- Дайце ж, нарэшце, начную сарочку дзiцяцi! - рэзка сказала мiс Фэлоўз.
У той жа мiг аднекуль з'явiлася начная сарочка. Здавалася, што ўсё было падрыхтавана загадзя, аднак нiхто не сыходзiў з месца да яе загаду, нiбы знарок пакiдаючы за ёй права распараджацца i тым самым выпрабоўваць яе.
- Я падтрымаю яго, мiс, - падышоўшы да яе, сказаў Дэвенэй. - Адна вы не справiцеся.
- Дзякую вам.
Пакуль iм удалося надзець на дзiця сарочку, яны вытрымалi сапраўдную бiтву, а калi хлопчык паспрабаваў садраць яе, мiс Фэлоўз моцна стукнула яго па руцэ.
Дзiця пачырванела, але не заплакала. Яно ўтаропiлася на яе, мацаючы няўклюднымi пальцамi фланель сарочкi, нiбы даследавала гэты невядомы яму прадмет.
"А цяпер што?" - з адчаем падумала мiс Фэлоўз.
Усе яны, нават выродлiвы хлопчык, замерлi, як бы чакаючы, што яна будзе рабiць далей.
- Вы паклапацiлiся пра ежу, пра малако? - рашуча спыталася мiс Фэлоўз.
Яны прадугледзелi i гэта. У пакой укацiлi спецыяльны перасоўны агрэгат, якi складаўся з халадзiльнага аддзялення, у якiм стаялi тры кварты малака, i награвальнага прыстасавання; у iм мелася таксама вялiкая колькасць стымулюючых сродкаў: вiтамiнiзаваныя кроплi, медна-кобальтава-жалезiсты сiроп i шмат iншых прэпаратаў, разгледзець якiя яна не паспела. Апрача таго, там быў набор дзiцячага харчу пастаяннай цеплынi.
Напачатак яна ўзяла адно толькi малако. Электронная ўстаноўка за нейкiя дзесяць секунд сагрэла яго да неабходнай тэмпературы i аўтаматычна выключылася. Яна налiла крыху малака ў сподачак, не сумняваючыся ў тым, што ўзровень дзiцяцi вельмi нiзкi i яно не ўмее карыстацца кубкам.
Мiс Фэлоўз кiўнула хлопчыку i сказала:
- Пi, ну пi. - Яна жэстам паказала яму, як паднесцi сподачак да рота. Вочы дзiцяцi сачылi за яе рухамi, але яно не зварухнулася.
Раптам яна наважылася. Схапiўшы хлопчыка за руку вышэй локця, яна апусцiла сваю свабодную руку ў малако i правяла ёю хлопчыку па вуснах - кроплi малака пацяклi па яго шчоках i падбародку.
Ён адчайна залямантаваў, але раптам змоўк i пачаў аблiзваць свае вiльготныя вусны. Мiс Фэлоўз адступiла назад.
Хлопчык наблiзiўся да сподачка, нахiлiўся да яго i, хутка азiрнуўшыся па баках, нiбы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака i пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават i не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырывалiся нейкiя няпэўныя гукi.
Мiс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуццi, якiя адбiлiся, вiдаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зiрнуўшы на яе, сказаў:
- Доктар Хоскiнс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?
- У курсе чаго? - пацiкавiлася мiс Фэлоўз.
Дэвенэй завагаўся, але Хоскiнс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбiнi душы яго забаўляла, сказаў:
- Ну што ж, можаце ёй сказаць.
- Вы, вiдаць, нават не здагадваецеся, - звярнуўся Дэвенэй да мiс Фэлоўз, што выпадкова менавiта вы - першая ў гiсторыi цывiлiзаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзiця-неандэртальца.
Стрымлiваючы гнеў, мiс Фэлоўз павярнулася да Хоскiнса.
- Вы маглi мяне папярэдзiць загадзя, доктар?
- А навошта? Якая вам рознiца?
- Гаворка ж iшла пра дзiця?
- А хiба гэта не дзiця? У вас калi-небудзь былi шчанюк цi кацяня, мiс Фэлоўз? Хiба ў iх больш чалавечага? А калi б гэта было дзiцянё шымпанзэ, вы адчулi б агiду да яго? Вы медыцынская сястра, мiс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалi тры гады ў радзiльным аддзяленнi. Вы калi-небудзь адмаўлялiся даглядаць дзiця-вырадка?
- Вы ўсё-такi маглi б сказаць мне гэта раней, - ужо менш рашуча сказала яна.
- Каб вы своечасова маглi адмовiцца ад гэтай работы? Цi не выходзiць, што вы хочаце зрабiць гэта цяпер?
Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за iмi назiраў Дэвенэй, а маленькi неандэрталец, выпiўшы малако i вылiзаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымi вачыма, у якiх была нейкая просьба.
