Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке) - Джонатан Свифт 2 стр.


6

Мiж тым у палацы Бельфабарак, у самай далёкай зале, iмператар сабраў тайную нараду, каб вырашыць, што рабiць з Гулiверам.

Мiнiстры i саветнiкi спрачалiся мiж сабой дзевяць гадзiн.

Адны гаварылi, што Гулiвера трэба як мага хутчэй забiць. Калi Чалавек-Гара парве свой ланцуг i ўцячэ, ён можа растаптаць усю Лiлiпуцiю. А калi ён не ўцячэ, то iмперыi пагражае страшэнны голад, бо кожны дзень ён будзе з'ядаць хлеба i мяса больш, чым патрэбна для таго, каб пракармiць тысячу семсот дваццаць восем лiлiпутаў. Гэта падлiчыў адзiн вучоны, якога запрасiлi на тайную нараду, таму што ён вельмi добра ўмеў лiчыць.

Другiя даказвалi, што забiваць Куiнбуса Флестрына гэтак жа небяспечна, як i пакiнуць яго жывым. Ад разлажэння такога велiзарнага трупа можа пачацца чума не толькi ў сталiцы, але i па ўсёй iмперыi.

Дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель папрасiў у iмператара слова i сказаў, што Гулiвера не трэба забiваць, ва ўсякiм выпадку да таго часу, пакуль не будзе пабудавана новая крапасная сцяна вакол Мiльдэнда. Чалавек-Гара з'ядае хлеба i мяса больш, чым тысяча семсот дваццаць восем лiлiпутаў, але затое ён, вiдаць, i працаваць будзе за дзве тысячы лiлiпутаў. Акрамя таго, у выпадку вайны ён можа абаранiць краiну лепш, чым пяць крэпасцей.

Iмператар сядзеў на сваiм троне пад балдахiнам i слухаў, што гавораць мiнiстры.

Калi Рэльдрэсель скончыў, ён кiўнуў галавой. Усе зразумелi, што словы дзяржаўнага сакратара яму спадабалiся.

Але ў гэты час устаў са свайго месца адмiрал Скайрэш Балгалам, камандзiр усяго флоту Лiлiпуцii.

- Чалавек-Гара, - сказаў ён, - самы дужы з усiх людзей на свеце, гэта праўда. Але якраз таму яго i трэба пакараць смерцю як мага хутчэй. Бо калi ў час вайны ён надумае далучыцца да ворагаў Лiлiпуцii, то дзесяць палкоў iмператарскай гвардыi не змогуць з iм справiцца. Зараз ён яшчэ ў руках лiлiпутаў, i трэба дзейнiчаць, пакуль не позна.

Казначэй Флiмнап, генерал Лiмток i суддзя Бельмаф згадзiлiся з думкай адмiрала.

Iмператар усмiхнуўся i кiўнуў адмiралу галавой - i не адзiн раз, як Рэльдрэселю, а два разы. Вiдаць было, што гэтая прамова спадабалася яму яшчэ больш.

Лёс Гулiвера быў вырашаны.

Але ў гэты час дзверы расчынiлiся, i ў залу тайнай нарады ўбеглi два афiцэры, якiх прыслаў да iмператара начальнiк варты. Яны сталi перад iмператарам на каленi i далажылi аб тым, што здарылася на плошчы.

Калi афiцэры расказалi, як лiтасцiва абышоўся Гулiвер са сваiмi палоннымi, дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель зноў папрасiў слова.

Ён сказаў яшчэ адну доўгую прамову, у якой даказваў, што баяцца Гулiвера не трэба i што жывы ён будзе куды больш карысны iмператару, чым мёртвы.

Iмператар вырашыў памiлаваць Гулiвера, але загадаў адабраць у яго велiзарны нож, пра якi толькi што расказалi афiцэры варты, а разам з тым i iншую зброю, калi яна будзе знойдзена пры вобыску.

7

Абшукаць Гулiвера было даручана двум чыноўнiкам. Знакамi яны растлумачылi Гулiверу, што патрабуе ад iх iмператар.

