Подых навальніцы - Иван Мележ 13 стр.


— Ты саўсім ето — зачыніць хочаш? — не верылася Глушаку.

— А чаго тут зачыняць! Зачынілася ўжэ, можна сказаць! Само! Чаго там было зачыняць — пляшка якая карасіны, тры пачкі запалак ды жменя солі! Толькі слова адно — што крама, таргоўля свая! Толькі рукі пэцкаў, дурная галава! Было з-за чаго слухаць, як цябе ўсякі называе нэпманам, капіталістам, буржуем! З-за нейкай пляшкі карасіны, што ты даў савецкаму селяніну! Нашто мне гэта трэба, Халімон! Хіба я сам — вораг які савецкай уладзе! Я толькі дабра хацеў уладзе, памагці хацеў! А як вам не падабаецца гэта, дак нашто мне яно! Нашто я мучыцца буду! Пайду назад у рабочы клас, у шаўцы! У арцелі боты буду шыць людзям!

Ужо калі Нохім насыпаў у сенцах торбу солі, Глушак не ўтрываў, пацікавіўся асцярожна:

— Чуў я, што Іцко паехаў кудысь?

— Паехаў…— Нохім уздыхнуў — пачуў Глушак — няшчыра; зіркнуў уважліва i як мог прыязна. — А што там яшчэ гаварылі?

— Ну, што паехаў кудысь…

— Паехаў. Кінуў бацьку. Сказаў мне: з такім буржуем, як ты, сорамна жыць у адной хаце! Кінуў усё i паехаў!.. От выгадаваў дзіця, Халімон!..

Глушак пільна сачыў: мо прагаворыцца хоць словам, дасць што-небудзь для здагадкі — не, вядзе асцярожна, хітра. Стары падчагііў:

— У Маскву, кажуць?

— У Маскву ці ў Кіеў — хто знае! Не піша! — Нохім пакруціў галавою, нібы папракаў сына.

— Вучыцца, кажуць?

— Не, брахня! — запярэчыў не вельмі спакойна Нохім. — Дзе ўжэ яму вучыцца, Халімонко! Рабіць на завод падаўся! У рабочы клас пайду, казаў!..

Едучы назад, Глушак перабіраў, узважваў усё, што пачуў, уведаў. "У арцель сам! — ніяк не ціхла здзіўленне. — Сам зачыніў магазін! Набытак увесь сгілавіў!.. І, мабуць, па дзяшоўцы, не брэша, мабуць…" У Глушака ў неадступнае здзіўленне ўлезла думка, што, каб не празяваў, можна было б прыдбаць тое-сёе па дзяшоўцы; але цвярозасць адразу прыдушыла яе: прыдбаць, уперлася ж у галаву такое!.. "Сам закрыў магазін, набытак сплавіў! Іцку ў горад паслаў!.. Чуе, значыцца, што не к дабру ідзе ўсё, што дабра не будзе!.." З заўсёднай зайздрасцю Нохімавай хітрасці, з нязменным вывадам: няма на свеце чалавека хітрэй за яўрэя — легла Глушаку на душу важка, цвёрда трывога: надзеі на добрае няма, пагібель ідзе! Нохім сам чуе!..

