Назiраннi за мiмоiдам у шчаслiвыя для яго днi (а калi казаць больш дакладна, то ў днi, шчаслiвыя для даследнiка, якi знаходзiцца над мiмоiдам) могуць пакiнуць незабыўныя ўражаннi. У мiмоiда бывае свой "творчы ўздым", калi ён выпускае неверагодную колькасць звышпрадукцыi. Ён то капiруе знешнiя формы, то робiць iх больш складанымi або стварае iх "фармальны працяг" - такiм чынам ён можа забаўляцца цэлымi гадзiнамi на радасць мастаку-абстракцыянiсту i на адчай вучонаму, якi дарэмна спрабуе зразумець хоць што-небудзь. Часам у дзейнасцi мiмоiда выяўляюцца рысы амаль што дзiцячага прымiтывiзму, часам ён паддаецца "стылю барока", тады на ўсiм, што ён вытварае, ляжыць адбiтак няўклюднай велiчы. Старыя мiмоiды часта фабрыкуюць неверагодна смешныя формы. Праўда, я нiколi не смяяўся з iх - таямнiчае вiдовiшча занадта моцна здзiўляла мяне.
Зразумела, што ў першыя гады вывучэння ўсе так i накiнулiся на мiмоiды. Iх палiчылi цэнтрамi салярыснага Акiяна, бо думалi, што менавiта тут адбудзецца доўгачаканы кантакт дзвюх цывiлiзацый. Аднак вельмi хутка высветлiлася, што пра кантакт не можа быць i гаворкi, бо ўсё пачынаецца i заканчваецца iмiтаваннем формы.
Антрапамарфiзм (або зоамарфiзм) зноўку пранiзваў адчайныя пошукi даследнiкаў, яны бачылi ў розных змяненнях жывога Акiяна то "органы адчування", то нават "канечнасць"; нейкi час вучоныя (напрыклад, Мартанс i Эканаi) лiчылi "канечнасцю" i "хрыбетнiкi", i "мiгценнiкi" Гiзэ. Але гэтыя пратуберанцы жывога Акiяна, якiя часам уздымалiся ў атмасферу на дзве мiлi, можна назваць "канечнасцямi", роўна як землятрус - "гiмнастыкай" зямной кары.
Каталог формаў, якiя паўтараюцца адносна пастаянна i нараджаюцца жывым Акiянам параўнальна часта, налiчвае каля трохсот адзiнак. За суткi можна выявiць iх на паверхнi некалькi дзесяткаў альбо сотняў. Сама "нечалавечыя" формы, гэта значыць абсалютна не падобныя нi на што зямное, як даказвае школа Гiзэ, - гэта сiметрыяды. Было ўжо добра вядома, што Акiян не агрэсiўны i ў плазматычных глыбiнях можа загiнуць толькi вельмi неасцярожны або бесклапотны чалавек (вядома, калi не лiчыць няшчасных выпадкаў, што выклiканы пашкоджаннем кiслароднага апарата альбо кандыцыянера). Нават цылiндрычныя рэкi "даўгуноў" або пачварныя слупы "хрыбетнiкаў", якiя па-вар'яцку хiсталiся памiж хмарамi, можна прабiць наскрозь любым апаратам для палёту, i гэта не прынясе нiякай шкоды - плазма дасць дарогу, расступаючыся перад iншародным целам, iмклiва, з хуткасцю гука ў салярыснай атмасферы; яна ж адчынiць, калi яе прымусiць, глыбокiя тунелi нават у тоўшчы Акiяна. З гэтай мэтай iмгненна трацiцца велiзарная энергiя - Скрабiн падлiчыў, што яна раўняецца 1019 эргаў!!! I ўсё адно, калi пачыналi даследаваць сiметрыяды, вучоныя захоўвалi надзвычайную бяспеку, штораз адступаючы, выдумляючы ўсё новыя меры перасцярогi (часам толькi ўяўныя), а прозвiшчы тых, хто першы выправiўся ў бездань сiметрыяд, ведаюць на Зямлi нават дзецi.