Хлопчык жэстам паказаў на малако, i раптам пакой напоўнiлi бесперапынныя адны i тыя ж адрывiстыя гартанныя гукi ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.
- А ён жа гаворыць! - здзiўленна ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
- Вядома, - сказаў Хоскiнс. - Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным вiдам, а хутчэй разнавiднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусiм магчыма, што ён просiць яшчэ малака.
Мiс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькi, але Хоскiнс схапiў яе за руку.
- А цяпер, мiс Фэлоўз, перш чым вы зробiце яшчэ хоць адзiн крок, вы павiнны сказаць, застаяцеся вы цi не.
Мiс Фэлоўз са злосцю вызвалiла руку.
- А калi я пайду, вы што, не будзеце тады кармiць яго? Я пабуду з iм... пэўны час.
Яна налiла дзiцяцi малака.
- Мы маем намер пакiнуць вас тут з хлопчыкам, мiс Фэлоўз, - сказаў Хоскiнс. - Гэта адзiны ўваход у Першую Секцыю Стасiса. Дзверы абавязкова замыкаюцца i ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёмiлiся з сiстэмай замка, якi будзе, вядома, адпаведна настроены на адбiткi вашых пальцаў, як ён настроены на адбiткi маiх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позiрк туды, дзе павiнна была быць столь у гэтым лялечным домiку) ахоўваецца таксама, i мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калi тут здарыцца нешта незвычайнае.
- Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзiцца пад наглядам? абурана ўсклiкнула мiс Фэлоўз, раптам успомнiўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.
- Ды не, - сур'ёзна запэўнiў яе Хоскiнс, - мы гарантуем, што нiводзiн староннi назiральнiк не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сiмвалаў перадаюцца вылiчальнай машыне, i толькi яна будзе мець з iмi кантакт. Вам давядзецца правесцi з iм гэтую ноч, мiс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькi вольных гадзiн днём i нават мажлiвасць самой зрабiць iх расклад паводле вашых асабiстых патрэб.
Мiс Фэлоўз здзiўлена абвяла позiркам лялечны домiк.
- А навошта ўсё гэта, доктар Хоскiнс? Хiба хлопчык небяспечны?
- Ведаеце, мiс Фэлоўз, справа ўся тут у энергii. Ён нiколi не павiнен пакiдаць гэтага памяшкання. Нiколi. Нi на секунду. Нi з якой нагоды, нават калi ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, мiс Фэлоўз. Вы зразумелi мяне?
Мiс Фэлоўз горда ўскiнула галаву.
- Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскiнс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у iмя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.
- Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасiгналiзаваць, калi вам што-небудзь спатрэбiцца. I мужчыны пакiнулi Стасiс.
* * *
Азiрнуўшыся, мiс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позiрку. Яна паспрабавала жэстамi паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калi яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.
Яго перапуджаныя вочы нi на секунду не пераставалi сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што iнстынктыўна спрабуе супакоiць яго, паволi наблiжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полi зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца нiякая небяспека.
I ёй удалося пагладзiць яго па галаве.
- Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбiральняй, - сказала яна. - Як ты лiчыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?
Гаварыла яна вельмi мякка i асцярожна, вельмi добра ўсведамляючы, што ён не зразумее нiводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоiць яго.
Хлопчык зноў зацмокаў языком.
- Можна ўзяць цябе за руку? - спыталася яна.
Яна працягнула яму абедзве рукi i замерла ў чаканнi. Рука дзiцяцi паволi пасунулася насустрач яе руцэ.
- Правiльна, - крыкнула яна.
Калi рука хлопчыка была ўжо за нейкi дзюйм ад яе рук, смеласць пакiнула яго, i ён адхапiў сваю руку назад.
- Ну што ж, - спакойна сказала мiс Фэлоўз, - пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? - яна паляпала рукою па ложку.
Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзiцяцi. Ёй не ўдалося прывучыць яго нi да прыбiральнi, нi да ложка. Калi хлопчыку вiдавочна захацелася спаць, ён апусцiўся на голую падлогу i хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зiрнуць на яго, i з цемры на яе ўтаропiлiся два агнiстыя вокi, i яна пачула знаёмае прыцмокванне.
- Ну, добра, - сказала яна, - калi ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.
Яна прыкрыла дзверы спальнi i падалася ў сама вялiкi з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якiм па яе просьбе нацягнулi часовы тэнт.
"Калi гэтыя дурнi хочуць, каб я тут i начавала, - падумала яна, - яны павiнны павесiць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмiстую i абсталяваць асобны туалет".
* * *
Яна нiяк не магла заснуць, мiжволi напружвала слых, каб толькi не прапусцiць нiводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзiця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкiя сцены былi, безумоўна, вельмi высокiя, але раптам хлопчык лазiць, як малпа. Зрэшты, Хоскiнс запэўнiў яе, што за ўсiм тым, што адбываецца ўнiзе, назiраюць спецыяльныя прыборы.
Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калi хлопчык усё-такi небяспечны? Небяспечны ў сама лiтаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскiнс не стаiў бы гэтага ад яе, не пакiнуў бы яе тут адну, калi б...
Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькi трох-чатырохгадовае дзiця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганнi, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногцi. А што, як ён, калi яна засне, надумаецца напасцi на яе, пусцiць у ход зубы i пазногцi...
У яе перацяло дыханне. Як дзiўна... Яна пакутлiва напружыла слых, i на гэты раз ёй удалося пачуць нейкi гук. Хлопчык плакаў.
Не крычаў ад страху цi злосцi, не выў i не скавытаў, а менавiта цiха плакаў, як прыбiтае горам, вельмi няшчаснае адзiнокае дзiця.
"Нябога", - падумала мiс Фэлоўз, i ўпершыню пасля сустрэчы з iм сэрца яе працяў востры жаль.
Гэта ж дзiця, дык якое ж, па сутнасцi, значэнне мае форма яго галавы. I гэта не проста дзiця, а дзiця, якое асiрацела як нiводнае дзiця за ўсю гiсторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькi памерлi яго бацькi, але незваротна знiкла ўсё, што некалi было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзiнаю ва ўсiм свеце iстотаю такога роду. Апошняю i адзiнаю.
Яна адчула, як яе ўсё больш напаўняе глыбокая спагада i сорам за сваю бессардэчнасць. Старанна паправiўшы начную сарочку так, каб яна па мажлiвасцi лепш прыкрыла ёй ногi (ловячы адначасна сябе на зусiм недарэчнай думцы пра тое, што заўтра ж трэба прынесцi сюды халат), яна ўстала з пасцелi i пайшла ў суседнi пакой.
- Хлопчык мой, хлопчык! - шэптам паклiкала яна.
Яна была ўжо наважылася сунуць руку пад ложак, але, сцямiўшы, што ён можа ўкусiць яе, вырашыла гэтага не рабiць. Яна запалiла начнiк i адсунула ложак.
Няшчаснае дзiця, прытулiўшы каленi да падбародка, скруцiлася камячком у кутку, гледзячы на яе заплаканымi, поўнымi страху вачыма.
У змроку яго знешнасць здалася ёй менш агiднай.
- Ах ты, бядак, бядак, - сказала яна, асцярожна гладзячы яго па галаве, адчуваючы, як iмгненна напружылася, а потым паступова расслабiлася яго цела. Бедны хлапчук. Можна мне пабыць з табою?
Яна села побач з iм на падлогу i пачала паволi i рытмiчна гладзiць яго валасы, шчаку, руку, цiха спяваючы пяшчотную песеньку.
Пачуўшы яе спеў, дзiця падняло галаву, спрабуючы разгледзець пры слабым святле начнiка яе вусны, як бы зацiкавiўшыся гэтым зусiм новым для яго гукам.
Скарыстаўшы гэта, яна падцягнула яго блiжэй, i пяшчотным, але рашучым рухам ёй удалося паступова наблiзiць яго галаву да свайго пляча. Яна прасунула руку пад яго ногi i не спяшаючыся, плаўна падняла яго сабе на каленi. Зноў i зноў паўтараючы ўсё той жа адзiн нескладаны куплет i не выпускаючы дзiця з рук, яна паволi гайдалася ўзад i ўперад, люляючы яго. Яна паступова супакоiлася, i неўзабаве па яго роўным дыханнi яна зразумела, што дзiця заснула.
Вельмi асцярожна, стараючыся не нарабiць шуму, яна падсунула на месца ложак i палажыла на яго дзiця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такiм мiрным, такiм дзiцячым, што i сапраўды яго пачварнасць неяк менш кiдалася ў вочы.
Ужо iдучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: "А што, калi ён раптам прачнецца?" - i пайшла назад.
Пераадолеўшы ўнутранае супрацiўленне i авалодаўшы сваiмi супярэчлiвымi пачуццямi, яна ўздыхнула i паволi апусцiлася на ложак побач з дзiцем.
Ложак ёй быў надта малы, i ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на iм. Апрача таго, яна не магла пазбавiцца ад пачуцця няёмкасцi, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзiцяцi нясмела каўзанулася ў яе далонь, i праз нейкi час ёй усё-такi ўдалося задрамаць.
* * *
Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка i з цяжкасцю стрымала крык жаху, якi ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымi вачымi ёй проста ў вочы, i ёй спатрэбiлася даволi шмат часу, каб успомнiць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволi, не адводзячы ад яго позiрку, яна спусцiла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.
Кiнуўшы iмклiвы спалоханы позiрк угору, яна напружыла мускулы на апошнi рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.
Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваiмi падобнымi на цурбалкi пальцамi i штосьцi сказаў.
Гэты дотык прымусiў яе адхiснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агiдны.
Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокi рот, рухам рукi спрабаваў паказаць, быццам штосьцi вылiваецца ў яго з рота.
Мiс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, i раптам усхвалявана ўсклiкнула:
- Ты хочаш, каб я спявала?
Хлопчык маўклiва працягваў глядзець на яе вусны.
Крыху фальшывячы ад натугi, мiс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдаднi ноччу, i маленькая пачвара ўсмiхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палiчыць за смех.
Мiс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правiльна кажуць, што музыка ўцiхамiрвае сэрца дзiкуна. Яна можа дапамагчы...
- Пачакай крыху, - сказала яна, - дай мне прывесцi сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвiлiны. А потым я згатую снеданне.
Нi на секунду не забываючыся, што столi тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелi, уважлiва сачыў за ёй, калi яна трапляла яму на вочы. I кожны раз яна ўсмiхалася i махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, i гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.
- Ты хочаш малочнай аўсянкi? - спыталася яна, скончыўшы свае справы.
Згатаваць кашу было справаю некалькiх секунд, i калi ежа была на стале, яна паклiкала яго рукой.
Невядома, цi ён зразумеў значэнне яе жэста, цi яго завабiў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелi.
Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхiснуўся. ("Нiчога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу", - падумала яна.) Аднак яна ўсё-такi дамаглася таго, што ён рукамi паднёс мiску да рота. Ён паслухаўся, але рабiў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохi i з'еў.
Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, i хлапчук, заўважыўшы, што пасудзiна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку i, прыцiснуўшы яго пальцы да шклянкi, прымусiла яго падняць шклянку да рота.
Зноў усё было аблiта i запэцкана, але, як i першы раз, малако ўсё-такi трапiла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла i не да такога.
На яе здзiўленне, асвоiць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмi яе задаволiла. На гэты раз ён даволi хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавiла сябе на тым, што гладзiць яго па галаве i прымаўляе:
- Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!
I дзiця ўсмiхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. "Калi ўсмiхаецца, ён, сапраўды, зусiм нiштаваты", - падумала яна.
У той жа дзень папрыязджалi прадстаўнiкi прэсы. Пакуль яны прыладжвалi сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукi, i ён моцна прытулiўся да яе. Сумятня напужала яго, i ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвiлiн, пакуль ёй дазволiлi вынесцi дзiця ў суседнi пакой.
Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, i першы раз за васемнаццаць гадзiн выйшла з домiка, шчыльна зачынiўшы за сабою дзверы.
- Я думаю, што на сёння вам хопiць. Цяпер мне богведама колькi спатрэбiцца часу, каб яго супакоiць. Iдзiце.
- Добра, добра, - сказаў джэнтльмен з "Таймс-Геральд". - А гэта сапраўды неандэрталец цi тут якое-небудзь жульнiцтва?
- Запэўнiваю вас, што гэта не мiстыфiкацыя, - пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскiнса. - Дзiця - сапраўды Homo neanderthalis.
- Гэта хлопчык цi дзяўчынка?
- Гэта хлопчык-малпа, - умяшаўся джэнтльмен з "Ньюс". - Нам паказваюць не што iншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзiць, сястра?
- Ён паводзiць сябе гэтаксама, як i любы iншы маленькi хлопчык, - адрэзала мiс Фэлоўз. Злосць прымусiла яе стаць на абарону дзiцяцi. - I зусiм ён не хлопчык-малпа. Яго завуць... Цiмацi, Цiмi, i ён абсалютна нармальны ў сваiх дзеяннях.
Iмя Цiмацi было выбрана ёю зусiм выпадкова - яно проста першае прыйшло ёй у галаву...
- Цiмi - хлопчык-малпа, - рэкнуў джэнтльмен з "Ньюс", i менавiта з гэтай мянушкай дзiця стала потым вядомае ўсяму свету.
- Скажыце, док, што вы думаеце рабiць з гэтаю малпаю? - спытаўся ў Хоскiнса джэнтльмен з "Глоба".
Хоскiнс пацiснуў плячыма.
- Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлiвасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лiчу, што ён зацiкавiць антраполагаў i фiзiёлагаў. Перад намi ж iстота, якая па сваiм развiццi стаiць памiж жывёлаю i чалавекам. Нам даецца мажлiвасць даведацца пра многае i ў нас самiх i ў нашых продках.
- Як доўга намераны вы трымаць яго тут?
- Колькi нам спатрэбiцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкi перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбiцца шмат часу.
- Вы не маглi б вывесцi яго з дому? Тады б нам удалося паставiць тэлевiзiйную апаратуру i зляпаць сапраўднае вiдовiшча.