Салярыс (на белорусском языке) - Станислав Лем 14 стр.


- Хэры! - гукнуў я.

Яе твар, залiты вадой, паказаўся з-за шафы.

- Хэры, ты не бачыла пад ложкам магнiтафон? Маленькi, кiшэнны...

- Там ляжала шмат рэчаў. Я склала iх туды, - яна паказала на палiчку з лякарствамi каля аптэчкi i знiкла ў душавой.

Я ўскочыў з ложка i пашукаў там, але нiчога не знайшоў.

- Ты не магла яго не заўважыць, - сказаў я, калi Хэры вярнулася ў пакой.

Яна моўчкi расчэсвалася перад люстэркам. Толькi зараз я заўважыў, якая яна бледная. Яе вочы ў люстэрку пазiралi на мяне насцярожана.

- Хэры, - упарта, як асёл, пачаў я зноў, - магнiтафона на палiцы няма.

- Ты нiчога больш не хочаш сказаць мне?

- Даруй, - мармытнуў я, - ты маеш рацыю, гэта глупства...

Не хапала, каб мы пасварылiся!

Мы пайшлi снедаць. Хэры рабiла ўсё не так, як звычайна, але я не мог зразумець, якая тут рознiца. Яна да ўсяго прыглядалася, часам не чула, што я ёй кажу, захопленая сваiмi думкамi. Я заўважыў, што вочы ў яе блiшчаць.

- Што з табой? - спытаўся я шэптам. - Ты плачаш?

- Ат, не чапай мяне. Гэта несапраўдныя слёзы, - прашаптала Хэры.

Вiдаць, трэба было высветлiць усё да канца, але я больш за ўсё на свеце баюся "шчырых размоў". Мяне турбавала зусiм iншае. Хоць я i ведаў, што iнтрыгi Снаўта i Сарторыуса мне толькi прыснiлiся, я пачаў успамiнаць, цi ёсць на Станцыi хоць якая-небудзь зручная зброя. Я не думаў, навошта яна мне, - проста хацелася яе знайсцi. Я сказаў Хэры, што мушу пайсцi ў трум i на склады. Яна моўчкi пайшла са мной. Я капаўся ў скрынях, вынюхваў у кантэйнерах, а калi спусцiўся на самы нiз, не змог адолець жадання зазiрнуць у халодную камеру. Мне не хацелася, каб Хэры заходзiла туды, таму я толькi прачынiў дзверы i агледзеў усё памяшканне. Пад цёмным покрывам па-ранейшаму адрознiвалiся абрысы цела нябожчыка, але з таго месца, дзе я стаяў, нельга было ўбачыць, ляжыць там чарнаскурая цi не. Мне здалося, што яе няма.

Я працягваў блукаць, так i не знайшоўшы нiчога вартага ўвагi. Настрой усё больш i больш псаваўся. Нечакана я заўважыў, што побач са мной няма Хэры. Зрэшты, яна адразу ж з'явiлася - затрымалася ў калiдоры, але ўжо адно тое, што Хэры спрабавала аддалiцца - а ёй жа дорага каштавала пакiнуць мяне хоць на хвiлiнку, - павiнна было насцярожыць мяне. Я па-ранейшаму iмiтаваў пакрыўджанага, карацей, паводзiў сябе надзвычай дзiўна. Разбалелася галава, я не мог знайсцi нiякiх парашкоў i, злосны, як чорт, перакапаў усю аптэчку. У аперацыйную iсцi не хацелася, i наогул у мяне нiчога не ладзiлася. Хэры, як цень, блукала па пакоi, часам некуды знiкала. Пасля поўдня, калi мы паабедалi (зрэшты, яна наогул не ела, а я жаваў без апетыту - у мяне так трашчала галава, што я нават не спрабаваў прымусiць Хэры паесцi), яна раптам села побач i пачала скубцi мой рукаў.

- Што? - неахвотна азваўся я.

Мне хацелася пайсцi наверх, бо здавалася, што трубы перадаюць слабы водгук стуку - вiдаць, Сарторыус займаўся апаратурай высокага напружання. Але ад адной думкi, што давядзецца браць з сабой Хэры, знiкала ўсялякае жаданне iсцi. Прысутнасць Хэры ў бiблiятэцы была хоць крыху зразумелая, але там, сярод машын, гэта можа даць падставы Снаўту для непажаданых заўваг.

