— Ты даў яму? — не вытрываў, запытаў ён ужо каля павеці. — Праўда, даў?
— Што? — не зразумеў Васіль.
— Етаму Карчу — даў?
Васіль зазлаваў:
— Ідзі ты, спрос… — Адумаўся: — Даў, канешне…
— Я так і знаў, — узрадаваўся Валодзька. Ён сказаў з захапленнем, з зайздрасцю: — Ты — дужы!..
6
Прасачыўшы, як хлопец пляцецца да каня, упаўнаважаны доўгім позіркам зноў паглядзеў на другога віноўніка бойкі. Паглядзеў ужо не так пільна, але з нейкай патайнай, вострай усмешачкай, за якой хавалася, як пачуў Яўхім, штосьці пагрознае. Упаўнаважаны, здавалася, гатоў быў нечым ударыць у любы момант. Але, як і спачатку, ён не спяшаўся: яму нібы прыемна было бачыць ахвяру, якой усё роўна няма куды дзецца.
"Няхай паспрабуе… Я яму не Дзятлік!.." — абнадзеіў сябе Яўхім, рыхтуючыся адбівацца ад усяго. Але рыхтаваўся ён дарма: неўзабаве і ён, як перад тым Дзятлік, быў у дужых руках таварыша ўпаўнаважанага…
Зубрыч усміхнуўся ўжо адкрыта, сказаў з нейкім гуллівым папрокам:
— Што ж гэта, таварыш Глушак? Кулачкамі права сваё абараняеце?.. Я разумею вас — і нават, можна сказаць, хвалю… За тое, што заступаецеся за сваё дабро. Не аддаяце паслухмяна, як пакорлівае цялё!.. Гэта з пункту гледжання барацьбы за існаванне — правільна! Трэба трымацца, ваяваць за сваё права жыць пад сонцам!.. Але ваяваць — не кулачкамі! Нават калі яны такія, як у вас!.. Кулачкамі ў наш час многа не даб'ецеся! Гэта — атавізм, аджыло!.. Тым больш што слова "кулак" цяпер і не вельмі добра гучыць!
Чым больш Яўхім слухаў яго, тым больш не разумеў: "Нашто ён вярзе, разводзіць ету анцімонію?.. У нерат завесці дурнем хоча, ці што?.."
— Ці не на гэтыя кулачкі, — з той жа гуллівай усмешачкай сказаў упаўнаважаны, — вы разлічвалі, калі гразіліся на сходзе: "І на вас управа ёсць!" Гэта значыць — на камісію па землеўпарадкаванню, на прадстаўнікоў сельсавета і воласці?..
Яўхім насцярожыўся: "От, от яно, тое, да чаго вёў ён!.. Кажа такое — і смяецца, хоць бы што! А прызнайся — дак упячэ, што і не выберашся!.. Э, на тое мы табе адкажам як трэба!.."
Але адказаць не давялося. Зубрыч апярэдзіў, адказаў сам:
— Не на кулачкі? А, ведаю! Ведаю — спадзяваліся на савецкія законы?.. Савецкая ўлада не дасць у крыўду працоўнага чалавека!..
— Па савецкаму закону не паложано етаго. Штоб браць ад чалавека, што ён зарабіў сваім мазалём…
— Не паложана! Па савецкаму закону!.. — Упаўнаважаны хітра, недаверліва хмыкнуў. Гулліва засмяяўся: — Брэшаце! Па вачах відаць, што брэшаце! Не ўмееце ілгаць!..
— Вы мяне не разыгрувайце! — з годнасцю, рэзка сказаў Яўхім. — Я етых смешак не люблю.
— Не любіце! Што ж, пахвальна! — Упаўнаважаны перастаў смяяцца. — Хоць мне і даводзіцца жартаваць, я таксама люблю сур'ёзныя размовы! Сур'ёзных людзей… Будзем гаварыць як сур'ёзныя, сталыя людзі!.. — Спакойны, нібы задуменны, ён разам з тым уважліва глядзеў на Яўхіма, як бы хацеў дазнацца, што той думае на яго словы. Гэты нязводны позірк трымаў Яўхіма ў насцярожанасці. — Калі вы згодны, я вам магу адразу і ясна заявіць: мне добра вядома, што значыла ваша пагроза! У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, на каго вы спадзеяцеся! — Упаўнаважаны скоса павёў позіркам па полі, прыцішыў голас: — Атаман Маслак!