Гулiвер не захацеў з iмi спрачацца. Ён узяў абодвух чыноўнiкаў у рукi i апусцiў спачатку ў адну кiшэню кафтана, затым у другую, а потым перанёс iх у кiшэнi штаноў i камiзэлькi.

Толькi ў адну патайную кiшэню Гулiвер не пусцiў чыноўнiкаў. Там у яго былi схаваны акуляры, падзорная труба i компас.

Чыноўнiкi прынеслi з сабой лiхтар, паперу, пёры i чарнiла. Цэлыя тры гадзiны корпалiся яны ў кiшэнях Гулiвера, разглядаючы рэчы i складаючы вопiс.

Скончыўшы сваю работу, яны папрасiлi Чалавека-Гару дастаць iх з апошняй кiшэнi i спусцiць на зямлю.

Пасля гэтага яны пакланiлiся Гулiверу i панеслi складзены вопiс у палац.

Вось ён - слова ў слова:

"Вопiс прадметаў, знойдзеных у кiшэнях Чалавека-Гары:

1. У правай кiшэнi кафтана мы знайшлi вялiкi кавалак грубага палатна, якi па сваёй велiчынi мог бы быць дываном для параднай залы палаца Бельфабарак.

2. У левай кiшэнi знайшлi велiзарны срэбны куфэрак з вечкам. Вечка такое цяжкае, што мы самi не маглi падняць яго. Калi па нашаму патрабаванню Куiнбус Флестрын прыўзняў вечка свайго куфэрка, адзiн з нас залез усярэдзiну i тут жа правалiўся вышэй каленяў у нейкi жоўты пыл. Цэлае воблака гэтага пылу ўзнялося ўгору i прымусiла нас чхаць да слёз.

3. У правай кiшэнi штаноў знаходзiцца велiзарны нож. Калi паставiць яго старчма, ён будзе вышэй чалавечага росту.

4. У левай кiшэнi штаноў знойдзена нябачаная ў нашых краях машына з жалеза i дрэва. Яна такая вялiкая i цяжкая, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганнi, нам не ўдалося скрануць яе з месца. Гэта перашкодзiла нам агледзець машыну з усiх бакоў.

5. У правай верхняй кiшэнi камiзэлькi ляжыць цэлы стос прамавугольных, зусiм аднолькавых лiстоў, зробленых з нейкага невядомага нам белага i гладкага матэрыялу. Увесь гэты стос - вышынёй з палову чалавечага росту i таўшчынёй у тры абхваты - прашыты тоўстымi вяроўкамi. Мы ўважлiва агледзелi некалькi верхнiх лiстоў i заўважылi на iх рады чорных таямнiчых знакаў. Мы мяркуем, што гэта лiтары невядомай нам азбукi. Кожная лiтара велiчынёй з нашу далонь.

6. У левай верхняй кiшэнi камiзэлькi мы знайшлi сетку памерам з рыбалоўную, але зробленую так, што яна можа зачыняцца i адчыняцца накшталт кашалька. У ёй ляжыць некалькi цяжкiх прадметаў з чырвонага, белага i жоўтага металу. Яны рознай велiчынi, але аднолькавай формы - круглыя i плоскiя. Чырвоныя - вiдаць, з медзi. Яны такiя цяжкiя, што мы ўдвух ледзь маглi падняць такi дыск. Белыя - вiдаць, срэбныя - меншыя. Яны падобныя на шчыты нашых воiнаў. Жоўтыя - вiдаць, залатыя. Яны крыху большыя за нашы талеркi, але вельмi цяжкiя. Калi толькi гэта сапраўднае золата, то яны павiнны каштаваць вельмi дорага.

7. З правай нiжняй кiшэнi камiзэлькi звешваецца тоўсты металiчны ланцуг, вiдаць, срэбны. Гэты ланцуг прымацаваны да вялiкага круглага прадмета, якi знаходзiцца ў кiшэнi i зроблены з таго ж металу. Што гэта за прадмет, невядома. Адна яго сценка празрыстая, як лёд, i праз яе добра вiдаць дванаццаць чорных знакаў, размешчаных па крузе, i дзве доўгiя стралы.

