Хоць радасці якой чакаць на сходзе не прыходзіцца, а ўсё-такі калі ты будзеш перад вачыма ўсіх, то, пэўна, не такія смелыя будуць, не так будуць плясці языкамі. Калі туліцца ў хаце сваёй будзеш, дрыжаць — чаго добрага, і зусім утапіць могуць.
Хочаш не хочаш, а ісці трэба. Глушак перахрысціўся, усцёг лаплены кажушок, насунуў пабітую моллю старую шапку. На крысе кажуха заўважыў закарэлыя белыя языкі картаплянай мешаніны для свіней, але сціраць не стаў: не ў царкву, не ў госці збіраецца. Ды і то падумаць: цяпер такія знакі ў пашане, як дакумент, што свой чалавек, не гуляшчы…
З картаплянымі языкамі на кажусе, з трухой на каўняры і на шапцы і патупаў па-старэчы з хаты. Так вымеркаваў выйсці, каб не быць на сходзе ні першым, ні апошнім. Прыпрэшся першы — кінецца ўсім, што баішся, пасмялеюць; апошні прыпаўзеш — каб позна не было. Абнюхаюцца са сваімі, згаворацца.
Народу, яшчэ з двара адзначыў, сабралася ўжо нямала. Трывога і непрыхільнасць варухнуліся ў душы, прымусілі сціснуцца, нарыхтавацца да небяспекі. "Збегліся! Навастрыліся клыкамі на чужое дабро! Толькі каманды чакаюць!.." Многа тоўпілася куранёўцаў і ў сенцах — праўда, больш не гаспадароў, нават не хлопцаў і дзяўчат дарослых, якім сваё кубло віць недалёка, а драбязы рознай, смаркатай дзятвы.
"Шпіктакль знайшлі! Дручком бы, поскудзь! Кеб не смярдзела!"
У хату нашылася таксама нямала маладых, але багата было і гаспадароў. Каля прыпечка Пракоп барадаты разважліва гаманіў з Чарнушкам, Сарока ўселася на палаці, таўхала ў грудзі Зайчыка, які весела рагатаў. Прыпёрся, вядома, Андрэй Руды, прыляпіўся к самаму сталу, к начальству.
Глушак падумаў быў прабіцца да Пракопа і Чарнушкі, але яны былі лішне на віду, а яму, можа, і ні да чаго было выпірацца на людскія вочы. Хто яго ведае, як там яно пойдзе, як там будзе сядзець на віду. А калі на тое, то і так усе прыкмецілі ўжо, што ён не дзе-небудзь, а тут жа, чуе ўсё і бачыць. Так што можна і тут, у куточку, сагнуцца ды выглядваць.
От толькі блізка аказаліся Хоня і Дзятлікаў Васіль. Дзятлік як заўважыў яго, Яўхімавага бацьку, позірк адвёў убок, ад злосці, вядома, за тое, што Яўхім адбіў Ганну. Бровы насунуў на вочы, затаіў штосьці нядобрае. "Бач ты, такое маладое, а таксамо — з хванабэрыяй! Таксамо — гаспадар, дзюба смаркатая!"
Але каб і не зважаў на Дзятліка, гнуцца ў куце было не ў ахвоту: хоць бы хто асеў поблізу людскі, каб сказаць слова, адвясці душу. Хаваў трывогу, пацеў у кажушку, таміўся, здавалася, бясконцым чаканнем і адзінотай. Калі ўсунуўся Ларывон і стаў, як дуб, узвышаючыся над усімі, Глушак узрадавана памкнуўся аклікнуць яго.
Не пазваў: з-за Ларывонавай спіны раптам паказаўся з сянец Міканор, за Міканорам паявіўся Дубадзел. Яны абышлі Ларывона, праціснуліся паўз Глушака, сталі прабірацца к сталу. Глушак пачуў, што трывога яго пацяжэла.