Яўхім зніякавеў, але не падаў выгляду. Бач, падступае, на кручок бярэ! "З ГПУ! Па ўсім відаць, з ГПУ падасланы!.."
— Вы мяне не блытайце! — сказаў Яўхім. — Калі вам так хочацца, то — вазьміце сабе етаго гада!..
Ён убачыў: упаўнаважаны выслухаў з іроніяй, ні аднаму слову не паверыў. На спіне Яўхіма лёг холад. "Знае штось…"
— Гад! М-да! Вось як — гад! — У голасе ўпаўнаважанага пачуўся здзек. — Быў друг, надзея, збавіцель, стаў — гад!.. Якія зігзагі лёсу!..
Яўхім зноў пахаладзеў, спакойная, здзеклівая ўпэўненасць упаўнаважанага пераконвала: "Знае! Штось знае!.."
Упаўнаважаны памаўчаў, сказаў з роздумам:
— А ўвогуле, калі гаварыць па шчырасці, мне ваша асцярожлівасць зусім зразумелая: ад гэтага небяспечнага тыпа цяпер трэба ўсяляк адхрышчвацца! Гэта, бясспрэчна, разумна! Асцярожнасць такога роду можа быць толькі на карысць!.. А між тым гад гэты цікавіўся вамі… Чуб!
Яўхіма пранізала страхам: "Прапаў! Канец!" Маслак часта зваў яго Чубам… Дык Маслака, праўда, не забілі? Жыве ён?! Але ж як жа тыя чуткі, што забіты быў?
— Не знаю я яго. У вочы не бачыў нават…
— Не бачыў! Цёмна было! Дзе вы сустрэліся апошні раз? Калі вы ўгаварылі яго прыйсці, прыгразіць таму-сяму з ахвотнікаў да землеўпарадкавання?.. Не каля могілак?
Рэшткі надзеі прапалі ў Яўхіма. "Знае ўсё! Думаў — ні адной душы невядома. Як дрыгвой зацягнула, думаў. Аж — нб табе, знаюць! І хто — упаўнаважаны, ГПУ, лічы!.."
— Хто ето… наплёў такого?
— Усё вядома. Гэты Дзяцел, з якім я толькі што дзякуючы вам пазнаёміўся, калі не памыляюся, быў у тую ноч нечаканым памочнікам? Гэта ж на яго вы так хітра навялі? Ведае ці не ведае ён, каму павінен удзячны быць за тую ноч, за юравіцкую каталажку?..
— Усё ето выдумка… — абы не маўчаць, сказаў разбіты ўшчэнт Яўхім.
"І адкуль ён узяўся, Маслак, — як уваскрос, скажы ты!.. Уваскрос — ды не дзе-небудзь, а можа, у камеры турэмнай! Высачылі ды знянацку наскочылі, скруцілі рукі? Дапыталі?.. Выказаў усё, што було?.. Пагібелі няма на чорта!"
Упаўнаважаны раптам зазлаваў:
— Кінь! Не мялі лухту! Брыдка слухаць! Дарослы чалавек! — Ён глядзеў на Яўхіма з пагардай. — Бачыш жа — усё ведаю! У гэтай тайне для мяне няма нічога тайнага! Усё — яўнае, усё вядомае! Кінь лухту!
— Адкуль жа вы… дазналіся пра ето? — пайшоў на рызыку Яўхім. — Хто ж ето выказаў?
— Гэта ўжо дзелавая мужчынская размова! — пахваліў упаўнаважаны. — Паведаміў той, хто падарыў табе польскі карабін.
— Костка? — Так бандыты часам велічалі Альховага, Маслаковага супольніка.
— Ён.
— Дзе ён?
— Жыве. Удваіх з атаманам. А дзе — лічы: не ведаеш…
Яўхім пачуў, што выплыў на паверхню з халоднага, цёмнага дна, дзе бачыў сябе ўжо тапельцам. Страх, трывога, праўда, яшчэ жылі ў ім, гнялі, але ўжо не так, як некалькі хвілін перад гэтым.
