Людзі на балоце - Иван Мележ 16 стр.


— А не, не трэба, Сарока-белабока? А чаго ж ты, як на людзях, дак «стары пень», а як адны пабачымся, дак і «кветачка» і «ягадка»! — Зайчык перабіў Сароку. — Шчэ і ў восець нанач звала!

Мужчыны, хлопцы, усе ў хаце глядзелі цяпер на Зайчыка, смяяліся, падначвалі яго і Сароку.

Цётка ўпікнула:

— Дзяцей поўны хорам, а сам, як малы — і не сорам!

У Зайчыка дзяцей і праўда — поўная хата, голыя, галодныя, і сам ён хваравіты, худы, аж шчокі ўваліліся, кажух такі, што і латаць няма чаго — дзірка на дзірцы, на спіне, на рукавах, усюды тырчыць поўсць. Але нішто як бы і не турбуе — скінуў з лысай галавы шапку, лезе, дабіваецца ад Сарокі: чаго ж запрашала ў восець?

Падурэўшы з Сарокай, уваліўся раптам у гурток дзяўчат — адну абняў, другую цмокнуў у шчаку, некага ўшчыкнуў. Сярод дзяўчат ускінуліся крыкі, па Зайчыкавым кажусе запляскалі кулакі. Пад крыкі гэтыя выбраўся на волю, крывячыся, паказваючы, як баліць: вельмі ж пабілі, піскухі!

Прыстаў да хлапечага гурту:

— Які ето дурань будзе браць сабе такую пагібель у хату?

— А мы і не возьмем! Не будзем жаніцца! — заявіў весела Хоня.

— Не жаніцеся, хлопчыкі!

— Не будзем! Цвёрдае слово сказалі!

— Бацько і матка! Ты глядзі, ці пойдзе шчэ каторая ў твой кагал! Такую чараду глядзець!

— Сам дагледжу!

Васіль сядзеў між хлопцаў каля дзвярэй, але амаль не слухаў ні таго, пра што яны гаварылі раней, ні таго, аб чым жартаваў цяпер з імі Зайчык. Нават дружны іх рогат не выводзіў яго з таго стану насцярожанасці, з якім ён увайшоў сюды. Васіль упершыню пасля турмы быў на такім вялікім зборышчы, лавіў на сабе цікаўныя позіркі, бачыў, як жанчыны нядобра перашэптваюцца аб ім. Да таго ж да яго дайшло, што сёння будзе гаворка і пра перадзел зямлі. Гэта павінна было як бы напомніць людзям пра яго віну, і ён баяўся, — магло пры перадзеле пашкодзіць яму. Гэты неспакой яго мяшаўся з неадступным, насцярожаным чаканнем, што вось-вось можа ўвайсці ў хату Ганна. Ён чакаў яе, трывожыўся. Даўно, ледзь не адразу ж тады, як пабачыў, што няма Ганны, заўважыў, што няма не толькі яе, але і Карча Яўхіма! Ці можна было яму не думаць, што яны недзе разам!

Ужо было ледзь не поўна ў хаце, калі ў купку каля дзвярэй уціснуўся з сянец першы Яўхімаў прыяцель, здаравенны і дурнаваты Ларывон, вялікі ахвотнік выпіць, а выпіўшы, пабіцца. За Ларывонам Васіль адразу ж убачыў Яўхіма. Ледзь толькі ўбачыў — пачуў, як раптам стала горача, аж млосна, хутчэй адвёў позірк убок. Не мог глядзець на ненавісны твар.

Але і не пазіраючы, бачыў, які ён вясёлы, задаволены, і ад гэтага ў грудзях ныла.

— Раздайся, машкара! — загадваў Ларывон, рассоўваючы ў бакі хлопцаў. Плячысты, з чырвонай шыяй, па-бугаінаму выгнутай галавой, ён цяпер вельмі апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай.

— Казаў я, без нас не пачнуць, — прамовіў весела Яўхім. — Можно було б шчэ пасядзець!..

— Аге, толькі вас і чакалі! — закрыўляўся Зайчык. Ён крыкнуў Грыбку: — Ужэ можно пачынаць!

— І праўда, — падхапіла Зайчыкавы словы Сарока, — няўжэ ж да пеўняў ждаць будзем, пакуль прыцягнуцца ўсе?!

