Шорахi чужой планеты (на белорусском языке) - Владимир Шитик 2 стр.


У цяснiне, куды Балачан збочыў, было цёмна. Ён запалiў лiхтар, скiраваўшы прамень пад ногi, прыслухаўся. Дзьмуў вецер, напэўна, па тутэйшых вымярэннях шалёны - яго ледзь прыкметнае супрацiўленне Балачан адчуў з вялiкай прыемнасцю. Узнiк у шлемафоне i посвiст, амаль нячутны, але ўсё роўна жаданы, быццам даносiўся з комiна якой-небудзь паляўнiчай хаткi, якiя пакiнуты на Зямлi для аматараў прыроды. Зноў яго мозг шукаў i знаходзiў прывычныя аналогii, i гэта пачало злаваць Балачана.

Ён прайшоў цяснiну аж да наступнай далiны, потым завярнуў у суседнюю, у апошнюю, трэцюю. Недзе побач з iм у гэты час нараджалiся i жылi шорахi, Камай пра iх адразу паведамляў. А яму здавалася, што ў цемры цяснiны нiчога пабочнага не iснуе. Напэўна, ён падумаў гэта ўголас, бо Камай спытаў:

- Ты нешта сказаў?

- Як там у цябе?

- Звычайна, - няўпэўнена адказаў Камай.

- А дакладней? - Балачан заўважыў яго ваганнi.

- Пры тваiм наблiжэннi шорахi быццам прападаюць i потым узнiкаюць ужо за тваёй спiнай. Але я не ўпэўнены...

Не паспеў Балачан абдумаць гэту акалiчнасць, як у шлемафоне прагучала:

- Гэй, вы, вартаўнiкi зданяў! Пiльнуеце?

Тарасевiч не спаў. I Балачан адразу дараваў яму i скептыцызм, i насмешлiвасць.

- Слухай, - тым часам гудзеў Тарасевiч, звяртаючыся да Камая, - прыкрый свае лакатары, дай чалавеку пацешыцца натуральнай прыродай.

Балачан уявiў сабе, як усю прастору цяснiн пранiзваюць зараз, нiбы павуцiнне, нябачныя выпраменьваннi панастаўленых на навакольных вяршынях прыбораў, i падумаў, што ў парадзе ёсць сэнс. Спадзявацца на чалавечыя здольнасцi, дык да канца. Хаця наўрад цi што гэта магло даць.

- Выключай, - на ўсякi выпадак падтрымаў ён Тарасевiча, - не трэба мяне страхаваць.

- Ёсць, - коратка падпарадкаваўся Камай. А Балачан нiбы адчуў наяве, як раптам апалi нябачныя промнi-павуцiнкi. Аж у галаве зазвiнела ад уяўнай пустаты.

- Не баўся, аднак, - напаследак параiў Камай, - хутка свiтанне.

Балачан зiрнуў на гадзiннiк. Сапраўды, ужо мiнула нямала часу, хутка пара вяртацца, а ён усё яшчэ не прыдумаў, як яму дзейнiчаць, што шукаць у гэтых цяснiнах. Усё навокал было ходжана-пераходжана. Але i стаяць на месцы не выпадала, i ён патушыў лiхтарык. Пайшоў у другi канец далiны, рашыўшы, што больш не будзе заходзiць у цяснiны. Ён абмiнуў адну, другую, а перад трэцяй спынiўся, дзiвячыся, чаго раптам яму так карцiць збочыць у гэту трэцюю цяснiну. I неспадзявана для сябе ўсё-такi павярнуў.

Планета-суседка перамясцiлася на небасхiле i цяпер вiсела ўжо над галавой. У цяснiне крыху пасвятлела, яе сцены халодна паблiсквалi, як пакрытыя серабрыстым iнеем.

