Забойства ў Лабернэм-Катэджы (на белорусском языке) - Агата Кристи


Кристи Агата Забойства ў Лабернэм-Катэджы (на белорусском языке)

Агата Крысцi

Забойства ў Лабернэм-Катэджы

Апавяданне

Пераклад: Валерый Чудаў, Кацярына Дзмiтрыенка

Мiс Полiт узяла ў руку дзвярны малаточак i далiкатна пастукала ў дзверы катэджа. Крыху пачакаўшы, яна пастукала яшчэ раз. Пакунак у яе пад левай рукой ссунуўся, i яна паправiла яго. У гэтым пакунку была новая зялёная, прыгатаваная да прымеркi сукенка мiсiс Спэнлаў. На левай руцэ ў мiс Полiт вiсела сумка з чорнага шоўку, у якой ляжалi швейная рулетка, падушачка са шпiлькамi i вялiкiя нажнiцы.

Мiс Полiт - высокая худая жанчына з вострым носам, зморшчаным тварам, тонкiмi губамi i рэдкiмi прыгладжанымi валасамi.

Яна нерашуча пастаяла некалькi хвiлiн, потым стукнула ў дзверы трэцi раз. Кiнула позiрк удоўж вулiцы i ўбачыла нейкую постаць, што наблiжалася да яе. Мiс Хартнел, прыемная жанчына гадоў сарака пяцi, павiталася сваiм звычайным нiзкiм басам:

- Дзень добры, мiс Полiт!

Швачка адказала ёй:

- Дзень добры, мiс Хартнел.

У яе быў вельмi тонкi голас i правiльнае вымаўленне. Сваё жыццё яна пачынала пакаёўкай у лэдзi.

- Прабачце, - сказала яна далей, - вы часам не ведаеце, калi можна застаць мiсiс Спэнлаў дома?

- Не, не ведаю, - адказала мiс Хартнел.

- Бачыце, неяк няёмка выходзiць. На сёння была прызначана прымерка новай сукенкi мiсiс Спэнлаў. Яна прасiла прыйсцi а палове чацвёртай.

Мiс Хартнел паглядзела на свой гадзiннiк на руцэ.

- Цяпер ужо больш за палову.

- Я стукалася тройчы, але нiхто не адказвае, i я ўжо вырашыла, што мiсiс Спэнлаў некуды пайшла i забылася пра прымерку. Звычайна яна не забываецца, калi прызначае, да таго ж яна хацела паслязаўтра надзець гэтую сукенку.

Мiс Хартнел адчынiла брамку, прайшла з мiс Полiт па сцежачцы да катэджа i спынiлася каля зачыненых дзвярэй Лабернэм-Катэджа.

- Чаму ж не выходзiць Глэдзiс? - пацiкавiлася яна. - Ах, ды сёння чацвер выхадны дзень у Глэдзiс. Мусiць, мiсiс Спэнлаў заснула. Мне здаецца, вы цiха стукалi. - I, узяўшы малаток, яна пачала малацiць у дзверы, потым загрукала з усяе сiлы кулакамi, выкрыкваючы: "Хто там? Адгукнiцеся!"

Нiхто не азываўся.

Мiс Полiт прамармытала:

- Вiдаць, мiсiс Спэнлаў проста забылася i пайшла. Я выберу пазней хвiлiнку i падыду яшчэ.

Яна ступiла на сцежку i сабралася ўжо iсцi.

- Глупства, - упэўнена перабiла яе мiс Хартнел. - Яна не магла нiкуды пайсцi. Я б яе сустрэла. Трэба заглянуць у акно, цi ёсць там хто-небудзь жывы?

Яна засмяялася зычлiвым смехам, паказваючы, што гэта жарт, i заглянула ў блiжняе акно, так, нядбайна кiнула позiрк, бо ведала, што ў пярэднiм пакоi мiстэр i мiсiс Спэнлаў бываюць рэдка, яны больш любяць гасцiны пакой.

Зiрнула - i анямела: за акном на падлозе ляжала на дыване перад камiнам, раскiнуўшы рукi, мёртвая мiсiс Спэнлаў.

