Казкi (на белорусском языке) - Ганс Христиан Андерсен 6 стр.


"Бог ведае што такое! - уздыхнуў ён. - Не, я пэўна сходжу з розуму. I якая дзiкая тут гарачыня! Кроў так i прылiвае да галавы. - Тут ён успомнiў аб сваiх учарашнiх прыгодах каля бальнiчнай агароджы. - Вось калi я захварэў! - падумаў ён. - Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такiх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калi б я ўжо ляжаў на палку".

I ён сапраўды апынуўся ў лазнi на самым верхнiм палку. Але ляжаў там зусiм апрануты, у ботах i галёшах, а са столi на твар яму капала гарачая вада.

- Ой! - закрычаў лекар i пабег хутчэй прыняць душ.

Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазнi апранутага чалавека.

Наш лекар, не разгубiўшыся, шапнуў яму:

- Не бойся, гэта я на спрэчку, - але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставiў сабе адзiн вялiкi пластыр са шпанскiх мушак на шыю, а другi на спiну, каб выцягнуць дурноту з галавы.

Наранiцу ўся спiна ў яго набракла крывёю - вось i ўсё, чым яго аддзячылi галёшы шчасця.

V. Ператварэнне палiцэйскага пiсара

Наш знаёмы вартаўнiк мiж тым успомнiў пра галёшы, якiя знайшоў на вулiцы, а пасля пакiнуў у бальнiцы, i забраў iх адтуль.

Але нi лейтэнант, нi суседзi не прызнавалi гэтых галёшаў сваiмi, i вартаўнiк занёс iх у палiцыю.

- Ды яны як дзве кроплi вады падобныя на мае - сказаў адзiн з палiцэйскiх пiсараў, паставiўшы знаходку побач са сваiмi галёшамi i ўважлiва яе разглядаючы. - Тут i вопытнае вока шаўца не адрознiла б адну пару ад другой.

- Пан пiсар, - звярнуўся да яго палiцэйскi, якi зайшоў з нейкiмi паперамi.

Пiсар паразмаўляў з iм, а калi зноў зiрнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо i сам перастаў разумець, якая з iх яго пара - тая, што стаiць справа, цi тая, што злева.

"Мае, напэўна, вось гэтыя, мокрыя", - падумаў ён i памылiўся: гэта былi якраз галёшы шчасця. Што ж, палiцыя iншы раз таксама памыляецца.

Пiсар надзеў галёшы i, сунуўшы паперы ў кiшэню, а другiя - пад паху (яму трэба было сёе-тое перачытаць i перапiсаць дома), выйшаў на вулiцу. Дзень быў нядзельны, стаяла цудоўнае надвор'е, i палiцэйскi пiсар падумаў, што нядрэнна было б прагуляцца па Фрэдэрыксбергу.

Малады чалавек вызначаўся рэдкiм стараннем i ўседлiвасцю, так што пажадаем яму прыемнай прагулкi пасля многiх гадзiн працы ў душнай канцылярыi.

Спачатку ён iшоў, нi аб чым не думаючы, i галёшам таму ўсё не выпадала зручнага моманту праявiць сваю цудадзейную сiлу.

Але вось ён сустрэў у адной алеi свайго знаёмага, маладога паэта, i той сказаў, што заўтра выпраўляецца падарожнiчаць на ўсё лета.

- Эх, вось вы зноў едзеце, а мы застаемся, - сказаў пiсар. - Шчаслiвыя вы людзi, лятаеце сабе, дзе хочаце i куды хочаце, а ў нас ланцугi на нагах.

- Так, але iмi вы прыкаваны да хлебнага дрэва, - запярэчыў паэт. - Вам няма патрэбы клапацiцца аб заўтрашнiм днi, а калi вы састарыцеся, атрымаеце пенсiю.

- Так-то так, але вам усё-такi жывецца намнога раздольней, - сказаў пiсар. - Пiсаць вершы - што можа быць лепш! Публiка носiць вас на руках, i вы самi сабе гаспадары. Вось паспрабавалi б вы пасядзець у судзе, як мы сядзiм, ды павалтузiцца з гэтымi сумнейшымi справамi!

Паэт пахiтаў галавой, пiсар таксама пахiтаў галавой, i яны разышлiся ў розныя бакi, застаўшыся кожны пры сваiм меркаваннi.

