Ён тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Усе маглі бачыць: ён сказаў тое, што трэба, i якраз так, як трэба. Гэтых людзей праб’еш хіба інакш — далікатнымі гарадскімі слоўцамі!
Але людзей не прабіла i Міканорава прамова: не зважаючы на тое, што ў яго словах ды i ў самой яго постаці была яўная пагроза, большасць з тых, што сядзелі яшчэ вакол, сталі дружна разыходзіцца, як бы атрымалі адно дазвол.
Надзеў кепку Андрэй Руды, але не ўтрываў, пад шумок некалькіх куранёўцаў зазначыў Міканору, што пагражаць народу — "факцічаскі" няправільна; Міканор заўважыў між ix ціхага, давольнага Андрэевай заўвагай старога Глушака, узлаваўся:
— Дзядзько, хваціць ужэ вашай балбатні! Або пішыцеся з намі, або ідзіце з дарогі!
— Я-то пайду. Але его, так сказаць, не па-бальшавіцкаму!
Андрэй хутка, але хадою пераможцы падаўся за дзядзькамі. Ужо ў цемры ён зноў загаварыў да дзядзькоў, ды Міканор не змог разабраць нічога: Сарока яшчэ раз хацела ўпэўніцца ад Апейкі, што заганяць у калгасы не будуць. За Сарокай сышоў у цемру i Васіль, які сачыў за ўсім трохі зводцалі, недаверлівы, пільны.
Урэшце асталіся каля агніо шэсць гаспадароў: Хоня, Алёша, Зайчык, Грыбок, Міканораў бацька, Хведар крывы ды некалькі цікаўных жанок; між ix асабліва ўпадала ў вочы нейкая ўрачыстая i вінаватая Зайчыха з малым на руках. Міканорава матка глядзела з вечнай трывогай, i спакойная пастава сястры, Хведаравай жонкі, Міканору была як уцеха.
Спачатку больш маўчалі. Было нешта новае ў тым, што чулі адзін да аднаго, была нейкая дзіўная, нязвычная паразумеласць, блізкасць. Было штосьці адзін да аднаго такое, быццам яны сваякі ўжо, браты i сестры быццам. Гэтая блізкасць чулася мацней адтаго, што з вясёлымі надзеямі лез у думкі, у душу клопат, які ў некаторых станавіўся проста-такі трывожнасцю: а як яно там будзе пазней, што выйдзе з усяго гэтага, якое пачынаецца тут парнай, душнай гэтай ноччу. Недарэмна такі задуменны сядзеў крывы Хведар, ашчаперыўшы выслізганую мыліцу, недарэмна так сціснуты былі бяскроўныя губы ў Зайчыхі. Ды i Зайчык быў не такі вясёлы, як хацеў здавацца.
Не аднаму чулася цвярозае: ix, якія тут асталіся, як сваякі, было вельмі ж мала, на пальцах адной рукі палічыць, — ледзь не ўсё сяло было не каля агню, не з імі. Калі Міканора асабліва тачыла тое, што столькі людзей не слухалася яго, як бы не верыла яго шчырасці, то Зайчыху i Дамеціху, самога Дамеціка трывожыла, што з тых, якія нібы сачылі з цемры цяпер, не ўсе глядзелі зычліва, нават — не з простай суседскай цікаўнасцю. Былі там i такія, ведалі яны, хто кляў нема, хто скакаў бы з радасці, каб ix перуном спапяліла, каб ветрам развеяла, як заразу.
— Небагата, — нібы падумаў Апейка, абводзячы ўсіх такімі вачыма, як бы хацеў пабачыць, хто чаго тут варты.
— З нашым народам хіба зробіш што! — не стаў таіць Міканор расчаравання i нават злосці.— Гаворыш — усё адно як не людзям жывым, а пням у лесе! Дый пні, здаецца, угаварыць ужэ можна було б!
— Ето праўда, — падтрымаў ахвоча Зайчык. — Сем разоў напужаюцца, перад тым як асмеляцца!
— Бо й не так сабе ето! — Міканорава маці не ўхваліла Зайчыкавай весялосці.— Не абы-што. Пабурыць усё зразу, ды шчэ самому. Сваёй згодай…
— Нічога, — як бы давольны ўсім, як бы іншага i чакаць не было чаго, сказаў Апейка. — На адзін вечар, можа быць, i нямала! — Ён павёў вачыма на Міканора, яшчэ на аднаго, двух, усміхнуўся. — І важна — не адно, колькі салдат, a i якія! Якасць важна, от што! Тут жа — цвёрдыя, надзейныя кожны!
