Колас Якуб Новая зямля (на белорусском языке)
Якуб Колас
Новая зямля
Паэма
I. ЛЕСНIКОВА ПАСАДА
Мой родны кут, як ты мне мiлы!..
Забыць цябе не маю сiлы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсцi яшчэ раз, азiрнуцца,
Сабраць з дарог каменнi тыя,
Што губяць сiлы маладыя,
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
Вясна, вясна! не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю,
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабiўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам
Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе
Нiхто з гранiц сваiх не выйдзе,
З законаў, жыццем напiсаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой цi снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!..
Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынiчкi вузенькая ложа
I елка ў пары з хваiною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошнi вечар расставання.
I бачу лес я каля хаты,
Дзе колiсь весела дзяўчаты
Спявалi песнi дружным хорам,
З работ iдучы позна борам.
Няслiся зыкi песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбiвалiсь,
I iм узгоркi адклiкалiсь,
I радасць бiла ў песнях вольных.
А хвоi, елкi векавыя
Пад зыкi песень маладыя
Маўчком стаялi ў нейкай думе,
I ў iх цiхусенечкiм шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.
Каля пасады леснiковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокi лес цянiсты.
Тут верх асiны круглалiсты
Сплятаўся з хвоямi, з дубамi,
А елкi хмурымi крыжамi
Высока ў небе выдзялялiсь,
Таемна з хвоямi шапталiсь.
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялi,
I так маркотна пазiралi
Iх задуменныя галовы!
Лес наступаў i расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся;
А дзе прыгожыя загiбы
Так мiла йшлi каля сядзiбы,
Што проста iмi б любаваўся.
А знiзу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькiя шаты
Лазы, чаромхi цi крушыны,
Алешын лiпкiх, верабiны.
Глядзiш, бывала, i здаецца,
Што скрозь сцяну галiн жывую,
Скрозь гэту тканку маладую
Нi мыш, нi пташка не праб'ецца.
Цякла тут з лесу невялiчка
Травой заросшая крынiчка,
Абодва берагi каторай
Лазняк, ракiтнiк абступалi;
Бруiлiся ў цяньку iх хвалi
I ў луг чуць значнаю разорай
Iшлi спакойна мiж чаротаў,
Рабiлi многа заваротаў,
Аж покi ў Нёман не ўцякалi.
Зялёны луг, як скiнуць вокам,
Абрусам пышным i шырокiм
Абапал Нёмна рассцiлаўся
За хатай зараз пачынаўся
Ды йшоў квяцiстай раўнiною
З мурожнай слаўнаю травою
I ззяў на сонцы ў пералiвах
Пяшчотных тонаў. Як на нiвах
Жыта збажынкi лёгка гнуцца
I людзям радасна смяюцца
Сваiм прыемным, мiлым спевам
Пад лёгкiм ветрыку павевам,
Так гнуцца, гойдаюцца травы,
Як пройме ветрык iх ласкавы,
I пойдуць хвалi травяныя
З прыемным спевам чарадою,
Зашэпчуць краскi мiж сабою,
Нiбы дзяўчаткi маладыя.
Эх, луг шырокi! Як жывы, ты,
Праменнем сонейка залiты,
Увесь стаiш перад вачыма,
Ты мiл i смуцен, як радзiма,
Як наша цiхая старонка,
Дзе смугi сiняя пялёнка
У летнi час дымком звiсае
I даль задумай спавiвае.
Хоць я няволяй цяжка змучан
I з родным берагам разлучан,
Ды я душою ажываю,
Як вокам мыслi азiраю
Цябе, мой луг i бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны,
Дубы дзе дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою
Даўнейшых спраў вартаўнiкамi
I ззяюць грозна жараламi.
I толькi тут, пад iх чародкай,
Улетку, добраю пагодкай,
Касьбой утомлены, спачынеш
I думкi клопату пакiнеш,
Заснуўшы крэпка i салодка.
Тут так прахладна, так прывольна!
А пташкi голасна i здольна
Смяюцца мiлым шчабятаннем
I поўняць луг сваiм спяваннем.
А на дубах, як шапкi тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы клякочуць, бусляняты
Пiшчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закiдваюць угору
I просяць есцi ў сваю пору.
