Казкi (на белорусском языке) - де Сегюр Софья Федоровна 4 стр.


- Напэўна, гэта i ёсць апошняя перашкода, пра якую казаў Крумкач, падумаў Анры. - Але ж змог я адолець усе ранейшыя перашкоды, значыць, i гэтую адолею. Я ўпэўнены, што Добрая фея мне дапаможа. Гэта ж яна паслала мне Пеўня i Крумкача, а потым Дзядка, Асiлка i Воўка. Значыць, я дачакаюся яе дапамогi i гэты раз.

Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсцi, дзе ён канчаецца. Але праз два днi ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.

Анры гэта не засмуцiла, i ён зусiм не разгубiўся. Ён сеў на беразе i сказаў:

- Я не сыйду з гэтага месца, пакуль якi-небудзь чарадзей не дазволiць мне перабрацца цераз гэты роў.

I толькi ён сказаў гэтыя словы, як перад iм узнiк вялiзны Кот, якi пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.

- Што табе трэба, i навошта ты сюды прыйшоў? - сказаў Кот. - Цi ведаеш ты, што я адным сваiм кiпцюром магу разадраць цябе на шматкi?

- Дарагi Кот, я не сумняваюся ў вашай сiле, - адказаў Анры. - Але ж вы не зробiце мне нiчога дрэннага, калi даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памiрае. Калi ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, i я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

- Праўда? - сказаў Кот. - Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калi ты вылавiш усю рыбу, што водзiцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе цi пасолiш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне.

Кот знiк, а Анры агледзеўся i ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавiць будзе доўга, ён узяў сетку i закiнуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловiць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нiчога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабiў нешта не так. I зноў закiнуў сетку, але калi зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закiдваў i выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так i не злавiў нiводнае рыбiны. Тады ён адклаў сетку i закiнуў вуду.

Ён чакаў гадзiну i дзве, але нiводная рыбiна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкi далей, потым яшчэ далей i яшчэ, i так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так i не злавiў нiводнае рыбiны, патрацiўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабiць, ён прыгадаў Добрую фею i падумаў, што яна, вiдаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе i пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, i на паверхню высунулася Жабiна галава.

- Анры, - прамовiла Жаба, - ты ўратаваў мне жыццё, i ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калi ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нiчога злавiць не зможаш: роў вельмi глыбокi, i ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавiць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкi - будзеш яе салiць або смажыць.

Прамовiўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, i Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурлiла, нiбыта на дне пачалася вялiкая бойка. Праз хвiлiну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбiну: гэта быў карп. Так яна лавiла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялiкiх рыбiн Анры смажыў на патэльнi, а малых складаў у бочкi ды салiў. Калi мiнула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг i сказала:

- Ну вось, цяпер у рове не засталося нiводнае рыбiны. Можаш клiкаць Ката.

Анры шчыра падзякаваў Жабе i пацiснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсмiхнулася i знiкла.

Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды салiў яе ў бочках. А калi ўсё было зроблена, паклiкаў Ката, i той адразу ўзнiк перад iм.

- Вось, спадар Кот, - сказаў яму Анры, - я пасалiў i пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калi ласка, выканайце i вы сваё абяцанне - прапусцiце мяне на той бераг.

Кот агледзеў горы смажанай рыбы i бочкi з салёнай, пакаштаваў i той, i другой, аблiзнуўся i сказаў Анры:

- Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.

Прамовiўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзiн кiпцюр i, аддаўшы яго Анры, сказаў:

- Калi ты захварэеш цi адчуеш блiзкую старасць, дакранiся гэтым кiпцюром да лба: боль, хвароба цi старасць адразу адступяць. А калi ты дакранешся iм да таго, каго ты любiш i хто любiць цябе, то i з iм будзе тое самае.

Анры шчыра падзякаваў Кату i, узяўшы ў яго чарадзейны кiпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца iм, бо вельмi стамiўся i быў зусiм змораны. Ледзь ён дакрануўся кiпцюром сабе да лба, як стома знiкла, i ён адчуў сябе бадзёрым i свежым, быццам толькi што ўстаў пасля добрага сну.

Кот усмiхнуўся i прамовiў:

- А цяпер сядай мне на хвост.

