Людзі на балоце - Иван Мележ 23 стр.


— І тут, і там ніхто за цябе рабіць не будзе! — Міканор загаварыў грозна, загадна: — Тут — як сабе хочаш рабі: хоць дзеду, хоць Валодзьку паручай, а на грэблі — кеб буў сам!

Міканор павярнуўся і злосна, цвёрда пакрочыў дахаты. «От жа — натура: так і глядзіць, кеб збоку пераседзець! — ледзь не лаяўся ён, думаючы. — Аж калоціцца, кеб не перарабіць за другога! Малако шчэ матчынае не абсохло на губах, а ўжэ за ўсіх хітрэй буць хоча! — Не першы раз успомніў вайсковую службу: — Папаўся б ты мне там такі! Я цябе б — не сакрэт — умэнт чалавекам зрабіў бы!»

Нічога, нічога, дайце час — ён, Міканор, і тут каго-нікаго па-людску рабіць навучыць!

На грэблю выехаў удвух з бацькам не вельмі рана, каб адразу ўслед пацягнуліся і іншыя. Але праз тыя паўсяла, што ехаў вуліцаю, давялося ехаць адным, ніхто не далучыўся ні на калёсах, ні пешкі. Так адны і выехалі ў поле. Усё ж не трывожыўся — бачыў, што людзі збіраюцца, раней ці пазней падыдуць. Душу поўніла святочная радасць: вось ён, той даўно чаканы дзень!

Дзень выдаўся як на заказ. На лагодным, агромністым прасторы неба не было ні адной хмурынкі, толькі зіхацела вясёлае, іскрыстае сонца. Агароды, куп'істы выган, на якім Чарнушкавых Хведзька сцярог аблавухую свінню, ціхія зараснікі за сажалкаю, поле, што выходзіла з-за зараснікаў, — усё радасна, святочна праменілася, нібы таксама ведала, які сёння ранак.

Усё-ткі чым бліжэй пад'язджаў да грэблі, чым далей, азіраючыся на хаты, не бачыў нікога следам, настрой хмурнеў. Калі ж праехаў цагельню і спыніў каня на ўзболатку, пачуў сябе зусім ніякавата. Камандзір без войска!

Праўда, на другім баку, дзе віднеліся на выспе алешніцкія стрэхі, таксама не было ні душы. Нават Гайліс яшчэ недзе збіраўся. Міканор заўважыў, што над тванню, над іржавай балотнай вадзіцай яшчэ дыміцца пара. Паспрабаваў супакоіць сябе: рана выкаціўся…

Каб не траціць попусту час, ён паслаў бацьку вазіць пясок, а сам стаў размячаць пачатак грэблі. Паставіў некалькі вешак, пралажыў канаўкі, згадаўшы, што такія канаўкі рабіў летась, калі паказваў, як капаць акопы. За гэтым заняткам ён і ўбачыў дзве постаці, што ішлі к грэблі, аб нечым гамонячы. Зводдалек пазнаў Сароку і Зайчыка.

Каля Міканора Сарока як бы схамянулася, агледзелася.

— Бегла, баялася — кеб не спазніцца, а прыбегла — адна мая спадніца!

— Спадніца — адна, а штаноў — трое! — паспрабаваў падтрымаць яе жарт Зайчык.

— І спадніца адна, і штаноў мала — нешта Курані заспалі!

Слухаючы яе вясёлую гамонку з прымаўкамі, Міканор заўважыў: каля цагельні паявіліся яшчэ калёсы. Ужо калі яны былі блізка і Міканор добра бачыў, што едзе Чарнушка з дачкою, з-за цагельні выплішчылася яшчэ постаць з жалезняком. Міканор яшчэ здалёк разгледзеў: Хоня ідзе.

— Пакуль парадак у табары сваім навёў, — загаварыў Хоня, як заўсёды жвава, бадзёра, — думаў, спазнюся саўсім! Вочы пазычаць, баяўся, прыйдзецца! Аж не — хоць ты задавацца пачні, — ледзь не першы!

— Калі б так у арміі цягнуліся, дак камандзір так на цыгундар узяў бы, што не рады булі б! — сказаў Міканор.

— А ты б і тут ўзяў бы, а! — параіў Зайчык. — Даў аднаму штрап, другога — у кутузку! Забегалі б, нябойся!