А там, дзе буслiкi ўздужалi,
Iх пачынаюць вабiць далi;
Яны пачулi ў сабе сiлы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
I неуклюднымi нагамi
Танцуюць смешна над дубамi.
Там, у падсуседзях з бусламi,
I вераб'i, шпакi вядуцца;
Клапотна шчэбеты нясуцца
I моўкнуць позна вечарамi.
Ў дубах крычаць сiваваронкi,
I свiст над лугам рэзкi, звонкi
Каршун маркотна так раняе
I нейкi смутак закiдае.
Эх, луг шырокi! Як жывы, ты,
Травой мурожнаю закрыты,
Стаiш зялёны прада мною
I ззяеш дзiўнаю красою!
Як дзве старэнькiя кабеткi,
К каторым старасць неўзаметкi
Падкраўшысь злодзеем срэдзь ночы,
Як смачны сон змыкае вочы,
Красу i крэпасць забiрае
I ўсю iх жывасць выкрадае
Ды кiне iх адных, старэнькiх,
Адных, як перст, i чуць жывенькiх
I непатрэбных анiкому
На цягасць жыццю маладому,
Так каля хаты, у садочку,
Схiлiўшысь цiхенька ў куточку,
Стаялi дзве вярбы старыя,
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалi,
На свет вясёла пазiралi.
Галлё спусцiўшы над парканам,
Расла тут грушка з тонкiм станам;
Па-над парканам пышным валам
Стаяў вiшняк густы, прыўдалы.
Садок быў, праўда, невялiчкi:
Дзве верабiны ды тры дзiчкi
Ды мiж верб лiпка маладая,
Бы iх унучка дарагая.
Але як весела i мiла
Тут пчолка ў вуллях гаманiла!
I як прыемна пахла мёдам!
Пладзiлiсь пчолкi з кожным годам:
Штолета вулляў прыбывала
На пчолкi вельмi шанцавала.
Гул iх стаяў i ўдзень i ўночы.
Бывала, ўлетку, ў час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
- Го, тата! дзядзька! выйшлi пчолы!
На вiшнi селi каля плоту!
Мужчыны кiдалi работу,
Касьбу над рэчкай за кустамi,
I беглi шыбка, каб часамi
На лес дзе пчолкi не зляцелi,
Дык iх там пiльненька глядзелi.
На прыгуменнi, поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя санi, восi, колы
I вулляў некалькi на пчолы,
Яшчэ някончаных; судзiна,
Стары цабэрак, паўасмiна
I розны хлам i лом валяўся,
Ад сонца, дожджыку хаваўся
Патрэбны рэчы, ёсць вядома!
Гуменца, крытае саломай,
Ад доўгiх часаў пасiвела;
Салома кудламi вiсела,
Яе вятры параздзiмалi,
А трохi хлопцы пасцягалi,
На стрэху лазячы, бывала,
Iх гэта забаўка займала.
А пад шчытом на павуцiне
Нiшчымны колас-сiрацiна
Ў зацiшку лёгенька гайдаўся;
З якiх ён часаў там трымаўся,
То Бог яго святы ўжо знае!
Будоўля, больш яшчэ старая,
З гнiлой, вагнутаю страхою
Стаяў хлявец якраз напроцi
I чуць лiпеў, як бы на плоце
Гаршчок, разбiты качаргою.
Стары, паедзены чарвямi,
Набок пахiлены вятрамi,
Глядзеў хлеў гэты старычынай,
Пахiлай доляй жабрачынай;
А збоку, ў полi, недалёка
Стаяў прыгрэбнiк адзiнока,
Пахiлкам, горкiм сiратою,
У дол упёршыся страхою.
Ў глыбi двара стаяла хата
I выглядала зухавата
Памiж запушчанай будовы,
Як бы шляхцянка засцянкова,
Што ў дзень святы каля касцёла,
Чуць-чуць падняўшы край падола,
Так важна ходзiць з парасонам,
Спаднiцай верцiць, як агонам,
З дарожак пыл, пясок зганяе
I ў вочы хлопцам заглядае.
За хатай поле пачыналась,
Дзе жыта хораша гайдалась
I рос авёс, ячмень i грэчка,
Было прытульнае гняздзечка!..
Мой родны кут, лугi, крынiца!
Цяпер для вас я - чужанiца.
