Волат на дарозе (на белорусском языке) - Головачев Василий Васильевич 2 стр.


- Гатовы, - коратка кiнуў Дыега Вiрт, трымаючы руку над рэгулятарам кiравання. Шлем бiякiравання ён ужо надзеў.

- Жадаю поспеху, - суха сказаў з суседняга вiдэома Кротас. - Пакуль яшчэ не позна, задавайце пытаннi.

- Позна, - без усмешкi адказаў Сташэўскi.

- Старт! - энергiчна вымавiў iнжынер сувязi. - Выключаем поле.

Сташэўскi кiўнуў, i Дыега ўцiснуў педаль уключэння ўласнага ахоўнага поля.

Цяжар хлынуў у целы людзей, не цяжар паскарэння, а нейкi дзiўны цяжар, што запавольваў рухi i думкi. Дыск планеты прысунуўся, хiлячыся, набрыняў фiялетавым паўзмрокам i засланiў панарамны вiдэом з трох бакоў. Мiльганулi i знiклi светлыя плямы, чаргуючыся з чорнымi праваламi, iмклiвыя бруi пранеслiся побач, потым iглакол працяў нешта шэра-блакiтнае, i людзi як быццам аслеплi.

Дыега сказаў кароткае энергiчнае слоўца, раскiрэчыўся над пультам, i вiдэомы сталi вiдушчыя. Цвёрдае i заплямленае белым, ляцела на людзей фiялетавае поле, закружылася каруселлю, мiльгануў i прапаў нейкi знаёмы сiлуэт, i звонкiм ударам абарваўся раптам рух. Запанавалi цiшыня i нерухомасць.

- Д'ябал! - сказаў Сташэўскi амаль з захапленнем. - Я думаў, канец!

- I сапраўды... - буркнуў Малчанаў, расцiраючы скронi.

- Майстра, - сказаў Грэхаў, паляпаўшы Вiрту па плячы, - не прамазалi?

- Думаю, максiмум на паўтара-два кiламетры, - сказаў спакойна Дыега, здымаючы шлем. У мэтах бяспекi, вядома, яны зрабiлi пасадку за сто сорак кiламетраў ад месца пасадкi зоркалёта, што змоўк, па другi бок Кiнжальнага хрыбта.

- Зiрнiце!

Грэхаў прасачыў кiрунак позiрку Вiрта i проста пад лiловым яйкам цьмянага святла заўважыў гiганцкую белаватую "павуцiну", якая нерухома лунала ў паветры. Яна была велiзарная, далёкi край яе губляўся ў жоўтай смузе неба, i вiсела зусiм спакойна, як бязважкая. Узор яе з сапраўднай павуцiнай меў надзвычай аддаленае падабенства, але, падумаўшы, Грэхаў вырашыў, што той, хто назваў гэты прадмет "павуцiнай", быў недалёкi ад iсцiны. Але якiя ж тады павукi?

- Вартаўнiк, - з незразумеяым выразам твару сказаў Малчанаў.

2

Было ўжо добра за поўнач, калi далягляд наперадзе раптам асвяцiўся серыяй страшэнна зiхоткiх сiне-зялёных успышак.

- Стоп! - iмгненна адрэагаваў Сташэўскi. Рукi аўтаматычна ўтапiлi штурвал у выемку пульта, i танк рэзка спынiўся, уздыхнуўшы гасiцелем iнерцыi, як стомлены бранiраваны яшчар. Яшчэ адна серыя акрэслiла далягляд, высвецiўшы пранiзлiвай сiнечай найдробныя дэталi ландшафту i твары людзей. Успышкi мiльганулi абсалютна бязгучна, i пасля iх настала поўная цемра, якая паглыбiла змрок перад свiтаннем.

- Паўднёвы-паўднёвы-захад, - вызначыў Малчанаў, - кiламетраў сто за хрыбтом. Што за ўспышкi? Грэхаў кiнуў погляд на прыборную панель.

- Эмiсiйныя, тыпу выбухаў шаравых маланак. Пасля слiпучага зарыва ўспышак вочы не заўважалi нi пульта, нi панелi, i здавалася, фасфарысцыруючыя элiпсы i квадраты iндыкатараў вiсяць у паветры, нi на што не абапiраючыся.