"Дзiўны народ гэтыя паэты, - думаў малады чыноўнiк. - Хацелася б блiжэй пазнаёмiцца з такiмi натурамi, як ён, i самому стаць паэтам. Каб я быў на iх месцы, я ў сваiх вершах не стаў бы хныкаць. Ах, якi сёння дзiвосны вясеннi дзень, колькi ў iм прыгажосцi, свежасцi, паэзii! Якое незвычайна празрыстае паветра! Якiя мудрагелiстыя воблакi! А трава i лiсце так саладжава пахнуць! Даўно я ўжо так востра не адчуваў гэтага, як зараз".

Вы, канечне, заўважылi, што ён ужо стаў паэтам. Але знешне зусiм не змянiўся, - неразумна думаць, што паэт не такi ж чалавек, як усе iншыя. Сярод простых людзей часта сустракаюцца натуры больш паэтычныя, чым многiя праслаўленыя паэты. Толькi ў паэтаў намнога лепш развiта памяць, i ўсе iдэi, вобразы, уражаннi захоўваюцца ў ёй да таго часу, пакуль не знойдуць свайго паэтычнага ўвасаблення на паперы. Калi просты чалавек становiцца паэтычна адоранай натурай, адбываецца свайго роду ператварэнне, - i такое iменна ператварэнне адбылося з пiсарам.

"Якiя дзiўныя прыемныя пахi! - думаў ён. - Яны нагадваюць мне фiялкi ў цётачкi Лоны. Так, я тады быў яшчэ зусiм маленькi. Божа, як гэта я нi разу не ўспомнiў аб ёй раней! Добрая старая цётачка! Яна жыла якраз за Бiржай. Заўсёды, нават у самую лютую сцюжу, на вокнах у яе зелянелi ў слоiках якiя-небудзь галiнкi цi парасткi, фiялкi напаўнялi пакой водарам; а я прыкладваў нагрэтыя медзякi да заледзянелых шыб, каб можна было глядзець на вулiцу. Якi вiд адкрываўся з гэтых вокан! На канале стаялi ўмёрзлыя ў лёд караблi, велiзарныя чароды варон складалi ўвесь iх экiпаж. Аднак з надыходам вясны судны перайначвалiся. З песнямi i крыкамi "ўра" матросы сколвалi лёд; караблi смалiлi, аснашчалi ўсiм неабходным, i яны нарэшце адплывалi ў заморскiя краiны. Яны адплываюць, а я вось застаюся тут; i так будзе заўсёды; заўсёды я буду сядзець ў палiцэйскай канцылярыi i глядзець, як iншыя атрымлiваюць замежныя пашпарты. Але, такi мой лёс! - I ён глыбока-глыбока ўздыхнуў, затым раптам апамятаўся: - Што ж гэта са мной такое робiцца сёння? Раней мне нiчога падобнага i ў галаву не прыходзiла. Пэўна, гэта веснавое паветра так на мяне дзейнiчае. А сэрца сцiскаецца ад нейкага саладжавага хвалявання".

Ён палез у кiшэню па свае паперы. "Вазьмуся за iх, буду думаць аб чым-небудзь iншым", - вырашыў ён i прабег вачыма першы лiст, што трапiўся пад руку. "Фру Зiгбрыт", арыгiнальная трагедыя ў пяцi дзеях", - прачытаў ён. - Што такое? Дзiўна, почырк мой! Няўжо гэта я напiсаў трагедыю? А гэта яшчэ што? "Iнтрыга на балi, альбо Вялiкае свята; вадэвiль". Але адкуль гэта ўсё ў мяне? Напэўна, хто-небудзь падсунуў. Ды тут яшчэ пiсьмо..."

Пiсьмо прыслала дырэкцыя аднаго тэатра; яна не вельмi ветлiва паведамляла аўтару, што абедзве яго п'есы нiчога не варты.

- Гм, - выцiснуў пiсар, прысаджваючыся на лаўку.

У галаве яго раптам закруцiлася мноства думак, а сэрца напоўнiлася невытлумачальнай пяшчотай... да чаго - ён i сам не ведаў. Машынальна ён сарваў кветку i залюбаваўся ёю. Гэта была простая маленькая маргарытка, але яна на працягу адной хвiлiны паведамiла яму аб сабе больш, чым можна даведацца, выслухаўшы некалькi лекцый па батанiцы. Яна расказала яму паданне аб сваiм нараджэннi, расказала аб тым, якое магутнае сонечнае святло, - гэта ж дзякуючы яму распусцiлiся i пачалi дзiўна пахнуць яе пяшчотныя пялёсткi. А паэт у гэты час думаў аб суровай жыццёвай барацьбе, якая абуджае ў чалавеку яшчэ невядомыя яму сiлы i пачуццi. А паветра i святло - улюбёнцы маргарыткi, але святло - яе галоўны заступнiк, перад iм яна схiляецца з трапятаннем; а калi яно адыходзiць врчарам, яна засынае ў абдымках паветра.

