Ларывон засмяяўся. За камунаўскімі вазамі яны наткнуліся на будачку, збітую з дошчак, над якой на чырвоным палатне былі намаляваны дзве рукі ў поціску і надпіс: "Горад і вёска — злучымся!" Ніжэй палатна была прыбіта шыльдачка: "Саўгас "Шлях да камунізма"". У ларку прадавалі мяса. Сек і важыў мяса малады хударлявы хлопец у белым халаце. Усе трое, убачыўшы гэты халат, сталі.
— Як дохтар! — не ўтрываў Ларывон. — Як усё адно ў бальніцы якой!
Яўхім коса зірнуў на Ганну, працадзіў:
— К-культура!.. Шлях да камунізма!..
Яны былі ўжо з краю плошчы, каля будынкаў, у якіх мясціліся крамы. Яўхім успомніў, як бацька даваў Ганне грошы, запытаў:
— Табе, здаецца, купіць нешта трэба?
— Ат, дробязь розную… Я потым, з мачыхаю… — Ёй не хацелася, каб Яўхім стаяў, бачыў, як яна будзе выбіраць гузікі, аплічкі, інтымныя дзявочыя драбніцы.
— Ну, дак, можа, сюды зайдзем? — Яўхім кіўнуў ёй і Ларывону на дзверы, па баках якіх на высокіх і вузкіх шыльдах былі намаляваны міскі, лыжкі, бутэлькі і чаркі. Шыльды былі вельмі падобны на тыя, што віселі на дзвярах у шаўцоў і краўцоў, толькі што тут замест ботаў ды шапак красаваліся міскі і бутэлькі. Над аблезла-сінімі міскамі клубіліся шэрыя воблакі, чаркі таксама былі поўныя нечым шэрым.
— А што там рабіць нам?! — запярэчыла Ганна.
— Ну, што!.. Тое, што і другія! — Яўхім падміргнуў Ларывону. — Ну, морсу вып'ем!.. Сушыць нешта ў горле!..
Яўхім амаль сілком увёў Ганну ў памяшканне, у якім за столікамі сядзела нямала людзей, што пілі, елі, гаманілі. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя табурэты, прынёс сабе яшчэ адзін і пайшоў к буфету. Пралезшы цераз чародку людзей, якія таўкліся там, ён пагаварыў аб нечым з тоўстым паголеным чалавечкам, гаспадаром "сталоўкі" Ёселем, і вярнуўся да стала з трыма налітымі шклянкамі.
— Ето нам, — паставіў ён шклянкі з гарэлкаю сабе і Ларывону, потым урачыста паднёс шклянку з віном Ганне. — А ето — табе!
Ганна сказала, што піць ёй не хочацца.
— Хочацца не хочацца, а трэба выпіць, калі ўгашчаюць! Ад угашчэння адказувацца няможно! — Ён засмяяўся. — Прывыкай! Прыйдзецца шчэ папіць!
Хлапчук, Ёселеў сын, прынёс хлеба, закускі: гуркоў, катлеты з патоўчанаю бульбай. Сам Ёсель, рухавы, увішны, з чорнымі вясёлымі вачыма, падбег з талерачкай, на якой быў ружовы брусок нейкага печыва, міргнуў Яўхіму, як знаёмаму.
— Калі ласка! Для дамы!.. Вам, па заяўцы вашаго кавалера! — Ёсель паставіў талерачку. — Яўхім, можа, яшчэ чаго трэба?
Яўхім па-сяброўску ляпнуў Ёселя па плячы.
— Пакуль хопіць етаго! — Калі Ёсель адбег к буфету, Яўхім, задаволены, што можа ўразіць Ганну такою навінкай, прамовіў: — Пірожнае! Для жанчын шляхетных робіцца спіцыяльна!
Ганна паглядзела на нявіданы брусочак, зацікаўленая: які ён на смак? З чаго яго зрабілі, чаму толькі для жанчын? Але запытацца стрымалася: гэта яе магло б прынізіць перад ім!..
Яўхім узняў шклянку, паднёс да Ганнінай.
— Вып'ем, кеб усё добра було!
Ганна паспытала — віно было прыемнае, салодкае, не тое што куранёўская самагонка.