- Хоць вока выкалi! - прабурчаў незадаволены Сташэўскi.

Ён сядзеў злева, у крэсле бiямеханiка, i Грэхаў, вочы якога адаптавалiся хутка, бачыў яго шырокi сiлуэт. Ва ўсё больш i больш карычневай цемры паступова выступалi невыразныя контуры крэслаў, апаратаў i людзей. Увесь купал кабiны ўяўляў сабой экран апаратуры прамога бачання, таму часам рабiлася няўтульна ад думкi пра - здавалася - безабароннасць машыны.

Ззаду пачулася пазяханне - прачнуўся Вiрт.

- З якой прычыны прыпынак? Прыехалi?

- Цiха! - пагрозным шэптам сказаў Сташэўскi. Грэхаў напружана ўслухаўся i недзе на мяжы ўспрыняцця пачуў далёкае, яно ледзь угадвалася, цiканне вялiзнага механiзма. Як быццам парыў ветру данёс сюды ў непраўдападобнай цiшынi тартарскай начы павольныя раўнамерныя ўдары: баннг!.. баннг!.. баннг!..

- Звон, - шапнуў Малчанаў. Грэхаў хацеў яму запярэчыць, бо гэтыя гукi больш за ўсё былi падобныя на ўдары ў гонг, але было ў iх штосьцi i ад званоў, аксамiтны бронзавы тэмбр. А можа, спрычынiлася ўяўленне, якое заўсёды дамалёўвае тое, што чалавек жадае ўбачыць або пачуць.

Яны гэтак захапiлiся дзiўным гучаннем, што прамаргалi з'яўленне "цiкаўнiка". Ён прымчаўся хутчэй за ўсё з боку Кiнжальнага хрыбта i свяцiўся, як белаваты прывiд, падобны на шкiлет гiпапатама, але Грэхаў ужо ведаў, што ўдзень пры святле ён уяўляў бы сабой каменнападобную глыбу незвычайнага чорнага колеру, якi не апiсаць, не перадаць, i яна з нечаканай лёгкасцю лунала ў паветры. "Цiкаўнiкамi", выяўляецца, iх назвалi за вiдавочную цiкавасць да зямных апаратаў, асаблiва да тых, што выкарыстоўвалi сiлавыя палi. Часам пад час руху нiзка над сушай за iмi цягнуцца доўгiя, шматсотметровыя хвасты павольна сыпучага пылу. Некалькi гадзiн назад Грэхаў i сам бачыў са Станцыi некалькi такiх хвастоў, праз аптычныя ўзмацняльнiкi, вядома.

"Цiкаўнiк" павiснуў над танкам, яго свячэнне страцiла раптам структурную выразнасць i расплылося зелянявым воблакам, ахутаўшы паўсферу кабiны. Раптоўнае галавакружэнне прымусiла Грэхава ўхапiцца за штурвал, увушшу паплыў камарыны звон, сталi нямець мышцы шыi i плячэй. Ён паспрабаваў трымацца, напружваючы волю, але з такiм жа поспехам можна было спрабаваць выгадаваць на твары другi нос. Малчанаву ззаду стала блага, ён ускочыў, ногi яго не трымалi, i ён неўсвядомлена ўчапiўся Грэхаву за шыю. Той вяла тузануў ацяжэлай галавой, не адрываючы позiрку ад зiхатлiвай кляксы "цiкаўнiка". Здавалася, ён вырас да велiчынi горнага хрыбта, i гэты яго мiльённатонны цяжар хлынуў у галаву.

Абаронай займаўся Сташэўскi, Грэхаў не разумеў, чаму ён марудзiць, адзiны, на яго думку, хто не страцiў здольнасцi рухацца, але нарэшце ён скiнуў задумлiвасць i ўключыў гефы - генератары форм.

Пад ударам сiлавога поля белаваты спрут адскочыў ад танка i ўзвiўся ў неба. Праз iмгненне хваля здранцвення спала, цела сталася незвычайна лёгкае, як быццам запоўненае гелiем. Грэхаў пакруцiў галавой i са здзiўленнем убачыў, што Вiрт сядзiць на падлозе. Рубку залiло святло. Дыега заўважыў яго позiрк i ўсмiхнуўся.

- Я, вiдаць, рагаты, як карова. Падобны?

