- Зусiм мазгi прапiў, - уздыхнуў стары. Ня ведаючы - чым заняць рукi, Трахiм спачатку схапiўся за венiк, потым запiхнуў у торбу пустыя бутэлькi, нарэшце, адчынiў вакно i ўпусьцiў у пракураную хату сьвежае паветра.
На двары з ашалелай зацятасьцю цвыркалi вераб'i, на суседняй вулiцы гарлалi пеўнi, непадалёку ляскатаў трактар - няйначай, гасютавы, - i да ўсiх тых суладных зыкаў далучалася звонкае i разам з тым непрыемнае шаргаценьне. Гэта Данiк, узьбiўшыся на табурэт, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую глiну.
"I што з усяго гэтага будзе?"- падумаў Трахiм, вынес у сенцы торбу з бутэлькамi, а калi iзноў зiрнуў у вакно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, якi стаяў за Данiкавай сьпiнай i пацiраў даланёю пляшывую макаўку.
- Хто гэта цябе так? - запытаўся Крываблоцкi i стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.
- Ваўчыца... хто ж яшчэ... - Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: - Алебастрам мажаш, цi як?
- Алебастрам, - незадаволена выгукнуў Крываблоцкi, а замазаўшы чарговую дзiрку, прамармытаў: - Iдзi... пакiнулi там табе... на апахмелку.
Стары адышоў ад вакна, пазяхнуў наастачу i падаўся на тапчан.
- Калян! Ты там жывы? - грымнуў праз пару хвiлiн сiпаты гасютавы голас, але стары не пачуў тых слоў - Трахiм салодка спаў i квяцiстая фiранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханьню.
У суботу дзед Трахiм напалiў лазьню. Мыўся цэлых дзьве гадзiны, да змору схвастаў сябе дубовым венiкам i, вiдаць, схвастаў бы да сьмерцi, калi б у прымыльнiку не загрукацеў вёдрамi ўнук Мiкола.
- Увесь дух выпусьцiў, - крыкнуў унук, расчынiўшы дзьверы, шухнуў вады на камнi i тут жа, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай хварбай далонi.
... З лазьнi дзед выкулiўся на ватных нагах i, перш чым iсьцi да хаты, доўга зьбiраўся зь сiламi, трымаючыся за дзьвярны вушак. Сэрца парывiста тахкала, слых поўнiўся звонам, а ў нос лез нейкi незнаёмы пах, якi нагадваў водар чаромхi. Ён, гэты пах, хаця й ня быў ачомна-рэзкiм, але вярнуў да жыцьця. Трахiм удыхнуў праз нос п'янкога паветра i ў той жа мiг галава прасьвятлела, звон увушшу суцiх i зьнямелыя ногi налiлiся гарачай крывёю.
Пакуль iшоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? - i ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Мiколавы рукi, задыхана прашаптаў: - Хварбай засьмярдзела.
Толькi што сэрца хваравiта замiрала i гатовае было спынiцца, а тут ёкнула i спужанай птушкай забiлася ў грудзiне. Стары ўбачыў СТАЛIНА!
У першае iмгненьне нават здалося, што правадыр жывы - стаiць, бялюсенькi, краем вока зазiраючы ў ягоны, Трахiмавы, агарод. Трахiм i так быў мокры пасьля лазьнi, а тут нават уваччу засьвярбела ад поту. Стары падхапiў дрыжачай рукой прыпол кашулi, хацеў выцерцi твар, ды пачуў раптам ломкi хлапечы голас:
- Дзядуля, а хто гэта такi?
Падшыванцы, як заўсёды, сядзелi на плоце i хрумкалi недасьпелыя яблыкi.
- Гэта, мальцы, Сталiн! - крэкнуў Трахiм, выцiраючы мокры лоб.
- А хто ён такi? - падаў голас усё той жа сьветлавалосы малец.