З тых адведзін багата дзён i начэй згадваў Нохіма: трэба было i яму, Халімону, штосьці рабіць, неяк выбівацца з дрыгвы, у якую грузлі ногі i якая магла неўзабаве ўцягнуць усяго. Лазячы думкамі ў гэтай багне, шукаючы i не бачачы жаданай выспачкі, дзе б можна было чуць сябе спакойна, Глушак часта проста-такі ненавідзеў Нохіма: яму, спрытнаму гандляру, добра; ён — як птушка: сеў, пасядзеў, махнуў крыламі i — дагані яго. Ён i ў новым месцы выкруціцца, шырэй за другіх уссядзе! Яму ўсе гарады, увесь свет адкрыты! А ты — як ты выскачыш, калі ты без зямелькі, без гумна, без свірна свайго — што чарвяк! Што галадранец вашывы! Чым больш меркаваў Глушак, тым больш цвярдзела перакананне: што б ні было, яму няможна пускаць на вецер усяго дабра, аддаваць самому за нішто. "Дзяржацца, дзяржацца трэба — хоць зубамі, да астатняго!" — думаў упарта, наказваў сабе стары. У гэтым бачыў ён сэнс цяперашняга свайго жыцця сярод багны, на якую завёў яго лес. "Дзяржацца да астатняго — ды ждаць! Не апускаць рук, не падаць самому на дно!" Чалавек цвярозага розуму, ён, які зведаў усяго ўсякага за свой неспакойны век, у той бязлітаснай i літасцівай заўсёднай зменлівасці, якая то балюча біла па твары, збівала з ног, то дзьмула добра ў спіну, — бачыў цяпер сваю наибольшую надзею. "Не вечно нішто, — думаў, цешыў ён сябе, найчасцей ноччу, памаліўшыся перад абразамі.— Адзін Бог вечны. Булі паны, булі бальшавікі. Крычалі: уся ўласць народу навек! Сабіраліся сядзець век. А патом — як турнулі палякі, дак ляцелі — аж лапці мілыалі! Не вечно i цяпер! Цары булі вунь болей як трыста гадоў, a i то не ўседзелі. Не вечно i етыя, бальшавікі. Турне хтось i етых, мо тыя ж палякі! І мо — вельмі i скора! Гатовяцца вунь — пішуць — за іраніцай даўно!.. Наступіць дзень скора, буць не можа, кеб не наступіў!..

Дзяржацца трэба! Учапіцца ў землю ды ждаць, ждаць!.."

У такія хвіліны думаў пра Нохіма як разумнейшы: "Хітры ты, хітры, яўрэй, a i дурны. Распетрыў ca страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да гіўшынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш? Ухопішся за голаву, заенчыш — ды не выправіш нічого!.. Ждаць трэба, ждаць! — наказваў сабе. Перакананы ў сваім, меркаваў: — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню, можа, збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Узяць грошы да пары да часу. Грошы, што там ні кажы, да пары да часу, надзейней, не прападуць, штоб там ні было. Можно запрагорыць у землю— сам чорт не знайдзе! І няхай ляжаць, ждуць сабе, калі добры дзень прыйдзе! Грошы не прападуць, прадаць тое-сёе не шкодзіць, але вырываць свой корань з зямлі — толькі дурань вырве!" Цвярозы, ясны асабліва ў цемры i цішыні ночы, Глушакоў розум з мудрасцю разважнай, вопытнай раіў яму: "З людзьмі — да пары да часу — заядацца не трэба! Мякчэй, хітрэй да людзей трэба! З Чарнушкамі пабліжэй, падабрэй трэба — трудзяшчыя сваякі, заступка, якая ні ёсць! Маўляў, самі галадранцаў не цураемся, як адна косць з імі!.." Мелькам, бы наводдаль, у думках прайшло злое: "От, як яцо павярнулася ўсё: хоць ганарыся сваяцтвам такім!"

3

Глушак скінуў снапы ў застаронак, загадаў сыну выводзіць калёсы з гумна. Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў, налёг локцем на хамут — конь неахвотна, але пакорліва пачаў адступаць задам: ён адышоў так крокі са тры, калі калёсы наткнуліся на штосьці, сталi.

— Пастой! — крыкнуў стары сыну, недавольны, узяўся за задок калёс: няўдаліца Сцяпан i тут не выкіраваў як трэба — утулкаю кола зачапіў за варотнае шула.

Глушак, крэкчучы, падняў задок, пераставіў ад шула. Калі Сцяпан выбраўся з гумна — загадаў распрэгчы, накарміць каня; сам пастаяў трохі, паглядзеў на загуменную дарогу, зноў пасунуўся ў гумно. Палічыў снапы. На прыгуменні, што чырванела водсветам заходняга неба, ён зноў павёў позіркам — ці не відаць Яўхіма з возам. Яўхіма ўсё не было, i Глушак пачаў злаваць. Не першы раз падумаў, што — патана, калі ў адным гумне разам два гаспадары, хай хоць ён, той другі, i сын табе. Успомніў, што не раз — як сваю — браў Яўхім яго мякіну, тры разы — як са сваіх — насыпаў сабе з яго мяшкоў