За Дубадзелам праціснуліся к сталу яшчэ двое, незнаёмых. "Каморнікі, мабуць", — падумаў стары, разглядаючы то аднаго, то другога, як бы хацеў уведаць пра свой лёс. Адзін быў ужо немалады, лысаваты, у зацяганай паддзёўцы, з выгляду нібы і незласлівы. Але Глушак, які ўсяго-ўсякага пабачыў і падрыхтаваўся да ўсяго, падумаў пераканана: "Ціхі-то ён ціхі. А толькі калі скамандуюць, то нож усадзіць, пэўне, і не паморшчыцца…" Другі, зусім не падобны да гэтага, маладжавы, далікатны тварам, трымаўся смела, важна: перад тым як сесці за стол, стройны, па-вайсковаму прамы, дзіўна пасміхваючыся, скінуў паважна фуражку, зняў вайсковы шынель, разгладзіў моцнаю рукой вайсковы ж мундзір з вялікімі кішэнямі на грудзях. Седзячы за сталом, аднаго за адным пачаў аглядваць куранёўцаў, спакойна, павольна падступіў позіркам да Глушака. Старому захацелася ўшыцца ў каўнер, калі вочы вайсковага пайшлі мацаць яго. Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіваўся ўсярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра.
"У етаго рука не здрыганецца. Еты і бацьку роднаго ўтопіць, калі трэба за савецкую ўласць! К етаму і не падыходзь блізко, не прасіся на літасць! Парцейны ўвесь, да нітачкі! Зразу відно!" — падумаў Глушак, калі вайсковы пайшоў позіркам па другіх. За думкамі закарцела Глушаку дзіўнае адчуванне, нібы сустракаў ужо недзе гэтага чалавека, і ён колькі часу намагаўся прыпомніць, дзе гэта было. Але як ні стараўся, успомніць не мог: мабыць, бачыў выпадкам, мелькам. На вуліцы ці на дарозе — інакш хіба б забыў такога?
Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Пэўна, можна было б асцярожна паспрабаваць падступіцца. Відаць здалёк, што не надта салодка жывецца: і паддзёвачка унь якая, і яды не лішне — шчокі аж уваліліся. Каб зрабіць акуратна, мусіць, не адмовіўся б ад сцягенца свінячага…
Але цяпер і думаць не думай такога — лысы і блізка не падпусціць, калі побач гэты партыйны "да нітачкі". У Глушака раптам з'явілася падазрэнне: а можа, партыйны гэты і не каморнік зусім, а які-небудзь начальнік. "З ГПУ, можа, прысунуўся, вынюхаць, што і як. Харчава прыяцель…"
Разважаючы, мяркуючы, стары ўважліва слухаў, што казаў Дубадзел. Але, хоць Глушак і не прапускаў ні слова, багата чаго, як і многія другія на сходзе, ён не разумеў ці лічыў нявартым увагі. Крывароты доўга і нудна нешта гаварыў не пра справу, а пра палітыку. Толькі калі Дубадзел перайшоў да землеўпарадкавання, стары насцярожыўся. Дубадзел, аднак, зноў доўга плёў пра тое, для чаго трэба перадзельваць зямлю і якая гэта важная задума — землеўпарадкаванне; таміў, палохаў Глушака туманам няпэўнасці. Чым больш плёў ён, тым больш прападала ў Глушака кволая надзея на тое, што, можа, абміне, абыдзе яго гэтай бядою. Стала прыкра-млосна ўсярэдзіне, калі Дубадзел абвясціў:
— У нас таксамо камісія, якая була выбрана па ўсім законам на агульным сходзе вёскі Курані, знайшла розныя факты. А іменна — няправільную запісь зямлі сельсавету, што прывяло ў сваю чаргу да няправільнай аплаты налогу з боку етых укрывацеляў…
— А хто такія етыя ўкрывацелі? — не ўтрываў Андрэй Руды.
— Можна і назваць, хоць выбраны старшыня етай камісіі вашай вёскі Дзяцел Міканор у сваім рапарце пасля мяне ўсё даложыць сам. Ето такія асобы, як Чарняк Пракоп, Дзяцел Змітро…
Ён, мусіць, выказаў бы ўсіх, але ляснік Міця, пачуўшы сваё прозвішча, абарваў яго, заявіў на ўвесь голас:
— Ето ўсё — ер-рунда!
Дубадзел абурыўся:
— Што — ерунда?!
— Усё! — з п'янай непахіснасцю растлумачыў Міця.
У хаце засмяяліся, зарагаталі.