Трахiм уважлiва паглядзеў на падшыванца: цi не пасьмейваецца пракуда над старым чалавекам. Але вочы хлапечыя сьвяцiлiся непадкупнай цiкавасьцю i стары кашлянуў у далонь.
- Ну, гэта... - сказаўшы так, Трахiм задумаўся, засяроджана пачухаў кадык: - Ну, карацей, яго ўсе баялiся. Пры iм парадак быў - о-го-го! У нас у дэпо адзiн на працу спазьнiўся, дык два гады далi... з правам перапiскi.
- А вы, дзядуля, таксама Сталiна баялiся?
- Анягож... i я баяўся.
- А ён кiм быў? Тэрмiнатарам? - русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародзьдзi.
- Цябе як завуць? - запытаўся Трахiм, неадрыўна казелячы вокам то на падшыванца, то на бацьку-Сталiна.
- Пецькам, - адказаў падшыванец i зь невядомай прычыны пакутлiва ўздыхнуў.
"I чым толькi ў iх галовы забiтыя?" - падумаў дзед Трахiм, патупаў да хаты i, пакуль дайшоў да крыльца, тры разы азiрнуўся, каб паглядзець на правадыра.
Увесь вечар ля бюсту тоўпiлiся людзi.
"Як жывы, як жывы..."- наўзахваткi шапталi старыя цёткi i ўнук Мiкола, слухаючы праз адчыненае вакно людзкую гаману, задаволена пацiраў рукi i раз-пораз гукаў:
- Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! I нi цэнта меней...
- Эгэ-э... Мiколка... Каму ён патрэбны? - абзываўся з тапчана стары Трахiм, - у людзей грошаў на хлеб не хапае, а яны табе будуць нейкiя бюсты купляць.
- Гэта ў цябе не хапае, а ў "крутых" грошаў як гразi... - Мiкола ўкiнуў у рот цыгарэцiну, пстрыкнуў запальнiчкай i нападворку хтосьцi зусiм па-дурному загарлаў:
Сталин наша слава боевая-а...
Сталин нашей юности полё-от...
Трахiм падхапiўся зь ляжанкi, на дзiва борзда падбег да вакна i незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капiтонавiча Дуба былога ваенкома - стаяла i гарлала на ўсе застаўкi Аўгiньня Мiканораўна Кароткая - актывiстка раённага савету вэтэранаў вайны.
- Прынес нячысьцiк, - буркнуў Трахiм i, прычакаўшы, калi Аўгiньня прасьпявае апошнi радок: - Наш народ за Сталиным идио-от! - зачынiў вакно адразу на дзьве просвы.
Аўгiньня Кароткая падчас вайны мыла штаны партызанскаму камандзiру, а цяпер, начапiўшы мэдальку, цягалася па горадзе i, сустрэўшы Трахiма, кожны раз апавядала - як яны адбiвалiся ад карнiкаў, як яе ледзь не забiла асколкам гранаты, а ўздыхнуўшы абавязкова прамаўляла: - Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелi.
- Пасядзела б ты, корга лупатая, у тыле... пад нямецкiмi бомбамi, суцiшна казаў усьлед актывiстцы Трахiм i доўга потым хадзiў не ў гуморы.
... Дзьве галавы - сiвая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгiньнiна - праплылi мiма вокнаў i Трахiм, пятым разам згадаўшы нячысьцiка, патупаў да дзьвярэй.
Ён сустрэў гасьцей на ганку. Выставiў чэрава, абапёрся рукой на вушак i тым самым даў зразумець, што ў хату нiкога не запрашае.
- Ну, Трафiм Пятровiч, ня ведаю - як цябе i дзячыць! - прамовiў былы ваенком, цiснучы Трахiмаву руку. - Гэта, скажу табе, вялiкi патрыятычны ўчынак.
- Я нават прасьлязiлася, як Iосiфа Вiсарыёнавiча пабачыла, - уставiла слова Аўгiньня Кароткая, плаксiва шморгнула носам i палезла ў кiшэнь па насоўку.