Той самы лес, палеткi тыя,
Ды людзi там жывуць другiя.
Мне душу смуткам напаўняе,
Што ў прошласць канулi гадочкi,
Мае шчаслiвыя дзянёчкi,
Прайшла, вясна ты маладая!
Цяпер разгорнем часаў шаты,
Блiжэй прыгледзiмся да хаты,
Да Мiхася i да Антося,
Як там вялося, як жылося.
II. РАНIЦА Ў НЯДЗЕЛЬКУ
Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блiнцы пяклiся на сняданне,
I ўжо пры печы з чапялою
Стаяла мацi... Пад рукою
Таўклiся дзецi, замiналi
Або смяялiся, спявалi.
Услон заняў сваё ўжо места,
На iм стаяла дзежка цеста,
I апалонiк то i дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
I кiдаў цеста ў скавародкi.
Давала пiск яно кароткi,
Льючыся з шумам на патэльнi,
I ў жар стаўлялася пякельны;
I там з яго ўжо ўвачавiдкi
Пяклiся гладзенькiя плiткi
Блiнцоў, спаднiзу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
I ўжо адтуль рукою маткi
На ўслон шпурлялiся аладкi,
А дзецi iх даўно сачылi
I на ляту блiнцы лавiлi,
Заядла мазалi iх здорам.
Стаяў асобна ў мiсцы скорам
Сяго-таго для верашчакi.
Хоць невялiкiя прысмакi
Цыбуля, перчык, лiст бабкоў
Ды сальца некалькi брускоў,
Мука i квас - i ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цiкава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесцiся багата.
I звон аб прыпек скавародны,
Так блiзкi сэрцу, так iм родны,
У нейкiм радасным настрою
Спяваў iм песняю святою
I лашчыў сэрцы iх i вушы
I поўнiў радасцю iм душы,
Такi прыемны, мiлагучны,
У той прыемнасцi выключны,
Ён разлiваўся па ўсiм целе
I ўмомант iх знiмаў з пасцелi.
Недарма ж дзядзька iх, бывала,
Каб пабудзiць каго з iх жвава
Пагнаць каровак ранiчкою,
У прыпек бiў скаварадою.
Цяпер, здаволiўшысь ядою,
Дзяцiнай цешылiсь гульнёю.
Хто бегаў з кiем каля хаты
Ганяў курэй. Як парасяты,
Ў пяску капалiся сястрычкi.
Алесь хадзiў каля крынiчкi,
Што з лесу тут жа выцякала
I дужкай хату агiбала,
Хадзiў, свiстаў пад голас птушак,
Збiраў ён ягадкi ў гарнушак.
Ўсе парасходзiлiся з хаты,
I кожны дзелам быў заняты:
Мiхал у лес пайшоў ранютка
Рабiць звычайныя абходы;
Антось спаць доўга не меў моды,
А як надарыцца мiнутка
Часiны вольнай цi святы дзень,
Ну хоць адзiн разок на тыдзень
Хадзiў на Нёман цi на тонi
Рыбак быў дзядзька наш Антонi,
Як i работнiк, адмысловы;
А Ўладзiк пасвiў дзесь каровы,
Травiў чужыя сенажацi;
А дома з дзецьмi была мацi.
Яе жаночая работа
I гэта вечная турбота
То каля печы, то на полi,
Сказаць, не зводзiцца нiколi.
Адно прыпынiш - там другое,
Глядзiш, як бачыш, набяжыць,
I ручак некалi злажыць
Жыццё жаночае такое!
Так i цяпер: печ зачынiла,
Работу ў хаце прыпынiла
Iдзi ў гарод ты па бацвiнне:
Другi раз есцi просяць свiннi.
А гэты Юзiк-шалянiца,
Малы яшчэ, зусiм дурнiца,
Так пад нагамi i таўчэцца
Або, як хвост той, валачэцца
I ад работы адрывае
I толькi сэрца ад'ядае.
Ўжо сонца ўгору падхадзiла,
На лiсцях роску асушыла;
У небе хмарачкi дзянныя
Плылi, як гускi маладыя,
Чародкай белай над лугамi,
Над свежым лесам i палямi.
А гэты ветрык дураслiвы
Траве зялёнай чэша грывы,
Ў садку жартуе з верабiнай,
Як голец-хлопец той з дзяўчынай,
I валасы зялёным стрэхам
У лесе гойдае са смехам.