— Усё, да дна! — напаў на яе Яўхім, калі яна намерылася паставіць шклянку. — Не пакідаць зла!
Каб не спрачацца дарэмна, не выклікаць лішне ўвагі да сябе тых, хто сядзеў побач, паслухалася, выпіла ўсё.
— А цяпер от вазьмі каклету ці гурка! — Яўхім выдаваў сябе за гасціннага, клапатлівага гаспадара.
Ад віна хутка стала цёпла і лёгка, хмарныя думкі зніклі: не было ўжо ні шкадавання аб дарагім, што назаўсёды траціла, ні трывогі пра тое, як будзе далей. Узяла пірожнае, паспытала — аказваецца, салодкае, само нібы ў роце растае! Мабыць, з белай, марымонскай мукі, з яйкамі і цукрам!
— Мо шчэ вып'ем? — нахіліўся Яўхім.
Яна рашуча захітала галавой: не, — заспяшалася ўстаць. Калі выйшлі разам з ветлівым Ёселем, які правёў на ганак, прасіў не забываць дарогі к яму, кірмаш здаўся вясёлым святам, і ўсё навокал выглядала бесклапотным, бясхмарным, святочным, і верылася: ёй будзе добра, будзе добра!
Зноў патаўкліся трохі ў людской мітусні каля вазоў, гледзячы на дабро, раскладзенае на сене, зайшлі ў адну, другую краму, у якіх таксама ціснулася багата народу, больш за ўсё, відаць, разявак.
— Скажы, што табе хочацца купіць — такое, кеб даўно хацелася! — сказаў Яўхім, акідваючы вачыма палічкі, на якіх было раскладзена і развешана мноства ўсякіх прынад.
Вядома, Яўхім не быў бы Яўхімам, каб у яго словах не пачула яна пахвальбы — магу што хочаш купіць, — але Ганна больш заўважыла цяпер тое, што яму хочацца зрабіць ёй добры дарунак. Яна бачыла, што яму вельмі хацелася, каб яна папрасіла. Ганна на міг завагалася. І ўсё ж штосьці стрымала яе.
— Нічога.
Ганна адразу ж сабралася ісці з крамы, але ён не пусціў.
— Пастой! Няма чаго выдумляць! Не чужыя ж!.. Ты не нагледзела, дак я нагледзеў!.. — Яўхім крыкнуў прадаўцу: — Падайце хустку тую!
Ён сам накінуў ёй хустку на плечы, падвёў к люстру, прыбітаму да сцяны. Якой ні спакойнай здавалася Ганна хвіліну назад, але калі зірнула ў люстра, твар яе, смуглявыя, крыху выпнутыя шчокі заяснелі зачаравана: ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!
— Акурат да твару! — узрадаваны, таксама зачараваны, сказаў Яўхім. Ён, задаволены, пайшоў к прадаўцу.
Жанчыны, якія стаялі за ёй, глядзелі з зайздрасцю, гаманілі, хвалілі: добрая хустка, да твару, нічога не скажаш. Ганна ж не магла вішнёвых воч сваіх адарваць ад люстра, ашчасліўленая, замілаваная: ці яна гэта, такая незнаёмая, такая паглядная, такая… Штосьці раптам занепакоіла, штосьці нібы дакранулася да чулай шыі, дзіўна халоднае і гарачае. Яна, не разумеючы, мімаволі павяла няцямным позіркам, і гарачая чырвань умомант заліла яе твар. Васіль! Калі ён увайшоў ці, можа, быў ужо між людзей тады, калі яны з Яўхімам паявіліся, Ганна не ведала і не думала пра гэта — яе ўсё поўніла неспадзяванае відовішча — Васіль! Яны глядзелі адно на аднаго, позіркі іх у люстры скрыжоўваліся.
Толькі момант было гэта — Васіль знік з люстра гэтак раптоўна, як і паявіўся. Але хоць яго не было відно, яна не магла варухнуцца. Ён нібы скаваў яе. І не бачачы яго, яна чула дзікаваты, важкі і разам з тым разгублены позірк спадылба, крыўду і роспач на яго самалюбных губах. Гарачынь, чырвань сораму ўсё не сыходзілі з яе твару. І якое недарэчнае было тое, што сказаў, вярнуўшыся, Яўхім:
— Ну, от і канцы з канцамі! Відно, што нявеста! — Яе абразіў яго смех. — Падарыў, а ўсё адно як сабе! Не з хаты, а ў хату!..
