Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) - Уэллс Герберт Джордж 8 стр.


- Як быццам там, пад узгоркам, каля "Крыкетыстаў", сабраўся натоўп, сказаў ён, узiраючыся. Потым позiрк яго скiраваўся ўдалечыню, дзе свяцiлiся агнi судоў i прыстань, - невялiкi, ярка асветлены будынак зiхацеў, нiбы жоўты алмаз. Малады месяц узыходзiў над заходнiм бокам узгорка, а яркiя зоркi амаль ззялi што як над тропiкамi.

Хвiлiн праз пяць, на працягу якiх думкi яго неслiся да сацыяльных умоваў будучынi i блукалi ў нетрах бязмежнасцi часоў, доктар Кемп уздыхнуў, зноў зачынiў акно i вярнуўся да пiсьмовага стала.

Прыкладна праз гадзiну пасля гэтага каля ўваходных дзвярэй пазванiлi. З таго часу як Кемп пачуў стрэлы, работа яго iшла вяла, i ён раз-пораз адхiляўся i задумваўся. Калi пачуўся званок, ён пакiнуў работу i стаў прыслухоўвацца. Ён чуў, як служанка пайшла адчыняць дзверы, i чакаў яе крокаў на лесвiцы, але яна не вярнулася.

- Хто б гэта мог быць? - сказаў Кемп.

Ён паспрабаваў зноў узяцца за работу, але штосьцi яму перашкаджала. Тады ён устаў, выйшаў з кабiнета i спусцiўся па лесвiцы на пляцоўку; там ён пазванiў i, калi ў холе, унiзе, з'явiлася пакаёўка, спытаўся ў яе, перагнуўшыся цераз парэнчы:

- Пiсьмо прынеслi?

- Не, выпадковы званок, сэр, - адказала пакаёўка.

"Я чамусьцi нервуюся сёння", - сказаў Кемп сам сабе.

Ён вярнуўся ў кабiнет, рашуча ўзяўся за работу i праз некалькi хвiлiн быў ужо ўвесь захоплены ёю. Цiшыню ў пакоi парушала толькi цiканне гадзiннiка ды парыпванне пяра, якое рухалася па паперы ў самым цэнтры светлага круга, якi ўтварала настольная лямпа.

Было дзве гадзiны ночы, калi доктар Кемп вырашыў на сёння закончыць работу. Ён падняўся, пазяхнуў i спусцiўся ўнiз, у сваю спальню. Ён ужо зняў пiнжак i камiзэльку, як раптам адчуў, што яму хочацца пiць. Узяўшы свечку, ён спусцiўся ў сталовую, каб пашукаць там сельцерскай i вiскi.

Навуковыя заняткi зрабiлi доктара Кемпа вельмi назiральным чалавекам; вяртаючыся са сталовай, ён заўважыў цёмную пляму на лiнолеуме побач з цынкоўкай, каля самай лесвiцы. Ён падняўся ўжо наверх, як раптам задаў сабе пытанне, адкуль магла з'явiцца гэтая пляма. Гэта была, вiдавочна, падсвядомая думка. Але як бы там нi было, ён вярнуўся ў хол, паставiў сiфон i вiскi на столiк i, нагнуўшыся, стаў даследаваць пляму. Без асаблiвага здзiўлення ён пераканаўся, што яна лiпкая i барвовая, зусiм як падсыхаючая кроў.

Прыхапiўшы сiфон i бутэльку з вiскi, ён падняўся наверх, уважлiва прыглядаючыся па баках i спрабуючы растлумачыць сабе, адкуль магла з'явiцца крывавая пляма. На пляцоўцы ён спынiўся i ў здзiўленнi ўтаропiўся на дзверы свайго пакоя: ручка дзвярэй была ў крывi.

Ён зiрнуў на сваю руку. Яна была зусiм чыстая. I тут ён успомнiў, што калi ён выйшаў з кабiнета, дзверы ў яго спальню былi адчынены, - значыць, ён да ручкi дзвярэй i не датыкаўся. Ён цвёрдым крокам увайшоў у спальню; ягоны твар быў зусiм спакойны, хiба што некалькi больш рашучы, чым звычайна. Позiрк яго, уважлiва аглядаючы пакой, спынiўся на ложку. На коўдры цямнела лужына крывi, а прасцiна была разарвана. Калi ён першы раз увайшоў у пакой, ён гэтага не заўважыў, таму што накiраваўся проста да туалетнага столiка. У адным месцы пасцель была скамечана, як быццам бы хтосьцi толькi што сядзеў на ёй.