- Святло адарыла мяне прыгажосцю, - сказала маргарытка.

- А паветра дае табе жыццё! - шапнуў ёй паэт.

Непадалёку стаяў хлапчук i ляпаў кiем па вадзе ў бруднай канаўцы - пырскi разляталiся ў розныя бакi. I пiсар задумаўся раптам аб тых мiльёнах жывых, нябачных простым вокам iстот, якiя ўзлятаюць разам з вадзянымi кроплямi на велiзарную, у параўнаннi з iх уласнымi памерамi, вышыню, - вось як калi б мы, напрыклад, апынулiся над воблакамi. Думаючы аб гэтым, а таксама аб сваiм ператварэннi, наш пiсар усмiхнуўся: "Я проста сплю i бачу сон. Але якi гэта ўсё-такi неверагодны сон! Аказваецца, можна трызнiць наяву, усведамляючы, што гэта табе толькi снiцца. Добра б успомнiць аб усiм гэтым заўтра ранiцай, калi я прачнуся. Якi дзiўны стан! Зараз я ўсё бачу так выразна, так ясна, адчуваю сябе такiм бадзёрым i дужым - i ў той жа час добра ведаю, што ранiцай паспрабую што-небудзь прыпомнiць, у галаву мне палезе толькi дурнота. Колькi разоў гэта бывала са мной! Усе гэтыя дзiвосныя рэчы падобныя на золата гномаў: ноччу, калi яго атрымлiваеш, яно блiшчыць i зiхацiць, а днём ператвараецца ў кучу друзу i завялых лiсцяў".

Дарэшты засмучаны, пiсар сумна ўздыхаў, паглядаючы на птушак, якiя весела спявалi свае песенькi, пералятаючы з галiнкi на галiнку.

"I iм жывецца лепш, чым мне. Умець лятаць - якая дзiвосная здольнасць! Шчаслiвы той, хто ёю адораны. Калi б я толькi мог ператварыцца ў птушачку, я б стаў вось такiм маленькiм жаўранкам!"

I ў тую ж хвiлiну рукавы i фалды яго сурдута ператварылiся ў крылы i абраслi пер'ем, а замест галёшаў з'явiлiся кiпцюрыкi. Ён адразу заўважыў усе гэтыя ператварэннi i ўсмiхнуўся. "Ну, цяпер я бачу, што гэта сон. Але такiх вар'яцкiх сноў мне яшчэ не даводзiлася бачыць", - падумаў ён, узляцеў на зялёную галiнку i заспяваў.

Аднак у яго спевах ужо не было паэзii, паколькi ён перастаў быць паэтам: галёшы, як i ўсе, хто хоча чаго-небудзь дабiцца, выконвалi толькi адну справу за раз. Захацеў пiсар стаць паэтам - стаў, захацеў ператварыцца ў птушачку ператварыўся, але затое страцiў свае ранейшыя ўласцiвасцi.

"Цiкава: няма чаго сказаць! - падумаў ён. - Днём я сяджу ў палiцэйскай канцылярыi, займаючыся важнейшымi справамi, а ноччу мне снiцца, што я жаўранкам лятаю па Фрыдэрыксбергскаму парку. Ды аб гэтым, чорт вазьмi, можна напiсаць цэлую народную камедыю!"

I ён зляцеў на траву, закруцiў галоўкай i пачаў весела дзяўбцi гнуткiя травiнкi, якiя здавалiся яму цяпер велiзарнымi афрыканскiмi пальмамi.

Раптоўна вакол яго стала цёмна, як ноччу; яму здалося, быццам на яго накiнулi нейкую гiганцкую коўдру! На самой жа справе гэта хлопчык са слабодкi накрыў яго сваёй шапкай. Хлопчык запусцiў руку пад шапку i схапiў пiсара за спiнку i крыллi; той спачатку закрычаў ад страху, потым раптам абурыўся:

- Ах ты, нягоднае шчаня! Як ты смееш! Я палiцэйскi пiсар!