— Надзейныя! — падтрымаў Хоня. — Кожны дзесяці годны!
Кульгавы Хведар, што абдымаў усё сваю мыліцу, адгукнуўся:
— Ето усё адно як разведка.
— Не мало, ей-бо, не мало! — выскачыў Зайчык. — Уся хітрасць, браточкі, як лічыць! Калі толькі гаспадароў, то i праўда — не густо! A калі ўсіх — з дзецьмі,— то з маімі ды Хоневымі — паўсяла, не меней, будзе!
Хоня зарагатаў:
— Ето праўда! Будзе!
— Хваціць ужэ, — спыніў усмешкі Міканор, з твару якога не сыходзіла клопатнасць. — Не ранні час. Уставаць скора трэба будзе… Пра дзело давайце падумаем. З чаго i як пачынаць будзем… Зразу ж, не сакрэт, абагульняць скаціну i інвентар трэба: дак куды зводзіць i ставіць усё будзем, трэба рашыць… Трэба выбраць лепшыя хлявы для кароў i коней i павеці для калёс… Я тут падумаў ужэ, намеціў, дак давайце памяркуем, пастановім…
— А як з курамі, не сказано! — перабіла яго раптам Грыбчыха. — Курэй аставіць трэба!
— І курэй, як i ўсякую жыўнасць, будзем абагульняць, — спакойна, цвёрда заявіў Міканор; але вярнуцца да ранейшай гаворкі яму не ўдалося ўжо — выбухнуў бязладны i гарачы жаночы гоман.
У гоман гэты ўчапілася i некалькі мужчын.
Гоман сціх толькі тады, калі Апейка сказаў, што з курамі пакуль што пачакаць можна. Міканор намерыўся далікатна запярэчыць Апейку, пасарамаціць жанок за адсталасць, як Грыбчыха, распаленая гамонкаю, крыкнула:
— І калі ето будзе, тое ўсё абагульненне? Кажа, як усё адно заўтра хоча рабіць!
— Заўтра i зробім! A калі ж? — Міканор сказаў так, як гавораць на неразумную заўвагу.
Але Грыбчыха нібы толькі гэтага i чакала:
— Заўтра! Як жа ж ты пачнеш, калі ўсе ў балоце! Калi гаспадарка ў сяле — чорт ведае дзе!
— Aгe, не ехаць жа ў сяло, кінуўшы ўсё тут! — падтрымаў жонку Грыбок.
— Трэба, пакуль пагода, ухапіць, — неспадзявана згадзіўся з імі Алёша, што амаль увесь час маўчаў.— Як там яно будзе далей — Бог ведае, а пагоду трэба ўхаліць.
— Дак што ж — калгас адкласці?!
Алёша не глядзеў на Міканора, корпаў сукам чорную зямлю. Міканор аж кіпеў ад такой здрады, але Алёша сказаў упарта:
— Няма калі цяпер. Пагоду ўхапіць трэба.
— Дак ето ж, можно лічыць, i не адклад, — як бы хацеў прымірыцца Грыбок. — Згаварыліся ж разам буць. Упісаліся. І не выпісуваемся!.. Толькі што — пара такая!
— Ухапіць трэба. Пакуль не позно.
— Пакасіць, пажаць! Як е! Па аднаму! — Грыбчыха крыкнула так, што ўсе пачулі: хай хоць што — не пераменіцца.
— A малаціць ужэ разам… — асцярожна памог ёй Грыбок. — Малаціць — там не гарыць так.
— Дак ето значыць — зноў як аднаасобнікі?! — Міканор не таіў абурэння. Чуў за ўсім гэтым не так клопат пра пагоду, як хітрасць, кажучы па-ваеннаму — манеўр: пасядзець яшчэ, паглядзець, што будзе з усяго.
Апейка заступіўся за яго, спакойна, мірна стаў даводзіць, што адкладваць надоўга неразумна, што трэба новы будынак ладзіць хутчэй, не адкладваючы. Але ці то адтаго, што гаварыў ён так, нібы i сам не цвёрда верыў, што спяшацца трэба, ці то ад людской упартасці — i яго не паслухаліся.
— Можно памагці таму, каму вельмі трудно будзе, — як бы павінаваціўся перад Апейкам i Міканорам Алёша. — Усё адно — што ў арцелі.