Анры сеў i адразу здзiўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расцi i выцягвацца, i неўзабаве перанёс яго на другi бераг.

Глава 7

Кветка жыцця

Анры пачцiва развiтаўся з Катом i пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, i Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спынiла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.

Ён пашукаў фортку i хутка яе знайшоў, бо сад быў зусiм невялiкi. Але ў iм расло столькi розных незнаёмых раслiн, што знайсцi сярод iх кветку жыцця было немагчыма.

На шчасце Анры прыгадаў, што Добрая фея сказала яму паклiкаць доктара, якi даглядае за чарадзейным садам. Ён голасна крыкнуў i не паспеў нават вокам мiргнуць, як раслiны побач з iм заварушылiся, i з iх выйшаў маленькi чалавечак ростам не большы за дзяркач. Ён быў у доўгай чорнае мантыi, з круглымi акулярамi на гарбатым носе i трымаў пад пахай тоўстую кнiгу.

- Што вам трэба, мой хлопча? - спытаўся Доктар, пазiраючы на Анры. - I як вам удалося дасюль дабрацца?

- Пане Доктар, - адказаў Анры, - мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае.

- Ну што ж, - сказаў Доктар, пачцiва прыўзнiмаючы шапку, - кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзiце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.

Ён павярнуўся i пайшоў у глыбiню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за iм. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, i болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такi маленькi, што цалкам знiкаў за сцяблiнамi высокiх раслiн.

Але нарэшце яны падышлi да нейкай раслiны, якая стаяла асобна i была ўся абсыпаная прыгожымi кветкамi. Доктар выняў з кiшэнi садовы нож, зрэзаў адну галiнку з кветкай i, аддаўшы яе Анры, сказаў:

- Вось, бярыце i рабiце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкi з рукi, бо калi вы яе пакладзеце, яна адразу i назаўсёды знiкне.

Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знiк сярод раслiн ды лекавых траваў. Застаўшыся адзiн, Анры падумаў:

- Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калi я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якiя сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!

I тут ён на шчасце ўспомнiў пра палку, якую падараваў яму Воўк.

- Зараз паглядзiм, - падумаў Анры, - цi праўда, што яна можа перанесцi мяне дадому.

Ён сеў верхi на палку i не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра i ляцiць некуды з маланкавай хуткасцю.

Праз iмгненне ён быў ужо каля ложка, у якiм ляжала яго хворая мацi.

Ён кiнуўся да яе, i пачаў цалаваць ды абдымаць, але мацi не варушылася. Тады ён хуценька выцiснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкi, i ў тую ж хвiлiну мацi расплюшчыла вочы i, абняўшы Анры, ускрыкнула:

- Мiлае маё дзiця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. I мне вельмi хочацца есцi.

Тут яна ўважлiва зiрнула на сына i са здзiўленнем сказала:

- Але ж ты вельмi вырас, мой мiлы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасцi за некалькi дзён?

Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў i шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынiлася, i ў пакоi ўзнiкла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка i расказала кабеце пра ўсё, што зрабiў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькi яму давялося адолець цяжкасцяў i перажыць небяспекi, i якi ён увесь гэты час быў мужны, цярплiвы i добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хвалiць Добрая фея, а мацi яшчэ мацней прыцiскала яго да сэрца i ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з мацi i сынам, Добрая фея сказала:

- А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамi, якiя далi табе Дзядок i Асiлак.

Анры выняў табакерку i адчынiў яе; з табакеркi адразу выйшаў цэлы натоўп маленькiх рабочых - такiх маленькiх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але iх было так многа, што яны запоўнiлi ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалi працаваць, ды так спрытна i хутка, што ўжо праз чвэртку гадзiны збудавалi i абставiлi мэбляй прыгожы дом пасярод вялiкага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзiў лес, а з другога - цудоўны поплаў.

- Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, - сказала Добрая фея. - Калi табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асiлкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькi захочаш, а кiпцюр, якi падарыў табе Кот, захавае табе i тваёй мацi здароўе i маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жывi шчаслiва i не забывайся, што дабрыня i сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.

- Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, - сказала Добрая фея. - Калi табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асiлкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькi захочаш, а кiпцюр, якi падарыў табе Кот, захавае табе i тваёй мацi здароўе i маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жывi шчаслiва i не забывайся, што дабрыня i сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.

