Пачуццi (на белорусском языке) - Кузьма Черный 2 стр.


"Гэта ж Нонна яна завецца", - набегла раптам у Андрэя думка, i ён нейк па-дзiцячаму ўсмiхнуўся...

I пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з iм робiцца.

IV

...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры i трава халодныя... Вiдны людзi, часам больш iх, часам менш, i нечым i нейк жывуць яны... I там далей таксама гэта ёсць, i калi я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свецiць, i шырокi поплаў жоўты ад яго. I журботна нейк ад таго, што стала пуста i глуха, як паехалi ўсе...

Такi i заўсёды быў настрой i такiя адчуваннi Нонны.

Не было вялiкiх клопатаў, не вельмi заядалi яны душу i розум, не ўтамлялi яны... Былi вялiкiя захапленнi, i тады малое здавалася вялiкiм, вялiкае ж малым здавалася, толькi часта было яно чужым i няважным.

Зiмою трэба было жыць у вёсках i мястэчках, даводзiлася жыць i ў гарадах, i як толькi пачынаў раставаць снег, зноў пачыналiся паплавы ды палявыя дарогi. Зiмою сустракалася больш людзей, i не то што каб цiкавiлi гэта вельмi яны, але нейкiмi новымi i непрывычнымi здавалiся, i хто-небудзь з iх часам пачынаў як бы цiкавiць, а пасля прападала гэта...

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалi абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткi i жаданнi, i тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зiмою жылi ў горадзе, i тады былi спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокi i не першай ужо маладосцi. Элеганцкi звiнеў шпорамi, удала ездзiў на канi. Часта тады хадзiла Нонна з iм у тэатр i адтуль вынесла пакланенне звiнючаму бляску сцэны ў музычнай камедыi. Адзiн раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслi на руках на сцэну, i яна горда прымала воплескi i пакланенне публiкi. Тады надоўга захапiлася яна гэтым малюнкам, i яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалi з горада, выехаў некуды i вайсковы i ўжо мала калi i ўспамiнаў пра Нонну, а калi i ўспамiнаў, дык толькi хiба нарочна, халодным сваiм розумам, каб больш давесцi сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсiм, заўтра ўяўляецца нiчым...

Нонна прывыкла, што вакол яе гаварылi аб яе прыгажосцi, i сам гэты факт нават нейк прытупiў свядомасць аб гэтым... I любiла яна ляжаць часта на сонцы пад ветрам i старалася здавацца недаступнай. Часта яшчэ з'яўлялася ў яе млявасць, якая вырастала з свае першапрычыны, хоць i далёкай, - з нейкага кволага гультайства.

Цяпер доўга стаялi яны пры горадзе, i часта яна хадзiла туды глядзець балет у музычных спектаклях. I чым больш бачыла яна там бляск сцэны, тым больш iмкнулася яе iстота быць душой гэтага i нейк нават падняцца над гэтым, стаць цэнтрам гэтага перад публiкай, i была ў яе нейкая нездаволенасць, калi на яе ўсе глядзелi там i яна адчувала, што гэта глядзяць на яе хараство...

Цэлую тут ноч яна не магла заснуць пасля свайго танца на беразе рэчкi, i, ранiцаю правёўшы сваiх у горад, яна сумная вярнулася да сваiх будак, i была ў яе нейкая як бы злосць, што яна адна i няма каму тут глядзець на яе. Амаль цэлы дзень праляжала яна за будкаю на сонцы, i нiчога ёй не думалася, пасля нейк мучыла адзiнота; i гэта было непрывычна, бо адзiнота ж была заўсёды ў паплавах i палях...

Яна раней чула, як брат яе доўга спяваў сам сабе цiхенька нешта i моцна пляваў курачы, пасля чула, як з нейкiм ён гаварыў, далей адышоўшыся, пасля стала цiха... Ей уздумалася пайсцi на бераг рэчкi, сесцi там, пакуль яшчэ свецiць сонца, рваць там траву цi лiсце, разрываць на дробныя кавалачкi, кiдаць у ваду i глядзець, як да ўсяго абыякавая вада нясе iх на сабе. Так можна сядзець доўга, пакуль не стане холадна i не прыйдзе аднекуль брат. А там будзе ноч, будзе гарэць агонь, пасля патухне. А там пазавуць свае ў горад куды-небудзь скакаць перад публiкай у кафэ, i там будзе зусiм iншае...