Канечне, успамiнаючы потым гэтую гiсторыю, мiс Хартнел расказвала:

- Я не разгубiлася, калi ўбачыла забiтую мiсiс Спэнлаў. Полiт ад хвалявання разгубiлася i не ведала, што рабiць. "Вазьмiце сябе ў рукi, сказала я ёй. - Вы заставайцеся тут, а я пабягу да канстэбля Полка". Яна адмаўлялася, не хацела заставацца адна, але я не зважала на гэта. З людзьмi такога тыпу трэба заўсёды быць цвёрдай. У такiя моманты яны залiшне мiтусяцца. Дык вось, у тую хвiлiну, як я сабралася ўжо iсцi, з-за дома выйшаў мiстэр Спэнлаў.

Тут мiс Хартнел зрабiла паўзу. Нехта з слухачоў, выкарыстаўшы зручны момант, спытаўся:

- Скажыце, а як ён выглядаў?

Мiс Хартнел уздыхнула i пачала гаварыць далей:

- Па праўдзе кажучы, я адразу зразумела, што тут нешта не так. Ён iшоў спакойны, ураўнаважаны. Прынамсi, яго гэта не здзiвiла. I што хочаце кажыце, але гэта не ўласцiва чалавеку - даведацца пра смерць жонкi i каб нiякiх эмоцый.

Усе згадзiлiся.

Палiцыя таксама згадзiлася з гэтым. I такой падазронай яны палiчылi абыякавасць мiстэра Спэнлаў, што, не трацячы часу, адразу пачалi высвятляць, у якiм становiшчы апынуўся гэты джэнтльмен у вынiку смерцi жонкi. Выявiлася, што мiсiс Спэнлаў была багатая партнёрка i што яе грошы згодна з завяшчаннем пасля яе смерцi пераходзяць мужу. А тое, што завяшчанне было складзена адразу пасля вяселля, навяло на яго яшчэ большае падазрэнне.

Мiс Марпл, гэтая прыемная з выгляду, ужо немаладая жанчына, вострая на язык, жыла па-суседску з прыходскiм свяшчэннiкам. Праз паўгадзiны пасля таго, як Канстэбль Полк пабываў на месцы здарэння, ён дапытаў мiс Марпл:

- Калi вы не супраць, мэм, я задам вам некалькi пытанняў.

- Гэта звязана з забойствам мiсiс Спэнлаў? - у сваю чаргу спыталася мiс Марпл.

Полк здзiвiўся:

- Мадам, адкуль вы ведаеце пра гэта?..

- Рыба, - адказала мiс Марпл.

Такi адказ быў зразумелы Полку. Ён правiльна вырашыў, што гэтую навiну прынёс мiс Марпл хлопчык - прадавец рыбы - разам з вячэрай.

Мiс Марпл спакойна гаварыла:

- Гэту жанчыну, што ляжала ў гасцiнай на падлозе, задушылi нечым магчыма, вузкiм рэменем. Але што б гэта нi было, яно прапала.

Твар Полка гарэў ад гневу i абурэння.

- Як гэты хлапчына Фрэд даведаўся пра ўсё?..

Мiс Марпл коратка i спрытна перапынiла яго:

- У вашым кiцелi шпiлька прышпiлена.

Здзiўлены канстэбль Полк зiрнуў унiз i вымавiў:

- Як кажуць: "Убачыш шпiльку - падымi яе, каб цэлы дзень быў у цябе ўдачлiвы".

- Спадзяюся, мне пашчасцiць. Але што вы хацелi паведамiць?

Канстэбль Полк адкашляўся, важна паглядзеў на мiс Марпл i зiрнуў у сваю запiсную кнiжку.

- Мiстэр Спэнлаў, муж нябожчыцы, паведамiў мне, што ў дзве гадзiны трыццаць хвiлiн, калi не падводзiць памяць, яму пазванiла мiс Марпл i спыталася, цi не зможа ён прыйсцi да яе ў пятнаццаць хвiлiн чацвёртай, бо ёй трэба з iм аб нечым параiцца. Ну як, мэм, гэта праўда?

- Канечне, не, - сказала мiс Марпл.

- Што, вы не званiлi мiстэру Спэнлаў у дзве трыццаць?

- Нi ў дзве трыццаць, нi ў якi iншы час.

- Вось як, - здзiўлена прамовiў канстэбль Полк i з задавальненнем пагладзiў свае вусы.

- Што яшчэ сказаў мiстэр Спэнлаў?