"Сын, сын, a i за ім — вачэй не спускай! Шчэ, можа, болей, як за чужым, бо ён тут жа, пры табе, у тваім гумне! Няма таго, кеб бацьку старому памагці, дак сам урваць астатняе ад бацька, старца, гатовы!.." Ён падумаў, як няшчасны, што i з Яўхімам не саўсім пашанцавала яму: не шкадуе бацьку, сам абірае роднага бацьку! — пачуў у сабе тую нутраную злосць на ўсіх, на ўсё, якая цяпер нярэдка брала яго…

Намерыўся ўжо ісці на двор, калі ўбачыў на дарозе з вуліцы чужую постаць. Пазнаў Хоню — "Бацька з маткай" — i стаў насцярожана чакаць: што яшчэ прынесла з гэтым чортам?

— От, дзядзько, — палучыце! — падазрона весела сказаў Хоня, падаючы паперку.

Глушак з таго, як ён гаварыў, пачуў, што паперка нядобрая нечым, кальнуў позіркам у яе: што там.

— Што ето?

— Налог, дзядзько. Абавязковы налог.

— Дак я ж ужэ палучыў…

— Ето тачнейшы.

Глушак хацеў ужо ўзяць, калі Хоня раптам пацягнуў паперку сабе: чамусьці засумняваўся. Прыгледзеўся, пакруціў галавою:

— Не, ето не ваша! Ето — Зайчыкава! Чуць не адцаў чужую! От — ваша!..

Глушак кінуў востры позірк — i недарэмна: было ўжо не сорак восем, як у тым абавязацельстве, а — пяцьдзесят шэсць! Пяцьдзесят шэсць пудоў!

— Ето — утачнілі! — прасіпеў, чуючы, як злосць важка раздзімае грудзі. — Дак, можа, вы i падумалі — дзе я вазьму столькі?

— Ето ўжэ вы падумайце самі.— Хоня сказаў так, здалося, здзекліва, што ў Ілушака затрэсліся дробна рукі. Не знайшоў што i адказаць з гневу. Хоня выбраў яшчэ лісток. — І от — Яўхіму аддайце!

Глушак глядзеў у Хоневу спіну так, што калі б агонь нянавісці, якая гарэла ў яго позірку, мог перадавацца на другіх, спапяліў бы Хоню ўмомант гэты позірк. "От жа гад! От жа смурод! — не мог ніяк утрымацца, каб не дрыжалі рукі.— Смяецца шчэ, вашывец!.."

Яшчэ да таго як Яўхім, трымаючы лейцы, побач з возам снапоў падышоў да варот, стары падаўся насустрач. Стаяў каля варот, нецярпліва чакаў, чуючы, як злосць важчэй раздзімае грудзі. Яўхімаў воз, неахайны, крывы, крактаў, нібы недавольны нечым таксама, — Глушак слухаў гэта, i ў ім з гневам рос жаль да Яўхіма, жэўрала няясная, неабходная надзея. Бачыў ужо ў ім толькі супольніка ў няшчасці, адзіную сваю апору ў жыцці. Ледзь воз, чапляючы шчэццю снапоў за слуп варот, усунуўся на прыгуменне, стары пераступіў дарогу сыну:

— От — паглядзі!

Рукі перад Яўхімам дрыжалі яшчэ драбней. Ад узрушэння, ад нецярплівасці, прагі падзяліць з некім сваю злосць як бы не бачыў, што тут жа была Ганна, якой звычайна асцерагаўся паказваць трывогу.

Яўхім прыпыніў каня, доўга трымаў лісток у крывых, дужых пальцах з адрослымі пазногцямі. Пазногці, пад якімі чарнела зямля, дзе-нідзе загнуліся ўжо, бы кіпцюры. Пазногаць на сярэднім быў сарваны амаль напалову. Стары бачыў, як напялася на Яўхімавым твары цвёрдая, дублёная ветрам ды сцюжамі скура, як павастрэлі сківіцы, чакаў, што ён скажа. Яўхім не сказаў нічога: адарваўшы позірк ад лістка, павёў вачыма, быццам хацеў знайсці кагосьці,— глядзеў важка, жорстка. Раптам моўчкі ж сунуў паперку ў кішэню, рашуча сцебануў лейцамі каня:

— Но-о!