Яна паволi ўстала i, працiраючы заспаныя вочы, як п'яная, кiваючыся ў бакi, выйшла з-за будкi. I пайшла да рэчкi, цiха i паважна ступаючы босымi нагамi па нiзкай траве, i перад сабою ўбачыла Андрэя. Гэта было для яе звычайным - бачыць людзей на беразе, i нiчога ёй гэта не сказала. Яна, з абыякавасцю да яго, падышла да вады i села. Андрэй нагнуўся з парэнчаў недакончанага моста i стаў глядзець на яе твар. I пасля таго, што ён перажыў за апошнiя два днi, тое, што ўбачыў ён, нейк аглушыла яго нечаканасцю. Твар у гэтай дзяўчыны быў прыгожы i яшчэ прыгажэйшы ад таго, што быў смугляны. Толькi не было ў iм таго, што здалося яму i што вiдно было тады вечарам, як скакала яна. Ён чакаў угледзець тут тое, што было б надзвычайнае, а тут была толькi вялiкая прыгажосць, i толькi нейк узнепакоiла яго ў ёй хiтра-жаночая, чуць прыметная ўсмешка. Толькi як iшла яна, тады ахвацiла яго нейкая як бы трывога, i цяпер было нядобра ў адчуваннi надыходзячага. Ён падышоў блiжэй, да канца моста, пад самы той бераг, i яшчэ заглянуў ёй у твар. Прымецiў змятую ад ляжання левую палавiну твару, дзве сiнiя жылкi на шыi i цёмную маршчынку пад вокам. Ён прыжмурыў вочы i ў цэлым захапiўся тады хараством яе твару. Пасля зноў стаў заўважаць тыя дробязi, i стала зноў яму нядобра. Шкода вельмi стала нечага, i адчуў ён вялiкi смутак па тым харастве, якое бачыў тады вечарам у час яе скокаў i якое насiў у сваiх адчуваннях усе гэтыя днi...

Нонна бачыла, што ён пiльна глядзiць на яе, i ён, пасля тых дум i мараў, якiя былi цэлы дзень у яе, здаўся ёй нейкiм нязграбным, i ей захацелася пасмяяцца над iм. I яна пачала цвялiцца з iм. Яна з жаночаю тонкасцю чуць усмiхнулася яму здалёк. Гэтая ўсмешка зноў абудзiла ў Андрэя нешта падобнае да таго, што было з таго самага вечара, толькi больш жывое, з большаю перавагаю думак. I тое, што было кагадзе, дало яму нейкую бадзёрасць i нават нейкi задор, нейкую нават насмешлiвасць, толькi трывожную i вострую. Ён прыжмурыў левае вока i таксама скрывiў твар усмешкай,

Тады ёй раптам спадабалася далей разгарнуць гэткую гульню, нейк адчула яна, што можа ўзяць пад уладу сваiх усмешак i выразаў твару гэтага чалавека, i яна сагнала з твару ўсмешку i надзьмула губы. Яна гэта рабiла выгляд сталасцi, i ўсе рысы яе твару смяялiся. Тады Андрэй пайшоў да яе на бераг. Яна падняла голаў i зноў як бы ўсмiхнулася, зрабiўшы гэта так, што можна было, захацеўшы, падумаць, што гэта яна i не смяецца.

- Смешна? - з фальшывай iронiяй, стараючыся паказацца вясёлым, сказаў Андрэй.

Тады яна чуць прыметна маргнула яму правым вокам i апусцiла голаў унiз.

Ён сеў непадалёку i, стараючыся сiлай захаваць на твары ўсмешку, глядзеў на яе. Яна паволi падняла голаў i, паставiўшы неяк коса вочы, некалькi момантаў моўчкi глядзела на яго твар.

