Гэта Коля Сушчэвiч ляснуў гранату пад машыну гэтага афiцэра. Дзве гранаты яму выдалi ў той жа дзень, калi ён прыйшоў сюды i апынуўся пры Антону Крамарэвiчу, у якога таксама было дзве гранаты. Калi забраныя людзi пад канвоем салдат i палiцаяў з'явiлiся на дарозе, Коля адчуў, як сэрца распiрала яму грудзi. У яго была практыка: кожны раз у такiх выпадках у першы момант яму цяжка было дыхнуць на поўныя грудзi. I цяпер ён пачаў шукаць вачыма патрэбнага яму пункта. Яму добра вiдна была лёгкая машына, крытая зялёным брызентам. "Там павiнен быць афiцэр, гэта няйначай", - так думаў ён i сцiшыўся. Ён адчуваў толькi адно: як паволi паўзе гэтая машына. "Каб яна была згарэла", - каб трохi, дык выгукнуў бы ён. Людзi праплывалi паўз яго. I канваiры то з'яўлялiся, то знiкалi далей у дарозе. Ён нават i не прычакаў, каб машына даехала да яго. Ды i чакаць не было як: машына стала. З яе выйшаў афiцэр. Наўскасяк цераз адкос Коля шпурнуў гранату. Што там было далей, ён ужо не бачыў.
- Што ты зрабiў? - з горкiм упiкам крыкнуў яму блiзкi голас. - Трэба было пад салдацкi грузавiк! Унь аўтаматчыкi драла даюць.
Грузавiкi з аўтаматчыкамi мiтусiлiся, стараючыся завярнуцца i даць ход назад. Тады пачалiся гранатныя ўзрывы адзiн за адным. Гэтае месца шашы было ўзарвана, i нiякага ходу па шашы тут ужо быць не магло. Пашчапаныя ў трэскi грузавiкi ляжалi мёртвым плазам разам з косцьмi, галовамi i плячыма, з адарванымi рукамi ў рэштках мундзiрнага нямецкага сукна. Нiводнага чалавека з таго натоўпу ўжо на шашы не было. Чалавек з распушанымi вусамi стаяў за адкосам на паплаўцы, узбуджана азiраўся, i вочы яго блiшчалi. Ён усё гаварыў раз-поразу:
- А браткi мае, от жа ёмка, але ж i далi! От жа ж! - I раптам знiк у паплаўным хмызняку.
Чакалi гэтага моманту восем сутак у засадзе ля шашы, а самая аперацыя закончылася праз некалькi хвiлiн. Коля Сушчэвiч i Антон Крамарэвiч выйшлi на шашу. Нямецкi афiцэр ляжаў нежывы. У гэтым месцы на шашы была толькi адна яма, па той бок машыны, якая бадай што цэлая стаяла над афiцэрам. Колева граната пераляцела паўз машыну па той бок яе i ўпала ў старане ад яе: Коля не разлiчыў размаху сваёй рукi. Вельмi можа быць, што афiцэр сканаў, упаўшы патылiцаю аб каменную дарогу. Коля аглядаў яго з усiх бакоў. У Антона Крамарэвiча пачалiся першыя адзнакi шчасця помстай ачышчаць сваю душу ад смутку i цяжару. Гэтае пачуццё ў хуткiм часе стала яму вельмi знаёмым. Калi праз доўгi час ён успамiнаў гэты момант, то выразна думаў, што адгэтуль i пачалося поўнае знiкненне яго духоўнай прыгнечанасцi. Ён пакiнуў закiдаць думкi назад i забягаць iмi лiшне далёка. Ён ужо жыў тым, чым жыў кожны дзень. Многа людзей з выратаванага натоўпу асталося пры атрадзе.
Якраз у тыя днi пачалiся сталыя халады i нападаў снег. Атрад вярнуўся ў ранейшыя свае мясцiны, але не ў лес, а заняў тыя шэсць хат пры лесе. У няскончаным Крамарэвiчавым доме паклалi падлогу, паставiлi печы, пашклiлi вокны, i неўзабаве над дахам гэтага дома пачаў вiцца дым з комiна. Антон Крамарэвiч аднак жа астаўся ў старой хаце i з iм Коля Сушчэвiч. Сэрцу Антона Крамарэвiча нiчога не гаварылi сцены новага дома.