Тут яму падалося, што чыйсьцi голас нягучна ўсклiкнуў: "Дык гэта ж Кемп!" Але доктар Кемп не верыў у таямнiчыя галасы.

Ён стаяў i глядзеў на скамечаную пасцель. Можа, яму проста здалося? Ён зноў агледзеўся, але не заўважыў нiчога падазронага, акрамя скамечанай i запэцканай крывёй пасцелi. Тут ён ясна пачуў нейкi рух у кутку пакоя, каля ўмывальнiка. У любога чалавека, нават самага адукаванага, захоўваюцца нейкiя няўлоўныя рэшткi забабонаў. Жудаснае пачуццё апанавала доктара Кемпа. Ён зачынiў дзверы спальнi, падышоў да столiка i паставiў на яго сiфон. Раптам ён уздрыгнуў: у паветры, памiж iм i ўмывальнiкам, вiсела акрываўленая павязка з палатнянай анучы.

Уражаны, ён стаў углядацца. Гэта была пустая павязка - акуратна зробленая, але зусiм пустая. Ён хацеў падысцi i схапiць яе, але нечы дотык спынiў яго, i ён пачуў голас, якi прагучаў зусiм побач.

- Кемп! - сказаў Голас.

- А? - сказаў Кемп, разiнуўшы рот.

- Не палохайцеся, - працягваў Голас. - Я невiдзiмка.

Кемп нейкi час нiчога не адказваў, толькi глядзеў на павязку.

- Невiдзiмка? - сказаў ён нарэшце.

- Невiдзiмка, - паўтарыў Голас.

Кемпу прыпомнiлася гiсторыя, якую ён так старанна высмейваў усяго толькi сёння ранiцай. Але, у гэтую хвiлiну ён, мусiць, не вельмi спалохаўся i здзiвiўся. Толькi пазней ён змог усвядомiць свае пачуццi.

- Я лiчыў, што ўсё гэта выдумка, - сказаў ён. Хаця ў яго ў галаве круцiлiся доказы, якiя ён прыводзiў ранiцай. - Вы ў павязцы? - спытаўся ён.

- Так, - адказаў Невiдзiмка.

- О! - усхвалявана сказаў Кемп. - Вось дык штука. - Але тут жа схамянуўся. - Глупства. Фокус якi-небудзь. - Ён хутка ступiў наперад, i рука яго, працягнутая да павязкi, сустрэла нябачныя пальцы.

Пры гэтым дотыку ён адскочыў i змянiўся ў твары.

- Богам прашу, Кемп, не палохайцеся. Мне так патрэбна дапамога! Пачакайце!

Нябачная рука схапiла Кемпа за локаць. Кемп стукнуў па ёй.

- Кемп! - крыкнуў Голас. - Кемп, супакойцеся! - I нябачная рука яшчэ мацней сцiснула локаць Кемпа.

Шалёнае жаданне вызвалiцца апанавала Кемпа. Перавязаная рука ўчапiлася яму ў плячо, i раптам Кемп быў збiты з ног i кiнуты дагары на ложак. Ён адкрыў рот, каб крыкнуць, але ў тую ж секунду край прасцiны апынуўся ў яго памiж зубамi. Невiдзiмка трымаў яго моцна, але рукi Кемпа былi свабодныя, i ён шалёна бiў iмi без разбору.

- Будзьце разважнымi, - сказаў Невiдзiмка, моцна трымаючы Кемпа, нягледзячы на ўдары, што сыпалiся на яго. - О чорт, не выводзьце мяне з цярплiвасцi! Ляжыце смiрна, боўдзiла вы гэтакi! - раўкнуў Невiдзiмка ў самае вуха Кемпа.

Яшчэ з хвiлiну Кемп працягваў выкручвацца, потым зацiх.

- Калi вы крыкнеце, я разаб'ю вам галаву, - сказаў Невiдзiмка, вымаючы прасцiну з рота Кемпа. - Я - Невiдзiмка. Гэта не выдумка i не фокус. Я сапраўды Невiдзiмка. I мне патрэбна ваша дапамога. Я не зраблю вам нiчога шкоднага, калi вы не будзеце паводзiць сябе, як ачмурэлая дзеравеншчына. Няўжо вы мяне не помнiце, Кемп? Я - Грыфiн, мы ж разам вучылiся ва ўнiверсiтэце.