Ад гэтага смеху Ганне захацелася плакаць. Выходзячы з Яўхімам, яна падумала пра Васіля — тут ён яшчэ ці пайшоў, але, поўная неперажытага хвалявання, азірнуцца не пасмела. Быў Васіль ці не быў у краме, а ёй здавалася, што ён каля яе, сочыць за ёй.
На ганку, стараючыся не сустракацца позіркам з Яўхімам, яна сказала, што трэба ісці назад: бацька і мачыха даўно зачакаліся.
— Хай прывыкаюць! Не столькі шчэ чакаць прыйдзецца!
Ён заўважыў, што яна спахмурнела, незразумела перайначылася, але распытваць не стаў. У яго быў па-ранейшаму бесклапотны настрой, непадатны для падазрэнняў ці якіх-небудзь непрыемных думак…
— Я дайду ўжэ адна, — сказала Ганна, калі ён трохі правёў яе.
Яўхім не запярэчыў, не здзівіўся ці зрабіў выгляд, што не здзіўляецца, моўчкі адышоў. Яна была рада, што ён лёгка адстаў.
Увесь час, пакуль стаяла з бацькамі каля воза, не сціхаў у ёй успамін пра Васіля, пра яго паяўленне, пра яго позірк — трэба ж, каб так здарылася! Думала, усё з ім кончана, застаецца толькі забыць, і вось жа — сустрэча гэтая! Як зачырванелася, не згарэла ледзь! Нібы з крадзеным злавілі!.. Застаўшыся адна, без Яўхіма і Васіля, яна старалася абдумаць усё, вярнуць сабе разважлівую яснасць: не-не, ёй няма чаго саромецца! Усё, што было з Васілём, кончана. Проста не прывыкла яшчэ. Але — прывыкне!
З-за думак сваіх яна амаль не чула ні зайздрослівага мачышынага войкання — вой, якая хустка! — ні бацькавага неспакою аб тым, што людзі ўжо раз'язджаюцца, а мех бульбы так і ляжыць.
Бацька запрог каня, каб ехаць дамоў, калі к ім падышла чарнявенькая кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы, запыталася, ці не маюць яны бульбы. Бацька так узрадаваўся гэтаму, што не стаў і таргавацца.
— Ужэ і не думаў, што купец знойдзецца! Як Бог паслаў, на шчасце! Дак хай і вам карысць будзе!..
"Богам пасланы купец" папрасіў, каб бульбу завезлі на кватэру. Калі ехалі, мачыха з вясковай гаварлівасцю паведаміла:
— Грошы вельмі трэба. Дачку от замуж аддаём…
Белы, нездаровы тварык дзяўчыны павярнуўся да Ганны.
— Віншую!.. Добры хлопец, мусіць?..
— Да як сказаць. Не гарбаты, не кульгавы. Не горшы за другіх, здаецца.
— Добры. Красівы, багаты, — умяшалася мачыха. — Яўхім Глушакоў!
— А! — прамовіла дзяўчына далікатна. Зірнула на Ганну пільнымі, дзіўна строгімі вачыма. — Вы любіце яго?
Ганна не адразу адказала, падумала: "Худзенькая якая, нібы нядужая. Вецер, здаецца, падніме і панясе, як пушынку… А вочы — такія строгія!.. Люблю ці не люблю?!"
— Ці ўсім канешне любіць, выходзячы?.. Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дак болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!
— І ўсё-такі — як жа жыць без кахання?
— А так і жывуць… Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць…
Дзяўчына прамовіла, любуючыся і дзіўна спачуваючы:
— Вы такая прыгожая!
— За Яўхімам пражыве прыпяваючы! — зноў умяшалася мачыха. — Само шчасце, сказаць, у рукі ёй прыйшло!..
Дзяўчына не адказала на гэта, запытала з той жа строгасцю:
— Харошае сяло ў вас?
— Нічого. Грыбоў процьма. Маліны, ягады ўсякай. Канешне, не тое што Глінішчы, а ўсё-такі — нічого… — Мачыха пацікавілася: — А вы — хто самі будзеце? Нешто не бачылі мы вас ніколі!..