У тыя днi, пасля справы на шашы, нiводнага немца не асталося ў раённым цэнтры, i гэты пасёлак заняў другi атрад, якi ў часе яшчэ ляснога жыцця суседзiў з цяперашнiм шасцiхатнiм атрадам. Пачалася зiма як мае быць. Па шашы цяпер зусiм не ездзiлi немцы. I па ўсёй тут вялiкай акрузе зусiм не з'яўлялiся. Партызаны ўладалi тут усiм на вялiкую разлегласць.
Пераход на новае месца, новыя справы ў атрадзе, новыя ўражаннi самога Колi Сушчэвiча i шпаркая хада часу ўзялi на сябе ўсю ўвагу гэтага ўражлiвага хлапчука. I ён цяпер ужо не мучыўся думкамi аб бацьку. Быццам бы ён уведаў тую праўду, што яшчэ не тое што гады, а дзесяткi год будуць турбаваць яго ўсялякiя думкi пра бацьку, а цяпер трэба рабiць самае важнае: трымацца за штодзённыя чалавечыя справы i абавязкi, у якiх i сэнс, i радасць. Ён за гэты час i пажвавеў, i папрутчэў.
Але сам Аляксандр Сушчэвiч якраз у гэты час больш, як калi раней, думаў пра Колю, i можа нават думкi пра сына былi цяпер адзiным апiрышчам яго душы, у гэты злы i брыдкi час яго жыцця.
Можна пэўна сказаць: яго згубiў той вялiкi разрыў, што быў у яго памiж розумам i дзейнасцю, якую ён выбраў сабе, i не абы-як, а на ўсё жыццё. Ён лез у кiраўнiкi. I ў гэтым было няшчасце не так таго раёна, дзе ён быў даволi-такi паважнай асобай, як яго самога. Кiраўнiчага таленту ў яго можа хапiла б на тое, каб сядзець у возе, трымацца за лейцы i скiроўваць каня то ўправа, то ўлева. Ён i не падумаў нiколi, што навакол яго людзi. Яму здавалася, што ён нечым кiруе i нешта арганiзоўвае, а было так, што людзi бачылi яго i хтосьцi нават сказаў быў раз:
- Каб замест яго паклаў у яго крэсла палена, то тое самае было б.
Але няхай сабе яго i абсмейвалi. Гэта яшчэ паўбяды. Поўная бяда была з таго, што яго пачыналi ненавiдзець. Антон жа Крамарэвiч не так сабе кiнуў сям'ю i зноў выехаў у свет шукаць спосабу жыць. Выязджаючы, ён раструбiў усiм, што гэта праз Сушчэвiча ён разлучаецца з сям'ёй. Гэтаму Крамарэвiчу i ў галаву не прыйшло, што Сушчэвiч можа тут i сам жахнуўся б, каб яму хто сказаў, што ён i не кiраўнiк, i не работнiк, а самы сапраўдны злачынец перад савецкай дзяржавай. Але ён не толькi гэтага не ведаў i не адчуваў, а думаў, што ён вельмi важны чалавек у сацыялiзме. Ён вельмi быў пакрыўджан тым, што не быў узнагароджан ордэнам. Я нядаўна чуў, як адзiн работнiк так суцяшаў сябе: "Яшчэ рана думаць, што ўсё скончана. Яшчэ не ўсе загадчыкi аддзелаў атрымалi ордэны". Як быццам бы ордэн павiнен давацца за загадванне аддзелам, а не за працу i заслугi перад дзяржавай. Аляксандр Сушчэвiч насiў у сабе крыўду i пакрысе варушыўся. Можа б Антон Крамарэвiч i вярнуўся б хутка дадому, i скончыў бы, як сам хацеў, сваю новую хату, але да яго даходзiлi чуткi пра некаторыя справы каля Аляксандра Сушчэвiча, i ён думаў: "Пачакаю яшчэ крыху, няхай там ацiхне".
У тым раёне быў памылкова раскулачан адзiн чалавек, якi не быў кулаком. Недагляд гэта быў цi якое-небудзь спагнанне злосцi? А пасля аднаго чалавека выкiнулi з калгаса за тое, што ён сказаў быў раз: "Якая ж гэта савецкая ўлада, калi тут чалавека раскулачваюць, а не кулака?" Каб на добры розум, дык гэтага чалавека трэба было б падзякаваць i пахвалiць за добрую i справядлiвую думку, а Сушчэвiч прышыў яму абвiнавачанне, што ён падрывае аўтарытэт прадстаўнiкоў улады. Ох, гэты "аўтарытэт", там, дзе яго няма! Колькi разоў мне даводзiлася выслухваць навучаннi, як працаваць i як жыць, ад людзей, якiя самi не ведаюць, як трэба працаваць i як трэба нам усiм жыць.
