. Я перабег вулiцу, на якой, на шчасце, не аказалася экiпажаў, i, напалоханы скандалам, якi разыграўся, шпарка iшоў, не заўважаючы дарогi, пакуль не трапiў на Оксфард-стрыт, дзе ў вячэрнi час заўсёды шмат народу.

Я спрабаваў злiцца з людской плынню, але натоўп быў занадта густы, i праз хвiлiну мне сталi наступаць на пяткi. Тады я пайшоў па вадасцёку, збiваючы босыя ногi, i праз хвiлiну аглобля карэты, якая ехала мiма, трапiла мне пад лапатку, па тым жа месцы, якое ўжо выцяў насiльшчык сваiм кошыкам. Я неяк ухiлiўся ад карэты, сутаргавым рухам пазбегнуў сутыкнення з дзiцячай каляскай i апынуўся ззаду другой карэты. Шчаслiвая думка выратавала мяне: я пайшоў за карэтай, якая павольна рухалася, не адстаючы ад яе нi на крок. Мая прыгода, што прыняла такi нечаканы кiрунак, пачынала палохаць мяне, i я не толькi дрыжаў ад страху, але i калацiўся ад холаду. У гэты ясны студзеньскi дзень я быў зусiм голы, а тонкi слой гразi на маставой амаль замерз. Як гэта нi недарэчна, але я не сцямiў, што - празрысты цi не - я ўсё ж быў не абаронены ад уздзеяння надвор'я i прастуды.

Назад Дальше