Хоць ад гэтых велiканаў могуць снiцца жудасныя сны, сама страшнае ў сiметрыядах зусiм не iх выгляд. Страх выклiкае хутчэй тое, што ў межах сiметрыяд няма нiчога пастаяннага i пэўнага, там не дзейнiчаюць нават фiзiчныя законы. Менавiта даследнiкi сiметрыяд настойлiва даказвалi, што жывы Акiян мае розум.
Сiметрыяды з'явiлiся раптоўна. Iх нараджае нешта накшталт вывяржэння. Прыкладна за гадзiну да нараджэння сiметрыяды на плошчы ў некалькi дзесяткаў квадратных кiламетраў Акiян пачынае асляпляльна блiшчаць, нiбыта становiцца шкляным. Але нi плаўнасць, нi рытм хвалеўтварэння не змяняюцца. Часам сiметрыяды ўзнiкаюць там, дзе была лейка пасля "мiгценнiка", якi пайшоў углыбiню. Прыкладна праз гадзiну шклопадобная абалонка ўзлятае ўгору, як пачварны пухiр, у якiм адлюстроўваюцца небасхiл, сонца, хмары, гарызонт. Пухiр ззяе ўсiмi колерамi вясёлкi, гульня колераў нагадвае бляск маланак. Гэтая з'ява непаўторная!
Сама ўражлiвыя эфекты святла даюць сiметрыяды, якiя ўзнiкаюць пад час блакiтнага дня або перад самым заходам сонца. Тады здаецца, што з нетраў адной планеты нараджаецца другая, якая з кожным iмгненнем падвойвае свой аб'ём. Шар, якi палае асляпляльным бляскам, лопаецца адразу ж, як толькi падымецца з глыбiнi, падзяляючыся ў верхняй частцы на вертыкальныя сектары, але не распадаецца. Гэтая стадыя, не зусiм удала названая "фазай кветкавай чашачкi", доўжыцца некалькi секунд. Скiраваныя ў неба перапончатыя дугi круцяцца, зрастаюцца ў нябачным чэраве i iмгненна ўтвараюць нешта накшталт магутнага тулава, унутры якога адбываюцца сотнi з'яў адначасова. У самым цэнтры (яго ўпершыню даследавала экспедыцыя Гамалеi ў складзе сямiдзесяцi чалавек) з вялiзных полiкрышталёў складваецца галоўны стрыжань. Часам яго называюць "хрыбетнiкам" (гэты тэрмiн мне здаецца ўдалым). Неверагодныя спляценнi цэнтральнай апоры падтрымлiваюцца ў момант утварэння вертыкальнымi слупамi вадкага, амаль цалкам вадзянiстага рэчыва, якiя выбухаюць з кiламетровых правалаў. У гэты ж час калос нараджае глухi працяглы гук, а навокал уздымаецца вал снежнай, з буйнымi сотамi пены, якая шалёна пульсуе. Пасля пачынаецца надзвычай складанае кручэнне (ад цэнтра да знешнiх межаў) патоўшчаных плоскасцей, на iх наслойваюцца палосы цягучай масы, якая падымаецца з глыбiнi, адначасова гейзеры, пра якiя я толькi што казаў, застываюць, гусцеюць i ператвараюцца ў рухомыя, падобныя на шчупальцы, калоны, скопiшчы якiх скiраваны ў канкрэтных напрамках, падпарадкоўваючыся дынамiцы ўсяго збудавання, i зараз нагадваюць узнятыя ў неба жабры вялiзнага зародыша, якi расце з неверагоднай хуткасцю; у "жабрах" пульсуе ружовая кроў i цёмна-зялёная, амаль чорная вада. З гэтага моманту сiметрыяды пачынаюць выяўляць сваю сама незвычайную ўласцiвасць - здольнасць пераўтвараць або нават прыпыняць дзеянне некаторых фiзiчных законаў. Перш за ўсё зазначым, што дзвюх аднолькавых сiметрыяд не бывае, геаметрыя кожнай з iх - гэта новае "вынаходства" жывога Акiяна. Далей - сiметрыяда выпрацоўвае ўнутры сябе тое, што часта называецца "машынамi iмгненнага дзеяння", хоць гэтыя ўтварэннi зусiм не падобныя на нашы машыны - маецца на ўвазе даволi вузкая i тым самым быццам "механiчная" скiраванасць дзеяння.