Але хлапчук пачуў толькi жаласлiвае "Пi-i, пi-i-i". Ён пстрыкнуў птушку па дзюбе i пайшоў з ёю далей.

Па дарозе ён сустрэў двух школьнiкаў; абодва яны былi ў вышэйшым класе па сваiм становiшчы ў грамадстве, i ў нiжэйшым - па разумовым развiццi i поспехах у навуках. Яны купiлi жаўранка за восем скiлiнгаў. Такiм чынам палiцэйскi пiсар вярнуўся ў горад i апынуўся ў адной кватэры на Гоцкай вулiцы.

- Чорт пабяры, добра, што гэта сон, - сказаў пiсар, - а не дык я здорава б раззлаваўся! Спачатку я стаў паэтам, потым - жаўранкам. I гэта ж мая паэтычная натура ўнушыла мне жаданне ператварыцца ў такую драбязу. Аднак невясёлае гэта жыццё, асаблiва калi трапiш у лапы падобным свавольнiкам. Хацеў бы я даведацца, чым усё гэта скончыцца?

Хлапчукi прынеслi яго ў прыгожа абстаўлены пакой, дзе iх сустрэла тоўстая ўсмешлiвая жанчына. Яна нiчуць не зарадавалася "простай палявой птушцы", як яна назвала жаўранка, тым не менш дазволiла хлапчукам пакiнуць яго i пасадзiць у клетку на падаконнiку.

- Быць можа, ён трошкi павесялiць папугайчыка! - дадала яна i з усмешкай зiрнула на вялiкага зялёнага папугая, якi важна пагойдваўся на кольцы ў шыкоўнай металiчнай клетцы. - Сёння ў папугайчыка дзень нараджэння, - сказала яна, дурнавата ўсмiхаючыся, - i палявая птушка хоча яго павiншаваць.

Папугай, нiчога на гэта не адказаўшы, усё гэтак жа важна разгойдваўся ўзад i ўперад. У гэты час гучна заспявала прыгожая канарэйка, якую сюды прывезлi мiнулым летам з цёплай i квiтучай роднай краiны.

- Бач ты, крыкуха! - сказала гаспадыня i накiнула на клетку белую насавую хустачку.

- Пi-пi! Якая жахлiвая мяцелiца! - уздыхнула канарэйка i змоўкла.

Пiсара, якога гаспадыня называла "палявой птушкай", пасадзiлi ў маленькую клетку, побач з клеткай канарэйкi i па суседстве з папугаем. Папугай мог ясна вымаўляць толькi адну фразу, якая нярэдка гучала вельмi камiчна: "Не, будзем людзьмi!", а ўсё астатняе атрымлiвалася ў яго гэтак жа незразумела, як шчэбет канарэйкi. Зрэшты, пiсар, ператварыўшыся ў птушку, выдатна разумеў сваiх новых знаёмых.

- Я лётала над зялёнай пальмай i квiтучым мiндальным дрэвам, - спявала канарэйка, - разам з братамi i сёстрамi я лётала над дзiвоснымi кветкамi i люстранай гладдзю азёр, i нам прыветлiва кiвалi адлюстраваннi прыбярэжных раслiн. Я бачыла чароды прыгожых папугаяў, якiя расказвалi мноства дзiвоснейшых гiсторый.

- Гэта дзiкiя птушкi, - адклiкнуўся папугай. - Яны не атрымалi нiякай адукацыi. Не, будзем людзьмi! Што ж ты не смяешся, неразумная птушка? Калi гэтаму досцiпу смяецца i сама гаспадыня, i яе госцi, дык чаму ж не пасмяяцца i табе? Не цанiць вясёлых досцiпаў - гэта вельмi вялiкi грэх, павiнен вам сказаць. Не, будзем людзьмi!

- А ты помнiш прыгожых дзяўчат, што скакалi пад шатамi квiтучых дрэў? Помнiш салодкiя плады i халодны сок дзiкiх раслiн?

- Канечне, помню, - адказваў папугай, - але тут мне намнога лепш! Мяне цудоўна кормяць i ўсяляк весяляць. Я ведаю, што я разумны, i з мяне дастаткова. Не, будзем людзьмi! У цябе, што называецца, паэтычная натура, а я дасведчаны ў навуках i дасцiпны. У табе ёсць гэтая самая генiяльнасць, але не хапае разважлiвасцi. Ты iмкнешся занадта высока, таму людзi цябе асаджваюць. Са мной яны так паступаць не будуць, таму што я абышоўся iм дорага. Я ўнушаю павагу ўжо адной сваёй дзюбай, а балбатнёю сваёй магу каго заўгодна паставiць на месца. Не, будзем людзьмi!