Як бы абуджаныя крыкам Сарокі, усе заварушыліся, загаманілі: час пачынаць! Грыбок пашаптаўся з крываротым — ад чырвонага рубца, што прарэзаў шчаку і падбародак, — старшынёй сельсавета Дубадзелам, сказаў да ўсіх, просячы:

— Дак, можа, давайце памаўчым трохі? І паслухаем, што скажа нам начальство з сельсавета?

— Можно і памаўчаць… Няхай кажа!.. Ціхо ж бо вы!.. — пайшлі галасы па хаце. Гоман стаў ападаць.

Начальства — маладое, з хваравіта касцістым, бледным тварам, вострымі плячыма, з гарачым, адважным позіркам — устала, абцягнула велікаватую гімнасцёрку і пачало з таго, што, па-першае, ад Алешніцкага сельскага Савета Юравіцкай воласці перадало прывітанне ўсім працоўным сяла Курані. Дубадзел перачакаў, пакуль сціхлі шум і воплескі, пачатыя Андрэем Рудым, аб'явіў:

— Па-другое, мы прыехалі, кеб пагаварыць з вамі пра дзело рознае. Пра школу нашу, — ён кіўнуў да настаўніка, — пра падатак, канешне. А таксамо — і пра грэблю. Пра грэблю тут павінен буў гаварыць з воласці, але па той прычыне, што ён не прыехаў, зноў буду гаварыць я…

— Прапаную спачатку выслухаць міжнароднае становішча, — падняў руку Андрэй Руды.

Дубадзел абвёў людзей вачыма, непахісна сказаў:

— Міжнароднае становішча я намалюю, калі буду гаварыць пра падатак і пра грэблю! Ясно?

Руды кіўнуў:

— Ясно.

Але тут гайнёю накінуліся, апанавалі Дубадзела іншыя галасы, прыдзірлівыя, злыя:

— А пра землю, пра дзяленне — нічого? Дзяліць калі?

— Перадзялілі ўжэ!

— Гаварылі, дурылі!.. Абяцанка — цацанка!..

— Дак якое ж цяпер дзяленне?! — крыкнуў Хоня. — Па такому снегу?

— Даждаліся!

Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Уціхла на хвіліну толькі тады, калі Дубадзел цвёрдым тонам заявіў, што землеўпарадкаванне будзе зроблена вясною. Але не ўправіўся ён сесці, як шум зноў закіпеў.

Настаўніку Жалудку давялося пачынаць у гэтым гомане. Гаварыў ён нясмела, ціха, і спачатку нават зблізу мала што чулі з яго гаворкі. На тых, якія шумелі, пачалі шыкаць.

— Ціхо ж бо вы! Дайце сказаць чалавеку! — бухнуў нарэшце Пракоп.

— Ужэ месяц, як у школе ідуць заняткі, — стала вальней гаварыць настаўніку, — а ходзяць у школы з Куранёў толькі двое — Дзяцел Соня і Глушак Сцяпан.

— Добра хадзіць яму, бацьку такога маючы! — перабіў Хоня Жалудка, і згодны гоман зноў прыцішыў настаўніка.

Васіля вельмі мала цікавіла тое, што казаў Жалудок, куды з большай увагай сачыў хлопец за тым, хто паяўляецца з сянец. Ганны не было і не было. Нечакана позірк яго наткнуўся на іншую постаць, якая ўраз захвалявала хлопца. Васіль не паверыў, прыгледзеўся: не, памылкі тут не было, у дзвярах стаяў ён! Васіль мімаволі насцярожыўся: вось хто, аказваецца, павінен быць з воласці! Але чаго ён стаіць за другімі, упоцемку, не ідзе за стол? Перарываць сходу не хоча ці ахвота паслухаць адсюль, неўпрыкметку?

— Няхай Сцяпан з багатай сям'і, — пярэчыў настаўнік. — Але ж у школу ходзяць і бяднейшыя. Ну, от Дзяцел Соня з вашых, — Жалудок кіўнуў на Андрэя Рудога, Сонінага бацьку. — Багато бедных дзяцей ходзіць з Багуслаўца, з Глінішчаў. Я ўжэ не кажу пра Алешнікі. У Куранях болей за ўсё такіх, якія не ходзяць у школу…

— А з Мокуці богато ходзіць?