— Такі праўда, мабуць: абагульненне лепей — калі сажнем! — разважліва, ціха сказала Вольга, Міканорава сястра. — Кеб з толкам, кеб зладзіць як трэба. То ж не так просто знайсці тут, хто тых кароў ды курэй даглядаць будзе! A сколькі ўсяго другога — калі людзям дыхнуць няма як!..
— І калгасаўскім коням, дзетачкі, сена трэба будзе даваць! — уставіў Зайчык, які найбольш сачыў — не ведаў, да каго лепш далучыцца. Ён гатоў быў далучыцца да Міканора, але баяўся, каб не падумалі, што ён шукае адну сваю выгаду.
— Міканор, людзі кажуць праўду! — раптам проста i весела рассек вузел Хоня. — Абагульняць трэба, калі палягчэе трохі! Паспеем! Усё толькі пачынаецца!
— Усе ўжэ даўно пачалі — у другіх сёлах!
— І мы, бачыш жа, пачалі. Запішы ўсіх, што, значыць, — уступілі. Што — калгаснікі. Што — калгас пачаўся.
— Дак ето ж як абман.
— Ніякаго абману няма. Дагаварыліся. Пастанавілі. Падпісацца можам. І памагаць адзін аднаму будзем, як усе адно калгаснікі.
— Памагаць — трэба! — не ўтрывала Зайчыха.
— Будзем памагаць i сена касіць, i жаць. А малаціць будзем ужэ i саўсім разам!
— Разам, — пайшоў услед ухвальны i, можна сказаць, дружны гоман.
Міканорава расчараванне адтаго, што мара пра калгас, нават такі, нават з гэтай купкі людзей, зноў нібы не спраўджвалася, адступала да восені, трохі памякчэла, калі ўсе прыязна, дружна выбралі яго за старшыню арцелі. Гэта падзея, акрамя таго, што цешыла яго гонар, яшчэ як бы гаварыла, што калгас які ён ні ёсць, а пачынае жыць. Прытрымліваючы раптоўную ўцеху, з годнасцю абранага кіраўніка новай гаспадаркі, з відным усім разуменнем не абы-якой адказнасці, нованароджаны старшыня арцелі папрасіў старшыню райвыканкома, каб паклапаціліся прыслаць у час землеўпарадчыка, каб нарэзалі адзін зямельны масіў…
Стары Дамецік з гонарам сачыў за кожным словам сына. Дамеціха ж, слухаючы ўсё, ціха, нясмела ўздыхала. Калі ўсё скончылася, залезла пад воз, доўга, трывожна хрысцілася…
3
Чэрвеньская ноч у лузе — час спачыну. Людзі спяць чэрвеньскай ноччу як нежывыя. Так было заўсёды: дзень — у клопаце, у турбоце, у гонцы бясконцай, да знямогі, ноч — толькі сон, толькі ратоўнае, непрабуднае забыццё.
Не кожны ў Куранях датрымліваўся цяпер гэтага заведзенага здаўна парадку: вялікія трывогі, што лезлі ў душу днём, калі ад знямогі балелі рукі i спіна, тачылі, пяклі іншых i ноччу, гналі i гналі патрэбны, жаданы сон. Было i так неспакойна, а гэты юравіцкі госць, што дапаў на сваёй гарадской калясцы аж сюды, у чортава балота, яшчэ падбавіў трывожнага думання.
Не адзін доўга, бяссонна круціўся ў гэту ноч, паглядваў з непрыхільнасцю, з цікаўнасцю на Дамецікаў агеньчык, каля якога меркавапа, дамаўлялася аб нечым купка тых, якія паверылі ў вялікую трывогузагадку. Не ўсе супакоіліся i тады, калі тыя разышліся, калі i сам агеньчык апаў, перастаў зырчаць у цемры чырвоным, неспакойным вокам.