Унутры гэтага круглага прадмета, вiдаць, сядзiць нейкая таямнiчая iстота, якая не перастаючы стукае не то зубамi, не то хвастом. Чалавек-Гара растлумачваў нам - часткова словамi, а часткова жэстамi - што без гэтай круглай металiчнай скрынкi ён бы не ведаў, калi яму ўставаць ранiцой i калi класцiся вечарам, калi пачынаць працу i калi яе канчаць.

8. У левай нiжняй кiшэнi камiзэлькi мы бачылi рэч, падобную на рашотку дварцовага саду. Вострымi прутамi гэтай рашоткi Чалавек-Гара расчэсвае сабе валасы.

9. Закончыўшы абследаванне кафтана i камiзэлькi, мы агледзелi рэмень Чалавека-Гары. Ён зроблены са скуры нейкай велiзарнай жывёлiны. З левага боку на iм вiсiць меч даўжынёй больш чым у пяць разоў за сярэднi чалавечы рост, а з правага - мяшок, падзелены на два аддзяленнi. У кожным з iх могуць лёгка змясцiцца тры дарослыя лiлiпуты.

У адным з аддзяленняў мы знайшлi мноства цяжкiх i гладкiх металiчных шароў велiчынёй з чалавечую галаву; другое да краёў запоўнена нейкiмi чорнымi зярнятамi, даволi лёгкiмi i не надта буйнымi. Мы, змаглi змясцiць у сябе на далонi некалькi дзесяткаў гэтых зярнят.

Такi падрабязны вопiс рэчаў, знойдзеных пры вобыску ў Чалавека-Гары.

У час вобыску вышэйназваны Чалавек-Гара паводзiў сябе ветлiва i спакойна".

Пад вопiсам чыноўнiкi паставiлi пячатку i падпiсалiся:

Клефрын Фрэлок, Марсi Фрэлок.

8

На другую ранiцу перад домам Гулiвера выстраiлiся войскi, сабралiся прыдворныя. Прыехаў i сам iмператар са свiтай i мiнiстрамi.

У гэты дзень Гулiвер павiнен быў аддаць iмператару Лiлiпуцii сваю зброю.

Адзiн чыноўнiк гучна чытаў вопiс, а другi бегаў па Гулiверу з кiшэнi ў кiшэню i паказваў яму, якiя рэчы патрэбна даставаць.

- Кавалак грубага палатна! - пракрычаў чыноўнiк, якi чытаў вопiс.

Гулiвер паклаў на зямлю сваю насоўку.

- Срэбны куфэрак!

Гулiвер дастаў з кiшэнi табакерку.

- Стос гладкiх белых лiстоў, прашытых вяроўкамi!

Гулiвер паклаў побач з табакеркай сваю запiсную кнiжку.

- Доўгi прадмет, падобны на садовую рашотку.

Гулiвер дастаў грабеньчык.

- Скураны пояс, меч, падвойны мяшок з металiчнымi шарамi ў адным аддзяленнi i чорнымi зярнятамi - у другiм!

Гулiвер адшпiлiў пояс i паклаў яго на зямлю разам са сваiм корцiкам i мяшочкам, у якiм ляжалi кулi i порах.

- Машына з жалеза i дрэва! Рыбалоўная сетка з круглымi прадметамi з медзi, серабра i золата! Велiзарны нож! Круглая металiчная скрынка.

Гулiвер дастаў пiсталет, кашалёк з манетамi, кiшэнны ножык i гадзiннiк. Iмператар перш за ўсё агледзеў нож i корцiк, а затым загадаў Гулiверу паказаць, як страляюць з пiсталета.

Гулiвер паслухаўся. Ён зарадзiў пiсталет адным толькi порахам - порах у парахаўнiцы застаўся зусiм сухi, таму што вечка завiнчвалася наглуха, - узняў пiсталет i стрэлiў у паветра.