— З Мокуці таксамо, — прызнаўся Жалудок.

— А з Хвойнаго?

— І з Хвойнаго. Ім няма як дабрацца…

— А нам е як? Адзін чорт, што з Куранёў, што з Мокуці!

— Як мокро, дак лягчэй на той свет, чым у Алешнікі вашы!

Людзей зноў як прарвала. Жалудку не давалі слова сказаць: гаварылі, крычалі, не слухаючы нічога і нікога.

— Хай бы сам настаўнік сюды хадзіў, калі ўжэ так трэба…

— А хто мне за дзіця маё рабіць будзе? Ёсель юравіцкі?

— Сказаў: алешніцкія ходзяць! Кеб у нас була школа!..

— А рабіць хто школу тую будзе? Плаціць за яе?

— У чым жа яно пойдзе ў макрэчу да ў холад — голым свецячы!

— Добра казаць яму — на казённай палучцы!

— Мой дак меншых глядзіць усю зіму!..

Жалудок слухаў гоман моўчкі, цярпліва: спрачайся не спрачайся, усё роўна не пераможаш. У Дубадзела на гэта было іншае меркаванне — ён ускочыў, замахаў рукамі:

— Грамадзяне куранёўцы!.. Прашу!.. Заклікаю ўсіх!

Але куранёўцы не хацелі слухацца ніякіх просьб і заклікаў ні яго, ні тым больш Грыбка, які памагаў вяла, абы для выгляду:

— Дзядзькі, цёткі!.. Ей-бо, як малыя!..

Калі шум нарэшце апаў, Жалудок выняў з кішэні згорнутую паперку.

— Я от зараз пачытаю спісак дзяцей, каторым трэба хадзіць у школу, і яны не ходзяць. — У хаце зноў захадзіў гул, але ўжо не дружны, з перапынкамі. Настаўнік чытаў прозвішча за прозвішчам, выбіраючы цішэйшыя хвіліны. Калі ён скончыў чытаць, Дубадзел строга, тонам, у якім таілася нейкая рашучая пагроза, загадаў:

— Дай мне спісак еты!

Ён моўчкі перачытаў паперку, згарнуў і з той жа незразумелай, пагрозлівай затоенасцю паклаў у кішэню гімнасцёркі. Гэты загадкавы манеўр прыкаваў да яго ўвагу, прымусіў усіх прыціхнуць.

Тут папрасіў слова, незвычайна голасна, палымяна загаварыў Руды:

— Куранёўцы, усё, што тут, та-скаць, ізлажыў наш настаўнік і інцілігент Сцяпан Уласавіч, трэба кожнаму запомніць і ўзяць на заметку. Ён уцэліў правільно. Дзядзькі, а таксамо і жанчыны, маткі, падумайце, што скажуць нам нашы дзеці, калі вырастуць цёмнымі, так сказаць, невукамі. Не скажуць яны нам свайго «дзякуй». Бо, як пісаў вялікі расейскі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будушчым жыць будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дарогі ні туды ні сюды!..

Куранёўцы слухалі яго без цікавасці, дзе-нідзе пасмейваліся: ведалі — Рудога хлебам не кармі, а дай слова сказаць. У гэты час і пайшла па дзядзьках і цётках навіна пра ціхага госця — усё больш і больш аглядвалася іх на сенцы, шукалі позіркам чужой постаці ў прыцемку каля дзвярэй. Перасталі аглядвацца, прыціхлі, калі Руды сеў і азваўся сіплым, скрыпучым голасам стары Глушак:

— Канешне, дзяцей трымаць дома ў цяперашні час — не вялікая патрэба. Не так тае карысці з іх і памогі, як шкоды. А ў школе — праўду кажуць тут — маглі б набрацца розуму…

Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго так уважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы. Васіль, ды, мабыць, і не адзін ён, падумаў — што ж гэта магло ўцягнуць старога ў такую трату? «Хоча, мабуць, кеб начальство пачула. Паддобрыцца хоча…»

— Дак так і пастановім, — сказаў Дубадзел, — штоб дзеці, каторыя тут вычытаныя булі, з заўтрага пайшлі ў школу. А каторых бацькі не выправяць дзяцей, то няхай дабра не чакаюць. І за ето прашу ўсіх падняць рукі.