- Мiстэр Спэнлаў гаворыць, што, як яго i прасiлi, ён пайшоў сюды, а з дому выйшаў, калi на гадзiннiку было дзесяць хвiлiн чацвёртай. Але, калi ён прыйшоў, служанка паведамiла яму, што мiс Марпл няма дома.

- А вось гэта так i было, праўда, - заявiла мiс Марпл. - Ён прыходзiў сюды, але я была на сходзе ў "Жаночым iнстытуце"*.

* Арганiзацыя, якая аб'ядноўвае сельскiх жанчын. (Тут i далей заўвагi перакладчыкаў.)

- Дзiўна, - зноў сказаў канстэбль Полк.

- Скажыце мне, канстэбль, - усклiкнула мiс Марпл, - вы падазраяце мiстэра Спэнлаў?

- Я нiчога не магу сказаць канкрэтна на гэтым этапе расследавання, але ў мяне такое ўражанне, быццам нехта, не будзем пакуль называць iмя, спрабуе перахiтрыць усiх.

- Мiстэр Спэнлаў? - задумлiва прагаварыла мiс Марпл.

Ёй падабаўся мiстэр Спэнлаў. Гэта быў невысокi хударлявы чалавек, нязграбны i ветлiвы ў размове, што сведчыла аб яго прыстойнасцi. Здавалася дзiўным, што ён прыехаў жыць у вёску, ён яўна ўсё жыццё пражыў у горадзе. А чаму пераехаў у вёску - прычыну ён растлумачыў толькi мiс Марпл.

- З той пары, як я сябе помню, я заўсёды хацеў жыць у вёсцы i мець свой сад. Мне заўсёды падабалiся кветкi. Ведаеце, у маёй жонкi была невялiчкая крама кветак. Там я ўпершыню i ўбачыў яе.

Скупыя словы, але яны раскрывалi яго рамантычную душу. Маладая прыгожая мiс Спэнлаў на фоне кветак - як цiкава.

Аднак мiстэр Спэнлаў у кветках нiчога не разумеў. Ён не разбiраўся ў насеннi, не меў нiякага ўяўлення пра расаду, пра пасадку, пра аднагадовыя i шматгадовыя раслiны. У яго была толькi адна мара - мара мець агарод, засаджаны пахучымi кветкамi, побач з катэджам. Ён не раз распытваў мiс Марпл пра пасадку расады, агарод i яе адказы на свае пытаннi занатоўваў у запiсную кнiжачку.

Чалавек ён быў стрыманы. Магчыма, гэта рыса характару прыцягнула ўвагу палiцыi да яго, калi яго жонку знайшлi забiтай. Цярплiва i настойлiва яны патроху высвятлялi мiнулае мiсiс Спэнлаў, i неўзабаве ўся вёска Сент-Мары-Мiд таксама даведалася пра гэта.

Нябожчыца мiсiс Спэнлаў спачатку працавала служанкай у адным вялiкiм доме. Яна пакiнула гэта месца, бо выйшла замуж за садоўнiка i разам з iм адкрыла краму кветак у Лондане. Крама давала вялiкi прыбытак. А садоўнiк захварэў i памёр.

Удава вяла далей справу, пашырыла краму i славiлася на ўвесь горад. Потым яна выгадна прадала краму i другi раз выйшла замуж за мiстэра Спэнлаў, ювелiра сярэднiх гадоў, якi атрымаў у спадчыну выгадную справу. Праз некаторы час яны прадалi краму i пераехалi ў Сент-Мары-Мiд.

Мiсiс Спэнлаў была багатая жанчына. Прыбытак ад сваёй кветкавай гаспадаркi яна ўкладала ў краму, "як ёй раiлi духi з неба", - так яна тлумачыла ўсiм i кожнаму.

Як нi дзiўна, а яе ўклады давалi прыбытак. Аднак яе вера ў спiрытызм не памацнела, наадварот, яна раптам закiнула медыумы i сеансы i хутка кiнулася ў змрочную рэлiгiю, блiзкую да iндыйскай, якая грунтавалася на розных формах глыбокага дыхання. Але, пераехаўшы ў Сент-Мары-Мiд, зноў вярнулася ў артадаксальную англiканскую веру. Яна часта бывала ў свяшчэннiка дома, рэгулярна хадзiла ў царкву. Яна апекавала вясковую царкву, цiкавiлася мясцовымi навiнамi i гуляла ў брыдж. Сумнае штодзённае жыццё. I раптам забойства.