Дала аб сабе знаць стома. Балачан адшукаў невялiкi каменны выступ i прысеў. Навокал лютаваў мароз, а яму было цёпла, утульна. Быццам знаходзiўся ён не ў гарах, а ў салоне зоркалёта. Таго самага, на якiм ляцеў сюды. Навейшага галактычнага лайнера. Гэта цуд сучаснай тэхнiкi. Нават забываеш, што ты ў прасторы. Часам здаецца, што невялiкi зямны гарадок накрылi каўпаком, падрэзалi знiзу i зрушылi з месца. Менавiта такiмi ўяўляюцца калiдоры-вулiцы зоркалёта, пышны сквер на цэнтральнай плошчы, што побач з камандзiрскай рубкай, басейн-возера з праточнай вадой. I тут Балачан злавiў сябе, што бачыць перад сабой зусiм не зоркалёт, хоць намаляваная ў думках карцiна вельмi падобная на сапраўдную, а цiхi пасёлак на балтыйскiм узбярэжжы, дзе ён правёў цэлы месяц перад стартам з Зямлi. Вiдаць, успамiн быў такi прыемны, што Балачан ледзь не пачаў мроiць. Той такi знаёмы гарадок раптам змянiў свой выгляд, набыў нейкiя фантастычныя рысы. Нiбы ў адно злiлiся вулiцы i дамы, выцягнулiся ўгору, i былi яны не пабудаваныя як звычайна, а высечаныя ў каменнай гары, навiслай над шырокiм зеленаватым залiвам. А крыху воддаль у залiў упадала паўнаводная рака. Малюнак быў такi яркi, што аж засвяцiўся ў вачах. Балачан нават падумаў, што ён нешта падобнае ўжо недзе бачыў, iнакш адкуль такая выразнасць, i тады закiваў галавой, заморгаў вейкамi, як адганяючы насланнё. I зноў убачыў вузкую цяснiну i калматы блiскучы круг планеты-суседкi над галавой. Усё стала на сваё месца.

- Трэба ж! - засмяяўся Балачан.

Таварышы, якiя моўчкi сачылi за эфiрам, адразу адгукнулiся.

- Што ты? - спытаў Тарасевiч.

- Задрамаў, цi што, - весела адказаў Балачан, - прыхiлiўся i... Можа, нават храпака даў, га, не чулi?

Пасмяялiся, i ўсё. А калi назаўтра Балачан зноў сабраўся ў далiну, Тарасевiч пажартаваў:

- На каменным сеннiчку мякчэй спiцца.

- Вазьмi падушку, - дадаў Камай.

Балачан толькi пасмiхаўся. Кпiны таварышаў мелi падставу - яму давядзецца не спаць яшчэ адну ноч. Трэнiроўка - трэнiроўкай, а галава будзе не вельмi ясная. Разам з тым ён не мог паслаць каго iншага. Ён пачаў ужо ўжывацца ў асяроддзе, i яму будзе лягчэй заўважыць любую перамену, калi яна здарыцца. Адно толькi - не было ў яго пэўнай думкi: весцi адначасова назiраннi са станцыi цi не. Хаця Тарасевiч так i не растлумачыў, чаму ён параiў Камаю выключыць прыборы, Балачан чамусьцi быў упэўнены, што ў парадзе ёсць пэўны сэнс. Таму сказаў Тарасевiчу:

- Пабудзь сёння на базе.

- Мiстыка! - абурыўся Камай.

- Дзе зданi, там заўсёды д'ябальшчына, - захоўваючы сур'ёзны выгляд, уставiў Тарасевiч i горача, можа, трохi гарачэй, чым вымагаў момант, паабяцаў: - Адасплюся...

Ён больш нiчога не дадаў. Балачану вельмi хацелася спытаць, што ён зараз думае. Але не адважыўся. Гэты хлопец перш сам упэўнiцца, а тады ўжо скажа. Iнакш слова з яго не выцягнеш, усё на жарт пусцiць. А то i што-небудзь з'едлiвае ўлепiць. Вось i прыходзiцца чакаць, пакуль яго думка сама выспее.

- Я там буду, - коратка сказаў Балачан таварышам на развiтанне, махнуўшы рукой у бок станцыi.

- Адрас стары, - не ўтрымаўся Тарасевiч, - далiна Шорахаў, цяснiна Летуценняў.

- Не забудзь запiсаць у Атлас, - пакiнуў за сабой апошняе слова Балачан. Але, дабраўшыся да месца, усё-такi ўспомнiў прыдумку Тарасевiча. Трапна сказана, можа прывiцца. Вось так, напэўна, i з'яўляюцца назвы ў геаграфii i астраномii, а мы потым доўга шукаем у iх нейкi асаблiвы сэнс. А яго часцей за ўсё няма, назва - дзiця хвiлiны, плод фантазii жартаўнiка.