- Дайце мне падняцца, - сказаў Кемп. - Я нiкуды не збягу. I дайце мне хвiлiну пасядзець спакойна.

Ён сеў на ложак i памацаў патылiцу.

- Я - Грыфiн, вучыўся ва ўнiверсiтэце разам з вамi. Я зрабiў сябе нябачным. Я - самы звычайны чалавек, якога вы ведалi, але толькi нябачны.

- Грыфiн? - перапытаў Кемп.

- Так, Грыфiн, - адказаў Голас. - Ва ўнiверсiтэце быў на курс маладзей за вас, амаль альбiнос, шэсць футаў ростам i плячысты, з бела-ружовым тварам i чырвонымi вачыма. Атрымаў узнагароду за работу па хiмii.

- Нiчога не разумею, - сказаў Кемп, - у галаве ў мяне зусiм памутнела. Пры чым тут Грыфiн?

- Грыфiн - гэта я.

Кемп задумаўся.

- Гэта жахлiва, - сказаў ён. - Але якая чартаўшчына можа зрабiць чалавека нябачным?

- Нiякай чартаўшчыны. Гэта зусiм лагiчны i даволi нескладаны працэс...

- Гэта жахлiва! - сказаў Кемп. - Якiм чынам?..

- Жахлiва, сапраўды. Але я паранены, мне балюча, i я змарыўся. О госпадзi, Кемп, будзьце мужчынам! Аднясiцеся да гэтага спакойна. Дайце мне паесцi i напiцца, а пакуль я прысяду.

Кемп глядзеў на павязку, якая рухалася па пакоi; потым ён убачыў, як плеценае крэсла працягнулася па падлозе i спынiлася каля ложка. Яно затрашчала, i сядзенне апусцiлася на чвэрць цаля. Кемп працёр вочы i зноў памацаў патылiцу.

- Гэта цiкавей за ўсялякiя прывiды, - сказаў ён i недарэчна расмяяўся.

- Вось так лепш. Слава богу, вы становiцеся разважлiвымi.

- Альбо дурнею, - сказаў Кемп i зноў працёр вочы.

- Дайце мне вiскi: я ледзьве дыхаю.

- Гэтага я не сказаў бы. Дзе вы? Калi я ўстану, я не наткнуся на вас? Ага, вы тут. Добра. Вiскi... Калi ласка. Куды ж мне паднесцi яго вам?

Крэсла затрашчала, i Кемп адчуў, што шклянку бяруць у яго з рук. Ён выпусцiў яе не зусiм ахвотна, неўсвядомлена асцерагаючыся, што шклянка ўпадзе i разаб'ецца. Але шклянка спынiлася ў паветры, цалях у дваццацi над пярэднiм краем крэсла. Кемп глядзеў на шклянку ў страшэнным неўразуменнi...

- Гэта... ну, вядома, гэта - гiпноз... Вы, магчыма, унушылi мне, што вы нябачны.

- Лухта! - сказаў Голас.

- Але ж гэта вар'яцтва!

- Выслухайце мяне.

- Толькi сёння ранiцай я прывёў бясспрэчныя доказы, - пачаў Кемп, - што нябачнасць...

- Плюньце на ўсе доказы, - перапынiў яго Голас. - Я памiраю ад голаду, i для чалавека, зусiм распранутага, тут даволi прахладна.

- Ён адчувае голад! - сказаў Кемп.

Шклянка вiскi перакулiлася.

- Так, - сказаў Невiдзiмка, са стукам адстаўляючы шклянку. - Цi няма ў вас халата?

Кемп прамармытаў штосьцi незразумелае i, падышоўшы да адзежнай шафы, выняў адтуль цёмна-чырвоны халат.

- Падыдзе? - спытаў ён.

Халат узялi ў яго з рук. З хвiлiну ён вiсеў нерухома ў паветры, потым дзiўна загайдаўся, выцягнуўся ва ўсю даўжыню i, зашпiлiўшыся, як трэба, апусцiўся ў крэсла.

- Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткi i туфлi, - адрывiста вымавiў Невiдзiмка. - I паесцi.

- Калi ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыццi не надаралася нiчога больш недарэчнага.

- Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткi i туфлi, - адрывiста вымавiў Невiдзiмка. - I паесцi.

- Калi ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыццi не надаралася нiчога больш недарэчнага.