Пачуўся аглушальны грукат. Многiя людзi страцiлi прытомнасць, а iмператар пабялеў, закрыў твар рукамi i доўга не адважваўся расплюшчыць вочы.

Калi дым разышоўся i ўсе супакоiлiся, уладар Лiлiпуцii загадаў адвезцi ў арсенал нож, корцiк i пiсталет.

Астатнiя рэчы Гулiверу аддалi назад.

Астатнiя рэчы Гулiверу аддалi назад.

9

Цэлага паўгода пражыў Гулiвер у палоне. Шэсць самых славутых вучоных кожны дзень прыходзiлi ў замак вучыць яго лiлiпуцкай мове.

Праз тры тыднi ён ужо добра разумеў, што гавораць навокал, а месяцы праз два i сам навучыўся размаўляць з жыхарамi Лiлiпуцii.

На першых жа ўроках Гулiвер запомнiў адну фразу, якая патрэбна была яму больш за ўсё: "Ваша вялiкасць, я прашу вас адпусцiць мяне на волю".

Кожны дзень на каленях паўтараў ён гэтыя словы iмператару, але iмператар адказваў заўсёды адно i тое ж:

- Люмоз кельмiн песо дэсмар лон эмпазо!

Гэта значыць: "Я не магу вызвалiць цябе, пакуль ты не паклянешся мне жыць у мiры са мной i з усёй маёй iмперыяй".

Гулiвер гатоў быў у любую хвiлiну даць клятву, якую ад яго патрабавалi. Ён зусiм i не хацеў ваяваць з маленькiмi чалавечкамi. Але iмператар адкладваў цырымонiю ўрачыстай клятвы з дня на дзень.

Пакрысе лiлiпуты прывыклi да Гулiвера i перасталi яго баяцца.

Часта вечарамi ён клаўся на зямлю перад сваiм замкам i дазваляў пяцi цi шасцi чалавечкам танцаваць у сябе на далонi.

Дзецi з Мiльдэнда прыходзiлi гуляць у хованкi ў яго валасах.

I нават лiлiпуцкiя конi больш не храплi i не станавiлiся дыбка, калi бачылi Гулiвера.

Iмператар наўмысна загадаў як мага часцей наладжваць конныя вучэннi перад старым замкам, каб прывучыць коней сваёй гвардыi да жывой гары.

Ранiцой усiх коней з палкавых i ўласных iмператарскiх канюшань праводзiлi ля ног Гулiвера.

Кавалерысты прымушалi сваiх коней пераскокваць цераз яго руку, пакладзеную на зямлю, а адзiн славуты коннiк пераскочыў нават неяк цераз яго нагу, закутую ў ланцуг.

Гулiвер усё яшчэ сядзеў на ланцугу. Ад нуды ён узяўся за работу i сам зрабiў сабе стол, крэслы i ложак.

Для гэтага яму прывезлi каля тысячы самых вялiкiх i тоўстых дрэў з iмператарскiх лясоў.

А пасцель для Гулiвера зрабiлi лепшыя мясцовыя майстры. Яны прынеслi ў замак шэсцьсот сеннiкаў звычайнай лiлiпуцкай велiчынi. Па сто пяцьдзесят штук сшылi яны разам i зрабiлi чатыры вялiкiя сеннiкi на Гулiвераў рост. Iх паклалi адзiн на адзiн, але ўсё-такi спаць Гулiверу было мулка.

Такiм жа чынам зрабiлi для яго коўдру i прасцiны.

Коўдра выйшла тонкая i не вельмi цёплая. Але Гулiвер быў марак i не баяўся прастуды.

Абед, вячэру i снеданне для Гулiвера варылi трыста павароў. Для гэтага каля замка iм пабудавалi цэлую кухонную вулiцу - з правага боку стаялi кухнi, а з левага жылi павары са сваiмi сем'ямi.

За сталом звычайна прыслугоўвала не больш ста дваццацi лiлiпутаў.