У далiне ўсё было як учора. За выключэннем аднаго - спакою Балачана. Раз за разам абыходзiў ён цяснiны, прысаджваўся на той самы каменны выступ, на якiм надоечы ледзь не заснуў, нецярплiва ўскакваў i крочыў далей. Ён чагосьцi чакаў, спадзяваўся, што менавiта сёння адбудзецца з iм нешта незвычайнае.

Свiтанне засцiгла яго паблiзу гравiлёта. Спачатку над базай акрайчык чорнага неба набрыняў цяплом, пасвятлеў. Потым у прамежку памiж горнымi вяршынямi блiснуў серп Лаланда. Ён поўнiўся на вачах, i разам з гэтым дзень з гор апускаўся ў далiну.

Балачан зрушыў з месца гравiлёт, iмклiва ўзмыў у вышыню. Далiна з яе трыма цяснiнамi засталася далёка знiзу. Ён, нiбы развiтваючыся з ёю, у апошнi раз зiрнуў унiз, i раптам у яго трывожна скаланулася сэрца. Нешта да болю знаёмае ўбачылася яму ў гэтых абрысах. I тады прыйшло адчуванне нечага прыемнага, значнага, што неўзабаве адбудзецца з iм. На базу Балачан вярнуўся заспакоены, у добрым настроi.

Таварышы ўжо знаходзiлiся ў лабараторыi. Камай варажыў над дэшыфратарам электрамагнiтных сiгналаў. Тарасевiч сядзеў воддаль, трымаючы на твары мiну абыякавасцi. Балачан толькi пасмiхнуўся сам сабе: Тарасевiч быў у сваiм амплуа скептыка.

- Каго ловiш? - спытаў Балачан у Камая.

- Твой вопыт пераймае, бачыцца яму другi Палукс, - замест Камая адказаў Тарасевiч.

- Ты тады прачытаў чужую перадачу, - Камай ужо прывык да выбрыкаў Тарасевiча i не звярнуў на яго ўвагi, - а што, калi нашы шорахi таксама чыясьцi перадача? Хiба гэтага не можа быць?

- Думаеш? - няпэўна прамовiў Балачан, а самому раптам са здзiўляючай выразнасцю прыгадалася далiна i цяснiны. - Думаеш? - паўтарыў ён i пажартаваў: - Мы не ўсё ўмеем чытаць, - злавiўшы напружаны позiрк Тарасевiча, дадаў: - Напрыклад, думкi. Што думае зараз наш лекар?

Тарасевiч, якi выконваў у iх экспедыцыi абавязкi доктара, насмешлiва адпарыраваў:

- Ну, гэта яшчэ старажытныя ўмелi. Я думаю, што вы на маiх вачах вар'яцееце. Проста, праўда?

Балачан, аднак, падумаў, што зусiм не так проста. Яму зноў здалося, што Тарасевiч нешта мае на ўвазе, толькi не рашаецца выказаць услых. Вiдаць, яго думка можа здацца абсурднай, а ён нiчога так не баiцца, як паказацца смешным. Бяда з моладдзю. Колькi цiкавых iдэй, напэўна, вось так застаецца ў цянi з-за амбiцыi i ўмоўнасцей. I не падыдзеш да чалавека нават з цёплым словам, не прыме. Балачан уздыхнуў: мала яму шорахаў, дык яшчэ i Тарасевiч са сваiмi недамоўкамi.

Электраўсыпляльнiк дзейнiчаў хутка. Балачан паспеў улавiць толькi пачатак нейкай дзiўнай, як яму здалося, размовы таварышаў, як яго агарнуў глыбокi сон.

Балачан спаў роўна шэсць адмераных iм для адпачынку гадзiн. Аднак, прачнуўшыся, яшчэ доўга ляжаў i думаў. Па-першае, яму адразу ўспомнiлася апошняя пачутая iм фраза, сказаная Тарасевiчам: "У старога ёсць нюх, ён словамi не кiдаецца". I па-другое, сон. Звычайна, засынаючы з дапамогай усыпляльнiка, яны нiчога не снiлi. Сёння гэта парушылася. Сон прывiдзiўся выразны, быццам ява. Хаця наяве нiчога гэтага, вядома, не было. Гара, парэзаная цяснiнамi, не мела нiчога агульнага з гмахамi, якiя ён убачыў у сне. Падобна на тое, што ў яго разгульваюцца нервы. Бо калi ў сне бачыш тое, што хацеў бы ўбачыць у сапраўднасцi, трэба звяртацца да доктара. Балачан усмiхнуўся, падняўся з ложка, пачаў апранацца. Ён бы звярнуўся да Тарасевiча, каб не яго словы пра нюх. Напэўна, Тарасевiч з Камаем вельмi вераць у непагрэшнасць свайго камандора, а ў такiм выпадку аб'ектыўнасцi чакаць цяжка. Трэба пазбаўляцца трызненняў самому, знайшоўшы якую-небудзь цiкавую гiпотэзу, што захапiла б i яго, i таварышаў.