Ён сачыў позіркам, які не даваў ніякай надзеі на літасць, — рукі куранёўцаў уздымаліся нялёгка, але ўсё ж уздымаліся. Толькі пасля гэтага галасавання дайшла да яго вестка, што Апейка ў хаце, і ён запрасіў госця з Юравіч к сталу.

— А цяпер, грамадзяне вёскі Курані, — мімаволі аглядваючыся на старшыню валаснога выканкома, прыкметна памякчэла загаварыў Дубадзел, — пяройдзем да другога пытання — аб тым, якое ў нас на сённяшні дзень міжнароднае становішча, і — пра падатак… Становішча наша на сённяшні дзень украпляецца. Рабочыя, усе гарадскія людзі сільней украпляюць змычку з сялом, а сяляне па ўсёй краіне ахвотна выконуюць падатак і ўсе іншыя абавязацельствы. Зноў жа нашы ворагі скрыгочуць зубамі, але баяцца паткнуцца да нас, бо помняць грамадзянскую вайну. Толькі адно пагано на сённяшні дзень, што наш народ — браты нашы і сёстры, каторых аддзялілі ад нас граніцаю паны, гібеюць пад прыгнётам і церпяць ад етых паноў пяты год усякія здзекі…

Васіль толькі падрыхтаваўся слухаць гаворку пра самае важнае, якое з усіх спраў на сходзе адно і турбавала, — пра падатак, — калі раптам не ўбачыў, а адчуў — увайшла Ганна. Увесь вечар, што б ні бачыў, аб чым бы ні думаў, чакаў яе, таму заўважыў адразу, як толькі паявілася яна ўслед за Хадоськаю.

Штосьці гарачае, як пара, заліло Васіля. З гэтага моманту ён амаль нічога не чуў, амаль нікога, акрамя яе, не бачыў. Ні Дубадзела, ні Апейкі, нікога іншага як і не было цяпер у хаце. Але калі ён, сам не хочучы таго, насуперак усяму, што казаў розум, як апантаны лавіў кожны яе рух, яна хоць не магла не думаць, што ён тут, нават вокам не кінула. Так, не тое што без увагі, але без хоць бы якой звычайнай цікаўнасці да Васіля, ганарлівая, непадступная, праціснулася яна між людзей паўз самага хлопца, дабралася да ложка, села побач з Хадоськай. Штосьці сказала Хадосьцы, кпліва ўсміхнулася, стала з тым жа ганарлівым выглядам пазіраць на Дубадзела, слухаць.

Да Васіля, як праз ваду, дайшло матчына прозвішча, імя, прачытаныя Дубадзелам, — сем рублёў трыццаць дзве капейкі нядоімкі…

Дубадзела ўвесь час перабівалі, перапытвалі, здзіўляліся, тлумачылі, а потым, калі ён нарэшце дацерабіўся да канца, акружылі, загаманілі, перабіваючы адзін аднаго. Цяпер часта гаварылі і да Апейкі, ён слухаў, глядзеў квіткі, пытаўся то ў Грыбка, то ў Дубадзела, нешта адказваў, запісваў. Да стала ціснуліся і жанкі, не толькі такія, як удава Сарока, гаспадыня, але і такія, мужчыны якіх былі каля Апейкі ці Дубадзела: ціснуліся, нібы чакалі, што іх паклічуць на помач. Хлопцы амаль усе стаялі каля дзвярэй ці ў сенцах, з якіх часам чуўся дзявочы піск і рогат. Васіль быў там, дзе і раней; паспрабаваў падысці да стала, але прабіцца не было як, і ён вярнуўся. Іншы раз ён, мусіць, не адступіўся б так проста, хоць бы таму, каб не пусціць цень на свой мужчынскі гонар, але цяпер не да нейкіх клопатаў аб гонары было яму. І не да нядоімкі.