Дваццаць чалавечкаў Гулiвер браў у рукi i ставiў проста да сябе на стол. Астатнiя сто працавалi ўнiзе. Адны падвозiлi ежу ў тачках або падносiлi на насiлках, другiя падкочвалi да ножкi стала бочкi з вiном.

Са стала ўнiз былi спушчаны моцныя вяроўкi, i чалавечкi, што стаялi на стале, з дапамогай спецыяльных блокаў усцягвалi ежу наверх.

Кожны дзень на свiтаннi да старога замка прыганялi цэлы статак жывёлы шэсць быкоў, сорак бараноў i мноства ўсялякай дробнай жыўнасцi.

Смажаных быкоў i бараноў Гулiвер звычайна разразаў на дзве цi нават на тры часткi, iндыкоў i гусей адпраўляў у рот цалкам, не разразаючы, а дробную птушку - курапатак, бакасаў, рабчыкаў - глытаў па дзесяць, а то i па пятнаццаць штук зараз.

Калi Гулiвер еў, натоўп лiлiпутаў стаяў вакол i дзiвiўся на яго. Аднойчы нават сам iмператар у суправаджэннi iмператрыцы, прынцаў, прынцэс i ўсёй свiты прыехаў паглядзець на такое рэдкае вiдовiшча.

Гулiвер паставiў крэслы знатных гасцей на стол насупраць свайго прыбора i выпiў за здароўе iмператара, iмператрыцы i ўсiх прынцаў i прынцэс па чарзе. Ён у гэты дзень еў нават больш, чым звычайна, каб здзiвiць i пацешыць сваiх гасцей, але абед здаўся яму не такi смачны, як заўсёды. Ён заўважыў, як спалохана i злосна глядзеў у яго бок дзяржаўны казначэй Флiмнап.

I сапраўды, на другi дзень казначэй Флiмнап зрабiў даклад iмператару. Ён сказаў:

- Горы, ваша вялiкасць, добрыя тым, што яны не жывыя, а мёртвыя, i таму iх не трэба кармiць. Калi ж якая-небудзь гара раптам ажыве i запатрабуе, каб яе кармiлi, больш разумна будзе зрабiць яе зноў мёртвай, чым падаваць ёй кожны дзень снеданне, абед i вячэру.

Iмператар уважлiва выслухаў Флiмнапа, але не згадзiўся з iм.

- Не спяшайцеся, дарагi Флiмнап, - сказаў ён. - Усё ў свой час.

Гулiвер нiчога не ведаў пра гэту размову. Ён сядзеў каля замка, гутарыў са знаёмымi лiлiпутамi i сумна разглядаў вялiкую дзiрку на рукаве свайго кафтана.

Ужо шмат месяцаў ён, не мяняючы, насiў адну i тую ж кашулю, адны i тыя ж кафтан i камiзэльку i з трывогай думаў пра тое, што вельмi хутка яны ператворацца ў лахманы.

Ён папрасiў выдаць яму якой-небудзь тоўстай тканiны на латкi, але замест гэтага да яго з'явiлася трыста краўцоў. Яны загадалi Гулiверу стаць на каленi i прыставiлi да яго спiны доўгую лесвiцу.

Па гэтай лесвiцы старшы кравец дабраўся да яго шыi i спусцiў адтуль, ад патылiцы да падлогi, вяроўку з грузам на канцы. Такой даўжынi патрэбна было пашыць кафтан.

Рукавы i паяснiцу Гулiвер змераў сам.

Праз два тыднi новы строй быў гатовы. Ён атрымаўся цудоўны, але быў падобны на коўдру з абрэзкаў, бо яго давялося сшыць з некалькiх тысяч кавалкаў тканiны.

Кашулю Гулiверу шылi дзвесце швачак. Для гэтага яны ўзялi самае моцнае i грубае палатно, якое толькi маглi знайсцi, але нават яго давялося складаць у некалькi столак, а потым сшываць, бо самае тоўстае паруснае палатно ў Лiлiпуцii не таўсцейшае за нашу кiсяю. Кавалкi гэтага лiлiпуцкага палатна бываюць звычайна даўжынёй са старонку школьнага сшытка, а шырынёй - на паўстаронкi.

