Салярыс (на белорусском языке) - Станислав Лем 8 стр.


Я здзiўлена паглядзеў на яго. Урэшце ў яго маглi не вытрымаць нервы, падумаў я, нават калi тое, што адбываецца на Станцыi, нельга вытлумачыць вар'яцтвам. Рэактыўны псiхоз?.. - прамiльгнула ў мяне думка, калi Снаўт пачаў цiхенька смяяцца.

- Зноў ставiш мне дыягназ? Не спяшайся. Па сутнасцi ты сутыкнуўся з гэтым у такой лёгкай форме, што нiчога не зразумеў!

- Ага! Д'ябал злiтаваўся з мяне.

Размова пачынала нерваваць.

- Што ты, уласна, хочаш? Каб я сказаў табе, што рыхтуюць супраць нас iкс бiльёнаў кубаметраў метафарычнай плазмы? Магчыма, нiчога.

- Як гэта нiчога? - спытаўся я здзiўлена.

Снаўт па-ранейшаму ўсмiхаўся.

- Ты ж ведаеш: навука займаецца толькi тым, як адбываецца штосьцi, а не тым, чаму адбываецца. Як? Усё пачалося праз восем або дзевяць дзён пасля эксперыменту з апраменьваннем рэнтгенам. Магчыма, Акiян адказаў на наша апраменьванне нейкiм сваiм, магчыма, прашчупваў прамянямi наш мозг i выводзiў з яго пэўныя псiхiчныя працэсы, так бы мовiць - iнкапалiраваныя.

- Iнкапалiраваныя? Гэта мяне зацiкавiла.

- Так, працэсы, адарваныя ад усяго iншага, замкнутыя ў сабе, сцiснутыя, замураваныя, нейкiя запальныя астраўкi памяцi. Ён палiчыў iх за праект... за рэцэпт... Бо ты ж ведаеш, якое падабенства маюць памiж сабой асiметрычныя крышталi храмасом i тых нуклеiнавых спалучэнняў царабразiдаў, якiя з'яўляюцца асновай працэсаў запамiнання... Спадчынная плазма гэта плазма "запамiнання". Значыць, ён здабыў гэта з нас, зарэгiстраваў, а пасля - сам ведаеш, што было пасля. Але чаму ён гэта зрабiў? О! Ва ўсякiм выпадку не дзеля таго, каб знiшчыць нас. Знiшчыць нас можна значна прасцей. Наогул - з яго тэхналагiчнымi магчымасцямi - ён мог зрабiць усё, што хацеў, напрыклад, замянiць нас двайнiкамi.

- Ага! - выгукнуў я. - Вось чаму ты так спалохаўся мяне тым першым вечарам!

- Так. Зрэшты, - дадаў Снаўт, - магчыма, што ён так i зрабiў. Адкуль ты ведаеш, што я сапраўды тое старое добрае Мышаня, якое прыляцела сюды два гады таму...

Снаўт хiхiкнуў, нiбыта меў асалоду ад маёй разгубленасцi, але адразу ж стаў сур'ёзны.

- Не, не, - прамармытаў ён, - i так хапае ўсяго, аж занадта... Вiдаць, адрозненняў значна больш, але я ведаю адно: i мяне i цябе можна забiць.

- А iх нельга?

- Нават не спрабуй. Страшны малюнак!

- Нiчым?

- Не ведаю. Ва ўсякiм выпадку iх нельга нi атруцiць, нi зарэзаць, нi задушыць...

- А калi атамным раскiдальнiкам прамянёў?

- А ты здолеў бы?

- Не ведаю. Калi лiчыць, што яны не людзi...

- У пэўным сэнсе яны людзi. Суб'ектыўна яны людзi. Яны не разумеюць сэнсу... свайго... паходжання. Ты, вiдаць, заўважыў гэта?

- Так, заўважыў. Але... якi гэта мае выгляд?

- Яны рэгенеруюць у неверагодным тэмпе. У немажлiвым тэмпе, проста на вачах, павер мне, i зноў пачынаюць паводзiць сябе як... як...

- Як?

- Як iх вобразы, якiя жывуць у нашай памяцi, на аснове якой...