Была i яшчэ хiба ў Аляксандра Сушчэвiча. Ён сiлаю-гвалтам укараняў у людское жыццё тое, што было ўласцiва яму самому. Вядома, не кожны мог прыняць гэта як непарушную праўду. Да таго ж, сярод гэтых людзей знаходзiлiся i такiя, што галоў на пяць былi разумнейшыя нават за самога Аляксандра Сушчэвiча. Не прымаючы сушчэвiчаўскiх нормаў i спосабаў, а робячы iнакш, яны былi пад падазронасцю ў яго. Здаралася, што праз колькi год, абсвяжыўшыся якiм-небудзь свежым ветрам, Сушчэвiч даходзiў да новых думак i ў захапленнi сам ад сябе тлумачыў усiм новыя дасягненнi сваёй галавы. Яму гэта была навiна, а многiя ўвесь свой век жылi гэтымi думкамi i спосабамi. Дык некаторыя з яго пасмiхалiся, а некаторыя з пэўнага часу ўзненавiдзелi. Вялiкае няшчасце бывае тады, калi чалавек з мандатам на права навучаць iншых пачынае думаць, што навокал яго ўсе бараны, якiя нiчога самi не ведаюць i не маюць сваiх мазгоў. Вельмi часта з Сушчэвiчам выходзiла тое ж самае. Але ўсё гэта была драбяза пакуль што. Навокал Аляксандра Сушчэвiча жыццё iшло сабе. Расло добра на полi, спела ўвосень садавiна, людзi багацелi сабе i разжывалiся, дзяўчаты iшлi замуж, гадавалiся дзецi, улетку было цёпла, а ўзiмку холадна. Але тут здарылася, што той раскулачаны пачаў дамагацца свайго права. Чалавек ён быў прабiтны i рухавы. Ён ездзiў кудысьцi да вышэйшых кiраўнiчых сфер, браў з сабой сведак i цэлы шмут усялякiх даведак i вярнуўся з высокай рэзалюцыяй па сваёй заяве аб тым, што яму павiнна быць аддадзена ўсё, што ў яго ўзялi ў часе раскулачвання. Тым жа часам паперка аб гэтым пайшла ў раён. Хоць Аляксандр Сушчэвiч i не быў якi-небудзь самы вышэйшы ў раёне кiраўнiчы, аднак жа ён вельмi заеўся. Вядома, кожны мае свой гонар. I бяды нiякай тут няма. А там яна, злая i горкая, дзе на шалькi з аднаго боку кладзецца начальнiцкi гонар, а з другога жыццё чалавека. У Сушчэвiча з тым раскулачаным была даволi-такi бурная размова. Абодва яны ненавiдзелi адзiн другога. Той забраў усю сваю адабраную маёмасць i падаў на Сушчэвiча заяву, што той падрывае аўтарытэт савецкай улады тым, што раскулачвае не кулакоў. Сушчэвiч кiдаўся ўсюды, i справа нейк абышлася цiха. Аднак жа нянавiсцi яго да таго чалавека ўжо не было меры. Можна было падумаць, што ён узяў за мэту свайго жыцця згубiць гэтага чалавека. Ён пачаў да яго капацца. Тут мела месца не толькi нянавiсць, але i страх, што той даможацца свайго i ссадзiць яго з пасады. Дык пакуль той дамогся свайго, то Сушчэвiч хутчэй дапаў да сваёй душэўнай лагоды: ён такi сагнаў чалавека з жывога месца. На яго было ўзвернена гэтулькi ўсялякай вiны, што той аж сам уздрыгануўся. Ён кiнуўся, каб дзе дзецца з Сушчэвiчавых вачэй. Казалi, што ён, сцураўшыся i здабытай маёмасцi, падаўся з роднага месца на старану i астаўся за рабочага на тарфяных распрацоўках. Нешта яму там не спадабалася, ён перайшоў на iншае месца i на iншую работу, але i там доўга не ўбыў. Так ён i бадзяўся з месца на месца аж да самай вайны. У самыя першыя днi вайны яго ўжо бачылi дома. Ён пастарэў i загадаваў вусы, густыя i распушаныя. Трэба думаць, што ён калi i не зiхацеў з радасцi, што iдуць немцы, то i не лiшне плакаў ад гэтага. У кожным разе, ён, калi пачуў, што ў суседнiм з гэтым раёне раённыя кiраўнiкi арганiзавалi партызанскi атрад i скрылiся ў лясы, сказаў:
- Смеху варта. Яны хочуць даўбешкаю сагнуць гармату.