Швачкi знялi з Гулiвера мерку, калi ён ляжаў у пасцелi. Адна з iх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялi за канцы доўгую вяроўку i туга нацягнулi яе, а трэцяя швачка маленькай лiнеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкi.

Гулiвер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю i паказаў яе швачкам. Яны некалькi дзён аглядалi рукавы, каўнер i складкi на грудзях, а потым за адзiн тыдзень вельмi акуратна пашылi кашулю якраз такога ж фасону.

Гулiвер быў вельмi рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае i цэлае.

Цяпер яму не хапала толькi капелюша. Але тут яго выручыў шчаслiвы выпадак.

Аднойчы да iмператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухi заўважылi велiзарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзiне i з шырокiмi плоскiмi краямi.

Спачатку мясцовыя жыхары падумалi, што гэта марская жывёлiна, выкiнутая хвалямi. Але паколькi гарбун ляжаў зусiм нерухома i не дыхаў, то яны здагадалiся, што гэта нейкая рэч, якая належала Чалавеку-Гары. Калi яго iмператарская вялiкасць загадае, гэтую рэч можна прывезцi ў Мiльдэнда ўсяго на пяцi конях.

Iмператар згадзiўся, i праз некалькi дзён пастухi прывезлi Гулiверу яго стары чорны капялюш, якi ён згубiў на водмелi.

Праўда, капялюш быў крыху папсаваны, таму што возчыкi прабiлi ў яго палях дзве дзiркi i ўсю дарогу валаклi на доўгiх вяроўках. Але ўсё-такi гэта быў капялюш, i Гулiвер надзеў яго на галаву.

10

Жадаючы дагадзiць iмператару i хутчэй выйсцi на волю, Гулiвер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасiў прывезцi яму з лесу некалькi тоўстых i вялiкiх дрэў.

На другi дзень сем возчыкаў на сямi калёсах прывезлi яму бярвеннi. Кожныя калёсы цягнулi восем коней, хоць бярвеннi былi таўшчынёй са звычайны кiёк.

Гулiвер выбраў дзевяць аднолькавых кiйкоў i ўбiў iх у зямлю, размясцiўшы правiльным чатырохвугольнiкам. На гэтыя кiйкi ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка.

Вакол яе Гулiвер паставiў поручнi i прапанаваў iмператару наладзiць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборнiцтва.

Iмператару вельмi спадабалася гэта забава.

Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраеннi рушылi да старога замка, i сам прыехаў глядзець на iх спаборнiцтвы.

Гулiвер па чарзе падняў усiх кавалерыстаў разам з коньмi i паставiў на пляцоўку.

Затрубiлi трубы. Коннiкi падзялiлiся на два атрады i пачалi ваенныя дзеяннi. Яны пускалi адзiн у аднаго тупыя стрэлы, калолi сваiх працiўнiкаў тупымi коп'ямi, адступалi i нападалi.

Iмператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень.

Адзiн раз ён нават сам камандаваў атакай на Гулiверавай насоўцы.

Гулiвер у гэты час трымаў на далонi крэсла, у якiм сядзела iмператрыца. Адсюль ёй было лепш вiдаць, што робiцца на насоўцы.

Усё iшло добра. Толькi аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афiцэра прабiў капытом насоўку, спатыкнуўся i скiнуў свайго ездака.

Гулiвер падставiў левую руку пад дзiрку ў насоўцы, а правай асцярожна спусцiў на зямлю ўсiх кавалерыстаў аднаго за другiм.

Пасля гэтага ён акуратна зацыраваў насоўку, але ўжо баяўся за яе трываласць i не асмельваўся больш наладжваць на ёй ваенныя гульнi.

11

Iмператар не хацеў заставацца ў даўгу перад Гулiверам. Ён у сваю чаргу вырашыў пацешыць Куiнбуса Флестрына цiкавым вiдовiшчам.

Назад Дальше