Людзі на балоце - Иван Мележ


Іван Мележ

Бацьку, маці,

бацькоўскай зямлі

Частка першая

Раздзел першы

1

Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.

Вёска тулілася ля берага вострава — платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала.

Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка — каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, — але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, — трэба чакаць адно, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.

Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным. З усіх бакоў, блізка і далёка, ведалі яны, — такія ж самыя выспы сярод бясконцых багнаў, дзікіх зараснікаў, што разлегліся на сотні вёрст з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі. Аднастайныя, нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя вочкі-шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, — усё бачыла гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…

Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвеньскую рань. Калі сонца выпырснула першыя праменні між вяршынь Церамоскага лесу, з каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын. У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў чысты, працавіты клёкат жалеза аб жалеза — касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота. На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ніжучы босымі нагамі цёмны след на падбеленай расой траве, ішоў, размахваў доўгай вераўчанай пугай яшчэ санлівы хлопец-пастух. Ён час ад часу звонка ляскаў пугай і аднастайна, хрыпата пакрыкваў:

— Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!..

Голас яго пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася, і ён як бы памагаў сабе лянівым, але звонкім ляскам пугі. Вароты на вуліцу хутка расчыняліся, каровы павольна, са шляхецкай паважнасцю сыходзіліся ў статак, які багацеў рыкам, пярэсціўся, шырэў на ўсю вуліцу. Калі ён дайшоў да краю сяла, з апошняга двара высунулася рудая, з белай лысінкай карова, якую падганяла чарнявая дзяўчына з дубцом. Далучыўшы карову да статка, дзяўчына з дубцом подбегам вярнулася ў хату, але не выпаўз яшчэ статак з вуліцы, як яна ўжо з драўляным вядром у руцэ паявілася зноў на двары. Яна падышла да зруба калодзежа, які другім бокам выходзіў на суседні двор, бразнула, начапіла дужку вядра на крук вочапа. Журавель варухнуўся, падаўся вочапам да вады, задаволена, радасна зарыпеў.

Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Нахіліўшыся больш над калодзежам, прытрымліваючы рукой вочап, каб не вагаўся, стала глядзець уніз, чакаць, калі вада супакоіцца. Яна хацела, мусіць, паглядзецца ў ваду, але з хаты раптам пачуўся нездаволены крык:

— Ганно-о! Дзе ты, нячыстая сіла?!.

— Я — зараз!.. Нясу ўжэ!..

Дзяўчына заспяшалася, хутчэй зняла вядро з вочапа і, разліваючы на пясок ваду, падалася к хаце…

На суседнім двары, каля хлява, завіхаўся пры калёсах барадаты, у палатнянай доўгай сарочцы дзядзька — квачом з дзёгцем, што маслена пабліскваў ад сонца, мазаў восі. Поблізу яго, прывязаны да плота, стаяў нязграбны галавасты конь, ляніва штосьці шукаў у траве… У двары, што быў за гэтым, жанчына несла зелле свінні і падсвінку, якія рохкалі і вішчалі так прагна, што віск іх на час заглушыў усе іншыя гукі куранёўскай раніцы.

— Ціхо! Няма на вас угамону! — крыкнула на іх жанчына, падаючы спажыву, на якую свінні адразу накінуліся, душачыся, адпіхваючы адно аднаго і кусаючыся. Асабліва лютавала худая свіння, і жанчына пашукала вачыма дручка, каб супакоіць яе, адагнаць ад падсвінка. Але дручка не было, і яна злосна таўханула свінню парэпанай нагой, прыгразіла:

— Вось я зараз цябе!..

З кожнай хвілінай Курані ўсё больш поўніліся людскімі галасамі, людскім рухам — на адным двары маці клікала сына, на другім плакала, залівалася слязьмі не ў час разбуджанае дзіця. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят, і ішло за імі пакорлівае мурзатае дзіця, як старое, угінаючы плечы…

У такі час з хаты, недалёка ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі.

