Памаўчаў трохі, пакруціўся на печы, уладжваючыся: мабыць, пёк чарэн. Як бы чытаў Васілёвы думкі, калі параіў:
— І заўтра, тым часам, не драмлі. Як будуць дзяліць, скажы — абы-якой зямлі не трэба! Штоб людскую ўдзялілі, патрэбуй! Не папускайся, адным словам! Не папускайся!
2
Васіль прачнуўся рана, да першых пеўняў. У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька на печы штосьці гаманіў у сне. Гэтая гаворка, мусіць, і разбудзіла Васіля. Ён ужо гатоў быў зноў задрамаць, але ў санлівую бесклапотнасць яго раптам пранізалася згадка-турбота: сёння! Сёння павінна пачацца!..
Толькі дайшоў сэнс згадкі, як спакою нібы і не было. Успомніліся спрэчкі на сходзе, страх, што адкладуць перадзел, успомніліся, закружыліся, запяклі зноў гарачыя свае словы, якія вырваліся былі на сходзе. Зноў нібы гаварыў, крычаў, нападаў на тых, хто асцярогай, баязлівасцю ледзь не сарваў перадзелу, заступаўся за сябе, за свае паўдзесяціны. "Добра вам казаць, калі е з чаго пракарміцца: удосталь зямлі, і такой, што як кінеш, дак вырасце нешто! А як мне, на адным пяску, на пустэчы етай? Як?!" З гэтымі думкамі-крыўдамі перапляталіся зноў напамінкі пра Маслаковы пагрозы, але і цяпер страху не паддаваўся: "Самі няхай не вельмі вылазяць, калі хочуць цэлыя буць, вужакі балотныя!"
Што б ні ўспамінаў, разам з усім, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. І не жменька, не дробязь якая — больш за паўдзесяціны! Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі кавалак прырэзалі, урадлівы, то гэта было б усё роўна што ўраз пабагацець!
Не першы раз прасіў, маліў у думках: той бы, што каля цагельні, якую ў Карча абрэжуць!
Марыў, а сам паліў сябе, прадракаў упэўнена, як ведаў загадзя: "Аге, чакай, так табе і дадуць яе! Пабачыш, як свае вушы! Многа там дурных такіх у камісіі ці з тых, што каля яе аціраюцца, кеб такі ласы кавалак аддаць некаму другому!" Ён амаль на свае вочы бачыў, як гэты — такі жаданы, даўно-даўно аблюбаваны — кавалак пераходзіць у нечыя іншыя, спрытныя, хітрыя рукі. "На ласы кавалак лаўцоў тут аж занадто. І не агледзішся, як выхапяць з-пад носа! З кішэні і то, кеб ухаваць можно було, выцягнуць лаўцам етым — як плюнуць!"
Трывожачыся, поўны лютасці да лаўцоў, праз якіх ніколі не абярэшся ад крыўды, Васіль як бы чуў дзедава павучанне, якое яшчэ больш гарачыла, падбівала на смеласць: "Не папускайся! Няхай знаюць, што і ў цябе зубы е!"
Добра сказаць: не папускайся! Васіль гатоў быў узлавацца на дзеда Дзяніса: няхай сам паспрабаваў бы не папусціцца, з такімі людзьмі жывучы!
І ўсё ж Васіль не хацеў і не мог папусціцца: вельмі ж вабіў яго гэты ласунак, што каля цагельні! Вельмі ж шкода было б выпусціць дабро такое, даць, каб спажыў яго нехта чужы!
Яно ж так блізка, дабро гэта. Амаль у руках. Толькі б не прамаргаць, не даць выхапіць яго другім. Самому хапіць раней! Не чакаючы, пакуль хто з камісіі прыбярэ! Ён раптам пахаладзеў: а можа, пакуль ён думае попусту, той кавалак хто-небудзь ужо і прыбраў! Не аднаму ж яму пастанавілі даць зямлю! "Устаў от поначы і — захапіў! І чакае толькі, калі падыдуць другія, — кеб паказаць!"
"А чаго ж — прыедзе з плугам, заарэ — і гаспадар ужэ! І ніхто нічога не зробіць яму!"