Вячэра Глушаку была не ўсмак. Дзе б ні тупаў — ці па хаце, ці ў сенцах, ці ў хляве, — усё не ладзілася, усё злавала, усё было брыдкае. У сенцах гупнуў на падлогу начоўкамі, што трапіліся пад руку. У хляве ні за што так бацнуў наском апорка па нагах каню, што той з перапуду тросся i хроп, калі зноў падыходзіў блізка. Што б ні рабіў, у галаве былі, помніліся гэтыя — пяцьдзесят шэсць пудоў! "Утачнілі! Штоб вам на том свеце, на гарачай смале так утачнілі!.." У думках даваў волю злосці, помсціўся: "Трасцу вам! Не тое што пяцьдзесят шэсць, a i шэсць пудоў — трасцы! Аднаго пуда — трасцы! Аднаго хунта — дулю! Дулю— аднаго зярняці! Падохніце, выпруціцеся з галаднечы! Паежце адзін аднаго! Як сабакі галодныя! Трасцы! Дулю!.." Ашалелы, думаў, кляўся сам сабе: рукой не варухне, каб злажыць на вазы тое, што яшчэ было ў полі, каб зжаць тое, што яшчэ стаяла: хай гніе, хай прападае! І тое хай гніе, што ў гумне, — цэпа не падыме! У сляпым, салодкім трызненні шалу станавілася легка, добра, чуў у сабе такую сілу, што дрэвы мог бы, здаецца, выварочваць; але шал быў нядоўгі, за гарачкай шалу студзіла галаву, грудзі паганая, безнадзейная цвярозасць: рукі, ногі — усё рабілася такім бяссілым, што хацелася сесці. "Не здай, не выканай — папробуй! Цацкацца, можа, будуць з табой, прасіць-маліць!.." Памяць зразу нагадвала не аднаго знаёмага багацея — з Алешнікаў, з Глінішч, з Княжыцы, — што парылі косці за кратамі. "Восем, дзесяць гадоў — хочаш? Зарабі!.."

Пасядзеўшы квола, зноў хадзіў, кідаў, што траплялася пад рукі, сіпеў на ўсіх. З двара зноў вярнуўся ў хату. Кіпела ўсярэдзіне адтаго, што Сцяпан, тулячыся ля акна, упоцемку ўжо, сляпіў вочы пры кніжцы: здароваму гэтаму балэбусу як i не было клопату, што бацьку пятлю зацягваюць! Кіпела i адтаго, што — заўважыў — старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла.

— Не круціся! — крыкнуў на яе. Калi ж яна пакорліва стулілася ў кутку каля ложка, наляцеў коршакам на сына: — Кінь! Бач — кніжкі яму! Поскудзь ету! Грамацей!.. Штоб i духу етаго не було!..

Глушак вырваў кніжку i шпурнуў к печы так, што зашамацелі жаласна лісты.

— Штоб — духу не було!..

Думаў, кінецца біцца: так сядзеў Сцяпан, калі вырваў у яго кніжку. Старая таксама заўважыла: спалохана крыкнула сыну саступіць — Сцяпан важка падняўся, узяў кніжку ў кутку ля печы, стукнуў дзвярыма ў сенцах.

Стары яшчэ пасіпеў, патупаў злосна i, нарэшце, прыціх. Але сядзець абы так не мог. Выйшаў на двор, пастаяў на вячэрнім ветры. Хацелася пагаварыць, адвесці душу. Пацягнуўся на Яўхімаў ганак. Дом быў перагароджаны, для Яўхіма на месцы акна былі прарэзаны дзверы, зроблен асобны ганак. Было ў Яўхіма i сваё, уласнае селішча, быў там ужо i зруб, i кроквы нават стаялі, a толькі жыццё так завязалася, што i невядома было, канчаць тую хату ці не. Так i лезла ў вочы з голымі кроквамі, сівела пустою.

Яўхім толькі што павячэраў, сядзеў ля стала, курыў самакрутку. Стары пачакаў, калі Ганна прыбярэ са стала, выйдзе, спытаў як парады:

— Дак што ж рабіць будзем?

Яўхім глядзеў усё тым жа нерухомым позіркам, ціснуў плячом вушак. Зацягнуўся глыбока, аж стала з трэскам зырчаць газетная самакрутка, доўга не выпускаў дым.

— Што? Выконуваць… — нарэшце расшчапіў ён губы.