I ён здаўся тады ёй iнакшым, чым раней. Нешта заўважыла яна ў iм шырокае, затаенае само ў сабе, моцна адрозненае ад таго, што бачыла яна ў iншых на гэтым самым беразе i заўсёды на дарогах i глухiх гэтых мясцiнах. Нешта было ў iх для яе наглядання, што не было звязана з тым, што яго абкружвае i што можа трымаць у сваёй уладзе многiх. Ён уявiўся ёй нейкiм неразгаданым, хоць нельга сказаць, каб цiкавым. Сама не ведаючы, як ёй далей трымаць сябе, яна апусцiла ў ваду сухi дубец, пачала вадзiць iм у вадзе i нешта насвiстваць задумёна-вясёлае. Ён жа адчуваў, што яму трэба сказаць што-небудзь, i не ведаў што... Так сядзелi яны моўчкi некалькi хвiлiн, доўгiх для яго i поўных нейкага, нават вясёлага нейкага, чакання для яе. Пасля ён нагнуўся, узяў у руку некалькi берагавых каменьчыкаў i пачаў моцна кiдаць iх у ваду.

Яна зноў усмiхнулася, з большаю мяккасцю.

- Чаму ў вас тут цiха сягоння? - сказаў ён i тут жа паправiўся: - Нудна тут сягоння ў вас. Брат ваш гаварыў мне сягоння, што музыканты вашы паехалi.

- А дзе вы брата майго бачылi?

- Тут.

- А нашто ён гаварыў вам гэта?

- А от трэба было яму, дык ён i сказаў.

Яму было прыемна i здавалася патрэбным гаварыць так, каб ёй здавалiся здарэннi не такiмi простымi, нават таемнымi. Ён не ведаў, што гэта - яна гуляе з iм, пакпiць хоча над iм цi гэта ў яе тут жаночая незразумелая шчырасць... Ён ужо не прымячаў яе твару, ён глядзеў на яе рукi, на фалды шырокай яе адзежы. I не спадабалася яму, што многа блiшчастых караль у яе на шыi, яны мелi выгляд крыклiвы i рабiлi ўражанне нейкага блiшчастага звону i гэтым зневажалi глыбокае хараство...

Яна бачыла, што гэты хлапец нудзiць па нечым i ў гэтую хвiлiну па ёй. I сваiм пачуццём жаночым дагадвалася, што нават гэта не зусiм па ёй, а ў ёй наогул па жанчыне, па яе прывабнасцi. Яна разумела гэты смутак мужчыны i ўжо на вопыце ўпэўнiлася, што не пастаянны ён у мужчыны да аднае жанчыны i пройдзе пры цеснай блiзасцi i тады прабудзiцца нявызначаны i агульны не перад ёй, а перад паняццем "жанчына"... Яна ўспомнiла былую зiму ў горадзе, i ўсё гэтае ўразуменне зняважыла яе, i яна раптам варожасць, вельмi кволую i не заўсёды прыметную, адчула да Андрэя. I ёй раптам стала патрэбным памучыць яго, каб пасля назаўсёды забыць, бо цяпер ужо зусiм адчула яна, што нецiкавы i непатрэбны ён ёй. Так яна i пачала з iм цвялiцца. Яна яшчэ ўсмiхнулася яму, пасля вырвала пальцамi травы i кiнула на яго. Ён устрывожыўся радаснай трывогай i востра глянуў на яе. Яна па-жаночы глянула на яго i апусцiла вочы. Тады ён падсеў да яе блiжэй. Яна зноў усмiхнулася, зноў апусцiла вочы. Ён падняўся, падышоў да яе i раптам сеў зусiм блiзка i прыцiснуўся да яе. Яна маўчала, i ён моцна сцiснуў яе руку, а пасля абхвацiў рукою яе плячо. Яна ўжо знала, што гульня скончана, што ўсё ўжо зроблена, што для тае мэты больш можа толькi пашкодзiць. I яна пасядзела так з iм паўхвiлiны i, цiха адапхнуўшы яго, паволi ўстала i, паважна гойдаючы станам, пайшла ў свой бок. Ён не здзiвiўся гэтаму, толькi не чакаў гэтага. Ён усхвацiўся раптам i пайшоў за ёю. I ў тую хвiлiну радасна блiснула ў яго ўпэўненасць, што гэта ж яна наўмысна, каб ён iшоў за ёю, што яна шчырая з iм. А яна азiрнулася i сказала яму:

- Не iдзi.

