«Адна!.. Куды яна? — мільганула ў ім цікаўнасць. — Па маліны, ці што?..»
Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.
— Ты што? Аслеп? Не бачыш? — крыкнуў Яўхіму стары Корч, трымаючы на вілах сноп.
Яўхім схамянуўся, але думка пра тое, куды пайшла Ганна, ужо не адыходзіла. Стараючыся класці снапы ў час, ловячы тыя моманты, калі стары адварочваўся, каб узяць сноп, Яўхім падсачыў, куды пайшла Ганна, — думаў, як бы хутчэй далажыць воз, як адчапіцца ад бацькі, вырвацца туды, услед за ёю.
— Ну, хопіць! — нарэшце сказаў Глушак-стары, і Яўхім, зачапіўшы рубель, які яму падаў Сцяпан, з радасцю саскочыў на пожню, стаў борзда ўціскаць воз.
— Яшчэ разок! Яшчэ!.. Г-гах!.. — камандаваў Яўхім Сцяпану, цягнучы вяроўку так, што аж гарэлі рукі. Тузануўшы вяроўку апошні раз, Яўхім, каб не развязалася, некалькі разоў спрытна зашмаргнуў канец яе на выцертым да бляску рублі, пляснуў брата па плячы.
— Да самаго Мозыра можно везці!..
Ён тут жа нагнаў на сябе выгляд паслухмянасці і пакоры, насцярожана зірнуў на старога.
— Арэшынкі нагледзеў надысь… На абручы акурат… — Яўхім чуў, як маці ўранку прасіла старога набіць новыя абручы на бочку.
— Арэшынкі! Знайшоў час… — нязгодна прабурчаў стары.
— Час не час — да ненарокам ссякуць!.. Удалыя вельмі!..
Стары памаўчаў, і Яўхім зразумеў: хітрасць удалася! Можна пайсці!
— Бяры лейцы! — сказаў ён Сцяпану ўсё з той жа паслухмянасцю, нібы перадаваў бацькаў загад. — Не адвыкай ад навукі мужыцкай! — на ўсякі выпадак нагадаў ён брату звыклую бацькаву параду.
Стары не адгукнуўся на гэты сынаў хітрык.
— Кеб не бадзяўся там вельмі! Вернешся, абгледзь тут — мо калоссе дзе-небудзь засталося, падбяры!
— Добра…
Яўхім пачакаў, калі бацька загадае ехаць, — упёршыся ззаду ў снапы, памог каню крануць воз, пасля таго як воз крактануў, хітнуўся, рушыў, яшчэ некалькі крокаў прайшоў услед, усё памагаючы плячом.
Калі ж адстаў, Яўхім кінуў на бацьку зладзейкаваты позірк і, ледзь стрымліваючы вялікі прыліў нецярплівасці, хутка пайшоў к лесу. Ішоў ён не проста туды, дзе схавалася Ганна, а бліжэй к сваёй паласе — асцерагаючыся лішне цікаўных людскіх вачэй, думаў падабрацца к Ганне нявідна, лесам.
Чым бліжэй падыходзіў да лесу, тым мацнелі ў яго гарачае хваляванне, неспакой і нецярплівасць, якія гналі яго — хутчэй, хутчэй! У яго ледзь хапіла развагі, каб не пабегчы. Хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар — век не знойдзеш!..
Ледзь дапаў да лесу, парывіста нырнуў у жаданую засень: нарэшце можна пабегчы, не асцерагацца людскіх вачэй. Хацеў быў адразу ж кінуцца ў зараснікі і раптам хіснуўся назад, як бы наткнуўся на дрэва: насустрач — трэба ж, каб так не ў час! — выскачыла Хадося.
— Яўхімко! — кінулася Хадоська к яму.
Гэта было так неспадзявана і недарэчна, што Яўхім момант як бы нічога не цяміў.
— А-а!.. Ты… чаго тут?..
— Так, зайшла от! Захацелася от, сама не знаю чаму! Я і зайшла! Нібы чуло сэрца!.. — Яна гаварыла з радасцю, але Яўхіму чуўся ў яе голасе нейкі затоены сум. І праўда, яна паскардзілася ўслед: — Я ўжэ так нудзіцца пачала!