Палкоўнiк Мэлчэт, галоўны канстэбль, выклiкаў iнспектара Слэка. Слэк быў чалавек з вытрымкай, настойлiвы, прынцыповы, адным словам, з цвёрдым характарам. Калi ён прымаў рашэнне, дык трымаўся яго. Цяпер ён быў зусiм упэўнены.

- Муж зрабiў гэта, сэр.

- Вы так думаеце?

- Упэўнены. Вы толькi зiрнiце на яго. Па iм не вiдаць, каб ён бедаваў цi перажываў. Вярнуўся дахаты, ведаючы, што жонка забiтая.

- Ён так i не паспрабаваў iграць ролю забiтага горам мужа?

- Дзе яму, сэр? Занадта задаволены самiм сабой. Некаторыя джэнтльмены не могуць iграць. Як я разумею, яна яму проста абрыдла. У яе былi грошы, i яна была дакучлiвая жанчына - вечна займалася нейкiмi "iзмамi" i ўсялякiм iншым глупствам. Ён спакойна вырашыў прыбраць яе i зажыць, як душа жадае.

- I трэба было выбраць зручны момант.

- Праўда, ён чакаў зручнага моманту. Старанна распрацаваў план. Прыдумаў, каб яму пазванiлi па тэлефоне i выклiкалi спецыяльна з дому...

Мэлчэт перапынiў яго:

- А званок вы праверылi.

- Не, сэр. I дурню ясна, што або хлусiў, або званiлi з тэлефона-аўтамата. У вёсцы толькi два тэлефоны-аўтаматы: на станцыi i на пошце. З пошты нiхто не званiў. Мiсiс Блад бачыць кожнага, хто ўваходзiць. А вось са станцыi мог быць званок. У дзве гадзiны двацаць сем хвiлiн прыходзiць цягнiк, i ў гэты час тут такая мiтусня. Але галоўнае ў тым, што ён запэўнiвае нас, быццам яму званiла менавiта мiс Марпл. Мы праверылi. З яе дома нiхто не званiў, i сама яна была ў iнстытуце.

- Вы не дапускаеце магчымасцi, што той, хто забiў мiсiс Спэнлаў, спецыяльна выклiкаў мужа па тэлефоне, каб адвесцi такiм спосабам ад сябе падазрэнне?

- Вы маеце на ўвазе маладога Тэда Герарда, так, сэр? Я ўжо разбiраўся з iм, але ён тут нi пры чым. Ён нiчога не выйграе.

- Хоць ён - фiгура цёмная: вялiкая растрата даручаных яму грошай.

- А я i не кажу, што ён бязгрэшны. Аднак ён прыйшоў да свайго боса i прызнаўся ў гэтай растраце. I яго работадаўцы не даведалiся пра гэта.

- Сябра "Оксфардскай групы"*, - сказаў Мэлчэт.

* Адна з рэакцыйных рэлiгiйных груп, што iснавала ў 20-я гады. Яе крытэрыi: сумленнасць, чысцiня душы, любоў да людзей, бескарыслiвасць.

- Так, сэр. Прыняў другую веру i адразу апраўдаў свой учынак - прызнаўся, што ўкраў грошы. Заўважце, я не кажу, што гэта не магло быць хiтрасцю, здагадаўся, што яго падазраюць i вырашыў спекульнуць на шчырым раскаяннi.

- У вас скептычны розум, Слэк, - сказаў палкоўнiк Мэлчэт. - Мiж iншым, вы мелi гаворку з мiс Марпл?

- Якое яна мае дачыненне да гэтай справы, сэр?

- Нiякага. Але ж яна чуе, што гавораць. Чаму б вам не пайсцi i не пагаварыць з ёй? Яна вельмi назiральная жанчына.

Слэк перавёў гаворку на iншае.

- Хачу папытацца ў вас, сэр, вось пра што. Нябожчыца пачынала сваю працоўную кар'еру служанкай у доме сэра Роберта Аберкромбы. Там былi ўкрадзены каштоўныя камянi - смарагды - каштоўныя пацеркi. Iх так i не знайшлi. Я пацiкавiўся гэтым, прапажа, вiдаць, здарылася, калi там працавала мiсiс Спэнлаў, у той час яна была яшчэ дзяўчына. Цi не думаеце вы, сэр, што яна замяшана ў гэтай справе? Спэнлаў, знаеце, быў адным з тых дробных ювелiраў, якiя не грэбавалi скупкай крадзенага.