- Я пайду, - сказаў ён з горкай трывогай.

- Не iдзi, нiчога табе ад мяне не будзе. I нiчога табе ад мяне не можа быць.

- Можа быць, - сказаў ён з пачуццём блiзкiм да пачатку злосцi.

- Ну-ну! - сказала яна горда з фальшывай сталасцю.

- Нонна! - пазваў ён яе.

Яна здзiўлена паглядзела на яго i зноў пайшла. I, дайшоўшы да самай будкi, яшчэ раз азiрнулася i з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, пакiвала на яго пальцам i схавалася ў будку.

Ён некалькi хвiлiн стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад i стаў на мосце i глядзеў моўчкi на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаiць тут i не адыходзiць; пачаткi гордасцi заварушылiся ў iм, i ён плюнуў унiз i пайшоў кустамi на палявую дарогу.

- А ну яе к чорту, - сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.

I ахвацiў гэты смутак думкамi, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава i выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такi востры смутак у яго.

V

У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба i даходзiла да мяжы са смуткам...

Тады свяцiў над паплавамi месяц, i ясна, i пуста, i страшна цiха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлi, не шумела трава, i iншых нiякiх не было зыкаў. I моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькi разоў звечара пачыналi плакаць далёкiя птушкi, а пасля толькi раз адна крыкнула... Так i свяцiлася ноч i цiха драмала...

Брат Нонны звечара доўга хадзiў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкi, пасля хадзiў путаць конi i доўга там свiстаў iм i, як пачаў узыходзiць месяц, лёг у будцы i зразу моцна заснуў. I ў суседняй будцы спалi. Тады Нонна выйшла босая i неадзетая, i села пры рэчцы, i сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды iсцi, нешта рабiць, дзейнiчаць, нешта i некага пакiнуць, нешта i некага знайсцi. Але было гэта нявызначаным у свядомасцi, як пункт. Нешта давiла ёй душу, i падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае i слаўнае i цяпер няма яго... I трудна было ёй прывясцi ў парадак пачуццi. Давiла яе i тое, што свяцiў над паплавамi месяц, i разам з тым нейк i важна i патрэбна было тое, што свецiць ён. Давiла цiшыня i размах пустых прастораў, i разам з тым дарагою i любаю была гэтая шырокая цiш.

Плылi ў галаве кавалкi думак аб тым, што было дагэтуль, i думалася нейк нутром аб тым, чаго i не было, што было нязнаным, нябачаным. У смутку варушылася нездавальненне нейкае i журба аб усiм, журба вострая, рухавая, жывая, i цяжкая, i любая, журба аб жыццi. Такая няроўная, якою бывае i радасць аб жыццi, такая ж патрэбная для абнаўлення жыцця...

Было журботна i ад таго, што адзiноцтва было вакол i як бы гэта залазiла яно ў душу. Было гэта непрывычным i можа ад таго, што паехалi ўсе, пайшлi адгэтуль назаўсёды маладыя i блiзкiя i цяпер вось недзе нешта думаюць, робяць i адчуваюць... I раптам вынiкла думка аб сваёй згубленасцi тут, бо нейк цьмяна адчулася, што недзе нешта iснуе iншае, якое - невядома, але ўявiлася яно, як пункт здавальнення для чалавека.

"Можа гэта нашы там зусiм вясёлыя, i думаць iм нiчога не трэба", выразней за ўсё раптам падумала Нонна.