Калi гейзеры, якiя рвуцца з безданi, застынуць альбо ўспучацца i стануць тоўстымi сценамi галерэй i калiдораў, што разыходзяцца ва ўсе бакi, а "плёнкi" ўтвораць сiстэмы плоскасцей, якiя перасякаюцца, павецяў, скляпенняў, сiметрыяда пачынае апраўдваць сваю назву: кожнаму мудрагелiстаму перапляценню пралётаў, хадоў i схiлаў ля аднаго полюса адпавядае дакладна такое ж перапляценне ля супрацьлеглага.
Праз дваццаць - трыццаць хвiлiн гiгант пачынае паволi пагружацца, часам адхiляючыся ад вертыкальнай восi на восем - дванаццаць градусаў. Сiметрыяды бываюць вялiкiя i малыя, але нават "карлiкi" ўзвышаюцца над узроўнем Акiяна метраў на восемсот i вiдаць за добры дзесятак мiль. Больш за ўсё бяспечна залазiць унутр сiметрыяды адразу ж, як толькi спынiцца яе пагружэнне i запануе раўнавага, а вось сiметрыяды зноў супадзе з вертыкаллю. Сама зручны ўчастак крыху нiжэй за вяршыню. Даволi гладкую палярную "шапку" абвiвае пояс, якi зрэзаны вусцямi ўнутраных камер i праходаў. Наогул жа сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне ў прасторы нейкага надзвычай складанага ўраўнення.
Як вядома, кожнае ўраўненне можна выразiць геаметрычнай мовай, збудаваўшы адпаведна гэтаму ўраўненню фiгуру ў прасторы. У гэткiм разуменнi сiметрыяда нагадвае плоскасць Лабачэўскага i адмоўную Рыманавую крывiзну. Але гэтае падабенства надта далёкае, бо складанасць сiметрыяды неверагодная. Сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне цэлай матэматычнай сiстэмы, якое займае некалькi кубiчных мiль, да таго ж увасабленне чатырохмернае; у сiметрыядах сам час не застаецца нязменным.
Сама простае, вядома, дапусцiць, што перад намi "матэматычная машына" жывога Акiяна, мадэль разлiкаў, неабходных яму для нейкiх невядомых нам мэт, але гэтую гiпотэзу Фермонта сёння ўжо нiхто не падтрымлiвае. Яна надта спакуслiвая, але ўяўленне, што з дапамогай такiх велiзарных вывяржэнняў, дзе кожная часцiнка падпарадкавана значна больш складаным формулам матэматычнага аналiзу, жывы Акiян цiкавiцца пытаннямi матэрыi, быцця, космасу, праiснавала не вельмi доўга. Вельмi шмат з'яў, што адбываюцца ў сiметрыядзе, супярэчаць гэткай простай (i нават па-дзiцячы наiўнай, як гавораць некаторыя) iнтэрпрэтацыi.
Былi спробы знайсцi якую-небудзь зразумелую наглядную аналогiю; даволi папулярнае тлумачэнне Аверыяна, якi прапанаваў такое параўнанне: уявiм сабе старажытнае зямное збудаванне эпохi росквiту Вавiлона, якое ўзведзена з жывога рэчыва, што мае здольнасць узбуджацца i развiвацца; архiтэктонiка яго пачаргова праходзiць шэраг фаз, проста на вачах прымаючы формы грэцкай i раманскай архiтэктуры, затым калоны становяцца тонкiмi, як травiнка, скляпенне - бязважкiм, яно iмкнецца ўгору, аркi ператвараюцца ў крутыя парабалы, затым завастраюцца, як у готыцы. Готыка дасягае дасканаласцi, затым старэе, яе строгасць змяняецца оргiяй пышных формаў, на нашых вачах квiтнее мудрагелiстае барока. Паступова, пераходзячы разам з нашым жывым збудаваннем ад аднаго стылю да другога, мы прыйдзем да архiтэктуры касмiчнай эпохi. Уявiўшы ўсё гэта, мы хоць крыху наблiзiмся да разумення таго, што такое сiметрыяда.
Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалi i развiвалi, нават спрабавалi праiлюстраваць спецыяльнымi мадэлямi i фiльмамi, у лепшым выпадку доказ нашай бездапаможнасцi, у горшым - спроба ўхiлiцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сiметрыяда не падобная нi на што зямное...
Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмi шмат; мы бачым толькi тое, што адбываецца перад намi, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявiць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзiн аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з'яў. Гiсторыя аднаго чалавека можа мець вельмi вялiкае значэнне, гiсторыю некалькiх сотняў цяжка прасачыць, а гiсторыя тысячы або мiльёна не азначае па сутнасцi нiчога. Сiметрыяда - мiльён, не, нават мiльярд, узведзены ў ступень бясконцасцi, сiметрыяда - сама неймавернасць. Мы стаiм у адным з яе завулкаў удзесяцяронай прасторы Кронекера, - быццам мурашы, якiя замерлi на жывым скляпеннi, перад намi - плоскасцi, што iмкнуцца ўгору i цьмяна мiльгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назiраем iхняе ўзаемапранiкненне, плаўнасць i бездакорную дасканаласць, i ўсё гэта - толькi момант, бо галоўнае тут - рух, засяроджаны i мэтанакiраваны. Мы бачым толькi асобнае трымценне адной струны ў сiмфанiчным аркестры звышгiгантаў i ведаем - але толькi ведаем, а не разумеем, - што адначасова над намi i пад намi, у спiчастых нетрах, за межамi зроку i ўяўлення адбываюцца тысячы i мiльёны пераўтварэнняў, звязаных мiж сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сiметрыяду геаметрычнай сiмфонiяй, але ў такiм разе нас варта назваць яе глухiмi слухачамi.
Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысцiся, адступiцца на неверагодную далеч, але ж у сiметрыядзе ўсё - нутро, размнажэнне, лавiны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца i само фармуе. Нiякая мiмоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат мiль i на сотнi ярусаў частка сiметрыяды на змяненнi, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаiм. Кожная канструкцыя, якая iснуе толькi адно iмгненне, сама мадэлюе ўсе iншыя i дырыжыруе iмi, а яны ў сваю чаргу ўздзейнiчаюць на яе. Так, гэта сiмфонiя, але такая, якая сама сябе стварае i сама сябе заглушае.
Фiнал сiметрыяды страшны. Калi назiраеш за iм, здаецца, што з'яўляешся сведкам трагедыi, а мо нават забойства. Праз дзве-тры гадзiны - столькi доўжыцца працэс разрастання, павелiчэння, самастварэння - жывы Акiян пераходзiць у атаку: гладкая паверхня моршчыцца, супакоены, пакрыты засохлай пенай прыбой закiпае; ад самага гарызонту iмчыць мноства канцэнтрычных хваляў, гэткiх жа мускулiстых кратэраў, як i тыя, што суправаджаюць нараджэнне мiмоiда, але на гэты раз яны неверагодна большыя. Падводная частка сiметрыяды выцясняецца, калос паволi ўздымаецца ўгору, нiбыта выцiскаецца за межы планеты, верхнiя слаi Акiяна актывiзуюцца, залазяць усё вышэй на бакавыя сцены, застываюць на iх, замуроўваюць адтулiны, але гэта не iдзе нi ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў глыбiнi сiметрыяды. Спачатку формаўтваральныя працэсы - самастварэнне i самапераўтварэнне архiтэктонiкi на кароткi час замаруджваюцца, а пасля шалёна паскараюцца. Рухi, якiя да гэтага былi плаўныя, мерныя, такiя ўпэўненыя, нiбыта яны мусiлi доўжыцца стагоддзямi, набываюць стрымгаловую хуткасць. Узнiкае прыгнечанасць ад таго, што быццам бы перад пагрозай небяспекi калос iмкнецца нешта паспець. Але чым хутчэй адбываюцца змены, тым больш вiдавочным становiцца страшнае, агiднае перараджэнне самога матэрыялу i яго дынамiкi. Спiчастыя скрыжаваннi дзiўна гнуткiх плоскасцей правiсаюць, становяцца мяккiмi, вялымi; з'яўляюцца няскончаныя, пачварныя, скалечаныя формы; з нябачнай глыбiнi чуваць штораз мацнейшы шум, гул, у перадсмяротных пакутах паветра нараджае ў велiзарных горлах, пралётах i скляпеннях, пакрытых слiззю, неверагодны стогн i храпенне; адчуваецца, як усё навокал памiрае, i гэта насуперак iмклiваму руху. Гэты рух - знiшчальны. I вось ужо толькi вiхор, якi скавыча ў бяздонных калодзежах, падтрымлiвае, раздзьмухвае велiзарнае збудаванне; яно пачынае спаўзаць, раставаць, нiбыта ахопленыя полымем соты; дзе-нiдзе яшчэ бачны апошнiя сутаргi, бездапаможнае трымценне; затым велiкан, якi няспынна атакуецца звонку i падмываецца хвалямi, паволi куляецца i знiкае ў гэткiм жа вiры з пены, у якiм ён нарадзiўся.