— Хто вы такі?.. Я ж век бы не падумаў!.. — як бы павінаваціўся ён упаўнаважанаму. — І цяпер не верыцца неяк…
— Я — супрацоўнік валвыканкома. Прашу запомніць. Савецкі служачы, — строга сказаў Зубрыч. — На людзях — мы незнаёмыя. Мы не толькі нічога не ведаем пра нейкага адшчапенца па прозвішчу Маслак, але і адзін аднаго. Я не ведаю вас, вы — мяне. За выключэннем таго, што я меў непрыемную для вас сутычку як супрацоўнік валвыканкома. Ясна?
— Ясно. Не малы…
— Не забывай. — Зубрыч загаварыў мякчэй, з давер'ем: — Ведай таксама: цябе помняць, калі будзе неабходна, к табе прыйдуць. І ты павінен зрабіць, што належыць!.. Ну, што яшчэ? Яшчэ — карысна вось што мець на ўвазе: ты, кажучы кудравым штылем, не адзін! Нас — многа!.. У сёлах, у мястэчку, у горадзе, за мяжой!.. Так, так — многа! Мы маўчым да пары! Да каманды, якая пачне ўсё!.. Яна можа быць не скора, але яна будзе! Калі прыйдзе гэта пара, для нас пачнецца іншае, сапраўднае жыццё. Не жменька — уся зямля навокал будзе наша! Поле, лес, лугі — усё!
Зубрыч захапіўся, і Яўхіму слухаць яго гаворку было — як добрую казку. У гэтай казцы Яўхіма надзялялі не палоскай нейкай — цэлымі абшарамі зямлі, лясамі, рабілі яго гаспадаром вялікага дома, кароўнікаў, стайняў. У гэтых кароўніках і стайнях такая драбяза, як Дзятлік, рабіць лічылі за шчасце. Яны трапяталі пад адным позіркам Яўхіма, лавілі на ляту кожнае яго жаданне. Ён быў валадар і бог…
Яўхіму было прыкра, што Зубрыч хутка перарваў гэту казку, і суха, аддзяліўшы ўраз сябе ад яго, Яўхіма, загадаў:
— А пакуль — канспірацыя і канспірацыя!.. І калі выдасі каго-небудзь з нашага легіёна, — ведай: галавы — не знасіць! Нідзе не ўхаваешся!
— Вы ето мне не гаварыце! — пакрыўдзіўся Яўхім. — Мне ето — лішняе!
Зубрыч нібы не пачуў яго крыўды. Заклапочана, дзелавіта сказаў:
— Чалавек, які прыйдзе ад нас, спытаецца ў цябе: "Ці не бачылі вы чорнага каня, што кульгае на заднюю нагу?" Гэта будзе з нашых. Ясна?
— Ясно…
— Ну, от і ўсё. — Ён напомніў: — Мы па-ранейшаму незнаёмыя. Я толькі гразіўся табе на полі. — Зубрыч холадна, кіўком галавы развітаўся, павёў вачыма ў бок сяла, коратка, па-вайсковаму загадаў: — Ідзі!
Яўхім, ідучы побач са старым Глушаком і Сцяпанам, сказаў, што ўпаўнаважаны вельмі сварыўся за бойку, пагражаў нават судом, і стары слоў не знаходзіў, кленучы ўпаўнаважанага. З кляцьбою ён і адстаў ад Яўхіма і Сцяпана, пацягнуўся да натоўпу, што брыў па полі з меркаю…
Ад радасці ісці Яўхіму было лёгка, жартаваць хацелася. Але калі, перавейваючы за Сцяпанам жыта, стаў перабіраць зноў усё ў памяці, раптам ажыў неспакой: а што, калі ён — падасланы, гэты ўпаўнаважаны, і выведаў толькі для ГПУ? Вельмі ж дзіўна, нечакана ўсё прыйшло.
Ён перабіраў у памяці, што бачыў, калі гэты чалавек сядзеў у прэзідыуме, калі праціснуўся праз натоўп у полі, калі крышыў Дзятліка, гразіўся яму, Яўхіму. Перабіраў у думках усё, што чуў ад яго. Спакой, упэўненасць не прыходзілі: вельмі ж многа было нязвычнага, незразумелага. Розныя, зусім розныя словы, розныя ўчынкі. Нібы розныя людзі. Зусім не падобныя адзін на аднаго, нават непрыяцелі. Канешне, у жыцці не раз даводзіцца гаварыць адно, а рабіць другое — Яўхіму самому ці мала прыходзілася душой крывіць. Але ў самім сабе добра відно, дзе праўда, а дзе мана. Ды і ў другіх куранёўцаў гэта не так ужо і цяжка было аддзяліць. А тут, як тут спакойна чуць гэтых розных людзей у адным чалавеку, ведаць, што адзін з іх дакапаўся да такой тайны!
