Людзі на балоце - Иван Мележ 29 стр.


Смеласць, цвёрдасць свая, — якія могуць быць смеласць, цвёрдасць, калі свет завязаны, калі, хочаш не хочаш, мусіш ісці, куды лёс вядзе, калі не ведаеш, куды падацца? Тады смеласці, цвёрдасці хапіла, каб спыніць пустое думанне, жалкаванне, з годнасцю, нібы з ганарлівасцю заўсёднай, пайсці насустрач долі…

Можа, багата што з гэтага думалася потым так для сваёй суцехі, для таго, каб не так балела душа; але ва ўсіх гэтых думках было і багата праўды.

Можа, нават усё тое было праўдай, горкай, супярэчлівай…

Думання многа было потым. Тады ж, калі нападала мачыха, калі бацька прытоена спадзяваўся на яе ўдачу, думалася Ганне цяжка, цьмяна. Больш за ўсё, вастрэй, важчэй чулася непазбежнасць лёсу, няўхільнасць таго, што надышло. Век ведала, што краса дзявочая — не бровы, не вочы, а рукі, умельства ў працы, што не дзеўка чалавека сабе выбірае, а чалавек — яе, што доля дзеўкі — маўчаць, чакаць, слухацца бацькоў. Як няўхільны закон жыцця, ведала — спрадвеку так заведзена ў людзей: воля бацькоў для дзеўкі — божая воля. Так было са ўсімі, так будзе і з ёй. І няма чаго рвацца, трэба слухацца іх, бацькоў і Бога…

І яна слухалася. Не бедавала, не пярэчыла, ішла побач іх паслухмяна. Так было заведзена, так рабілі ўсе. Была турбота пра тое, каб не спаткнуцца ў чым-небудзь на агледзінах, усё зрабіць так, як трэба, не паказаць сябе недарэкаю.

Праходзячы паўз хату к ганку, Ганна заўважыла, як за шыбаю мільганулі цікаўныя, вострыя вочкі Сарокі, і турбота гэта ўзяла яе мацней. Яна ўзышла на ганак пругка, ганарліва трымаючы галаву, — так, як ішла заўсёды, калі ведала, што за ёй сочаць падсцярожлівыя вочы.

У сенцах мачыха заікнулася ёй, каб памыла рукі, прыбралася, але адразу ж змоўкла, сустрэўшы позірк, які нібы гаварыў: сама ведаю, што трэба.

— Прынясіце спадніцу, каторая ў клетку, кохту хвабрычную, чаравікі і хвартух белы!

Ганна прамовіла гэта так стрымана і так строга, што мачыха пачула сябе быццам не мачыхаю, а малодшаю сястрой.

— Добра, добра. Зараз… А ты хіба — у каморку?

Ганна не сказала нічога — узяла конаўку, лінула з яе на рукі, і мачыха заспяшалася ў хату.

Бацька стаяў увесь час моўчкі, назіраў за Ганнай так, як бы траціў яе назаўсёды. Глядзеў і не мог наглядзецца. Калі яна, пераадзеўшыся ў каморцы, выйшла ў чырвонай сацінавай кофце, што пералівалася агнём на яе плячах, на грудзях, у белым фартуху, у высока зашнураваных хромавых чаравіках, у якіх хадзіла нябожчыца маці, — калі Чарнушка ўбачыў яе, прыбраную, стройную, дужую чарнабровую красуню, сумны твар яго мімаволі асвятліўся захапленнем. Рыхтуючыся развітвацца, страціць, ён нібы ўпершыню ўбачыў яе ва ўсім харастве, і захапленне і гордасць за яе на момант запоўнілі яго душу, выгналі ўсе іншыя пачуцці.

"Як мак! Як макаў цвет! Чыстая матка!" — падумаў ён радасна. Губы яго раптам таргануліся болем, вочы заморгалі — ён успомніў нябожчыцу, маладую іх сустрэчу, незабыўны да скону вішаннік.

Чарнушка абняў дачку і, квола хліпнуўшы, сказаў:

— Дай Божа табе!..

Услед за ім расчулена хліпнула мачыха, шмарганула носам.

— Ідзі, чакаюць!..