Аднак, калi Балачан выказаў гэту сваю думку, сказаўшы, што ў далiне больш рабiць няма чаго, хлопцы нечакана для яго заўпарцiлiся.

- Мiтусiшся, - зазначыў коратка i з'едлiва Тарасевiч.

- Давай давядзём да канца пачатае, - не згадзiўся i Камай, - хочаш, я паеду замест цябе.

- Вынiкаў жа няма, - паспрабаваў пераканаць Балачан.

- У нас наперадзе шмат часу, каб дазволiць сабе не спяшацца, - сказаў Камай.

Можна было выкарыстаць сваё становiшча кiраўнiка экспедыцыi i загадам змянiць напрамак работы. Але Балачан не хацеў прымяняць уладу - не было вартай альтэрнатывы таму, што яны рабiлi да гэтага часу.

Камай вярнуўся да дэшыфратара, Тарасевiч паехаў на назiральную станцыю, а Балачан пачаў рыхтавацца да чарговага блукання па далiне.

Ночы ў экватарыяльнай паласе Каменнага мячыка былi падобныя адна на адну. I Балачану хутка здалося, што ён нiбы i не вяртаўся на базу, а як прыйшоў сюды заўчора, так i заставаўся ўсе тры днi. Гэта было кепска. Нельга ж чакаць, што ты ўбачыш нешта там, дзе табе ўсё ўяўляецца аднастайным, знаёмым i нават абрыдлым. А ногi самi неслi яго да таго каменнага выступу, на якiм ён адпачываў надоечы.

Стомы не было, але Балачан усё роўна сеў. Яркая суседка Каменнага мячыка павiсла над галавой. Яна выглядала большай, чым з Зямлi здаецца Венера, i нават сляпiла вочы. Балачан зажмурыўся i тады зноў успомнiў той прыбалтыйскi гарадок. Думкi пацяклi павольна, лянiва, як у чалавека, якi пачынае засынаць. Балачану было неахвота працiвiцца гэтаму стану. Ён уяўляў жоўты пляж, на якi накатвалiся пенiстыя шэрыя хвалi, людзей, што выбягалi разам з хвалямi на бераг i з ходу кiдалiся на нагрэты гарачым сонцам пясок.

На момант Балачан нiбы збоку паглядзеў на гэту карцiну i тады ўбачыў сярод загарэлых цел сябе. Вось ён павярнуўся да суседа, загаварыў з iм. "Мой апошнi дзень", - паведамiў сусед. "Куды?" - спытаў ён. "Дадому, на Марс". На Марс дык на Марс. Больш яны нi пра што не гаварылi, Балачан гэта добра памятае. Але яму раптам уявiўся працяг той размовы, нiбы сусед расказваў пра Марс, а ён, Балачан, бачыў усё гэта, толькi не са слоў суседа, а так, як быццам усё было на Марсе з iм асабiста. Да дэталяў. I пры гэтым ён увесь час здзiўляўся, што нiбы сам сабе задае пытаннi: як пабудаваны планеталёт, як выглядае марсiянскi ландшафт. Ад гэтых успамiнаў масткi непрыкметна перакiнулiся на Каменны мячык. I як тады, горы пачалi набываць абрысы фантастычных пабудоў. Потым каменны выступ, на якiм ён зараз сядзеў, здаўся зусiм не выступам, а прыступкай высокага ганка перад зачыненымi дзвярыма...

I тут Балачан схамянуўся, паматаў галавой, адганяючы дакучлiвы прывiд. Зiрнуў на гадзiннiк. Дзве гадзiны i восем хвiлiн. Да свiтання яшчэ доўга. Ён устаў, адышоў некалькi крокаў, пастаяў, зноў зiрнуў на гадзiннiк. Час цягнуўся вельмi марудна. Прайшло ўсяго пяць хвiлIн. I раптам яго як павяло сесцi на выступ зноў.