Маці пашкадавала будзіць яго раней. Але і цяпер прачынацца яму было нялёгка — калі яна будзіла, у галаве некаторы час мяшаліся і малюнкі перарваных дзіўных відовішчаў, і словы маці, і назойлівы бусліны клёкат… Жмурачыся ад сонца, на ганку Васіль успомніў пра гэты клёкат, паслухаў — хтосьці блізка адбіваў касу — клё, клё, клё. У галаве варухнулася абыякавая думка, што гэта і быў той клёкат, які ў дрымоце здаўся за бусліны.

За гэтым на памяць прыйшлі яму словы, якімі маці будзіла: «Устань, сынок… Устань, бо ўсе ўсталі… Позно будзе…» Ён зірнуў на сонца — дзе яно, нізка ці высока — і на момант аслеп ад яго бляску. Ён, было добра прыкметна, адразу як бы ажыў, занепакоіўся — сонца ззяла, яму здалося, высока.

«Не разбудзіла па-людску! Калі ўсе ўставалі! — падумаў нездаволена, нават узлавана пра маці і тут жа заклапочана падаўся з ганка. — Каня трэ хутчэй прывесці!.. А то выберашся пазней за ўсіх цераз ету матку!.. Сорам будзе!..»

Ён подбегам падаўся да ўзболатка, дзе пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Калі ён уехаў зноў на двор, убачыў сутулаватага, з жоўтай лысінай дзеда Дзяніса, які корпаўся пры калёсах. Дзед колькі дзён таму, ловячы рыбу, вымак і прастудзіўся — учора пластам ляжаў на печы, а сёння — нб табе, таксама падняўся.

— Мо паправіліся ўжэ? — кінуў Васіль, саскочыўшы з каня.

— Эге, паправіўся! — панура пакруціў галавой дзед. — Тым часам, як дзіця, якое першы раз устало…

— Дак леглі б пайшлі.

— Улежыш тут! У етакі дзень! — Дзед правёў худой рукой пад пузам каня. — Наеўся непагано!

— Наеўся.

Васіль прывязаў каня да падмазаных яшчэ ўчора звечара калёс і ўвайшоў у хату; маці стаяла пры печы, варушыла ў ёй качаргою. Пачуўшы сына, не азіраючыся, стала завіхацца хутчэй, і Васілю ад гэтага маўклівага знаку матчынай увагі і пашаны да яго стала весялей. Ён, аднак, не паказаў, што заўважыў гэта, — чаму тут здзіўляцца, калі ён ужо не хлапчук які, а гаспадар, — кінуў ёй дзелавіта:

— Збірайся… Чарнушкі ўжэ едуць…

Ён вярнуўся ў каморку, зняў адбітую дзедам касу, паспрабаваў, як вучыў Чарнушка, ногцем вастрыё — хоць гэта ён ужо рабіў учора некалькі разоў, — выцягнуў з-пад палацяў лапці і стаў абувацца. Валодзька, малы бялявы брат, што спаў на палацях, раптам заварушыўся, расплюшчыў вочы, зірнуў на Васіля і мігам ускочыў.

— Вась, а Вась, — і я?!

Васіль прамовіў:

— Ляжы ты, нуда! Чаго ўспёрся ні свет ні зара!

— Вась, вазьмі мяне… з сабою!..

— Трэба ты мне!

— Ну, вазьмі-і!

Дарэмна Валодзька чакаў адказу, пазіраючы на брата вачыма, якія прасілі і малілі, ніяк не хочучы верыць у братнюю чэрствасць. Васіль маўчаў. Ён быў непахісны. Абуўшыся, Васіль заклапочана пашаргаў у хату, па-ранейшаму нібы не заўважаючы брата, што, як прывязаны, патупаў услед.

Калі маці падала на стол аладкі і нават — дзіва! — скавародку з салам, Валодзька амаль не аддаў гэтаму ўвагі, па-ранейшаму чакаў.

— Ну, Вась?

— Дай, тым часам, паесці чалавеку, — сказаў дзед, які ўжо гарбата сядзеў каля стала, нічога не браў у рот. — І сам еш.