Ледзь яны ўвайшлі ў хату, Сарока ўскочыла, закруцілася, засакатала:

— А, прыйшла гуска! Даждаўся гусачок малады — час залаты! Круціў галоўкай, гусачку выглядаў, баяцца пачаў — няма і няма! А яна от, паявілася — хата засвяцілася!

— Не ждалі, — сказала мачыха. — Ганначка акурат буракі брала…

Сарока абышла, абгледзела, абмацала вочкамі Ганну з усіх бакоў, падалася к сталу, за якім сядзелі Яўхім, стары Глушак і чорны, зарослы, як лясун, Пракоп.

— Не ждалі, значыць? Не зналі, не гадалі, з якога боку гусачок прыйдзе па гуску-дружку! З якога боку прыплыве шчасце-багацце! А яно от — не з-за поля далёкаго, не з-за лесу высокаго, са свайго сяла. Прыйшоў малады хлапец — добры купец!..

Сарока, сыплючы словамі, страляла вочкамі то на аднаго, то на другога, а найчасцей на старога Глушака, як бы чакала ўхвалы свайму красамоўству, свайму спрыту. Але Глушак, здавалася, не чуў і не бачыў яе — маўклівы, затоены, стары Корч праз акуляры з вяровачкай, зачэпленай за вуха замест дужкі, важка разглядваў Ганну.

Ганне ад яго ўпартага, незразумелага позірку было няёмка.

— Ваш тавар, наш купец! — прабурчаў Пракоп, абводзячы панурымі вачыма з-пад чорна навіслых броў пірог і пляшку, якія ўжо былі на стале.

— Купец — усім купцам купец! Сам малады, чуб залаты, дабра поўныя клеці — лепшы на ўсім свеце.

— Купца не ганім, — сказаў бацька. — Толькі — дзеўка гадамі шчэ не ў пары!.. Пагуляць бы шчэ трэба!..

— Э, што з той гульбы!.. Ад гульбы конь псуецца, так і дзеўка!..

— Семнаццаць гадкоў усяго!..

— Самы час, самы лепшы квас! А то — пераспее, закісне, стане ўсім ненавісна! Стане, як тая макуха, — будзе векавуха! Шкадаваць будзе — бацьку, матку клясці, што не далі замуж пайсці! Жаніх бо які: што ўродай, што славай, што красой, што справай!..

— Наша таксама — дзякуй Богу! — уступіўся за Ганну бацька.

— І старанная, і разумная, і слухмяная, — адразу падтрымала. яго мачыха. — І з твару — другую такую пашукаць! Хай хоць хто скажа: нічым не абдзяліў Божа!

— А Яўхім — хіба, сказаць, не першы хлопец на ўсе Курані? І да ўсяго — дастатак! Пойдзе каторая — не нахваліцца на долю, і паесць, і пап'е ўволю!

— Наша, канешне, не багатая… — адгукнуўся быў бацька, але мачыха не дала яму дагаварыць, кінулася сама ў наступ:

— Небагатая, затое — з рукамі! Лішнім ротам не будзе! Як каторая з поўнай скрыняй! І зварыць, і спячэ, і сарочку чалавеку пашые! І свінча, і дзіця дагледзіць! Вішчаць ад голаду не будуць!..

— Дай Бог, бо ў нашага купца — дабра без канца! І свінні, і парасяты, і авечкі, і ягняты, і гумно, і клець — абы паспець!..

— Чаго тут мянціць попусту! — уступіў стары Глушак, нецярпліва, скрыпуча. — Знаем усё, і мы, і яны, — не далёкія… Адным словам — пірог бярэце?

Стары павёў акулярамі на мачыху, на бацьку, Ганны не запытаўся.

Мачыха памаўчала для прыліку трохі, як бы разважаючы.

— Ды мы што ж?.. Мы не супроціў, калі яно ўжэ на тое… Ганначко, пакланіся ўжэ сватам, вазьмі пірага…

4

Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі. За шыбамі вокан, плюшчачы насы, ціснуліся дзеці, туліліся цікаўныя дарослыя. Ганна раз-пораз азіралася на іх. Ёй было не ў ахвоту гэтае, здавалася, доўгае гулянне, яна мімаволі чакала, калі ўсё гэта скончыцца, увесь гэты невясёлы, цягучы тлум.