Думалі па-рознаму. З надзеяй на добрае i з адчаем, з цвярозай разважнасцю i хмельнай злосцю. Як ні дзіўна, хутчэй за іншых заснуў Хоня. Дапаў да копкі сена, накрыўся, пазяхнуў з той лёгкасцю на душы, з якой можа пазяхаць толькі чалавек, які нарабіўся досыць, спраўдзіў усё, што трэба, i так, як трэба. Чаго было думаць лішне пра арцель — даўно аддумана ўсё, аддумана i адрэзана. Зрабіў сёння толькі тое, што рашыў даўно. Тут яму ўсё ясна. От калі i ёсць пра што думаць-гадаць, дык гэта пра Хадоську; ён i думае, ліха на яе, здаецца, кожны вечар — от i сёння згадаў яе. Чаго яна такая вечна: абы прытуліў — рукамі хутчэй упрэцца ў грудзі яму i адно: "Не трэба!" Пацалуеш яе, а яна толькі адно — адвернецца i зноў тое ж: "Не трэба!" Hi разу не прытулілася сама, не тое штоб пацалавала! A i не скажаш, каб гадкі быў ёй, не — падабаецца; гэта ён чуе добра; а от жа, ліха на яе, дзержыцца — як з чужым! Хацеў ужо не раз плюнуць на ўсё, кінуць, дык як жа ты кінеш такую! "На калгас як яна паглядзіць? — паявілася неспакойнае. — Пакуль — калі гаварыў з ёй — не вельмі каб коса. А там — каб не занатурылася яшчэ! Каб бацька, ліха на яго, не настроіў!.."
Згадка пра бацьку заўсёды хмарыла, цяпер i гэта не разагнала бесклапотнай лёгкасці. "Нічого, абламаецца!.. Нідзе не дзенецца!.. Нідзе не… Хадосечко!.." Ён ужо ў сне паварушыў губамі, нібы развітваючыся да наступнага дня, да новай — шчаслівай — сустрэчы!..
Чарнушку доўга не спалася. Спачатку не давала спакою жонка — чаго толькі ні наваліла на Міканора, на Апейку, на калектыў! Дасталося разам з іншымі i самому Чарнушку; ён толькі слухаў ды маўчаў, прывык даўно: з яе слоў заўсёды неяк так выходзіла — ва ўсім паганым, што б ні дзеелася на свеце, ён быў нязменна вінаваты! Накляла, напляла, нарэшце, дзякуй Богу, як рабіла ўсё, зацята ж захрапла: дала волю Чарнушку пабыць аднаму ca сваімі думкамі.
Перабіраючы нанава тое, што казаў юравіцкі Апейка, Чарнушка ca сваім спакойным, разважным розумам чуў: багата ў чым той мае рацыю. І пра ўраджай правільна: трэба брацца за гэта, трэба, канешне, каб зямля болей давала, каб не дарам, грэц яго, ірваць на ёй жылы. Угнаеннем трэба паддобрыць яе, гэта таксама правільна: ахвотней радзіць будзе, не можа быць, каб не падахвоцілася, дзе, канешне, не адзін пясок. А тое, што пра машыны баяў, пра гэта i казаць няма чаго: прынада вялікая, такая палёгка! І што кожнаму не пад сілу машыны хоць бы якія, гэта таксама відно было Чарнушку, як i тое, што паасобку ўсяго, што трэба зямлі, не зрабіць. Як ты навозіш аднаго таго ўгнаення, калі да станцыі ні мала ні многа трыццаць пяць вёрст! Ды i за што ты, грэц яго, купіш! Далей Чарнушкавы думкі як бы трацілі сваю яснасць: добра ведаючы, што трэба зямлі, Кураням, ён ніяк не мог пачуць пад усім цвёрдай, надзейнай асновы. Не мог толкам даўмецца Чарнушка, з чаго мусіў той калгас так пабагацець, калі ўсе сыдуцца разам, звядуць сваіх конікаў, кабылак, свае калёсы ды сані. Крэдыт — то, канешне, непагана, пакуль суд ды справа, пакуль на ногі не станет! А толькі ж крэдыт той — як прыпарка; ды крэдыт i аддаць заўтра трэба будзе; сягоння палучыш, a заўтра аддай! Дапамога ад дзяржавы — канешне, добра, але што з таго дастанецца Кураням, от што яшчэ паглядзець трэба! Памагці-то яна, дзяржава, пэўна ж, рада, але ці вельмі ж памагці i яна можа, калі Расея без канца-краю i ўсім трэба помач, i трэба бясконца заводы будаваць, грошы на ix трэба! І на армію трэба, на зброю, на харч! Ясна, што помач помаччу, а трэба, каб самі, грэц яго, станавіліся зразу на ногі! А на тое, што станеш моцна, надзеі цвёрдай i няма! І дабра небагата з кожнага, i надзеі добрай не на ўсякага: не ўсякі, грэц яго, старацца будзе на нечай паласе ды берагчы нечага коніка! Ды i паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! У якой чорт ведае, як дайсці да ладу!