— Глядзі от, — ласкава прыступілася маці.

Яна знарок паклала перад Валодзькам аладку і кавалачак рудога сала, зірнуўшы на якое, Валодзька не ўтрываў і на час адстаў ад брата. Маці падала яму яшчэ кавалачак, дадала некалькі ласкавых слоў, і сэрца малога палагоднела ад гэтай дабраты. Але неўзабаве яму давялося адчуць, што гэтая матчына дабрата была ўсяго-наўсяго хітрасцю, бо ледзь толькі Валодзька пад'еў, маці мякка, ласкава сказала:

— Ты, сыночак, будзеш з дзедам, хату пасцеражэш. Ды глядзі добранько — усё дабро тут на вашых руках!.. Не дай Бог што-небудзь учыніцца — згалеем зусім!

— Я на балото хачу! — заявіў упарта малы.

Выціраючы аладкай скавародку, Васіль жорстка кінуў:

— Мало што ты хочаш!

З якой зайздрасцю і непакоем пазіралі Валодзькавы вочы, як каля хлява запрагаў старэйшы брат рудога Гуза, пагрозна пакрыкваючы, як дзед укладваў касу, як маці прывязвала торбу з харчамі і абгортвала ўкінутай у воз травою дубовую біклажку з вадой. Сачыў малы то за маці і дзедам, то за братам, нахмурыўшы шаўкавістыя, выцвілыя на сонцы броўкі, ніяк не мог паверыць у чалавечую бессардэчнасць, чакаў з тайнай надзеяй жаданай перамены.

Васіль тузануў вераўчанымі лейцамі Гуза, і калёсы паволі пакаціліся па двары на вуліцу. Тут Васіль азірнуўся — на ўсёй вёсцы, амаль каля кожнай хаты, стаялі калёсы, касцы, жанчыны і дзеці. На ўсёй вуліцы было на рэдкасць людна, яна ўся жыла добрай чалавечай заклапочанасцю.

Маці чамусьці яшчэ раз забегла ў хату, потым сказала дзеду, каб ён не высільваўся, пайшоў лёг, стала наказваць Валодзьку, што яму трэба і чаго няможна рабіць: каб быў пры хаце, каб слухаўся дзеда, каб не дурэў з агнём, — і Валодзька адчуў, што апошнія яго надзеі прападаюць.

— Не хачу! — адказаў адным словам Валодзька.

— А етаго во — хочаш? — памахаў яму пугай брат.

Валодзька толькі яшчэ больш нахмурыў бровы. Маці ж усё не траціла надзеі дамовіцца па-добраму:

— Я табе кулеш у чыгунку ў печцы паставіла. Смачны, з малаком… А ў прыпечку яечко вазьмі!.. Можаш узяць!

— Едзьце бо! — сказаў дзед. — Угаворваюць, ей-бо, як пісара валасного!..

Маці падабрала даматканую сваю спадніцу і звычна села на калёсы, спусціўшы з драбінак босыя парэпаныя ногі.

— Дак глядзі ж, кеб пільнаваў добра! Бо ўвечар я прыеду!

Валодзька, здаецца, нічога не хацеў слухацца: ні матчыных добрых слоў, ні дзедавай строгасці, ні братавай пагрозы пугай.

Ледзь калёсы рушылі па вуліцы, ён, набычыўшыся, падтрымліваючы рукой штонікі, што спадалі, маўкліва падаўся ўслед.

— Вярніся, неслух! — пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца.

Валодзя ведаў, што дзед не любіў неслухмянасці і што маці таксама не дай Бог увесці ў гнеў, але яму так хацелася ехаць на балота, што і страх не ўтрымліваў, — Валодзька адно для бяспекі трымаўся наводдаль ад воза. Калі калёсы прыпыніліся і брат паказаў, што збіраецца саскочыць, малы адразу стаў таксама, гатовы да ўсяго. Васіль пагразіўся:

— Толькі пайдзі ўслед!