— Хто забегаў бы, а каго не вельмі-то і падагнаў бы! — разважліва прамовіў Хоня. — Вучоныя ўсе! Воля, знаюць!

— Дзісцыпліны трохі — непагано б, не сакрэт, — сказаў Міканор.

Курылі, гаманілі, то пазіралі ў бок цагельні, ад якой паўзлі яшчэ калёсы ды ішлі, хісталіся ў хадзе некалькі постацей дзядзькоў, то аглядваліся на той бераг, дзе збіраліся алешнікаўцы: там таксама людзей было нягуста.

— А сонца, бач ты, прыпякае! Высоко ж узлезло!

— Хто мяне выпер са двара ні свет ні зара! — пашкадавала Сарока. — Шчэ б магла і свінням зварыць, і тое-сёе другое зрабіць!

— Усяго не пераробіце, цётка Аўдоцця!

— Тое-сёе шчэ б ухапіла, чым тут тырчаць няміла!

— А вы б падрамалі, як каторыя, — адазвалася са смехам Ганна, зірнуўшы на некалькіх дзядзькоў, што разлегліся ў траве.

Хоць сабралася людзей пакуль небагата, Міканор адчуў: нельга болей марнавацца. Хто прыйшоў, з тым і пачынаць трэба. Няхай прывыкаюць да парадку: і тыя, хто тут ужо, і тыя, якія прыйдуць. Будуць ведаць, як пазніцца.

— Ну што ж, валаводзіцца няма калі! — як бы ажыў Міканор. Нуда чакання адразу адступіла. — Пачнём! — Ён зірнуў на Чарнушку і на бацьку, які прывёз і ссыпаў воз зямлі: — Вы, дзядзько, і вы, тато, будзеце вазіць землю… Цётка Аўдоцця, вам — капаць землю і накідаць на вазы. — Міканор не даў ёй слова сказаць, павярнуўся к Андрэю Рудому. — Вы, дзядзько Андрэй, — Міканор глянуў на барадатага Пракопа, — будзеце з дзядзькам Пракопам, дзядзькам Іванам і Васілём масціць грэблю. — Міканор спаткаўся вачыма з Ганнай, улавіў кпінку: бач, як раскамандаваўся! Выгляду не падаў, што зніякавеў трохі, прамовіў цвёрда: — Ганна і Хадоська будуць вам памагаць!

Міканор мелькам заўважыў, што бацька не едзе, раўніва сочыць за ім, як бы баіцца, што ён, Міканор, у чым-небудзь памыліцца, ці не ўпэўнен, што паслухаюцца яго. І разам з тым — збоку відаць — ззяе шчасцем: бачыць сына на чале столькіх людзей — усіх, лічы, Куранёў!

Міканор паказаў на дзве вялікія вехі, пастаўленыя яшчэ зімой, на радкі дробных вешак, якія ўткнуў толькі што.

— От так, ушыркі. Тут — пасярэдзіне — грэбля. Тут — па баках — канавы, штоб вада сцякала… — Ён угледзеўся ў другі бераг. — Там, на тым баку, відно вешкі. Відно? Там — канец грэблі. Туды трэба весці грэблю. Роўна, як штык! Ясно?

Міканор і сам адчуў, што на долю яго выпала не абы-якая роля. Гэтае адчуванне было ў ім не ўпершыню, было яно і на сходзе, калі яго назначылі, і потым, калі думаў пра грэблю; але цяпер справа, якую раней толькі ўяўляў, станавілася ўжо дзеяннем не аднаго яго, а многіх людзей, і важнасць гэтай ролі як бы вырастала. Не на каго іншага, а на яго, Міканора, глядзелі людзі, чакалі загаду, куды ісці, што рабіць; ад яго залежала размеркаваць, паставіць усіх так, каб работа пайшла добра, суладна. І няхай тут небагата сабралася, але ж не адзін тут такі, што ў бацькі яму годны гадамі, і камандаваць усімі, што ні кажы, цяжэй, чым аддзяленнем, якое б яно ні было…

За службу пабачыў Міканор, што свет навокал вялікі, але ў гэтым свеце не было для яго нічога большага, як гэтая купка людзей, як грэбля, якую яму належала пракласці цераз балота.

— Ну от, — сказаў ён строга, як бы паказваючы, што загады, якія ён толькі што даў, ёсць не што іншае, як загады. — Астатнім — капаць канавы!