Калі ў хаце нарэшце стала цішэй і шырэй і засталіся толькі сваты і бацькі, пачалі дамаўляцца, цераз які час гуляць вяселле. Ганнін бацька казаў не спяшацца, прасіў адкласці тыдні на два-тры, а сваты Глушакоў даводзілі, што "адклад не ідзе ў лад", дабіваліся, каб зрабіць вяселле адразу, у наступную нядзелю. Стары Глушак пры гэтым амаль увесь час маўчаў — ён таксама быў за тое, каб не спяшацца асабліва, але нічым не паказваў Чарнушкам сваю волю: гуляць вяселле не адкладваючы настойваў Яўхім.

Слухаючы спрэчкі, назіраючы за ўсім збоку, Ганна бачыла, што стары Глушак з затоенай злараднасцю здагадваецца, чаму яе бацька просіць адкласці: добра, добра давядзецца папяцца бедняку, каб назбіраць, наладаваць усяго, што трэба да вяселля!..

Дамовіліся гуляць праз два тыдні. У той момант, калі ўсе згодна замоўклі, мачыха дала знак Ганне, і тая дастала са скрыні ручнік, падала сватам, Глушаку старому і Яўхіму.

Выпіўшы на развітанне, сваты і Глушакі з галосным гоманам сталі выбірацца з хаты. Расчырванелая, з п'янай усмешкай Сарока, якую вадзіла з боку ў бок, у варотах зачапілася плячом за слуп, прарэзліва заверашчала:

Ой, п'яна я дай хілюся-а,

Іду дадому дай баюся-а!..

Калі сваты падаліся па вуліцы, а бацька пашаргаў у хату, мачыха сказала Ганне, якая стаяла на ганку:

— І табе б спаць пара. Уставаць скора…

— Устану…

Амаль адразу пасля таго, як дзверы за мачыхай зачыніліся, святло ў акенцы згасла. У хаце стала зусім ціха. Ціха было б і на вуліцы, але ў цемры віхляўся п'яны Сарочын голас:

Іду дадому дай баюся-а…

Паганаго мужа маю-у…

Будзе біці… добра знаю…

Спеў неўзабаве сціх. Цяпер ляжала ў Куранях вялікая, халодная цішыня.

Усё навокал было знаёмае і звычайнае: даверліва шапацелі грушы, дрымотна чарнелі на могілках купы вербаў і акацый, шарэў ледзь відна ў цемры туман на балоце. Ад туману, ад балота павявала зябкай тарфянай сырасцю…

Але Ганна раптам убачыла ўсё гэта нанова, такім дарагім, якім не было дасюль ніколі. Грудзі напоўніў жаль, неспадзяваны і палючы, — шкада было і груш, і сырога павеву з балота, усяго, з чым жыла ўвесь час, як бы і не заўважаючы!

"Васіль… Васіль…" — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое — у горле аж зашчымела ад горнасці. "Кончылася. Не суджано, значыцца… Бувай!.." Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Не прыйсці ўжо больш да вас, як было, не стаяць да ранку! Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні! Ганна, расчуленая наплывам жалю аб страчаным, ледзь не заплакала. З вялікім намаганнем стрымала сябе, паспрабавала супакоіць: "Нашто шкадаваць попусту!.. Што з воза ўпало, тое прапало… У яго цяпер свая дарога, у мяне — свая… У мяне — Яўхім…"

Яшчэ два тыдні, а там яна ўвойдзе ў Яўхімаву хату. Любіць яго, слухацца, служыць яму. Што ж, доля жаночая такая, — як у людзей, так і ў яе, — не вечна ж гуляць, выгульвацца!.. Адно страшыць: як са старым, са свякрухай жыць давядзецца — шкадаваць будуць ці есці? Калі б можна было знаць загадзя, каб не гадаць, не трывожыцца дарэмна!..