— Няправільно запісано! — адгукнуўся не вельмі ўпэўнена, больш, відаць, для прыліку, Пракоп.
— Вы, дзядзько, памаўчалі б! — не ўтрываў, ускочыў Міканор, гатовы рынуцца абараняць свой гонар.
Дубадзел даў яму знак сесці.
— От тут грамадзянін вашай вёскі Курані Дзяцел Змітро, — загаварыў ён зноў паважна, тым жа тонам кіраўніка і прамоўцы, — заяўляе…
— Заяўляў і заяўляць буду — ерунда!
У хаце зноў засмяяліся. Дубадзел пачырванеў:
— Грамадзянін Дзяцел Змітро, вам слова не давалі. Прашу не перабіваць! Тым больш што сваімі выкрыкамі вы некультурно замахваецеся не толькі на сельсавет, але і на выбраны ўсім народам вашага сяла орган — камісію!..
— Пляваў я на тваю камісію! — Міця рваўся к сталу, але яго стрымлівалі. Ён кіпеў: — Камісія! Таксамо мне — указ! Начальство!.. Я ў лесе — сам начальство! Над усімі елкамі і палкамі! І сею — дзе хачу! І не суйся!
— Д-добра! — злавесна сказаў Дубадзел. — Мы табе пакажам, куды можно і куды няможно сунуцца выбранай камісіі і сельсавету, які ёсць поўная ўлада на месцы!..
— Пакажы! — Міця не слухаў угавораў бліжніх. Душыла крыўда. — Усякае лезе ў начальство! А таго не дапетрыць, што ў мяне свой закон, свая ўлась!
— Усё сваё ў цябе! Правільно! — падчапіў з рогатам Хоня.
Смех і вясёлы гоман, што ўсё мацнелі ў хаце, падагравалі Міцю. Невядома, як закончылася б гэтая перапалка, калі б за сталом не падняўся незнаёмы ў вайсковым кіцелі. Спакойна, цвёрда загадаў:
— Прашу вывесці п'янага!
Міцю акружылі, узялі пад рукі, пад вясёлыя смешкі Хоні сілком вывелі з хаты. Пачакаўшы, пакуль не ўціх гоман, чалавек абцягнуў кіцель, ужо дзіўна лагодным голасам абвясціў:
— Калі ёсць якія-небудзь прэтэнзіі да камісіі па землеўпарадкаванню і калі такія прэтэнзіі могуць з'явіцца заўтра, — як бы выдзеліў апошнія словы незнаёмы, — прашу заявіць іх або камісіі, або мне асабіста.
— А хто ты такі? — крыкнула яму Сарока.
Чалавек з усмешачкай глянуў на Дубадзела: ваша віна, што не здагадаліся пазнаёміць у час.
Дубадзел не так назваў, як папракнуў Сароку за невуцтва:
— Таварыш Зубрыч ето! Спіцыяльны ўпаўнаважаны з воласці!..
Зубрыч кіўком галавы пацвердзіў гэта, зноў загаварыў да ўсіх:
— Такім чынам, таварышы, са ўсімі скаргамі, якія ўзнікнуць, прашу звяртацца да мяне. Мы іх не адкладваючы тут жа на месцы разам з вамі праверым і вырашым, як быць далей.
Зубрыч лагодна ўсміхнуўся. Гэтая ўсмешка Зубрыча старога Глушака не толькі не супакойвала, але насцярожвала: нават калі смяяўся ўпаўнаважаны з воласці, чуў стары, што гэты чалавек заўсёды сабе наўме.
"Смяецца, а ўсмешка як бы не яго, — падумаў Глушак. — Чужая нібы".
Другім жа Зубрыч, было відаць, прыйшоўся даспадобы. У хаце пасля яго слоў стаяў гул ухвалы: правільна, па-справядліваму трэба разабрацца, разам з людзьмі.
Упэўненая строгасць Зубрыча да Міці і абыходлівасць з людзьмі выклікалі пашану да яго і давер'е. Зубрыч раптам стаў жывой надзеяй куранёўцаў.
Ён адчуў гэта, лёгка, непрыкметна ўзяў кіраўніцтва сходам у свае рукі, аб'явіў, што слова мае старшыня камісіі па землеўпарадкаванню Дзяцел Міканор. Міканор выйшаў з-за стала, і Дубадзелу, так і не дагаварыўшы, хочаш не хочаш, давялося сесці.