- Так, гэта праўда, - згадзiўся я.

На маiх абгарэлых шчоках раставала мазь i капала на рукi. Я не звяртаў на гэта ўвагi.

- А Гiбарыян ведаў?.. - нечакана спытаўся я.

Снаўт зiрнуў на мяне ўважлiва.

- Цi ведаў ён тое, што i мы?

- Ага.

- Я амаль што ўпэўнены.

- Адкуль ты ведаеш? Ён табе казаў?

- Не. Але я знайшоў у яго адну кнiгу...

- "Малы Апокрыф"?! - закрычаў я i сарваўся з месца.

- Так. А адкуль ты ведаеш? - занепакоена спытаўся Снаўт i вылупiўся на мяне.

Я адмоўна пакiваў галавой.

- Не хвалюйся. Ты ж бачыш, што я апечаны i зусiм не рэгенерую, - супакоiў я. - Ведаеш, ён пакiнуў мне пiсьмо. Яно было ў кабiне.

- Гэта праўда?! Пiсьмо? Што ў iм напiсана?

- Не надта шмат. Гэта хутчэй запiска, а не пiсьмо. Бiблiяграфiчная даведка да "Салярыстычнага дадатку" i да гэтага "Апокрыфа". Што гэта такое?

- Даўняя гiсторыя. Мо яна нам што-небудзь дасць. Трымай.

Снаўт дастаў з кiшэнi тоненькую кнiгу ў скураным пераплёце з патрапанымi вугалкамi i працягнуў мне.

- А Сарторыус?.. - спытаўся я, хаваючы кнiгу.

- Што Сарторыус? У такой сiтуацыi кожны паводзiць сябе як... умее. Ён iмкнецца трымацца нармальна, для яго гэта азначае - афiцыйна.

- Ну, ты ведаеш!

- Але ж гэта так. Я аднойчы трапiў з iм у сiтуацыю, падрабязнасцi якой не маюць асаблiвага значэння, дастаткова сказаць, што ў нас на восем чалавек засталося пяцьсот кiлаграмаў кiслароду. Адзiн за адным пакiдалi мы свае звыклыя штодзённыя заняткi, у рэшце рэшт мы ўсе хадзiлi няголеныя, толькi ён галiўся, чысцiў туфлi. Такi ўжо ён чалавек. Вядома, што б зараз нi зрабiў Сарторыус, усё будзе або прытворствам, або камедыяй, або злачынствам.

- Злачынствам?

- Ну няхай не злачынствам. Можна прыдумаць якое-небудзь iншае слова. Напрыклад, "рэактыўны развод". Падабаецца?

- Ты вельмi дасцiпны, - прамовiў я.

- А ты хацеў, каб я плакаў? Прапануй што-небудзь сам.

- Ат, не чапай ты мяне.

- Не, я сур'ёзна: ты ведаеш цяпер амаль тое, што i я. У цябе ёсць якi-небудзь план?

- Якi там план? Я не ўяўляю, што буду рабiць, калi... зноў з'явiцца. Павiнна ж з'явiцца?

- Вiдаць, павiнна.

- А як яны трапляюць на Станцыю, Станцыя ж зачынена герметычна? А мо абшыўка...

Снаўт пакруцiў галавой.

- Справа не ў абшыўцы. Не маю паняцця як. Часцей госцi з'яўляюцца, калi прачынаешся, але ж час ад часу трэба i паспаць.

- А калi замкнуцца?

- Дапамагае не вельмi доўга. Ёсць iншыя спосабы... сам ведаеш якiя.

Снаўт устаў. Я таксама.

- Паслухай, Снаўт... Ты гатовы лiквiдаваць Станцыю, але хочаш, каб такая прапанова зыходзiла ад мяне?

Снаўт пакруцiў галавой:

- Усё не так проста. Вядома, мы заўсёды можам уцячы, хоць бы на Сатэлоiд, i адтуль падаць сiгнал SOS. Нас палiчаць, вядома, вар'ятамi - якi-небудзь санаторый на Зямлi, аж да той пары, пакуль усе мы спакойна не адмовiмся ад сваiх слоў, - бо здараюцца ж выпадкi масавага псiхозу на гэткiх iзаляваных участках... Гэта было б не сама горшае. Сад, цiшыня, белыя пакоi, прагулкi з санiтарамi...