Васіля так устрывожыла гэта думка, што ён не мог ужо ляжаць. Ускочыў і стаў хутка адзявацца. Не падумаў нават, што можа разбудзіць матку ці дзеда — не да таго было. Але ніхто і не прачнуўся. Ім і клопату мала, што ў гэты момант нехта, можа быць, з-пад рук выхапіў іх багацце!
На двары, чорным і ціхім, толькі шапацеў па саламянай страсе, булькаў па нявідных лужынах дождж. Ціха было і ва ўсім сяле, ніводзін агеньчык не жаўціў цемры. Але Васіля не супакоіла гэта цішыня: хітрыя лаўцы робяць свае справы цішком. Не такі ён дурань, каб паверыць, што калі ў сяле нібы ціха, то ўсе і спяць.
Асклізваючыся на мокрай дарожцы, Васіль выбраўся агародамі к прыгуменню, не вагаючыся, рушыў у шапаткую дажджавую чарнату. Ён то ішоў, то трусіў уподбег, думкі, як авадні, апаноўвалі, пераконвалі: запазніўся, правароніў, занялі ўжо. Захапіў нехта. Захапіў — і нічога яму ніхто не зробіць. Будзе панаваць сабе на такім дабры…
У Васіля шчымела зайздрасць да гэтага невядомага, які так абхітраваў яго. Не проста зайздрасць, а зайздрасць з непрыхільнасцю, якая ўсё мацнела, станавілася ўсё больш злая. І як жа інакш: амаль што з-пад рук выхапіў хапун гэты! Каму ж, як не Васілю, павінен належаць гэты кавалак, даўно-даўно нагледжаны, аблюбаваны, абмілаваны? Яшчэ ніхто і думаць не думаў нічога, як Васіль выбраў яго. І вось — выхапілі, лічы, проста з рук, і ніхто не ўстановіць справядлівасць, ніхто не згоніць хапуна, заразы гэтай: па закону, скажуць, забраў — на сходзе ж, маўляў, усе чулі, што прырэзаць належыць! От бо людзі! Чаго толькі ні нацярпішся, пажыўшы з такімі!
Хоць было цёмна, яшчэ зводдалек улавіў: на Глушаковым полі пуста, спакойна. Нікога быццам няма. Ён, аднак, не паверыў: прыцішыўшы хаду, асцярожліва, пільна прыгледзеўся, павёў позіркам па суседніх загонах, прайшоў па мокрай пожні да краю паласы, вярнуўся. На душы палягчэла: нікога не было!
Ён нейкі час стаяў тут, поўнячыся радасцю, — зямля не была захоплена, вольная была. Ён мог забраць яе, стаць яе гаспадаром, уладаром яе. Тут, адзін сярод поля, сярод цемры, адзін са сваімі марамі, не абмежаваны нічым і нікім, ён у шчаслівы міг пабачыў, што не толькі можа, а што ўжо стаў гаспадаром і ўладаром жаданай гэтай зямлі, усяго, што яна таіла пад мокрай пожняю, пад цемрай.
Усё ж Васіль быў чалавекам, які звычайна добра чуў навакольную рэальнасць, ён вельмі хутка вярнуўся да яе і ў гэты шчаслівы міг. Стала няўтульна, цёмна і клопатна, і радасць умомант выпарылася з яго душы, як і не было. І ўжо як і не было і зямлі гэтай дзівоснай, і ўсяго дабра, што яна абяцала. Ён пацягнуўся назад з такім настроем, нібы яму паабяцалі, нават далі скарбы, але толькі для таго, каб пасмяяцца, — раптам ухапілі назад, ашукалі, абрабавалі. Але ён не хацеў быць абрабаваным, не хацеў і не мог: нават драбніцы не любіў выпускаць Васіль, калі яна трапіла ў рукі.
І цяпер думкі яго ўпарта не адступаліся ад зямлі, якой ён, няхай у марах, міг валодаў. Чаму ж ёй быць чыёй-небудзь, а не яго, калі ніхто столькі не прагнуў яе, калі нікому ў свеце яна так не патрэбна? Ды і па закону хіба не належыць яму? Хіба ж не аб'явілі на сходзе перад усімі, што больш за паўдзесяціны павінны прырэзаць?
Чаму ж яна мусіць дастацца некаму другому, а не яму?