Спадарожнiца Каменнага мячыка апусцiлася за горы, у цяснiне стала зусiм цёмна, i Балачан вобмацкам знайшоў свой выступ. Гэта было дарэчы, бо галава зрабiлася цяжкай, як пасля напружанай, працяглай працы. Ён паспрабаваў расслабiцца. Галаве палягчэла, але затое вярнулiся ранейшыя фантастычныя прывiды. Незнаёмае, незямное паселiшча дзiўнай архiтэктуры. Будынкi, падобныя на скалы, навiслыя над шырокай ракой, пакрытай лёгкiм рабацiннем. Над iмi ззяе блакiтнае неба. А потым пачалося нешта незразумелае. Вада ў рацэ заклубiлася парай, неба пацямнела, i на iм выступiлi зоркi, якiх не магло загасiць нават дзённае свяцiла. Лаланд? Балачан падумаў, што вельмi падобна, i тады заўважыў новае падабенства: высахлая рака нагадвала ўжо знаёмую яму далiну.

"Зноў тое ж самае!" - мiльгнула ў галаве. Балачан аж раззлаваўся, хацеў устаць i пайсцi i... застаўся. Бо раптам падумалася, што варта было б паглядзець, чым усё гэта скончыцца. I сапраўды, у далiне тым часам пачалi разгортвацца новыя падзеi. У адной са скал-пабудоў з'явiлася шчылiна, i ў ёй паказалася нешта круглае, як чалавечая галава ў гермашлеме. Балачан мiжволi напружыўся, быццам мог разглядзець, хто гэта там выторкваецца са скалы. Дзiўна, але ён убачыў вочы. Як чалавечыя. Яны глядзелi праз абалонку гермашлема з непрытоеным сумам. Балачан аж сцепануўся пад гэтым позiркам. Гермашлем павярнуўся сюды-туды i схаваўся ў шчылiне, а следам знiкла i сама шчылiна. Балачан адчуў, што яго пакiдаюць сiлы. Але перш чым ён страцiў прытомнасць, яму яшчэ ўявiўся незнаёмы касмадром, iмклiвы ўзлёт ракеты i маленькая зорачка ў невядомым сузор'i.

- Балачан, га Балачан? - гэты поклiч пачуўся Балачану як далёкi, несапраўдны, адрасаваны камусьцi чужому. - Я зараз! - на гэты раз ён пазнаў голас i здзiвiўся, чаго ўсхваляваўся Тарасевiч. I раптам успомнiў усё, што яму нядаўна прывiдзiлася.

- Ты заснуў? - пытаўся Тарасевiч, саджаючы гравiлёт паблiзу ад Балачана.

Балачан акiнуў яго невiдушчым позiркам, ён усё яшчэ не мог вырвацца з-пад улады сваiх трызненняў.

- Пайшлi, - мякка, як да хворага, звярнуўся да яго Тарасевiч i ўзяў пад руку.

Балачан паслухмяна ўстаў i нечакана i для сябе, i тым болей для Тарасевiча папрасiў:

- Я хачу паглядзець твой сённяшнi дзённiк.

Тарасевiч уважлiва зiрнуў на яго i павярнуў да станцыi.

- А ведаеш, - сказаў Балачан, калi яны ўвайшлi ў памяшканне станцыi, я ўжо добра сябе адчуваю.

Тарасевiч моўчкi падвёў яго да стала, дзе знаходзiлiся запiсы аб сённяшнiм дзяжурстве. Балачан узяў iх у рукi i апусцiўся ў крэсла.

- Так яно i ёсць. З дзвюх васьмi да дзвюх трынаццацi ты прасвечваў цяснiны.

- Ну i што з таго? - Тарасевiч зноў рабiўся самiм сабой. - Як я разумею, ты на мяне за гэта не крыўдуеш?

- Наадварот...

- Вось як! - задаволена сказаў Тарасевiч. Ён праверыў, цi ўключана сувязь з базай, i спытаў: - Ты нас чуеш?

- Чую! Што там у вас? - нецярплiва крыкнуў Камай.

- Зараз прыедзем, Балачан праiнфармуе.

Камай ледзь дачакаўся iх.