Мэлчэт пакiваў галавой.

- Не думаю, што ў гэтым штосьцi ёсць. Яна тады яшчэ не ведала Спэнлаў. Гэту справу я помню. У палiцыi палiчылi, што тут замешаны сын гэтай сям'i Джым Аберкромба - малады марнатраўца. У яго былi вялiкiя даўгi, i амаль адразу пасля крадзяжу iх пагасiла, казалi, нейкая багатая дама. Праўда, гэтага я не ведаю дакладна - стары Аберкромба не даў ходу гэтым чуткам, у палiцыю таксама не звяртаўся.

- Гэта толькi меркаванне, сэр, - сказаў Слэк.

Мiс Марпл сустрэла iнспектара Слэка ветлiва, асаблiва калi пачула, што яго прыслаў палкоўнiк Мэлчэт.

- Сапраўды, гэта вельмi прыемна, калi цябе яшчэ помняць.

- Вядома, ён помнiць вас. Сказаў мне, калi вы чаго не ведаеце пра тое, што робiцца ў Сент-Мары-Мiд, дык i не варта ведаць.

- Вялiкае дзякуй яму, але я сапраўды нiчога не ведаю. Я маю на ўвазе гэта забойства.

- Як вы зразумелi, гаворка iдзе пра забойства.

- Канечне, iнакш не варта было б марнаваць часу.

Слэк лагодна дадаў:

- Бачыце, гэта не афiцыйная размова, а, калi можна так сказаць, канфiдэнцыяльная.

- Вы, вiдаць, хочаце ведаць, што людзi гавораць. I цi ёсць у гэтым хоць доля праўды?

- Менавiта.

- Канечне, многа розных размоў i плётак. Утварылiся як бы два лагеры. Адны лiчаць, што гэта зрабiў муж. У такiх выпадках звычайна падазраюць мужа або жонку, праўда?

- Звычайна так, - асцярожна адказаў iнспектар.

- Такiя блiзкiя адносiны, ведаеце. Потым, часта яшчэ грашовы аспект. Я чула, што ў мiсiс Спэнлаў былi грошы, i, выходзiць, мiстэр Спэнлаў мае нейкую выгоду з яе смерцi. У наш час, бывае, апраўдваюцца злосныя злачынствы.

- Ён атрымлiвае ў спадчыну кругленькую суму, гэта без сумнення.

- Сапраўды. Здавалася б больш верагодным для яго - задушыць яе, пакiнуць дом, выйсцi з другога хода, прайсцi полем да майго дома, спытаць мяне, прыкiнуцца, быццам яму пазванiлi па тэлефоне ад мяне, потым вярнуцца i знайсцi сваю жонку забiтую, спадзеючыся, канечне, што злачынства прыпiшуць якому-небудзь злодзею цi валацугу.

Iнспектар кiўнуў у знак згоды галавой.

- Калi вы лiчыце, што гэта грашовы аспект... i яны былi ў дрэнных адносiнах апошнi час...

Мiс Марпл перапынiла яго:

- Але яны былi ў добрых адносiнах.

- Вы ўпэўнены ў гэтым?

- Калi б яны сварылiся, дык пра гэта ўсе б ведалi. Пакаёўка Глэдзiс Брэнт адразу раззванiла б па ўсёй акрузе.

- Яна магла i не ведаць, - слаба запярэчыў iнспектар. I ў адказ атрымаў паблажлiвую ўсмешку.

- I потым, тут ёсць яшчэ адзiн аспект. Тэд Герард. Прыгожы малады чалавек. Ведаеце, я лiчу, што прывабны выгляд больш уплывае на людзей, чым нам здаецца. Наш памочнiк прыходскi свяшчэннiк - ну проста магiчнае ўздзеянне. Усе дзяўчаты хадзiлi ў царкву як на вячэрню, так i на ютрань. I многiя пажылыя жанчыны пачалi актыўней працаваць у прыходзе... А пантофлi i шалiкi якiя спецыяльна яму робяць! Вельмi няёмкае становiшча для маладога чалавека. Але пачакайце, да чаго гэта я? Ага, гэты малады чалавек, Тэд Герард. Канечне, i пра яго гаварылi. Ён часцяком заходзiў да яе. Мiсiс Спэнлаў сама расказвала мне, што ён быў сябрам нейкай групы, здаецца, яе называлi Оксфардскай. Яны вельмi шчырыя i сур'ёзныя, i, я мяркую, мiсiс Спэнлаў усё гэта ўражвала.