Хацелася верыць, што ашуканства няма, баяцца не трэба. І верыў часам, супакойваўся. Але спакой быў нядоўга, выпаўзала іншая трывога: каб не стала ўсё гэта вядома каму не след. Калі гаворка з Маслаком і Альховым, якой ніхто, акрамя іх трох, не чуў, дайшла аж да Юравіч, то чаму не могуць уведаць пра гэта другія? Калі ён, гэты юравіцкі, і не з ГПУ, то хто можа паручыцца, што ён не наткнецца дзе-небудзь на іх? А там, як прыціснуць, хіба не вылажыць усё? Вылажыць як міленькі, усё выверне, абы за саломінку ўхапіцца! Няўжо ж пашкадуе яго, Яўхіма?
Добрыя казкі баяў ён. А толькі казкі — не для дарослых. Казка ёсць казка, а жыццё — жыццё. Як бы, паверыўшы ў байкі тыя, пагнаўшыся за тым жураўлём у небе, не страціць і тое, што яшчэ засталося. Пагана ці не пагана, а ўсё ж такі жывеш! Якая там ні ёсць, а гаспадарка не горшая, як у людзей, — не ходзіш па свеце з торбай. А можаш пайсці — скарынцы чэрствай будзеш рады дзе-небудзь у Салаўках!..
І радасці няпэўнай было, і трывогі. І лішняга клопату, нязвыклай, неадчэпнай турботы думкам — перад самым вяселлем! Але калі думаў пра бойку з Дзятлікам, цешыўся: "Прыйдзе пара — паенчыш, удод жаўтароты!" Не раз, не два ўспамінаў сустрэчу на могілках, жалкаваў: трэба было тады так даць маху! Чаго тады было не коцнуць смаркача! Не падказаў ім, дурань!..
Многа неспакою было чалавеку перад самым вяселлем!
7
На наступную раніцу Васілёва маці, увайшоўшы з двара, паставіла пустую ражку, сказала занепакоена:
— Божа! Етаго шчэ не хапало!
— Чаго ты там? — адгукнуўся дзед, што вырэзваў з кляновага бруска лыжку.
— Ідзіце на ганак, паглядзіце.
Васіль выйшаў першы, не апранаючыся, у белых портках і сарочцы. Хоць яшчэ развіднела не зусім, было ўжо добра відаць на дзвярах вялікі чорны крыж. Дзёгаць дзе-нідзе падцёк, папоўз ніткамі да масніц.
— Маслакі? Няўжэ — маслакі? — падумала ўголас маці, калі ўсе зноў сышліся ў хаце.
Яна верыла і не верыла: стрыманая, разважная, яна была зусім іншая, як учора ў полі. Была такая, як звычайна.
Дзед узяў кляновы абрэзак, таксама падумаў:
— Маслак-то, можа, Маслак. Толькі, тым часам, можа буць, што жыве ён не ў балоце і не за балотам…
— Карчоў ето работа! — заявіў Васіль.
— Етыя цяпер не дадуць спуску!..
— А няхай не даюць! — абарваў матчыну гаворку Васіль. — Пляваць мне.
— Пляваць, тым часам, не вельмі наплюешся!.. Ето такая зараза… А тут, калі ў яго шчэ хэўра…
— У сельсавет бы на іх! Штоб упяклі ў Юравічы!
— Аге! Упяклі! Не даказаўшы!.. Не злавіла — не кажы, што злодзей!
— А можна було б і падлавіць!
— Падлаві, тады і кажы! — Дзед падумаў: — Чуе і мая душа, тым часам, што той Маслак, і праўда, блізко. І тое можа буць…
Маці апала духам:
— Можа буць. От жа вужака, ніяк не прыціснуць, штоб не выкруціўся!
— Памагаюць гаду якіясь…
— Асцерагацца трэба, — дзелавіта разважыла маці. Як малому, сказала Васілю: — У лес адзін штоб не ездзіў! З дзедам, са мною ці з кім з добрых таварышаў! І са стрэльбай дзедавай!