Губы Хадоські вінавата скрывіліся. З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна ступіла да Яўхіма, хацела, відаць, прытуліцца да яго, але Яўхім адкаснуўся, павёў вачыма ўбок:
— Т-ты чаго?!. Людзей не сорам?
— А што мне — людзі!.. — адказала яна раптам з адчаем і нейкай рашучасцю, якая насцярожыла яго.
— Калі табе ўсё адно, то мне — не ўсё адно!..
Яўхім заўважыў, што твар яе блеклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі адвіслі — нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка. І ўся яна — як ён дасюль не бачыў? — была нейкая зморшчаная, як бы хворая без надзеі, як бы без крыві — непрывабная, непрыемная. Нават агідная.
Нашто ён звязаўся з ёю, даў ёй хадзіць з ім, ліпнуць? Ну, што было тады ў саломе, тое было, бедаваць няма чаго. Але чаму ён пасля яшчэ важдаўся з ёю, плаціў за рэдкія ўцехі з ёю такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі, суцішаў слёзы. Замест таго каб адразу адрэзаць, адшыць. Бачыў жа, як ліпне!.. Дык не ж, вясной трэба было яшчэ і ў свіран ноччу прывесці! Добра, што не падгледзеў ніхто!.. Дурань, дурань!..
— Не хадзі за мной! — сказаў Яўхім строга. — Хопіць!
— А ці ж я хаджу!..
— І так жанкі языкі чэшуць!..
— І ніхто не чэша!.. Выдумляеш ты!.. Здаецца табе! Ніхто нічога не кажа!
— Не хадзі!
Даўно б, здаецца, час зразумець, што не пара яму, што кончана ўсё, дык не ж — бегае, як сабака! І глядзіць, як сабака!
— Забудзь!
Ён хацеў пайсці далей. Але яна ўхапілася за руку, спалохана крыкнула:
— Яўхімко-о!
— Адыдзі, сказаў!
Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.
— Яўхімко, я… я… — Хадоська захліпвалася ад слёз.
— Пусці!
— Яўхімко! Я… Я — грубая*!
* Цяжарная.
Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.
— Што?
Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі — ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!
Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!
Як жа цяпер быць? Што рабіць?..
— Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..
— Яўхімко! — застагнала Хадоська. — Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?
— А хто знае! Толькі — ад мяне не магло!
— Яўхімко!
Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:
— От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! — Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: — У Глінішчах е знахарыха…
Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:
— Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?
Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! — думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. — Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно… А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»
Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці — да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай… Яны ж як-ніяк прыяцелькі…»
Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська — то адно, а Ганна — зусім іншае. Што ж яму цяпер — і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?
І наогул, хіба гэта мужчынская справа — за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..
Яўхім палез далей праз зараснік — азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?
4
Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася — зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя — яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:
— Памагці, можа?
— А мне і самой не трудно! — адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго — як і раней, выглядвала, выбірала маліны.
Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.
— Усё-такі з памочнікам спарней!
— Гледзячы які памочнік!..
— А хіба — паганы? — паспрабаваў ён пажартаваць.
— Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!
— А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!
— Уга! — толькі і сказала яна з насмешкай.
Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.
— Дзятлік твой, можа, лепей?
Ганна адказала спакойна:
— Як для каго…
На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.
— Ні да чаго ўсё ето! — прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.
— Што — ні да чаго?
— Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!
— Ад цябе?
— Ад мяне.
— Уга! Спужаў! — Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.
— А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?
— Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія… Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як… Хадоська?!
Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»
Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?
— Хадоська — што? — прамовіў ён насцярожана. — Хадоська, канешне… дзеўка… непаганая… Не супроць… Толькі — не да душы…
— Ужэ не да душы?
— А калі яна була да душы?.. Так толькі, што хілілася ка мне, а крыўдзіць шкода було… Не гнаў… Няхай хіліцца, мне што?..
Ганна зірнула на яго, як бы хацела пабачыць — праўду ці няпраўду кажа, — але не прамовіла ні слова, і Яўхім паспакайнеў: не знае.