I што ўсё гэта азначае? Так, што гэта азначае?..
Памятаю, як адна школьная экскурсiя наведала Iнстытут салярыстыкi ў Адэне. Я быў тады асiстэнтам Гiбарыяна. Праз бакавую залу бiблiятэкi школьнiкаў правялi ў галоўнае памяшканне, якое ў асноўным з'яўлялася сховiшчам мiкрафiльмаў. На плёнках былi зняты нязначныя фрагменты нутра сiметрыяд, якiя, вядома, ужо даўно не iснавалi. Усяго ж там - не асобных кадраў, а цэлых шпуляў з плёнкай - больш за дзевяноста тысяч. I вось тады таўсматая дзяўчынка гадоў пятнаццацi, рашуча i запытальна пазiраючы праз акуляры, спыталася:
- А навошта ўсё гэта?..
У няёмкiм маўчаннi, якое наступiла адразу ж, настаўнiца сурова зiрнула на свавольную вучанiцу, а мы, салярысты-экскурсаводы (я таксама быў там), не маглi адказаць. Сiметрыяды ж непаўторныя, i, як правiла, не паўтараюцца працэсы, што ў iх адбываюцца. Часам паветра перастае праводзiць у iх гук, часам павялiчваецца або змяншаецца каэфiцыент праламлення. У асобных месцах рытмiчна пульсуе прыцягненне, нiбыта ў сiметрыяды пачынае бiцца гравiтацыйнае сэрца. Часам нашыя гiракомпасы проста вар'яцеюць; дзе-нiдзе з'яўляецца i знiкае павышаная iанiзацыя. Гэта можна доўжыць бясконца. Зрэшты, нават калi загадка сiметрыяд будзе адгадана, застануцца яшчэ асiметрыяды...
Яны ўзнiкаюць такiм жа чынам, але фiнал у iх - iншы. У iх нельга нiчога адрознiць: у iх усё трасецца, палае, мiльгае. Мы ведаем толькi адно: асiметрыяды - гэта ачагi працэсаў, хуткасць якiх мяжуе з фiзiчна магчымымi велiчынямi; часам асiметрыяды называюць "велiзарнымi квантавымi з'явамi". Матэматычнае падабенства асiметрыяд з мадэлямi пэўных атамаў такое часовае i мiмалётнае, што некаторыя лiчаць яго другараднай або нават выпадковай прыкметай. Асiметрыяды жывуць значна менш, чым сiметрыяды, - не больш за дваццаць хвiлiн, а iхняя пагiбель яшчэ больш страшная: адразу за вiхурай, якая з аглушальнымi грымотамi запаўняе i ўзрывае iх, на месцы асiметрыяд з неверагоднай хуткасцю ўздымаецца бурлiвая гiдкая вадкасць. Яна разлiваецца пад бруднай пенай i залiвае ўсё, а пасля адбываецца выбух, якi нагадвае вывяржэнне вулкана гразi: ён выкiдвае слуп пашкуматаных рэшткаў, якiя доўга яшчэ падаюць на неспакойную паверхню Акiяна. Вецер ганяе гэтыя шматкi, высахлыя, жаўтлявыя, пляскатыя, яны нагадваюць закасцянелыя перапонкi або празрыстыя храсткi. Пазней iх можна знайсцi на хвалях за дзесяткi кiламетраў ад месца выбуху.