- Такiя справы, - сказаў Балачан, калi яны з Тарасевiчам, скiнуўшы скафандры, уселiся ва ўтульным салоне базы. - Гэтыя шорахi, за якiмi мы ганялiся столькi часу, хутчэй за ўсё сiгналы. Ты, Камай, правiльна ўлавiў сутнасць праблемы. Так, сiгналы, - працягваў ён, - пакiнутыя для нас цi нам падобных колiшнiмi абарыгенамi планеты. Удалая iмiтацыя бiятокаў. Думаю, што перадатчык знаходзiцца недзе паблiзу, у раёне далiны. Мажлiва, нават схаваны над выступам, на якiм мяне агортвалi ўспамiны аб Зямлi i пасля прыходзiлi прывiды. А мажлiва, перадатчыкi раскiданы па ўсёй планеце, гэта нават больш верагодна. Адчуўшы нашы бiятокi, яны потым прымушаюць нас мысленна адказваць на пытаннi аб нас, людзях, аб нашых гарадах, ладзе жыцця. Наўрад цi аўтамату гэта патрэбна як звесткi. Хутчэй за ўсё ён павiнен упэўнiцца, што склад думак, прынцып мыслення i ў яго гаспадароў, i ў iстот, што трапiлi ў поле яго дзейнасцi, аднолькавы, што мы можам зразумець адзiн аднаго. I тады перадатчык "расказвае" разумным прышэльцам пра лёс планеты i цывiлiзацыi, якая тут некалi была. Натуральна, усё гэта бегла, штрыхамi. Але галоўнае ёсць - былая цывiлiзацыя паслала вестку сабе падобным.

- Што карысцi з тае весткi? - прамовiў Камай, уражаны неверагоднасцю паведамлення Балачана. - Iх самiх даўно няма.

- Хто ведае? - не згадзiўся Балачан. - Калi я правiльна зразумеў, усё не так проста, як ты думаеш. Псторыя гэтай планеты нагадвае мне марсiянскую - тая ж паступовая страта атмасферы, абязводжванне, знiкненне ўмоў для жыцця. Але жыхары Каменнага мячыка падрыхтавалiся да такога павароту падзей. Мне здаецца, яны перасялiлiся ў iншае месца. Тое сузор'е, якое я ўбачыў, а дакладней, зорачка ў iм, вiдаць, i ёсць гэта месца. Сузор'е мне незнаёмае, але так i павiнна быць. Мы ж ведаем зоркi толькi па зямным уяўленнi. Адсюль сузор'i выглядаюць iнакш. Аднак, думаю, я змагу намаляваць яго, i нашы астраномы, знаўцы космасу дакладна скажуць, дзе гэта. Ну, ды гэта ўжо клопат спецыялiстаў. А мы сваю задачу, здаецца, выканалi, разгадалi сутнасць шорахаў.

- Цiкава... - прамовiў Камай i зiрнуў на Тарасевiча: - А ты што маўчыш?

Той пацiснуў плячыма.

- Каб не наш доктар, - засмяяўся Балачан, - я хутчэй за ўсё прайшоў бы мiма гэтага адкрыцця. Проста думаў бы, што мне ўся гэтая фантасмагорыя прывiдзiлася.

- Прышый-прысцябай, - буркнуў Тарасевiч, захоўваючы абыякавы выгляд.

- Кiнь ты, не блазнуй, - з прыкрасцю сказаў Балачан, - мы славу не дзелiм. Але менавiта ты непрыкметна падштурхоўваў мяне да адзiна правiльных дзеянняў. Я надта добра ведаю цябе, каб прапусцiць твой нават маленькi намёк. Ты сумняваўся, правiльна, таму i не гаварыў прама, але ты не выключаў, што справа прыме такi паварот. Цi не так?

- Выдумшчык!

- Памаўчы ты, - абурыўся Камай, - дай даслухаць. Згодзен, Балачан, шорахi - гэта бiятокi, якiя нi мы, нi Туравец не маглi расшыфраваць. Але чаму знiкала сувязь?

Балачан падумаў i адказаў:

- Гэтага я не ведаю. Спытаеш, як вернемся, у iнжынераў. Бо да нашага выпадку, спадзяюся, гэта дачынення не мае. - Ён устаў i сказаў: - Пайшлi, сябры, складзем паведамленне на Зямлю.

Балачан выйшаў першы, за iм крануўся Тарасевiч. Абодва спакойныя, будзённыя, быццам нiчога незвычайнага не адбылося. Камай паглядзеў iм услед i абурана i разам з тым з захапленнем сказаў:

Назад Дальше