— Я ў Мозыры жыву. Вучуся. А тут у дзядзькі ў гасцях. — Строгія вочы памякчэлі. — Настаўнічаць к вам от прыеду. На той год канчаю. — У яе аказалася такая мілая ўсмешка, пяшчотная, з ямачкамі. І рот прыгожы, маленькі, добры.
— Прыязджайце… Толькі — школы ў нас няма…
— А-а… — пашкадаваў добры раток.
Дзяўчына — мачыха дазналася ўжо, што яе завуць Параска, — прывяла воз на двор "воласці", сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара. Ледзь толькі ўехалі, як на ганак выйшаў Апейка, і дзяўчына радасна крыкнула яму:
— Ну, от я купіла! — Яна гарэзліва пахвалілася: — І нядораго!..
Пакуль Чарнушка наматваў лейцы на ручку, Апейка паставіў мех і, прысеўшы, пачаў прыладжвацца плячыма, каб лаўчэй узяць на сябе. Чарнушка не чакаў такога: як-ніяк валасное начальства, няхай сабе і з простых людзей, паспрабаваў быў паправіць становішча:
— Дайце ўжэ я!.. Кеб не падарваліся з непрывычкі!..
— Не падарвуся! — адказаў Апейка, з натугай падымаючы мех.
Чарнушка памог яму, ніякава пайшоў услед, падтрымліваючы мех ззаду. Калі яны вярнуліся на ганак, Апейка гаварыў:
— Дак вы з Куранёў! То-та — твар знаёмы… Картопля добра ўрадзіла?
— Картопля — непагано. А жыта, можна сказаць, няма…
— З жытам, з пшаніцай пагана ў нас у многіх сёлах. Цяжкая зімка будзе. І вясна… Ага, — успомніў Апейка, — тут у нас быў пад арыштам з Куранёў… Дрозд, здаецца… Не, Дзяцел яго прозвішча. — Ганна замерла, стала ўслухоўвацца. — Як ён жыве?
— А што? Нічого. Жыве сабе…
— Добра, сумленна жыве?
— Нічого. Як усе…
Ганна яшчэ не сцішыла хвалявання, якое выклікаў раптоўны напамінак пра Васіля, як з дому выбегла Параска, строга і сур'ёзна падала штосьці загорнутае ў газету:
— Гэта вам ад мяне. К вяселлю… Нічога другога няма. Студэнтка!.. Кніжка добрая!.. — Яна схамянулася: — Чытаць вы ўмееце?
— Можно сказаць — не…
Параска задумалася: што ж рабіць? Памог Чарнушка, сказаў Ганне:
— Бяры да дзякуй!
Едучы назад, Ганна трымала ў руцэ кнігу, везла ў памяці апошні строгі і жаллівы дзявочы позірк. "Вы любіце яго? Як жа можна жыць не любячы!.." — "А так і жывуць! Многія жывуць!.." — быццам спрачалася яна са строгай, наіўнай дзяўчынай. Яна ведала гэта, была пераканана, што так было і будзе, але калі згадвала, як хадзіла з Яўхімам, Васілёва паяўленне, — на душу важка лажылася трывога…
5
Клопаты, клопаты. На другую раніцу Чарнушка зноў выправіўся ў дарогу — цяпер ужо купляць Ганне на кофту. Дарога была недалёкая, хоць і даводзілася яшчэ ехаць у аб'езд, — напрасткі пакуль толькі хадзілі, — і гадзіны праз паўтары Чарнушкавы калёсы круціліся ўжо ў глінішчанскую вуліцу.
Дом Нохіма стаяў каля краю сяла, на самым людным месцы, якое чамусьці называлася "коварат" і ў якім сыходзіліся канец вуліцы, дарога з Алешнікаў і дарога на юравіцкі шлях.