А Яўхім — што ж? Не сама выбірала, яе выбралі!.. Ды і сам ён, бачыла ж, не думаў аб гэтым. Шукаў якуюсьці другую, а яго прыцягнула, прыбіла да яе хаты… Што ж, можа, лёсам гэта прызначана, Богам?.. І няхай не даспадобы ён, мусіць, неяк зжывуцца. Любіць жа ён, што ні кажы… І яна — сцерпіцца, злюбіцца!..

Ганна неспадзеўкі здрыганулася: паўз плот хтосьці ішоў! Тоячыся, стрымліваючы хваляванне, яна пачакала, пасачыла: стаў там, дзе яны калісьці стаялі з Васілём. Хвіліну чарнеў нерухома. Ёй здалося: глядзіць у яе бок, бачыць яе… Яна чула, як часта, шалёна б'ецца сэрца.

Васіль!.. Што рабіць? Выйсці, пагаварыць, памірыцца? Сказаць, што даруе яму?.. Ён згарача нагаварыў тады. Сам шкадуе… Выйсці! Апошні раз!.. Выйсці?! Замоўленай! Чужой, другому аддадзенай!.. Не, не! Што з воза ўпала, тое прапала! Не яго цяпер! Не вольная — каб сустракацца! Грэх…

І што ім з таго прымірэння? Пасля змовін! І развітанне — што ім? Развіталіся ўжо, можна лічыць. Чужыя!..

Ён пастаяў моўчкі — мусіць, усё ж не пабачыў. Як прывід, паплёўся назад…

У той вечар, калі ў Чарнушкаў былі змовіны, у хаце Дзятлаў было ціха і журботна, нібы пасля пахавання нябожчыка.

— Сынку, сынку, як жа цяпер? — не вытрывала, сказала маці з другога канца стала, за якім Васіль вячэраў.

— Як було, тым часам, так і будзе, — разважліва адгукнуўся дзед Дзяніс.

У хаце гусцеў змрок. Дзеда, які сядзеў на палацях каля печы, ужо амаль не было відаць, матчын твар таксама ледзь шарэў — каб і хацеў, Васіль не змог бы ўбачыць на ім нічога — і ўсё ж, па тым, як перагаворваліся яны, як раз-пораз маці ўздыхала, чуў, што і іх вельмі гняце яго бяда.

Але ад іх спачування не толькі не было палёгкі, а яшчэ горш паліла жальба. Хоць нарабіўся, згаладаўся, — не чуў ні стомы, ні смаку ў вячэры. Хацелася адно хутчэй перабыць абавязак і выйсці…

— Багацей, тым часам, ведамо… — прамовіў дзед Дзяніс у цішыні.

— Нагаварылі на яе ўсё тое, што дамогся Яўхім!.. — як бы падумала маці. — Казала я: не такая яна, штоб дапусціць!.. Не було нічога! Бо кеб дамогся, не пайшоў бы кланяцца, у сваты. Да бяднячкі…

Васіль стараўся не слухаць: не хацеў нічога чуць пра Ганну. Кожнае слова пра яе кранала, вярэдзіла штосьці вельмі чулае ў ім, вельмі балючае. Ледзь стрымліваўся: і ахвота ж гаварыць пра яе, — калі ўсё ні да чаго! Не дапусціла, не дамогся! Як бы і сам ён не знае!..

— Такая нявестка була б! — уздыхнула маці. — Лепшай, здаецца, кеб цэлы свет абгледзеў, не знайшоў бы!..

— Ну, хопіць! Ну, чаго тут!.. — Васіль кінуў лыжку, ускочыў. — От бо, не хапало шчэ!..

— І праўда, Алена! Хлопцу і так маркота!..

Васіль не даслухаў дзедавых слоў, выбег на ганак. Але стаяць на ганку, на двары, дзе сама цішыня вечара, змрок напаміналі Ганну, цяпло спатканняў, было яшчэ горш. Каб не сумаваць, адагнаць палючую жальбу, ён стаў тупаць па двары, выдумляць справы. Зайшоў у хлеў, у якім без каня, што яшчэ пасвіўся на ўзболатку, было нудна і пуста, кінуў у куток сена, падаўся ў павець, перавесіў з кручка на кручок дугу, стаў корпацца з калёсамі. Рабіў, аднак, усё як у сне, усё было нецікавае. У галаву неадчэпна лезлі, пяклі душу згадкі, думкі, развагі — усё пра адно, пра Ганну, пра змовіны.