Асобную групу складаюць утварэннi, якiя цалкам аддзяляюцца ад жывога Акiяна на больш-менш працяглы час. Яны сустракаюцца значна радзей, i iх значна цяжэй заўважыць. Калi ўпершыню былi знойдзены iх рэшткi, вучоныя палiчылi, як стала вядома пазней, цалкам памылкова, што гэта рэшткi насельнiкаў акiянскiх глыбiнь. Часам здаецца: утварэннi спрабуюць уратавацца ўцёкамi ад пагонi "мiгценнiкаў", нiбы дзiўныя шматкрылыя птушкi. Але гэтае зямное параўнанне нiчога не вытлумачвае. Часам - вельмi рэдка - на скалiстых берагах астравоў можна заўважыць дзiўныя сiлуэты, якiя нагадваюць альбо цюленяў, альбо пiнгвiнаў. Яны статкам грэюцца на сонцы або лянiва спаўзаюць у мора, каб злiцца з iм у адно цэлае.
Даследнiкi ўсё нiяк не маглi вырвацца з зачараванага кола зямных, чалавечых паняццяў, а першы кантакт...
Экспедыцыi пераадолелi сотнi кiламетраў у глыбiнi сiметрыяд, расставiлi сотнi прыбораў-рэгiстратараў, аўтаматычныя кiнакамеры; тэлеперадатчыкi штучных спадарожнiкаў фiксавалi з'яўленне мiмоiдаў i "даўгуноў", iх выспяванне i адмiранне. Папаўнялiся бiблiятэкi, раслi архiвы. За гэта неаднойчы даводзiлася вельмi дорага плацiць. Семсот васемнаццаць чалавек загiнулi ў катаклiзмах, бо не паспелi выбрацца з прыгавораных да гiбелi гiгантаў, сто шэсць з iх - толькi ў адной катастрофе, - у ёй загiнуў i сам Гiзэ, якому было ўжо семдзесят гадоў. Пагiбель, звычайна ўласцiвая асiметрыядам, здарылася з утварэннем, якое ўяўляла надзвычай выразную сiметрыяду. Велiзарны фантан гразi за лiчаныя секунды знiшчыў семдзесят дзевяць чалавек у бранiраваных скафандрах, машыны i прыборы, ён збiў сваiмi струменямi i дваццаць сем пiлотаў, якiя знаходзiлiся ў лятаючых апаратах над месцам вывучэння. Гэтае месца - на скрыжаваннi сорак другой паралелi з восемдзесят дзевятым мерыдыянам - адзначана на мапах як "Вывяржэнне ста шасцi". Але толькi на мапах - на паверхнi Акiяна не засталося нiякага следу.
Тады ўпершыню за ўсю гiсторыю салярыстыкi прагучалi галасы, якiя патрабавалi нанесцi тэрмаядзерны ўдар. Па сутнасцi, гэта больш жорстка, чым любая помста: хацелi знiшчыць тое, што не маглi зразумець. Цанкен, намеснiк начальнiка рэзервовай групы Гiзэ (у вынiку памылкi аўтамата-перадатчыка, якi недакладна вызначыў каардынаты месца даследавання, Цанкен застаўся жывы, бо заблудзiўся над Акiянам i з'явiўся на месца лiтаральна праз некалькi хвiлiн пасля выбуху, - калi падлятаў, ён яшчэ ўбачыў чорны грыб), калi абмяркоўвалася пытанне, прыстрашыў, што ўзарве Станцыю разам з сабой i iншымi васемнаццаццю асобамi, якiя заставалiся там. Хоць у афiцыйных крынiцах нiчога не гаворыцца, што гэты ўльтыматум меў уплыў на вынiкi галасавання, аднак, верагодна, было менавiта так.