Анры кiнуўся Добрай феi ў ногi; яна дазволiла яму пацалаваць сабе ў руку, усмiхнулася i знiкла.

Мацi Анры вельмi хацелася ўстаць ды пайсцi палюбавацца на новы дом, сад, лес i поплаў, але ў яе не было нiводнай сукенкi: калi яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення i хоць трошкi зарабiў iм на хлеб. Таму цяпер у яе зусiм нiчога не засталося.

- Ах, дарагi сыночку, - сказала яна, - на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма нi спаднiцы, нi сукенкi, нi чаравiкаў.

- Не бядуйце, мама, - адказаў Анры. - Зараз усё ў вас будзе.

Ён выняў з кiшэнi чартапалох i, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у iх з мацi былi чаравiкi i добрая вопратка, а ў хаце - абрусы ды бялiзна на ложках.

У тую ж хвiлiну шафы ў доме напоўнiлiся адзеннем, мацi аказалася апранутаю ў чароўную сукенку з тонкае воўны, а Анры ў цудоўны блакiтны гарнiтур, i на нагах у iх узнiклi прыгожыя чаравiкi. Абое ажно ўскрыкнулi ад радасцi; мацi саскочыла з ложка i разам з Анры пайшла аглядаць новы дом. Тут усяго было ўдосталь: паўсюль стаяла прыгожая i зручная мэбля, на кухнi было шмат сама розных каструль, рондаляў i мiсаў. Але ўсе яны былi пустыя. Тады Анры панюхаў чартапалох i пажадаў, каб на стале быў накрыты добры абед. У тую ж хвiлiну перад iмi ўзнiклi гарачы суп, смажаная баранiна, запечаная курыца i вельмi смачная салата. Яны адразу селi за стол i пачалi есцi з такiм смакам, што, гледзячы на iх, любы здагадаўся б, што яны не елi цэлыя тры гады. У адзiн момант яны праглынулi i суп, i баранiну, i курыцу, а потым i ўсю салату. Наталiўшы голад, мацi з дапамогай Анры прыбрала са стала, яны памылi посуд i падмялi ў кухнi. А потым заслалi ложкi чыстай бялiзнай, якую знайшлi ў шафах, i ляглi спаць, падзякаваўшы Богу i Добрае феi. А мацi шчыра падзякавала яшчэ i свайму сыну Анры. Так яны i зажылi ў шчасцi ды згодзе: дзякуючы чартапалоху ў iх заўжды было ўсяго ўдосталь; дзякуючы кiпцюру яны нiколi не хварэлi i не старэлi, а палкай яны не карысталiся, бо ў сваiм доме iм было добра i нiкуды ў iншае месца зусiм не хацелася.

У чартапалоха Анры папрасiў толькi парачку добрых кароў, парачку коней ды яшчэ сама неабходнае ў звычайным вясковым жыццi. Ён нiколi не прасiў нiчога лiшняга - нi з вопраткi, нi з ежы, i таму чартапалох захаваўся ў яго на ўсё жыццё. Колькi ён так пражыў са сваёй мацi, нiхто не ведае. Але кажуць, што Каралева феяў зрабiла iх пазней несмяротнымi i забрала да сябе ў палац, дзе яны жывуць i цяпер.

КАЗКА ПРА БЛАНДЗIНУ, ДОБРУЮ КОЗАЧКУ I КАТКА-ВУРКАТКА

Глава 1

Бландзiна

Жыў сабе аднойчы кароль, на iмя Бенэн. Быў ён добры, i ўсе яго вельмi любiлi. Баялiся яго толькi злыднi, таму што ён быў справядлiвы. Яго жонка, каралева, таксама была вельмi добрая, i звалi яе Дусэта. Была ў караля з каралевай дачка, маленькая прынцэса Бландзiна, якую назвалi так за яе цудоўныя бялявыя валасы, i была яна такая ж добрая i чароўная, як яе бацька i мацi.