І голас яго, як i сам Яўхім, мог бы здацца спакойным, прыміраным, але Глушак добра пачуў стрыманую, затоеную лютасць.

— З торбаю пайсці нядоўго! Як старцу якому…

Яўхім не адказаў. Зацягнуўся яшчэ некалькі разоў глыбока, павольна; стары зразумеў, што гаворкі талковай не будзе i спадзявацца не трэба, a ўсё ж пакволіўся: што ж яно будзе далей? Яўхім рэзка зварухнуўся, кінуў самакрутку на падлогу, харкнуў, цвёрда расцёр. Адрэзаў:

— Лепей не будзе…

Глушак больш не пытаўся. Не было ахвоты гаварыць. Пасядзеў, памаўчаў, пасунуўся зноў на двор. Было яшчэ больш самотна. Падаўся на вуліцу: неспакой на душы проста гнаў нешта рабіць. A рабіць не бачыў што. Не знаходзіў, што рабіць. І прасіць аб літасці — надзеі аніякай, i працівіцца — без толку. Усё адно што самому лезці на ражон.

"Па закону папробуваць трэба. Будзе што, не будзе, а папробуваць трэба. У цюрму за ето не пасадзяць…" Ціхай вуліцай, між двух радоў чорных хат, чорных варот i платоў, маўклівых дрэў пацёгся ў той бок, дзе жыў Дамецік. Ідучы, не першы раз пашкадаваў, што адабраў калісьці добры лужок у Дамеціка, судзіўся i адсудзіў, паддобрыўшы суддзю; што прыціскаў, як другіх, то пазычыўшы чаго, то заспеўшы каня яго ў сваім жыце: трэба было тады застаўляць яго, каб адрабляў! Але ж i так падумаць можна — адкуль было ведаць яму, Халімону, што так потым павернецца; што смаркаты вырадак таго Дамеціка стане тваім распарадчыкам!

Вокны ў Дамецікавай хаце былі цёмныя, на двары — пуста, але дзверы ў сенцы былі адчынены, i там хтосьці корпаўся. Глушак даў невядома каму "добры вечар" — з цемры адгукнулася Дамеціха.

— Дамецік дома твой?

— Дома. Чухаецца ўпоцемку…

Глушак пільным позіркам i ў цёплай цемры заўважыў: стары адзін, Міканора няма — знарок рассеўся на лаўцы так, быццам нікога i не трэба. Толькі пагаманіўшы пра розную драбязу, пацікавіўся:

— А дзе ж ето Міканор ваш?

— У сельсавеце, — адгукнулася Дамеціха заклапочана. — Сход парцейны сягоння.

— Hi дня, ні ночы спакою чалавеку няма, — паспачуваў Глушак. У галаве прайшла думка: "Мяркуе, вашывец, пэўне, як шчэ тужэй пятлю на шыі сціснуць", — але для Дамеціхі ўздыхнуў нават: — Нялёгко, сказаць, i парційным цяперашнім часам!

— A няўжэ ж легко. Рэдко калі i дома пасядзіць! — шчыра пашкадавала Дамеціха.

Глушак разважыў, што яно i непагана, што Міканора няма: пакуль прыйдзе, можа, удасца выведаць штонебудзь, знайсці, з якога боку падступіцца. Можа, удасца саміх, Дамеціка i Дамеціху, схіліць да сябе: каб закінулі добрае слова перад сынам. Паскардзіўся, што сэрца нешта вельмі ж тахкацець стала, i ногі паслабелі, i холадна чамусьці робіцца: сорам — а хоць ты летам кажух надзявай іншым разам!.. Старасць — ведама!.. Старасць — не радасць!..

Дамеціха i слухала i сама гаманіла ахвотна, нават прыхільна. Дамецік жа, чуў Глушак, толькі i чакаў, што ён сціхне ды сыдзе з хаты. Знарок пазяхаў на ўсю хату, чухаўся санліва: не хацеў забываць старыя крыўды! Глушак таіў злосць: як мяняюцца людзі: гадоў яшчэ тры назад бегаў бы, круціўся, каб дагадзіць як найлепей такому госцю, а от — воўкам маўчыць! Што значыць — сілу пачуў: "бацько парційнага сакратара!"

Назад Дальше