- А што такое карова? - з цiкаўнасцю спытаўся Малчанаў, падымаючы на Вiрта свой вечна пахмуры вузкi твар.

- Карова... - з усмешкай пачаў Дыега, - гэта такая вялiкая жывёлiна з чатырма нагамi па кутах... Сташэўскi пырснуў, а Грэхаў упершыню ўбачыў на твары Малчанава ўсмешку. Усмешка ў камунiкатара была незвычайная: як блiск маланкi, што прасекла цёмныя навальнiчныя хмары. Малчанаў быў самы старэйшы з iх. Ён нарадзiўся ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятым годзе, гэта значыцца ў дваццатым стагоддзi. Грэхаў спачатку нават не паверыў, калi даведаўся пра гэта, але потым успомнiў, што менавiта Малчанава выратаваў экiпаж зоркалёта "Спiр", яго i камандзiра карабля "Магiканiн". Малчанаў вярнуўся да Тартара, а камандзiр "Спiра" Яраслаў Грант... Грант на Чары, у санаторыi... Няўжо такое моцнае было ўзрушэнне? Цi ён судзiць гэтага чалавека занадта прадузята?.. Але Малчанаў якi! Перажыць гэткае i вярнуцца! Бадай, у яго можна павучыцца рашучасцi i мужнасцi. Калi толькi такiя сталёвыя нервы не сведчанне яго зашэрхласцi або, яшчэ горай, раўнадушша...

- Та-ак, - працягнуў Сташэўскi, спадылба аглядаючы iх. У характары гэтага чалавека нялёгка разабрацца, не ведаючы яго так, як ведаў Грэхаў. У яго суровы, колеру паўночнага каменю твар, халодныя шэра-блакiтныя вочы, моцна сцiснутыя, быццам акамянелыя, губы. Ён шырокi ў плячах, масiўны i вельмi дужы. Аднойчы на Самнii пад час аварыi блокпаста ён ударам кулака сарваў двухсоткiлаграмовае мацаванне экрана i вырваў сiлкуючы фiдэр разам з гняздом, бо часу на адкручванне ўжо не было. Вядома, захапляўся Грэхаў не дужасцю Сташэўскага, ён быў не слабейшы за Святаслава, хоць знешнасць меў далёка не тыповую для асiлка. Ростам ён быў, бадай, нiжэйшы за Малчанава, шчуплы, але важыў гэтулькi ж, колькi i Сташэўскi, - сто два кiлаграмы. Праз гэта яму яшчэ ў iнстытуце далi мянушку "Малы пярэварацень". А вiнаватае ў гэтым дзяцiнства: Грэхаў нарадзiўся ў зоркалёце, што цярпеў бедства, i цэлых пятнаццаць гадоў з моманту нараджэння да фiнiшу на Зямлi рос у полi прыцягнення, у тры-чатыры разы больш магутным, як земляное. Натуральна, гэта не магло не адбiцца на яго целабудове. Ну а Сташэўскi... Мала сказаць - ён iм захапляўся, ён яголюбiў...

- Та-ак, - яшчэ раз вымавiў Сташэўскi. Камандзiр групы, ён умела хаваў свае трывогi i сумненнi. Грэхаву ж, шчыра кажучы, было нявесела, тым болей што ўварвалiся яны ў абсалютна незнаёмае жыццё, а iсцi яны маглi толькi наўздагад, i гэты павольны i стамляючы рух дзейнiчаў на нервы больш, чым загадкавае выпраменьванне нярэдкiх "цiкаўнiкаў".

- Нашы меры абароны ад "цiкаўнiкаў", - уздыхнуў Сташэўскi, - на жаль, пакуль што малаэфектыўныя, i фактычна мы безабаронныя...

Ён перахапiў позiрк Вiрта.

- Так-так, безабаронныя, нягледзячы на тыямат*. Бо можа ўзнiкнуць сiтуацыя, у якой мы проста не паспеем прывесцi яго ў дзеянне. - Ён меў рацыю. Тыямат - "вялiкi разбуральнiк", "генератар праматэрыi", "iнiцыятар цiхага распаду" - як яго толькi нi называлi, - наймагутнае са сродкаў абароны i нападу (на жаль...), якiм нядаўна авалодаў чалавек. Але i тыямат не гарантаваў бяспекi ва ўмовах Тартара, якi меў вялiзны арсенал паражаючых фактараў, нiводны з якiх яшчэ не быў як след вытлумачаны чалавекам.