- Сёньня ж патэлефаную ў цэка партыi i пашлю лiста Генадзю Андрэевiчу Зюганаву. Пра такую падзею павiнен ведаць увесь сьвет, - Юстын Капiтонавiч кашлянуў у жменю, крыху суцiшыў голас. - Вось толькi месца для помнiка няўдалае. Трэба яго ў цэнтар перанесьцi - туды, дзе стаяў...
- Каб дзятва нос адбiла? - весела крыкнуў з кухнi Мiкола.
Юстына Капiтонавiча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлацiў сiвыя валасы на патылiцы, з разважнасьцю ў голасе прамармытаў: - У Савеце паставiм. А там пабачым.
- Мы, як яго выцягвалi, дзесяць лiтраў саляркi спалiлi, дзьве бляшанкi нiтрафарбы скарысталi i скульптару за працу трыццаць даляраў заплацiлi. Так што задарма не аддадзiм, - крыкнуў Мiкола, i госьць, выцягнуўшы шыю, запытаўся: - Дык колькi вы хочаце?
- Дзьве скрынi гарэлкi! - гракнуў Мiкола.
Госьць пасьля такiх слоў нават хiтнуўся - задужа высокай паказалася цана. Цётка Аўгiньня падхапiла яго пад руку, павяла да весьнiц i на разьвiтаньне гукнула праз плячо:
- Мы ў Савеце падумаем.
- Падумайце... добра падумайце... - прасiпеў усьлед гасьцям Трахiм i з грукатам - аж парахня пасыпалася са столi - зачынiў дзьверы.
- Дык што ж ты... То пяць тысяч хацеў, то на дзьве скрынi пагадзiўся, прамовiў Трахiм, забiраючыся на тапчан.
- Ды пажартаваў я... - адказаў унук, стамлёна зяхнуўшы ў далонь, - у гэтых сталiнскiх пацукоў грошаў i на скрыню ня знойдзецца.
Мiкола пстрыкнуў выключальнiкам i потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкiдваючы - колькi "бабак" застанецца ў яго, колькi ў Гасюты, i колькi давядзецца "кiнуць" дзеду.
IV
Наступнага дня, ад самай ранiцы, пачаў сеяць дакучлiвы дождж. Трахiм, запалiўшы ў печы, салодка пазяхнуў, зь цiхай радасьцю падумаў, што гасьцей такiм часам ня будзе i тут жа ўгледзеў, як у мокрым вакне мiльгануў пакамечаны капялюш. Яшчэ празь iмгненьне ў прысенку грымотна затупалi i на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газэты Аркадзь Нiчыпарук. Карэспандэнт зьняў капялюш, страсянуў, зьбiваючы дажджавыя кроплi i мутнаватымi, яшчэ дарэшты не працьверазелымi вачыма агледзеў хату.
Аркашка Нiчыпарук даводзiўся Трахiму сваяком: быў жанаты на дзедавай пляменьнiцы, i хаця пасьля таго зьмянiў яшчэ двух жонак, крэўных сувязяў не перарываў - зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку, i раз на год - звычайна, на Вялiкдзень - прывозiў на рэдакцыйным "масквiчы" мех крадзенага камбiкорму.
Кiўнуўшы сваяку, Аркашка зазiрнуў у сьвятлiцу, а ўбачыўшы брудныя Мiколавы пяткi, што тырчэлi з-пад коўдры, грымотна скамандаваў:
- Гвардыя, падйо-ом!
- Iнтэрвiю прыйшоў узяць, - патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кiшэнi плашчу пляшку "чарнiла" i зашмальцаваны блякнот.
Хвiлiн праз пяць, глынуўшы вiна, Нiчыпарук стаў распытваць Мiколу - зь якiх вiроў быў выцягнуты сталiнскi бюст - а дзед Трахiм, якому да млосьцi абрыдлi п'янкi, цiхенька высьлiзнуў з хаты. Стары сеў на ганку i стаў слухаць - як цiўкаюць з капяжу рэдкiя кроплi, як квокча ў хляву, наракаючы на дождж, стары певень i як на кухнi, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубнiў Аркашка Нiчыпарук:
- Немагчыма стала працаваць - рэжа ўсё пад корань. Пры камунiстах i то лягчэй было...