На няшчасце праз некалькi месяцаў пасля нараджэння Бландзiны каралева памерла, i кароль доўга i многа плакаў ад гора. Бландзiна ж была маленькая i не разумела, што яе мама памерла; яна па-ранейшаму смяялася, гуляла, пiла малачко i цiхутка спала. Кароль вельмi любiў Бландзiну, i Бландзiна таксама вельмi любiла свайго бацьку - болей за ўсiх на свеце. Кароль дарыў Бландзiне найпрыгажэйшыя цацкi, найлепшыя цукеркi i найсмачнейшыя ласункi, i дзяўчынка была вельмi шчаслiвая.

Iшоў час, i вось аднойчы прыдворныя пачалi прасiць караля, каб ён ажанiўся зноў. Яны хацелi, каб у яго нарадзiўся сын, якi пасля свайго бацькi мог бы заняць яго месца на троне. Спачатку кароль адмаўляўся, але ўрэшце такi саступiў настойлiвым угаворам прыдворных. Ён паклiкаў свайго мiнiстра Лежэ i сказаў:

- Дарагi мой дружа, усе хочуць, каб я ажанiўся зноў. Але пасля смерцi маёй дарагой Дусэты на душы ў мяне такi сум, што я не хачу шукаць iншае каралевы. Таму я прашу цябе, знайдзi мне сам такую прынцэсу, якая змагла б прынесцi шчасце маёй мiлай Бландзiне. Iншага мне не трэба. Iдзi, дарагi дружа, i калi знойдзеш добрую дзяўчыну, прасi ў яе рукi ад майго iмя ды вязi да мяне ў палац.

Лежэ адразу выправiўся ў дарогу. Ён аб'ехаў усiх каралёў i бачыў шмат розных прынцэс, але ўсе яны былi брыдкiя, гарбатыя цi злыя. Нарэшце прыехаў ён да караля Баламута, у якога, як казалi, была прыгожая, разумная i на выгляд вельмi добрая дачка. Мiнiстру Лежэ яна так спадабалася, што ён адразу ад iмя караля Бенэна папрасiў у яе рукi, забыўшыся нават спытаць, цi сапраўды яна такая добрая, як выглядае. Пачуўшы мiнiстраву прапанову, Баламут вельмi ўзрадаваўся: ён быў шчаслiвы пазбавiцца ад сваёй дачкi, характар у якой быў злы, зайздрослiвы i наравiсты. Апроч таго кароль любiў ездзiць у далёкiя i блiзкiя вандроўкi, на паляванне i на скачкi, а з такою дачкой ён не мог сабе гэтага дазволiць. Таму ён адразу пагадзiўся з Лежэ i папрасiў яго нават, каб ён хутчэй вёз прынцэсу да караля Бенэна.

У той жа дзень Лежэ разам з прынцэсай Фур'етай i ўсiм яе скарбам, сукенкамi ды аздобамi, пагружанымi аж на чатыры тысячы мулаў, выправiўся дадому.

Пра iхнi прыезд кароль Бенэн быў папярэджаны праз пасланца, i калi iх доўгi картэж пад'язджаў да палаца, кароль сам выйшаў сустракаць прынцэсу. Фур'ета здалася яму даволi прыгожай, але ў аблiччы ў яе не было такой дабрынi, якая была ў Дусэты. Калi ж Фур'ета ўбачыла Бландзiну, то зiрнула на яе такiмi злымi вачыма, што маленькая дзяўчынка, якой было ўсяго тры гадкi, спалохалася i заплакала.

- Што з табой? - спытаўся кароль. - Чаму мая добрая, мiлая Бландзiна плача, як нейкае дрэннае дзiцё?

- Татачка, тата, - закрычала Бландзiна, хаваючыся ў караля ў абдымках, не аддавайце мяне гэтай прынцэсе. Я баюся, яна такая злая!

Кароль здзiвiўся. Ён зiрнуў на прынцэсу Фур'ету, але тая не паспела перамянiць свайго твару, i кароль адразу заўважыў яе страшны позiрк, якi так напалохаў Бландзiну. У тую ж хвiлiну ён вырашыў, што Бландзiна i новая каралева будуць жыць паасобку, а выхаваннем яго дачкi, як i раней, будуць займацца яе мамка i пакаёўка, якiя заўсёды i шчыра яе любiлi. З гэтага часу каралева мала бачылася з Бландзiнай, а калi зрэдку сустракала яе, то не магла схаваць сваёй нянавiсцi да дзяўчынкi.