А пасля iзноў сядзела i ўсё адчувала i знанае, i нязнанае i толькi не адчувала таго, што ад адзiноцтва асенняй ночы i маладой чуласцi гэта ўсё ў яе... I яшчэ было ў яе, але больш у думках, нездавальненне ад таго, што адна яна тут, нiхто яе не бачыць, нiхто на яе не глядзiць, не гавораць пра яе, не захапляюцца ёю... I ў сярэдзiне ночы пачала ў яе спець думка, сперш няроўная, а пасля з адзнакамi мала калi быўшай дагэтуль рашучасцi... I часамi ёй хацелася, доўга i цiха...

Месяц высока падняўся i пабялеў, i пабялела нiзкая трава; холадам дыхала рэчка, i недзе лёгкiм стукам абазвалася дарога. Ноч пераламалася на другую палавiну, i больш востра запахла ўсё. Нонна ўстала i паволi пайшла па беразе рэчкi. Дайшла яна далёка, да нейкай чорнай раллi, у задуменнi пастаяла там на адным месцы i пайшла назад. Раптам усё пачало кiпець у яе настроях, узнялася нервовасць, i яна пайшла хутчэй. I проста ўвайшла ў цёмную будку. Там лягла пры халодным палатне i пачала плакаць, стараючыся не пабудзiць нiкога. Пасля яна сцiхла, але з плачам у душы сцiшылася, i пад самы дзень дрымота агарнула яе...

Прачнулася яна, як было ясна ад сонца. Брат збiраўся ехаць у горад, каб прадаць там конi i шукаць там на зiму кватэры, i яна вяла пачала памагаць яму. I ў час гэтай работы вярнулiся з горада дзве дзяўчыны, што нядаўна жылi тут. Вярнулiся, каб сказаць ёй, што нанялiся яны ўсе на цэлую зiму спяваць у кафэ i што без яе няможна абысцiся для танцаў. I што трэба спяшаць выехаць той у горад.

Бесклапотная гуллiвасць i вышыня настрояў раптам ахвацiлi Нонну. Яна пачала спяваць i дурэць, як дзiця. I такi настрой не пакiдаў яе доўга, хоць трохi пасля прытупiўся...

Папоўднi яны даехалi да горада. Брат Нонны там застаўся, а тры дзяўчыны селi пад вечар на поезд i выехалi ў дальнi горад... Брат кiўнуў Нонне галавою; у яго нядобра i сумна было на душы...

VI

Два днi не мог прыйсцi да сябе Андрэй. Каб забыцца, моцна ўвайшоў ён у работу, стаў маўклiвы i вечарамi выходзiў на вулiцу слухаць, як гаварылi над старым дахам жоўтыя клёны. Нейк не па сабе яму было i ад таго яшчэ, што, як дазнаўся ён, што няма ўжо на беразе палатняных будак, а значыцца, няма блiзка i Нонны, цьмяна i неаформлена адчуў, што нават сумна-тонкiя i вострыя перажываннi засталiся нават як бы i не па Нонне, а так нейк па нечым, можа па тым, што ёсць, а можа па тым, чаго няма зусiм i чаго не хапае ў свеце i па чым сумуе i ад чаго кiпiць глыбiня чалавечай iстоты. Многа тады пачало з'яўляцца ў яго новых думак, небывалых дагэтуль. Было чаканне нечага i нецярплiвасць. А на трэцi дзень прыйшоў да яго лiст з дальняга горада ад земляка. Звалi яго ў горад, i ад гэтага перавярнулася ў iм тое, што навявала папярэднi настрой. Раптам ён ясна прыпомнiў Нонну, як яна ўсмiхалася, а пасля не дазволiла яму iсцi за сабою, i раптам вырасла ў iм упэўненасць, што ён нейк вышэй яе стаiць на зямлi; што ён больш значны, i гордасць яе не важна нiкому. Сум у iм астаўся шырокi, але нейк раптам выйшла з яго круга Нонна i зрабiлася нечым асобным. I зноў яна неўзаметку пачала вырастаць i аддзяляцца ад усяго. Тады ён стараўся зняважыць яе ў думках сваiх, а яна яшчэ больш вырастала. I ён доўгiмi i настойлiвымi думкамi вызваў у сабе на яе нешта падобнае да злосцi. Сiлаю ўпэўнiў сябе, што гэта злосць i што так трэба, што гэта абсалютная сапраўднасць. Пасля ж набеглi, згусцiлiся пачуццi i заглушылi ўсё гэтае, што было ў думках. Тады з'явiлася толькi мяккая крыўда на Нонну, i ад гэтага прыйшло сапраўднае ўжо ўзвышэнне над ёю, затаенае ў самiм толькi сабе. Тады яму зрабiлася самому перад сабою брыдка i нядобра за тое, што паддаўся ён быў у той першы дзень слабасцi - у сувязi з тым, што ўбачыў яе першы раз, варушыў сваю душу, паднiмаў з яе дна ўсё перажытае, востра-пакутнае i цяпер ужо святое; што плакаў ён вечарам на халоднай зямлi. I нават нядобра адчуваў ён сябе перад братам... Пасля раптам наплылi на яго ўсякiя думкi, у якiх патроху знiкаць стала Нонна i патроху апускацца пачалi пачуццi. Ён ужо з братам гаварыў аб усякiх справах, вырашалi ўдвух час яго ад'езду, i ў апошнi дзень перад ад'ездам ездзiў ён з братам на поле. У думках яго ўжо малявалася шырыня новай працы, вельмi важнай i патрэбнай, усякiя магчымасцi i новая прывабнасць.