У апошнi дзень перад прыходам немцаў ён ужо смела хадзiў сабе па мястэчку i нават з нейкай душэўнай прыўзнятасцi, як сам пасля казаў, "гакнуў з суседам паўлiтра". Пасля яны з суседам выйшлi, п'янаватыя, на гасцiнец i ўбачылi, што Аляксандр Сушчэвiч iмчыцца ў сваёй легкавой машыне як з пажару. Удвух яны сталi пасярод дарогi, паднялi рукi ўгару i запынiлi машыну, i ў вочы iм кiнулася, што Сушчэвiч ехаў з чамаданамi, клункамi i нават з патэфонам.
- А-а-а, - зацягнулi яны ў адзiн голас, - куды ж гэта цябе нячыстая сiла гонiць? Чаму ж гэта ты раней быў такi смелы?!
- Калi са мною ваяваў... - дадаў вусаты.
- Гэта ж чужынец iдзе, а не хто iншы, яго ж бiць трэба, а не ўцякаць ад яго.
- На каго ж ты нас усiх пакiнуў, ты ж, калi ўсё добра на свеце было, паказваў перад намi сваю моц.
- А жонку i сына чаму ты не забраў з сабою?
- Я не ўцякаю, я еду выконваць свае абавязкi, - адказаў збянтэжаны Сушчэвiч. - Дрэнны той чалавек, якi ў рашучы момант жонку ставiць вышэй рэспублiкi. Сыдзi з дарогi!
Невядома, цi меў намер Сушчэвiч яшчэ вярнуцца па жонку i сына, цi меў што iншае ў галаве, але ён раптам пазнаў, што вусаты перад яго машынай гэта той самы, што быў раней бязвусы. Звыклая да схематычнага i дагматычнага думання, яго галава адразу нарысавала, цi, праўдзiвей сказаць, узяла гатовую схему: "Гэта ж той самы. Ён стаў ненавiснiкам савецкай улады. Цяпер ён рад, што прыходзiць фашызм!"
Сам спалохаўшыся, ён выхапiў наган, стрэлiў у паветра i закрычаў, каб тыя не стаялi на дарозе. А тыя кiнулiся на яго, сцяглi яго з машыны i параiлi збянтэжанаму шафёру ехаць, куды ён сабе хоча. Аляксандр Сушчэвiч пайшоў кудысьцi ў дарогу, а вусаты насмешлiва гукнуў яму наўздагон:
- Iдзi ў суседнi раён, да партызанскiх атрадаў прыставай!
Назаўтра ўсю гэтую мясцовасць занялi немцы. Сушчэвiч не ведаў, што яму рабiць: вярнуцца дадому ён баяўся. Выходзiць на ўсход за фронт або тут брацца за што-небудзь рашучае ён таксама баяўся. Да таго ж ён думаў, што калi ён як бы без следу згiне, немцы не зачэпяць яго сям'i. I спачатку ён паспрабаваў туляцца, а пасля як-небудзь цiхом прыйсцi дадому. Яго галава меркавала так, што раз ён быў у раёне даволi знаным чалавекам, то немцам толькi i клопату, каб злавiць яго. Праўда, калi ўжо тут з'явiўся нямецкi камендант, а ў суседнiм раёне партызаны даволi ўжо далiся немцам у знак, знайшоўся нехта такi, што падаткнуў данос, што гэта нiбыта Сушчэвiч арудуе ў суседнiм раёне i яго жонка ведае пра гэта i мае ад яго весткi.