Калёсы спыняліся яшчэ разы тры, і кожны раз то маці, то брат загадвалі вярнуцца, не на жарт абяцалі набіць, і, можа, Валодзька адолеў бы сваё вялікае хаценне, калі б не ўбачыў, што на другім возе, які выехаў услед з сяла, сядзіць разам з бацькам яго найбліжэйшы прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Гэта надало Валодзьку порсткасці, і ён яшчэ смялей кінуўся за калёсамі.

— А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі, ён, — вазьміце!

Маці злезла з калёс.

— Вярніся! Ідзі дамоў, чуеш!

— Не пайду!

— Не пойдзеш?

Праз некалькі хвілін ён ляжаў на мяккай раллі між кусцікаў бульбы блізка ад дарогі, і ўзлаваная маці моцна і гучна пляскала яго па голых паружавелых палавінках.

— Вернешся?.. Вернешся?.. Вернешся?..

Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога.

Маці пайшла ад яго, так і не дачакаўшыся хоць слова.

Седзячы ў бульбоўніку, ён цераз завалоку слёз зверавата пазіраў, як яна ішла да воза, як села і паехала, грозна глянуўшы на яго. «Кеб ты… кеб табе… немач!» — кіпела ў ім няўтольная злосць.

Паўз малога па дарозе ехалі і ішлі мужыкі, і амаль кожны падсмейваўся з яго бяды: «Што, усыпалі?» Гэта распальвала яго крыўду. Невясёлы, адзінокі і, як мала хто ў свеце, няшчасны, пацёгся ён дамоў, пацёгся цераз бульбоўнік, цераз агароды, толькі б нікога не сустракаць, нікога не бачыць!..

Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес. Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. Не зважаючы на расу і сырасць, адчувалася ўжо набліжэнне дзённай задухі.

— Душно будзе, — сказала маці.

Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху, як старэйшаму, і, можа, у іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але побач з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, яго дачка, Васілёва равесніца. Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён — смяялася ці нават здзекавалася з яго. От жа толькі пазаўчора пры ўсіх абсмяяла. «Васіль, а чаму ето ў цябе вочы не адзінакія — адно, як вада, светлае, а другое — як жалудок! І валасы унь — ззаду як не чорныя, а спераду — рудзенькія! Як у цяляці рабого». Стаяла і рагатала пры ўсіх! Каб не праўду казала, яшчэ б нішто, а то ж праўда ўсё — розныя вочы, як на грэх, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!..

Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе задуха, як Васіль, тузануўшы Гуза лейцамі, чапляючы калёсамі за нізкае галлё падлеску, порстка аб'ехаў Чарнушкаў, пакінуў ззаду. Ён знарок не паглядзеў на Ганну, але і не пазіраючы на яе, Васіль адчуваў сябе ў поўнай меры шчаслівым. Вось як ён «абступіў» яе, задзіру.

Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца, нібы яна не толькі нараўне з ім, а Бог ведае што. Каб яна была і праўда кім-небудзь асаблівым, тады б і трываць можна было б, а то ж хто — усяго бацькава дачка. І гэтак абыходзіцца з ім, з чалавекам самастойным, гаспадаром! Што ж, ён паказаў ёй!..

Тут, калі Васіль быў увесь напоўнен слодыччу адплаты, стары, вельмі пацёрты хамут раптам разышоўся, і аглобля зашоргала па рудых Гузавых нагах. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.

Васіль хутчэй звязаў парваныя канцы, але калі паспрабаваў, пацягнуўшы з усяе сілы, ці моцна завязаны вузялок, той разышоўся. Прыйшлося зноў звязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха.

— Што такое?

— Супоня… з-зараза…

Гануля весела зіркнула.

— Ён… супоню дома забуў!

Васіль ад такой абразы аж перастаў сцягваць хамут. Калёсы дзядзькі Цімоха, а на іх дзядзька, Хведзька і здаволеная Гануля, прайшлі паўз Васіля і сталі пакрыху аддаляцца.

— Ну, ты знаеш!..

Васіль не ведаў, што сказаць.

— У чужое просо не ўтыкай носа!..

Дальше