Перад самым выездам зусiм амаль згладзiлася з думак i нават пачуццяў Нонна...

Горад спаткаў яго, вясёлага, прыняў яго здольным лёгка ўжо прапускаць праз сябе ўсё, не прымячаючы ў вялiкiм шуме вялiкай цiшынi. Гэта было першае поўнае здавальненне жыццём, незачэплепае расчараваннем.

Быў шосты дзень пасля таго вечара, калi ён засумаваў па цыганскай дзяўчыне.

VII

У той сухi i ясны вечар, як у гарадскiм садзе з лiп i асiн ападалi апошнiя лiсты, балетмайстар музычнай камедыi Лiнскi ў дрэнным настроi iшоў з тэатра. Перад спектаклем дазнаўся ён, што жонка яго ездзiла ў суседнi горад зусiм не для тых спраў, аб якiх гаварыла, а ездзiла дзеля зусiм iншага, аб чым цяпер сведчыў перахвачаны iм выпадкова лiст да жонкi ад нейкага Аксютовiча. I хоць Лiнскi сам часта ездзiў у iншыя гарады не для тых спраў, аб якiх гаварыў жонцы, хоць спектаклi ў тэатры i не зацягвалiся да таго позняга часу, у якi Лiнскi прыходзiў кожную ноч дадому, але пакуль што жонцы яго нiякiх лiстоў перахвацiць не давялося, i загэтым Лiнскi лiчыў сябе пакрыўджаным жонкаю. I хоць балет у тэатры ў той вечар добра ўдаўся, не разагнаў усё роўна кепскага настрою Лiнскага. I пасля спектакля выйшаў ён першым, не пайшоў з артыстамi разам, а адзiн зайшоў у гарадскi сад. У глыбiнi свае душы ён быў нават рад таму, што выявiлася ў адносiнах жонкi да яго, бо будзе прычына, выгадная для яго, разысцiся хутчэй з ёю, але надворна было яму прыемна адчуваць сябе пакрыўджаным. Ён сеў на пустую лаўку ў садзе i стаў слухаць, як замоўклi раптам дрэвы i больш тады западалi лiсты на зямлю. Ад гэтага i ад вiднаты адчуў ён урачыстасць ночы i вялiкасць хараства. I патроху тады забыў ён пра сваю мiзэрную крыўду, i прыемна яму было сядзець тут. Раптам пашкадаваў ён, што спектаклi ўжо скончаны i што няма як ужо слухаць музыку i глядзець на хараство балета i жыць у тыя хвiлiны толькi пачуццямi. Ён сядзеў i маўчаў i сам таго не прымячаў, што моцна думаў аб многiм...

Назад Дальше