Пазяхнуўшы, стары налёг сьпiнаю на дзьверы, заплюшчыў вочы i калi - праз поўгадзiны - сваяк выходзiў з хаты, кульнуўся таму пад ногi. Сваяк ад начаканасьцi падскочыў, выпусьцiў з роту папяросiну i, дапамагаючы Трахiму падняцца, прамармытаў:
- Ну, Пятровiч, у цябе i жарцiкi...
Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросiну, нарэшце знайшоў, прыпалiў ад падстаўленай Мiколам запальнiчкi:
- Карацей, даю два матар'ялы - адзiн у сваю газэту, другi ў "Праўду". У Маскве такiя рэчы любяць.
- I аб'яву... - нясьмела заўважыў Мiкола.
- За аб'яву не хвалюйся. Сёньня ж патэлефаную Хамiцкаму. Надрукуюць у лепшым камэрцыйным выданьнi. Як там напiсаць? "Прадаецца бацька-Сталiн"?
Сваяк зь Мiколам яшчэ трохi гаманiлi - Мiкола ўсё бедаваў, што помнiк надта цяжкi i гэта можа адпудзiць пакупнiкоў, - дзед Трахiм той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню i з палёгкай уздыхнуў, калi пакамечаны капялюш таргатлiва паплыў мiма вокнаў. Ля весьнiц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восi i Аркашка, увабраўшы голаў у плечы, пабег у адваротным накiрунку.
"Цi не ў прыбiральню пабег?" - падумалася Трахiму; у гэты момант да помнiка падкацiла шэрая "волга" i зь яе нутра вылез, цяжка аддзiмаючыся, старшыня райвыканкаму Ганчарук i яшчэ нейкi, вайсковай выпраўкi чалавек, на носе якога вiселi сонечныя акуляры. Агледзеўшы помнiк, Ганчарук пачухаў патылiцу, сказаў штосьцi напарнiку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору i сьпехам падаўся да машыны.
Наступныя два днi выдалiся спакойнымi: у хату нiхто не завiтваў, да весьнiц нiхто не пад'яжджаў, i ўзрадаваныя дзедавы куры iзноў пачалi поркацца ў зямлi на сваiм ўлюбёным месцы - пад помнiкам правадыру. Але на трэцi дзень да хаты пад'ехаў даўжэзны белы фургон, зь яго выскачылi маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалi раскручваць нейкiя шнуры i ўнук Мiкола, зiрнуўшы ў вакно, каротка патлумачыў:
- Тэлебачаньне.
I дзед i ўнук зьлёгку захвалявалiся - а раптам паклiчуць штосьцi сказаць у камэру. Але хваляваньне было дарэмным. У хату нiхто не заходзiў, а неўзабаве да весьнiц падрулiў "казялок", у запыленай шыбе якога мiльгануў азызлы твар Юстына Капiтонавiча Дуба.
- А гэты чаго тут? - уразiўся дзед Трахiм.
- Эх, дзядуля... На тэлебачаньнi слова даюць толькi надзейным людзям, - з уздыхам прамовiў Мiкола. Унук адсунуў непадатныя просвы, разнасьцежыў вакно. Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? "Панараму" вядзе.
Кабецiна, пра якую казаў Мiкола, падвяла былога ваянкома да помнiка, махнула нейкаму хлопцу i лагодным голасам прасьпявала:
- Вы, Юстын Капiтонавiч, толькi не хвалюйцеся. I глядзiце не на мяне, а ў аб'ектыў тэлекамэры.