А круглаверхiя асiны
Разносяць нейкiя навiны
I так гутораць, так смяюцца,
Што аж iх лiсцiкi трасуцца,
Вiдаць, такая iх урода.
Прыйшла i мацi з агарода.
- Алесь, сынок... iдуць кароўкi!
Бяжы хутчэй, рассунь засоўкi,
Каб не штаўхалiся дарма...
Ну, я лепш збегаю сама!
Куды ты, Юзiк, безгаловы?
З-за рэчкi цiснуцца каровы.
Iдзе паперадзе Красуля,
За ёю Лысая, Рагуля,
Ды дзве пярэзiмкi-цялушкi
Iдуць у згодзе, як дзве дружкi;
А збоку чмыша бык Мiкiта,
Хвастом матаючы сярдзiта.
А аваднi, як рой пчалiны,
Сляпiцай лезуць да скацiны,
Гудуць драпежна, тнуць балюча,
Бы крапiва тая пякуча,
Дыхнуць каровам не даюць.
Каровы злосныя бягуць,
Адна другую б'юць рагамi
I толькi тухкаюць нагамi;
I сам пастух бяжыць, гукае
I гэту заедзь праклiнае;
Няма за поганню парадку,
Сярдуе сам i злуе статка,
Барзджэй, як можа, ў хлеў пражэцца
I горш у веснiцах таўчэцца.
Каля хлява рух-суматоха:
- Куды ты, чортава Панчоха?!
Крычыць Уладзя, свiшча пужка
("Панчоха" - Лысае мянушка).
Назло Рагуля ўжо ў варотах
Цялушку рогам капарнула,
Аж тая, бедная, раўнула;
Тут Галас выскачыў з-пад плота
I ўжо па ўласнаму пачыну
Знайшоў зачэпку i прычыну
Свае тры грошыкi прыткнуць,
За хвост Мiкiту пацягнуць.
Ну, словам, шум тут быў вялiкi,
I танцавалi без музыкi.
Загнаўшы ў хлеў на месца статка,
Насеўся Ўладзя на аладкi,
Шпурнуўшы лапцi i анучы
Сярод двара ў пясок сыпучы;
Iх мацi зараз падабрала,
Нiчога сыну не сказала,
Пайшла ў крынiцы спаласнула,
Сушыцца ўскiнула на шула.
- Унь дзядзька йдзе! - гукаюць дзецi.
Забылi ўсё яны на свеце
I як мага бягуць, смяюцца,
Аж iх валосiкi трасуцца.
- А, дзядзька! дзядзечка, саколiк!
Насып мне ягад у прыполiк!
- Дай мне дубец! - А мне дай вуды!
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць i скачуць, б'юць у ладкi,
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкi,
Iдзе без шапкi, круцiць носам
Гаворыць пацеры з засосам;
Для смешак твар яго зацяты,
Дык моў не лезьце, парасяты.
I дзецi змоўклi, больш нi слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькi са святымi,
Тады пагутарыць i з iмi.
А покi кончыць ён малiцца,
То можна ў Свержнi апынiцца:
Псалмоў адкоцiць з паўдзесятка,
Ды так выразна, ды так гладка,
Што дзяк i той не ўсякi зможа,
Як рэпу грыз, - даруй грэх, Божа!
Не гаварыў, а сек языкам!
Малiўся дзядзька з тым разлiкам,
Каб кончыць модлы каля дома,
Бо ў хаце нельга, ёсць вядома,
Малiцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад Бога думкi адкiдае,
То тое-сёе замiнае,
I не намолiшся - нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
I толькi дзядзька на двор ступiць,
Дык кулаком у грудзi лупiць,
Тры разы хрысцiцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накiдае
I ставiць вуды ўсе ў парадак.
- Ну, што? наелiся аладак?
Жартуе дзядзька тут з малымi
Ды йдзе ўжо ў хату разам з iмi.
Яны, замест таго адказу,
Бубняць па пузу для паказу.
- Эх, брат Алесь! - гаворыць дзядзька.
Вось быў шчупак - усiм iм бацька!
Век я такога не забуду,
Але парваў мне, падла, вуду.
I падчапiў быў нават спраўна.
"Ну, - думаю, - пажыва слаўна!"