* Тыямат - генератар асобага поля, у якiм разбураюцца электронныя, атамныя i мiжнуклонныя ядзерныя сувязi.

- Ну, не глядзiце на рэчы гэтак песiмiстычна, - прабурчаў Малчанаў. Трэба прывыкаць i да "цiкаўнiкаў" i да iншых формаў жыцця Тартара, а iх багата, i, запэўнiваю вас, усе яны агрэсiўныя...

- Акрамя пластуноў, - сказаў усёвед Дыега Вiрт.

- Пра пластуноў асобная гаворка...

- Так, - у трэцi раз сказаў Сташэўскi, - Мы стаiм ужо паўгадзiны, гэта недаравальна шмат. Гатовыя? Паехалi.

Танк злёгку прысеў i рэзка пабег па светлым тунелi, што высеклi ў цемры пражэктары. Дарога рабiлася горшая. Спачатку ехалi па пласкагор'i, якое дзе-нiдзе парасло паўзучым нiзкiм кустоўем дзiўнага выгляду. Яно чамусьцi нагадвала Грэхаву абстрактныя канструкцыi з металiчнага дроту, укручаныя ў масу пушыстых сiняватых нiтак. Гусенiцы з ходу ламалi яго, i яно рассыпалася на асобныя кавалкi, крохкае, як шкло.

Потым пад'ём стаў больш стромкi, i неўзабаве Грэхаў зразумеў, што яны ўжо недзе каля адгор'яў Кiнжальнага хрыбта, якi iм трэба было пераадолець. За тыя восем гадзiн побыту на планеце з iмi i вакол iх нiчога не адбылося, i Грэхаў нават падумаў, што свет Тартара даволi ардынарны - скалiсты дзiкi "нецывiлiзаваны" свет. Незразумела было, чаму адбывалiся катастрофы, гiнулi робаты i людзi, абароненыя, як здавалася да гэтага, ад усiх сiлаў прыроды ўменнем прымяняць гэтыя сiлы сабе на карысць. "Многiя рэчы нам незразумелыя не таму, што нашы паняццi слабыя, але таму, што гэтыя рэчы не ўваходзяць у кола нашых паняццяў". Так, здаецца, казаў Казьма Пруткоў. "Што, калi жыццё Тартара не ўваходзiць у кола нашых паняццяў?" - падумаў Грэхаў.

Схiлы гор узнiмалiся ўсё вышэй i больш стромка, сцiскаючы iх часовую, выпадкова знойдзеную дарогу ў каменных цяснiнах. Сталi трапляцца доўгiя трэшчыны, што разрывалi яе на пункцiры, i буйныя абломкi скал са свежымi зломамi. Нарэшце ехаць далей ранейшым шляхам стала немагчыма - даваўся ў знакi нядаўнi землятрус, танк падыходзiў да актыўнай мяжы яго эпiцэнтра. Ён марудна прапоўз сотнi дзве метраў i ўпёрся ў iрваны вал з абломкаў i друзу: дарога была перагароджана iм. За валам пачулася нагрувашчванне базальтавых плiт гiганцкай таўшчынi.

- Горст*, - вымавiў Сташэўскi, злазячы з крэсла, шырокi, спакойны, нават трошкi вялы.

* Горст - прыўзняты ўчастак планетармай кары, абмежаваны скiднымi трэшчынамi.

- Збiрайся, Дыега.

Удвух з Вiртам яны надзелi скафандры i выйшлi з танка. На прыборнай панелi ўспыхнулi зялёныя агнi iндыкатараў прысутнасцi - запрацавалi iндывiдуальныя радыёмаякi. У святле пражэктараў дзве постацi ператварылiся ў асколкi асляпляльнага вадкага агню - плёнкi скафандраў адбiвалi амаль усе вiды радыяцый, у тым лiку i святло. Яны выйшлi з асветленай паласы i знiклi. Дыегаў голас прагучаў, здавалася, зусiм побач:

- На хуткалёце да мэты можна дайсцi за дзесяць хвiлiн, можа, я рызыкну?