Ён адмераў кожнаму дзялянку, не вагаючыся, не закасваючы штаноў, як бы кідаючыся ў атаку, рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі. Чуючы, як мякка і цёпла ахінула цела балотная гушча, Міканор амаль без націску ўсадзіў у твань рыдлёўку, узняў на ёй бліскучую аладку, з якой весела цурчала вада, шмякнуў наводмаш. У ямцы, толькі што зробленай рыдлёўкай, было ўжо ледзь не даверху вады. Міканор зноў уваткнуў рыдлёўку, побач ямкі, зноў узняў аладку твані, кінуў цераз плячо.

Хутка ўжо не адна, а дзесятак рыдлёвак ускідваліся, пляскалі мокрым цестам твані. Міканор чуў гэты пляскат, лавіў позіркам узмахі рыдлёвак, і яго брала весялосць. Быў неяк асабліва дужы. Хацелася спрачацца з другімі сілаю, спрытам — гнацца навыперадкі. Браў і браў балотнае цеста, кідаў і кідаў наводмаш.

Успаміналася: вось так жа капаў акопы, толькі што яны былі ці ў сухіх хвойніках надпрыпяцкай грады, ці ў пяску між вербалозу. Там, на градзе, ладная вайсковая рыдлёўка часта скрыгатала аб каменне. А тут — багнаватая мяккасць, і не чуеш, як улазіць жалеза… Багна аплывае з беражка. Пясок таксама аб'язджаў…

Як ні заўзята кідаў рыдлёўкай, на дарогу ад цагельні ўсё ж паглядваў — цягнулася яшчэ купка куранёўцаў. У ёй Ларывон і Яўхім Глушак. Як звычайна ўжо, убачыўшы іх, пачуў прыкрасць: не дабіўся суда над Ларывонам і Яўхімам за калядную бойку! Выкруціліся неяк — Хадоська, казалі, памагла: кінулася выручаць свайго Яўхімку, падгаварыла глінішчанскага бедака — той сам стаў за іх старацца!.. Ну, нічога, цяпер і без таго думаць будуць, перш чым у бойку лезці! А ўлезуць — другі раз не выкруцяцца!..

— Пазнавато, героі! — сустрэў іх Хоня.

— Нічога, паспеем! — Ларывон магутнай рукой лёгка пакруціў рыдлёўку. — Не вельмі-то нарабіў ты без нас, што разяўляешся!

— Зрабіў трохі!

Яўхім кінуў позіркам на Ганну, буркнуў строга Ларывону:

— І ты — языком не пляскай! — Ён папрасіў Міканора ветліва, паслухмяна: — Дак які загад будзе?

Міканор уткнуў у твань рыдлёўку, у мокрым, зарудзелым адзенні вылез на дарогу, пайшоў мераць дзялянку. Ларывону страх як не хацелася перціся ў твань: гэта было добра відно па яго гладкім, панурым твары. Яўхім жа, пабачыўшы сваю дзялянку, зарагатаў:

— Ето работка! І наробішся, і накупаешся!

З тым жа вясёлым, бесклапотным рагатком ён шухнуў у твань, гарэзна пазваў Ларывона:

— Лезь, не мніся! Каяцца не будзеш!.. Ну лезь жа хутчэй! А то, бач, колькі другія ўрабілі! Не дагоніш!..

З Ларывона пачалі пасмейвацца. Ён злосна мацюкнуўся, схіліўся закасваць штаны…

Марудна, нядружна, хто сам сабою, хто з канём і калёсамі, куранёўцы ўсё ж сыходзіліся. Міканору не раз і не два даводзілася вылазіць з балота ад пракапанай канаўкі, мераць дзялянкі, паказваць, дзе што рабіць.

— Э, начальнік, адстаеш! — сказаў яму Хоня, які капаў побач.

Другія падтрымалі:

— Няма з каго прыклад браць!

— Няма!

— Ето шчэ пабачым! — задзірыста крыкнуў Міканор, беручыся за рыдлёўку.

Але толькі пракапаў з паўтара метра, як зноў давялося вылазіць: прыцягнулася яшчэ трое.

Акурат уз'ехаў на грэблю з возам зямлі Чарнушка. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Чарнушка абмінуў некалькі горак, якія свежа жаўцелі на грэблі, спыніў каня і выцягнуў з-за ручак воза дошкі. Трохі зямлі абвалілася. Ён узяў з воза рыдлёўку і стаў скідаць астатняе — пачала расці яшчэ адна горка.