Снаўт гаварыў надзвычай сур'ёзна, трымаючы рукi ў кiшэнях, уперыўшыся невiдушчымi вачыма ў кут. Чырвонае сонца ўжо схавалася за гарызонтам, i грывастыя хвалi Акiяна пераплавiлiся ў чарнiльную пустыню. Неба палымнела. Над гэтым двухколерным, невыразна змрочным пейзажам плылi воблакi з лiловымi берагамi.

- Ты хочаш уцячы? Хочаш? Цi пакуль што не?

Снаўт усмiхнуўся:

- Нязломны заваёўнiк... ты яшчэ не ўсё пакаштаваў, iначай ты не прыставаў бы. Справа не ў тым, чаго я хачу, а ў тым, якая ёсць магчымасць.

- Якая магчымасць?

- Не ведаю.

- Значыць, застаёмся тут? Ты думаеш, мы знойдзем спосаб...

Снаўт зiрнуў на мяне, хударлявы, з маршчынiстым тварам, на якiм лушчылася скура.

- Хто ведае. А мо ўсё акупiцца, - прамовiў нарэшце. - Бадай, пра Акiян мы не даведаемся нiчога, але, магчыма, пра сябе...

Снаўт павярнуўся, узяў свае паперы i выйшаў. Я хацеў спынiць яго, ужо i рот адкрыў, але не прамовiў нi слова. Рабiць не было чаго; заставалася толькi чакаць. Я падышоў да iлюмiнатара i пазiраў на крывава-чорны Акiян, хоць амаль не бачыў яго. У мяне з'явiлася думка - а мо схавацца ў якой-небудзь ракеце на касмадроме - думка несур'ёзная, нават неразумная: усё адно, рана цi позна мне давялося б выйсцi адтуль. Я сеў каля iлюмiнатара, дастаў кнiгу, якую даў мне Снаўт. Было яшчэ даволi светла. Увесь пакой гарэў чырвоным святлом, старонкi таксама пачырванелi. Кнiга ўяўляла складзены нейкiм Ота Равiнцарам, магiстрам па фiласофii, зборнiк артыкулаў i прац, па праўдзе кажучы, сумнiцельных. Кожную навуку суправаджае якая-небудзь псеўданавука - дзiўнае скажэнне навукi ў галовах пэўнага кола людзей: астралогiя - карыкатура на астраномiю, у хiмii некалi была алхiмiя; зразумела, вядома, што нараджэнне салярыстыкi суправаджалася сапраўдным выбухам вучонасцi дзiвакоў. У кнiзе Равiнцара было менавiта такое псеўданавуковае варыва, ад якога, варта прызнацца, сам складальнiк рашуча адмяжоўваўся ў сваёй прадмове. Ён проста лiчыць, i не без падстаў, што такi зборнiк можа служыць каштоўным дакументам эпохi як для гiсторыкаў, так i для псiхолагаў навукi.

Рапарт Бертана займаў у кнiзе значнае месца. Ён складаўся з некалькiх частак. Спачатку iшлi надта лаканiчныя запiсы ў бартавым журнале.

3 14.00 да 16.40 умоўнага часу экспедыцыi запiсы былi кароткiя i аднастайныя.

Вышыня 1000 - альбо 1200 - альбо 800 метраў - нiчога не заўважана - Акiян пусты.

Запiс паўтараўся некалькi разоў.

16.40: падымаецца чырвоны туман. Бачнасць 700 метраў. Акiян пусты.

17.00: туман згушчаецца, штыль, бачнасць 400 метраў, ёсць праясненнi. Знiжаюся да 200 метраў.

17.20: знаходжуся ў тумане. Вышыня 200 метраў. Бачнасць 20-40 метраў. Штыль. Падымаюся на 400.

17.45: вышыня 500. Суцэльны туман да самага гарызонту. У тумане лейкападобныя адтулiны, праз якiя трохi бачна паверхня Акiяна. У iх нешта адбываецца. Спрабую ўвайсцi ў адну з лейкападобных адтулiн.