— Ну, от — вучыце!
— А і вучу! Вучыць трэба! Рано ад матчынай навукі адбіцца захацеў — от і выходзіць такое!.. Увечары штоб не хадзіў позно. І ўночы — штоб не выпіраўся на ганак!
— Дак, можа, мне і… Як малому ўсё адно.
— А і ў хаце. Ці ў сенцах, калі ўжэ так сорамно. Пан, унь, кажуць, Аскерко, дак ніколі поначы не выходзіў. Не то што ў холад, а і ў лето…
— Пан! От бо сказала! Куры падохнуць ад смеху!
— Глядзі, штоб сам жывы буў! — строга сказала маці. Дадала мякчэй: — А што такое: што дома — знаць ніхто не будзе. Не думай.
— Усё адно!
— Не ўсё адно! Пад кулю няма чаго лезці!
— Праўду кажа, — кіўнуў дзед.
Васіль плюнуў са злосцю, выйшаў з хаты.
У той жа дзень, трохі пазней, Яўхіму выпала яшчэ раз спаткацца з Хадоськай. Падсачыла за агародамі, выткнулася тварам у твар. Яўхім ускіпеў:
— Чаго чапляешся! Знаеш жа, што ўжэ кончылася ўсё! Вяселле ўжэ гуляць сабіраюся!..
— Знаю. А толькі скажу, — горка пракаўтнула яна, — скажу: няхай табе на тым свеце будзе так, як мне — на етым…
Не ўтрывала, губы задрыжалі, на вачах замутнелі слёзы. Але апярэдзіла яго, кінула неспадзявана цвёрда:
— От і ўсё маё слово! Астатняе! — У яе голасе пачулася столькі нянавісці, што ён зніякавеў. — Болей — не прычаплюся! Можаш не баяцца!.. І не пабачыш болей!
Яна адразу ж адвярнулася, пайшла першая, незнаёмая, страшная. "Астатняе? Не пабачу!.." Яўхім правёў яе позіркам. Яна ішла цвёрда, мусіць, не маніла. Ад нядобрай здагадкі на сэрца лёг неспакой: ведае ці не ведае хто пра ўсё? А што, як дойдзе да Ганны?
Трэба ж столькі прыкрасці перад вяселлем!
Раздзел чацверты
1
Хадоська была ў роспачы. Што рабіць? Думала, думала — і не магла прыдумаць нічога, не прыходзіла да чаго-небудзь добрага.
Дзіця… Радавацца, здаецца, трэба б. Мілае, дарагое стварэнне нарадзіцца павінна. Яе дзіця, не чыё-небудзь. Яна так любіць дзяцей, нават чужых, як жа любіла б яна сваё! І як хацела б яго — пабачыць, палашчыць, пагушкаць! З якім зачараваннем часам думала пра яго, якое, яна ведала — хоць і не заўсёды верылася неяк, — ужо дзіўна завязалася ў ёй. Завязалася невядомае нікому, толькі ёй ды Яўхіму…
Павінна была б радавацца! Але тое, што было ў ёй, не толькі не радавала, але і спакою не давала, жыццё ўсё захмарыла, заблытала ўсё. Тое, што жыло ў ёй, не было такое, як усе іншыя, з Божай ласкі, тое было ад грэху, могуць сказаць нават — страшна падумаць пра гэта — ад блуду! Як ні балюча, а выходзіць — грэх быў, як ні мяркуй, а цяпер, калі Яўхім адмовіўся, дык і думаць не думай другога — дзіця грэшнае!..
Адмовіўся. Нагуляла з нейкім, кажа. Як бы яна, і праўда, блудніца якая! Як бы не прасіла, не маліла яго, як бы не прыпамінала яму Бога, як бы не з ім адным, Яўхімам, Бога не паслухалася — а ён угаварыў, дабіўся, пацешыўся ды яшчэ кажа такое! А цяпер от — змовіны згуляў, зусім забыў, што абяцаў ёй, адрокся зусім. Раней хоць надзея нейкая была, што сумленне возьме яго, адумаецца, дзіця сваё пашкадуе, а цяпер — дык нічога, ніякай надзеі! Кінуў, і грэх ужо толькі яе грэх, яе бяда…