Міканор назначыў тых, што падышлі цяпер, раскідаць горкі, раўняць, утоптваць. Ён ужо хацеў быў узяць зноў рыдлёўку, калі Хоня, які вылез з канавы, запыніў яго:

— Пастой! Знаеш, што я падумаў. Ні да чого ето, брат, што ты за жалязняк бярэшся! Табе б — увесь час людзей бачыць, знаць, хто што робіць. Кеб кожны чуў, што пад кіраўніцтвам, пад наглядам, значыць. А не сам па сабе, як авечка якая. А то ты рыешся там, як крот, а — не крыўдуй — таго не бачыш, як другія капаюць — ці глыбоко, ці па лініі.

— Ето — не сакрэт — я і сам думаў, — прызнаўся Міканор. — Дак гаварыць будуць: гуляю, маўляў.

— Няхай пляскаюць, каму хочацца. А калі ўжэ ўзяўся кіраваць, дак кіруй!

Яшчэ раней такую параду даваў яму Руды Андрэй, але Міканор і слухаць яго не стаў. Хацелася ўзяцца за самае цяжкае, каб бачылі, як рабіць трэба. Думаў, што ўсюды ўправіцца. Цяпер слова не сказаў супроць парады, бачыў — яны мелі рацыю. Не сачыў амаль за другімі, не кіраваў.

— Дакапай тут, дзядзько, — сказаў лесніку Міцю, — бо я толькі і раблю, што лезу ў канаву да вылажу…

— А — здаўся! — падчапіў дзядзька Ігнат.

— Здаўся…

І хто б мог падумаць: калі тое пачалі, а ўжо столькі рабілася не так як трэба. Адзін, аказалася, звужае канаву, другі ўзяў мелка, трэці бераг павёў няроўна. Не вельмі прыемна папраўляць дзядзькоў, але нічога не зробіш, трэба: парадак павінен быць. Дзядзькі, мабыць-такі, бачылі ў ім начальства, амаль не спрачаліся, паслухмяна рабілі тое, што ён казаў. Толькі іншы раз апраўдваліся вінавата, але слухаліся, папраўлялі.

— Мелко! — сказаў Міканор Ларывону.

Той нібы не бачыў, не чуў, ляніва шмякнуў пад ногі Міканору тванню.

— Глыбей трэба! Не меней як паўтара аршыны…

— І так добра!.. — Ларывон зноў кінуў гразі.

— Паўтара аршыны, не меней.

— Правільно! Капай, капай, Ларывон! Не лянуйся! — зарагатаў Яўхім.

Ларывон адрэзаў:

— І етаго хопіць!

— А я кажу — мелко! — не саступаў Міканор.

Ларывон уткнуў рыдлёўку ў твань, нязграбна, рашуча палез з канавы.

— Сам капай, калі мелко!

— Я за цябе капаць не буду! А ты — прыйшоў, дак рабі! Як трэба!

— А не хочаш, дак каціся адсюль! — падтрымаў Хоня. Ён падчапіў весела: — Ды матку за сябе прышлі!

Міканор бачыў, як злосна пачырванеў Ларывон: дапякло ўсё-такі! Толькі знайшоў Бугай у адказ, што мацюкнуўся, але Міканор ужо кончыў спрэчку, ішоў далей. Пачуў яшчэ ўслед за сабой вясёлы рагаток Яўхіма.

Спыніўся між тых, якія масцілі грэблю. Іх цяпер было багата больш, як спачатку. Міканор знарок не назначыў тут старшага, бо ведаў, што і без прызначэння кіраваць ухопіцца Андрэй Руды. І праўда, яшчэ з канавы бачыў Міканор, як Руды завіхаўся, бегаў, камандаваў… Вось і цяпер пануры Пракоп абсякаў сякерай з алешынкі галлё, а Руды мітусліва, горача штосьці даводзіў яму. Але Пракоп, здалося, слухаць не хацеў, адвярнуўся. Андрэй забег на другі бок, наперад.

— Аб чым спрэчка?

— Да от, та-скаць, галіны не ўсе адсякае, — кінуўся з надзеяй к Міканору Руды. — Тыя, каторыя тырчаць уніз ці ўверх, — сячэ. Яны, та-скаць, мяшаюць пакласці дзераво на землю, тырчаць. Ён, следавацельно, ссякае, і — правільно, што ссякае.