- О, мая цёплая, квiтучая радзiма, - спявала канарэйка, - я буду спяваць аб тваiх цёмна-зялёных дрэвах, чые галiны цалуюць празрыстыя воды цiхiх залiваў, аб светлай радасцi маiх братоў i сясцёр, аб вечназялёных захавальнiках вiльгацi ў пустынi - кактусах.

- Перастань хныкаць! - прамовiў папугай. - Скажы лепш што-небудзь смешнае. Смех - гэта знак вышэйшай ступенi духоўнага развiцця. Вось хiба могуць, да прыкладу, смяяцца сабака альбо конь? Не, яны могуць плакаць, а здольнасцю смяяцца адораны толькi чалавек. Ха-ха-ха! - разрагатаўся папугай i канчаткова збянтэжыў субяседнiкаў сваiм "Не, будзем людзьмi!"

- I ты, маленькая шэрая дацкая птушачка, - сказала канарэйка жаўранку, ты таксама стала палоннiцай. У тваiх лясах, напэўна, холадна, але затое ты ў iх вольная. Ляцi ж адсюль! Глядзi, яны забылi зачынiць тваю клетку. Фортачка адчынена, ляцi ж - хутчэй, хутчэй.

Пiсар так i зрабiў, вылецеў з клеткi i ўсеўся каля яе. У гэты мiг дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся i на парозе з'явiлася кошка, гiбкая, страшная, з зялёнымi злоснымi вачыма. Кошка ўжо зусiм было падрыхтавалася да скачка, але канарэйка замiтусiлася ў клетцы, а папугай заляпаў крыламi i закрычаў: "Не, будзем людзьмi!" Пiсар пахаладзеў ад жаху i, вылецеўшы ў акно, паляцеў над дамамi i вулiцамi. Ляцеў, ляцеў, нарэшце стамiўся, - i вось убачыў дом, якi здаўся яму знаёмым. Адно акно ў доме было адчынена. Пiсар уляцеў у пакой i прысеў на стол. Да свайго здзiўлення, ён убачыў, што гэта яго ўласны пакой.

"Не, будзем людзьмi!" - машынальна паўтарыў ён любiмую фразу папугая i ў тую ж хвiлiну зноў стаў палiцэйскiм пiсарам, якi невядома чаму ўсеўся на стол.

"Божа, злiтуйся, - сказаў пiсар, - як гэта я трапiў на стол, ды яшчэ заснуў? I якi дзiкi сон мне прыснiўся? Якая дурнота!"

VI. Лепшае, што зрабiлi галёшы

На другi дзень, раным рана, калi пiсар ляжаў яшчэ ў пасцелi, у дзверы пастукалi, i зайшоў яго сусед, якi здымаў пакой на тым жа паверсе, - малады студэнт-багаслоў.

- Пазыч мне, калi ласка, свае галёшы, - сказаў ён. - Хоць у садзе i сыра, ды вельмi ўжо ярка свецiць сонейка. Хачу туды пайсцi выпалiць люлечку.

Ён надзеў галёшы i выйшаў у сад, у якiм раслi толькi два дрэвы - слiва i груша; зрэшты, нават такая бедная раслiннасць у Капенгагене вялiкая рэдкасць.

Студэнт праходжваўся ўзад i ўперад па дарожцы. Час быў раннi, усяго шэсць гадзiн ранiцы. На вулiцы зайграў ражок паштовага дылiжанса.

- О, падарожнiчаць, падарожнiчаць! - вырвалася ў яго. - Што можа быць лепш! Гэта мяжа ўсiх маiх летуценняў. Калi б яны ажыццявiлiся, я б тады, напэўна, уцiхамiрыўся i перастаў бы мiтусiцца. Як хочацца паехаць чым далей адсюль, убачыць чароўную Швейцарыю, паездзiць па Iталii!