З той жа неадольнай апантанасцю, у якой усе трывогі і надзеі былі з Ганнаю, ён стаў раз-пораз паглядваць туды, дзе аб нечым гаварыла з Хадоськаю гэтая ганарліўка. У нейкі момант іх позіркі сустрэліся, але яна адразу ж адвяла вочы…

Дым цыгарак вісеў так густа, што лямпа пачала хліпаць, калі Грыбок аб'явіў, што ад воласці пра грэблю скажа таварыш Апейка. Але Апейка і слова не ўправіўся прамовіць, як Хоня крыкнуў:

— Грэбля грэбляю, няхай бы сказаў хто — што з Маслаком?

— А то гавораць, гавораць, грэц яму, а толкам ніхто не ведае…

— А што гавораць? — ухапіўся Апейка.

— Ну, нібыто яго… пацерабілі нібыто… — няўпэўнена адказаў Ігнат.

— Пабілі, — знарок спакойна кіўнуў Апейка. — Добра пабілі. Трох палажылі, а пяцярых жывымі ўзялі, арыштавалі… Я таму і запазніўся сягоння — на допыце быў…

Васіль аж перастаў дыхаць: вось дык навіна! Вестку гэтую чуў ён упершыню, чуткі неяк абышлі яго, і навіна ўразіла хлопца незвычайна. І як яна магла не ўразіць, калі столькі папакутаваў з-за гэтай поскудзі з абрэзамі, калі яна, можна сказаць, свет яму закрыла! Даскакаліся, значыцца, гады! Атрымалі сваё! Тут жа ўслед за радасцю паявілася клопатнае: а можа, яны і пра Курані, пра яго што гаварылі?

— Мы, праўда, насціглі не ўсю зграю. Некалькім пашанцавала пакуль — у другім месцы былі…

— А з Маслаком што? — зноў крыкнуў Хоня.

— Маслака забілі, — адказаў Апейка.

У хаце загаманілі з палёгкай. Хоня перабіў гоман:

— А тых, што вылузнуліся, багато?

— Чалавек сем яшчэ. Але і іх чарга недалёка. І ім нядоўга бегаць па волі.

— Даўно трэба було! — голасна папракнуў Хоня.

— Трэба было. — Апейка памаўчаў момант. — З усімі скора кончым. Нам трэба жыць. І думаць пра тое, каб жыць лепей. Як вясна, ці восень, ці мокрае лета — да вашых Куранёў ні дайсці ні даехаць. І з Куранёў таксамо — нікуды. Свет канчаецца за ўзбалоткам. Свету не відаць. Праўду я кажу?

— Ісцінную праўду, так сказаць! — пацвердзіў Руды Андрэй.

Большасць людзей маўчала, чакалі, што будзе далей. Апейка пайшоў у наступ:

— Праўду. Сам не адкуль-небудзь, а з такога ж балота… Солі ці запалак трэба — дык лезь, грабіся па твані, пакуль да кааперацыі дападзеш!.. Краму дастаць — таксама грабіся, калі не запасся зімой ці летам… Або от тут пра школу казалі. Канешне, якая ж тут школа дзецям, калі цэлымі месяцамі ні праехаць ні прайсці! Ды і хто, шкадуючы сваё дзіця, пусціць яго, можа быць, на пагібель… — Апейка пачуў гоман згоды: дайшло слова да людзей. Загаварыў гарачэй: — Гэта не наша віна, а наша бяда, што лёс занёс нас на балоты. Што твань адарвала нас ад другіх сёл, ад гарадоў, ад свету. Мы жывём, як звяры. Але і звяры ходзяць з лесу ў лес. А чалавек не звер, чалавек не можа жыць без людзей. Чалавеку патрэбен свет цэлы. І таму нам трэба змагацца з бядой нашаю! Трэба прарваць балотнае акружэнне, звязацца з другімі сёламі! Трэба, каб у любы час, днём і ноччу, вясной і ўвосень, можна было ісці і ехаць куды хочаш: у краму, у школу, к сваякам!.. Адным словам, трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер!.. Вось чаму наш урад аб'явіў вайну бездарожжу і заклікае, каб вы таксама ўступілі ў яе. — Апейка акінуў позіркам некалькі твараў, як бы чакаючы ўхвалы, чакаючы добраахвотнікаў для гэтай вайны, але куранёўцы адно адводзілі вочы. Хоць і ведаў, што гэта значыла, дакончыў упэўнена, з надзеяй: — Я прапаную між Куранямі і Алешнікамі збудаваць грэблю!

Назад Дальше