Але і так можна падумаць: чаму абавязкова сядзець склаўшы рукі ды чакаць, што вымудруюць тыя, каторыя ў камісіі, якім самім не церпіцца лепшы кавалак адхапіць? І чаму гэта нехта павінен выбіраць яму, нібы ён сам сляпы, дурны, выбраць не можа?
На момант прыгадалася, як ляжаў на саломе ў юравіцкай каморачцы, дробнае акенца ўгары, грозны Шабета, непадступны Харчаў, узяла боязнасць: каб зноў не прычапіліся? Але зямля каля цагельні так вабіла, так вярэдзіла душу неспакоем — як бы не выкаўзнула з рук, — што страх адступаў, глух: не прычэпяцца. Васіль нагадваў сабе: "Помніш, што казаў Апейка, выпускаючы з-пад варты: "Хочаце, штоб за вас усё рабілі, а самі і за сябе пастаяць не хочаце!" І хоць Апейка гаварыў гэта пра іншае, аб чым Васіль добра ведаў, згадка пра Апейкавы словы зусім супакойвала…
"Дзед праўду сказаў: не трэба папускацца! Будзеш папускацца — век будзеш у дурнях! Век зубамі з голаду ляскаць будзеш ды голым целам свяціць!.."
У цемры, на мокрай шэрасці неба, абазначыліся чорныя хібы стрэх — прыслухоўваючыся, прыглядаючыся, Васіль пайшоў між гумнаў. У сяле, як і раней, не блішчала ні аднаго агеньчыка, не чутно было ні аднаго голасу, а хлопцу ўсё ж стала трывожна. З'явілася адчуванне небяспекі.
Але ён не паддаўся страху, не спыніўся. У яго душы была цвёрдасць, рашучасць: ён зойме, заарэ зямлю каля цагельні, акурат столькі, колькі вызначылі. Заарэ, пакуль не агледзеўся ніхто з камісіі. А як заарэ — няхай паспрабуюць скруціць! Хочаш не хочаш, а дадуць! Быць не можа, каб не далі!..
3
Дабраўшыся да свайго двара, у хату, як усе іншыя ў сяле, чорную, маўклівую, не пайшоў, а адразу падаўся ў павець, выцягнуў плуг. Ціха зарыпелі вароты ў хлеў: лагодна гладзячы па шыі, вывеў паслухмянага Гуза, стаў запрагаць. Адчыніў ужо вароты, за якімі была дарога на прыгуменне, калі паблізу заўважыў постаць. Маці.
"Вечно яна прыйдзе, калі не трэба!"
— Дзе ты буў? — хрыпата ад сну прамовіла яна. Васіль прамаўчаў. — Ты куды ето?
— Да от… Гуза правяду. Застаяўся…
— А плуг нашто?
"От прычапілася! Як Шабета. Усё ёй знаць канешне!.."
— Там трохі… з далонь засталося…
— Дак уночы нашто? — Яна, здаецца, не паверыла яму. Пачула штосьці дзіўнае.
— Не даараў надысь…
— Дак удзень хіба няможна б?
— Удзень, удзень! Скора ўжэ і дзень!..
— Світаць шчэ не пачынае.
— Пакуль даеду ды пабуду трохі…
— Не едзь! — папрасіла яна. Васіль пачуў у яе голасе трывогу. На міг у душу яго ўвайшло сумненне: а можа, і праўда не ехаць? — Удзень паедзеш, — дадала яна.
Васіль раптам ускіпеў:
— Удзень, удзень! — Ён узяў лейцы. — Прыліпла!
— Не ўдумай, барані Бог, чаго паганаго! Са свету зжывуць!
— Сам знаю.
— Глядзі ж, Васілько! Ужэ ж і так паплакала!
— Ат!
Васіль вывеў каня за вароты. І к прыгуменню, і асабліва ў поле Гуз плёўся неахвотна, яму яўна не падабалася, што выцягнулі з цяпла такой ранню, гоняць у цемры, пад дажджом. Яго, як п'янага, час ад часу вадзіла ў бакі. "Спіць, падла, ніяк не прачнецца! — злаваў Васіль. — Жэрці дак падавай яму самае добрае, а рабіць дак не разбудзіш яго!" Са злараднасцю думаў хлопец, што, як толькі ўзаб'ецца на капейку, прадасць гэту падлу якому дурню, набудзе хоць бы жарабя!..