17.52: бачу падабенства вiру - ён выкiдае жоўтую пену. Вiр акружае сцяна туману. Вышыня 100. Знiжаюся да 20.

На гэтым канчаўся бартавы журнал Бертана. Працяг так званага рапарта складалi вытрымкi з гiсторыi хваробы, а больш дакладна - тэкст паказанняў Бертана i пытаннi сябраў камiсii.

"Бертан: Калi я знiзiўся на трыццаць метраў, трымацца на такой вышынi стала цяжка, бо ў круглым, вольным ад туману прасвеце дзьмуў парывiсты вецер. Мне давялося ўважлiва сачыць за кiраваннем, таму я нейкi час - хвiлiн 10 або 15 - не выглядваў з кабiны. У вынiку я, сам таго не жадаючы, увайшоў у туман, мяне загнаў туды моцны парыў ветру. Гэта быў не звычайны туман, а нешта накшталт калоiднай суспензii: усе вокны былi зацягнуты ёй. Iх было вельмi цяжка ачысцiць. Суспензiя вельмi лiпучая. Тым часам у вынiку супрацiўлення таго, што я называю туманам, абароты вiнта зменшылiся адсоткаў на трыццаць, i я пачаў губляць вышыню. Ляцеў зусiм нiзка i баяўся, каб не капатаваць на хвалю, таму даў поўны газ. Машына перастала знiжацца, але вышынi не набiрала. У мяне заставалася яшчэ чатыры патроны ракетных паскаральнiкаў. Я не скарыстаў iх, бо лiчыў, што сiтуацыя можа ўскладнiцца i яны мне яшчэ спатрэбяцца. На поўных абаротах узнiкла вельмi моцная вiбрацыя, вiдаць, незвычайная суспензiя абляпiла вiнт, аднак стрэлка замеру вышынi па-ранейшаму стаяла на нулi, i я нiчога не мог зрабiць. Сонца я не бачыў з той хвiлiны, як увайшоў у туман, але там, дзе яно павiнна было знаходзiцца, туман чырвона свяцiўся. Я рабiў кругi, спадзеючыся ў рэшце рэшт выйсцi ў прасвет, свабодны ад туману, i сапраўды, прыкладна праз паўгадзiны мне гэта ўдалося. Я апынуўся на чыстым участку ў форме амаль што правiльнага круга дыяметра некалькi соцень метраў, вакол якога клубiўся туман, быццам там былi моцныя паветраныя струменi. Таму я iмкнуўся, як гэта дазвалялi абставiны, трымацца ў цэнтры "дзiркi": там было цiшэй. Я заўважыў, што паверхня Акiяна змянiлася. Хвалi амаль знiклi, а верхнi слой вадкасцi, з якой складаецца Акiян, стаў напалову празрыстым, з дымчатымi плямамi. Яны паступова знiкалi. Неўзабаве верхнi слой стаў зусiм празрыстым, i праз яго тоўшчу, якая мела некалькi метраў, я мог зазiрнуць углыбiню. Там збiралася нешта накшталт жоўтай каламуцi, якая тонкiмi вертыкальнымi струменямi падымалася ўгору; калi яна ўсплывала на паверхню, то гэтая субстанцыя пачынала блiшчаць, бурлiла, пенiлася i застывала, нагадваючы густы падгарэлы цукровы сiроп. Гэтае рэчыва - цi то гразь, цi то слiзь - утварала патаўшчэннi, нарасты на паверхнi, якiя былi падобны на каляровую капусту, i паступова прымала сама разнастайныя формы. Мяне пачало зносiць у туман, я мусiў заняцца вiнтом i рулём, а калi праз некалькi хвiлiн выглянуў, то ўбачыў унiзе нешта накшталт саду. Так, накшталт саду. Я бачыў карлiкавыя дрэвы, жывы плот, сцяжынкi - не сапраўдныя, а з таго ж самага рэчыва, якое, калi зусiм застыла, нагадвала жаўтлявы гiпс. Так гэта выглядала; уся паверхня iльснiлася, я апусцiўся, як толькi здолеў, каб дасканала ўсё гэта агледзець.