Колькі часу рвалі маліны моўчкі. Як і Ганна, ён набіраў поўную жменю, ссыпаў у гладышку, што стаяла каля яе ў траве. Яна не хваліла яго, не пярэчыла, як бы і не заўважала. Калі-нікалі было так, што рукі іх сутыкаліся, і, хоць яна адразу ж адхіляла свае, як бы дакрануўшыся да чагосьці непрыемнага, Яўхім чуў, як у ім горача, нецярпліва дрыжыць усярэдзіне, сохне ў горле. Яна была так блізка, такая завабная, такая жаданая нават у сваім абшматаным зрэб'і.
Чым больш Яўхім крадком глядзеў на яе, тым больш сохла ў горле, цяжэй было зноў завязаць гаворку.
— Ты от — не такая… Другая!.. — выціснуў ён, стараючыся гаварыць як бы жартам. — І што ў цябе такое, кеб знаць? Чым ты мяне прысушыла?
— Відаць, што высах! Адны шчэлепы!
— А хіба — не?.. Ты, мабуць, у глінішчанскай знахаркі зелле такое ўзяла!
— Пляцеш немаведамо што!
— Я пляту? Сказала!..
Яўхім раптам абхапіў яе, адной рукой за плечы, другой — за шыю, неспадзеўкі горача зашаптаў:
— Ганна!.. Гануля!..
Ён хацеў прытуліць да сябе, але Ганна ўперлася яму локцем у грудзі.
— Ты — чаго ето?!. Пастой!
— Не, цяпер ужэ не абдурыш! — Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая.
— А нашто мне абдурваць? — Яна паморшчылася, як ад болю. — Не цісні!.. Дыхнуць няма як!.. Чуеш?!.
— Усё адно — не пушчу…
— Дурны ты, гляджу я… — прамовіла яна, цяжка дыхаючы. — Ей-богу… Так з выгляду — галава, не качан… а розуму — як у дзіцяці…
— Пазычаць не стану… Хопіць на мяне…
Яна адразу ўхапілася за яго словы:
— Малавато… Не шкодзіла б і пазычыць… Вырас да неба, а як да каторай дзеўкі падысці — не знаеш… Думаеш, сілаю ўсё можно…
— А чаго ж — калі сіла е…
Яўхім пацягнуўся пацалаваць яе, але яна адкінула галаву — не дастаць.
— «Чаго, чаго»! — з насмешкай, як старэйшая, прамовіла яна. — То-та і відно, што розуму аж лішне…
Як ні цяжка было думаць Яўхіму, ён заўважыў, што гаворыць яна не таму, што ёй хочацца гаварыць гэта, што за насмешліва-павучальнай гаворкай яе тоіцца незразумелая хітрасць. З панталыку збіць хоча, ці што?
— Ну, ну, хопіць! Позно вучыць!..
— А не шкодзіло б! — зноў падхапіла яна. Укалола: — Бо, мабуць, другія не навучылі?.. Хочаш, навучу?..
— Дарэмно стараешся! — сказаў ён тонам пераможцы, які добра бачыць чужыя хітрыкі.
— Хочаш, скажу, як… да мяне падступіцца?..
— Да цябе?
Хоць Яўхіму здалося, што і тут тоіцца нейкі разлік, словы гэтыя ўсё ж зацікавілі яго.
— Сказаць? — Ганна паварухнулася, папрасіла: — Ты пусці, а то так няёмка…
— І не думай!.. Ну, дак што трэба, кеб ты палюбіла?
— Што? Скажу!.. — Яна цвёрда зірнула яму ў вочы. — Адно — дабрата! Па-добраму кеб!
— А-а… А я думаў, чорт знае што! — засмяяўся Яўхім.
Ён моцнай сваёй далоняй прыціснуў да сябе яе галаву, хацеў пацалаваць.
— Людзі!.. — жахнулася яна, як бы кагосьці заўважыўшы.
Але Яўхім і не азірнуўся:
— Вучаны! Не абдурыш!
Ён сілком пацалаваў яе ў шчаку. У той жа момант Ганна так ірванулася, што Яўхім ледзь утрымаў яе, але ўсё ж утрымаў. Бачачы, як пацямнеў ад натугі і злосці смуглы твар яе, ён з гордасцю ўхмыльнуўся: што, паспрабавала падужацца?