Адказ Сташэўскага яны не пачулi, але Малчанаў усмiхнуўся даволi красамоўна. Цяпер ужо Грэхаў шмат чаго ведаў пра Тартар, у тым лiку i тое, як загiнулi экiпажы "Спiра" i "Магiканiна". Лятальныя апараты праследавалiся "павуцiнамi" з асаблiвай настойлiвасцю, менавiта з гэтай прычыны iх выратавальны рэйд пачаўся на цяжкiм танку-лабараторыi, разлiчаным на эксплуатацыю ў атмасферах гiганцкiх планет-паўсонцаў тыпу Юпiтэра. Ну а далейшае залежала ад iх, ад "запасу надзейнасцi чалавечага элемента", бо тэхнiка Зямлi больш за тое, чым яны валодалi, даць не магла...

Малчанаў уключыў свой iнфармблок i ўзяўся праслухоўваць запiсы, неспакойна паглядаючы на ясную зелень iндыкатараў прысутнасцi. Грэхаў спачатку прыслухоўваўся, потым перастаў. На вяршынi горста нешта адбывалася. Як быццам там без дай прычыны пачала выпарвацца чорная вадкасць i цяжкiя непразрыстыя выпарэннi заварушылiся змеямi.

- Дыега! - на ўсялякi выпадак паклiкаў Грэхаў. - Святаслаў!

Дынамiкi маўчалi. Iндыкатары прысутнасцi налiлiся жаўцiзной - адзнака кароткачасовых перапынкаў сувязi.

- Што здарылася? - трывожна спытаўся Малчанаў, але ўжо i сам заўважыў благое. "Вадкасць" працягвала выпарвацца. Цяпер бруi пары набылi глыбокi сiнi колер, i ў iх зазiхацелi яскравыя iскрынкi. Iскры павялiчвалiся, збiралiся ў вялiкi шар i працiналi начны змрок, як маленькiя маланкi, патрэсквалi i гудзелi, як пчалiны рой. Нарэшце iх стала гэтулькi шмат, што яны здавалiся вялiзным вогненным вокам, зрэнка якога шалёна круцiлася.

- Гравiстралок! - ярасным шэптам вымавiў Малчанаў i скочыў да ўвагнутага люстра наводкi тыямата.

Ён спазнiўся на секунду, можа, на паўсекунды. На скалах зашыпела, i Грэхаў кулём пакацiўся да супрацьлеглай сцяны рубкi: па танку, дакладней, па яго ахоўным полi як быццам стукнулi гiганцкiм молатам, i ён адскочыў назад, загуў i завiбрыраваў на амартызатарах. Грэхаў яшчэ толькi ўзнiмаўся, чапляючыся за сценку, як ударыла другi раз. Ён тыцнуўся носам у нешта цвёрдае i на пэўны час страцiў здольнасць штосьцi кемiць.

Малчанаў усё ж дацягнуўся да пускальнiка тыямата, Грэхаў зразумеў гэта з таго, што ў яго спачатку занылi зубы, а потым дынамiкi данеслi скрыгат-лямант ускатурханай атмасферы. Пакуль ён вылуплiваў мутныя ад слёз вочы, усё было скончана. Вiшчаў лiчыльнiк радыяцыi (страшная ўсё-такi штука тыямат!), палову горста як языком злiзала, а ля яго падножжа курчылася пакамечаная, але ўцалелая(!) "павуцiна", якая згубiла свой рэжучы бляск.

- Удалы пачатак, - легкадумна прамовiў Грэхаў, выцiраючы з губы i пад носам кроў. Малчанаў здушана прамармытаў нешта, злосна памасiраваў горла, паказаў некуды ўбок, i Грэхаў убачыў далёкiя светлякi лiхтароў, што выпiсвалi мудрагелiстыя траекторыi пад час руху. Гэта вярталiся разведчыкi, нi пра што нават не здагадваючыся. Няўжо яны не чулi ляманту тыямата?! Вiрт нешта цiха казаў, Сташэўскi маўчаў. Яны павольна спусцiлiся па схiле застылай лававай хвалi, разрэзваючы змрок шпагамi святла, выйшлi на асветленую пражэктарамi прастору, i тут Сташэўскi заўважыў знiкненне вершалiны горста, мiтуслiвую "павуцiнку", ды i дым яшчэ не разышоўся поўнасцю, i радыяцыя не спала. Ён застыў з паднятай нагой, потым штурхнуў Дыега ў плячо, i яны, не дбаючы пра захаванне годнасцi, кiнулiся да машыны.