"Бертан: Калi я знiзiўся на трыццаць метраў, трымацца на такой вышынi стала цяжка, бо ў круглым, вольным ад туману прасвеце дзьмуў парывiсты вецер. Мне давялося ўважлiва сачыць за кiраваннем, таму я нейкi час - хвiлiн 10 або 15 - не выглядваў з кабiны. У вынiку я, сам таго не жадаючы, увайшоў у туман, мяне загнаў туды моцны парыў ветру. Гэта быў не звычайны туман, а нешта накшталт калоiднай суспензii: усе вокны былi зацягнуты ёй. Iх было вельмi цяжка ачысцiць. Суспензiя вельмi лiпучая. Тым часам у вынiку супрацiўлення таго, што я называю туманам, абароты вiнта зменшылiся адсоткаў на трыццаць, i я пачаў губляць вышыню. Ляцеў зусiм нiзка i баяўся, каб не капатаваць на хвалю, таму даў поўны газ. Машына перастала знiжацца, але вышынi не набiрала. У мяне заставалася яшчэ чатыры патроны ракетных паскаральнiкаў. Я не скарыстаў iх, бо лiчыў, што сiтуацыя можа ўскладнiцца i яны мне яшчэ спатрэбяцца. На поўных абаротах узнiкла вельмi моцная вiбрацыя, вiдаць, незвычайная суспензiя абляпiла вiнт, аднак стрэлка замеру вышынi па-ранейшаму стаяла на нулi, i я нiчога не мог зрабiць. Сонца я не бачыў з той хвiлiны, як увайшоў у туман, але там, дзе яно павiнна было знаходзiцца, туман чырвона свяцiўся. Я рабiў кругi, спадзеючыся ў рэшце рэшт выйсцi ў прасвет, свабодны ад туману, i сапраўды, прыкладна праз паўгадзiны мне гэта ўдалося. Я апынуўся на чыстым участку ў форме амаль што правiльнага круга дыяметра некалькi соцень метраў, вакол якога клубiўся туман, быццам там былi моцныя паветраныя струменi. Таму я iмкнуўся, як гэта дазвалялi абставiны, трымацца ў цэнтры "дзiркi": там было цiшэй. Я заўважыў, што паверхня Акiяна змянiлася. Хвалi амаль знiклi, а верхнi слой вадкасцi, з якой складаецца Акiян, стаў напалову празрыстым, з дымчатымi плямамi. Яны паступова знiкалi. Неўзабаве верхнi слой стаў зусiм празрыстым, i праз яго тоўшчу, якая мела некалькi метраў, я мог зазiрнуць углыбiню. Там збiралася нешта накшталт жоўтай каламуцi, якая тонкiмi вертыкальнымi струменямi падымалася ўгору; калi яна ўсплывала на паверхню, то гэтая субстанцыя пачынала блiшчаць, бурлiла, пенiлася i застывала, нагадваючы густы падгарэлы цукровы сiроп. Гэтае рэчыва - цi то гразь, цi то слiзь - утварала патаўшчэннi, нарасты на паверхнi, якiя былi падобны на каляровую капусту, i паступова прымала сама разнастайныя формы. Мяне пачало зносiць у туман, я мусiў заняцца вiнтом i рулём, а калi праз некалькi хвiлiн выглянуў, то ўбачыў унiзе нешта накшталт саду. Так, накшталт саду. Я бачыў карлiкавыя дрэвы, жывы плот, сцяжынкi - не сапраўдныя, а з таго ж самага рэчыва, якое, калi зусiм застыла, нагадвала жаўтлявы гiпс. Так гэта выглядала; уся паверхня iльснiлася, я апусцiўся, як толькi здолеў, каб дасканала ўсё гэта агледзець.

Камiсiя: Цi было на дрэвах i раслiнах, якiя ты бачыў, лiсце?

Бертан: Не. Гэта было нешта накшталт макета. Так, гэта нагадвала макет. Але бадай што макет у натуральную велiчыню. Мiнула хвiлiна, i ўсё пачало крышыцца i ламацца, праз абсалютна чорныя трэшчыны на паверхню палезла густая слiзь, частка яе сцякала, а частка заставалася i застывала, усё забурлiла, пакрылася пенай, я нiчога больш не бачыў, акрамя пены. Адначасова на мяне пачаў наступаць туман, я павялiчыў абароты i падняўся на трыста метраў.