Злосць на каня брала тым больш, што і сам ішоў без ранейшага імпэту. Трэба было спагнаць злосць на некім: кудысьці прапала нядаўняя нецярплівасць, выпарылася невядома як і куды смеласць. У душу лезла кволая асцярога, упаўзала ліпкая, як балотны туман, боязнасць: ужо не ценямі нежывымі, а грознымі непрыяцелямі раслі ў памяці Яўхім, Маслак, Глушак стары.
Ён глушыў маладушнасць, гнаў страх. Але яму было самотна. Ён быў перад невядомасцю адзін. Ніхто не памагаў, не падтрымліваў нават. Таму і брала злосць на каня, які толькі і ведае, што есці ды спаць. І пра матку са злосцю думаў: таксама не знайшла зрабіць чаго іншага, як развярэдзіць душу! Прыцяглася не ў час, і няма таго, каб, як каторая іншая матка, падахвоціць, падбадзёрыць, дык яна — са стогнамі сваімі: "Глядзі ж! Ужэ ж і так паплакала!"
І без таго на душы брыдка, а тут — хоць бы слова добрае. Як жа тут не возьме злосць. На матку, на нездаляку-каня, што нават ісці як трэба не ідзе!
Але ні адзінота, ні страх, як ні цяжка лажыліся яны ў душу, усё ж не змагалі яго. Хоць часам і з'яўлялася жаданне спыніцца і, не зважаючы на нядаўнія прыціхлыя мары, павярнуць назад, ён ішоў і ішоў. Цяжар важкіх думак і пачуццяў разам з тым узмацняў у ім упартасць. З горкага свайго вопыту ён не тое што ведаў, але даўно лічыў як бы законам жыцця, што, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба адольваць кволасць, неахвоту, страх. Усё жыццё, прывык ён лічыць, — гэта неспакой, непрыемнасці, цяжар працы і змаганне з бясконцымі перашкодамі.
Злуючыся на маці, Васіль як бы браў на падмогу дзеда Дзяніса. Праўду казаў дзед, падбадзёрваў сябе хлопец: не трэба папускацца! І ён, Васіль, не папусціцца! Не аддасць так проста дабра свайго! Толькі не трэба лішніх страхаў выдумляць! Смялей ісці трэба, і ўсё будзе добра!
Як мог, Васіль гнаў трывогу, падахвочваў сябе, падбадзёрваў. Але трывога не адыходзіла. Неадчэпна ішла яна з ім да Глушаковай паласы, была ў ім, калі ён, чуючы нядобры халадок усярэдзіне, паставіў нарог на Глушаковай мяжы, калі павёў разору.
Ідучы за плугам, кіруючы ручкамі, ён у звыклым клопаце працы на час амаль супакоіўся. Але калі пачало развідняць, трывога зноў заныла. Чым больш святлела, чым шырэй разыходзіўся далягляд, тым больш мацнела і трывога. Яна шчымела нават ад саміх разор, праведзеных на чужым полі, ад хады Гуза, які павольна, але цягнуў і цягнуў плуг, уперад і ўперад.
Цяпер Васіль ужо не так сачыў за разораю, як за дарогаю, за полем у баку сяла. Хат амаль не было відаць за алешнікам каля сажалкі, адно выглядвалі стрэхі, над якімі варушыліся, паўзлі к нізкім, сіняватым хмарам дымкі. Дымкі гэтыя таксама дадавалі трывогі. Яны нібы глядзелі на яго, паказвалі яго людзям.
Да Васіля даходзіў з сяла віск свіней, рык кароў. Можа, таму нават выгляд пустой дарогі, пустога поля каля алешніку не супакойваў — паглядваў туды з непакоем, чакаў: вось-вось паявяцца людзі. Калі яны зачарнелі — купка павольных постацей, — халадок трывогі яшчэ памацнеў.
Ён зрабіў выгляд, што не цікавіцца імі. Але амаль кожную хвіліну кідаў у іх бок касыя позіркі. З меркай ідуць — значыць, мераць выправіліся. Адкуль пачнуць, куды адразу пакіруюць? Да цагельні, дзе ён робіць круг, ці — пад лес, на другі бок поля? Заўважылі ці не заўважылі яго?