Пракоп ужо стаяў, панура сціскаў валасатай рукой сякеру, маўчаў. Міканор перабіў Рудога:

— Дак аб чым жа спрэчка?

— А аб тым, што счышчае галлё ён не ўсё. Тыя, каторыя зверху і знізу, ссякае, а тыя, каторыя па баках, та-скаць, — абсякаць не хоча! Думае, следавацельно, — можно масціць на іх другія друкі і паплеціны. Што, та-скаць, саўсім няправільно!

— Чаму няправільно?

— Дак па іх патом будзеш ехаць, як на спружынах! Падкідваць будзе!

Пракоп з пагардай плюнуў. Было відаць: тое, што казаў Руды, ён лічыў такім глупствам, што і гаварыць не хацеў. Міканор стаяў між іх і адчуваў, што абодва чакаюць яго слова, абодва ўпэўнены ў сваёй перамозе. Яму ніколі не даводзілася масціць грэблю, але тое, што казаў Руды, здалося яму выдумкай. Чаму нельга пакідаць галля, калі з ім дрэвы толькі будуць лепш чапляць адно за адно? «Жыць не можа, кеб не вымудрыць чаго-небудзь!» — падумаў пра Рудога.

— Я думаю, што вы, дзядзько Андрэй, дарэмно баіцеся! — цвёрда заявіў Міканор.

Руды загарэўся:

— Я — дарэмно? Уся новая навука, та-скаць, етай думкі трымаецца! А тое, што робіць Пракоп, ето — шкоднае заблуждзеніе!

Міканор нейкі час рабіў з імі. Тое, што ён быў побач, стрымлівала абодвух, але Міканор адчуваў, што як толькі ён адыдзе, спрэчкі і нелады пачнуцца зноў. Трэба было паставіць некага тут за старшага.

Да Андрэя як да чалавека ў Міканора было больш веры: робіць шчыра, ад усёй душы, Пракоп жа ў вочы ніколі проста не зірне, тоіць нешта, здаецца. І ўсё ж Міканор выбраў за старшага Пракопа: гэтага будуць слухацца! У гэтага будзе лад.

Яшчэ раней заўважыў Міканор, што зямля з бакоў грэблі асыпаецца ў канаву, і падумаў, што трэба сплесці пляценьчык.

— Работа е ў мяне для вас, дзядзько Андрэй, — сказаў Рудому. — Важнецкая, акуратная!..

4

Васіль быў між тых, якія масцілі грэблю. Ён трымаўся Пракопа і, было відаць, стараўся дагадзіць яму. Люба было бачыць Міканору, як хлопец стараўся. Нібы і не ён хацеў быў адкруціцца, паслаць дзеда. Але хутка Міканору кінулася, што Пракоп злосна зіркнуў на свайго памочніка — Дзятлік нібы не бачыў таго, што рабіў. Тады Міканор і заўважыў, што хоць Васіль увіхаўся каля старога са ўсёй нібы душой, ён не так памагаў, як замінаў. Куды больш, чым за Пракопам, Васілёвы вочы сачылі за Ганнай Чарнушкавай. Іншы раз, мусіць, адну яе і бачыў.

Хітраваў, таіўся і тут: глядзеў спадылба, зладзейкавата, як бы асцерагаўся, што хто-небудзь паквапіцца, абкрадзе яго. Няпроста было хаваць гэта: увесь аж гарэў то нястрымнай цікаўнасцю, то нецярплівым чаканнем. Чакаў недарэмна, нярэдка яна сустракалася з ім вачыма, вясёлымі, прыхільнымі, — і Васіль хораша, радасна яснеў. Толькі міг відно было гэтае шчасце, бо тут жа галава асцярожліва схілялася…

Міканор бачыў, як насцярожыўся, спахмурнеў Васілёў твар, калі да Ганны, фарсіста водзячы плячыма, з папяроскай на губе, падышоў Яўхім Глушак, стаў смешкам штосьці гаварыць, памагаць цягнуць алешыну. Ганна хацела была адабраць алешыну, але ён не аддаў, з гуллівай усмешачкай ішоў разам, пакуль не данеслі да Пракопа, да Васіля, які нават вачэй не падняў. Са смехам пайшоў Яўхім з Ганнай назад, а Васіль, разгублены, ваўчкаваты, стаў памагаць так няўдала, што Пракопа прарвала:

Назад Дальше