Камiсiя: Ты цвёрда перакананы, што ўбачанае табой нагадвала сад - i больш нiчога?

Бертан: Так. Я ж заўважыў там розныя дэталi: напрыклад, у адным кутку, памятаю, стаялi побач квадратныя скрыначкi. Пазней мне стукнула ў галаву, што гэта магла быць пасека.

Камiсiя: Пазней стукнула табе ў галаву? А хiба не ў той момант, калi ты ўбачыў?

Бертан: Не, бо ўсё гэта было як з гiпсу. Я бачыў i iншыя рэчы.

Камiсiя: Якiя рэчы?

Бертан: Не магу сказаць якiя, я не паспеў iх як след разгледзець. Здаецца, пад некаторымi кустамi ляжалi нейкiя прадметы, даўгаватыя, з зубамi, яны былi падобны на гiпсавыя злепкi з маленькiх садовых машын. Але ў гэтым я не ўпэўнены. А ў тым, што казаў раней, не сумняваюся.

Камiсiя: А ты не думаў, што ў цябе галюцынацыi?

Бертан: Не. Я думаў, што гэта мiраж. Пра галюцынацыi не можа быць i гаворкi: па-першае, я адчуваў сябе нармальна, па-другое, iх у мяне наогул нiколi не было. Калi я падняўся на вышыню 300 метраў, туман унiзе пада мной, пранiзаны лейкамi, быў падобны на сыр. Адны з гэтых дзiрак былi пустыя, праз iх бачны хвалi Акiяна, у iншых нешта клубiлася. Я знiзiўся ў адну з леек i з вышынi сарака метраў убачыў, што пад паверхняй Акiяна - зусiм неглыбока ляжыць як быццам сцяна вельмi вялiкага будынка; яна выразна бачылася праз хвалi, у ёй знаходзiлiся радкi правiльнай формы адтулiн, падобных на вокны; у некаторых вокнах, па-мойму, нешта рухалася, але ў гэтым я не цалкам упэўнены. Сцяна стала пакрысе падымацца i выступаць з Акiяна, з яе цэлымi вадаспадамi сцякала слiзь i звiсалi нейкiя пражылкi. Раптам сцяна развалiлася на дзве часткi i пачала хутка апускацца ў глыбiню, а пасля знiкла. Я зноў набраў вышыню i ляцеў проста над туманам - шасi амаль дакраналiся да яго. Наступны лейкападобны прасвет быў у некалькi разоў большы за першы. Яшчэ здалёку я ўбачыў: там плавае нешта светлае, амаль белае, абрысы нагадвалi фiгуру чалавека. Я падумаў - мо гэта скафандр Фехнера? Баючыся згубiць гэтае месца, я крута развярнуў машыну. Фiгура крыху прыўзнялася: здавалася, яна плыве або стаiць да пояса ў хвалях. Я занадта паспешна лiквiдаваў вышыню i адчуў, як шасi зачапiлiся за нешта мяккае - напэўна, за грэбень хвалi, даволi высокай у гэтым месцы. Чалавек - так, менавiта чалавек - быў без скафандра, i ўсё адно ён шавялiўся.

Камiсiя: Ты бачыў яго твар?

Бертан: Бачыў.

Камiсiя: Хто гэта быў?

Бертан: Дзiця.

Камiсiя: Якое дзiця? Ты бачыў яго калi-небудзь раней?

Бертан: Не. Нiколi. Ва ўсякiм выпадку я гэтага не памятаю. Як толькi я наблiзiўся - напачатку мяне аддзяляла ад яго метраў сорак, а мо крыху больш, я адразу зразумеў, што тут штосьцi не так.

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе?

Бертан: Зараз растлумачу. Спачатку я разгубiўся, а пасля зразумеў: дзiця было незвычайна вялiкага росту. Мала сказаць - велiкан. Яно было метры чатыры. Помню дакладна: калi шасi стукнулася аб хвалю, твар дзiцяцi знаходзiўся крыху вышэй за мой твар, а я, хоць i сядзеў у кабiне, быў, вiдаць, метры за тры ад паверхнi Акiяна.