- Крыс, - прашаптала Хэры, - а як у нас з табой?..

Я мiжволi ўздыхнуў. Нельга сказаць, што гэта быў шчаслiвы дзень.

- Усё цудоўна. А ў чым справа?

- Я хачу з табой пагаварыць.

- Калi ласка. Я слухаю.

- Але не так.

- А як? Я ж табе казаў, што ў мяне вельмi балiць галава, ды i клопатаў шмат...

- Каб толькi было жаданне, Крыс.

Я прымусiў сябе ўсмiхнуцца. Напэўна, гэта выглядала пакутлiва.

- Добра, каханая, кажы.

- А ты скажаш мне праўду?

Я падняў бровы. Такi пачатак мне не падабаўся.

- Навошта я буду цябе падманваць?

- У цябе могуць быць прычыны. Сур'ёзныя. Але калi хочаш, каб... ну, ведаеш... тады не падманвай мяне.

Я прамаўчаў.

- Зараз я нештачка табе скажу, але i ты мне скажы. Добра? Усю праўду. Нягледзячы нi на што.

Я не пазiраў у яе вочы, а яна лавiла мой позiрк. Я зрабiў выгляд, што не заўважаю гэтага.

- Я ўжо сказала табе, што не ведаю, адкуль я тут з'явiлася. Хiба мо ты ведаеш. Пачакай, я яшчэ не ўсё сказала. Мо i ты не ведаеш. А калi ведаеш i не можаш цяпер сказаць, то, магчыма, скажаш калi-небудзь пазней? Гэта не будзе сама страшнае. Ва ўсякiм разе дасi мне шанц.

Мне стала холадна.

- Дзiцятка, што ты кажаш? Якi шанц?.. - мармытаў я.

- Крыс, кiм бы я нi была, але я не дзiця. Ты ж абяцаў. Скажы.

Тое "кiм бы я нi была" так перахапiла мне горла, што я знямеў i мог толькi пазiраць на яе, бязглузда кiваючы галавой, нiбы абараняючыся ад таго, што я меў пачуць.

- Паслухай, неабавязкова ж казаць зараз, проста скажы, што не можаш...

- Я нiчога не хаваю... - адказаў я хрыплым голасам.

- Вось i добра, - прамовiла яна i ўстала.

Я хацеў што-небудзь сказаць, адчуваючы, што нельга так заканчваць размову, але словы заселi ў горле.

- Хэры...

Яна стаяла ля акна, спiнай да мяне. Цёмна-сiнi пусты Акiян раскiнуўся пад пустым небам.

- Хэры, калi ты думаеш, што... Хэры, ты ж ведаеш, што я кахаю цябе...

- Мяне?

Я падышоў да яе. Хацеў абняць. Яна вызвалiлася, адпiхнуўшы маю руку.

- Ты такi добры... - сказала яна. - Кахаеш? Мяне? Я хацела б, каб ты лепш бiў мяне!

- Хэры, каханая!

- Не! Не. Лепей памаўчы.

Хэры падышла да стала i пачала збiраць талеркi. Я пазiраў у цёмна-сiнюю пустэчу. Сонца заходзiла, i вялiзны цень ад Станцыi паволi хiстаўся на хвалях. Талерка ўпала з рук Хэры. Вада булькала ў ракавiне. Рыжы колер па краi небасхiлу пераходзiў у залацiста-руды. Калi б я ведаў, што рабiць. Калi б я ведаў! Наступiла цiшыня. Хэры стаяла за маёй спiнай.

- Не. Не адварочвайся, - прамовiла Хэры амаль шэптам. - Ты не вiнаваты, Крыс. Я ведаю. Не хвалюйся.

Я выцягнуў у яе бок руку. Хэры ўцякла ў глыбiню кабiны i, падымаючы цэлы стос талерак, прамовiла:

- Шкада. Калi б iх можна было разбiць, я растаўкла б iх, растаўкла б усе!!!

Я думаў, што яна сапраўды шпурне iх на падлогу, але Хэры, зiрнуўшы на мяне, усмiхнулася:

- Не бойся, я не буду рабiць глупства.