Добра яшчэ, што галёшы шчасця выконвалi жаданнi адразу, а то б студэнт, бадай, забраўся б занадта далёка i для сябе самога, i для нас з вамi. У той жа мiг ён ужо вандраваў па Швейцарыi, запхнуты ў паштовы дылiжанс разам з васьмярыма iншымi пасажырамi. Галава ў яго трашчала, шыю ламала, ногi зацяклi i балелi, таму што боты цiснулi немiласэрна. Ён не спаў i не драмаў, але быў у стане нейкага пакутлiвага здранцвення. У правай кiшэнi ў яго ляжаў акрэдытыў, у левай - пашпарт, а ў скураным мяшочку на грудзях было зашыта некалькi залатых. Варта нашаму падарожнiку дзюбнуць носам, як яму тут жа пачынала здавацца, што ён ужо згубiў якi-небудзь з гэтых сваiх скарбаў, i тады яго кiдала ў дрыжыкi, а рука яго сутаргава апiсвала трохкутнiк - справа налева i на грудзi, - каб праверыць, цi ўсё цэлае. У сетцы над галовамi пасажыраў хiсталiся парасоны, кульбакi, капелюшы, i ўсё гэта перашкаджала студэнту любавацца цудоўным горным пейзажам. Але ён усё глядзеў, глядзеў i не мог наглядзецца, а ў сэрцы яго гучалi радкi верша, якi напiсаў, хаця i не стаў друкаваць, адзiн вядомы нам швейцарскi паэт:

Цудоўны край у днi вясны!

Манблан бялеецца ўбаку.

Тут, праўда, быў бы рай зямны,

Каб грошай больш у кашальку.

Прырода тут была змрочная, суровая i велiчная. Хваёвыя лясы, якiя пакрывалi завоблачныя горныя вяршынi, здалёку здавалiся проста зараснiкамi верасу. Пайшоў снег, падзьмуў рэзкi халодны вецер.

- Ух! - уздыхнуў студэнт. - Калi б мы ўжо былi па той бок Альпаў! Там цяпер надышло лета, i я нарэшце атрымаў бы па акрэдытыву свае грошы. Я так за iх баюся, што ўсё гэтае альпiйскае хараство перастала мяне вабiць. Ах, калi б я ўжо быў там!

I ён тут жа апынуўся ў самым сэрцы Iталii, дзесьцi на дарозе памiж Фларэнцыяй i Рымам. Апошнiя промнi сонца асвятлялi Тразiменскае возера, што ляжала памiж двума цёмна-сiнiмi пагоркамi, ператвараючы яго воды ў расплаўленае золата. Там, дзе калiсьцi Ганiбал разбiў Фламiнiя, цяпер вiнаградныя лозы мiрна абвiвалi адна адну сваiмi зялёнымi пляцёнкамi. Ля дарогi, пад шатамi пахучых лаўраў, цудоўныя напаўголыя дзеткi пасвiлi статак чорных як смоль свiней. Так, калi б апiсаць гэтую карцiну, як трэба, усе б толькi i сцвярджалi: "Ах, цудоўнейшая Iталiя!" Але, як нi дзiўна, нi багаслоў, нi яго спадарожнiкi гэтага не думалi. Тысячы ядавiтых мух i камароў хмарамi насiлiся ў паветры; дарэмна падарожнiкi адмахвалiся мiртавымi галiнкамi, насякомыя ўсё-адно кусалi i джалiлi iх. У карэце не было чалавека, у якога не распух бы ўвесь твар, пакусаны да крывi. У коней быў яшчэ больш няшчасны выгляд: бедных жывёл спрэс абляпiлi велiзарныя раi насякомых, так што фурман час ад часу злазiў з козлаў i адганяў ад коней iх мучыцеляў, але ўжо праз iмгненне наляталi новыя полчышчы. Хутка зайшло сонца, i падарожнiкаў ахапiў пранiзваючы холад - праўда, ненадоўга, але ўсё роўна гэта было не надта прыемна. Затое вяршынi гор i воблакi афарбавалiся ў неперадавальна прыгожыя зялёныя таны, якiя адлiвалi бляскам апошнiх сонечных промняў. Гэтая гульня фарбаў не паддаецца апiсанню, яе трэба бачыць. Вiдовiшча дзiвоснае, усе з гэтым згадзiлiся, але ў страўнiку ў кожнага было пуста, цела стамiлася, душа хацела прытулку на ноч, а дзе яго знайсцi? Цяпер усе гэтыя пытаннi цiкавiлi падарожнiкаў намнога больш, чым прыгажосць прыроды.

Назад Дальше