Вядома, даносчык! Сапраўдны даносчык нiколi не пакажа праўды, бо ён яе i не нюхае нiколi. Няхай гэта ведаюць тыя, хто ўмее думаць, што на даносах льга ўгрунтоўваць грамадства. Даносчыкi родзяцца на свет там, дзе знiкае вера ў чалавека. Трэба ведаць, што без веры ў чалавека не можа трымацца не толькi сям'я або сяброўства двух, але i цэлая дзяржава. Як бы там нi было, але Сушчэвiчыху немцы ўзялi на допыт, нiчога ад яе не дамаглiся i спешным парадкам павесiлi няшчасную жанчыну. Сушчэвiч неўзабаве i дазнаўся пра гэта. Яго здушыў смутак аб Колю. Хлапчук астаўся адзiн. Што будзе з iм i што будзе з самiм Сушчэвiчам? Тут яго галава зварыла так: "Не ўдалася савецкая дзяржава, ёй прыйшоў канец. Цяпер трэба пачаць нанава жыць. Хоць як, але каб умасцiцца ў жыццё". З такiмi думкамi ён наважыўся выслужыцца перад немцамi. "Яны кажуць, што прыйшлi знiшчыць бальшавiзм. Як бы гэта, каб забылася навек тое, кiм я быў да вайны праз гэтулькi год? Каб забылася або загладзiлася". Яго розуму хапiла на тое, каб паверыць, што злодзей i разбойнiк маюць нейкае iдэалагiчнае абгрунтаванне сваёй дзейнасцi. Нi разу яго сумленне не ўзварушвала яго душы. страх забiваў у iм усё жывое. На гэты час ён нават i пра Колю пакiнуў успамiнаць. Скончылася тым, што ён такi нарэшце пайшоў да каменданта i папрасiўся на службу. Ён i сам здзiвiўся, што яго адразу на службу i ўзялi. Перад iм паставiлi задачу: раскрыць камунiстычную падпольную арганiзацыю ў раёне. Не падумаўшы нават, што можа такой арганiзацыi тут якраз i няма, ён кiўнуў галавой i развiтаўся з камендантам за руку. Гестапны немец навучыў яго: калi ў яго няма ў самога нiякiх канцоў у руках, то трэба высачыць партызан i ад iх пачынаць вiжаваць. Iдучы ад немцаў, ён быў як пад зямлёй: а можа ўпасцi да ног перад партызанамi? Астацца з iмi? З сваiмi быць - гэта шчасце. Але ж там можа быць i той, з вусамi. Не, той служыць немцам. "Дык гэта яшчэ горш, бо я з iм тут магу спаткацца". Зноў страх апанаваў яго. Страх еў яго душу i пустошыў сэрца. I ён рынуўся вiжаваць. Хадзiў, слухаў, сачыў. Так прыйшла восень i падышла блiзка зiма. Яго ўсё трымалi на такой рабоце, а ён стараўся зрабiць, што яму казалi, каб пасля зашыцца ў кут, у зацiшак i хоць так жыць. Ён пакiнуў спаць начамi, i рысы яго твару пачалi перасмыквацца. Нiчога яму, аднак, не ўдавалася. Скончылася восень, i на шашы адбылося вызваленне забраных людзей. Немцы пачалi выбiрацца з таго раёна. Ужо не страх, ужо жах уладаў Сушчэвiчам. Горкай практыкай ён ужо дайшоў да той праўды, што немцы прыйшлi сюды дзеля таго, дзеля чаго яны сюды прыйшлi, а не дзеля таго, каб ён перад iмi выслужыўся. Не ведаючы, у якi бок схiлiць галаву, ён прыняў апошнi загад астацца ў гэтых месцах.
Марозлiвым днём ён падышоў да шасцi хат i ўбачыў з-за тоўстай хвоi: людзi габлююць дошкi, сядзяць на бярвеннi, кураць сабе, устаўляюць вокны ў хату, а тут i той вусаты з сякерай стаiць. Вось ён дзе! Не служыць ён немцам! Але самае важнае, што тут убачыў Сушчэвiч, гэта тое, што ўсе кiраўнiкi суседняга раёна i сакратар райкома гэтага раёна, чалавек, якога Сушчэвiч ведаў многа год, тут. I яны тут усе каля гэтай хаты. I Антон Крамарэвiч тут. Унь гаворыць нешта з вусатым. I многа тут людзей. Унь вартавы з аўтаматам стаiць.
Вялiкае было шчасце Аляксандра Сушчэвiча, што нейкiм выпадкам ён не ўбачыў тут свайго Колi. Смутак мог бы задушыць яго. Як утрапёны шаленствам, ён даў ходу з-за тоўстай хвоi i ўвечары таго дня ён сказаў таму, хто распараджаўся цяпер яго душой:
- Я высачыў партызан. На шэсць хат трэба кiравацца.