— Дак от, тут дзядзько Пракоп, — адразу рынуўся ў наступ Міканор, — сказаў, што камісія няправільно памерала…
— Не я адзін. Міця унь болей гаварыў… — прагуў, апраўдваючыся, Пракоп.
— Міця — той п'яны і выйшаў з хаты.
— Ну дак што, калі выйшаў?
— А тое, што пра п'янаго, ды якого шчэ няма тут, — няма чаго і казаць!
— Дак калі ён, Пракоп, выйдзе — і пра яго не будзе гаворкі? — уварвалася ў спрэчку Сарока.
— Аге, праўда! — ухапіўся за падтрымку Пракоп. Ён, было відаць, хацеў толькі адступіць з годнасцю, ухіліцца ад удару.
Але Міканора гэта распаліла яшчэ больш.
— Вы не круціце, дзядзько!
— Чаго ты ўссеў на мяне! — раптам загарэўся Пракоп. Шыя яго налілася крывёю.
— І праўда, прычапіўся! — зноў падтрымала Пракопа Сарока.
Глушак думкаю быў на баку Пракопа, але стрываў, не заступіўся за яго: кінеш слова насуперак гэтай васпаватай заразе, толькі бяды лішне наклічаш! А тут і без таго невядома, што будзе і як самому адбівацца прыйдзецца.
"Але ж — зараза! От жа зараза, скажы ты! — падумаў пра Міканора. — І такое нахабнае! Пра Маслака нават і не думае, бы той яму нішто! Няўжэ і апаскі не ўзяло, што ён можа паявіцца?" Глушак пры гэтай думцы пачуў сябе кволым, бездапаможным…
— Я на вас не ўссеў! — не адпускаў Пракопа Міканор. — А толькі я не люблю няпраўды! Не люблю, калі абмануюць, ды шчэ другіх патом вінавацяць!
— А ён і не вінаваціць нікога — ні чорта, ні Бога! — заступілася Сарока.
— Не вінавачу…
— Дак не кажыце, што няправільно памералі. Вы паўтары дзесяціны не ўпісалі!
— А што яму — самому ўпісаць трэба було? — абазваўся Ларывон, і Глушак кіўнуў у знак згоды.
Тут у спрэчку ўлез Хоня, падкалоў:
— Папрасіць трэ було каго — хто граматны!
Міканор пабег позіркам па хаце, некага шукаючы.
— От тут шчэ адзін забуўся памераць сваю зямлю. — Ад адных гэтых слоў Глушак уведаў: пра яго зараз гаварыць будзе. — Не дамераў без чатырох сажняў тры дзесяціны!
— Хто ето? — вылез Андрэй Руды.
— Ето — Глушак Халімон.
Твар, плечы, рукі Глушака наліліся нечым важкім, як гарачая гліна, але ён перамог злосць, сказаў спакойна:
— Ну, дак дзякуй за ето. Што перамераў.
— Няма за што, — укалоў Міканор.
— Ну, пастараўся ж, пахадзіў усюды. Бо я сам, можа, век бы не сабраўся памераць!
— Вы і сям'ю палічыць не сабраліся, лішняга ўпісалі.
— І за ето дзякуй, што памог.
Глушак захінуў полы кажуха і зноў нагнаў на твар санлівасць: не зразумець было, ці то слухае чалавек, ці дрэмле. Але ўсярэдзіне ў яго ўсё кіпела: "Перамераў! Падлічыў! Няма каго, штоб перамераў цябе па спіне дубінаю! Ды падлічыў твае рабрыны, трасца шалудзівая!"
Ён ад злосці аж не мог слухаць голасу Міканора, але і не слухаць нельга было. Самае важнае, цвяроза мяркуючы, было яшчэ наперадзе: на колькі ж пастановяць абрэзаць яго? Тое, што гэты васпаваты выскачка тыцнуў яго ў гразь, яшчэ паўбяды: сорам не дым, гразь можна і выцерці з твару. Прыйдзе нарэшце такі момант, што і самога прыблуду гэтага тыцнуць у гразь можна будзе, ды так, што ён не абатрэцца, не абмыецца! А зямля — гэта зямля, не дым, не сорам — рэжучы яе, усё роўна што рэжуць сэрца…
— Дак от, кеб не було такого, — вярэдзілі Глушака Міканоравы словы, — такого, што ў аднаго поле на вярсту, а ў другога — як баба сядзе, дак спадніцай усё і закрые, — трэба каму-нікаму падбавіць зямлі. А ад каго-нікаго, не сакрэт, канешне, адрэзаць. Кеб не було ў аднаго густо, а ў другога — пусто.