Кемп дастаў з камода ўсё, што прасiў Невiдзiмка, i спусцiўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымi катлетамi i хлебам i, падсунуўшы невялiкi столiк, расставiў усё гэта перад госцем.

- Абыдуся i без нажа, - сказаў Невiдзiмка, i катлета павiсла ў паветры. Пачулася жаванне.

- Я заўсёды лiчыў за лепшае спачатку апрануцца, а потым ужо есцi, сказаў Невiдзiмка з поўным ротам, прагна глытаючы хлеб з катлетай. - Дзiўны капрыз!

- Рука, здаецца, дзейнiчае? - сказаў Кемп.

- Будзьце спакойныя, - сказаў Невiдзiмка.

- Але як усё-такi дзiўна...

- Менавiта так. Але самае дзiўнае тое, што я трапiў менавiта да вас, калi мне спатрэбiлася зрабiць перавязку. Гэта мая першая ўдача! Урэшце, я i так вырашыў пераначаваць у гэтым доме. Нiчога вам не дапаможа! Страшна няёмка, што кроў маю бачна, праўда? Цэлая лужына нацякла. Мусiць, яна становiцца бачнай, калi згусае. Мне давялося змянiць толькi жывую тканку, i я нябачны толькi пакуль жывы... Ужо тры гадзiны, як я тут.

- Але як вы гэта зрабiлi? - пачаў Кемп раздражнёна. - Чорт ведае што! Уся гэтая гiсторыя ад пачатку да канца - суцэльная бязглуздзiца.

- Дарэмна вы так думаеце, - сказаў Невiдзiмка. - Усё гэта цалкам разумна.

Ён пацягнуўся i ўзяў бутэльку з вiскi. Кемп здзiўлена глядзеў на халат, якi паглынаў вiскi. Святло ад свечкi, праходзячы скрозь дзiрку на правым плячы халата, утварыла светлы трохвугольнiк пад левымi рэбрамi.

- Што гэта былi за стрэлы? - спытаўся Кемп. - Як пачалася стралянiна?

- Там быў адзiн дурань, мой выпадковы кампаньён, каб яго чорт узяў, якi хацеў украсцi мае грошы. I ўкраў-такi.

- Таксама невiдзiмка?

- Не.

- Ну, а што далей?

- Цi нельга мне яшчэ чаго-небудзь паесцi, га? Потым я ўсё раскажу па парадку. Я галодны, i рука балiць. А вы хочаце, каб я вам расказваў!

Кемп падняўся.

- Значыць, гэта не вы стралялi? - спытаўся ён.

- Не, - адказаў госць. - Страляў наўздагад нейкi iдыёт, якога я раней нiколi не бачыў. Яны ўсе перапалохалiся. Мяне ўсе палохаюцца. Каб iх чорт узяў! Ну вось што, Кемп: я есцi хачу.

- Пайду пашукаю, цi няма ўнiзе яшчэ чаго-небудзь з ежы, - сказаў Кемп. - Баюся, што знойдзецца не шмат.

Закончыўшы з ежай, - а паеў ён грунтоўна, - Невiдзiмка папрасiў цыгару.

Ён прагна адкусiў кончык, перш чым Кемп паспеў адшукаць нож, i вылаяўся, калi адстаў вонкавы лiсток.

Дзiўна было бачыць яго з цыгарай: рот, горла, зеў i ноздры выступалi, быццам злепак, зроблены з дыму, якi клубiўся.

- Слаўная штука тытунь! - сказаў ён, моцна зацягнуўшыся. - Мне вельмi пашанцавала, што я трапiў да вас, Кемп. Вы павiнны памагчы мне. Падумаць толькi - якраз цяпер натрапiў на вас! Я ў адчайным становiшчы. Я быў як звар'яцелы. Чаго толькi я не перажыў! Але цяпер у нас справа пойдзе, ужо паверце...

Ён выпiў яшчэ вiскi з содай. Кемп устаў, агледзеўся i прынёс з суседняга пакоя яшчэ шклянку для сябе.

- Усё гэта дзiка... але, напэўна, я таксама вып'ю.

- Вы амаль не змянiлiся, Кемп, за гэтыя дванаццаць гадоў. Вы, бландзiны, мала мяняецеся. Усё такi ж стрыманы i метадычны... Я павiнен вам усё растлумачыць. Мы будзем працаваць разам!