"Багацей, ведамо!.." — успаміналіся яму словы дзеда пра Яўхіма. І думкі крыўдна згаджаліся, дадавалі: — Дзеўкі кажная на багацце хіліцца! Думае, што дзе багацце, там лёгко будзе жыць!.. Думае, як Корч багаты, дак і ўсё, прыпяваючы, думае, жыць будзе! Аге! — спрачаўся Васіль у думках так, нібы Ганна была перад ім. — Вельмі надзейся! Дужа ты ў Карчоў разжывешся!.. Пажывеш з імі, пабачыш, што за Карчы такія! Якое шчасце сабе выбрала! Смяяцца весела ўмела, плакаць навучышся! Паплачаш горко, як нагаруешся! А што нагаруешся, дак нагаруешся, ето загадзя сказаць можно! Дабра не чакай! Усе Карчы такія!.."

Але як ні чарніў Карчоў, не першы раз ужо расла, гарэла ў ім пераплеценая са злосцю важкая зайздрасць: усюды першыя, усё лепшае ім!.. Багацеі!..

"Ну, і няхай з Карчом яна!.. Няхай карчоўская будзе!.. — стараўся супакоіцца Васіль. — Усё адно яна мне не пара!.. Толькі і дабра таго, што як прытулішся, бувало, сэрца соладко ные і гатоў на ўсё забыцца!.. А хіба ж, будучы сам-насам, цвярозы, не думаў я, што не пара яна, што толку з яе мало? Хіба ж не думаў, што лепей бы да багацейшай якой! Толькі сілы, кеб адарвацца, не було. Як прываражыла, як бы зеллем апаіла якім!.. А цяпер от — само павярнулася як трэба. Нібы Бог памагці захацеў… Само зрабілася як трэба, дзякуваць Богу!.."

Усё, чым ён жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Думкі перабівалі адна адну, спрачаліся, жаданні таксама змяняліся непаслядоўна, супярэчліва, учынкі не хацелі слухацца разваг. У той самы час, калі ён ужо амаль пераканаў сябе, што шкадаваць аб Ганне няма чаго, што трэба толькі дзякаваць Богу за тое, што так разумна зрабілася, Васіль, сам не ведаючы, чаму і як, забрыў к Чарнушкаваму селішчу, к таму плоту, дзе столькі вечароў і начэй стаяў, мілаваўся з Ганнай. Як ні гнаў, не адыходзіла неадольная заваблівая надзея: а можа, яна там, чакае?..

Але яе не было. Ля знаёмага плота, здалося, было так пуста і так сумна, што крыўда і гора ўмомант затапілі ўсе развагі. Ён аж разгубіўся ад наплыву гэтых бязлітасных, пякучых, бясконцых і бязмерных крыўды і гора.

Іх ён і панёс з сабою ад плота, той сцежкаю, якой столькі разоў насіў радасць. Ніколі яшчэ не чуў ён сябе такім няшчасным — ні тады, калі раўнаваў Ганну да Яўхіма, ні тады, калі паверыў у плётку пра яе. Тады ён мог ненавідзець яе, пагарджаць ёю, — цяпер было яму толькі шкадаваць!

Цяпер яго пякла не плётка. У яго не было нават надзеі, што ўсё гэта няпраўда. Змовіны былі. Яна — чужая. Усё кончана!..

Калі наплыў гора апаў, прыціх, ён, як бы шукаючы прасветліны, стараючыся стаць мацней на зямлі, пачаў думаць аб дарагім, запаветным. Не, не ўсё яшчэ кончана! Усё яшчэ будзе!.. Пачакайце, прыйдзе час — пабачыце, хто такі ён, Дзяцел Васіль! Пабачыце, усе пабачыце! Будзе гэта! Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце!.. Гумно снапамі наб'е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!.. Толькі б перадзел зрабілі! Каб зямлі, каторая ля цагельні!.. Тады — усе пабачаць Васіля! І яна, Ганна, пабачыць!

Назад Дальше