Цягну, а ён аж гне вудзiльна,
Ну, чуць не вырве яго з рук!
А тоўсты, падла, бы япрук,
I доўгi ж, доўгi, як цапiльна.
Шчупак, брат, ёмкi: на паўпуда,
Але сарваўся. Ах, паскуда!
I натамiў як мае быць,
I пастка ўжо з вады тырчыць,
Як змей, варочае зянкамi,
Ну, вось ён, вось! хватай рукамi!
А потым, брат, калi рвануўся,
Ўсё к чорту - вуда i кручок,
Пайшоў гуляць мой шчупачок!
А я, брат, толькi аблiзнуўся!
- Ах, вось шкада! З кручком i з дротам?
Дык ён жа здохне! - Ну чаго там!
Шчупак - жывучая, брат, юха!
Такi жывучы - дзяржы вуха!
Ён пяць кручкоў глыне - й не знайся;
Ты ў Янчура пра iх спытайся:
Янчур iх лужа, як арэхi,
Iх знае прожары-прарэхi.
А мне ўсяе, брат, тэй уцехi,
Што падчаплю зноў юху тую,
Тады, брат, дудкi: не спудлую!
Ўжо снедаць час, i поўдзень скора,
Ды з гэтым бацькам адно гора!
Як пойдзе ён у лес той зрання,
Як цукар у вадзе растане:
Няма й няма, чакаць абрыдне.
Якога выхадзiш там злыдня?
Цi надта выслужышся ў пана?
Ўсё роўна знойдзецца загана;
Як ты нi падай, нi гайсай,
Не пападзеш да пана ў рай
З сваёй патрэбай, iнтарэсам.
А лес, як быў, то й будзе лесам,
Дык i дарэмна ўся турбота
Бяда з iм проста i згрызота!
Няма яму нядзелькi, свята
Iдзе ды йдзе ён, як закляты;
У шчэпку высах з той хады,
Ад сну адбiўся, ад яды.
I хто ўжо служыць гэтак дбала?
Антось i мацi на Мiхала
Не раз у злосцi нападалi.
Але таго яны не зналi,
Як лёгка хлеб той дастаецца.
Не сцерпiць часам, адсячэцца
Мiхал ад гэтакiх нападак:
Якi ж бы толк быў i парадак,
Каб ён служыў, спусцiўшы рукi?
Свае ж сябры - майстры на штукi:
Так удадуць i так падкусяць
Цягнуцца нехаця прымусяць.
А вось папробуй на цiкавасць
Стрымай службовую рухавасць,
Служы спусцiўшы рукавы
I выкiнь службу з галавы,
Такiя ў лесе выйдуць справы
Пажар, парубкi i патравы
Не адкараскацца ад лiха.
А хочаш ты, каб было цiха,
На чым сядзiш, таго глядзi ты!
Казаў Мiхал не раз сярдзiта:
- Маўчы, калi ёсць хлеб у роце!
I што сказаць на гэта процi?
А бацька з стрэльбай за плячамi
Iшоў дадому хвайнякамi,
Iшоў паволi, не спяшаўся,
Часамi, стаўшы, азiраўся
I прыслухоўваўся да зыкаў
Ляснога шуму, яго крыкаў
Ды нюхаў дух той, поўны вару:
Такая суш - крый бог пажару!
Скрозь лапкi хвоек i галiнкi
Сiнела неба гладзь. Хмурынкi
Стаялi грудкамi на ўсходзе.
Было так цiха ўсё ў прыродзе!
Ўгары над хвойнiкам зялёным
Снуюцца пчолкi з цiхiм звонам,
Кузуркi розныя i мушкi
Свае спраўляюць гулi-гушкi
I так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалiнках на голых
Гулянне конiкаў вясёлых.
I толькi ступiш там нагою
Так i заскачуць прад табою,
Вось так i пырскнуць у надзем'е,
Як бы сявец той сыпне сем'е.
А матылькi сваiм убраннем
Касуюць тут усiх дазвання
I не лятаюць - танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацiкавяць.
А як прыгожы пуцявiнкi
Ў шаўках зялёнае травiнкi!
Якiя мяккiя iх рысы
I павароткi iх, абрысы!
Iдуць, звiваюцца, лучацца...
Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!
Памалу, мерна, крок за крокам