Я прачнуўся пасярод ночы i адразу насцярожана сеў на ложку; у пакоi было цёмна, з калiдора праз прачыненыя дзверы падала слабае святло. Нешта пранiзлiва шыпела, гэты гук усё мацнеў, суправаджаўся глухiмi ўдарамi, нiбыта нешта вялiкае адчайна бiлася за сцяной. "Метэор! - прамiльгнула ў галаве. Прабiў абшыўку. Нехта там ёсць!"

Працяглае хрыпенне.

Я канчаткова прачнуўся. Я ж на Станцыi, а не на ракеце, а гэты страшны гук...

Я выбег у калiдор. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены, там гарэла святло. Я ўскочыў туды.

Мяне агарнуў невыносны холад. Кабiна была запоўнена парай, ад якой замярзала дыханне. Мноства белых сняжынак кружылася над целам, загорнутым у купальны халат, яно слаба стукалася аб падлогу. У гэтым халодным тумане я заўважыў Хэры i кiнуўся да яе, падняў, холад апякаў мне рукi, Хэры хрыпела; я пабег па калiдоры мiма дзвярэй, ужо не адчуваючы холаду, пара, якая вырывалася з яе губ, як агнём апякала маё плячо.

Я паклаў Хэры на стол, разарваў на яе грудзях халат, зiрнуў на заледзянелы дрыготкi твар, кроў замерзла ў роце, чорным налётам запяклася на растуленых губах, на языку блiшчалi крышталiкi лёду...

Вадкi кiсларод. У лабараторыi быў вадкi кiсларод, у сасудах Дзюара. Калi я паднiмаў Хэры, у мяне пад рукамi хруснула шкло. Колькi яна магла выпiць? Усё адно спалены трахея, гартань, лёгкiя; вадкi кiсларод мацненшы за канцэнтраваную кiслату. Яе скрыпучае, сухое, як гук разарванай паперы, дыханне замiрала. Вочы былi расплюшчаны. Агонiя.

Я паглядзеў на вялiзныя зашклёныя шафы з iнструментамi i лекамi. Трахеатамiя? Iнтубацыя? Але ж лёгкiх ужо няма! Яны спаленыя. Лякарства? Колькi лякарстваў! Палiцы застаўлены шэрагамi каляровых бутэлечак i пакецiкаў. Хрыпенне напаўняла ўсё памяшканне, з адкрытага рота Хэры iшла пара.

Грэлкi...

Я пачаў iх шукаць, кiнуўся да адной шафы, да другой, выкiдваў пакецiкi з ампуламi. Шпрыц? Дзе? У стэрылiзатары! Я не мог сабраць шпрыц, бо рукi замерзлi, пальцы здранцвелi, не гнулiся. Я шалёна стукаў рукой па стэрылiзатары, нiчога не адчуваючы. Хрыпенне стала мацнейшым. Я кiнуўся да Хэры. Вочы ў яе былi расплюшчаны.

- Хэры!

Мой голас прапаў, губы сталi непаслухмяныя.

Пад белай скурай ходырам хадзiлi рэбры, вiльготныя ад расталага снегу валасы рассыпалiся. Хэры глядзела на мяне.

- Хэры!

Больш нiчога сказаць я не мог. Стаяў як слуп, апусцiўшы непаслухмяныя скалелыя рукi; ногi, губы, павекi гарэлi ўсё мацней. Але я амаль не адчуваў гэтага. Кропля расталай ад цяпла крывi цякла па шчацэ Хэры, пакiдаючы крывую лiнiю; язык затрымцеў i знiк, Хэры ўсё яшчэ хрыпела.

Я ўзяў яе руку - пульс не адчуваўся; рассунуўшы полы халата, я прыклаў вуха да пранiзлiва халоднага цела ля грудзей. Праз шум, якi нагадваў трэск агню, я пачуў лiхаманкавы стук, шалёныя ўдары, такiя хуткiя, што iх нельга было палiчыць. Я стаяў, нiзка схiлiўшыся, вочы былi заплюшчаны. Штосьцi дакранулася да маёй галавы. Гэта Хэры пальцамi пашавялiла мае валасы. Я зазiрнуў ёй у вочы.