Каб гэта раней, то гэта мог бы быць доўгачаканы яго момант: першая ўдача за такi доўгi час. Цяпер жа выпусташаная душа яго не радавалася i не хвалявалася. Ён тупеў з кожным тыднем. Яму сказалi:
- Павядзеш туды глухiмi сцежкамi карны атрад.
Ён не меў яшчэ дагэтуль нiколi такога ўтрапення. Нiякага апiрышча душа яго ўжо не мела. I як за апошняе ён ухапiўся за Колю. Ён жа жыве недзе! Можа нават дзе тут блiзка. Каб як выбiцца з гэтай пасткi, дзе прастарней дыхаць, дзе вальней, дзе стаў бы сам сабою, ды каб Колю знайсцi i жыць з iм i дзеля яго.
Гэтая думка была пакутная, бо не было веры ў яе. Ён нават быў упэўнен, што нiколi гэтага не будзе.
Лепш бы не жыць такому чалавеку на свеце.
Праз дзён дзесяць ён iшоў лесам без сцежкi i без жадання хутчэй дайсцi туды, куды ён iшоў. Дзень быў змрочны. Снегавая хмара вiсела над лесам. Было вельмi цiха. Ён чуў, як за iм шастаюць па зямлi крокi немцаў i палiцаяў. Зямля была мерзлая i прыцярушаная снегам. Гук ног аб яе быў востры i калючы.
Далейшыя справы таго дня пайшлi вельмi шпарка, адна за адной. Вартавыя паведамiлi, што ў лясы навокал шасцi хат прасочваюцца адзiн за адным нейкiя людзi. Iх было даволi-такi нямала. Як пасля выявiлася, гэта былi пераадзетыя палiцэйскiя. Аднаго з iх злавiлi i прывялi ў старую Крамарэвiчаву хату, дзе за сталом сядзеў камандзiр атрада, а прыпёршыся плячом да печы стаяў Коля i курыў. На лаве сядзелi людзi з аўтаматамi i вiнтоўкамi. З вiнтоўкай тут быў i Антон Крамарэвiч. Пераадзетага палiцая ўзялi на допыт. Пра сябе ён так расказаў: у першыя днi вайны яму трэба было мабiлiзавацца ў армiю i трэба было шукаць ваенкамата, якi эвакуiраваўся ў тыя ж днi. Ён вярнуўся дадому i астаўся там. Немцы прыйшлi неўзабаве. Яму трэба было з'явiцца да каменданта. Камендант сказаў яму:
- Дык ты не захацеў iсцi ў сваю армiю? Значыцца, ты быў супроць дзяржаўнай улады? Дык калi не пойдзеш зараз служыць у палiцыю, то адразу расстраляю.
I ён стаў палiцаем.
Пра агульную справу ён так сказаў:
- Пасля таго, калi партызаны ўкаранiлiся ва ўсiм гэтым раёне i, самае важнае, загарадзiлi шашу, па якой немцы не мелi цяпер праезду, нямецкае камандаванне дайшло да свае патрэбы выцеснiць адсюль партызан. На гэта ўжо ўзяты ўсе палiцэйскiя, тутэйшыя гарнiзоны, i яшчэ прыйшоў атрад эсэсаўцаў. Немцы ведаюць, дзе стаяць партызаны. Не ведалi толькi яны, што ў шасцi хатах стаiць атрад. Але цяпер i пра гэта ведаюць. Палiцаi, што адсюль родам, або так каторыя службоўцы пры немцах i ведаюць тут усе хады i выхады, а найбольш тыя, што высачылi партызан, па ўсiм раёне павялi сёння нямецкiя атрады iм вядомымi дарогамi на партызан. Гэтак i ў шэсць хат кiруецца нямецкi атрад, зборны, з палiцаяў i немцаў. Найбольш усе ўзброены аўтаматамi, ёсць i кулямёты. А то яшчэ i так: дзе-нiдзе палiцаi па адным збiраюцца ў лесе i там на месцы гуртуюцца i жарнуць на партызан, як пачуюць сiгнал.
Коля Сушчэвiч памчаўся ў суседнi атрад, кiламетраў за восем, каб пераказаць усё, што расказаў гэты палiцэйскi. "Можа ўсе атрады гэта ўжо ведаюць, але няхай погаласка дойдзе ўсюды".