Кабета iзноўку махнула рукой, састроiла лагодную ўсьмешку, натхнёна загаварыла ў мiкрафон на чысьцюткай беларускай мове:
- Гiсторыя не бывае добрай цi дрэннай. Гiсторыя такая, якая яна ёсьць - зь яе ўзьлётамi i перамогамi, пякучым болем i трагедыямi. I як бы нi сiлiлiся сёньняшнiя абвяргальнiкi, гiсторыя нашага народу заўсёды з намi, яна вяртаецца да нас i яскравы таму прыклад - вось гэты помнiк, якi стаiць за маёю сьпiнаю. Iмя Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна i дагэтуль выклiкае шмат спрэчак. Але спытаем - як ставяцца да гэтага iмя тыя, хто пралiваў кроў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, хто з iмем Сталiна на вуснах iшоў у сьмяротны бой...
- У якi бой!? - вырвалася з Трахiмавай грудзiны, - знайшлi ваяку... у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым штаны ў ваенкамаце праседжваў, - Трахiм сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зiрнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабецiна азiрнулася i ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамэрай:
- Лёша, давай сначала...
Рэшту дня - аж да самага вечару - Трахiм праседзеў у Сяргейчыка аднаногага iнвалiда, якi жыў па суседзтву. Сяргейчык, з-за хваробы, ужо год як не выходзiў з хаты, а таму страшэнна ўзрадваўся, пабачыўшы суседа. З такой нагоды iнвалiд нават дастаў пляшку самаробнай налiўкi i хаця Трахiм быў чалавекам непiтушчым, але гэтым разам прапусьцiў чарку. Балазе, i нагода была адпаведная: у гэты дзень, пяцьдзесят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагi.
- Ляжалi ў кукурузе, а тут ён як джвагне зь мiнамёту, дык мяне нават з акопу выкiнула, - слухаў Трахiм нетаропкi суседавы аповед i з уздыхам прыгадваў як i яго аднойчы, пад час бамбёжкi, выкiнула з паравозу. I ўваччу на кароткае iмгненьне паўстаў разьвернуты бомбаю тэндэр, ахопленыя полымем цяплушкi санiтарнага цягнiка i перакошаная шыльда з надпiсам "Вязьма" на будынку вакзалу. Трахiм спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся - налiўка патрапiла ў нос - i Сяргейчык задаволена паляпаў яго па сьпiне.
Калi стары вярнуўся дахаты, тэлевiзiйнiкаў пад вокнамi ўжо не было, але затое ўпоперак вулiцы - адзнака таго, што кiроўца быў не ў гуморы - стаяў гасютавы "беларус".
Зрэшты, не ў гуморы быў i ўнук Мiкола: з адчыненай форткi вырываўся на прасьцяг ягоны гарачлiвы голас:
- Цэлы месяц важдалiся... i атрымалi... пендаля пад зад...
Адчынiўшы дзьверы i пабачыўшы самлелы Мiколавы твар i панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.
- А можа дадуць якую кампэнсацыю? - нясьмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропiўшы вочы ў нейкую паперчыну.
- Як жа... дадуць! Дручком спамiж вушэй, - азваўся са сьвятлiцы ўнук i брыдка вылаяўся.
Трахiм моўчкi кiўнуў Гасюту i той, у сваю чаргу, кiўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.
- Во... прыслалi заказным лiстом... "Бюст I.В.Сталiна работы скульптара Леапольда Кангалевiча зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы i мусiць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музэю..."
- Не, ну якiя казлы... Сорак гадоў у рацэ адваляўся... - выгукнуў Мiкола, але фразы ня скончыў - выбег на кухню i зацкавана прамармытаў:
- Пiтонавiч...
- Што - Пiтонавiч? - не зразумеў Гасюта.
- Што-што... Сплавiм вэтэранам за дзьве скрынi гарэлкi, а там хай разьбiраюцца - чыя гэта ўласнасьць.
Яшчэ iмгненьне - i Гасюта зь Мiколам, нiбыта падхопленыя вiхурай, кiнулiся да дзьвярэй i, пiхаючы адно другога, вылецелi на падворак.