- Крыс, - прахрыпела яна.

Я схапiў яе за руку, Хэры адказала поцiскам, якi ледзь не раздрабiў маю кiсць. Страшная грымаса застыла на яе твары, памiж вейкамi блiшчалi бялкi, у горле захрыпела, цела закалацiлася ад ванiтаў. Я ледзьве ўтрымлiваў Хэры; яна спаўзла са стала, галавой бiлася аб бераг фаянсавай лейкi. Я падтрымлiваў яе, прыцiскаў да стала; пасля кожнай спазмы Хэры вырывалася з маiх рук. Я iмгненна спацеў, ногi сталi ватныя. Калi прыступы ванiтаў зменшылiся, я паспрабаваў пакласцi Хэры. Паветра свiстала ў яе ў грудзях. Нечакана на гэтым страшным скрываўленым твары засвяцiлiся вочы.

- Крыс, - прахрыпела яна.

Я схапiў яе за руку, Хэры адказала поцiскам, якi ледзь не раздрабiў маю кiсць. Страшная грымаса застыла на яе твары, памiж вейкамi блiшчалi бялкi, у горле захрыпела, цела закалацiлася ад ванiтаў. Я ледзьве ўтрымлiваў Хэры; яна спаўзла са стала, галавой бiлася аб бераг фаянсавай лейкi. Я падтрымлiваў яе, прыцiскаў да стала; пасля кожнай спазмы Хэры вырывалася з маiх рук. Я iмгненна спацеў, ногi сталi ватныя. Калi прыступы ванiтаў зменшылiся, я паспрабаваў пакласцi Хэры. Паветра свiстала ў яе ў грудзях. Нечакана на гэтым страшным скрываўленым твары засвяцiлiся вочы.

- Крыс, - захрыпела яна, - як... як доўга, Крыс?

Яна пачала задыхацца, на яе губах выступiла пена, зноў пачалiся ванiты. Я трымаў яе з апошняй сiлы. Хэры так рэзка ўпала тварам унiз, што ў яе нават застукалi зубы. Яна цяжка дыхала.

- Не, не, не, - хутка выдыхала яна, i кожны выдых здаваўся апошнiм.

Ванiты працягвалiся; Хэры зноў затрапяталася ў маiх руках, у час кароткiх перапынкаў мiж прыступамi яна ўцягвала паветра з такой цяжкасцю, што ў яе выступалi рэбры. Затым вейкi напалову прыкрылi яе невiдушчыя вочы. Хэры больш не варушылася. Я вырашыў, што гэта канец. Нават не спрабуючы сцерцi з яе губ ружовую пену, я стаяў, нахiлiўшыся над ёю, чуў далёкi гул вялiзнага звона i чакаў яе апошняга выдыху, каб пасля павалiцца на падлогу, але Хэры дыхала ўжо амаль без хрыпаў, дыхала ўсё больш спакойна, грудзi ўжо амаль не ўздрыгвалi, сэрца бiлася раўней. Я стаяў згорбiўшыся. Твар Хэры пачаў ружавець. Я яшчэ нiчога не разумеў. Мае далонi спацелi, мне здалося, што я станаўлюся глухiм: нечым мяккiм, эластычным былi забiтыя вушы, аднак я ўсё яшчэ чуў часты звон, ужо глухi, нiбыта звон трэснуў.

Хэры ўзняла павекi, нашы позiркi сустрэлiся.

"Хэры", - хацеў прамовiць я, але не мог пашавялiць губамi, нiбыта на маiм твары была мёртвая цяжкая маска; я мог толькi пазiраць.

Яе вочы агледзелi пакой, яна павярнула галаву. Было надзвычай цiха. За мной, у нейкiм iншым, далёкiм сусвеце, капала вада з незакручанага крана. Хэры паднялася на локцях. Села. Я адступiўся. Хэры сачыла за мной.

- Што? - сказала яна. - Што?.. Не... удалося? Чаму?.. Чаму ты так пазiраеш?..

I раптам яна страшна закрычала:

- Чаму ты так пазiраеш!!!

Наступiла цiшыня. Хэры паглядзела на свае рукi. Паварушыла пальцамi.

- Гэтая?.. - спыталася.