Гэтыя словы Міканора адгукнуліся ў хаце задаволеным гоманам.
"Рады чужога дабра ўварваць, плойма гуляшчая!"
Дзе толькі навучыўся хітрасці Дамецікаў прыблуда: пачаў гаворку пра перадзел не з таго, у каго трэба абрэзаць зямлі, а з таго, каму і колькі падбавіць трэба. Усё роўна як бы прывабліваў, зваў да сябе. І гэта яму, было відаць, удалося: хоць і з асцярогай, не выскокваючы вельмі, людзі слухалі яго з ухвалай. Глушак мімаволі адзначыў, што больш за паўдзесяціны "адрэзалі" Зайчыку, амаль столькі ж Дзятлікаваму Васілю. У гэтага смаркача, калі пачуў, колькі прыбавяць, аж вочы загарэліся. Як бы ўжо браў зямлю, глядзеў, ці добрая, ці не замала! "От жа прагавітая дзюба!"
"І Зайчык — хоць бы слова! Падманілі абяцанкай, ён і гатоў, перабег!"
Але думкі гэтыя прайшлі амаль без знаку перад тым вялікім і панурым, што грозна, страшна наблізілася: колькі ж абрэжуць?!
— Ету зямлю нам ніхто з неба не скіне! — гаварыў Міканор. — Ні Бог, ні цар і ні гірой, як гаворыцца ў нашай песні "Інтэрнацыянал". Цара, не сакрэт, даўно ўжэ няма, і косткі пагнілі. Як ужэ даказано, Бога і не було ніколі. А гірой цяпер — ето народ. Народ і ўстанаўлюе цяпер парадак. Народ і дзеліць зямлю так, кеб було справядліво… Дак от і мы павінны абрэзаць зямлю ў тых, у каго лішне!
Глушак аж зубы сцяў ад гэтых слоў. "У каго лішне!" Ледзь утрываў, каб не закрычаць: чуў, ведаў, што ўсё адно ніхто не падтрымае. "Лішне! Кеб табе за ето лішняе ўвесь век на тым свеце гарэць!"
— Дак от, ад такіх людзей мы павінны адрэзаць. — Голас Міканора як бы пацвярдзеў. Рашуча, непахісна абвясціў: — Ад Глушака Халімона — пяць дзесяцін!..
— Ого, распарадзіўся! — першы адгукнуўся Яўхім, які стаяў недзе ў сенцах.
Старога Глушака душыў гнеў. Ледзь адолеў задуху, раз'ятрана выціснуў:
— Ты д-даваў мне іх, ет-тыя п-пяць дзесяцін?! Што распараджаешся!
— Ето — рашэнне камісіі.
— Камісія твая дала нам ету зямлю? — крыкнуў Яўхім.
— Савецкая ўлада дала! — заявіў Зубрыч.
Глушак, ашалелы, хацеў мацюкнуцца, але ў час стрымаўся. Яўхім выбраўся з сенцаў, праціснуўся на сярэдзіну хаты — гатоў быў, здавалася, рынуцца к сталу ў бой.
— Савецкая ўласць дала, — загаварыў, закрычаў ён, — дак яна дала яе, ету зямлю, не на тое, штоб вы яе адбіралі!
— А мы і не адбіраем! Мы абразаем лішняе!
— А ты пытаўся ў мяне, лішняя яна ці не? — трасучыся, прасіпеў Міканору стары.
— Мы і так знаем.
— Як жа ето ты дазнаўся?
— З савецкага закону.
— Вельмі ты знаеш етыя законы, грамацей! — стаяў, пырскаў слінаю стары.
— Нічого! — прамовіў упэўнена і разам з гразьбою Яўхім. — На вас таксама ўправа е!