Прайшоў год, i нарадзiлася ў каралевы дачка, якую назвалi Брунета, таму што ў яе былi чорныя, як смоль, валасы. Брунета была прыгожая, але не такая, як Бландзiна. I апроч таго яна была злосная, як яе мацi, i вельмi не любiла Бландзiну, робячы ёй усякiя гадасцi: яна кусала яе i шчыкала, тузала за валасы, ламала ёй цацкi ды пэцкала яе сама прыгожыя сукенкi. Але добрая Бландзiна нiколi не злавалася на яе, наадварот - яна заўсёды спрабавала знайсцi ёй апраўданне.

- Ай, тата, - казала яна каралю, - не сварыцеся на яе, яна ж яшчэ такая маленькая. Яна не разумее, што робiць мне балюча, ламаючы мае цацкi... I за валасы яна мяне торгае, каб падурэць... А кусаецца, проста гуляючы...

Кароль Бенэн абдымаў сваю дачурку Бландзiну i нiчога ёй не адказваў. Але ж ён добра бачыў, што Брунета робiць усё гэта толькi праз сваю злосць, а Бландзiна па сваёй дабрынi ўсё ёй даруе. I таму ён любiў Бландзiну ўсё болей i болей, а Брунету - усё менш i менш.

Каралева Фур'ета была не дурная i таксама ўсё добра бачыла, але праз гэта толькi яшчэ больш ненавiдзела Бландзiну. I каб яна не баялася караля Бенэна, то ўжо даўно зрабiла б падчарку сама няшчасным дзiцём на свеце. Але кароль забараняў каралеве заставацца сам-насам з Бландзiнай, i яна не адважвалася парушыць яго загаду, бо чула, што ён справядлiвы i сурова карае за непаслушэнства.

Глава 2

Бландзiна згубiлася

Iшоў час, Бландзiне споўнiлася сем гадоў, а Брунеце тры. Кароль падарыў Бландзiне чароўную брычку, запрэжаную двума страўсамi, якiмi кiраваў маленькi паж. Пажу было дзесяць гадоў, i клiкалi яго Гурмандзiнэ. Ён быў пляменнiк Бландзiнiнай мамкi i ведаў Бландзiну ад самага яе нараджэння. Ён заўсёды гуляў разам з ёю i вельмi яе любiў, а Бландзiна адказвала яму ўсёй сваёй дабрынёй. Але была ў пажа адна страшная загана: ён быў такi ласун i так любiў розныя слодычы, што за мяшэчак цукерак быў здольны нават на дрэнны ўчынак. Таму Бландзiна часта казала яму:

- Хоць ты i добры хлопчык, Гурмандзiнэ, але мне не падабаецца, што ты такi аб'ядайла. Ужо, калi ласка, як-небудзь выпраў гэтую брыдкую сваю загану, iначай нiхто i нiколi цябе не будзе любiць.

Гурмандзiнэ цалаваў ёй у руку i абяцаў выправiцца, але ўсё роўна цягаў цесткi з кухнi цi цукеркi з буфета i быў часта сцябаны за сваё абжэрства i непаслухмянасць.

Аднойчы пра загану маленькага пажа дачулася каралева Фур'ета. Яна адразу падумала, што зможа выкарыстаць гэтую загану на шкоду Бландзiне. I вось што яна вырашыла зрабiць.

На сваёй брычцы, запрэжанай страўсамi, Бландзiна вельмi любiла катацца па садзе, якi шырыўся вакол палаца, i вазiў яе на гэтыя прагулкi Гурмандзiнэ. Сад быў абнесены агароджай, а за ёй пачынаўся прыгожы бязмежны лес. Гэты лес называлi Бэзавым, бо круглы год у iм квiтнелi чароўныя кусты бэзу. Але нiхто не хадзiў у той лес, бо ўсе ведалi, што ён зачараваны: хто хоць аднойчы туды трапляў, той нiколi ўжо з яго не вяртаўся. Гурмандзiнэ ведаў гэтую страшную гiсторыю, i яму было строга забаронена вазiць у той бок Бландзiну, каб яна выпадкова не пралезла памiж прутамi ў агароджы i не трапiла ў Бэзавы лес.

Назад Дальше