З усіх Чарнушкавых разваг выходзіла яму пакуль адно: хапацца няма чаго, глядзець трэба, куды ўсё пойдзе. Гэта браў з ахвотаю: яно супакойвала, ураз тушыла трывогу — боль за кабылку i жарабя, за карову, за гумно, аб якіх ніяк не магла не балець душа. Супакойвала яно i таму, што давала ўнікнуць пакуль вайны ў сям’i з Кулінаю, давала мір, які ён заўсёды любіў. Але спакою ў Чарнушкавай душы не было: як i ўсе дні, неадступна ныла, балела іншае — Ганніна бяда. Зноў успомніў, як хавалі малую, як упала на дочаччыну труну, як чаплялася без памяці за яе; як нікла нема над свежай магілкаю на другі ранак. Звялася зусім, счарнела ад гора… Стала нядобра, аж запякло ўсярэдзіне: з жалем за яе бяду, за няўдачу ўсю яе ўпаўзла даўняя, заўсёдная вінаватасць. З таго дня, як заўважыў, што невясёлая, не радая Гануля, вінаватасць была нібы важкім, гарачым каменем у сэрцы. І ўранку, i ўночы насіў яе ў сабе. Хоць помніў, як вінавата ў Ганнінай бядзе жонка, не дзяліў віны, караў аднаго сябе. Хіба б яна зрабіла што, Куліна, каб ён стаў тады цвёрда, адрэзаў: не! Сам, сам ва ўсім вінаваты: не ўтрымаў перад бядою дзіця, пусціў Ганулю на пакуту! Паспадзяваўся на карчоўскае дабро, паквапіўся: адзетая, абутая паходзіць, нішчымніцу забудзе! Пахадзіла, пабачыла "добрага", забыла "нішчымніцу"! Забыла — як смяялася некалі, у беднай бацькавай хаце! Даў шчасця дачцэ сваёй! Устала б, пабачыла б нябожчыца матка!
А цяпер — з Карчамі разам — i яна кулачка, лішэнка! Як бы багацейка якая праўдзівая, як бы не парабчанка ў чалавека свайго! Усё, што на Карчоў ідзе, ідзе i на яе, i адзін чорт знае, чым усё скончыцца! І адзін чорт знае, што зрабіць тут можна, як выбавіць яе!..
4
Васілю прыйшла на памяць у гэту ноч ужо амаль забытая юравіцкая каморка, недалужная ноч, якою гналі яго маслачкі між чорных гумнаў. Рэдка цяпер памяць вяртала ix, толькі тады хіба, калі што-небудзь нагадвала, як сённяшняя сустрэча з Апейкам; як i ў тыя разы, i ў гэту ноч успаміны, калісьці такія горкія, прайшлі далёкаю хмарай.
Не, сёння дык асабліва ціха прайшлі, бы i не чуў ix. Бы i не з ім, Васілём, а з некім іншым было. І ці дзіва: было тут як успамінаць Васілю аб далёкім, сатлелым, калі душа трывожылася, балела блізкім, неперажытым, i не якім дробным, a вялікім, што падступалася да ўсяго, што рабіў, чым жыў усе гэтыя гады. "Толькі пачаў станавіцца як мае быць на ногі! — балела, пякло Васіля. — Толькі пачаў жыць!.. І от — на табе!.."
Усё нібы i шло дасюль, як хацеў. Жаніўся непагана, выгадна. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай больш як паўдзесяціны, i зямлі не абы-якой! Пасаг за Маняй добры ўзяў! Скора пасля таго, як жаніўся, прывёў каня — не здыхляціну, а каня — людзям на зайздрасць! Жаніцьба выгадная — памагла!.. Памагалі вуллі: мёд — на юравіцкім, а то i мазырскім кірмашах — прыкметна падбаўляў грошай. Разам з дзедам выдзяўблі яшчэ тры калоды, усцяглі на сосны. Яшчэ ў тую восень стаў вазіць лес на хату; у пару то з маўклівым, старанным для дачкі Пракопам, то з яго Пятром: склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі проста ўвачавідкі. Дзякуй Богу, лес не дзе-небудзь, а пад бокам, ды i Міцю-лесніку дзякаваць: паперку на парубку загадаў узяць так толькі, для прыліку; па той паперцы заплаціў за сем дрэваў, а звёз на цэлую хату! Набраў, лічы, бясгілатна, хіба што на гарэлцы трохі вытраціўшыся.