Камiсiя: Калi яно было такое вялiкае, чаму ты лiчыш, што гэта дзiця?

Бертан: Таму, што яно было зусiм маленькае.

Камiсiя: Цi не здаецца табе, што твой адказ нелагiчны?

Бертан: Не. Не здаецца. Я бачыў яго твар. Ды i склад цела быў дзiцячы. Яно здалося мне амаль... амаль грудным. Не, не тое. Яму магло быць два альбо тры гады. У яго былi чорныя валасы i блакiтныя вочы - вялiзныя! Яно было голае, зусiм голае, нiбыта толькi што нарадзiлася. I мокрае, а больш дакладна пакрытае слiззю, скура яго блiшчала.

Гэты малюнак страшна падзейнiчаў на мяне. Больш я не верыў нiякiм мiражам. Бо я разгледзеў дзiця надта добра. Хвалi хiсталi яго, i, акрамя таго, яно само рухалася, гэта было агiдна!

Камiсiя: Чаму? Што яно рабiла?

Бертан: Яно было падобна на музейны экспанат, на нейкую ляльку, толькi жывую. Адкрывала, заплюшчвала вочы, выконвала розныя рухi - агiдныя рухi! Вось iменна, агiдныя. Бо рухi былi не яго.

Камiсiя: Як гэта зразумець?

Бертан: Я быў метраў за пятнаццаць ад яго, ну мо за дваццаць. Я ўжо казаў, якое яно вялiкае, таму я вельмi добра яго бачыў. Вочы яго блiшчалi, яно здавалася жывым, але вось рухi... Нiбыта нехта спрабаваў... быццам нехта праводзiў выпрабаваннi...

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе? Пастарайся растлумачыць дакладна.

Бертан: Не ведаю, цi ўдасца. Так мне падалося. Iнтуiтыўна. Я не iмкнуўся разабрацца ў сваiх уражаннях. Рухi былi ненатуральныя.

Камiсiя: Ты маеш на ўвазе, што рукi, напрыклад, рухалiся так, быццам у iх наогул не было суставаў?

Бертан: Не. Не тое. Проста... Рухi не мелi нiякага сэнсу. Бо кожны рух мае свой сэнс, нечаму служыць...

Камiсiя: Ты так лiчыш? Рухi груднога дзiцяцi не заўсёды мэтанакiраваныя.

Бертан: Ведаю. Але рухi немаўляцi бязладныя, не скаардынаваныя. А гэтыя... так, гэтыя рухi былi метадычныя. Яны чаргавалiся, паўтаралiся. Нiбы нехта спрабаваў высветлiць, што iменна дзiця можа зрабiць рукамi, а што - тулавам i ротам. Але страшней за ўсё быў твар, вiдаць, таму, што твар звычайна надта выразны, а тут ён быў як... не, не магу растлумачыць. Твар быў жывы, але не чалавечы, разумееце, рысы твару, вочы, скура - усё як у чалавека, а выраз, мiмiка - не.

Камiсiя: Мо дзiця корчыла грымасы? Цi ведаеш ты, якi выгляд мае твар чалавека пад час прыступу эпiлепсii?

Бертан: Ведаю. Я назiраў такi прыступ. Разумею пытанне. Не, тут было iншае. Пад час эпiлепсii - сутаргi i канвульсii, а тут - абсалютна плаўныя i бесперапынныя рухi, з пералiвамi, калi так можна сказаць. I твар, з тварам было тое самае. Не бывае так, каб адна палова твару была вясёлая, а другая самотная, адна частка выяўляла пагрозу або спалох, а другая ўрачыстасць або што-небудзь падобнае, а тут было менавiта так. Акрамя таго, i рухi, i мiмiка змянялiся незвычайна хутка. Я быў там не вельмi доўга, секунд дзесяць. Не ведаю нават, цi дзесяць.

Камiсiя: I ты заяўляеш, што ўсё разгледзеў за некалькi секунд? Дарэчы, як ты вызначыў, колькi мiнула часу? Ты глядзеў на гадзiннiк?

Назад Дальше