Крама была ўжо ў прыбудоўцы да вялікага старога дома, і Чарнушка, прывязваючы каня к штакеціне, мімаволі адзначыў: "Перабраўся ўжэ!.. Багацее Нохім!.." Едучы нядаўна ў Юравічы, Чарнушка бачыў, як клалі зруб прыбудоўкі, а вось ужо нб табе — крама. Ды і сам дом ці даўно з часоў польскай навалы стаяў пусты, без вокан, і сад за ім — недагледжаны, абшарпаны, ці даўно туліўся. А вось нб табе — як ні глянь, дык навіна: то крама ў доме, то паравік, то прыбудоўка… Яблыні новыя, маладыя ў садзе…
"Багацее, хітры сабака…"
У краме, што пахла ўсярэдзіне свежым дрэвам, селядцамі і газаю, стаяў за прылаўкам старэйшы Нохімаў сын Іцка. Акрамя яго было толькі двое глінішчанцаў, якія прыйшлі, мабыць, пагаманіць, бо купляць нічога не збіраліся. І Іцка адразу навастрыўся позіркам на Ганну і Чарнушку.
Чарнушка па даўняй сваёй звычцы спярша пачаў браць розную драбязу, што дзешавей: тры карабкі запалак, пяць фунтаў солі, два фунты мокрых, з едкім пахам селядцоў. Ён ужо намерыўся падступіцца да самага важнага і цяжкага, да самай вялікай траты, калі паявіўся і сам Нохім.
— А, Чарнушка! Здароў быў! — радасна, як добрага знаёмага, прывітаў ён. Нохім ведаў амаль кожнага не толькі ў Глінішчах, але і ў бліжэйшых вёсках.
— Здароў буў і ты.
— Багаты будзеш, чуў я! Дачку аддаеш замуж?
— Аддаю…
Нохім умомант абмацаў Ганну такім пільным позіркам, што яна пачырванела.
— Красуня! Яўхім толк у бабах знае! Сам бы жаніўся на такой, каб маладзейшы быў. І не жыд. Бо ты б не аддаў за жыда, а?
— Стары ты, Нохім. Грэх такое гаварыць.
— Стары? Я — стары? — Нохім зірнуў на Іцку, які весела засмяяўся, потым на сялян.
Адзін з іх падтрымаў:
— Самы сок! Акурат жаніцца!
— О, чуеш, Чарнушка! А ты кажаш: Нохім стары!.. — Ён адразу ж, амаль тым жа тонам прамовіў: — Але ты, мабыць, прыехаў ка мне не толькі для таго, каб паказаць дачку? Купіць што хочаш?
— Перкаль, кажуць, у цябе на кохту е… — наважыўся бацька. — Дзеўка надысь бачыла…
— Е. Трохі яшчэ засталося. О, твая дзеўка, Цімох, бачу, ведае, што добра, а што дрэнна…
Нохім падаў невялікі скрутак. Калі Чарнушка мяў паркаль кручкаватымі, як сухое алехавае карэнне, чорнымі пальцамі, чамусьці разглядваў на святло, Нохім параіў:
— Ведаеш, Цімох, што я табе скажу. Калі ў цябе ўжо такое свята, то я дам, чаго нікому не даваў. Саціна ў мяне е атласная. З Кіева самога. Блішчыць, пераліваецца, як шоўк. Прыбраўшыся ў яе, дзеўка твая будзе чыстая каралева!
— На каралеўскае, Нохім, у мяне, грэц яго, кішэня малая…
— Эге! У яго на саціну кішэня малая! Саромеўся б, Цімох, казаць такое! Ну, добра, як хочаш: бяры не бяры — я не набіваюся. Паглядзі хоць, што яно такое!
— Да што глядзець, калі ўсё адно не вазьму…
— А ты паглядзі! Я за разгляд грошай не бяру!
— А што глядзець, калі яно дораго.
— Дорага? Вы чуеце, ён кажа — дорага! Ён яшчэ не бачыў крам, не знае, колькі каштуе, а ўжо кажа — дорага! Яго яшчэ ніхто не рэжа, а ён крычыць — ратуйце!
Нохім спрытна падкаціўся да Ганны, далікатна схіліўся перад ёй:
— Прашу прабачыць, грамадзяначка, але трэба прыраўняць крам да вашага твару, каб ваш бацька пабачыў усё натуральна! Бо мужык такі, што не паверыць, пакуль не пабачыць сам! — Нохім прыклаў разгорнуты край белага саціну да Ганніных плеч і шыі. — Глядзі, Цімох, калі е вочы! І калі ты дабра хочаш дачцэ! Калі ты хочаш, каб яна была першая красуня на вяселлі! А не, даруй, задрыпанка якая!