- Але як гэта адбылося? - спытаў Кемп. - Як вы сталi такiм?

- Богам прашу, дайце мне спакойна пакурыць, потым я вам усё раскажу.

Але ў гэтую ноч ён не расказаў нiчога. У яго разбалелася рука i пачалася гарачка, ён вельмi аслабеў. Яго хворае ўяўленне ўсё вярталася да пагонi на ўзгорку i да бойкi каля шынка. Ён пачаў было расказваць, але адразу пераходзiў на iншае. Ён няскладна гаварыў пра Марвела, сутаргава зацягваўся, i ў голасе яго чулася раздражненне. Кемп стараўся атрымаць з яго расказу ўсё, што мог.

- Ён мяне баяўся... я бачыў, што ён мяне баiцца, - зноў i зноў паўтараў Невiдзiмка. - Ён хацеў уцячы ад мяне, толькi пра гэта i думаў. Якое я зрабiў глупства! Трэба было забiць яго...

- Дзе вы ўзялi грошы? - раптам спытаўся Кемп.

Невiдзiмка прамаўчаў.

- Сёння я не магу вам сказаць, - адказаў ён.

Раптам ён застагнаў i нагнуўся наперад, схапiўшыся нябачнымi рукамi за нябачную галаву.

- Кемп, - сказаў ён, - я не сплю ўжо трэцiя суткi, за ўвесь гэты час мне ўдалося задрамаць гадзiну-другую, не больш. Я павiнен выспацца.

- Добра, - адказаў Кемп. - Адпачывайце тут, у маiм пакоi.

- Але як я магу спаць? Калi я засну, ён уцячэ. Эх! Цi не ўсё роўна!

- Рана сур'ёзная? - адрывiста спытаўся Кемп.

- Дробязi - драпiна. Госпадзi, як мне спаць хочацца!

- Дык кладзiцеся.

Невiдзiмка, здавалася, глядзеў на Кемпа.

- У мяне ёсць асаблiвыя прычыны не жадаць быць злоўленым маiмi блiзкiмi, - павольна прагаварыў ён.

Кемп уздрыгнуў.

- I дурань жа я! - усклiкнуў Невiдзiмка, стукнуўшы кулаком па стале. Я сам падаў вам гэтую думку.

Раздзел ХVIII

НЕВIДЗIМКА СПIЦЬ

Нягледзячы на стомленасць i раненне, Невiдзiмка ўсё ж не паверыў слову Кемпа, што на свабоду яго не будзе зроблена нiякага замаху. Ён агледзеў абодва вакны спальнi, падняў шторы i адчынiў аканiцы, каб пераканацца, што гэтым шляхам можна ўцякаць у выпадку неабходнасцi. За вокнамi стаяла мiрная начная цiшыня. Над узгоркамi заходзiў малады месяц. Потым Невiдзiмка агледзеў замок спальнi i дзверы прыбiральнi i ваннай, каб пераканацца, што i адсюль ён зможа ўцячы. Нарэшце ён заявiў, што задаволены. Ён стаяў перад камiнам, i Кемп пачуў гук пазяхання.

- Мне вельмi шкада, - сказаў Невiдзiмка, - што я не магу цяпер расказаць вам аб усiм, што я зрабiў. Але я сапраўды выбiўся з сiл. Гэта недарэчна, бясспрэчна. Гэта жахлiва. Але, верце мне, Кемп, што б вы ранiцай там нi даказвалi, а гэта цалкам магчыма. Я зрабiў адкрыццё. Я думаў захаваць яго ўпотайкi. Але гэта немагчыма. Мне патрэбны памочнiк. А вы... чаго толькi мы не зможам зрабiць!.. Урэшце, пакiнем усё гэта да заўтра. Цяпер, Кемп, я павiнен заснуць - iнакш я памру.

Кемп стаяў пасярод пакоя, гледзячы на безгаловы халат.

- Дык я пакiну вас, - сказаў ён. - Але гэта неверагодна... Яшчэ тры такiя здарэннi, якiя пераварочваюць уверх дном усе мае тэорыi, i я звар'яцею. I ўсё ж, бачна, гэта так! Цi патрэбна вам яшчэ чаго-небудзь?

- Толькi каб вы пажадалi мне спакойнай ночы, - сказаў Грыфiн.

- Спакойнай ночы, - сказаў Кемп i пацiснуў нябачную руку.

Ён бокам накiраваўся да дзвярэй. Раптам халат хутка падышоў да яго.