Мiс Марпл перадыхнула крыху.

- I я ўпэўнена, што няма прычыны лiчыць, быццам у гэтым было нешта большае, але вы ведаеце, якiя ёсць людзi. Большасць людзей лiчаць, што мiсiс Спэнлаў ашукаў гэты малады чалавек, а яна яму пазычыла вялiкую суму грошай. Праўда i тое, што яго бачылi ў той дзень на станцыi. У цягнiку, якi прыбывае ў дзве дваццаць сем. Ну, канечне, было б вельмi лёгка, праўда, - саскочыць з другога боку цягнiка, пералезцi цераз канаву i плот, прайсцi ўздоўж плота i такiм чынам незаўважана абысцi ўваход на станцыю? Тады можна было i не заўважыць, як ён iдзе да катэджа. I канечне ж, людзi думаюць, што мiсiс Спэнлаў была апранута дзiўна.

- Дзiўна?

- Кiмано. Не сукенка. - Мiс Марпл пачырванела. - Гэта такi фасон, ведаеце, гэта як бы намёк на нешта непрыстойнае.

- Вы думаеце, што гэта непрыстойна?

- Ды не, я так не думаю. Мне здаецца, натуральна.

- Вы думаеце, гэта было натуральна?

- У такiх абставiнах, канечне.

Пагляд у мiс Марпл быў спакойны i задумлiвы.

- Гэта дае нам яшчэ адзiн матыў для мужа, - дадаў iнспектар Слэк. Рэўнасць.

- Ды не, мiстэр Спэнлаў нiколi не раўнаваў. Ён не з тых мужчын, якiя заўважаюць падобнае. Калi б яго жонка пайшла i пакiнула на падушцы запiску, тады б ён упершыню даведаўся, што гэта такое.

Пранiклiвым позiркам мiс Марпл зiрнула на iнспектара Слэка, i ён чамусьцi падумаў, што ўся гаворка намёкам на нешта iншае, чаго ён нiяк не мог зразумець.

- А вы, iнспектар, не знайшлi нiякiх ключоў да разгадкi на тым месцы? яна зрабiла нацiск на слове "месцы".

- У наш час не пакiдаюць адбiткаў пальцаў i попелу ад цыгарак, мiс Марпл.

- Мне здаецца, гэта маё асабiстае меркаванне, што гэта было старамоднае злачынства.

- Што вы хочаце гэтым сказаць? - рэзкiм голасам спытаўся Слэк.

- Я думаю, - не спяшаючыся пачала мiс Марпл, - вам мог бы дапамагчы канстэбль Полк. Ён быў адным з першых, як кажуць, на... "месцы злачынства".

Мiстэр Спэнлаў сядзеў у крэсле. У яго быў збянтэжаны выгляд. Ён сказаў цiхiм голасам:

- Можа, усё, што адбываецца, iснуе толькi ў маiм уяўленнi. Можа, мой слых ужо не такi, як быў раней. Але мне здалося, што я добра чуў, як нейкае хлапчанё крыкнула мне наўздагон: "Тады хто Крыпен?*" I ў мяне склалася такое ўражанне, што ён думае, быццам я... забiў сваю дарагую жонку.

* Атруцiў жонку, пасля сенсацыйнага працэсу ў Ангельшчыне ў 1910 годзе быў пакараны.

Мiс Марпл акуратна абрэзала нажнiцамi завялую ружу, потым звярнулася да мiстэра Спэнлаў:

- Безумоўна, вам гэта здалося, што ён так думае.

- Але як такая думка магла прыйсцi ў дзiцячую галаву?

Мiс Марпл кашлянула:

- Напэўна, падслухоўвае размовы старэйшых.

- Вы... вы хочаце сказаць, што iншыя думаюць гэтаксама?

Дальше