- Хэры, - прамовiў я бязгучна, аднымi губамi.

Хэры падняла галаву.

- Хэры?.. - паўтарыла яна.

Хэры марудна спаўзла на падлогу i ўстала. Пахiснулася, але ўтрымалася на нагах. Зрабiла некалькi крокаў. Усё гэта яна рабiла як загiпнатызаваная, пазiраючы на мяне сляпымi вачыма.

- Хэры? - паволi паўтарыла яна яшчэ раз. - Але... я... не Хэры. А хто я?.. Хэры? А ты, ты?!

Нечакана вочы яе расшырылiся, засвяцiлiся, ледзь прыкметная здзiўленая ўсмешка мiльганула па твары.

- Мо i ты таксама? Крыс! Мо ты таксама?!

Са страху я прыцiснуўся спiнай да шафы i стаяў моўчкi. Рукi Хэры апусцiлiся.

- Не, - сказала яна. - Не, бо ты баiшся. Але паслухай, я больш не магу. Нельга так. Я нiчога не ведала. Я i зараз нiчога не разумею. Гэта ж неверагодна? Я, - яна прыхiнула да грудзей сцiснутыя белыя рукi, - нiчога не ведаю, нiчога, я ведаю толькi адно: я - Хэры! Ты думаеш, што я прытвараюся? Не, не прытвараюся, святое слова гонару, не прытвараюся.

Апошнiя словы прагучалi як стогн. Хэры з плачам упала на падлогу. Гэты крык нешта зламаў у мяне, я падскочыў да яе, схапiў за плечы, Хэры супрацiўлялася, адштурхоўвала мяне, плакала без слёз, крычала:

- Пусцi! Пусцi! Я гiдкая табе! Я ведаю! Я не хачу так! Не хачу! Ты ж бачыш, сам бачыш, што гэта не я, не я, не я...

- Маўчы! - крычаў я, трасучы яе.

Мы абое крычалi як звар'яцелыя, стоячы адно перад адным на каленях. Галава Хэры стукалася аб маё плячо. Я з усяе моцы прыцiскаў Хэры да сябе. Раптам мы сцiхлi, цяжка дыхалi. Вада па-ранейшаму капала з крана.

- Крыс... - мармытала Хэры, уцiснуўшыся тварам у мае плячо, - скажы, што я павiнна зрабiць, каб я знiкла, Крыс...

- Перастань! - выгукнуў я.

Хэры падняла галаву, уважлiва паглядзела на мяне.

- Як?.. Ты таксама не ведаеш? Нiчога нельга зрабiць? Нiчога?

- Хэры... злiтуйся нада мной...

- Я хацела... Ты ж бачыў... Не. Не. Пусцi: я не хачу... Не дакранайся да мяне! Табе гiдка.

- Няпраўда!

- Хлусня. Павiнен гiдзiцца. Я... я сама... таксама. Калi б я магла. Калi б я толькi магла...

- Ты забiлася б?

- Ага.

- А я не хачу, разумееш? Не хачу! Я хачу, каб ты была тут, са мной, i больш мне нiчога не трэба!

Вялiзныя шэрыя вочы спынiлiся на мне.

- Як ты хлусiш... - зусiм цiха прамовiла Хэры.

Я адпусцiў яе i ўстаў. Хэры села на падлогу.

- Скажы, што мне зрабiць, каб ты паверыла? Я кажу тое, што думаю. Гэта праўда. Другой праўды няма.

- Ты не мог сказаць мне праўду. Я не Хэры.

- А хто ты?

Яна задумалася. Падбародак у яе задрыжаў. Апусцiўшы галаву, Хэры прашаптала:

- Хэры... але... але я ведаю, што гэта няпраўда. Ты не мяне... кахаў там, даўно...

- Так, - сказаў я. - Тое, што было, мiнулася. Памерла. Але тут я кахаю цябе. Разумееш?