Купка яшчэ далекавата збочыла к лесу. На другое поле падаліся, не спыніліся, не звярнулі ўвагі. Але позірк цікаваў — то гэтую купку, то выток дарогі каля алешніку. Недарэмна зіркаў: вось яшчэ вылезлі з-за алешніку тры постаці. Ціха плятуцца, мабыць, не спяшаюцца. Адзін з іх вельмі рослы, здалёк відаць, другія два ледзь па плячо яму. Рослы, пэўна, Ларывон, здагадаўся Васіль і з непакоем навастрыўся позіркам: а хто ж другія два? Можа — Яўхім там ці стары? Постаці ўсе сунуліся па дарозе, тым жа кірункам, што і папярэднія. Можа, збочаць, не заўважаць? Не, заўважылі, спыніліся, прыглядваюцца.
Хвіліну пастаялі, гледзячы на яго. Потым адзін падаўся за першай купкай, а два — Васіль насцярожыўся — рушылі проста да яго. Ларывон і Зайчык. Сталі наперадзе, чакалі, калі ён падыдзе…
Не абмінуць. Хочаш не хочаш, а трэба ісці, бліжэй і бліжэй. Ну і няхай, ён падыдзе, знаку не падасць, што пабойваецца! Толькі вось на ўсякі выпадак — калі гэты дурань Ларывон кінецца за свайго дружка біцца — падрыхтавацца трэба. Каб не заспеў знянацку. Васіль з усёй сілы сціснуў пугаўё — няхай паспрабуе толькі!
— Здароў, Васіль! — весела крыкнуў Зайчык.
Васіль паздароўкаўся ў адказ, але не спыніўся.
— Добры кавалак табе ўдзялілі! — пахваліў, падчапіў Зайчык.
Васіль не адказаў. Праз хвіліну ён пачуў, што яго даганяюць: па тупанню ботаў пазнаў, што гэта — Ларывон, сціснуў пугаўё.
Ларывон падыбаў побач. Вось-вось замахнецца, дасць пудовым кулаком.
— Табе ето — выдзелілі? — сказаў, трохі задыханы.
Васіль спасцярожліва зіркнуў на яго, прамаўчаў. Упарта таптаў свежую зямлю ў разоры.
— Гэ! — зразумеў нарэшце Бугай. — Разумны! — Ён мацюкнуўся і адстаў.
Дайшоўшы да павароту, Васіль убачыў — Зайчык падаўся да тых, што мералі, а Ларывон дыбае да сяла. "К Яўхіму!" — здагадаўся Васіль, і яго зноў узялі одум, страх. Захацелася кінуць загон, зямлю, якая не так прыцягвала, як палохала, гразілася бядою. Але ён не кідаў, ішоў і ішоў баразною.
Зямля як бы трымала яго. Ногі прыліпалі да яе, маглі ісці толькі роўнай канаўкай разоры. Не мог кінуць, бо пачатак быў ужо зроблены. Бо яго ўжо бачылі тут, бачылі, што ён зрабіў. Адступаць не было куды, дарога была толькі ўперад.
"Усё адно: пачаў — дак рабіць да канца!.. Не папускацца! — Васіль паспрабаваў прыдушыць страх, супакоіць сябе: — Шчэ пабачым, чыя возьме! Мало што ён прыбяжыць! Няхай паспрабуе сагнаць, калі пастанавілі абрэзаць! Няхай паспрабуе сунуцца! Пабачыць!"
4
Васіль заўважыў — людзі з сяла ўсё цягнуцца і цягнуцца. Некаторыя, як і Зайчык з Ларывонам, спыняюцца, глядзяць у яго бок, але потым ідуць к тым, што мераюць. Там народу ўсё большае. Васілёў позірк сочыць не так за імі, як за дарогаю, за тымі, якія паяўляюцца з-за арэшніку…
Адна постаць збочыла, хутка прастуе да яго. Гэта не ён, не Яўхім. Гэта — як Васілю не пазнаць здалёк! — маці. Не пяшчоту, не радасць выклікае яна, а прыкрасць: век не ў час прыйдзе! Век паявіцца тады, калі не трэба!