— Пусці!.. — глянула яна на Яўхіма гарачымі, поўнымі нянавісці вачыма.
Калі ён убачыў гэты яе позірк, у яго раптам як бы паслабелі рукі: можа, і праўда пусціць? Можа, лепей па-добраму з ёй? Але хто гэта ў Куранях з добрых, сапраўдных хлопцаў саступаў дзяўчатам, рабіў, як яны хочуць? Мужчына ёсць мужчына… Яўхім бачыў, як б'ецца часта-часта жылка ў яе на шыі, адчуваў плечы, грудзі, усё яе пругкае, дужае, жаданае цела, што столькі часу неадольна трывожыла, не давала ні ўдзень, ні ўночы спакою. Ён столькі трызніў аб гэтай хвіліне, і вось нарэшце Ганна — не ў сне, а ў яве — у яго руках!..
Не, хай хоць што, ён не пусціць яе! Хай знае, што такое Яўхім, яго абдымкі, другі раз, можа, будзе мякчэйшая, шанаваць больш стане. Ап'янелы ад яе блізкасці, Яўхім жыў цяпер нейкім дзікім шалам, дзікай радасцю сваёй сілы, улады над здабычай сваёй…
— Пусці!.. Плюну!..
Што яна магла яшчэ зрабіць, чым заступіцца за сябе, бяссільную перад ім? Бачачы, што ён, як і раней, не паслабляе рук, поўная крыўды, злосці на сваю бездапаможнасць, на яго перавагу, Ганна з роспаччу і нянавісцю плюнула яму ў твар, проста ў тхарыныя вочы!
Яўхім, як бы яго ўдарылі, тузануўся, гнеўна прахрыпеў:
— А, дак ты!.. — са ўсёй сілы, з ярасцю сагнуў яе ў стане, кінуў на траву.
Яны ўпалі разам — Ганна, горача дыхаючы, задыхаючыся, спрабавала вырваць з яго абдымкаў рукі, упіралася, як магла, у грудзі яму, збіраючы ўсю сваю сілу, білася адкінуць. Хто б мог падумаць, што яна такая дужая, гэтая ганарлівая Чарнушка, — распалены злосцю, яе гарачай блізкасцю, Яўхім ледзь-ледзь мог утрымаць яе.
Ён усё больш шалеў ад яе блізкасці, ад барацьбы з ёю. Ужо ні аб чым не думаў, у галаве быў нейкі гарачы, важкі туман. Было толькі адно тупое жаданне — не даць ёй вырвацца, не выпусціць, адужаць…
У шале барацьбы — сам не ведаў, як гэта здарылася, — на момант узняў руку, каб выцерці вочы: чаму тады захацелася зрабіць гэта, ён і потым зразумець не мог. Можа быць, што вочы туманіў пот. А можа, нават пасма чуба ўпала на іх, не мог прыпомніць. Усё было як у трызненні. Ды і як тут успомніць, калі ў наступны момант здарылася такое, што ўраз забылася ўсё на свеце.
Ён управіўся яшчэ заўважыць, як яна спрытна выхапіла руку з-пад яго, але апярэдзіць яе не змог. Не змог уцяміць нічога, як нос хруснуў. Ад болю аж зацяло дыханне. Яўхім мімаволі адхіснуўся — боль сляпіў, ламаў пераносіцу, лоб. Хапіўся рукамі, спалохана памацаў нос — думаў, пераламала. Не, нос быў цэлы, але ж боль, боль які ішоў!.. Трывожна мацаючы твар, як бы шукаючы, Яўхім знайшоў над губамі штосьці ліпкае — ішла кроў.
«Кеб трохі, твар пакалечыла б, гадаўка!» — падумаў Яўхім, кідаючы на Ганну люты позірк. Яна была ўжо наводдаль, сядзела наўколенцах, трымала напагатове сук. Глядзела насцярожана, непадступна, гатовая ўскочыць, адбівацца, гатовая на ўсё.
Кофта ад пляча да грудзей была разадрана, і яна, перахапіўшы Яўхімаў позірк, прыклала да смуглай голай паскі руку.