Хэры пакруцiла галавой:

- Ты вельмi добры. Не думай, што я не магу ацанiць усё, што ты зрабiў. Ты стараўся рабiць як мага лепш, але ўсё дарэмна. Тры днi таму ранкам я сядзела каля цябе i чакала, пакуль ты прачнешся. Тады я нiчога не ведала. Мне здаецца, што гэта адбывалася даўно, вельмi даўно. Я была як звар'яцелая. У галаве стаяў нейкi туман. Я не разумела, што было раней, а што - пазней, нiчому не здзiўлялася, як пасля наркозу або пасля цяжкай хваробы. Я нават думала: мо я хварэла, а ты не хочаш мне пра тое сказаць. Але розныя факты ўсё больш i больш наводзiлi мяне на думку. Ты ведаеш, якiя факты. У мяне штосьцi мiльганула ў галаве пасля тваёй размовы там, у бiблiятэцы, з гэтым, як яго, са Снаўтам. Ты мне нiчога не захацеў сказаць, таму я ўстала ноччу i ўключыла магнiтафон. Я падманула цябе адзiн-адзiны раз, а магнiтафон я пасля схавала, Крыс. Той, што гаворыць, як яго завуць?

- Гiбарыян.

- Ага, Гiбарыян. Тады я зразумела ўсё, хоць, калi казаць праўду, па-ранейшаму нiчога не разумею. Я не ведала аднаго: што я магу... што я... што гэта так скончыцца, што гэтаму... няма сканчэння. Пра гэта ён нiчога не казаў. Зрэшты, мо i гаварыў, але ты прачнуўся, i я выключыла магнiтафон. Але ўсё адно я пачула шмат, каб зразумець, што я не чалавек, а толькi iнструмент.

- Што ты кажаш, Хэры!

- Так, iнструмент. Для вывучэння тваiх рэакцый. Ну, штосьцi накшталт гэтага. У кожнага з вас ёсць такi... такая, як я. Усё грунтуецца на ўспамiнах або на ўяўленнi... Зрэшты, ты ведаеш лепш, чым я. Ён расказаў такiя страшныя, неверагодныя рэчы, i, калi б усё не супадала, я не паверыла б!

- Што супадала?

- Ну, што мне не трэба спаць i я павiнна быць заўсёды каля цябе. Учора ранiцай я яшчэ думала, што ты мяне ненавiдзiш, i таму была нешчаслiвая. Божухна, якая я была дурная! Але скажы, скажы сам, цi магла я сабе ўявiць?.. Гiбарыян зусiм не ненавiдзеў гэтую сваю, а што ён пра яе гаварыў! Толькi тады я зразумела: што я нi зраблю, не мае нiякага значэння, бо хачу я альбо не хачу, а для цябе гэта ўсе роўна пакуты. Не, нават горай, бо крынiца пакут гэта штосьцi нежывое. Яна нi ў чым не вiнаватая, як i камень, якi можа ўпасцi i забiць. А што крынiца пакут можа хацець дабра i кахаць, гэтага я i ўявiць не магла. Мне хацелася б табе расказаць, што я адчувала пасля, калi зразумела, калi слухала плёнку. Мо табе спатрэбiцца. Я нават паспрабавала запiсаць...

- Таму ты запалiла святло? - спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.

- Так. Але нiчога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш... iх - нешта зусiм iншае, я проста вар'яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьцi такое... што я... што я толькi абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?

- Разумею.

- Калi ноччу ляжыш без сну, да чаго толькi не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж i сам ведаеш...

- Ведаю...

- Але я адчувала сваё сэрца i памятала, што ты зрабiў аналiз маёй крывi. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.

- Такая, як i ў мяне.

- Праўда?

- Клянуся.

- Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно... магчыма, вельмi маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хiтрасць з майго боку, бо я вельмi баялася таго, што хацела зрабiць, i шукала iншага выйсця. Але, Крыс, калi ў мяне такая ж кроў... калi ўсё так, як ты гаворыш, тады... Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такi ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусiм нармальна... i нiчога не ведаю... калi б я гэтым думала, то павiнна была б адразу ўсё ведаць i не кахаць цябе, толькi рабiць выгляд i разумець, што раблю выгляд... Крыс, скажы мне, калi ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабiць?

- Што iменна?

Хэры маўчала.

- Ты хочаш памерцi?

- Бадай што так.

Наступiла цiшыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маiх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя блiскучыя iнструменты, нiбыта шукаў штосьцi вельмi патрэбнае i не мог адшукаць.

- Хэры, можна i мне сказаць?

Назад Дальше