- Помнiце, - вымавiў халат. - Нiякiх спробаў злавiць цi затрымаць мяне. Iнакш...

Кемп злёгку змянiўся ў твары.

- Я ж, здаецца, даў вам слова, - сказаў ён.

Кемп выйшаў, цiха прычынiў за сабой дзверы, i ключ зараз жа шчоўкнуў у замку. Пакуль Кемп стаяў, не рухаючыся, з выглядам пакорлiвага здзiўлення на твары, пачулiся паспешныя крокi, i дзверы ванны таксама аказалiся зачыненымi. Кемп стукнуў сябе рукой па лбе.

- Сплю я, цi што? Увесь свет звар'яцеў, цi гэта я з глузду з'ехаў? - Ён засмяяўся i злёгку тузануў рукою замкнутыя дзверы. - Выгнаны з уласнай спальнi i кiм? Страшэннай бязглуздзiцай!

Ён падышоў да верхняй прыступкi лесвiцы, азiрнуўся i зноў паглядзеў на замкнёныя дзверы.

- Бясспрэчны факт, - вымавiў ён, дакранаючыся да патылiцы, якая ныла. Так, бясспрэчны факт. Але... - Ён безнадзейна пакiваў галавой, павярнуўся i спусцiўся ўнiз.

Ён запалiў лямпу ў сталовай, дастаў цыгару i пачаў хадзiць па пакоi, то бязладна мармычучы, то гучна спрачаючыся сам з сабою.

- Невiдзiмка! - сказаў ён. - Цi можа iснаваць нябачная жывёлiна? У моры - так. Там тысячы, мiльёны! Усе лiчынкi, усе мiкраарганiзмы... а медузы! У моры нябачных iстотаў больш, чым бачных! Раней я нiколi пра гэта не думаў... А ў сажалках! Усе гэтыя малюсенькiя арганiзмы, якiя жывуць у сажалках, - кавалачкi бясколернай, празрыстай слiзi... Але ў паветры? Не! Гэта немагчыма. А ўрэшце - чаму б i не? Калi б чалавек быў бы зроблены са шкла - i то ён быў бы бачны.

Кемп глыбока задумаўся. Тры цыгары ператварылiся ў белы попел, якi рассыпаўся па дыване, перш чым ён загаварыў зноў. Дакладней проста ўскрыкнуў. Потым ён выйшаў з пакоя, прайшоў у сваю прыёмную i запалiў там газ. Гэта быў маленькi пакой, таму што доктар Кемп не займаўся практыкай; там ляжалi газеты. Ранiшнi нумар, разгорнуты, валяўся на стале. Ён схапiў газету, перагарнуў яе i пачаў чытаць паведамленне аб "Незвычайным здарэннi ў Айпiнгу", якое з такой шчырасцю прачытаў Марвелу матрос у Порт-Стоў. Кемп хутка прабег гэтыя радкi.

- Захутаны! - усклiкнуў Кемп. - Пераапрануты! Хавае сваю тайну! Мусiць, нiхто не ведаў пра яго няшчасце. Што ў яго, каб яго чорт узяў, у галаве?

Ён кiнуў газету i пашукаў вачыма на стале.

- Ага! - сказаў ён i схапiў "Сент-Джэмс газэт", якая была яшчэ не разгорнута. - Зараз даведаемся ўсю праўду, - сказаў ён i разгарнуў газету. У вочы яму кiнулiся дзве калонкi: "Цэлая вёска ў Сэсексе звар'яцела!" паведамляў загаловак. - Божа лiтасцiвы! - усклiкнуў Кемп, прагна чытаючы скептычную справаздачу пра ўчарашнiя падзеi ў Айпiнгу, якiя апiсаны намi вышэй. Заметцы папярэднiчала паведамленне, перадрукаванае з ранiшняй газеты.

Кемп перачытаў усё з самага пачатку. "Бег па вулiцы, сыплючы ўдарамi направа i налева. Джаферс у непрытомным стане. Мiстэр Хакстэрс атрымаў сур'ёзныя калецтвы i не можа нiчога паведамiць з таго, што бачыў. Цяжкая знявага вiкарыя. Жанчына захварэла ад страху. Вокны перабiты. Уся гэтая незвычайная гiсторыя, напэўна, выдумка, але ўжо занадта цiкавая, каб можна было яе не надрукаваць".

Назад Дальше