V
I вось ён, насьпеў той хвалюючы момант, калi Мiкола ўнёс у хату скрыню гарэлкi, паставiў яе на табурэт i з удумлiвай разважнасьцю аддзьмуўся. Сьледам за iм, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а праз хвiлю - з трыма пляшкамi мiнэральнай вады пад пахамi - з цёмнага прысенку выплыў Данiк Крываблоцкi.
- Карацей, тры днi да яго зь Мiколам хадзiлi - грошаў так i ня выбiлi, прамаўляў, зьвяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. - А сёньня, бляха, заходжу з кувалдай у руках. Пiтонавiч тут i ўсхваляваўся. "Прыяжджай па абедзе, - кажа атрымаеш грошы пад распiску".
- А што, бюст ужо ўцягнулi? - запытаўся Данiк дрыжачым ад захапленьня голасам.
- Мальцы з пiльнi на кругляках укацiлi. Цяпер вось будуць падымаць неяк. Трыма дамкратамi.
- Дарма пупы рвуць, - уключыўся ў размову Мiкола, - у Пiтонавiча грошаў больш няма нi капейкi, - Мiкола задаволена крэкнуў i, нiбыта той цыркач, падкiнуў на далонi пляшку гарэлкi.
Дзед Трахiм выйшаў з хаты, падышоў да весьнiц, i, аблашчыўшы поглядам кола сьвежай зямлi - месца, дзе стаяў правадыр, зморана перавёў дых. Стары мерыўся пайсьцi да Сяргейчыка - трэба ж было недзе пераседзець п'янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошаў, бо не было за што купiць нi хлеба, нi папяросаў - але ногi зусiм ня йшлi i Трахiм прысеў на лаўку.
Ён доўга сядзеў з заплюшчанымi вачыма i слухаў няўцямную гаману, якая лiлася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, здаволенай керханiнай, Данiк Крываблоцкi раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песьню, нарэшце зацягнуў - ды так гучна, што на двары сярдзiта заенчыў певень, але нечакана ацiх i дзесьцi непадалёку абудзiлiся сутаргавыя ўсхлiпы.
Трахiм разьмежыў вочы i ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец iшоў па вулiцы i перарывiста плакаў.
- Гэй, пакрыўдзiў хто? - крыкнуў дзед Трахiм, але падшыванец не азваўся.
- Пакрыўдзiў хто? - давялося паўтарыць старому i Пецька скрозь сьлёзы праенчыў:
- Татку... працiснула... у больнiцу адвезьлi.
- Як прыцiснула?! Чым?! - выдыхнуў Трахiм, паспрабаваў устаць, але тут жа iзноў плюхнуўся на лаўку.
- Бацька твой на пiльнi робiць? - гукнуў ён усьлед падшыванцу, але той не адказаў - пайшоў, пацепваючы ад плачу худымi плечукамi.
"Божухна, усё з-за мяне", - бязгучна прашаптаў Трахiм i твар ягоны апалiла задушлiвая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкi i краналася русявых валасой качагара. Пецька ляжаў дагары тварам i зыркiя вогнiкi замарачна мiтусiлiся ў шырока расплюшчаных вачах.
- Пеця, ты што?! - гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.
Ён адцягнуў качагара ад топкi, павiс на парэнчах, зьбiраючыся клiкнуць санiтара, ды ня клiкнуў, бо з вышынi, са страшным гудам, на яго падаў нямецкi самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьцi падаўгаватае i ў апошняе iмгненьнем перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бэтонную галаву бацькi-Сталiна.
Трахiму часьцяком мроiлася тая страшная бамбёжка, мроiлася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталi крыкi раненых i нос казытаў саладжавы пах паленага людзкога мяса, i ў сьвядомасьцi кожнага разу мiльгцеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за iмгненьне да выбуху. I вось, нарэшце, ён убачыў - хто кiнуў бомбу.