У кабiне Сташэўскi акiнуў няўважлiвым позiркам ашаломленую фiзiяномiю Грэхава i, як быццам нiчога не адбылося, сеў у крэсла. Увайшоў ураўнаважана-спакойны Дыега Вiрт, прыжмурыўся на "параненага" i, сказаўшы: "Герой", - сеў побач з камандзiрам.

- Гравiстралок, - раптам прамовiў Малчанаў, як бы просячы прабачэння, Грэхаў аж вылупiў вочы. - Даруйце мне, Святаслаў! Я абавязаны быў папярэдзiць, даруйце.

На яго было шкода пазiраць, i Грэхаў адчуў да яго калi не прыязнасць, дык, прынамсi, павагу. Вiдаць, ён сапраўды мужны чалавек.

- А-а... - сказаў у адказ Сташэўскi бесклапотна. - Лухта. Сам вiнаваты. Мне ж гаварылi, i неаднойчы, а я забыўся.

Ён павярнуўся да апаратуры сувязi, крутануў рукаятку павароту арыентаста, выклiкаў Станцыю.

Доўгi час, пакуль арыентаст абмацваў неба, вiдэом сувязi адно мiгцеў няяркiм блакiтам, патрэсквалi дынамiкi прыёмнай прылады ды паляскваў аўтамат перашкод, спрабуючы розныя частоты. Нарэшце вiдэом мiгнуў, разгарэўся, i ў iм паступова праявiўся такi знаёмы Грэхаву стомлены твар з яскравымi губамi, трошкi ўзнятым носiкам i ўмольнымi вачыма. Ён замёр.

"Палiна! Палiна... Каханне маё i жыццё маё... i боль мой... Праз усе цуды космасу i будзённасць працы, жыцейскiя дробязi i буйныя падзеi, страты i набыткi я пранёс твой погляд з сабой. Я моцны чалавек i да шмат чаго прывык у гэтым шчодрым на сюрпрызы свеце, але я слабею, калi цень адчужэння, часам уяўнага, з'яўляецца ў тваiх вачах, былая ўпэўненасць пакiдае мяне, як кроў параненае цела... Чалавек жывы чалавекам, i няхай хто-кольвек дакажа мне iншае. Я жывы ўсiмi сябрамi сваiмi, але больш за ўсё я жывы табой... Мы так i не пагаварылi на Станцыi, хоць Дыега зрабiў усё, каб мы сустрэлiся. Гэта, вядома, ён пастараўся, каб ты апынулася тут, ля Тартара. Не без ведама Сташэўскага, пэўна ж. Хiтрыя i добрыя мае сябры, вам не зразумець, мабыць, што для Палiны я толькi што ўваскрос. А да гэтага быў год адзiноты, год маёй смерцi, уяўнай - для мяне, сапраўднай - для яе..."

Дыега скасавурыўся на Грэхава i сказаў:

- Прывiтанне сувязiстам. Што новага, Палiначка? Палiнiны губы заварушылiся, але гуку не было. Вiдэом пакрыўся рабiзной перашкод, ачысцiўся, i замест жаночага твару ў яго ўплыў твар Кротаса, з няправiльнымi дробнымi рысамi, не надта ветлiвы, з вострым позiркам трохi касых вачэй.

- Новаўтварэнне, - сказаў Сташэўскi ў нос i бязгучна чхнуў. - Праз эпiцэнтр нам не прайсцi, дайце найкарацейшы шлях.

- Гэтак блага? - прахрыпеў дынамiк скрозь выццё суправаджальнай перашкоды.

- Не прайсцi нават з гефамi, я глядзеў. Паведамiце як найдакладней, дзе мы завязлi.

- Хвiлiнку... - Кротас скасавурыўся i стаўся падобны на камбалу з носам. Вы зараз... на паўночным схiле хрыбта, побач з перавалам Шэрага Прывiду. Да карабля ад вас усяго восемдзесят дзевяць кiламетраў па прамой... Але калi па гэтым перавале не прайсцi, дык найкарацейшы шлях праз другi.

- Другi - гэта Звiлiсты?

- Так.

Назад Дальше